ПАЎЛО́ВІЧ (Мікалай Браніслававіч) (15.7.1897, в. Мазурына Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 26.6.1973),
контр-адмірал (1944). Канд. ваенна-марскіх н. (1942), праф. (1951). Скончыў Марскі корпус у Петраградзе (1917). Служыў на караблях Балт. флоту, камандаваў тральшчыкам, эсмінцам. З 1931 выкладаў у Ваенна-марской акадэміі (ВМА). У сав.-фінл. вайну 1939—40 нам. камандзіра і нач. штаба атрада асобага прызначэння Балт. флоту. З мая 1941 нач. кафедры ВМА. У час Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944нач. паходнага штаба камандуючага Паўн. флотам. З 1954 у адстаўцы. Аўтар прац пераважна па тактыцы ВМФ, у т. л. падручнікаў для ваенна-марскіх навуч. устаноў.
Тв.:
Развитие тактики Военно-Морского Флота. Т. 1—4. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),
род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́ДАЎ КА́МЕНЬ,
манументальны помнік эпіграфікі 12 ст., каля в. Дзятлава Аршанскага р-на, за 18 км ад Оршы. Адкрыты і даследаваны ў 1792. Валун выш. да 3 м з высечаным 6-канцовым крыжам (выш. 160 см) і надпісам на стараж.-рус. мове: «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову». Выш.літар. 15 см. Крыж і надпіс высечаны ў 1171 паводле загаду друцкага кн. Рагвалода Барысавіча пасля галоднай зімы 1170—71 у спадзяванні на ўраджай. Пазней над Р.к. была пабудавана капліца. Падобны да Барысавых камянёў. Не збярогся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,
сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеянні рус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.Х.Вітгенштэйна (змяніў М.І.Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс.чал., у т. л. 153 тыс. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс.чал., у т. л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаны Парыжскі мірны дагавор 1814.
Літ.:
Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;
Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́НСКІ ДАГАВО́Р 1867,
дагавор аб уступцы (продажы) рас. уладанняў у Паўн. Амерыцы ЗША. Падпісаны 30 сак. ў Вашынгтоне амер.дзярж. сакратаром У.Сьюардам і рас. пасланнікам Э.Стэклем ва ўмовах збліжэння абедзвюх краін. Паводле дагавора, якому папярэднічалі амаль 10-гадовыя перамовы (з 1859), Рас. імперыя ўступала (прадавала) ЗША за 7,2 млн.дол.тэр. п-ва Аляска разам з Алеуцкімі а-вамі агульнай пл. 1,5 млн.км² (1/5 тагачаснай тэр.паўн.-амер. дзяржавы). Ратыфікаваны сенатам ЗША да 10 крас., рас. імператарам Аляксандрам II 15 мая 1867. Дагавор садзейнічаў аслабленню пазіцый Вялікабрытаніі і інш.еўрап. дзяржаў на амер. кантыненце.
Літ.:
Болховитинов Н.Н. Русско-американские отношения и продажа Аляски, 1834—1867. М., 1990;
Реданский В. С высочайшего соизволения... // Морской сборник. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПРАЛЕТА́РСКА-КАЛГА́СНЫХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПКП). Існавала з 25.4.1931 да мая 1932. Створана ў складзе Усесаюзнага аб’яднання пралетарска-калгасных пісьменнікаў. Арганізац. бюро: Р.Шукевіч-Траццякоў, І.Барашка, П.Галавач, С.Баранавых. Чл.: М.Багун, П.Броўка, Ц.Гартны, С.Грахоўскі, С.Дарожны, А.Дудар, А.Жаўрук, М.Зарэцкі, В.Каваль, Т.Кляшторны, А.Куляшоў, Я.Купала, М.Лынькоў, В.Маракоў, Я.Скрыган, У.Хадыка, М.Чарот і інш. Існавалі Мінскае аддз. БелАПКП, філіі ў Клімавічах, Чэрвені, Полацку, літ. гурткі ў Клімавіцкім, Талачынскім, Чэрвеньскім, Смалявіцкім, Пухавіцкім, Заслаўскім, Касцюковіцкім, Клічаўскім р-нах. Ставіла задачу падтрымліваць маладых пісьменнікаў з сял. асяроддзя. Выдавала час. «Беларусь калгасная» (1932). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦККП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА (Грыцько) (Рыгор Піліпавіч; 5.9.1923, г.п. Аленаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 25.9.1978),
украінскі паэт. Скончыў Данецкі пед.ін-т (1949). Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар эб-каў вершаў «Мая Данеччына» (1950), «Бярозка» (1954), «Шахцёрачка» (1956), «Дзіва, дзіва, дзівосы» (1970), «Надзейная змена» (1975) і інш. Творы вызначаюцца тонкім гумарам, яснасцю і прастатой мовы, багаццем рытмікі, лірызмам. Многія вершы (больш як 400) пакладзены на музыку. На ўкр. мову перакладаў творы Я.Купалы, А.Александровіча, Э.Агняцвет, А.Бялевіча, М.Танка. На бел. мову вершы Бойкі перакладалі Александровіч, М.Арочка, М.Аўрамчык, С.Грахоўскі, Х.Жычка, Танк, Р.Хацкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛАВУ́Х (Фелікс Аўгусцінавіч) (23.9.1833, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З 1856 вучыўся ў Маскоўскім, з 1858 у Кіеўскім ун-тах. У 1861 праходзіў вайск. падрыхтоўку ў польск. ваен. школе ў Італіі. Прыхільнік партыі «чырвоных». У пач. паўстання паводле загаду Літ. правінцыяльнага к-та на чале атрада вёў баявыя дзеянні ў Свянцянскім і Ашмянскім пав. 15.2.1863 яго атрад разбіты непадалёку ад мяст. Солы. З канца мая 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Трокскага пав., аб’ядноўваў дзеянні 3 атрадаў. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу супраць царскіх карнікаў на Віленшчыне, быў паранены. Паводле некат. звестак, у апошні перыяд паўстання кіраўнік паўстанцкіх узбр. сіл усёй Віленскай губ. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў. У 1869 жыў у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯНЁК,
рака на Пн Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), вярхоўе — у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 2292 км, пл.бас. каля 220 тыс.км². Пачынаецца і цячэ па Сярэдне-сібірскім пласкагор’і, у нізоўях — па Паўд.-Сібірскай нізіне. Упадае ў Алянёцкі заліў мора Лапцевых, утвараючы дэльту. У верхнім цячэнні парожыстая, даліна месцамі мае выгляд цясніны. У сярэднім цячэнні даліна пралягае сярод хвалістай мясцовасці. Асн. прытокі: Арга-Сала, Бур (злева), Сілігір (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Паводка з чэрв. да верасня. Ледастаў з канца вер.—кастр. да канца мая — 1-й пал. чэрвеня. У верхнім цячэнні перамярзае са студз. да красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 1210 м³/с. Суднаходная ў нізоўях. Багатая рыбай (рапушка, омуль, муксун, нельма і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ ТЭА́ТРімя Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі.
Існаваў у 1928—33 у Мінску. Створаны з драм. гуртка бухгалтарскіх курсаў як Бел. рабочы т-р («Наш тэатр»), у 1930 перайменаваны ў т-р імя ЦСПСБ. З мая 1930 працаваў як вандроўны. Дырэктар М.Красінскі, рэжысёр Ф.Ждановіч, з 1930 В.Галаўчынер. Т-р выступаў сярод рабочых пераважна ў аддаленых раёнах. Асн. месца ў рэпертуары займалі актуальныя на той час п’есы: «Босыя на вогнішчы» паводле М.Чарота, «На стыку» Ц.Гартнага, «Будні» І.Гурскага, «Шляхамі рознымі» У.Стэльмаха, «Гірт з воўчага логу» Я.Райніса, «Князь Мсціслаў Удалы» І.Прута, «Стрэл» А.Безыменскага, «Чынгісбуд» К.Федзіна, «Слухайце, ныцікі!» А.Майскага, аперэта «Кухня святасці» Я.Цікоцкага.