КАНДРА́ЦЬЕЎ Пётр Васілевіч (20.6.1909, г. Віцебск — 1.6.1943),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў у Ленінградзе і Ейскую ваенна-марскую школу лётчыкаў. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, у час якой пам. камандзіра авіяпалка капітан К. зрабіў 66 баявых вылетаў, патапіў варожае судна з боепрыпасамі, спаліў на аэрадроме праціўніка 7 самалётаў, знішчыў 2 паравозы, 6 аўтамашын. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Ленінграда. Знішчальны авіяполк пад камандаваннем палкоўніка К. за 5 месяцаў правёў 389 паветр. баёў, знішчыў 105 варожых самалётаў, 55 танкаў. Загінуў у баі над Фінскім залівам. Яго імем наз. вуліца ў Віцебску, пасёлак у Выбаргскім р-не Ленінградскай вобл.

П.В.Кандрацьеў.

т. 7, с. 579

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГІН Лазар Іосіфавіч (4.12.1903, г. Віцебск — 16.7.1979),

расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі імя Пляханава (1925), вучыўся ў Ін-це чырв. прафесуры ў Маскве (1930—33). Працаваў у газ. «Правда», час. «Крокодил». Друкаваўся з 1921. Аўтар аповесці-казкі для дзяцей «Стары Хатабыч» (1938, сцэнарый аднайм. фільма, 1957). У раманах «Патэнт «АВ» (1947), «Востраў расчаравання» (1951), «Атавія Проксіма» (1956; пад назвай «Трагічны астэроід», 1972), «Блакітны чалавек» (1966) арганічна спалучаны фантастыка і рэальнасць. Напісаў ваен. аповесць «Браняносец «Анюта» (1945), сатыр. цыкл «Крыўдных казак» (нап. 1942—63), сатыр. аповесць «Маёр Вэл Энд’ю» (1962) і інш., успаміны пра У.​Маякоўскага «Жыццё таму назад» (1974).

Тв.:

Избранное. М., 1975.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН Антон Іванавіч (18.1.1897, в. Каменная Брэсцкага р-на — 9.4.1965),

генерал-лейтэнант (1942), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1925, 1947), Вышэйшыя акад. курсы (1947). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. З 1941 камандуючы арміямі на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўн.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах. Войскі пад яго камандаваннем удзельнічалі ў вызваленні Беларусі, Прыбалтыкі, правядзенні Усх.-Прускай аперацыі. У час Беларускай аперацыі 1944 нам. камандуючага 43-й арміяй, удзельнічаў у акружэнні віцебскай групоўкі праціўніка і вызваленні Віцебска (гл. Віцебскі «кацёл»). Вызначыўся пры авалоданні г. Кёнігсберг. Удзельнік вайны з Японіяй на Д. Усходзе. Да 1954 у Сав. Арміі.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ Дзмітрый Кузьміч (31.3. 1912, в. Казіміраўка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.1.1981),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Гомельскі фін.-эканам. тэхнікум (1932), Маскоўскае пях. вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўн.-Зах., Зах. і 3-м Бел. франтах. Стралк. полк пад камандаваннем палк. М. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на ПдУ ад Віцебска ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. Удзельнік вызвалення Вільнюса, Каўнаса, штурму Кёнігсберга, Пілаў, вайны з Японіяй. Да 1956 у Сав. Арміі.

Дз.К.Марозаў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў ДАВЫ́ДАВІЧ (у хрышчэнні Фёдар; 1193—1230),

вялікі князь смаленскі ў 1219—30. Сын Давыда Расціславіча. Атрымаў Смаленскае княства пасля таго, як яго пакінуў кн. Уладзімір Рурыкавіч. В.​М.​Тацішчаў згадвае М.Д. пад 1217 і 1221 як князя полацкага. Паводле Наўгародскага 1-га летапісу малодшага зводу, захапіў Полацк 17.1.1222. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага ўпамінаецца як удзельнік заключэння гандл. дагавору 1222 з Рыгай ад імя Полацка і Віцебска. Верагодна, у той час М.Д. трымаў гэтыя гарады або яны знаходзіліся ў залежнасці ад яго. Заключыў дагавор 1229 з Рыгаю і Гоцкім берагам ад імя Смаленска, Віцебска і Полацка.

А.​В.​Іоў.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СТЭРМАН-ТАЛСТО́Й (да 1796 Талстой) Аляксандр Іванавіч

(1770—26.2.1857),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1817), граф Остэрман (1796). Службу пачаў у 1784. Удзельнічаў у войнах Расіі з Турцыяй і Францыяй. У пач. вайны 1812 пры корпусе П.Х.Вітгенштэйна. З 1812 камандуючы 4-м пях. корпусам 1-й Зах. арміі. У баі каля Астроўна 25—26.7.1812 на суткі затрымаў праціўніка, што дало магчымасць гал. сілам арміі адысці на Віцебск. Удзельнік Барадзінскай бітвы 7 вер., асенне-зімовай кампаніі 1812. У 1813 у час замежных паходаў вызначыўся ў бітвах пад Баўцэнам, Дрэздэнам, Кульмам, у 1815—18 камандуючы Грэнадзёрскім корпусам. З 1818 жыў у Зах. Еўропе.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАШКЕ́ВІЧ Альфонс Баляслававіч (1894, Віленшчына ? — 20.5.1918),

бел. паэт, празаік. Пісаў на польск., бел. і рус. мовах. З 1911 друкаваў (часта пад псеўд. Філафей Калінка) карэспандэнцыі, лірычныя і гумарыст. вершы ў газ. «Наша ніва», пасля вершы і апавяданні ў альманаху «Маладая Беларусь», час. «Лучынка», газ. «Беларус», «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях». Распрацоўваў класічныя паэт. формы трыялета, раманса, элегіі («Трыялет», 1913). У вершах — вобраз роднага краю, роздум пра нядолю і бяспраўе бел. селяніна, асуджэнне сац. несправядлівасці.

Тв.:

У кн. — Анталогія беларускай паэзіі. Мн., 1961. Т. 1;

Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Замоцін І. Творы. Мн., 1991.

І.​У.​Саламевіч.

А.Петрашкевіч.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЮ́ТАЎ Пётр Андрэевіч (23.12.1906, в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.3.1960),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў 1-ю Ваен. школу авіятэхнікаў (1932), Качынскую ваен. школу лётчыкаў (1935). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік выратавання чэлюскінцаў у 1934, баёў каля воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка капітан П. вызначыўся 17.12.1941 над Ладажскім воз. пад Ленінградам, дзе ў паветр. баі з 6 варожымі знішчальнікамі збіў 2 з іх, на пашкоджаным самалёце адбіваў атакі; за час вайны збіў 17 варожых самалётаў. Да 1955 у Сав. Арміі.

П.А.Пілютаў.

т. 12, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАВІ́ЛЬШЧЫКАЎ Пётр Аляксеевіч (4.4.1760, Масква — 30.10.1812),

рускі акцёр і драматург. Скончыў Маскоўскі ун-т (1779). У 1779—93 акцёр Пецярбургскага т-ра (у 1787—93 інспектар трупы), потым на маскоўскай сцэне. Выступаў у трагедыях, бытавых камедыях і мяшчанскай драме: Ярб («Дыдона» Я.​Княжніна), Эдып («Эдып у Афінах» У.​Озерава), Праўдзін і Скацінін («Недаростак» Дз.​Фанвізіна) і інш. Заклікаў да паказу ў мастацтве «трэцяга саслоўя» — мяшчанства, купецтва (праграмныя артыкулы ў час. «Зритель», 1792, разам з І.​Крыловым). Аўтар камедый з сялянскага і купецкага побыту «Бабыль» (паст. 1790), «Сядзелец» (паст. 1803), трагедый «Рурык» (пад назвай «Усяслаў», паст. 1791), «Ярмак, пакарыцель Сібіры» (1803) і інш.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗБУРЭ́ННЕ матэрыялаў, кінетычны працэс дэградацыі (пашкоджання) матэрыялаў, які працякае пад уздзеяннем нагрузкі і завяршаецца раздзяленнем аб’екта на часткі. Бывае Р. крохкае і вязкае (пры статычным нагружанні), стомленаснае (пры паўторна-пераменным — цыклічным нагружанні).

Крохкае Р. пры статычным расцяжэнні звычайна суправаджаецца вельмі малымі (раўнамернымі) пластычнымі дэфармацыямі, узнікае раптоўна і развіваецца практычна імгненна (звычайна шляхам адрыву). Вязкаму Р. пры статычным расцяжэнні папярэднічае вял. пластычная дэфармацыя, напр., у мяккай сталі на ўзоры ўтвараецца шыйка. Стомленаснае Р. метал. матэрыялаў пры паўторна-пераменным (цыклічным, выпадковым) нагружанні працяглы час развіваецца без прыкметнай макрапластычнай дэфармацыі і звычайна заканчваецца імгненным даломліваннем узору. Працякае шляхам развіцця стомленаснай шчыліны ў яго небяспечным сячэнні.

Л.​А.​Сасноўскі.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)