ВАНЬКО́ВІЧ (Валенцій Мельхіёравіч) (12.5.1800, в. Калюжыца Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1842),
бел. жывапісец; прадстаўнік рамантызму. З роду Ваньковічаў, пляменнік паэта А.Гарэцкага. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1811), на ф-це вольных навук Полацкай акадэміі (1813—17), у Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1818—24), Пецярбургскай АМ (1825—28). За малюнкі з натуры адзначаны 2-м (1825) і 1-м (1826) сярэбранымі медалямі, за твор «Подзвіг маладога кіяўляніна...» (1827) — залатым медалём і правам вучыцца за мяжой за кошт акадэміі. Найб. вядомы як партрэтыст: партрэты Адама Міцкевіча («Міцкевіч на скале Аюдаг», 1828), Э.Ромера, Ю.Корсака, А.Адынца, М.Шыманоўскай, А.Пушкіна, К.Ліпінскага, В.Жукоўскага і інш. З 1829 жыў у Мінску, меў майстэрню ў Вял. Сляпянцы і Мінску (разам з Ч.Манюшкам). Тут стварыў партрэты бацькі, сястры С.Гарноўскай, Д.Манюшкі, жонкі з дзецьмі (мініяцюры), А.Гарэцкага, В.Пуслоўскага і членаў яго сям’і, С. і К.Пясецкіх, К. і А.Тавянскіх і інш. Пад уплывам Тавянскага захапіўся тэорыяй містыцызму, асобай Напалеона, біблейскімі сюжэтамі: «Маці Божая Вастрабрамская», «Мадонна з Ісусам Хрыстом і Іаанам Хрысціцелем», «Напалеон каля вогнішча» (1834). У канцы 1830-х г. пакінуў Мінск; працаваў у Дрэздэне, Берліне, Мюнхене; з 1841 у Парыжы, жыў у сям’і Міцкевічаў. Напісаў манум. палотны «Апафеоз Напалеона», «Напалеон плача над картай Еўропы», абразы «Евангеліст Іаан», «Святая Клара». Твораў Ваньковіча захавалася вельмі мала. Яны знаходзяцца пераважна ў Англіі, Францыі, Італіі, Польшчы, Літве, Расіі.
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX стагоддзя. Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Паньшына І. Ісціна вымалёўваецца: Валенцій Ваньковіч: Новыя факты біяграфіі // Мастацтва. 1994. № 1;
Ciechanowka Z. Malarz sprawy Walenty Wańkowicz: (Źyciorys) // Pamiętnik literacki. 1948. R. 38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ КУЛЬТУ́РНЫЯ ЗГУРТАВА́ННІ,
грамадскія аб’яднанні беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі. Створаны ў канцы 1980-х г. у Казахстане, Карэліі, Прыбалтыцы, Расіі, на Украіне. Вядуць культ.-асв. дзейнасць, накіраваную на захаванне нац. свядомасці і гіст. спадчыны, духоўных скарбаў бел. народа: арганізуюць вывучэнне бел. мовы і гісторыі, вядуць краязнаўча-даследчую работу ў цэнтрах, паяднаных гіст. сувязямі з Беларуссю, і інш. У Літве працуюць 11 (1996) нац. згуртаванняў бел. культуры (Вільнюс, Каўнас, Клайпеда). Бел. клуб «Сябрына» (Вільнюс) і Т-вабел. культуры даследуюць малавядомыя факты бел. гісторыі і культуры, звязаныя з імёнамі Ф.Скарыны, К.Каліноўскага, І.Луцкевіча, Цёткі, Я.Купалы. Т-ва выпускае бел. старонку «Пагоня» ў газ. «Lietuvos rytas» («Раніца Літвы»), на літоўскім радыё і тэлебачанні рыхтуе перадачы для беларусаў. У Вільнюскім пед. ун-це адкрыта аддзяленне бел. філалогіі. У Латвіі створана 7 суполак. Т-вабел. культуры ў Рызе выпускае бел. газету «Прамень», разам з фондам культуры Латвіі вядзе прапаганду бел. культуры і гісторыі сярод беларусаў і латышоў, падтрымлівае сувязі з землякамі, што жывуць у Латгаліі. Т-вы ў Таліне і Йыхві (усіх у Эстоніі 5) арганізавалі вывучэнне бел. мовы, традыцый, песень, збіраюць б-кі нац. л-ры. Працуюць т-вы бел. культуры ў С.-Пецярбургу (у т. л. суполка мастакоў-беларусаў) і Маскве (у т. л. суполкі студэнтаў і вайскоўцаў-беларусаў, філія «Бацькаўшчына», Маскоўскае т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны, суполка БНФ, т-ва «Расія — Беларусь»). Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць у Арэнбургу, Калінінградзе, Мурманску, Новасібірску, Ніжнім Ноўгарадзе, Петразаводску, Цверы, у Саснагорску (Рэспубліка Комі), у Якуцку [Рэспубліка Саха (Якуція)]. На Украіне створана 10 нац. згуртаванняў бел. культуры (Кіеў, Львоў, Чарнаўцы, Палтава, Ялта і інш.). Т-вабел. культуры ў Сімферопалі апякуе магілу М.Багдановіча, займаецца пошукамі этнагр. экспанатаў для бел. экспазіцыі ў Сімферопальскім абл. краязнаўчым музеі. Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць таксама ў Малдове (2) і па аднаму ў Казахстане, Узбекістане, Кыргызстане, Татарстане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 1-ы (Міжнароднае Таварыства Рабочых),
першая масавая міжнар.арг-цыя рабочых у 2-й пал. 19 ст.Засн. 28.9.1864 у Лондане на міжнар. сходзе прадстаўнікоў рабочых Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін. Знаходзіўся пад вырашальным уплывам ідэй марксізму. К.Маркс склаў яго Устаноўчы маніфест і Статут, пазней з’яўляўся аўтарам б.ч. адозваў, цыркуляраў і рашэнняў яго кіруючых органаў. Мэтамі рабочага руху былі абвешчаны звяржэнне капіталіст. ладу і заваяванне рабочым класам улады, непасрэднай задачай — з’яднанне рабочых розных краін у сумеснай барацьбе за свае правы (8-гадзінны рабочы дзень, ахова працы жанчын, стварэнне прафсаюзаў і інш.). Вышэйшы орган — штогадовы кангрэс, паміж кангрэсамі — Ген. савет, які знаходзіўся ў Лондане (з 1872 у Нью-Йорку). Пры Ген. савеце дзейнічаў пастаянны к-т. У сваёй дзейнасці І. 1-ы апіраўся на секцыі (рабочыя арг-цыі) у многіх краінах Еўропы, а таксама ў ЗША і Аўстраліі. Сувязь з секцыямі ажыццяўлялі сакратары-карэспандэнты, якія ўваходзілі ў склад Ген. савета. К.Маркс займаў пасаду сакратара-карэспандэнта для Германіі і некаторых інш. краін, у т. л. Расіі. Рас. секцыя засн. ў Жэневе ў 1870, яе відным дзеячам з’яўляўся ўдзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі А.Д.Трусаў. На кангрэсах І. 1-га (1866 у Жэневе, 1867 у Лазане, 1868 у Бруселі, 1869 у Базелі, 1872 у Гаазе) К.Маркс і Ф.Энгельс вялі непрымірымую барацьбу з немарксісцкімі плынямі ў рабочым руху — пруданізмам, ласальянствам, трэд-юніянізмам, анархізмам. Франка-пруская вайна 1870—71 і задушэнне Парыжскай камуны 1871, якую І. 1-ы актыўна падтрымаў, зрабілі немагчымай яго дзейнасць у Еўропе. На Гаагскім кангрэсе (1872) было вырашана перавесці Ген. савет у Нью-Йорк (ЗША). Фактычна дзейнасць І. 1-га як масавай арг-цыі на гэтым спынілася. Фармальна распушчаны па прапанове К.Маркса ў 1876 на міжнар. рабочай канферэнцыі ў Філадэльфіі (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДА (Напалеон) (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),
піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва«Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.Вітвіцкага і А.Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.Голубеў). Іл.гл. таксама да арт.Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.
Літ.:
Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;
Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;
Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;
Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.
Л.Н.Дробаў.
Н.Орда.Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТЭ́ЛЬ (франц. pastel ад італьян. pastello памянш. ад pasta цеста),
жывапіс сухімі мяккімі каляровымі алоўкамі без аправы; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Пастэльныя алоўкі (прасуюцца і фармуюцца са сцёртых у тонкі парашок рознакаляровых пігментаў з невял. дамешкам камедзей, малака, мелу, гіпсу, тальку і інш.; у залежнасці ад саставу рэчываў могуць быць мяккімі, цвёрдымі, сярэдняй мяккасці). Імі малююць на шурпатай (найчасцей каляровай) паперы, кардоне, грунтаваным палатне, замшы, пергаміне. П. наносяць штрыхамі, што набліжае яе да графікі, або расціраюць пальцамі ці растушоўкай (спец. палачка), што дае магчымасць дасягнуць найтанчэйшых нюансаў тону. Малюнак вылучаецца чысцінёй, свежасцю, мяккай прыглушанасцю колеру, далікатнай аксаміцістай паверхняй твора. З прычыны нетрываласці фарбавага слоя ў П., які лёгка разбураецца, яго замацоўваюць спец. фіксатарамі.
Тэрмін «П.» упершыню ўпамінаецца ў канцы 16 ст. Майстры 16—17 ст. выкарыстоўвалі П. пераважна для падфарбоўкі малюнкаў. выкананых цвёрдымі штыфтамі. З канца 17 ст. пашырылася ў жывапісе. Найб. росквіту дасягнула ў 18 ст., асабліва ў мастацтве ракако. У П. працавалі Р.Кар’ера (Італія), К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.Б.Шардэн (Францыя), А.Р.Менгс (Германія), Э.Ліятар (Швейцарыя) і інш. Класіцызм адмаўляў П., але з 2-й пал. 19 ст. яна адрадзілася ў творчасці франц. мастакоў Э.Дэга, Э.Дэлакруа, Э.Манэ, Ж.Ф.Міле, А.Рэнуара. У Расіі ў П. працавалі А.Арлоўскі, А.Венецыянаў, І.Левітан, В.Сяроў, у Літве — М.Чурлёніс. На Беларусі да П. звяртаўся Ф.Рушчыц. У гэтай тэхніцы працавалі і працуюць Я.Батальёнак, М.Будавей, Ю.Герасіменка, І.Давідовіч, В.Дубрава, П.Дурчын, Я.Красоўскі, Я.Кругер, Р.Кудрэвіч, У.Кудрэвіч, А.Марыкс, М.Моўчан, І.Немагай, А.Паслядовіч, Л.Ран, Л.Чурко і інш.
Л.У.Салодкіна.
Да арт.Пастэль. Э.Дэга. Блакітныя танцоўшчыцы, каля 1879.Да арт.Пастэль. Ф.Рушчыц. Залаты пакой. 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́І,
шляхецкі род герба «Вага» ў ВКЛ. Родапачынальнік Ходзька Каранеўскі, сын якога Тышка за службу ў вял.кн. Казіміра [1440—92] атрымаў некалькі вёсак у Камянецкай вол. Ад імя яго сына Пацея Тышковіча пайшло родавае прозвішча. Валодалі маёнткамі ў Берасцейскім, Трокскім і інш. ваяводствах. Найб. вядомыя:
Адам Львовіч (Іпацій; 1541—1613), уніяцкі мітрапаліт, гл.Пацей I. Леанард Габрыэль (6.11.1632—1.2.1695), ваявода віцебскі з 1686, староста рагачоўскі, суражскі і жыжморскі. Людвік Канстанцін (1664—3.1.1730), пісар польны ВКЛ з 1697, стражнік вялікі з 1698, падскарбі вялікі з 1703, гетман польны ў 1709, гетман вялікі з 1709, адначасова кашталян віленскі з 1709, ваявода віленскі з 1722. Адзін з кіраўнікоў шляхецкага руху супраць усеўладдзя Сапегаў у ВКЛ. У час Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў. Пры падтрымцы Пятра I фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу на Беларусі і ў Літве. Адзін з арганізатараў Віленскай канфедэрацыі 1716. Казімір Аляксандр (14.5.1666—10.6.1728), кашталян віцебскі з 1700 і трокскі з 1703, ваявода віцебскі з 1705, староста рагачоўскі, суражскі і жыжморскі. Антоні (?—16.2.1749), абозны вялікі ВКЛ з 1715, стражнік вялікі ў 1729—48. Аляксандр (? — сак. 1770), падчашы ВКЛ з 1724, кашталян віцебскі з 1739 і трокскі з 1740, ваявода трокскі з 1742, староста рагачоўскі, Людвік (каля 1726 — студз. 1771), абозны вялікі ВКЛ з 1744, стражнік вялікі з 1748, староста рагачоўскі і алькеніцкі. Леанард (каля 1730—14.7.1774), абозны вялікі ВКЛ з 1752, стражнік вялікі з 1771, староста рагачоўскі і алькеніцкі. Аляксандр Міхал (1774 — да 13.6.1846), абозны вялікі ВКЛ з 1794, удзельнік паўстання 1794. У вайну 1812 чл. Вайсковага к-таВКЛ у Вільні. Чл.Патрыятычнага таварыства, у 1826—27 зняволены. Тэадор (1798—1852), удзельнік паўстання 1830—31, памёр у эміграцыі ў Парыжы. Апошні з роду П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ЦЭНТРА́ЛЬНАЯАкадэміі навук Літвы.
Засн. ў 1941 у Вільнюсе на базе збораў евангелічна-рэфарматарскага сінода, арганізаванага ў сярэдзіне 16 ст. (захавалася каля 18 тыс.экз.), Дзярж. публічнай б-кі Урублеўскіх (засн. ў 1925, каля 180 тыс.экз.), б-кі Т-ва сяброў навук, прыватных збораў. Налічвае каля 3600 тыс.экз. (1988), у т. л. 176,3 тыс.экз. рукапісаў, 80 тыс. рэдкіх кніг і старадрукаў, 12 тыс. картаў і атласаў. У аддзеле рукапісаў 6 унікальных калекцый пергаментаў, у т. л. кірылічныя граматы (1503—1614), 22 калекцыі, створаныя пераважна дзярж. і грамадскімі ўстановамі: калекцыя рукапісаў б. Віленскай публічнай б-кі; «Барусіка»; рукапісы і дакументы з Каўнаскага гар. архіва, дзярж. ун-та; калекцыя Віленскага мастацкага музея; судовыя акты (1476—1924); матэрыялы перапісаў насельніцтва Літвы (1934—44); дакументы пра ням. Акупацыі 1915—18, 1940—44. У зборы «Рускіх рукапісных кніг» (11—19 ст.) пераважаюць стараж.бел. рукапісы, вывезеныя ў 2-й пал. 19 ст. з Супрасля, Жыровіч і інш.бел. манастыроў і цэркваў. Сярод рарытэтаў — Тураўскае евангелле, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі і Слуцкі паменнікі 16—17 ст., куцеінская Мінея 1669, і інш. Сярод рукапісаў Віленскай публічнай б-кі — апісанне межаў ВКЛ і Польшчы 1546, інвентар Друцкага замка 17 ст., кніга Лідскага гродскага суда 1630—31, акты па гісторыі Магілёва, фундушы, тастаменты, гісторыя берасцейскага базыльянскага манастыра да 1797, дыярыуш Сапегі 1730—31, «Кроника Витебская», зборнікі з арацыямі, актамі, гаспадарчымі і сеймавымі матэрыяламі, літ. творамі. Зберагаецца значная частка рукапісаў з Беларускага музея імя І.Луцкевіча. Захоўваюцца асн. матэрыялы пра дзейнасць рэфармац. аб’яднанняў на Беларусі і ў Літве з сярэдзіны 16 ст., каталіцкай царквы ВКЛ, асабістыя зборы бел., літ., рус., польск. вучоных і пісьменнікаў, у т. л. М.Балінскага, В.Біржышкі, У.Сыракомлі, І.Лапо і інш. Асобнымі калекцыямі зберагаюцца дакументы і матэрыялы Сапегаў, Тышкевічаў, Нарбутаў. У калекцыі кірылічных старадрукаў кн. «Лічбы» 1519 з пражскай «Бібліі» Ф.Скарыны, «Граматыка» М.Сматрыцкага (Еўе, 1619), выданні Мамонічаў, бел. брацтваў у Вільні і Еўі, Куцеінскай, Гродзенскай і Супрасльскай друкарняў 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКВА́Р, азбука,
падручнік для пач. навучання чытанню і пісьму. Прызначаны для выхавання дзяцей, развіцця іх мовы і лагічнага мыслення. Традыцыйна з’яўляецца крыніцай першых звестак пра краіну, народ, яго культуру. Уключае матэрыял, які фарміруе ў выхаванцаў нормы паводзін і ўзаемаадносін паміж старэйшымі і малодшымі. Асн. структурны склад буквара — літары, літараспалучэнні, склады, лічбы, граматычныя звесткі, павучанні, тэкставыя і ілюстрацыйныя матэрыялы, схемы, табліцы. Навуч.-выхаваўчую работу з букваром звычайна падзяляюць на 3 перыяды: падрыхтоўчы, букварны і паслябукварны.
Доўгі час грамату асвойвалі па царк. кнігах (псалтырах, часаслоўцах, апосталах). З 16 ст. пачалі ствараць і выдаваць спец. дапаможнікі. Першы друкаваны буквар на царк.-слав. мове ў рус. рэдакцыі — «Азбука» І.Фёдарава (Львоў, 1574). На Беларусі адзін з першых буквароў выдалі ў 1593 у Вільні браты Л. і К.Мамонічы. У 1596 у Вільні выйшаў буквар Л.Зізанія. Па іх вучыліся чытаць і пісаць на Беларусі, Украіне, у Расіі і Літве. З 1590-х г. да 1653 на Беларусі выйшла 16 буквароў — больш за палавіну падобных выданняў на ўсх.-слав. землях. Тэрмін «Азбука» ў загалоўку кнігі ўпершыню з’явіўся ў віленскім (1596), «Буквар» — у еўеўскім (1618) брацкіх выданнях. У 17—19 ст. буквары друкавалі ў Вільні, Куцейне, Магілёве, Супраслі, Варшаве. У 1906 выдадзены «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (ананімна) і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 побач з вучэбнымі дапаможнікамі для дзяцей у БССР друкаваліся буквары для лікбеза «Наша сіла — ніва ды машына: Лемантар для дарослых» М.Байкова, С.Некрашэвіча, М.Багдановіча, 1925; «Наша сіла — Саюз. Лемантар для сельскагаспадарчых і лясных рабочых», 1926 і інш. Беларускія буквары выдавалі таксама А.Федасенка, М.Пігулеўскі і І.Пісарчык, С.Паўловіч і інш. У 1929—69 карысталіся букваром, складзеным Н.Сіўко (1929—32 з Л.Лукіной, 1937—41 з З.Ліхачовай). З 1969 выйшла 18 выданняў буквара А.Клышкі, у т. л. «Разразная азбука».
Літ.:
Голенченко Г.Я. Источники по истории белорусской культуры: (Старопечатные учебные книги XVI—первой половины XVII вв.) // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1979;
Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУР’Е́Р ЛІТЭ́ЎСКІ»
(«Kurier Litewski», «Літоўскі веснік»),
1) інфармацыйная штотыднёвая газета, якая выдавалася ў 1760—64 у Вільні на польскай мове. Рэдактары Ф.Папроцкі (1760—62) і А.Янушкевіч (1763—64).
2) Інфармацыйная газета, што выдавалася ў 1796—1840, да 1797 у Гродне, потым у Вільні, да 1833 на польск., з 1834 на рус. (пад назвай «Литовский вестник») і польск. мовах. Выдавец Т.Влодэк. З пач. 19 ст. перададзена ў арэнду Віленскаму ун-ту, у 1800—32 яе рэдагавалі Я.Ясінскі, К.Даніловіч, Э.Славацкі, А.Марціноўскі; з 1834 — орган мясц. улад. Мела дадатак «Wiadomości literackie» («Літаратурныя навіны»). З 1841 яе працягам стала газ.«Виленский вестник». Змяшчала матэрыялы з пецярбургскіх выданняў, артыкулы бел. тэматыкі.
3) Прыватная штодзённая газета, якая выдавалася ў 1905—15 у Вільні. Выдаўцы: І.Корвін-Мілеўскі, Ф.Завадскі, В.Бараноўскі, Э.Навіцкі, Т.Дэмбоўскі; у 1906—09 фактычным уладальнікам газеты быў віленскі біскуп Э.Роп. Орган кансерватыўнай плыні «краёвага кірунку» польскага руху ў Літве і Беларусі. Супрацоўнічала з аб’яднаннямі польскіх дэпутатаў ад Беларусі і Літвы ў I—IV Дзярж. думах. У 1905 — пач. 1906 бел.нац. рух разглядала як «антыпольскую інтрыгу» царскай адміністрацыі, бел. мову называла «мовай цемры і невуцтва». З сярэдзіны 1906 стаўленне да беларусаў стала больш прыхільным, выказвалася за неабходнасць дапамогі бел.нац. адраджэнню. Станоўча ацэньвала дзейнасць газеты «Наша ніва». Але патрабаванні бел.нац. руху, якія закраналі інтарэсы палякаў (радыкальная аграрная рэформа, увядзенне бел. мовы ў богаслужэнні), не падтрымлівала, самастойнае нац. і паліт. жыццё беларусаў лічыла малаверагодным. У вер. 1910 газета забаронена. У кастр. 1910 пачала выходзіць пад назвай «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). 1(14).6.1911 рэдакцыя газеты аб’ядналася з рэдакцыяй газ. «Goniec codzienny» («Штодзённы веснік»). 31.12.1911 (13.1.1912) газета вярнула назву «К.Л.», паступова стала пераходзіць на пазіцыі польскай партыі нац. дэмакратаў. На апошнім этапе свайго існавання выступала супраць бел. і літ.нац. рухаў. У 1906—09 мела дадатак «Zycie ilustrowane» («Ілюстраванае жыццё», штотыднёвы ілюстраваны часопіс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́ЙКА (ад скарочанай назвы манеты 16 ст. дзенга капейная, на якой была выява вершніка з кап’ём),
манета ў Вял.кн. Маскоўскім, Царстве Маскоўскім, Рас. імперыі, СССР і дапаможная грашова-лікавая адзінка ў Рас. імперыі, СССР, Рэспубліцы Беларусь.
У Маск. дзяржаве і Рас. імперыі 2-й трэці 16 — пач. 18 ст. манета зборнага наміналу ў 2 дзенгі (драцяная і на высечаных з бляхі кружках). У 17 ст. паступова выцесніла як манету дзенгу і стала асн. наміналам у складзе грашовай масы Маск. дзяржавы. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 медныя драцяныя К. пранікалі і на Беларусь. К. сустракаецца ў бел. скарбах 2-й пал. 17 ст. — пач. 18 ст. 2) У Рас. імперыі з 1720-х г. і ў СССР пасля грашовай рэформы 1924 — манета, намінал якой адпавядаў дапаможнай грашова-лікавай адзінцы ў 1/100 рубля. Па крыніцах, вядомых у пач. 18 ст. на Беларусі, пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі афіцыйна ўвайшла ў грашовае абарачэнне бел. губерняў.
3) Адзін з «наміналаў» залатых або залачоных сярэбраных драцяных «манет» для жалавання (узнагарод) войску ў Маск. дзяржаве 2-й пал. 15—17 ст., якія выконвалі функцыю ўзнагародных медалёў.
4) Адзін з наміналаў металічных вайсковых бонаў (марак) рас. арміі канца 19 — пач. 20 ст. 5) У Рас. імперыі ніжэйшы намінал недатаваных папяровых казначэйскіх марак-грошаў 1915, у 1917 — Часовага ўрада Расіі.
6) Ніжэйшы намінал бонаў з жалеза германскіх акупац. войск 1916.
7) Ніжэйшы намінал некаторых мясц. эмісій бонаў 1914—15 у Польшчы, Латвіі, Літве і часоў грамадз. вайны ў Расіі. 8) У СССР ніжэйшы намінал казначэйскіх бонаў 1924, якія часова ўжываліся з-за дэфіцыту разменнай манеты. 9) Дапаможная грашова-лікавая адзінка ў Рэспубліцы Беларусь з моманту дэнамінацыі 20.8.1994 да зняцця з абарачэння 1.3.1995 разліковага білета ў 50 К. узору 1992. 10) Манета і грашова-лікавая адзінка Расійскай Федэрацыі з 1998.