ПУА́З,

адзінка дынамічнай вязкасці і каэфіцыента ўнутранага трэння ў сістэме СГС. Абазначаецца П. 1 П = 0,1 Па∙с (гл. Паскаль). Назва ад імя Ж.Л.Пуазёйля.

т. 13, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРГА́ (магчыма, ад фін. purku мяцеліца),

моцная нізавая мяцеліца пры ўварванні халоднага паветра, часта пры бязвоблачным небе. Тэрмін часцей ужываецца ў паўн. бязлесных мясцовасцях.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫКА́Л (ад лац. radix корань),

матэматычны знак √ (змененае лац. r), якім абазначаюць дзеянне здабывання кораня, а таксама вынік здабывання кораня (лік віду an).

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАВЫ́Я ХВА́ЛІ,

складаныя ваганні вады на паверхні вадаёмаў, якія выклікаюцца ветрам. Назіраюцца ў верхнім слоі вады да глыб. ў сярэднім 50—60 м. Памеры ветраных хваль залежаць ад скорасці і даўжыні разгону ветру, працягласці яго ўздзеяння на водную паверхню, памераў воднай прасторы і глыбіні вадаёма. У глыбакаводных частках мораў вышыня ветраных хваль можа дасягаць 10 м і больш, у акіянах — ад 13—18 да 25 м, скорасць распаўсюджання да 14—15 м/с. На вадаёмах Беларусі вышыня хваль звычайна 0,25—0,5 м, максімальная да 1,5 м.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТРАНКА,

вёска ў Смоліцкім с/с Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва. 175 ж., 103 двары (1996).

Вядома з 19 ст. З 1866 у Ветранцы дзейнічаў Александрыйскі шклозавод, у 1898 адкрыта школа. У 1926 — 226 ж., 49 двароў. У 1927 пачаў дзейнічаць торфазавод. У 1935—48 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У жн. 1943 гітлераўцы спалілі пасёлак, загубілі 287 жыхароў. Пасля вызвалення адбудаваны.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСКІ́ ў раслін,

адна- або шматклетачныя вырасты эпідэрмісу. Розныя па форме, памерах і будове. Ахоўваюць расліны ад ваганняў т-ры і страты вільгаці (характэрна для высакагорных і пустынных раслін), назапашваюць ваду ў час засухі, служаць для абароны ад шкоднікаў і хвароб, распаўсюджвання пладоў і насення (напр., у адуванчыка, бавоўніку, таполяў). Кручкападобныя валаскі ўтрымліваюць сцёблы лазячых раслін на апоры (напр., у хмеля, фасолі). Каранёвыя валаскі і валаскі-лускавінкі эпіфітаў служаць для паглынання вады і глебавых раствораў. Залозістыя валаскі — органы выдзялення, якія выпускаюць эфірныя алеі або стрававальныя сокі (у насякомаедных раслін).

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІНА́Ж (ад франц. affinage ачыстка),

працэс атрымання высакародных металаў высокай чысціні шляхам ачысткі ад дамешкаў; адзін з відаў рафінавання металаў. Золата і серабро ачышчаюць электролізам (чысты метал асядае на катодзе); атрыманае золата мае пробу не ніжэй за 999,9. Плаціну і металы плацінавай групы ачышчаюць т.зв. «мокрым» спосабам: раствараюць у мінер. кіслотах і асаджаюць спец. рэагентамі (хлорысты амоній, аміяк, цукар). Афінаж золата робяць і «сухім» спосабам: расплаўляюць, насычаюць хлорам, хларыды невысакародных металаў выпарваюць, хларыды серабра ўсплываюць на паверхню. Проба золата 996,5, серабра, адноўленага з хларыдаў, 999.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАГЕАФІЗІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, аэрагеафізічная здымка,

сукупнасць метадаў вымярэння натуральных ці штучных фіз. палёў Зямлі апаратурай, устаноўленай на лятальных апаратах. Уключае аэрагамаздымку, аэрамагнітную здымку, аэраэлектраразведку і інш. Выкарыстоўваецца пры пошуках карысных выкапняў (нафты, газу, рудаў металаў, радыеактыўных рудаў), для тэктанічнага раянавання і геал. картаграфавання. Інтэнсіўнасць фіз. палёў, асабліва рудных целаў, затухае пры аддаленні ад зямной паверхні, таму аэрагеафізічная разведка найчасцей выконваецца з невял. вышыні (да 300 м) у маштабе 1:10 000 — 1:200 000. Ад наземных метадаў разведкі адрозніваецца аператыўнасцю і магчымасцю праводзіць яе ў цяжкадаступных раёнах.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНЯ́НЫ АЛЕ́Й,

раслінны алей з насення бавоўніку. Вадкасць ад светла-жоўтага (рафінаваны баваўняны алей) да карычневага колеру, тэмпература застывання ад 5 да -6 °C, шчыльн. 0,918—0,932∙10​3 кг/м³. Нерастваральны ў вадзе, растваральны ў арган. растваральніках (акрамя метылавага і этылавага спіртоў). Мае 22—25% тлустых насычаных кіслот (C10—C20), 23—35% алеінавай, 34—57% лінолевай кіслот. Атрымліваюць прасаваннем насення ці яго экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Баваўняны алей — сыравіна ў вытв-сці тлустых кіслот, гліцэрыны, мыла, кампанент змазачных матэрыялаў, пакостаў, алкідных смолаў; рафінаваны — харч. прадуктаў (напр., маргарыну).

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЗНАВАТАБРУ́ХІЯ (Solengastres),

бяспанцырныя, жалабабрухія, клас малюскаў. Каля 120 найб. прымітыўных відаў, пашыраных амаль ва ўсіх морах ад Арктыкі да Антарктыкі. Жывуць на розных глыбінях (да 9000 м). Найб. вядомыя Nematomenia flavens і Echinomenia corallophila.

Цела чэрвепадобнае, даўж. ад 1 мм да 30 см, звонку ўкрытае вапняковымі шыпамі рознай будовы. Ракавіна адсутнічае. У большасці на брушным баку знаходзіцца баразна (адсюль назва) з вузкім кілем (рудымент нагі). Гермафрадыты. Кормяцца дэтрытам, водарасцямі, дробнымі жывёламі. Частка з іх жыве сярод каралаў і аб’ядае іх паліпы.

Да арт. Баразнаватабрухія. Малюскі: 1 — Nematomenia flavens; 2 — Echinomenia corallophila.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)