вайна паміж 3-й кааліцыяй (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) і Францыяй (гл.Напалеонаўскія войны). У пач. вайны сілы саюзнікаў: аўстр. Дунайская армія (80 тыс.чал.) на чале з фельдмаршалам К.Макам і рас. армія (50 тыс.чал., у т. л. 15 тыс. аўстрыйцаў) на чале з ген. М.І.Кутузавым — планавалі ў жніўні злучыцца ў Баварыі, потым уварвацца ў Францыю. Адначасова планаваліся марскія дэсанты ў Памераніі, Галандыі, Італіі сіламі брыт., швед., рас. і сіцылійскага флатоў. Напалеон, які рыхтаваўся да высадкі ў Англію, хуткім маршам перакінуў свае войскі з Булонскага лагера ў Паўд. Германію. Адмысловым манеўрам сваіх сіл (220 тыс.чал.) ён абкружыў у раёне Ульма армію Мака (капітулявала 20 кастр.). Армія Кутузава, якая да пач.кастр. толькі дасягнула мяжы Баварыі, пачала 11 кастр. адступленне. Пры адыходзе рас. армія вяла ар’ергардныя баі пры Ламбаху (31 кастр.) і Амштэтэне (5 ліст.) і пазбегла абкружэння пры Санкт-Пёльтэне. 13 ліст.франц. корпус І.Мюрата заняў Вену. 16 ліст. 6-тысячны атрад П.І.Баграціёна адбіў каля Шонграбена атаку 30-тыс.франц. войска, што забяспечыла адыход рас. арміі да Ольмюца, дзе яна злучылася з аўстр. войскам і 50-тысячнай рас. арміяй ген. Ф.Ф.Буксгеўдэна. 2 снеж. ў Аўстэрліцкай бітве 1805 войскі саюзнікаў разбіты французамі. Аўстрыя была вымушана падпісаць 26 снеж. мір з Францыяй, рас. войскі вярнуліся ў Расію. У той жа час брыт. флот перамог франка-ісп. флот у Трафальгарскай бітве 1805. У час вайны яскрава выявіўся ваен. талент Напалеона, які ствараў перавагу ў сілах і сродках на рашаючых напрамках і перамагаў праціўніка па частках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛЕ́ (ад франц. relais ад relaer змяніць, замяніць),
прылада для аўтаматычнай камутацыіэл. ланцугоў па зададзеным вонкавым уздзеянні (па сігнале). Складаецца з рэлейнага элемента, які мае 2 станы ўстойлівай раўнавагі, і групы эл. кантактаў, што замыкаюцца або размыкаюцца пры змене стану рэлейнага элемента. Выкарыстоўваецца ў рэлейнай аховеэл. сетак і электраўстановак, ва ўстройствах аўтам. кіравання, кантролю, сігналізацыі і інш.
Рэлейны элемент змяняе свае станы раўнавагі пад уздзеяннем эл. ці неэл. велічынь. Для ўспрымання неэл велічынь выкарыстоўваюцца разнастайныя вымяральныя пераўтваральнікі. Адрозніваюць Р.: эл. (рэагуюць на сілу току, напружанне, частату эл. ваганняў), магн. (на напружанасць магн. току, магн. індукцыю і інш.), мех. (на перамяшчэнне, скорасць, ціск, амплітуду ваганняў і інш.), цеплавыя (на т-ру, цеплавы паток), акустычныя (на частату гукавых ваганняў, акустычны ціск), аптычныя (на асветленасць, светлавы паток, частату светлавых ваганняў). Найб. пашыраны: эл.-магн. Р., у якіх пры пэўнай велічыні току ў абмотцы якар прыцягваецца да асяродка і замыкае (ці размыкае) кантакты ў кіроўным ланцугу; рэле часу (Р. вытрымкі), якое стварае неабходную затрымку ў перадачы ўздзеяння на выканаўчы механізм. Напр., у электратэрмамех. Р. часу пры награванні токам біметал. пласціны яна дэфармуецца і замыкае кантакты.
У.М.Сацута.
Рэле: а — электрамагнітнае (1 — кантактныя спружыны, 2 — кантакты, 3 — якар, 4 — асяродак, 5 — абмотка); б — механічнае паплаўковае ўзроўню вадкасці (1 — рэгулявальная гайка, 2 — шток, 3 — паплавок, К — кантакты); в — цеплавое (1 і 2 — трубка і стрыжань з матэрыялаў з рознымі тэмпературнымі каэфіцыентамі расшырэння, 3 — кантакты, 4 — рычаг, 5 — рэгулявальны вінт); г — біметалічныя рэле часу з тэмпературнай кампенсацыяй (1 — біметалічныя пласцінкі, 2 — награвальнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РЫ АКСІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні серы з кіслародам. Найб. пашыраныя аксіды серы (IV), ці серы дыаксід SO2, і аксід серы (VI), ці серы трыаксід SO3.
Серы дыаксід (сярністы ангідрыд, сярністы газ) — бясколерны газ з рэзкім пахам, шчыльн. 2,926 кг/м³, tпл -75,46 °C, tкіп -10,6 °C. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Водны раствор SO2 — сярністая кіслата H2SO3: моцная двухасноўная к-та, якая існуе толькі ў растворы, утварае солі — сульфіты і гідрасульфіты. Уваходзіць у склад вулканічных газаў. У прам-сці атрымліваюць абпальваннем пірыту. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці сернай к-ты, а таксама як аднаўляльнік, антыаксідант, для адбельвання шэрсці, шоўку і інш., кансервавання агародніны, садавіны; вадкі — як холадагент. Серы трыаксід (серны ангідрыд) — бясколерная вадкасць (пры пакаёвай т-ры), tкіп 44,7 °C; пры т-ры ніжэй за 16,8 °C — празрыстыя крышталі (α=SO3). У прысутнасці вельмі нязначнай колькасці вільгаці (1 моль вады на 106 моль SO3) полімерызуецца і цвярдзее; цвёрды існуе ў β-, γ- і δ-мадыфікацыях (tпл 32,5, 62,2 і 95 °C адпаведна). Бурна (з вылучэннем вял. колькасці цяпла) узаемадзейнічае з вадой, утварае серную кіслату. У вільготным паветры «дыміць». Раствараецца ў канцэнтраванай сернай кіслаце (раствор наз. алеумам). Моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем SO2. Выкарыстоўваюць для вытв-сці сернай к-ты, олеума, сінтэзу шматлікіх арган. рэчываў, для гідратацыі пры вытв-сці азотнай к-ты. С.а. атрутныя; пашкоджваюць слізістыя абалонкі органаў дыхання, серны ангідрыд выклікае цяжкія апёкі скуры. SO2 — адзін з асн. ядаў, што атручваюць навакольнае асяроддзе, ГДК у атм. паветры 0,5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ННАЯ ТЭО́РЫЯкрышталічных цвёрдых цел,
квантавая тэорыя спектра энергій электронаў крышталя. Паводле З.т. гэты спектр складаецца з зон дазволеных і забароненых энергій. З.т. тлумачыць шэраг уласцівасцей і з’яў у крышталях, у прыватнасці, розны характар іх электраправоднасці.
Аснова З.т. — аднаэлектроннае прыбліжэнне: скорасць руху атамных ядраў каля становішчаў раўнавагі многа меншая за скорасць электронаў; кожны электрон рухаецца ў трохмерна-перыядычным полі, якое ствараецца ядрамі і астатнімі электронамі. Зона праводнасці (с) і валентная зона (v) утвораны сукупнасцю атамных энергет. узроўняў, «расшчэпленых» у выніку аб’яднання свабодных атамаў у крышт. рашотку. Узроўні энергіі валентных электронаў (е) атама расшчапляюцца і зрушваюцца значна больш, чым узроўні ўнутраных электронаў (і). Шырыня забароненай зоны Eg (энергет. шчыліна паміж v- і с-зонамі) вызначаецца раўнаважнай адлегласцю паміж ядрамі (пастаяннай крышт. рашоткі d) У крышталі з N ідэнтычных атамаў кожны атамны ўзровень расшчапляецца на N узроўняў, якія ўтвараюць квазінеперарыўную дазволеную зону або яе частку. Электроны запаўняюць дазволеныя зоны энергій у адпаведнасці з Паўлі прынцыпам: на N узроўнях зоны можа знаходзіцца не больш за 2N электронаў. Уласцівасці крышталя залежаць ад колькасці электронаў у зоне праводнасці і/ці ад колькасці незапоўненых узроўняў (вакансій для электронаў) у валентнай зоне. Калі энергет. зона запоўнена электронамі часткова, то пад уздзеяннем знешняга эл. поля яны пераразмяркоўваюцца па ўзроўнях у зоне. Пры гэтым парушаецца сіметрыя размеркавання электронаў па скорасцях — узнікае эл. ток. Таму крышталь з часткова запоўненай c-зонай з’яўляецца правадніком электрычнасці — металам. Электроны ў поўнасцю запоўненай v-зоне з-за прынцыпу Паўлі не могуць пераразмяркоўвацца па ўзроўнях энергіі; крышталь з пустой с-зонай і поўнасцю запоўненай электронамі v-зонай — дыэлектрык. Калі цеплавая энергія дастатковая для пераводу часткі электронаў з v-зоны ў c-зону, то электраправоднасць крышталя расце пры награванні; такі крышталь — паўправаднік. Пры слаба перакрытых с- і v-зонах крышталь з’яўляецца паўметалам (напр., вісмут), а пры змыканні гэтых зон (Eg=0) — бясшчылінным паўправадніком (напр., шэрае волава). З.т. — набліжэнне да рашэння фундаментальнай задачы: вывесці ўласцівасці крышталя з уласцівасцей атамаў, з якіх ён складаецца.
Літ.:
Харрисон У.А. Электронная структура и свойства твердых тел: Физика химической связи: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1983;
Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДАПАДЗЕ́Л,
вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў. Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме С. ужываецца для правільнага пераносу частак слоў. С. адбываецца паводле прынцыпаў: павелічэння гучнасці (прапанаваны Р.І.Аванесавым), які ўлічвае слыхавыя якасці гукаў — зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці («ва-пна»); мускульнага напружання (прапанаваны Л.У.Шчэрбам), у аснове якога артыкуляцыйна-фізіял. адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найб. напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага («вап-на», «шап-ка»); верагоднасці складу (прапанаваны М.В.Ламаносавым), які дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку («да-звол» — ёсць бел. слова «зварот»; «ка-лгас» нельга, бо з пачатковым «лг» бел. слоў няма); імкнення да адкрытых складоў, калі зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім («ка-лга-сы», «вы-раз-на»); псіхалінгвістычнага, што тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок («шап-ка», «ша-пка»). У бел. мове пашыраны прынцып С. ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці. Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, С. праводзіцца паміж галосным і наступным зычным («ба-ра-на-ва-лі»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, С. праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння («мя-тла»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, «й» і «ў» з шумным, С. праходзіць паміж зычнымі («гал-ка», «пам-рэ»), Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да складу, утворанага суседнім галосным гукам («зра-бі-ла», «ка-лібр»). С. на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы («пад-ыгр-а-л-і») можа не супадаць з падзелам на склады («па-ды-гра-лі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРВА́Д,
стараж. стараж. горад-дзяржава ў Паўн. Фінікіі. Упершыню ўпамінаецца ў егіп. крыніцах пач. 15 ст. да н.э. З 8 ст. да н. э. пад уладай Асірыі. На пач. 7 ст. да н. э. — Вавілоніі. Пры Ахеменідах меў аўтаномію. У 332 да н. э. перайшоў на бок Аляксандра Македонскага. З 5 ст. да н.э. ў Арвадзе чаканілі манету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРШЫ́ЦА,
рака ў Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, правы прыток Дняпра. Даўжыня 33 км. Выцякае з возера Арэхаўскае. Асноўныя прытокі: Пачаліца, Міронаўка (справа), Выдрыца (злева). Плошча вадазбору ў межах Аршанскага ўзвышша 519 км². Даліна добра выражана, у верхнім цячэнні трапецападобная, у ніжнім — карытападобная. На беразе дом адпачынку «Орша». Пры ўпадзенні Аршыцы ў Дняпро горад Орша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЯЧЭ́ННЕ,
рытуальнае дзеянне служыцеляў культу над рознымі прадметамі для надання ім містычных уласцівасцяў, пасля чаго становіцца магчымым выкарыстанне іх у рэліг. мэтах духавенствам і недухоўнымі асобамі.
Асвячэнню падлягае кожны новы ці адрамантаваны храм, царк. адзенне, культавыя рэчы, што выкарыстоўваюцца пры богаслужэнні; асвячаюцца «святыя дары» (для прычашчэння), вада. Могуць асвячацца таксама новапабудаванае жыллё, грамадскія будынкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖКО́ (Аляксандра Паўлаўна) (н. 10.6.1934, г. Грозны),
бел. фізіёлаг. Д-рбіял.н. (1980), праф. (1983). Скончыла Ленінградскі ун-т (1957). З 1957 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы прысвечаны механізмам адаптацыі сэрца на працяглую нагрузку і пры экстрэмальных уздзеяннях, ролі тырэоідных гармонаў у павелічэнні ўстойлівасці сардэчна-сасудзістай сістэмы і арганізма на экстрэмальныя ўздзеянні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗАВЫ МАНІТО́РЫНГ, фонавы маніторынг,
сістэма назірання за станам і прагназаванне змен агульнабіясферных, пераважна прыродных, з’яў без накладання на іх рэгіянальных антрапагенных уздзеянняў. Ажыццяўляецца на базе ўчасткаў біясферы, якія ў найменшай ступені закранула і мадыфікавала гасп. дзейнасць чалавека. Даныя базавага маніторынгу даюць зыходны (кантрольны) матэрыял для параўнання, разглядаюцца як пункт адліку (база) пры вызначэнні выкліканых антрапагеннымі фактарамі змен у прыродзе.