АРЫЯБХА́ТА (476, Кусумапур, паблізу сучаснага горада Пата, Індыя — каля 550),

індыйскі астраном і матэматык. У творы «Арыябхатыям» выклаў некаторыя матэматычныя звесткі, неабходныя для астранамічных вылічэнняў: здабыванне квадратнага і кубічнага каранёў, найпрасцейшыя задачы на складанне і рашэнне ўраўненняў, правілы падсумавання радоў, табліцу сінусаў, прыбліжанае значэнне ліку π = 3,1416 і інш. Увёў запіс лікаў пры дапамозе літар санскрыту.

Літ.:

Володарский А.И. Ариабхата. М., 1977.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЫЯ́Н»

(французскае Ariane),

серыя 3-ступеньчатых ракет-носьбітаў на вадкім паліве для запуску штучных спадарожнікаў Зямлі. Створаны Еўрапейскім касмічным агенцтвам пры вядучай ролі Францыі і ФРГ. У эксплуатацыі з 1979. Карысны груз больш за 1700 кг пры вывадзе на пераходную арбіту з вышынёй у апагеі 36 тысяч км. Стартавая маса каля 200 т, даўжыня 50 м (з карысным грузам), дыяметр 3,8 м.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТУРЫ́ЙСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

найбуйнейшы ў Іспаніі, на Пд і ў цэнтры правінцыі Аўеда. Пл. каля 3 тыс. км². Адклады вугляноснага карбону. Запасы каменнага вугалю 1215 млн. т. Гал. радовішчы: Цэнтральнае, Тэверга, Хіхон. Прамысл. распрацоўка з сярэдзіны 19 ст. Вуглі ўсіх марак — ад антрацытаў да блізкіх да бурых. Цеплыня згарання 28—34,7 МДж/кг. Вуглі выкарыстоўваюцца ў металургіі як энергет. сыравіна.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЫ́ПАК,

намнажэнне несартаваных абломкаў скальных горных парод, якое ўтвараецца ў выніку скочвання або саслізгвання разбуранага выветрываннем абломкавага матэрыялу на стромкіх схілах (ухіл звычайна больш за 30%). Звычайна маюць форму конуса даўжынёй дзесяткі і сотні метраў з расшыранай асновай, каля падножжа схілаў іншы раз утвараюць шлейфы. Магутнасць намнажэння да дзесяткаў метраў. Развіццё асыпку улічваецца пры буд-ве горных дарог, ліній электраперадач і інш.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНА-АБСАРБЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,

метад элементнага аналізу і даследавання ўласцівасцяў рэчываў па атамных спектрах паглынання. Заснаваны на прапусканні праз атамізаванае рэчыва бачнага або УФ-выпрамянення і рэгістрацыі спектраў. Выкарыстоўваецца для вызначэння каля 70 хім. элементаў у вадзе, глебе, прадуктах жыццядзейнасці арганізма, нафце, мінералах, сплавах і інш. аб’ектах, для вымярэння некаторых фіз. і фіз.-хім. велічыняў.

Літ.:

Брицке М.Э. Атомно-абсорбционный спектрохимический анализ. М., 1982.

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТБАРА, Бахр-эль-Асуад,

рака ў Эфіопіі і Судане, правы прыток Ніла. Даўж. 1120 км. Пачынаецца з Эфіопскага нагор’я, на Пн ад воз. Тана, цячэ пераважна па Суданскім плато. Гал. прыток Тэкэзэ (справа). У сухі перыяд года ў ніжнім цячэнні перасыхае. У перыяд летніх дажджоў (ліп.ліст.) дасягае Ніла. Сярэднегадавы расход вады 32 м³/с. ГЭС. Каля вусця Атбары — г. Атбара.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́ЕЎСКАЯ СТАЯ́НКА,

познапалеалітычная стаянка каля в. Аўдзеева Курскай вобл.; адзін з эпонімных помнікаў касцёнкаўска-аўдзееўскай культуры. Найб. ранняя радыевугляродная дата — 27 700 ± 700 г. Раскопкамі выяўлены рэшткі доўгага касцёва-землянога наземнага жытла з ачагамі ў цэнтры, абкружанага невялікімі зямлянкамі і ямамі-кладоўкамі; каменныя і касцяныя прылады (разцы, скрабкі, цёслы і інш.), жаночыя статуэткі і фігурка маманта з косці.

Жаночыя статуэткі з Аўдзееўскай стаянкі.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЕ́ДА (Oviedo),

горад на Пн Іспаніі, у Кантабрыйскіх гарах. Адм. цэнтр аўт. вобласці Астурыя і правінцыі Аўеда. Засн. пры кляштары, пабудаваным каля 780. 196,1 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Аванпорт на Біскайскім зал. — Хіхон. Цэнтр найбуйнейшага ў краіне вугальнага басейна, металургія, машынабудаванне (пераважна цяжкае), харч., тэкст., цэментная, керамічная, фармацэўтычная прам-сць. Арх. помнікі 8—18 ст. Ун-т. Археал. музей.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРА́ЛА-АЗІЯ́ЦКАЕ МІЖЗЕ́МНАЕ МО́РА,

агульная назва марскіх басейнаў, якія ляжаць паміж Азіяй і Аўстраліяй у зах. частцы Ціхага ак. Агульная пл. каля 8 млн. км². Найбольшыя моры: Паўднёва-Кітайскае мора, Яванскае мора, Сулавесі, Сулу, Малукскае мора, Банда, Флорэс і інш. Буйныя парты: Гуанчжоу, Чжаньцзян, Гаасюн (Кітай), Сянган (Сянган), Маніла (Філіпіны), Самарында, Банджармасін, Семаранг, Сурабая, Танджунгпрыёк (Інданезія), Сінгапур (Сінгапур), Бангкок (Тайланд), Хашымін, Хайфон (В’етнам).

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАДАФЭ́ (партуг. auto-de-fé літар. акт веры),

абвяшчэнне і выкананне прыгавору інквізіцыі — публічнае спаленне на вогнішчы асуджаных за ерась або грахі. Першыя аўтадафэ праведзены ў 13 ст. ў Іспаніі, Партугаліі і іх калоніях. У канцы 15 ст. набылі характар масавага тэатралізаванага рытуальнага відовішча. У Іспаніі на працягу 1481—1808 спалена каля 35 тыс. чал. Апошняе аўтадафэ адбылося ў 1826 у Валенсіі.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)