КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр. сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен у яе.

А.​А.​Галаўко.

т. 7, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ СЕ́КЦЫІ РКП(б),

бальшавіцкія арг-цыі, якія існавалі ў 1918—19 у Варонежы, Казані, Казлове, Маскве, Невелі, Петраградзе, Саратаве, Тамбове і інш. як частка мясцовых парт. арг-цый. Складаліся з рабочых і бежанцаў-беларусаў — членаў РКП(б). У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч, А.​Х.​Усціловіч, І.​В.​Лагун і інш. Працавалі ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкомам), праз яго газету «Дзянніца» дамагаліся рэалізацыі бел. народам права на самавызначэнне на аснове сав. ладу і ў саюзе з РСФСР. 21—23.12.1918 у Маскве адбылася канферэнцыя бел. секцый РКП(б), якая прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі, выбрала Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б) на чале з Жылуновічам. ЦБ беларускіх секцый РКП(б) удзельнічала ў падрыхтоўцы паліт. дакументаў, звязаных з утварэннем БССР і КП(б)Б. На 1-м з’ездзе КП(б)Б у склад Цэнтр. бюро КП(б)Б выбраны Жылуновіч і Лагун. У склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, які ўзначаліў Жылуновіч, увайшлі 9 прадстаўнікоў беларускіх секцый РКП(б). 15.1.1919 ЦБ КП(б)Б прыняло пастанову аб ліквідацыі ЦБ беларускіх секцый РКП(б). Бел. камуніст. секцыям, што дзейнічалі па-за межамі рэспублікі, было дадзена права працаваць пад яго кіраўніцтвам. Пасля ўтварэння Літ.-Бел. ССР (люты 1919) бел. секцыі РКП(б) пачалі аб’ядноўвацца з літоўскімі. ЦК РКП(б) зацвердзіў аб’яднанае літ.-бел. ЦБ пры ЦК РКП(б). З аднаўленнем 31.7.1920 БССР беларускія секцыі не былі адноўлены.

А.​М.​Малашка.

т. 2, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІДРО́ (Diderot) Дэні (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),

французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.

У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.​В.​Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).

В.​А.​Салееў.

Д.Дзідро.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—11,

антыабсалютысцкая і антыкалан. рэвалюцыя ў Іране. Выклікана самавольствам правіцеля-шаха і пагрозай пераўтварэння краіны ў паўкалонію Вялікабрытаніі і Рас. імперыі. На 1-м этапе рэвалюцыі (снеж. 1905—06) у выніку антышахскіх нар. дэманстрацый пад кіраўніцтвам духавенства ў гарадах Тэгеран, Шыраз, Мешхед і хваляванняў у інш., шах Мазафор од-Дзін 5.8.1906 выдаў указ пра ўвядзенне ў краіне канстытуцыйнага ладу. Першы іранскі меджліс (парламент) выпрацаваў канстытуцыйны Асн. закон (зацверджаны ў снеж. 1906), якім абмежавана ўлада шаха. На 2-м этапе (1907—08) меджліс прыняў дапаўненні да Асн. закона аб увядзенні дэмакр. свабод, стварэнні свецкіх судоў і інш. Рэв. масы (у т. л. байцы-федаі) стварылі свае мясц. органы ўлады (гл. Энджамены). Баючыся размаху рэв. руху, Вялікабрытанія і Расія дамовіліся пра размежаванне сфер уплыву ў Іране (гл. ў арт. Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907). Новы шах Махамед-Алі 23.6.1908 разагнаў меджліс і энджамены ў Тэгеране. Цэнтр рэв. руху перамясціўся ў г. Тэбрыз. На апошнім этапе рэвалюцыі (1909—11) скінуты Махамед-Алі, шахам абвешчаны яго сын Ахмед; адноўлены канстытуцыя, меджліс і інш. Аднак у выніку сумесных намаганняў рас. (на Пн) і англ. (на Пд) войск, іранскай паліцыі рэвалюцыя задушана. У лют. 1912 іранскі ўрад абвясціў аб прызнанні англа-рас. пагаднення 1907. Нягледзячы на паражэнне, І.р. нанесла ўдар па феад.-абсалютысцкіх парадках у Іране і зрабіла значны ўплыў на суседнія краіны.

Літ.:

Арабаджян З.А. Иран: власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991.

т. 7, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФУ́ЦЫЙ, Кун-цзы (каля 551 да н. э., цяпер г. Цюйфу правінцыі Шаньдун, Кітай — 479 да н. э.),

старажытнакітайскі мысліцель, заснавальнік канфуцыянства. Паходзіў са збяднелага знатнага роду. Каля 530 да н. э. пачаў актыўную настаўніцкую дзейнасць, каля 510 запрошаны да двара правіцеля Лу. У 502—497 займаў шэраг дзярж. пасад, у т. л. найвыш. суддзі царства Лу. Прымушаны да адстаўкі, 14 гадоў вандраваў амаль па ўсіх тагачасных кіт. царствах. У 484 вярнуўся і прысвяціў сябе заняткам з вучнямі, рэдагаванню помнікаў стараж.-кіт. пісьменства, збіранню нар. і прыдворнай паэзіі, апрацоўцы хронікі царства Лу. Дзейнасць К. супала з перыядам заняпаду ўлады дынастыі Чжоў і распаду традыц. грамадскіх сувязей. Імкненне да аднаўлення парушанага грамадскага ладу лягло ў аснову яго маральнага і сац. вучэння, у якім ён ідэалізаваў раннефеад. мінулае часоў панавання першых уладароў з дынастыі Зах. Чжоў. К. прыпісваюць рэдагаванне або аўтарства (частковае) Пяцікніжжа канфуцыянскага канона («Кніга перамен», «Кніга песень», «Кніга дакументаў», «Запіскі пра звычаі», «Вёсны і восені» — хроніка царства Лу). Асн. погляды К. выкладзены ў кн.: «Гутаркі і меркаванні» (напісана яго вучнямі і паслядоўнікамі), «Вялікае вучэнне» і «Дактрына сярэдзіны» (апрацаваны ўнукам К.), у трактаце «Мэн-цзы», напісаным яго паслядоўнікам Мэн-цзы. Гэтыя кнігі разам складаюць Чатырохкніжжа канфуцыянскага канона.

Літ.:

Семененко И.И. Афоризмы Конфуция. М., 1987;

Переломов Л.С. Конфуций: жизнь, учение, судьба. М., 1993;

Зороастр. Будда. Конфуций. Магомет. Киев, 1991;

Будда Шакьямуни. Конфуций. Мухаммед. Франциск Ассизский: Биогр. повествования. Челябинск, 1995.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНЛЯ́НДСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1918,

узброенае процістаянне (фактычна грамадз. вайна) паміж «чырвонымі» — прыхільнікамі сацыялізацыі фінл. грамадства (С.-д. партыя Фінляндыі і інш. левыя сілы) і іх апанентамі — «белымі» (кансерватыўныя партыі і групоўкі). Адбылася пад уплывам Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі, калі Фінляндыя атрымала незалежнасць (абвешчана 6.12.1917). Пачалася 28.1.1918 з захопу атрадамі «чырвоных» улады ў Хельсінкі і гарадах Паўд. Фінляндыі. Часовы фінл. ўрад (сенат) эвакуіраваўся ў г. Вааса. Апорныя пункты «белых» узніклі ў паўн. і цэнтр. частках краіны. За ўладу «чырвоных» змагаліся пераважна добраахвотнікі, якія не мелі вайск. падрыхтоўкі. Ядро арміі «белых» склалі фін. егеры (лёгкія стралкі), якія набылі баявы вопыт у герм. арміі ў 1-ю сусв. вайну. З абодвух бакоў у баях удзельнічалі прыбл. па 70 тыс. чал. З канца лют. — пач. сак. 1918 ваен. ініцыятыва перайшла да «белых», якія з Пн наступалі ў напрамку г. Тамперэ — апорнага пункта «чырвоных». Вайна скончылася ў маі 1918 перамогай войск сената на чале з К.Г.Э.Манергеймам. Іх перамозе паспрыялі заключэнне Брэсцкага міру 1918 (паводле яго з Фінляндыі выведзены рас. вайскоўцы, частка якіх падтрымлівала фінл. «чырвоных») і ўдзел на баку сената экспедыцыйнай герм. Балт. дывізіі (12 тыс. чал.). У ходзе вайны з абодвух бакоў загінула каля 30 тыс. чал.; большасць чырв. вайскоўцаў трапіла ў палон (пазней яны амнісціраваны). У выніку рэвалюцыі ў Фінляндыі ўсталяваліся асновы яе сучаснага дзярж. ладу.

Літ.:

Николссон В. Финляндия — с Россией и без. Мн., 1995;

Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ЕК (Hayek) Фрыдрых Аўгуст фон (8.5.1899, Вена — 27.3.1992),

аўстрыйскі і англійскі эканаміст, прадстаўнік лонданскай школы ў палітэканоміі. Д-р права (1921) і эканомікі (1923). Скончыў Венскі ун-т (1921). У 1927—31 дырэктар Аўстрыйскага ін-та эканам. даследаванняў. Праф. Лонданскага (1931—50), Чыкагскага (1950—62), Фрайбургскага (1962—69, 1977—92) і Зальцбургскага (1970—77) ун-таў. У працы «Цэны і вытворчасць» (1931) аб’яднаў тэорыі манетарызму і капіталу аўстрыйскай школы. Распрацаваў тэорыю эканам. цыкла, згодна з якой існуе раўнаважная структура ўтварэння капіталу. Паводле Х., у перыяд эканам. ўздыму адбываецца прымусовае ашчаджэнне, якое прыводзіць да перанакаплення капіталу і ў выніку — да эканам. крызісу; перыяд эканам. дэпрэсіі характарызуецца празмерным спажываннем і неадэкватнай эканам. палітыкай. На яго думку, толькі неабмежаваны рыначны механізм здольны выправіць эканам. незбалансаванасць і прывесці эканоміку ў стан раўнавагі. У працы «Чыстая тэорыя капіталу» (1941) прааналізаваў ролю капіталу ў дынамічным эканам. развіцці, прамежкавыя стадыі, якія патрабуюцца для пераўтварэння сыравіны ў гатовы тавар. Аўтар прац па праблемах свабоды і сац. справядлівасці, дзе ў якасці асн. крытэрыя сац. гармоніі разглядаў бесперашкоднае функцыянаванне свабоднай рыначнай гаспадаркі і выступаў за аднаўленне эканам. ладу 18 ст. («Шлях да рабства», 1944; «Права, заканадаўства і свабода», т. 1—3, 1973—79). Нобелеўская прэмія 1974.

Тв.:

Рус. пер. — Конкуренция как процедура открытия // Мировая экономика и междунар. отношения. 1989. № 12;

Общество свободных. Лондон, 1990;

Дорога к рабству. М., 1992;

Пагубная самонадеянность: Ошибки социализма. М., 1992;

Частные деньги. Б.М., б.г.

Н.​Г.​Кісялёва.

Ф.А. фон Хаек.

т. 16, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРТАРЫ́ЙСКІ Адам Казімір (1.12.1734, г. Гданьск, Польшча — 19.3.1823),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Фельдмаршал аўстр. арміі (1808). З роду князёў Чартарыйскіх. Выбіраўся паслом на соймы 1756, 1758, 1760, 1762. З 1758 генеральны староста падольскі. У 1764 выбраны маршалкам канвакацыйнага сойма і фаміліяй Чартарыйскіх вылучаны кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай, але пад націскам Кацярыны II адмовіўся ад яго на карысць свайго стрыечнага брата С.​А.​Панятоўскага. Ініцыятар (разам з фаміліяй) правядзення карэнных рэформ дзярж. ладу Рэчы Паспалітай. У 1766 яму даручана рэфармаванне войска ВКЛ. У 1767 далучыўся да Радамскай канфедэрацыі і ўзначаліў магнацкую апазіцыю каралю. У выніку канфлікту з каралём выехаў за мяжу. З 1768 камендант Варшаўскага кадэцкага корпуса, камандзір палка пешай літоўскай гвардыі, ген.-лейтэнант (1775), камандзір 1-й і 2-й дывізій войска ВКЛ (да 1783). У 1773—76 чл. Адукацыйнай камісіі. У 1786 атрымаў ад імператара Іосіфа II тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі» для сябе і сваіх нашчадкаў, а для старэйшага ў родзе — тытул герцага Галіцыйскага каралеўства. Выбраны паслом на Чатырохгадовы сойм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791, зблізіўся з каралём. Адмовіўся -ад патрабаванняў Расіі далучыцца да Таргавіцкай канфедэрацыі і выехаў у Вену. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) асн. маёнткі Ч. апынуліся ў Аўстрыі і ён прыняў аўстрыйскае падданства. У 1809 прыняў падданства Варшаўскага княства. Пасля прыходу войск Напалеона ў Варшаву ў 1812 выбраны маршалкам Надзвычайнага сойма і Генеральнай канфедэрацыі. Пазней адышоў ад паліт. дзейнасці. Рэзідэнцыя Ч. ў Пулавах была асяродкам грамадска-паліт. і культ. дзейнасці.

А.​У.​Ерашэвіч.

т. 17, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),

1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.

2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.

Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання з грамат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).

Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л. тв. скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).

Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец. сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.

Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне аб часцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл. Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм. Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана з інш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама з інш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.

Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.​Зізаній, П.​Шпілеўскі, К.​Нядзведскі, І.​Нядзёшаў, Я.​Карскі, К.​Каганец, Б.​Пачобка, Б.​Тарашкевіч, М.​Булахаў і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;

Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;

Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ. М., 1958.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХАЛО́ДНАЯ ВАЙНА́»,

тэрмін, якім абазначаецца стан ваен.-паліт. канфрантацыі дзяржаў (груп дзяржаў), калі адкрытых ваен. сутыкненняў не адбываецца, але вядзецца гонка ўзбраенняў, ужываюцца спробы эканам. націску (эмбарга, блакада эканамічная і інш.), арганізуюцца ваен.-паліт. блокі і саюзы, ствараюцца ваен.-стратэг. плацдармы і базы. «Х.в.» паміж СССР і яго саюзнікамі з аднаго боку і ЗША і іх саюзнікамі з другога пачала выспяваць неўзабаве пасля 2-й сусв. вайны і набыла канкрэтныя рысы каля 1948. Гал. яе прычыны — несумяшчальнасць геапаліт. мэтаў ЗША і СССР, процілегласць іх сац. сістэм, засн. на ідэалогіях, якія ўзаемавыключалі адна адну. Кожная з дзвюх звышдзяржаў мела на мэце пашырэнне адпаведнага грамадскага ладу на цэлы свет. Моцным фактарам разгортвання «Х.в.» стала ядзерная зброя, манапольнае валоданне якой у першыя пасляваен. гады ЗША імкнуліся выкарыстаць як сродак паліт. націску на СССР. Адказам стала стварэнне ў СССР уласнай ядзернай зброі (1949). Гэтыя падзеі сталі пачаткам гонкі ядзерных узбраенняў. Ядзерны фактар даваў палітыкам магчымасць ствараць у сваіх краінах уяўленне аб знешняй пагрозе з боку праціўніка і тым самым забяспечваць магчымасць некантралюемага нарошчвання ваен. патэнцыялу, якое само стала мэтай палітыкі. Першым адкрытым ідэалаг. маніфестам «Х.в.» лічыцца прамова (5.3.1946, г. Фултан, ЗША) б. прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля з заклікам стварыць англа-амер. саюз для барацьбы супраць пагрозы «сусв. камуніст. тыраніі», што нібыта зыходзіла ад СССР. ЗША і іх саюзнікі ўтварылі ваен.-паліт. блокі: Арганізацыя паўночна-атлантычнага дагавору (НАТО, з 1949), Арганізацыя дагавору Паўднёва-Усходняй Азіі (СЕАТО, 1954—77), Арганізацыя цэнтральнага дагавору (СЕНТО, 1955—79) і інш. СССР і яго саюзнікі праз 6 гадоў пасля НАТО стварылі Арганізацыю Варшаўскага дагавору 1955 (АВД, 1955—91). Ідэалаг. праявай «Х.в.» была вострая канфрантацыя ў сферы прапаганды, якая вялася ў сродках масавай інфармацыі. Кожны з бакоў абвінавачваў іншы ў агрэсіўных намерах і дзеяннях, недэмакратызме паліт. сістэмы, парушэннях правоў чалавека, прапагандаваў перавагі свайго ладу жыцця. Спецслужбы вялі разведвальную і падрыўную дзейнасць на тэр. дзяржаў — магчымых праціўнікаў. «Х.в.» адбывалася на фоне нац.-вызв. барацьбы народаў свету супраць каланіялізму і неакаланіялізму. СССР звычайна падтрымліваў нац.-вызваленчыя і левыя сілы, ЗША — празаходнія, т.зв. праімперыялістычныя рэжымы і рухі. Не ўступаючы паміж сабой у адкрытую вайну, СССР і ЗША (з саюзнікамі) фактычна ўдзельнічалі на баку розных дзяржаў, ваен. і паліт. сіл у лакальных і грамадз. войнах: у Кітаі (1946—49), Карэі (гл. Карэйская вайна 1950—53), В’етнаме (1964—75), на Б. Усходзе (гл. Блізкаўсходні канфлікт), у Афрыцы (Эфіопія, Ангола і інш.) і Лац. Амерыцы (Куба, Нікарагуа) і інш. Аднак сама вастрыня гэтай барацьбы часам дыктавала неабходнасць супрацоўніцтва для прадухілення перарастання яе ў сапраўдную глабальную вайну. СССР і ЗША разам выступілі супраць спроб Вялікабрытаніі і Францыі блакіраваць Суэцкі канал у час Суэцкага крызісу 1956, садзейнічалі ўрэгуляванню становішча ў Конга ў 1960—63, здолелі мірным шляхам пераадолець Карыбскі крызіс 1962, рабілі захады па абмежаванні выпрабаванняў ядзернай зброі, з 1970-х г. удзельнічалі ў правядзенні палітыкі разрадкі і ядзернага раззбраення. Гэта, аднак, не азначала спынення «Х.В.». Яна асабліва ўзмацнілася па ініцыятыве ЗША пасля ўводу сав. войск у Афганістан (снеж. 1979) і спынілася толькі ў канцы 1980 — пач. 90-х г. у сувязі з роспускам АВД і распадам СССР. Кіраўніцтва ЗША (прэзідэнты Р.Рэйган, Дж.Буш, нам. прэзідэнта па дзярж. бяспецы З.Бжазінскі) расцэньвала гэтыя падзеі як перамогу ЗША і НАТО у «Х.в.». Пасля заканчэння «Х.в.» ў свеце пачала фарміравацца новая сістэма міжнар. адносін.

Літ.:

Степанова О.Л. Холодная война: Ист. ретроспектива. М., 1982;

Батюк В.И., Евстафьев Д.Г. Первые заморозки: Сов.-американ. отношения в 1945—1950 гг. М., 1995;

Бжезинский З. Великая шахматная доска: Пер. с англ. М., 1999;

Кальвокоресси П. Мировая политика после 1945 г.: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 2000;

Уткин А.И. Мировой порядок XXI в. М., 2001.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 16, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)