РУ́БЕНС (Rubens) Пітэр Паўэл (28.6.1577, г. Зіген, Германія — 30.5.1640),
фламандскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў жывапісу барока. З 1589 жыў у Антверпене. З 1591 вучыўся ў Т.Верхахта, А. ван Норта, О.Веніуса (ван Вена); з 1600 у Італіі, вывучаў творы Мікеланджэла, братоў Карачы, М.Караваджа, жывапісцаў венецыянскай школы. З 1608 у Антверпене, гал. прыдворны жывапісец інфанты Ізабэлы Аўстрыйскай. У ранніх творах выявілася імкненне Р. да адлюстравання італьян. уражанняў у духу нац.маст. традыцый. Не парушаючы прынцыпаў сталага барока, асн. зместам творчасці стала праслаўленне жыцця ў яго стыхійных праяўленнях. У творах ствараў ілюзію неабсяжнай прасторы, разбураў ізаляванасць выяў кампазіцыі. Манум.рэліг. творы пач. 1610-х г. поўныя дэкар. размаху, асіметрычныя, падначаленыя неспакойнаму, складанаму рытму; фігуры часта выяўляюцца ў руху і рэзкіх ракурсах, шырока ўжыты кантрасты святлаценю: «Узняцце крыжа» (каля 1610—11), «Зняцце з крыжа» (каля 1611—14). Пісаў карціны на міфалагічныя тэмы, парадныя партрэты ў рэчышчы нідэрландскіх традыцый 16 ст. («Аўтапартрэт з Ізабэлай Брант», 1609), якім уласцівы інтымная прастата кампазіцыі, дасканаласць прапрацоўкі мадэлі і адзення, стрыманы вытанчаны каларыт. У 1612—20 творчасць Р. дасягнула росквіту ў работах на біблейскія сюжэты і тэмы ант. міфалогіі, якія ён трактаваў з выключнай смеласцю і свабодай выяўлення прыгажосці аголенага чалавечага цела, апявання пачуццёвай радасці зямнога быцця: міфалагічныя кампазіцыі «Саюз Зямлі і Вады» (каля 1618), «Выкраданне дочак Леўкіпа» (каля 1619—20), «Персей і Андрамеда» (каля 1620—21). Фігуры людзей, ант. божастваў, жывёл на фоне квітнеючай прыроды або фантаст. архітэктуры ў яго карцінах сплятаюцца ў складаныя кампазіцыі, гарманічна ўраўнаважаныя або прасякнутыя дынамікай (два варыянты «Страшнага суда», каля 1615—16 і каля 1618). Паступова адмаўляўся ад характэрнага для ранніх твораў лакальнага колеру, дасягнуў выключнага майстэрства ў перадачы градацый святла і колеру, паветраных рэфлексаў. Пейзажы Р. («Возчыкі камення», каля 1620) часцей прыдуманыя, але поўныя адчування гарманічнасці і цэласнасці асяроддзя. Каля 1611—18 спраектаваў свой дом у Антверпене, арх. аблічча якога вылучалася тэатралізаванай раскошай. У 1615—20 Р. набыў шырокую вядомасць. З 1617 майстэрня Р. (яго вучні і памочнікі А. ван Дэйк, Я.Іорданс, Ф.Снейдэрс) выканала паводле яго эскізаў шэраг серыйных, манум.-дэкар. кампазіцый («Гісторыя Марыі Медычы», каля 1622—25). З выключным майстэрствам і пачуццёвай пераканаўчасцю Р. перадаваў знешнасць і асаблівасці характару мадэлі ў парадных партрэтах («Т.Эрэндэль з сям’ёй», 1620; «Марыя Медычы», каля 1622—25). Асаблівай віртуознасцю вылучаюцца інтымныя партрэты, у т. л. «Партрэт камерысткі інфанты Ізабэлы» (каля 1625), дзе з дапамогай празрыстых каляровых пераходаў і мяккіх рэфлексаў перададзена трапяткая жыццёвасць мадэлі. Пасля смерці першай жонкі (1626) Р. часова адышоў ад жывапісу; быў на дыпламат. службе, наведаў Галандыю, Іспанію, Англію. Карціны 1630-х г. вылучаюцца большай стрыманасцю маст. сродкаў, жывапіс становіцца больш інтымным і задушэўным, каларыт страчвае шматколернасць і будуецца на багацці колеравых адценняў, вытрыманых у эмацыянальна насычанай чырвона-карычневай гаме. Пісаў партрэты сваёй другой жонкі («Алена Фаўрмент з дзецьмі», каля 1636; «Футра», каля 1638—40) часам у вобразе міфал. і біблейскіх персанажаў («Вірсавія», каля 1635), сцэны вясковых свят («Кермеса», каля 1635—36), пейзажы («Пейзаж з вясёлкай», каля 1632—35), карціны на тэмы ант. міфалогіі («Вакх», паміж 1638 і 1640). Віртуознасцю жывапісу, строгасцю і лаканізмам маст. сродкаў вылучаюцца «Тры грацыі» (1638—40), «Аўтапартрэт» (каля 1637—40). Аўтар шматлікіх малюнкаў.
Літ.:
Лазарев В.Н. Рубенс // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;
П.П.Рубенс: Письма. Док. Суждения современников. М., 1977;
Лебедянский М.С. Портреты Рубенса. 2 изд. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЬ Мікалай Васілевіч (1.4.1809, с. Вялікія Сарочынцы Палтаўскай вобл., Украіна — 4.3.1852),
рускі пісьменнік, пачынальнік крытычнага рэалізму ў рус. л-ры. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1828). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу (1829—31). Выкладаў гісторыю ў Пецярбургскім ун-це (1834—35). З 1836 жыў пераважна за мяжой (Італія, Германія, Швейцарыя, Аўстрыя, Францыя). У 1840 у Вене перажыў цяжкую нервовую хваробу, якая адбілася на яго светаадчуванні і прадвызначыла наступныя душэўныя зрывы. З 1848 у Расіі. Першы твор — паэма-ідылія «Ганц Кюхельгартэн» (1829). Літ.вядомасць прынесла кн. аповесцей «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (ч. 1—2, 1831—32), у якой створаны паэт. вобраз Украіны, яскравыя малюнкі нар. жыцця і побыту, шырока выкарыстаны ўкр. фальклор. Зб-кі «Міргарад» і «Арабескі» (абодва 1835) засведчылі станаўленне пісьменніка на пазіцыях рэалізму і народнасці. У аповесці «Тарас Бульба» (1835, новая рэд. 1842) у эпічна-былінным стылі ўславіў барацьбу ўкр. народа за нац. вызваленне ў 17 ст. Як глыбокі рэаліст і бязлітасны сатырык выступіў у т.зв. «пецярбургскіх аповесцях» («Нос», «Партрэт», «Неўскі праспект», «Запіскі вар’ята» і інш., 1835—42), у «Аповесці пра тое, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам» (1834). Наватарскі характар драматургіі камедыі «Рэвізор» (паст. 1836) дазволіў увасобіць у вобразах чыноўнікаў павятовага горада аблічча ўсёй тагачаснай Расіі. Сярод інш.драм. твораў Гогаля камедыі «Жаніцьба», «Гульцы», «Тэатральны раз’езд пасля паказу новай камедыі» (усе 1842) і інш.Маст. адкрыццём стаў вобраз «маленькага чалавека» з аповесці «Шынель» (1842), у якой Гогаль стаў на абарону зняважанай чалавечай годнасці. Вяршыня творчасці Гогаля — паэма-раман «Мёртвыя душы» (т. 1, 1842), дзе ў вобразах надзвычайнай маст. і псіхал. ёмістасці пісьменнік увасобіў маральнае аблічча сучаснага яму грамадства. Духоўныя пошукі 1840-х г. прывялі Гогаля да вывучэння багаслоўскіх прац, гісторыі царквы. Яго «Выбраныя мясціны з перапіскі з сябрамі» (1847) сталі адным з самых палемічных твораў рус. л-ры. У ёй Гогаль выказаў веру ў мажлівасць лепшага ўладкавання Расіі, яе месіянскую ролю, заснаваную на вернасці ідэалам праваслаўя і маральнага ўдасканалення чалавека. Большасць крытыкаў убачыла ў кн. пераход пісьменніка да рэліг. пропаведзі. В.Бялінскі абвінаваціў Гогаля ў крывадушнасці і жаданні стварыць гімн уладам. Грамадскае непрыняцце «Выбраных мясцін...» у многім вызначылі далейшы лёс Гогаля і яго творчасці. За 10 дзён да смерці Гогаль спаліў рукапіс 2-га т. «Мёртвых душ». З імем Гогаля ў рус. л-ры звязана станаўленне крытычнага рэалізму, т.зв.натуральнай школы. М.Чарнышэўскі ўвёў ва ўжытак нават паняцце «гогалеўскі перыяд рускай літаратуры».
Творчасць Гогаля зрабіла ўплыў на бел. л-ру (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Колас, М.Гарэцкі, З.Бядуля, К.Чорны, К.Крапіва, Я.Брыль і інш.). На бел. мову яго творы перакладалі М.Краўцоў, Крапіва, М.Лужанін, М.Машара, М.Паслядовіч, А.Бачыла, П.Місько, В.Рабкевіч і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены кн. Гогаля «Жаніцьба» (1937), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950), «Мёртвыя душы» (1950), «Рэвізор» (1951), «Тарас Бульба» (1954) і інш. Першыя пастаноўкі п’ес Гогаля на Беларусі адбыліся ў 19 ст. («Рэвізор», 1848; «Жаніцьба», 1850; «Цяжба», 1853; «Запіскі вар’ята», 1888, і інш.). У 1945 «Рэвізор» паст. ў Бел. т-ры Я.Коласа. У Тэатры-студыі кінаакцёра «Беларусьфільма» ажыццёўлены арыгінальныя пастаноўкі «Запіскі вар’ята» (1983) і «Фантазіі паводле Гогаля» (1987).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—14. М., 1937—52;
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1984—86;
Бел.пер. — Зачараванае месца // Наша ніва. 1909. № 9;
Тарас Бульба. Рэвізор. Мёртвыя душы. Мн., 1990.
Літ.:
Белинский В.Г. О Гоголе. М., 1949;
Чернышевский Н.Г. Очерки гоголевского периода русской литературы. М., 1953;
Н.В.Гоголь в воспоминаниях современников. М.; Л., 1952;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКАЛОГІЯ І МЕДЫЦЫНСКАЯ РАДЫЯЛОГІЯ
Анкалогія і мед. радыялогія як навукова абгрунтаваная сістэма арганізацыі анкалагічнай дапамогі дзейнічае на Беларусі з сярэдзіны 20 ст. На базе Рэсп. анкалагічнага дыспансера (1934, Мінск) у 1960 створаны НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (заснавальнік і першы дырэктар М.М.Аляксандраў). З 1965 інстытут мае сваю базу ў пас. Лясны пад Мінскам. Дзейнасць інстытута і развіццё анкалагічнай службы рэспублікі звязана з імёнамі Г.Д.Голуб, З.М.Гутмана, І.Р.Жакава, Э.Л.Жаўрыда, В.А.Казліціна, С.Б.Каржа, З.В.Лапарэвіч, А.А.Машэўскага, Т.Ц.Паддубнай, Ц.А.Панцюшэнкі, У.С.Пячэнкі, Я.С.Скоблі, Л.С.Сукаватых, І.П.Сяржаніна, С.З.Фрадкіна, М.А.Цішчанкі, Б.Д.Шыцікава і інш. Яны стварылі навук. асновы арганізацыі проціракавай барацьбы, ранняга выяўлення раку, развіцця і ўкаранення метадаў камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін, радыеізатопнай дыягностыкі, прамянёвай і хіміятэрапіі.
Анкалагічную дапамогу аказваюць Мінскі гар. і абласныя анкалагічныя дыспансеры (Брэст, Віцебск, Гомель, Магілёў), анкалагічнае аддзяленне Гродзенскай абл. бальніцы, міжраённыя дыспансеры (Баранавічы, Бабруйск, Вілейка, Мазыр, Пінск, Полацк). Дыспансеры маюць паліклінікі і стацыянары, неабходную апаратуру і абсталяванне для дыягностыкі і лячэння анкалагічных хворых; праводзяць прафілактычныя агляды, рэгіструюць і аналізуюць захваральнасць і смяротнасць ад пухлін, кансультуюць урачоў агульнай лячэбнай сеткі па пытаннях дыягностыкі і лячэння пухлін.
Навукова-практычны цэнтр і база падрыхтоўкі спецыялістаў анкалагічнай службы Беларусі — НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1997 імя М.М.Аляксандрава) — узначальвае і каардынуе работу па анкалогіі ў краіне. З 2000 дырэктар інстытута І.В.Залуцкі.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: арганізацыя проціракавай барацьбы, вывучэнне эпідэміялогіі і прафілактыкі раку; распрацоўка новых тэхналогій дыягностыкі і лячэння злаякасных пухлін, стварэнне і правядзенне клінічных выпрабаванняў новых дыягнастычных і лекавых сродкаў; удасканаленне медыка-тэхнічнай базы анкалагічнай службы краіны. Вядомасць набылі распрацоўкі інстытута па стварэнні, апрабацыі і ўкараненні радыефармпрэпаратаў для дыягностыкі і лячэння злаякасных новаўтварэнняў (Шыцікаў); даследаванні па распрацоўцы і выкарыстанні метадаў кіруемай штучнай гіпертэрміі і гіперглікеміі ў многакампанентным лячэнні злаякасных новаўтварэнняў (Жаўрыд, Фрадкін); па ўнутрыполасцевай гаматэрапіі і новых спосабах камбінаванага, комплекснага і спалучанага лячэння раку органаў жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы (К.Я.Вішнеўская); па прамянёвым лячэнні, метадах прафілактыкі і лячэння постпрамянёвых пашкоджанняў, прагназіраванні індывідуальнай радыеадчувальнасці злаякасных пухлін (Н.А.Арцёмава, Г.У.Мураўская); марфалагічных метадах дыягностыкі перадпухлінных хвароб і злаякасных пухлін (Л.Б.Клюкіна, Г.М.Мураўёў); камбінаваным лячэнні хворых на рак лёгкага, стрававода (У.В.Жаркоў). Распрацаваны таксама антыаксідантны комплекс і метады яго выкарыстання пры камбінаваным лячэнні хворых з пухлінамі страўніка і кішэчніка (У.М.Сукалінскі); дыягностыка і лячэнне онкауралагічных хворых (А.С.Маўрычаў, А.Р.Суконка); прафілактыка і ранняя дыягностыка раку малочнай залозы, варыянты яго хіміятэрапеўтычнага і гарманальнага лячэння (Л.А.Путырскі); тэхнічнае і фізіка-дазіметрычнае забеспячэнне прамянёвай тэрапіі, спосабы радыяцыйнай аховы ад мед. апрамянення (І.Г.Таруцін), лячэнне пухлін скуры, мяккіх тканак і апорна-рухальнага апарату, метадаў рэабілітацыі анкалагічных хворых, у т. л. рэканструктыўна-аднаўленчыя і пластычныя аперацыі (Залуцкі); біяхімічныя і біяфізічныя метады дыягностыкі і маніторынгу злаякасных пухлін (А.А.Машэўскі, В.І.Прохарава). Першасную падрыхтоўку па анкалогіі атрымліваюць у Бел. (Мінск), Гомельскім, Гродзенскім, Віцебскім мед. універсітэтах, спецыялізацыю і ўдасканаленне ў галіне анкалогіі і мед. радыялогіі — у Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (яе кафедра анкалогіі працуе на базе НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі імя Аляксандрава). На кафедры анкалогіі Бел.мед. універсітэта пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС створана Рэсп. праграма «Праблемы анкалагічнага захворвання шчытападобнай залозы» (Я.П.Дзямідчык), у межах якой распрацаваны метады ранняй дыягностыкі, хірургічнага і комплекснага лячэння раку шчытападобнай залозы ў дзяцей. Роля анкалогіі пастаянна расце (пухліны займаюць 2-е месца сярод прычын смяротнасці насельніцтва); штогод адбываецца больш за 80 тыс. шпіталізацый. У 2003 у анкалагічных установах Беларусі працавала 345 урачоў-анколагаў і 152 урачы-радыёлагі. Вынікі навук. даследаванняў бел. анколагаў публікуюцца ў альманаху «Актуальныя праблемы анкалогіі і медыцынскай радыялогіі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШЫЎКА,
від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв.вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.
На Беларусі найб.стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш.Стараж.бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст. пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст. пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.
Літ.:
Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вышыўка. Валан «рэльефнага гіпюру» (Венецыя). Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Вышыўка. Фрагмент арната ў Пінскім касцёле францысканцаў. 18 ст.Вышыўка насцілам па сетцы. Фрагмент абруса. Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобл.Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха. Вёска Пасека Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі. Вёска Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобл.Вышыўка процягам. Намітка. Вёска Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Вышыўка. Хустка. Пскоўская вобл. (Расія). 19 ст.Да арт.Вышыўка. Касадэ з выявай слівы ў квецені (Японія). 1-я пал. 18 ст.Да арт.Вышыўка. Украінская мастацкая гладзь. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАНІ́НЫ МАСТА́ЦКІЯ,
ткацкія вырабы ручной ці машыннай вытворчасці, якія вызначаюцца мастацкасцю арнаментацыі, прыгажосцю расфарбоўкі, высокім майстэрствам выканання: від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вырабляюць з шарсцяных, ільняных, баваўняных, шаўковых, сінт., штучных нітак, арнаментуюць перапляценнем іх у працэсе ткацтва, набіваннем малюнка (гл.Набіванка), вышыўкай, батыкам, аплікацыяй і інш. Прызначаюцца для вырабу адзення, аздаблення мэблі, інтэр’ераў і інш. Характар маст. афармлення Т.м. абумоўліваецца іх прызначэннем, матэрыялам, тэхн. магчымасцямі выканання, адлюстроўвае стылістычныя асаблівасці розных эпох у развіцці мастацтва, этнічныя, нац., сац. адметнасці і інш. Вядомы амаль усім народам з глыбокай старажытнасці. Высокай мастацкасцю з 2-га тыс. да н.э. славіліся кіт. і яп. (пераважна шаўковыя), інд. баваўняныя з набіўным узорам, іранскія і тур. шарсцяныя і шаўковыя тканіны, вырабы народаў Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, габелены, карункі, тканіны Італіі, Францыі і інш.
На Беларусі Т.м. вядомы з 11—13 ст., калі ва ўжытак увайшоў гарызантальны ткацкі станок з нітамі і панажамі — кросны і пашырылася вышыўка. Высокім узроўнем вызначалася прадукцыя рамесных ткацкіх цэхаў 15—17 ст. У 18 ст. на прадпрыемствах мануфактурнага тыпу ў Карэлічах, Міры, Камянцы, Нясвіжы, Альбе, Гродне, Слоніме ткалі шпалеры сюжэтна-тэматычнага характару (гл.Карэліцкія шпалеры), ворсавыя дываны, узорыстыя кілімы, шаўковыя паясы, тканіны для абіўкі сцен і інш. (гл.Нясвіжскія паясы, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры, Гродзенскія паясы). Шырокую вядомасць набылі шаўковыя слуцкія паясы і інш. вырабы (галуны, пазументы, стужкі) Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. Шклоўская мануфактура славілася арнаментаванымі тканымі шпалерамі, паясамі і тканінамі з залатым шыццём; у фальварку Сямёнаўка каля Шклова залатымі, сярэбранымі і шаўковымі ніткамі вышывалі жаночае і мужчынскае адзенне. Многія Т.м. вызначаліся спалучэннем усх., заходнееўрап. і мясц. традыцый і матываў. У 19 ст. цэхавая і мануфактурная вытв-сць Т.м. саступіла месца прамысл. машыннай. З канца 19 ст. з паляпшэннем інтэр’ера традыц. жылля, пашырэннем новых ткацкіх тэхнік Т.м. пашырыліся і ў нар. побыце. Традыц. палатняная, браная, выбарная, саржавая тэхнікі ткацтва, што здаўна ўжываліся для вырабу адзення, ручнікоў, абрусаў, дапоўніліся пераборнай, шматнітавой і інш. тэхнікамі, якія ўзбагацілі колеравы і арнаментальны дыяпазон вырабаў. Паласаты ці клятчасты дэкор палатнянага або рыпсавага перапляцення, ромбагеам. арнамент браных і выбарных тканін чырвона-белага каларыту узбагаціўся новымі матывамі (стылізаванымі расл., арнітаморфнымі, зааморфнымі і інш.), каларыстыкай вырабаў. Пашырыліся Т.м. інтэр’ернага прызначэння (посцілкі, дываны, ручнікі, сурвэткі, фіранкі і інш.), выкананыя разнастайнымі відамі перабору з прыціскной асновай, дэкар. відамі ажурнага ткацтва, вышыўкай крыжыкам, паліхромнай адвольнай гладдзю і інш. У 1 -й пал. 20 ст.вытв-сцьтрадыц.нар. Т.м. скарацілася, пераважалі вырабы фабрычнай тэкстыльнай вытв-сці, малюнкі для якіх стваралі спецыялісты-мастакі. Традыцыі нар. ўзорыстага ткацтва ў 1930—50-я г. прадоўжылі маст. арцелі (выраблялі тканыя і вышываныя абрусы, ручнікі, хусткі, сурвэткі, шторы, блузкі, сукенкі, мужчынскія сарочкі і інш.), з 1960-х г. — ф-кі маст. вырабаў, у асартыменце якіх посцілкі, дываны, накідкі на крэслы, абрусы, сурвэткі, ручнікі, адзенне і інш., выкананыя і аздобленыя ў традыцыях нар. Т.м. Акрамя традыц. тэхнік ткацтва і аздаблення выкарыстоўваюцца і новыя: ручная размалёўка, машынная вышыўка, аэраграфія, батык і інш. Разнастайнасцю арнаментыкі, сакавітасцю і яркасцю малюнка вызначаюцца посцілкі, дываны, ручнікі работы нар. майстроў. З 1960-х г. адрадзіўся бел. габелен. Створаныя паводле кардонаў вядомых мастакоў габелены і габелены-заслоны сюжэтна-тэматычнага і арнаментальна-дэкар. характару аздабляюць інтэр’еры грамадскіх і адм. будынкаў. У наш час Т.м. падарункавага, сувенірнага, маст. характару, для аздаблення грамадскіх будынкаў, сцэн. касцюмаў для самадзейных і прафес. калектываў і інш. ствараюць нар. майстры, мастакі-тэкстыльшчыкі, прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць), прамысловыя Т.м. — на тэкстыльных ф-ках, камбінатах і аб’яднаннях.
Літ.:
Соболев Н.Н. Очерки по истории украшения тканей. М.; Л., 1934;
Руденко С.И. Древнейшие в мире художественные ковры и ткани... М., 1968;
Бирюкова Н.Ю. Западноевропейские набивные ткани 16—18 в.: Собрание Гос. Эрмитажа. М., 1973;
Козлов В.Н. Основы художественного оформления текстильных изделий. М., 1981;
Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;
Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка: Пер. з рус.Мн., 1996;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Тканіны мастацкія. Копцкая габеленавая тканіна. 4 ст.Да арт.Тканіны мастацкія. Арнат з г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Фрагмент. 18 ст.Да арт.Тканіны мастацкія. Шпалера «Паляванне на аленя». Германія. Канец 15 — пач. 16 ст.Да арт.Тканіны мастацкія. Аксаміт. Францыя. 1868.Да арт.Тканіны мастацкая. А.Сушчынская. Посцілка. Вёска Істакі Лідскага раёна Гродзенскай вобл. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСТРА́ДА (франц. estrade ад ісп. estrado памост),
1) від сцэнічнага мастацтва, калі ў адным паказе (канцэрце) спалучаюцца выступленні артыстаў розных жанраў (чытальнікаў, спевакоў, музыкантаў, акрабатаў, танцораў, канферансье і інш.). Як самаст. мастацтва сфарміравалася ў канцы 19 ст.
Вытокі Э. ў паказах вандроўных акцёраў. У пач. 18 ст. ў Англіі ўзніклі невял. эстр. т-ры — мюзік-холы. З 1850-х г. у Францыі пры рэстаранах ствараліся т.зв. кафэ-шантаны, з 1880-х г. — кабарэ, пазней вар’етэ. У 20 ст.эстр. паказы (агляды, рэвю) адбываліся ў вар’етэ і мюзік-холах. Першыя папулярныя выканаўцы Э. — расійскія спевакі Н.Вяльцава, А.Вярцінскі, В.Паніна, І.Юр’ева, франц. — А.Бруан, І.Гільбер, швейцарскі клоун Грок і інш. Сярод вядомых майстроў замежнай Э.: спевакі Э.Дзімітроў (Балгарыя), Г.Герман (Польшча), К.Гот (Чэхія), Х.Белафонтэ, П.Робсан, П.Сігер, Э.К.Фіцджэралд (ЗША), Ш.Азнавур, Э.Піяф, М.Шэвалье (Францыя); джаз-аркестры пад кіраўніцтвам Л.Д.Армстранга, Э.К.Элінгтана (ЗША) і інш. Праводзяцца міжнар. конкурсы і фестывалі эстр. мастацтва. У Расіі вытокі Э. ў нар. гульнях і балаганах, у мастацтве скамарохаў. З канца 18 ст. пашыраны т.зв. дывертысменты. У пач. 20 ст. ўзніклі эстр.тэатры мініяцюр. У станаўленні сав. Э. пэўную ролю адыгралі тэатры рэвалюцыйнай сатыры, паказы «Сіняй блузы», эстр., эстр.-сімф. і джаз-аркестры, вак.-інстр. ансамблі.
На Беларусі элементы Э. меліся ў праграмах беларускіх вечарынак, паказах Першай бел. трупы І.Буйніцкага. Развіццю жанраў бел.эстр. мастацтва спрыялі мітынгі-канцэрты, «жывыя газеты», т-ры рэв. сатыры ў Віцебску і Мінску (1919—22). З бел.нар. песнямі выступалі Л.Александроўская, І.Яўнзем. Сярод першых выканаўцаў Э.: цымбалісты А.Астрамецкі, І.Жыновіч, цымбальны дуэт Х.Шмелькін і С.Навіцкі, балалаечнік Дз.Захар, Беларускі вакальны квартэт. У 1939 створана «Белдзяржэстрада» з аддзяленнямі ў Віцебску і Беластоку, сярод артыстаў якой танц. пара В.Міхеда і М.Гільзінец, спевакі Ю.Матраеў, Р.Плоткіна, чытальніца Ю.Фляйто, акрабаты С.Сакалоў, Л. і А.Міхайлавы. У першае пасляваен. дзесяцігоддзе пры «Белдзяржэстрадзе» працавалі т-р драмы і камедыі, ансамбль аперэты, т-р лялек, эстр. аркестр. У 1950—60-я г. вылучыліся эстр. спевакі Г.Буцько, І.Вішнеўская, У.Зяміраў, Э.Міцуль, І.Палянская, А.Самарадаў, вак. трыо з балалайкамі сясцёр Логінавых, цымбалісты В.Бурковіч, М.Шмелькін, танцоры Т.Гіжэўская, М.Лапша, Б.Нікулін, М.Сцепанец, І.Хвораст, майстры размоўнага жанру З.Бандарына, Р.Дзідзенка, М.Зорын, І.Лакштанаў, С.Сімараў, А.Слесарэнка, В.Спіткоўская, М.Шышкін, акрабаты А.Беразоўская, Н.Іванова, І.Пігулеўскі, А. і В.Ржавускія, Ф.Фаменка, П.Чарапанаў, мастак-манументаліст Г.Ермаловіч і інш. У 2-й пал. 1960-х г.бел. Э. атрымала ўсесаюзнае і міжнар. прызнанне. У 1968 у Мінску адбыўся Усесаюзны фестываль эстр. мастацтва, у 1973 — Усесаюзны конкурс выканаўцаў сав. песні, у 1974 — Першы рэсп. конкурс артыстаў Э. Узніклі новыя калектывы, паявіліся таленавітыя выканаўцы. Для рэпертуару і выканаўчай манеры сталі характэрны публіцыстычнасць, грамадз. пафас, развіццё нар. традыцый, засваенне лепшых узораў сав. і зарубежнага эстр. мастацтва; у канцэртныя праграмы шырока ўключаюцца творы бел. пісьменнікаў і кампазітараў. Набылі вядомасцьвак.-інстр. ансамблі «Песняры», «Сябры», «Верасы», інстр. ансамбль «Тоніка», эстр.-харэаграфічны ансамбль «Чараўніцы», харэаграфічны ансамбль «Харошкі», Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр беларускага тэлебачання і радыё, бел.т-р пантамімы «Рух», т-р сатыры і гумару «Хрыстафор», ансамбль нар. музыкі «Свята» і інш. Уклад у развіццё бел. Э. зрабілі спевакі Н.Багуслаўская, Л.Барткевіч, В.Вуячыч, Я.Еўдакімаў, В.Кучынскі, Н.Мікуліч (гл. Дадатак), Я.Навуменка, В.Пархоменка, Т.Раеўская, М.Скорыкаў, Ю.Смірноў, В.Шутава, А.Ярмоленка, вак. дуэт. Я.Паплаўская і А.Ціхановіч, музыканты В.Раінчык і І.Цвяткова, цымбалісты Астрамецкі, Я.Гладкоў, майстар размоўнага жанру Г.Рыжкова і інш. У 1995 у Мінску адкрыты Дзярж. маладзёжны тэатр эстрады. Арганізацыйна-творчую работу ў галіне Э. на Беларусі вядуць Бел. філармонія, Гомельская (з 1967), Гродзенская (з 1987), Магілёўская (з 1990) і інш. абласныя філармоніі, прадпрыемства «Белканцэрт» (з 1990). Штогод праводзяцца Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, міжнар. фестывалі «Славянскі базар у Віцебску», «Залаты шлягер» у Магілёве (з 1995), у рамках якіх адбываюцца конкурсы маладых эстр. выканаўцаў. На Беларусі артыстаў Э. рыхтуюць Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі, Бел.ун-т культуры.
2) Сцэнічная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для канцэртных выступленняў артыстаў.
Літ.:
Кузнецов Е.М. Из прошлого советской эстрады: Ист. очерки. М., 1958;
Дмитриев Ю.А. Искусство советской эстрады. М., 1962;
Загородний Г.Н. Музыки высокое призвание: Ист. очерк о Бел. гос. филармонии. Мн., 1988;
Эстрада без парада: Сб. М., 1991;
Певцы советской эстрады: Сб. М., 1992.
Г.М.Загародні.
Да арт.Эстрада. Сцэна са спектакля Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАДЖЭ́ННЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,
заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап.культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл.Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.
Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк.выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц.этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.
Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, Р.Падбярэскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел.нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп.час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел.перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыянац.паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш.прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв.вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш.заканад. актах краіны.
Літ.:
Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд.Мн., 1991);
Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд.Мн., 1921;
Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд.Мн., 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ГІСТО́РЫЯ,
навука, якая вывучае развіццё гасп. дзейнасці людзей, вынікі і фактары, што ўплываюць на гэту дзейнасць. Узнікла на сумежжы эканомікі і гісторыі. Прадмет Э.г. — паходжанне і развіццё розных тыпаў гаспадаркі і эканам. трансфармацый, што адбываюцца ў канкрэтных сац.-гіст. умовах.
Напачатку гіст.-эканам. апісанні вяліся ў межах эканам. даследаванняў, якія з канца 18 ст. хутка развіваліся ў краінах Зах. Еўропы. Са з’яўленнем у 2-й пал. 19 ст.дзярж.статыстыкіэканам. сюжэты сталі пашырацца ў рамках гіст. даследаванняў. Інтэграцыя іх у Э.г. як асобную навуку адбылася ў пач. 20 ст.: у еўрап. ун-тах ствараліся кафедры Э.г., узнік шэраг навук.гіст.-эканам. часопісаў (ням. «Квартальнік па сацыяльнай і эканамічнай гісторыі» з 1903, франц. «Агляд сацыяльнай і эканамічнай гісторыі» з 1913, галандскі «Гісторыка-эканамічны штогоднік» з 1915, англ. «Агляд эканамічнай гісторыі» з 1927, амер. «Часопіс эканамічнай і дзелавой гісторыі» з 1927 і інш.). Ля вытокаў Э.г. стаялі Н.Д.Фюстэль дэ Куланж, М.Блок (Францыя), К.Маркс, К.Бюхер, В.Зомбарт, М.Вебер (Германія), А.Дж.Тойнбі (Англія), І.Шумпетэр (ЗША), В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон, А.Лапа-Данілеўскі, М.І.Туган-Бараноўскі. П.Б.Струвэ (Расія) і інш. Э.г. карыстаецца матэм.-статыст. і пераважна гіст. метадамі даследавання, таму ўваходзіць у сістэму гіст.навук. З 1960 дзейнічае міжнар. асацыяцыя гісторыкаў-эканамістаў, рэгулярна праводзяцца міжнар. кангрэсы і канферэнцыі, ствараюцца спец. даследчыя цэнтры (напр., Еўрап. асацыяцыя па банкаўскай гісторыі, Еўрап. асацыяцыя гісторыі бізнесу). Э.г. выкладаецца ва ўсіх эканам. ун-тах свету. Шырокую вядомасць набылі даследаванні прадстаўніка франц. школы «Аналаў» Ф.Брадэля, прыхільніка выкарыстання матэм. метадаў Р.Фогеля, аўтара тэорыі стадый эканам. росту У.У.Ростаў (ЗША).
На Беларусі асновы Э.г. закладзены ў працах М.В.Доўнар-Запольскага. Выкладанне Э.г. пачалося ў 1921 на ф-це грамадскіх навук БДУ, дзе рыхтаваліся кадры эканамістаў вышэйшай кваліфікацыі. Адначасова з заснаваннем у 1933 Бел. ін-та нар. гаспадаркі ўведзены і курс Э.г. У 1968—88 там існавала адпаведная кафедра, дзе выкладаўся курс гісторыі нар. гаспадаркі СССР, краін сацыялізму і капіталізму; у якасці л-ры рэкамендаваліся «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй А.І.Сідарэнкі (1966), «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй К.І.Шабуні і С.М.Малініна (1969). Праблемы сац.-эканам. развіцця Беларусі даследавалі В.Р.Гняўко, В.А.Мілаванаў, Б.Ф.Нікановіч. У 1988 Э.г. вылучана ў самаст.навуч. дысцыпліну, у складзе кафедры Э.г. створана секцыя размяшчэння прадукц. сіл, чыталіся спецкурсы «Гісторыя народнай гаспадаркі СССР і замежных краін» і «Гісторыя народнай гаспадаркі Беларусі». Даследаванні па Э.г. праводзіліся і ў Інстытуце эканомікіАН Беларусі, дзе ў 1959—81 існаваў сектар Э.г. У 1937 выйшла першая на Беларусі спецыялізаваная навук. праца ў галіне Э.г. «Асноўныя этапы развіцця прамысловасці БССР» М.Р.Матусевіча і Малініна, у 1963 — «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму: 1900—1917», пазней — некалькі манаграфій па гісторыі эканам. развіцця Беларусі за гады сав. улады (М.Ф.Болбас, З.І.Геаргідзе, Мілаванаў, Л.М.Міхневіч, В.І.Дрыц і інш.). У 1992 выдадзена «Эканамічная гісторыя Беларусі 1917—1992 гг.», у 1993 — «Эканамічная гісторыя Беларусі» (дапрацаваная і дапоўненая перавыдадзена ў 1996, 1999 і 2001). У 1991 адноўлена кафедра Э.г. ў Бел.дзярж.эканам. ун-це, супрацоўнікі якой выдалі «Эканамічную гісторыю замежных краін» (1995; 2-е выд. 1998), распрацавалі праграму параўнальнага вывучэння Э.г. Беларусі і замежных краін, стварылі шэраг дапаможнікаў, у т. л. «Эканамічны стан, побыт і гандаль старажытнай Беларусі (IX—XIII стст.)» В.І.Галубовіча (1997), «Гісторыя турызму» Г.Ф.Шапавала (1999), «Прамысловасць Беларусі ў XX стагоддзі» А.М.Сасіма (2001), «Гісторыя развіцця грашова-крэдытнай сістэмы Беларусі» Ю.Л.Грузіцкага (2002); навук.-метадычныя зб-кі «З гісторыі эканамічных рэформ на Беларусі» (вып. 1, 1994; вып. 2, 1998). Уклад у станаўленне Э.г. зрабілі гісторыкі: З.Е.Абезгаўз, Л.В.Аляксееў, Х.Ю.Бейлькін, А.П.Белязо, М.А.Бяспалая, В.І.Галубовіч, В.Ф.Голубеў, А.П.Грыцкевіч, П.Р.Казлоўскі, З.Ю.Капыскі, Л.П.Ліпінскі, П.Ф.Лысенка, Л.М.Лыч, А.М.Люты, І.Я.Марчанка, В.І.Мялешка, І.В.Палуян, В.П.Панюціч, У.І.Пічэта, М.Т.Раманоўскі, Э.М.Савіцкі, А.М.Сарокін, У.А.Сосна, М.Ф.Спірыдонаў, М.М.Улашчык, Шабуня, Г.В.Штыхаў, З.В.Шыбека і інш. У 2000 у Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі створаны сектар гісторыі эканам. вучэнняў (кіраўнік В.М.Бусько). Даследаванні ў галіне Э.г. ўключаюць праблемы рыначнай эканомікі, узаемасувязі эканомікі і палітыкі, міжнар. вопыту эканам. развіцця, ролі і месца Беларусі ў сусв. эканоміцы, выбару канкрэтных мер павышэння эфектыўнасці эканомікі, экалагічнай бяспекі і інш.
Літ.:
З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі. Мн., 1997. Экономическая история зарубежных стран. 3 изд. Мн., 1999;
Эканамічная гісторыя Беларусі. 3 выд.Мн., 1999;
Институт экономики Национальной академии наук Беларуси: (к 70-летию основания), 1931—2001. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬСКАЯ ГАСПАДА́РКА,
адна з найважнейшых галін матэрыяльнай вытв-сці, якая забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, а прам-сць сыравінай. Займаецца вырошчваннем с.-г. культур і гадоўляй с.-г. жывёлы. Падзяляецца на раслінаводства, жывёлагадоўлю і кормавытворчасць. Уключае таксама некаторыя віды першаснай перапрацоўкі раслін і жывёльных прадуктаў, гадоўлі жывой цяглавай сілы. У шэрагу краін да С.г. адносяць і лясную гаспадарку. Дакладнае спалучэнне галін забяспечвае рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прац. рэсурсаў. Гал. сродак вытв-сці ў С.-г. — зямля, якая ў час выкарыстання пры ўмове правільных да яе адносін не змяншае сваёй вартасці, г.зн. не амартызуе, а, наадварот, можа яе павялічваць. Значная частка С.-г. валавой прадукцыі выступае ў далейшым вытв. працэсе як сродак вытв-сці. С.г. моцна залежыць ад умоў навакольнага асяроддзя, што абумоўлівае асаблівасці арганізацыі вытв. працэсу.
Чалавецтва займаецца С.г. прыкладна 10—15 тыс. гадоў. Збіральніцтва, паляванне і рыбная лоўля вызначалі поўную залежнасць людзей ад прыроды. Вынікам развіцця грамадскіх адносін з’явілася ўзнікненне ў неаліце с.-г. дзейнасці, што ў далейшым абумовіла пэўную незалежнасць людзей ад умоў навакольнага асяроддзя. Першай галіной С.г., якая забяспечвала такую незалежнасць, лічыцца жывёлагадоўля. На базе збіральніцтва ўзнікла раслінаводства, калі чалавек пачаў апрацоўваць простымі прыладамі глебу для задавальнення сваіх патрэб. На працягу доўгага часу ў адпаведнасці з мясц. ўмовамі ўзнікалі, удасканальваліся і змяняліся сістэмы земляробства ад прымітыўных да інтэнсіўных, паляпшаліся карысныя якасці жывёлы. Пры малаінтэнсіўнай нізкапрадукцыйнай вытв-сці С.г. мела натуральны характар. З ростам інтэнсіўнасці многія галіны набылі таварны характар, узніклі зоны спецыялізацыі.
Плошча с.-г. угоддзяў на Зямлі каля 4,8 млрд.га, або 34% сушы (1999). У большасці краін асн. галіна С.г. — збожжавая гаспадарка. Збожжавыя і зернебабовыя культуры (пшаніца, кукуруза, рыс і інш.) займаюць амаль палову пасяўных плошчаў свету. Асн. пасевы пшаніцы знаходзяцца ў Еўропе, Паўн. Амерыцы і Азіі, кукурузы — у Паўн. Амерыцы, рысу — у краінах Азіі. Сусв.вытв-сць за год у сярэднім каля 400 млн.т. З тэхн. культур пашыраны бавоўнік. лён-даўгунец, цукр. трыснёг і цукр. буракі, сланечнік, масліны, бульба і інш. Большасць тэхн. культур вырошчваецца ў краінах, што развіваюцца, якія і выступаюць на сусв. рынку як гал. экспарцёры; з эканамічна развітых краін па вытв-сці тэхн. культур вылучаюцца толькі ЗША. У апошнія гады 20 ст. шырокую вядомасць набылі танізуючыя культуры (чай, кава, какава). Сусв.вытв-сць кавы за год складае 6 млн.т, чаю і какавы — па 2,5 млн.т. Асн. вытворцы кавы — Бразілія, Калумбія, Кот-д’Івуар, Уганда, Бурундзі. Па вытв-сці чаю вылучаюцца Кітай, Індыя, Шры-Ланка, Бангладэш, В’етнам. У сучаснай С.г. важнае месца займаюць агародніцтва, вінаградарства і садоўніцтва. Сусв.вядомасць мае вытв-сць пладовых культур у Міжземнамор’і, Каліфорніі, Фларыдзе. Большая частка вінаграднікаў сканцэнтравана ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Афрыкі. У сусв. гандлі вял. значэнне набылі бананы, плантацыі якіх знаходзяцца пераважна ў краінах Лац. Амерыкі, вільготных трапічных раёнах Афрыкі і Азіі. Сярод галін жывёлагадоўлі найб. развіццё атрымалі буйной рагатай жывёлы гадоўля, свінагадоўля і авечкагадоўля. У 2000 буйн. раг. жывёлы было каля 1,4 млрд. галоў, свіней — 0,9 млрд. галоў, авечак — каля 1,1 млрд. галоў. У сусв. гандлі прадукцыяй жывёлагадоўлі першыя месцы займаюць развітыя краіны. Гал. краіны-экспарцёры ялавічыны — Аўстралія, Германія, Францыя, Новая Зеландыя, Нідэрланды, ЗША; свініны — Нідэрланды, Бельгія, Данія, Канада; бараніны — Новая Зеландыя, Аўстралія, Вялікабрытанія; мяса птушкі — Францыя, ЗША, Нідэрланды; воўны — Аўстралія, Новая Зеландыя, Аргенціна, Уругвай, Паўд.-Афр. Рэспубліка. Індустрыялізацыя і урбанізацыя прывялі да зніжэння ўдз. вагі насельніцтва, занятага ў С.г., да 44% (1998). У 1960—90-я г. ў прамыслова развітых краінах у сярэднім доля занятых у С.г. знізілася з 13 да 7%, а ў краінах, што развіваюцца — з 65 да 57%. Адпаведна доля С.г. ва ўнутр. валавым прадукце скарацілася з 7 да 4% і з 46 да 21%. З агульнай колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва ў С.г. заняты: у Азіі і Афрыцы больш за 60%, у Паўд. Амерыцы і Акіяніі каля 19%, у Еўропе і Паўн. Амерыцы — 9—10%. З пач. 1960-х г. на сусв. рынку с.-г. прадукцыі гал. таварапатокі і аб’ёмы вытв-сці рэгулююцца міжнар. арг-цыямі.
На С.г. істотна ўплывае навук.-тэхн. прагрэс, які ўдзельнічае праз перабудову ў інш. сферах гаспадаркі, мадэрнізацыю і індустрыялізацыю самой галіны. У 1920—30-я г. прагрэс у с.-г. вытв-сці адбываўся праз трактарызацыю; у 1940—50-я г. — праз селекцыю і хімізацыю; у 1960-я г. — праз «зялёную» рэвалюцыю. З 1980-х г. пачалося развіццё біятэхналогіі і камп’ютэрызацыі. У сучасны перыяд 78% зямной паверхні маюць сур’ёзныя прыродныя абмежаванні для развіцця земляробства, 13% плошчаў маюць нізкую прадукцыйнасць, 6% — сярэднюю і толькі 3% — высокую. У пач. 21 ст., нягледзячы на навук.-тэхн. прагрэс і глабалізацыю эканомікі, С.г. застаецца на нізкім узроўні развіцця. Найб. перадавыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў эканам. развітых краінах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Аўстраліі і Новай Зеландыі.
На Беларусі с.-г. дзейнасць узнікла, як мяркуюць, у канцы неаліту (канец 5—4-е тыс. да н.э.). У 13—14 ст. сфарміраваліся асн. формы феад. і сял. землеўладання, катэгорыі феадалаў і сялян. Асн. галіной было раслінаводства. Вырошчвалі жыта, авёс, грэчку, гарох, лён-даўгунец, каноплі. Неад’емнай часткай С.-г. заставаліся разнастайныя промыслы: пчалярства, рыбалоўства, паляванне, рамёствы. З’яўленне фальваркаў, арыентаваных на вытв-сць таварнай прадукцыі, прыпадае на 15—16 ст. Першая аграрная рэформа (валочная памера) 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. прывяла да дакладнага ўліку і рацыянальнага размеркавання зямель, уніфікацыі сял. правіннасцей. У зах. і цэнтр. Беларусі С.г. стала індывідуальнай праз падворнае землекарыстанне. Пасля далучэння да Рас. імперыі бел. губерні былі ўцягнуты ў яе гасп. сістэму, што дазволіла забяспечыць рынак збыту с.-г. прадукцыі і стымуляваць яе вытв-сць, пашырыць пасевы тэхн. культур (лёну, канапель, бульбы), вызначыць раёны з акрэсленай с.-г. спецыялізацыяй. Сусв. аграрны крызіс 1880—90-х г. зрабіў нявыгадным вытв-сць збожжа на Беларусі як таварнай прадукцыі. Сітуацыя тут ускладнілася ўтварэннем зоны таварнай вытв-сці збожжа ў чарназёмнай зоне Рас. імперыі. У выніку асн. галіной С.г. Беларусі стала малочная жывёлагадоўля, у важныя кірункі яе спецыялізацыі ператварыліся льнаводства і авечкагадоўля. Значна паўплывала на С.г. сталыпінская агр. рэформа. Напярэдадні 1-й сусв. вайны Беларусь заставалася агр. краінай: каля 75% яе жыхароў былі заняты ў С.г., доля якой у нац. прыбытку складала 67,5%. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 ішло аднаўленне разбуранай войнамі с.-г. вытв-сці, яно прыблізна завяршылася да 1925. У 1929 у БССР пачалася паўсюдная калектывізацыя, якая суправаджалася раскулачваннем. Да 1935 у калгасах апынулася 85,6% гаспадарак, абагульнена 92,3% пас. плошчаў. У гасп. жыцці ўсталяваліся метады пазаэканам. прымусу, склалася сістэма неэквівалентнага абмену паміж горадам і вёскай, узнікла адчужэнне селяніна ад асн. сродкаў вытв-сці і вынікаў працы. Вялізныя страты С.г. Беларусі прычынены ў гады 2-й сусв. вайны: разбурана 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 36 МТС, прыкладна на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйн. раг. жывёлы знізілася амаль на 49%, коней — на 61, свіней — на 89, авечак і коз — на 78%, поўнасцю разбурана энергетычная і тэхн. база С.г. У пасляваенны перыяд праведзена калектывізацыя і ў Зах. Беларусі, прыняты шэраг захадаў па матэрыяльным стымуляванні, удасканаленні планавання і арганізацыі с.-г. вытв-сці, перавод яе на інтэнсіўны шлях развіцця. У 1970—80-я г. ў выніку спецыялізацыі і канцэнтрацыі на аснове міжгасп. і аграпрамысл. інтэграцыі адбыўся пэўны рост с.-г. вытв-сці. Але звышцэнтралізаванае кіраванне, манапалізм у вытв-сці, бюракратызм не дазволілі зламаць механізм тармажэння, забяспечыць развіццё прадукцыйных сіл. Недаацэнка с.-г. працы стымулявала адток сельскага насельніцтва ў гарады, вяла да пастарэння і абязлюдзення вёскі: За 1960—80-я г. ўдз. вага сельскага насельніцтва знізілася да 35%. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, распад СССР, агульны эканам. крызіс абвастрылі супярэчнасці агр. сектара краіны. Перавага адзяржаўленай калгасна-кааператыўнай уласнасці, слабая эканам. матывацыя працы сялянства пакуль яшчэ стрымліваюць развіццё С.г. Марудна пашыраюцца новыя формы прадпрыемстваў у С.г. (акц. т-вы, асацыяцыі, кааператывы і інш.), фермерства. Розніца ў цэнах на прамысл. прадукцыю і с.-г. сыравіну перашкаджае эканам. развіццю С.г. краіны. На Беларусі ўдз. вага занятага ў С.г. насельніцтва складае (2000) 14,1%, у інвестыцыях у асн. капітал 6,7% у асн. фондах 16,5% у валавым унутр. прадукце 12,7%. Налічваецца 1730 калгасаў, 617 саўгасаў, 2,5 тыс. сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Сярод прадпрыемстваў 48,8% стратных. Асн. паказчыкі развіцця С.г. гл. ў табл. 1 і 2.
С.г. Беларусі спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вытв-сці бульбы і лёну. На тэр. краіны вылучаюць 5 зон спецыялізацыі, якія ўтварыліся пад уздзеяннем розных фактараў: кліматычных і глебавых умоў, аб’ёмаў і структуры попыту насельніцтва і прам-сці на прадукцыю С.г., размяшчэння гаспадарак адносна да прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, трансп. умоў, узроўню цэн на с.-г. прадукцыю, ступені забяспечанасці прац. рэсурсамі. У гэтых зонах шмат агульнага і ў той жа час кожная з іх мае свае асаблівасці. Ва ўсіх зонах развіта збожжавая гаспадарка, вырошчваюцца тэхн. культуры і бульба, паўсюдна гал. галіна — жывёлагадоўля. Аднак структура пасяўных плошчаў і суадносіны відаў жывёлы істотна розняцца. Асн.харч. культурамі з’яўляюцца жыта і пшаніца. Некалькі больш пашыраны пасевы жыта на пясчаных і супясчаных глебах Палесся, пшаніцы — у Брэсцкай, Гродзенскай, на ПдЗ Мінскай і на У Гомельскай абласцей. Найб. плошчы ячменю і аўса ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Для палескіх раёнаў характэрны пасевы кармавога лубіну на зерне. Паўн. і паўн.-ўсх. часткі Беларусі найб. прыдатныя для пасеваў і лёну-даўгунцу. Пасевы цукр. буракоў сканцэнтраваны на ўрадлівых глебах вакол цукр. з-даў. У некаторых раёнах (Петрыкаўскім, Лідскім і інш.) вырошчваюць эфіраалейныя культуры. Большая ўдз. вага пасеваў бульбы характэрна для Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Вакол Мінска сфарміравалася самая развітая зона агародніцтва. Па развіцці садоўніцтва вылучаецца Мінская і Гомельская вобл., асабліва ў прыгарадных зонах. Развядзенне буйн. раг. жывёлы характарызуецца раўнамерным размяшчэннем па тэр. краіны. У цэнтр., паўд. і зах. раёнах больш развіта свінагадоўля. Птушкагадоўля — самая індустрыяльная галіна жывёлагадоўлі. У асн. развіваецца на спецыялізаваных прадпрыемствах, найб. з якіх Мінскае ВА па птушкагадоўлі, Смалявіцкая бройлерная ф-ка, Аршанская, Баранавіцкая, Кобрынская птушкафабрыкі. З інш. галін жывёлагадоўлі пэўнае развіццё атрымалі рыбаводства, зверагадоўля і пчалярства. Гл. таксама Аграрнае пытанне, Аграрны крызіс, Аграрныя рэформы.
Літ.:
Алисов Н.В., Хорев Б.С. Экономическая и социальная география мира (общий обзор). М., 2000;
Социально-экономическая география зарубежного мира. М., 1998;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95.
Г.С.Смалякоў.
Табліца 1 Вытворчасць асноўных відаў с.-г. прадукцыі ў Беларусі
Віды прадукцыі
1913
1940
1960
1980
1990
1995
2000
Збожжа, млн.т
2,6
2,7
2,2
4,1
7,0
5,5
4,5
Ільновалакно, тыс.т
32,8
36,5
84,4
61,0
52,0
60,0
37,0
Цукровыя буракі, тыс.т
—
—
383
1122
1479
1472
1474
Бульба, млн.т
4,1
11,9
10,6
9,3
8,6
9,5
8,7
Агародніна, тыс.т
—
673
843
733
749
1031
1379
Садавіна, тыс.т
—
—
—
414
373
383
—
Мяса ў забойнай вазе, тыс.т
219,3
274,7
401,8
857,0
1181,0
657
598
Малако, млн.т
1,4
2,0
3,2
6,1
7,5
5,1
4,5
Яйцы, млн.шт.
413,0
611,8
867,8
3035,0
3657,0
3373,0
3288,0
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў Беларусі (тыс. галоў)
Віды прадукцыі
1916
1941
1961
1980
1990
1996
2000
Буйная рагатая жывёла
2293
2843
3666
6735
7166
5054
4221
у т. л. каровы
1610
1956
2021
2748
2439
2137
1845
Коні
1483
1170
519
234
219
229
217
Свінні
2444
2520
3164
4437
5204
3895
3566
Авечкі і козы
2050
2578
1213
564
510
262
174
Птушка, млн. галоў
—
14,7
18,6
37,3
49,8
40,1
30,1
Да арт.Сельская гаспадарка. Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНІКІ́Я (грэч. Phoinike),
старажытная краіна ў паўн. і цэнтр. частках усх. ўзбярэжжа Міжземнага м. (цяпер тэр. Сірыі і Лівана). Першыя паселішчы фінікійцаў тут вядомы з 5—4-га тыс. да н.э. У канцы 3-га тыс. да н.э. яны ператварыліся ў гарады-дзяржавы Бібл, Тыр, Угарыт, Сідон і інш.Геагр. становішча Ф. спрыяла развіццю гандлю з Месапатаміяй і Егіптам, авалоданню марскімі шляхамі ў Міжземным м. (гл.Фінікійскія падарожжы). У сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. Ф. захапілі егіпцяне. У 14 ст. да н.э. з імі змагаліся за панаванне над Ф. хеты. У канцы 13 — пач. 12 ст. да н.э. гарады Ф. дамагліся паліт. незалежнасці ад Егіпта. У 10 ст. да н.э. цар Тыра Ахірам стварыў на тэр. Ф. аб’яднанае Тыра-Сідонскае царства. У канцы 10 ст. да н.э. Тыр паступова страціў вяршэнства і гарады Ф. зноў сталі самастойнымі. У канцы 2-га — пач. 1-га тыс. да н.э. Ф. каланізавала Зах. і Цэнтр. Міжземнамор’е і заснавала калоніі на Кіпры, Сіцыліі і Сардзініі, Пд Францыі, у Іспаніі, на Пн Афрыкі (Карфаген, Утыка). У 8 ст. да н.э. Ф. захапілі асірыйцы, аднак гарады захавалі ўнутр. аўтаномію. Пасля краху Асірыі (605 да н.э.) за кантроль над Ф. змагаліся Новававілонскае царства і Егіпет. У 539—332 да н.э. Ф. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы, флот Ф. ўдзельнічаў у грэка-персідскіх войнах (5 ст. да н.э.) на баку персаў. У 332 да н.э. Ф. заваявана Аляксандрам Македонскім. Элінізацыя Ф. спрыяла гандл. і эканам. ўплыву яе гарадоў ва ўсім Міжземнамор’і. З 63 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Сірыя.
Літаратура. У 1930-я г. ў Паўн. Ф. ва Угарыце знойдзены клінапісныя тэксты сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., якія адлюстроўвалі найстараж. пласт прыгожага пісьменства Ханаана і звязаны з міфалагічна-рэліг. і фалькл. традыцыямі. Найб. поўна захаваўся міфалагічны цыкл пра барацьбу вярх. бога Балу (Баала) Магутнага з богам смерці Муту (Мотам), у т. л. паэма «Барацьба Баала Магутнага з Мотам» (пісьмовая фіксацыя каля 14 ст. да н.э.), якая мела сакральны змест: смерць і ўваскрэсенне Баала сімвалізавалі прыродны цыкл. Сярод узораў гераічнага эпасу — эпас пра Карату (Керэта), фрагменты эпасу пра саперніцтва волата-паляўнічага Акхата з багіняй Анат. Захаваліся надмагільныя і буд. надпісы, гіст. тэксты канца 2—1-га тыс. да н.э.Паэт. характар мае надпіс на саркафагу цара Ахірама з г. Бібл (каля 1300 да н.э.) з праклёнам таму, хто парушыць спакой грабніцы; надпіс з Каратэпэ (каля 720 да н.э.) пра справы і перамогі цара Азітавада. З 4 ст. да н.э. пачалася элінізацыя культуры і л-ры Ф., але і сама яна паўплывала на грэч. культуру. Спроба сінтэзу дзвюх культур, уключэння фінікійскай міфалогіі ў агульнаэлінскую сістэму ў кнізе Філона Біблскага (2—1 ст. да н.э., дайшла ў фрагментах), які абапіраўся на стараж. сістэматызацыю міфаў Санхунйатона (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.). Своеасаблівая галіна л-ры Ф. развівалася ў 1-м тыс. да н.э. ў Карфагене. Яе гал. жанр — «перыпл» («плаванне») — авантурная аповесць пра марскія падарожжы: «Перыпл» Гімількона (вядомы ў пераказе рым. географа Авіена), «Перыпл» Ганона (захаваўся ў грэч. перакладзе). Развівалася таксама гіст. проза, на якую абапіраліся рым. гісторыкі Юсцін у скарочаным варыянце «Філіпавых гісторый» Пампея Трога і Салюстый у «Югурцінскай вайне». Паступова л-ра Ф. ўсё больш злівалася з элінскай.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва Ф. засвоіла і плённа перапрацавала элементы стараж.-егіп., месапатамскіх (акадскіх), крыта-мікенскіх, хета-хурыцкіх традыцый. Для ранніх пабудоў фінікійцаў, як і хетаў, характэрна муроўка з каменных абчасаных блокаў на падмурку з дробнага каменю і шчэбеню. Найб.стараж. іх збудаванні — сакральныя абеліскі з неапрацаваных маналітаў пад адкрытым небам (Храм абеліскаў у Бібле, пач. 2-га тыс. да н.э.). У 1-м тыс. да н.э. ўзводзілі прамавугольныя ў плане храмы тыпу «біт-хілані» з 2 калонамі пры ўваходзе (Храм Саламона ў Іерусаліме). Для аздаблення інтэр’ераў (расл. арнамент, гірлянды з кветак і пладоў) выкарыстоўвалі бронзу і кедр. У калоніях Ф. ў Зах. Міжземнамор’і з канца 1-га тыс. да н.э. пераважалі збудаванні эліністычнага тыпу. Пахавальныя пабудовы ўяўлялі сабой падземныя скляпы з нахіленым калідорам-дромасам. Узводзілі таксама т.зв. мегазілы (круглая база са скульпт. выявай ільвоў з 2 цыліндрамі над ёй). Гарады (звычайна размешчаныя на паўастравах) мелі зубчастыя крапасныя сцены з вежамі, шматпавярховыя дамы, храмавыя і гасп. пабудовы, часам некалькі гаваней (Карфаген). Шырокую вядомасць мела дэкар.-прыкладное мастацтва: пурпурныя ваўняныя тканіны, пасудзіны і ўпрыгожанні са шкла (паўпразрыстыя, з накладнымі паліхромнымі геам., расл. і зааморфнымі ўзорамі, фігуркамі жывёл), майстры з Сідона асвоілі выдзіманне празрыстага шкла. Майстэрствам вызначаліся ювелірныя вырабы і медная пластыка (крыху схематызаваныя статуэткі багоў з медзі і бронзы, арнаментаваныя кінжалы, разныя вырабы са слановай косці, залатыя чашы і інш. посуд). Керамічныя вырабы спалучалі мясц. традыцыі і ўплыў крыта-мікенскага мастацтва (вытанчаныя грушападобныя пасудзіны са звужаным дном і 2 ручкамі, пакрытыя манахромнай і паліхромнай размалёўкай). З манум. пластыкі Ф. вядомы каменны саркафаг цара Ахірама (канец 11 — пач. 10 ст. да н.э.). Мастацтву зах. калоній Ф. ў 1-м тыс. да н.э. ўласцівы т. зв. грэка-пунічны стыль — спалучэнне мясц. і элінскіх традыцый (масіўныя фігуры багоў, маскі з тэракоты; шэдэўр — скульпт. галава жанчыны, т.зв. Дама з Эльчэ, канец 5 ці 4 ст. да н.э.).
Літ.:
Циркин Ю.Б. Финикийская культура в Испании. М., 1976;
Яго ж. От Ханаана до Карфагена. М., 2001;
Шифман И.Ш. Угаритское общество (XIV—XIII вв. до н.э.). М., 1982;
Финикийская мифология. СПб., 1999.
Да арт.Фінікія. Блюда з сюжэтнай выявай.
А.Г.Зельскі (гісторыя), Г.В.Сініла (літаратура, архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).