артылерыйская безадкатная гармата, якая страляе мінамі. Прызначаны для навясной стральбы па адкрытых цэлях і з-за ўкрыцця, а таксама для разбурэння інж. збудаванняў. Мае высокую скарастрэльнасць і дакладнасць стральбы, малую масу і простую канструкцыю. Адрозніваюць дульна- і казназарадныя; гладкаствольныя (большасць) і наразныя; пераносныя, перавозныя, буксіровачныя, самаходныя і інш. Створаны і выкарыстаны пры абароне Порт-Артура ў рус.-яп. вайне 1904—05. Знаходзяцца на ўзбраенні армій шэрагу дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь.
82-мм аўтаматычны мінамёт 269-й сістэмы 2К21 пры стральбе прамой наводкай.Да арт.Мінамёт: 1 — дульназарадны мінамёт (у краінах СНД); 2 — самаходны мінамёт XM106 (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРАЛІЗА́ЦЫЯў праве,
прыняцце ў грамадзянства дзяржавы чужаземца паводле яго заявы. Можа адбывацца пасля працяглага знаходжання (пражывання) чужаземца на тэр. дадзенай дзяржавы. Часам у якасці ўмовы для Н. патрабуецца валоданне афіц. мовай дзяржавы (напр., у Латвіі, Эстоніі), наяўнасць сродкаў для існавання, бездакорная рэпутацыя і да т.п. У шэрагу дзяржаў існуе аблегчаны парадак Н. для асоб, якія маюць этн. або лінгвістычную сувязь з дзяржавай (напр., аблегчаная Н. для партугаламоўных чужаземцаў у Бразіліі). Нярэдка правы ў натуралізаваных грамадзян крыху вузейшыя, чым у прыроджаных. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі прэзідэнтам дзяржавы могуць стаць толькі грамадзяне па нараджэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПАЛКО́ЎНІК,
воінскае званне старшага афіцэрскага саставу ў шэрагу дзяржаў, у т. л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі званню П. адпавядае lieutenant colonel, у ФРГ — Oberstleutnant. Уведзена ў Еўропе ў 17 ст.; у Расіі спачатку як пасада, потым як званне (чын) пам.палкоўніка (камандзіра палка). У казацкіх войсках у 1885—1917 званню П. адпавядаў чын вайсковага старшыны. У СССР уведзена ў 1939. У ВМФ званню П. адпавядае званне капітана 2-га рангу. У Рэспубліцы Беларусь званне П. існуе і для асоб, якія знаходзяцца на службе ў КДБ, МУС і інш. сілавых структурах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1814,
мірны дагавор паміж удзельнікамі 6-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй і Прусіяй) з аднаго боку і пераможанай Францыяй з другога, падпісаны 30 мая ў Парыжы. Пазней да дагавора далучыліся Швецыя, Іспанія і Партугалія. Дагавор захоўваў за Францыяй тэрыторыю ў межах на 1.1.1792. Лёс тэрыторый, якія адыходзілі ад Францыі, падлягаў вырашэнню на міжнар. кангрэсе (гл.Венскі кангрэс 1814—15). Дагавор прадугледжваў аднаўленне незалежнасці Галандыі, Швейцарыі, герм. княстваў і італьян.дзяржаў (акрамя зямель, што адыходзілі да Аўстрыі). Абвяшчалася свабода суднаходства па рэках Рэйн і Шэльда. Францыі вярталася б.ч.калан. уладанняў, страчаных ёю ў час Напалеонаўскіх войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКІ МІР 1866,
мірны дагавор паміж Аўстрыяй і Прусіяй, які завяршыў аўстра-прускую вайну 1866. Падпісаны 23 жн. ў занятай прускімі войскамі Празе. П.м. пацвердзіў асн. ўмовы папярэдняга Нікальсбургскага дагавора (26.7.1866). Аўстрыя прызнавала роспуск Герм. саюза, пагаджалася на «новае ўпарадкаванне Германіі» без удзелу Аўстрыі, абяцала прызнаць новы саюз на Пн ад р. Майн на чале з Прусіяй, а таксама будучыя анексіі Прусіі на Пн Германіі; адмаўлялася на карысць Прусіі ад сваіх правоў на Шлезвіг і Гольштэйн, прызнавала перадачу Венецыянскай вобл. Італіі, выплачвала Прусіі кантрыбуцыю ў 20 млн. прускіх талераў. Прусія заняла пануючае становішча сярод герм.дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІ́ВЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ,
прыродныя марскія шляхі, якія злучаюць асобныя моры ці акіяны і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Паводле міжнар. звычаяў, практыкі і пагадненняў дзяржаў для такіх праліваў гістарычна ўстаноўлены прынцып свабоды праходу суднаў і пралёту самалётаў усіх краін. Паводле Канвенцыі ААН па марскім праве 1982, у пралівах, дзе існуе міжнар. суднаходства, усе судны і лятальныя апараты карыстаюцца правам свабоднага транзітнага праходу, і ім не павінны чыніцца перашкоды. Існуюць пралівы, якія вядуць у закрытыя моры і па сваім геагр. становішчы не служаць мэтам транзіту. Да іх адносяцца Балтыйскія і Чарнаморскія пралівы. Іх прававы рэжым рэгулюецца спец.міжнар. пагадненнямі і міжнар. звычаямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. ratificatio вырашаны, зацверджаны + facere рабіць). 1) зацвярджэнне вярх. органам улады пэўнай краіны дагавора міжнароднага. заключанага яе ўпаўнаважаным. Р. падлягаюць звычайна найб. важныя міжнар. дагаворы. Канстытуцыі большасці дзяржаў адносяць права Р. міжнар. дагавораў да кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы (з санкцыі вышэйшага заканад. органа або без яе) або непасрэдна да кампетэнцыі вышэйшага заканад. органа. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права Р. міжнар. дагавораў належыць Палаце прадстаўнікоў Нац. сходу.
2) У некаторых краінах (напр., ЗША, Расія і інш.) зацвярджэнне суб’ектамі федэрацыі, рэферэндумам або спецыяльна скліканымі органамі змен ці дапаўненняў да тэксту канстытуцыі, прынятых парламентам краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРЭСА́ЛІІ (позналац. repressaliae ад reprehendere стрымліваць, спыняць),
правамерныя прымусовыя дзеянні дзяржавы, накіраваныя на аднаўленне сваіх правоў, парушаных інш. дзяржавай, без пагрозы і ўжывання сілы. Міжнар. права забараняе Р., якія спалучаны з выкарыстаннем сілы (узброеныя Р.). Важная ўмова правамернасці Р. — абавязак дзяржаў, што маюць намер звярнуцца да Р., выкарыстаць мірную працэдуру спагнання шкоды, нанесенай правапарушэннем. Адмова дзяржавы-правапарушальніцы ад такой працэдуры або ад выканання рашэння, прынятага з прычыны выкарыстання гэтай працэдуры, адкрывае правамерную магчымасць для звароту да Р. Меры, што выкарыстоўваюцца ў якасці Р., павінны быць прапарцыянальныя правапарушэнню, якое іх выклікала, і спыняюцца з моманту аднаўлення становішча, якое яму папярэднічала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ,
1) міжнародныя пагадненні аб нормах права ва ўзброеных канфліктах (раней наз.законы і звычаі вайны), правах і абавязках нейтральных краін, шляхах мірнага вырашэння міжнар. спрэчак, прынятыя на 1-й і 2-й мірных канферэнцыях у Гаазе ў 1899 і 1907.
1-я Гаагская канферэнцыя (1899, 27 дзяржаў-удзельніц) прыняла 3 канвенцыі (пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864), а таксама 3 дэкларацыі.
2-я Гаагская канферэнцыя (1907, 44 дзяржавы-ўдзельніцы) прыняла 13 канвенцый: пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра абмежаванне выпадкаў выкарыстання сілы для спагнання па дагаворных даўгавых абавязацельствах; пра адкрыццё ваен. дзеянняў; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў і асоб у сухапутнай вайне; пра становішча варожых гандл. суднаў пры адкрыцці ваен. дзеянняў; пра ператварэнне гандл. суднаў у ваенныя; пра ўстаноўку аўтам. кантактных падводных мін; пра бамбардзіроўку марскімі сіламі ў час вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864; пра некаторыя абмежаванні ў карыстанні правам захопу ў марской вайне; пра заснаванне міжнар. прызавога суда; аб правах і абавязках нейтральных краін у марской вайне.
Гаагскія канвенцыі адыгралі значную ролю ў міжнар.-прававой рэгламентацыі правіл вядзення вайны.
2) Канвенцыя 1954 пра абарону культ. каштоўнасцей у час узбр. канфлікту — міжнар. шматбаковае пагадненне, якое абавязвае дзяржавы паважаць і захоўваць у час ваен. дзеянняў культ. каштоўнасці, забараняе іх вываз з акупіраваных тэрыторый.
3) Канвенцыі па міжнар. прыватным праве 1902—05, 1951, 1956, 1961 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ (ад лац. discriminatio адрозніванне),
абмежаванне або пазбаўленне грамадзянскіх, паліт. і інш. правоў і свабод з-за нац., расавай прыналежнасці, полу, веравызнання, паліт. поглядаў і г.д. У гісторыі краін свету Д. практыкавалася даволі часта. Адначасова дэмакр. сілы вялі барацьбу супраць Д. У ЗША вынікам Грамадз. вайны паміж Поўначчу і Поўднем 1861—65 было абвяшчэнне раўнапраўя неграў і яго юрыд. замацаванне ў форме паправак да Канстытуцыі. Прыкладамі жорсткай Д. шматлікіх груп грамадзян на глебе расізму былі Германія (1933—45), Радэзія і Паўд.-Афрыканская Рэспубліка, дзе расісцкі рэжым праіснаваў да пач. 1990-х г. (гл.Апартэід). Міждзярж. супрацоўніцтва для пераадолення Д. і абароны асн. правоў чалавека і грамадзяніна прывяло да афіц. асуджэння дыскрымінацыйнай практыкі на дзярж. узроўні і скасавання адкрыта дыскрымінацыйных заканад. актаў. Найб. агульныя антыдыскрымінацыйныя прынцыпы сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948. Пашыранымі відамі Д. з’яўляюцца пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне з работы, адмова ў грамадзянстве ці візе на ўезд або выезд, ушчамленне правоў бежанцаў, імігрантаў і інш. Асаблівае месца займае Д. жанчын у прац., паліт. і інш. грамадскай дзейнасці. У міжнар. адносінах Д. азначае абмежаванне суверэннай роўнасці пэўных дзяржаў як суб’екта міжнар. права шляхам выкарыстання інш. дзяржавамі эканам. і паліт. мер, якія не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам міжнар. адносін. Праявай дыскрымінацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне дзяржавамі закрытых арг-цый з мэтай абароны сваіх рынкаў ад тавараў інш.дзяржаў, свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і г.д. Праблема ўсебаковага пераадолення Д. ва ўсіх галінах міжнар. і грамадскага жыцця пакуль застаецца адной з глабальных праблем сучаснага чалавецтва.