КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНА́ЦЫЯНАЛ, Камінтэрн, 3-і Інтэрнацыянал,

міжнароднае аб’яднанне камуніст. партый і блізкіх да іх арг-цый розных краін у 1919—43. Засн. ў сак. 1919 у Маскве па ініцыятыве рас. камуністаў (бальшавікоў) на чале з У.І.Леніным ва ўмовах уздыму рэв. руху ў свеце пасля 1-й сусв. вайны. Аб’ядноўваў леварадыкальнае крыло міжнар. рабочага руху (на час правядзення апошняга VII кангрэса ў 1935 уваходзіла 76 камуніст. партый і 4 групы — усяго 3 млн. 141 тыс. чл.), а таксама міжнар. арг-цыі Камуністычны інтэрнацыянал моладзі, Міжнар. арг-цыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі, Чырв. Інтэрнацыянал прафсаюзаў і інш. Паводле статута 1920 лічыўся адзінай цэнтралізаванай сусв. камуніст. партыяй, а партыі і арг-цыі, што дзейнічалі ў розных краінах, — яе секцыямі [бел. камуністаў прадстаўлялі секцыі ВКП(б) і КПЗБ]. Запазычыўшы паліт. платформу ў бальшавікоў, К.І. прызнаваў рэв. шлях барацьбы працоўных за свае правы, бачыў сваю задачу ў падрыхтоўцы і ажыццяўленні сусв. сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленні сусв. дыктатуры пралетарыяту. Гэта абумовіла адмоўнае стаўленне кіраўніцтва К.І. да сацыял-рэфармісцкіх партый і рухаў, вяло да самаізаляцыі камуніст. руху. Намагаючыся выправіць гэта становішча, VII кангрэс К.І. (1935) заклікаў да аб’яднання ўсіх антыфаш. сіл (найперш камуністаў з сацыял-дэмакратамі), здзяйснення тактыкі адзінага рабочага фронту на антыфаш. аснове і надання большай самастойнасці партыям. Аднак у 1936—39 зноў узмацніліся тэндэнцыі дагматызму і сектанцтва ў кіруючых органах К.І. У 1938 Выканком К.І. неабгрунтавана распусціў камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі, Зах. Украіны. Ва ўмовах 2-й сусветнай і Вял. Айч. вайны СССР супраць фаш. Германіі па ініцыятыве Сталіна Прэзідыум Выканкома К.І. 15.5.1943 прыняў рашэнне аб роспуску К.І. За гады яго актыўнай дзейнасці (1919—39) колькасць камуністаў у свеце вырасла з 340—360 тыс. да 4202 тыс. чал. Вышэйшы орган К.І. — кангрэс (усе адбыліся ў Маскве ў 1919, 1920, 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т, а з 1921 і яго Прэзідыум (знаходзіліся ў Маскве); на VII кангрэсе (1935) уведзена пасада ген. сакратара Выканкома К.І., якую займаў Г.Дзімітроў. Лідэрамі К.1. былі таксама Р.Я.Зіноўеў, Дз.З.Мануільскі, П.Тальяці і інш. Гал. друкаваны орган -т час. «Коммунистический Интернационал» (выдаваўся ў 1919—43 на рус., англ., ням., франц., ісп. і кіт. мовах).

Літ.:

Коминтерн и вторая мировая война. Ч. 1. До 22 июня 1941 г. М., 1994.

т. 7, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,

мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл. Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.

Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст. Найб. стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.І.Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.Дз.Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.Васільеў, будаваў Г.І.Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Киево-Печерская лавра, заповедник-музей: Краткий путеводитель. 4 изд. Киев, 1975.

Кіева-Пячэрская лаўра.
Троіцкая надбрамная царква ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Вялікая званіца Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны на базе пераведзенага ў Магілёў Пінскага абласнога драматычнага тэатра. Адкрыты ў 1954 у будынку Магілёўскага гарадскога тэатра. У канцы 1950-х — 1960-я г. ў рэпертуары пераважала рус. драматургія («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага, «Тры сястры» А.Чэхава, «Жаніцьба Бальзамінава», «Беднасць не загана» А.Астроўскага, «Грошы для Марыі» паводле В.Распуціна, «Фантазіі Фарацьева» А.Сакаловай, «Гісторыя аднаго кахання» К.Сіманава, «Таня» А.Арбузава і інш.). Сярод п’ес замежных аўтараў «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Замак Броўдзі» паводле А.Кроніна, «Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса, «Візіт дамы» («Візіт старой дамы») Ф.Дзюрэнмата і інш. Да пач. 1980-х г. ставіліся і бел. п’есы: «Паўлінка» Я.Купалы, «Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.Губарэвіча, «Дні нашага нараджэння» І.Мележа, «Лявоніха на арбіце», «Не сумуй, Верачка» («Верачка») А.Макаёнка, «Сотнікаў» паводле В.Быкава, «Пад адным небам» А.Маўзона, «Тры дні і тры ночы», «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Аперацыя «Мнагажэнец» А.Дзялендзіка і інш. Упершыню на бел. сцэне пастаўлены «Тутэйшыя» Я.Купалы. У 1970—80-я г. ўвага аддавалася выразнасці сцэнаграфіі і муз. афармлення, разнастайнасці выяўл. сродкаў. Пастаўлены: «І смех і грэх» («Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча і «Прымакі» Я.Купалы), «Клоп» У.Маякоўскага, «Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.Баравіка, «За ўсё добрае — смерць» Р.Ібрагімбекава, «Каханне, джаз і чорт» Ю.Грушаса, «Каса марэ» І.Друцэ, і інш. Сярод пастановак 1990-х г.: «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна, «Шалёныя грошы» Астроўскага, «Сніўся мне сад у шлюбным уборы» Чэхава, «Вянчанне» Ж.Анжуя, «Школа блазнаў» М. дэ Гільдэрода, «Тарцюф» Мальера, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Вынаходлівыя закаханыя» Лопэ дэ Вэгі і інш. Ставяцца спектаклі для дзяцей: «Па зялёных хвалях акіяна» С.Казлова, «Зайчык-зазнайчык» С.Міхалкова, «Пунсовая кветачка» паводле С.Аксакава, «Чараўнік ізумруднага горада» паводле А.Волкава і інш. У творчасці т-ра значную ролю адыгралі рэжысёры Б.Валадарскі, Я.Вялкаў, А.Дольнікаў, У.Караткевіч, В.Маслюк, Ю.Міроненка, В.Шутаў. У розны час у ім працавалі нар. арт. СССР Я.Палосін, засл. артысты Беларусі Р.Белацаркоўскі (маст. кіраўнік), Ю.Гальперына, А.Даніловіч, Г.Качаткова, Н.Караткевіч, З.Малчанава, А.Раеўскі (рэжысёр), Ю.Труханаў, Н.Фядзяева, С.Яворскі, А.Яфрэменка, засл. арт. Расіі Э.Міхайлава. У складзе трупы (1999): нар. арт. Расіі М.Радзівонаў, засл. арт. Расіі А.Палкін, засл. арт. Башкортастана С.Кліменка, артысты Я.Белацаркоўская, В.Галкін, З.Гурцава, Л.Гурына, А.Дудзіч, Н.Калакустава, Г.Лабанок, А.Печнікава, К.Печнікаў, А.П’янзін, У.Пятровіч, У.Саўчыкаў, Г.Угначова, А.Чарнякова, А.Шапавалава. Рэж. М.Лашыцкі (з 1997), гал. мастак М.Волахаў (1956—98).

Т.В.Пешына.

Да арт. Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Тарцюф».

т. 9, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁЛІКА (італьян. maiolica ад старой назвы г. Мальёрка, праз які ў Італію ўвозілі іспана-маўрытанскую кераміку),

вырабы з каляровай абпаленай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытыя непразрыстай палівай (арх. абліцоўка, посуд, статуэткі); від керамікі. Дэкар. малюнак наносяць перад абпальваннем па сырой белай паліве. Дзякуючы абпальванню пры параўнальна невысокай тэмпературы фарба захоўвае свой колер.

М. вядома са старажытнасці ў Егіпце, Вавілоніі, Іране, некат. інш. краінах Азіі. Дасягнула росквіту ў 15—17 ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, у 17—18 ст. у Расіі. Значны ўклад у развіццё М. ў Рус. дзяржаве зрабілі майстры цаніннай справы — выхадцы з Беларусі С.Грыгор’еў, С.Іваноў (Палубес), І.Максімаў, старац Іпаліт, Ф.Чука, П.Заборскі.

На тэр. Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з 12 ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 ст., абліцовачных плітак 14—15 ст., кафлі 15—20 ст., посуду 18—19 ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак 12—13 ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія 16—20 ст. Найб. вядомы М. івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.). У 1920-я г. М. развівалася пры Віцебскім маст. тэхнікуме, у 1950-я г. — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым з-дзе, з 1960-х г. — пры Бел. тэатр.-маст. ін-це, Маст. фондзе Беларусі. З 1970-х г. маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінат буд. матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, нар. майстры. Сярод прафес. мастакоў маёлікавых вырабаў М.Байрачны, М.Бяляева, Г.Гаркуноў, Г.Гаўрылаў, В.Данчук, А.Дзятлава, Ф.Зільберт, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, В.Кірыленка, А.Концуб, Ю.Конюх, Н.Кухарэнка, М.Міхалап, М.Несцярэўскі, Т.Паражняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, З.Раўко, Т.Сакалова, У.Угрыновіч, Я.Хамініч, М.Шаўцова, Ф.Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, глазураў, эмаляў.

Літ.:

Елатомцева И.М. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;

Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.

М.М.Яніцкая.

Да арт. Маёліка. Кафляная печ у асабняку г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Пач. 20 ст.
Да арт. Маёліка. Кафляная печ у Прастольнай палаце Церамнага палаца ў Маскве. 17 ст.

т. 9, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРША́К (Самуіл Якаўлевіч) (3.11.1887, г.Варонеж, Расія — 4.7.1964),

расійскі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў рас. дзіцячай л-ры. Вучыўся ў Лонданскім ун-це (1913—14). У 1892—94 жыў у Віцебску. У 1920 арганізаваў у Краснадары адзін з першых рас. дзіцячых т-раў. Друкаваўся з 1904. Вершы для дзяцей «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэт. зб-кі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавяданне пра невядомага героя» (1937), паэт. энцыклапедыя «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’есы-казкі «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922, паст. Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Церамок» (1941, паст. Гомельскім абл. т-рам лялек, 1962), «Дванаццаць месяцаў» (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, Добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кн. «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У Вял. Айч. вайну ствараў сатыр. вершы і подпісы да паліт. плакатаў (Дзярж. прэмія СССР 1942). Аўтар кн. успамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зб-ка артыкулаў пра літ. майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш. Майстар маст. перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С.Маршака» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), вершы Р.Бёрнса, У.Блейка, Дж.Радары, Дж.Кітса, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я.Коласам. П’есы-казкі М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Цудоўны кошык» паводле М. (1945), «Разумны казёл» (1953), «Кошчын дом» (1957, 1980) у Дзярж. т-ры лялек; «Фініст — Ясны Сокал» (1968), «Гора-няшчасце» (1969, абедзве з В.Васільевай) у Дзярж. рус. драм. т-ры; опера-казка І.Польскага на лібрэта М. «Церам-церамок» (1961) у т-ры оперы і балета. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Астрэйка, П.Броўка, В.Вітка, К.Кірэенка, М.Лужанін, М.Маляўка, У.Шахавец, А.Якімовіч, і інш. Ленінская прэмія 1963.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1968—72;

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990;

Надпись на часах: Эпиграммат. стихи. М., 1987;

Бел. пер. — Вайна з Дняпром. Мн., 1934;

Пошта. Мн., 1937;

Мы ваенныя. Мн., 1941;

Дванаццаць месяцаў. Мн., 1947;

Містэр Твістэр. 2 выд. Мн., 1952;

Круглы год. Мн., 1953.

Літ.:

Я думал, чувствовал, я жил: Воспоминания о Маршаке [2 изд.] М., 1988;

Шушкевіч С. Роздум над Дзвіною // Шушкевіч С. Выбр. тв. Мн., 1978. Т. 2.

С.Я.Маршак.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й II (18.5.1868, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 17.7.1918),

апошні расійскі імператар [1894—17]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Аляксандра III. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1878). Палкоўнік. Яго праўленне супала з імклівым прамысл.-эканам.

развіццём краіны. Як прыхільнік непарушнасці самаўладдзя ва ўнутр. палітыцы рабіў стаўку на спалучэнне рэпрэсіўнай дзейнасці з «паліцэйскім сацыялізмам» (гл. Зубатаўшчына). Пры ім у 1895—97 праведзена грашовая рэформа (гл. ў арт. Вітэ С.Ю.), у 1897 — усерасійскі перапіс насельніцтва; у 1896 Расія атрымала канцэсію на буд-ва і эксплуатацыю кітайскай усх. чыгункі, у 1898 — на 25 гадоў парты Порт-Артур, Таліенван. Рус.-яп. вайна 1904—05 скончылася паражэннем Расіі, што стала адной з прычын рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У ходзе рэвалюцыі прыняты Маніфест 17 кастрычніка 1905, дзе былі абвешчаны паліт. свабоды, дазвалялася ствараць паліт. партыі. Былі ўтвораны заканадаўчая Дзяржаўная дума, урадавы орган — Савет Міністраў. М. II санкцыяніраваў правядзенне шэрагу рэформ, у т. л. Сталыпінскай аграрнай рэформы. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай губ. і на Правабярэжнай Украіне ўведзены земствы (земская рэформа ў Віленскай і Гродзенскай губ. адкладвалася з-за боязі ўзмацнення тут уплыву польскіх землеўладальнікаў). Урад М. II не перашкаджаў распальванню нацыяналізму і шавінізму (гл. «Саюз рускага народа», «Саюз Міхаіла Архангела»). Знешняя палітыка арыентавалася на саюз з Германіяй (гл. Б’ёркскі дагавор). У 1907 Расія стала чл. Антанты, у складзе якой уступіла ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. У жн. 1915 М. II узяў на сябе вярх. галоўнакамандаванне ўзбр. сіламі Расіі і выехаў у Стаўку (размяшчалася ў Магілёве). У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 15 сак. М. II адрокся ад трона, 21 сак. арыштаваны Часовым урадам і адпраўлены ў Табольск, пасля Кастр. рэв. 1917 — у Екацярынбург. Паводле пастановы прэзідыума Уральскага абл. Савета ў ноч на 17.7.1918 разам з усёй сям’ёй і слугамі расстраляны чэкістамі. У 1998 астанкі М. II і яго сям’і перапахаваны ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбурга.

Літ.:

Бьюкенен Дж. Мемуары дипломата: Пер. с англ. 2 изд. М., 1991;

Воейков В.Н. С царем и без царя: Воспоминания последнего дворцового коменданта государя императора Николая II. М., 1995;

Ольденбург С.С. Царствование императора Николая II. М., 1992;

Боханов А. Николай II. М., 1997.

В.В.Сяргеенкава.

Мікалай II.

т. 10, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНАЯ КАМІ́ДЫЯ,

музычна-сцэнічны твор, пабудаваны на камедыйнай аснове. Тэрмін «М.к.» выкарыстоўваюць і для абазначэння такіх блізкіх жанраў як опера-буфа, камічная опера, камедыя-балет, аперэта (часам як сінонім), зінгшпіль, танадылля, вадэвіль, мюзікл. Ад класічнай аперэты адрозніваецца менш разгорнутай муз. драматургіяй (хоць устаўныя інтэрмедыйныя нумары могуць быць дастаткова працяглымі), выкарыстаннем сучасных песенных і танц.-быт. жанраў.

У 17 ст. «М.к.» — адно з абазначэнняў італьян оперы. Як самаст. жанр муз. т-ра склалася на мяжы 19—20 ст. і зацвердзілася да сярэдзіны 20 ст. Існуе ў многіх народаў і, як правіла, мае нар. песенна-танц. аснову. У Расіі М.к. фарміравалася на аснове традыцый нар. быт. камедыі і фарса, рус. камічнай оперы 18 ст., вадэвіля і зах.-еўрап. класічнай аперэты з выкарыстаннем іх вобразна-выразных сродкаў. У 20 ст. ў гэтым жанры працавалі Б.Аляксандраў («Мая Гюзель», «На беразе Амура»), К.Лістоў («Севастопальскі вальс»), Ю.Мілюцін («Ціхае сямейства», «Ліхтары-ліхтарыкі»), А.Фельцман («Паветраны замак») і інш. М.к. можа мець рысы традыц. відаў муз. т-ра ці тых, што развіваюцца, набліжаюцца да оперы (напр., азерб. твор «Аршын мал алан» У.Гаджыбекава вызначаны аўтарам як камічная опера).

На Беларусі муз.-камедыйны характар мелі інтэрмедыі школьнага тэатра, многія сцэны лялечнага т-ра, у прыватнасці батлейкі. У 1-й пал. 20 ст. відавочнай муз.-камедыйнай накіраванасцю вызначаліся лепшыя спектаклі драм. т-раў, у т. л. «Каваль-ваявода» Е.Міровіча з муз. У.Тэраўскага і Л.Маркевіча (1925), «Простыя сэрцы» С.Заяіцкага, С.Розанава і М.Міцкевіча з муз. В.Сакалова-Фядотава (1929), «Цудоўная дудка» В.Вольскага з муз. М.Шчаглова (1939). У 1930—40-я г. паявіліся М.к. на антырэліг. («Кухня святасці» Я.Цікоцкага, 1931), с.-г. тэматыку з вял. колькасцю нар. песень і танцаў («Коксагыз» М.Чуркіна, 1939; «Зарэчны барок» С.Палонскага і М.Іванова, 1940). У 1970—80-я г. створаны М.к., вызначаныя як «народная» («Паўлінка» Ю.Семянякі, паст. 1973; «Несцерка» Р.Суруса, 1975; «Калі заспявае певень» А.Чыркуна, 1988), як «гераічная» («Пяе «Жаваранак» Семянякі, паст. 1969; «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, 1982; «Судны час» Суруса, 1984), як «М.к.» («Мільянерка» Я.Глебава, 1986). Блізкая да жанру М.к. пастаноўка «Ідыліі» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча ў Нац. т-ры імя Я.Купалы (1993), вызначаная як пастараль (кампазітар У.Кур’ян, з выкарыстаннем музыкі С.Манюшкі, М.К.Агінскага, Ф.Шапэна). Пераважная большасць М.к. на Беларусі ставіцца ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь (з 1999 Дзярж. муз. т-р Рэспублікі Беларусь).

Н.А.Юўчанка.

т. 11, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ХАРА́КТАР,

сукупнасць асн. устойлівых псіхал. якасцей, якія сфарміраваліся ў нацыі ў канкрэтных гіст., сац.-культ. і прыродных умовах яе развіцця. Існуюць стэрэатыпныя ўяўленні наконт асаблівасцей Н.х. розных народаў свету (ням. пунктуальнасць, англ. традыцыяналізм, яп. працавітасць, бел. талерантнасць і інш.). Але Н.х. ў асобных народаў адрозніваюцца не столькі пэўнымі псіхал. якасцямі, колькі іх сукупнасцю, ступенню ўласцівасці асобных рыс прадстаўнікам розных нац. супольнасцей. Першапачаткова паняцце «Н.х.» выкарыстоўвалася падарожнікамі, этнографамі для апісання асаблівасцей паводзін, ладу жыцця, звычаяў, абрадаў, традыцый розных народаў. Першыя спробы даследавання Н.х. зроблены ў сярэдзіне 19 ст. ў Германіі прадстаўнікамі кірунку «псіхалогіі народаў» (В.Вунт, М.Лацарус, Г.Штайнталь і інш.). У сярэдзіне 19—1-й пал. 20 ст. рабіліся спробы даследавання рус. (М.Данілеўскі, К.Кавелін, М.Лоскі, М.Бярдзяеў, Г.Шпет і інш.) і бел. (П.Шпілеўскі, А.Багдановіч, М.Доўнар-Запольскі, І.Канчэўскі, У.Самойла) Н.х. У розных тэарэт. канцэпцыях Н.х. разглядаецца як нешта прыроджанае, прадвызначанае генетычна, або як абумоўленае сац.-гіст. і культ. фактарамі і звязанае з пашыранасцю тыповых псіхал. якасцей сярод асобных прадстаўнікоў нацыі і іх суадносінамі з агульначалавечымі якасцямі. Прадстаўнікі амер. культ. (псіхалагічнай) антрапалогіі (Ф.Боас, Р.Бенедыкт, М.Мід, А.Кардынер, Р.Лінтан, К.Дзюбуа і інш.) лічылі, што ў кожнай культуры складваецца спецыфічны, адносна ўстойлівы тып асобы, выяўленне якога (а значыць, і Н.х.) магчыма дзякуючы вывучэнню асаблівасцей першаснай сацыялізацыі дзяцей. Яны вызначалі асаблівасці Н.х., зыходзячы з канцэпцый «базавай структуры асобы» (комплекс тыповых псіхал. якасцей, уласцівых прадстаўнікам адной нац. культуры) і «мадальнай асобы» (найб. распаўсюджаны ў дадзенай культуры тып асобы). Адсюль атаясамліванне Н.х. з ідэяй адзінай для грамадства структуры асобы, абсалютызацыя міжкульт. і недаацэнка ўнутрыкульт. адрозненняў паміж індывідамі. Н.х. нярэдка разглядаецца ў рамках даследавання праблемы менталітэту. У апошні час псіхал. адметнасці розных народаў даследуюцца праз выяўленне базавых каштоўнасцей, этнічных стэрэатыпаў і ўяўленняў, якія вывучаюцца ў межах этнічнай псіхалогіі. У даследаваннях Н.х. выкарыстоўваюцца этнаграфічныя метады збору інфармацыі, псіхааналіз як спосаб асноўнай інтэрпрэтацыі, а таксама псіхал. тэсты.

Літ.:

Кон И.С. К проблеме национального характера // История и психология. М., 1971;

Дейкер Х.П.Й., Фрейда Н.Х. Национальный характер и национальные стереотипы: Пер. с англ. // Современная зарубежная этнопсихология. М., 1979;

Стефаненко Т.Г. Этнопсихология. М., 1999;

Kardiner A. The psychological frontiers of society. New York, 1946.

Э.С.Дубянецкі, Л.І.Навуменка.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́МЦАЎ ПАВО́ЛЖА АЎТАНО́МНАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

нацыянальна-тэрытарыяльнае ўтварэнне ў складзе Рас. Федэрацыі, якое існавала ў 1918—41 у Ніжнім Паволжы, дзе з 18 ст. жылі ням. каланісты. Засн. паводле Дэкрэта СНК РСФСР ад 19.10.1918 як Аўт. вобласць (Прац. камуна) немцаў Паволжа, тэрытарыяльна аформілася ў 1918—19 і 1922. Пл. 28 тыс. км², нас. (1939) 605,5 тыс. чал., у т. л. 66,4% немцаў, 20,4% рускіх, 12% украінцаў. Сталіца — г. Энгельс (да 19.31 наз. Пакроўск). Падзялялася на 22 кантоны (раёны) і 2 самаст. адм.-гасп. адзінкі (г. Энгельс і р.п. Чырвоны Тэкстыльшчык). Раўнапраўныя дзярж. мовы — нямецкая, руская, украінская. Гаспадарка мела агр.-індустр. характар. У студз. 1919 у Варэнбургу (цяпер с. Прывольнае) пасля харч. рэквізіцыі адбылося антысав. сял. паўстанне (задушана, 32 паўстанцы расстраляны). У час голаду 1921—22 насельніцтву вобласці дапамагалі харчамі Міжнар. саюз дапамогі дзецям (кіраўнік Ф.Нансен) і Амерыканская адміністрацыя дапамогі. 6.1.1924 на XI абласным з’ездзе Саветаў абвешчана АССР немцаў Паволжа (пераўтварэнне вобласці ў АССР зацверджана сумеснай пастановай ВЦВК і СНК РСФСР ад 20.2.1924). 31.1.1926 на 3-м з’ездзе Саветаў рэспублікі прынята яе Канстытуцыя. У 1930-я г. ў рэспубліцы было 5 ВНУ, 11 тэхнікумаў, 172 калгасныя клубы, 121 б-ка, 20 дамоў культуры, 52 кінатэатры, 4 тэатры (ням., рус., укр., дзіцячы), выдаваліся 29 газет (з іх 21 на ням. мове). З 1938 пачалося закрыццё ням. нац. школ, рэпрэсіравана значная частка ням. інтэлігенцыі і кіруючых работнікаў. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР рэспубліка скасавана (указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 28.8.1941), яе ням. насельніцтва прымусова вывезена на спецпасяленні ў Новасібірскую і Омскую вобл., Алтайскі край, Казахстан. Большасць раёнаў рэспублікі з г. Энгельс уключана ў Саратаўскую, астатнія — у Сталінградскую (цяпер Валгаградская) вобл. Рашэннямі Прэзідыума Вярх. Савета СССР адменены высунутыя ў 1941 беспадстаўныя абвінавачанні сав. немцаў у дапамозе гітлераўцам (указ ад 28.8.1964) і забарона вяртацца ў Паволжа (указ ад 3.11.1972). Канчаткова немцы Паволжа рэабілітаваны паводле Дэкларацыі Вярх. Савета СССР ад 14.11.1989 і Закона РСФСР ад 26.4.1991, якія датычыліся ўсіх б. рэпрэсіраваных народаў СССР.

Літ.:

Емельянов В.П. Нужна ли нам республика немцев Поволжья? Саратов, 1991;

Герман А.А. Немецкая автономия на Волге, 1918—1941. Ч. 1. Автономная область, 1918—1924. Саратов, 1992.

У.Я.Калаткоў.

т. 11, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРАДЖЭ́ННЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,

заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап. культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл. Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.

Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк. выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц. этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.

Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, Р.Падбярэскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел. нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп. час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел. перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыя нац. паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш. прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш. заканад. актах краіны.

Літ.:

Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд. Мн., 1991);

Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд. Мн., 1921;

Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд. Мн., 1992).

У.М.Конан.

т. 1, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)