МІ́НСКІ МУЗЕ́Й ВАНЬКО́ВІЧАЎ, «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай палавіны 19 ст.»,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у Мінску ў сядзібным доме Ваньковічаў (гл.арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў). Экспазіцыя размешчана ў 10 залах. Пл. экспазіцыі каля 300 м². Музей мае 3 раздзелы: жыццё і творчасць В.Ваньковіча і культ. жыццё тагачаснага Мінска; асаблівасці інтэр’ера перыяду высокага класіцызму; бел. сядзібны партрэт 17—1-й пал. 19 ст. Сярод экспанатаў творы жывапісу, дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, свяцільні, ксеракопіі архіўных дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Ваньковіча, фотарэпрадукцыі яго твораў, што захоўваюцца ў музеях Варшавы, Вільнюса, С.-Пецярбурга, Парыжа. Асобная зала адведзена падмуз. гасцёўню. Каля дома пастаўлены помнік Ваньковічу (2000, скульптар У.Слабодчыкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАХРАМА́ТАР [ад мона... + грэч. chroma (chrōmatos) колер] у оптыцы, прылада для вылучэння вузкіх інтэрвалаў даўжынь хваль (ці частот) аптычнага (бачнага, інфрачырвонага, ультрафіялетавага) выпрамянення; адна са спектральных прылад.
Святло праходзіць праз уваходную шчыліну М., люстраны або лінзавы аб’ектыў-каліматар, які фарміруе пучок паралельных прамянёў і накіроўвае яго на дыспергавальны элемент (прызму аптычную ці дыфракцыйную рашотку), пасля чаго прамяні з рознай даўжынёй хвалі распаўсюджваюцца пад рознымі вугламі. Выхадны аб’ектыў утварае ў факальнай плоскасці спектр — сукупнасць прасторава разнесеных відарысаў уваходнай шчыліны ў прамянях з рознай даўжынёй хвалі Выхадная шчыліна аддзяляе пэўны невял. ўчастак спектра, выбар якога вызначаецца паваротам дыспергавальнага элемента. Выкарыстоўваецца як састаўная частка крыніц монахраматычнага выпрамянення і спектрафатометраў, з дапамогай якіх вымяраюць энергію, выпрамененую даследаванымі аб’ектамі ў розных абласцях спектра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́НКАЧЫ [Munkácsy; сапр. Ліб
(Lieb)] Міхай (20.2.1844, г. Мукачава Закарпацкай вобл., Украіна — 1.5.1900),
венгерскі жывапісец; прадстаўнік дэмакр. рэалізму. Вучыўся ў Э.Самашы (1862—63), з 1865 у Венскай і Мюнхенскай АМ, у 1868—69 у Дзюсельдорфе ў Л.Кнаўса. Зазнаў уплыў майстроў дзюсельдорфскай школы жывапісу, барбізонскай школы і Г.Курбэ. Пад уздзеяннем рэв.-дэмакр. ідэй напаўняў свае шматфігурныя карціны драматызмам і сац.-крытычным пафасам: «Камера смяротніка» (1870), «Шчыпальніцы корпіі» (1871), «Начныя валацугі» (1873) і інш. Творы вызначаліся псіхал. пераканаўчасцю, напружаным кантрастам каларыту, пастознасцю жывапіснай манеры. З канца 1870-х г. пісаў пераважна рэліг. кампазіцыі, адметныя рысамі акадэмізму і салоннасці: «Хрыстос перад Пілатам» (1881), «Се чалавек» (1896) і інш.
Літ.:
Алешина Л.С. М.Мункачи. М., 1960.
М.Мункачы. Камера смяротніка. Апошні дзень прыгаворанага да смерці. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАНКА (Алег Мікалаевіч) (н. 10.7.1961, Мінск),
бел. графік. Сын М.П.Назаранкі, брат П.М.Назаранкі. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1986). З 1993 выкладае ў Бел.АМ. Працуе пераважна ў тэхніках малюнка, афорта, літаграфіі. У творах адлюстроўвае гіст. тэматыку (серыі «Зямля пад белымі крыламі» паводле кнігі У.Караткевіча, 1986; «Пейзажы паэзіі самоты», прысвечаная М.Багдановічу, 1993), праблемы экалогіі (серыя «Сон даўжынёй у стагоддзі», 1994), праблемы сучаснасці: «Усёвідушчая», «Дыялог», «Прастора», «Год 2000» (усе 1993); «Дакрананне», «Дзяўчына і птушка» (абодва 1994); «Каін і Авель» (1995); «Пакаянне» (1996); трыпціх «Coda» (1996—97). Працуе ў станковым жывапісе: карціны «Святочны дзень» (1993), «Ева», «Сон» (абедзве 1995), «Маленне I», «Маленне II» (абедзве 1997), «Аголеная» (1998) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНАЕ РАЗМЕРКАВА́ННЕў тэорыі імавернасцей,
адно з найважнейшых размеркаванняў выпадковых велічынь. Тэарэт. абгрунтаванне выключнай ролі Н.р. даюць лімітныя тэарэмы тэорыі імавернасцей (гл.Лапласа тэарэма, Ляпунова тэарэма).
Мае шчыльнасць імавернасці
, дзе a — матэматычнае чаканне выпадковай велічыні, σ2 — яе дысперсія. Графік Н.р. y = p(x; a, σ) сіметрычны адносна ардынаты, што праходзіць праз пункт x = a і мае ў гэтым пункце адзіны максімум. Плошча пад крывой Н.р. заўсёды роўная 1. Паняцце Н.р. дастасавальнае таксама для супольнага размеркавання імавернасцей некалькіх выпадковых велічынь (мнагамернае Н.р.).
Крывыя шчыльнасці імавернасці y = p(x,σ) нармальнага размеркавання для розных значэнняў параметра σ: 1 — σ = 2,5; II — σ = 1; III — σ = 0,4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАКАЙЧЫ́ЦКІ (Анатоль Рыгоравіч) (н. 17.10.1927, г. Магілёў),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1987). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1957). З 1961 у Ін-це фізікі АН Беларусі. З 1965 у Магілёўскім маш.-буд. ін-це (з 1968 прарэктар), з 1970 у Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па спектраскапіі і фізіцы плазмы, па даследаванні лакальных тэрмахім. і структурных пераўтварэнняў аксідаў металаў і іх кампазіцый пад уздзеяннем высокаканцэнтраваных патокаў энергіі.
Тв.:
О механизме поступления вещества в источниках света для спектрального анализа (разам з А.А.Янкоўскім) // Журн. прикладной спектроскопии. 1965. Т. 2, вып. 3;
Локальная кристаллизация титансодержащих стекол под действием лазерного излучения (у сааўт.) // Физика и химия стекла. 1991. Т. 17, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Дзейнічаў у 1598—1864 у г. Нясвіж. Засн. М.К.Радзівілам Сіроткам па волі сваёй памерлай жонкі. Манахам былі перададзены даходы ад шэрагу княжацкіх маёнткаў і зямельныя ўладанні. У пач. 17 ст. пабудаваны касцёл св. Кацярыны і корпус кляштара па праекце італьян. архітэктара Дж.М.Бернардоні. У 1655 і 1793 усе будынкі кляштара разам з касцёлам былі знішчаны пажарам. У пач. 19 ст. касцёл нанава адбудаваны ў класіцыстычным стылі. У 1804 у кляштары было 15 манахаў, навучалася 12 студэнтаў, у б-цы было 1199 кніг. У 1864 кляштар закрыты (перададзены ваен. ведамству). У 1870 касцёл пераабсталяваны пад Георгіеўскую царкву, у 1950-я г. разбураны.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. З карты 1750-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІ́ЦЦЕЎСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́, царква Раства Багародзіцы,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Павіцце Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1912 з брусоў (18 × 18 см) пад кіраўніцтвам чэш. майстра Гута. У плане традыц. 4-часткавая схема: званіца, трапезная, асн. аб’ём, апсіда. Да асн. аб’ёму з 4 бакоў прымыкаюць прыбудовы: з 3 два ўваходы, з У дзяканнік з асобным уваходам і ахвярнік, аб’яднаныя гал. алтаром. У інтэр’еры 2-ярусны разны іканастас пач. 20 ст. Ў арх.-стылявой структуры спалучаюцца рысы традыц.нар. драўлянага дойлідства (разьба на навесах ганкаў, барабанах і інш.), рэтраспектыўна-рус. (планіроўка, форма і канструкцыя званіцы, 5-купалле асн. аб’ёму, выкарыстанне 3-лопасцевых какошнікаў і інш.) і неарускага (ламаныя абрысы завяршэння гал. барабана, падзораў цвінтара) стыляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБА́ЙЛА (Падабайла, Пабадайла) Сцяпан (? — ліп. 1654), казацкі палкоўнік, кіраўнік казацкіх атрадаў на Беларусі ў антыфеадальную вайну 1648—51. У 1648 атрад П. і палкоўніка Гаркушы знаходзіўся ў Бабруйску, адкуль у вер. рушыў да Беразіно, а ў пач.снеж. да Старога Быхава. Пасля няўдалага штурму крэпасці казакі адступілі. У 1649 П. на чале 6 тыс. казакоў Чарнігаўскага палка абараняў т.зв. Лоеўскія пераправы, каб не дапусціць войска Я.Радзівіла на Украіну. Пасля Лоеўскай бітвы 1649 захапіў Гомель і асадзіў Чачэрск. У 1651 накіраваны Б.Хмяльніцкім у якасці пасла да Радзівіла. У Лоеўскай бітве 1651 пацярпеў паражэнне і адступіў да Чарнігава. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў Чарнігаўскі полк казацкага войска І.Залатарэнкі. Загінуў у баі пад Гомелем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАМЕ́ННАЯ ТУНГУ́СКА, Сярэдняя Тунгуска.Чулакан,
рака, правы прыток р. Енісей, пераважна ў Эвенкійскай аўт. акрузе Расіі. Даўж. 1865 км, пл. басейна 240 тыс.км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага ’пласкагор’я. У вярхоўях (пад назвай Катанга) цячэ ў шырокай і глыбокай даліне, ад вусця р. Тэтэрэ даліна звужаецца, у рэчышчы шматлікія шыверы і парогі. За 250 км ад вусця даліна расшыраецца да 20—23 км, у рэчышчы шмат перакатаў. Гал. прытокі: Тэтэрэ, Чуня (справа), Вельма (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1560 м³/с. Разводдзе ад пач. мая да канца чэрв., у нізоўях да пач. ліпеня. Ледастаў з канца кастр. да сярэдзіны мая. Суднаходная ў разводдзе ад с. Ванавара (1146 км), для вял. суднаў — ад с. Байкіт (571 км).