радуніца, радуніцкія дзяды, ва ўсх.-славянскіх народаў, у т. л. ў беларусаў, веснавое свята язычніцкага паходжання, звязанае з культам продкаў, дзень памінання памерлых. Паходжанне слова «Р.» выводзяць ад розных слоў: ад ведыйскага radanh (ахвярадаўства), літ. rauda (галашэнне), ад агульнаслав. слоў «род», «радзіцца», ад імя міфалагічнага бога Рады (Рода) і інш. Памінальны абрад адбываецца ў аўторак пасля велікоднага тыдня. Родзічаў памінаюць спачатку ў царкве, потым на могілках, дзе прыбіраюць магілы блізкіх, рассцілаюць на насыпах абрусы для памінальнай трапезы, якая нагадвае стараж. язычніцкую трызну. Крыху стравы (фарбаваныя яйкі, куцця, мяса, цукеркі) і гарэлкі пакідаюць на магіле. Раней часта гучалі галашэнні. У некат. мясцінах Палесся Р. падмяняліся т.зв. «наўскім вялікаднем» або «вялікаднем мёртвых», які адбываўся ў чацвер велікоднага тыдня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГІГІЕ́НА (ад радые... + гігіена),
раздзел медыцыны, які вывучае ўплыў іанізавальных выпрамяненняў на здароўе чалавека і распрацоўвае меры процірадыяцыйнай аховы. Аб’ядноўвае 4 асн. кірункі: дазіметрычны (вывучэнне крыніц і доз апрамянення), радыебіял. (вывучэнне эфектаў уздзеяння радыяцыі на арганізм), гігіенічны (рэгламентаванне ўзроўняў дапушчальнага апрамянення) і санітарна-арганізац. (распрацоўка канкрэтных мер процірадыяцыйнай аховы). Падзяляецца на Р. працы і камунальную. Вывучае натуральны і тэхнагенны павышаны фон іанізавальнага выпрамянення, мед. радыяцыйную надбаўку за кошт дыягнастычных і лячэбных працэдур, уплыў павышанага радыяцыйнага фону на здароўе насельніцтва, умовы і асаблівасці фарміравання радыяцыйных абставін на рабочых месцах, распрацоўвае мерапрыемствы па ахове насельніцтва пры радыяцыйных аварыях, вывучае заканамернасці міграцыі радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе і інш. Рэкамендацыі па гігіенічным нарміраванні іанізавальных выпрамяненняў распрацоўвае Нац. камісія Беларусі па радыяцыйнай ахове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ў тэхніцы,
чаргавальныя выступы і ўпадзіны (канаўкі) на паверхні цел вярчэння, размешчаныя па вінтавой лініі.
Паводле формы сячэння адрозніваюць Р. трохвугольную, прамавугольную, трапецаідальную, круглую, паводле размяшчэння — вонкавую і ўнутраную, паводле прызначэння — крапежную, сілавую, хадавую, артылерыйскую і інш. У залежнасці ад напрамку вінтавой лініі бывае правая (найб. пашыраная) і левая. Утвараюць Р. пластычнай дэфармацыяй (напр., накаткай), рэзаннем на універсальных (такарных і інш.) і спецыялізаваных (рэзьбафрэзерных і інш.) станках ці ўручную пры дапамозе інструменту агульнага (разцы, фрэзы і інш.) або спец. (метчыкі, плашкі і інш.) прызначэння.
Профіль разьбы: d, d1, d2 — вонкавы, унутраны і сярэдні дыяметры; P — шаг, які вымяраюць у міліметрах (метрычная разьба) і ў цалях (цалёвая разьба); H — вышыня зыходнага профілю; α — вугал пры вяршыні профілю (60° — для метрычнай, 55° — для цалёвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦА, Рыца Вялікая,
возера ў Абхазіі (Грузія), на У ад Гагрскага хр., на выш. 950 м. Пл. 1,49 км². Даўж. 2,5 км, найб.шыр. 1,1 км, сярэдняя глыб. 63 м, найб. 116 м. Катлавіна тэктанічнага паходжання. Возера ўтварылася ў выніку выкліканага землетрасеннем абвалу г. Пшэгішхва, які запрудзіў р. Лашыпсе. Берагі высокія, парослыя букавымі і хваёва-піхтавымі лясамі. У Р. ўпадаюць 6 рэчак, выцякае р. Юпшара (бас.р. Бзыб). Паблізу Р. на выш. 1235 м — воз. Малая Р. (пл. 0,2 км²). Уваходзіць у склад Рыцынскага запаведніка. Раён турызму і адпачынку. Шаша злучае Р. з курортамі Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа. На беразе возера горнакліматычны курорт. Засн. ў 1946. Клімат субтрапічны вільготны, станоўча ўплывае пры захворваннях органаў дыхання, нерв. і сасудзістай сістэм. Курортная гасцініца, дом адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКАЕ ПРА́ВА, ваеннае права,
сукупнасць юрыд. норм, якія рэгламентавалі побыт і праваадносіны ў рыцарскім войску. Юрыд. адносіны, што складваліся пры нясенні вайсковай службы, рэгуляваліся сац. становішчам чалавека. У ВКЛ больш цяжкую вайсковую службу неслі рыцары — шляхта, баяры, якія павінны былі заўжды быць гатовымі да вайны. Першымі вайсковымі законамі былі пастановы Новагародскага (1502), Віленскага (1507), Менскага (1507) і інш. соймаў. Кадыфікацыя Р.п. ўпершыню рэгламентавана ў Статуце ВКЛ 1529, які вызначыў кола ваеннаабавязаных, прадугледжваў меры пакарання за невыкананне вайсковых абавязкаў і за злачынствы, учыненыя ратнікамі, рэгламентаваў правы і абавязкі гетмана. Больш падрабязна пытанні Р.п. рэгламентаваны ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588. Першае сістэматызаванае выданне актаў па вайсковым праве — «Артыкулы вайсковыя» — ажыццёўлена ў 1754 у Нясвіжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНЫЯ ДАХО́ДЫ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
абагульняльны эканам, паказчык узроўню жыцця насельніцтва; састаўная частка нацыянальнага даходу. Вызначае аб’ём тавараў і паслуг, які можа набыць працоўны за кошт сваіх даходаў: заработнай платы, пенсіі, стыпендыі і інш. трансфертных плацяжоў, паступленняў ад продажу прадуктаў сельскай гаспадаркі, даходаў ад уласнасці ў выглядзе працэнтаў па ўкладах, каштоўных паперах, дывідэндаў, даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці, крэдытаў і інш. Велічыня Р.д.н. залежыць ад грашовых даходаў насельніцтва, бясплатных і льготных паслуг, ад цэн на тавары і паслугі, памеру падаткаў і інш. Вылічваюцца Р.д.н. як каэфіцыент ці ў працэнтах: вызначаюць суадносіны паміж сумай усіх грашовых і натуральных даходаў насельніцтва за вылікам падаткаў, збораў, інш. абавязковых плацяжоў у дзярж. бюджэт, узносаў у розныя арг-цыі і індэксам цэн на тавары і паслугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЕЛЕ́НТЫ [ад лац. repellens (repelentis) які адпіхвае, адганяе],
хімічныя прэпараты або рэчывы з групы пестыцыдаў для адпужвання насякомых, кляшчоў, птушак, грызуноў, для абароны людзей і жывёлы ад нападу насякомых крывасмокаў, аховы с.-г. раслін і насення ад шкоднікаў.
У якасці Р. супраць насякомых (камароў, сляпнёў, мошкі і інш.) выкарыстоўваюць кампазіцыі N,N-дыэтыл-м-талуаміду (ДЭТА) і дыметылфталату з інш. Р. (напр., 2-этылгександыол-1,3, эфірныя алеі), якія вырабляюць у выглядзе ласьёнаў, крэмаў, аэразолей. Для адпужвання кляшчоў адзенне прамочваюць бензілбензаатам, N-бутылацэтанілідам. Для аховы насення ад птушак у пратравы дадаюць меркаптадыметур ці аксалат медзі, для абароны раслін ад зайцоў, аленяў і інш. у пасты для абмазкі ствалоў або ў прэпараты для апырсквання — тэтраметылтыурамдысульфід (ТМТД), каніфоль, дыцыклапентадыен і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАВЫ́Я ЭТАЛО́НЫ,
меры для ўзнаўлення, захоўвання і перадачы адзінак светлавых велічынь (сілы святла, асветленасці, яркасці, светлавога патоку і інш.). Забяспечваюць адзінства светлавых вымярэнняў з найвышэйшай дасягальнай дакладнасцю. Бываюць першасныя і другасныя.
Першасны С.э. адзінкі сілы святла (кандэлы) ажыццёўлены ў 1948 у выглядзе т.зв. поўнага выпрамяняльніка, які мае ўласцівасці абсалютна чорнага цела; яго яркасць 6∙105 кд/м². У 1979 прынята новае вызначэнне кандэлы, якое ўстанаўлівала яе сувязь з адзінкай магутнасці (ватам) монахраматычнага выпрамянення. Другасныя С.э. для адзінак сілы святла, асветленасці, светлавога патоку ўяўляюць сабой групы святловымяральных лямпаў напальвання рознай будовы і колеравай т-ры. Раней С.э. былі: полымя свечкі або лямпы з зададзенымі характарыстыкамі (памерам полымя, відам паліва, скорасцю згарання і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТА́Я ТРО́ЙЦА,
паводле хрысціянскага веравучэння, 3 іпастасі адзінага па сваёй сутнасці Бога: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог—Дух Святы. Вытокі вучэння пра С.Т. ў Старым запавеце, але канчаткова яно выкладзена ў Новым запавеце. Догмат пра С.Т. распрацоўваўся з канца 2 ст. ў сувязі з фарміраваннем адзінай епіскапальнай царквы і выклікаў вострыя дыскусіі (т. зв. трынітарныя спрэчкі). Тэалагічную завершанасць догмат пра С.Т. атрымаў у 3 ст. і замацаваны на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. У 381 уведзена свята Тройца (гл.Сёмуха). Вучэнне пра С.Т. распрацоўваў Аўгусцін Блажэнны, які трактаваў С.Т. як вечнае божае самапазнанне і любоў. Догмат пра С.Т. адмаўляўся ў антытрынітарных вучэннях (гл.Антытрынітарыі). С.Т. з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных сюжэтаў у іканапісе. Сімвал С.Т. — выява 3 анёлаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСАПАТАЛО́ГІЯ (секс + ...паталогія),
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае палавыя расстройствы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; раздзел мед.сексалогіі. Вывучае функцыян., эмацыянальныя, асабістыя, сац.-адаптацыйныя аспекты сексуальных расстройстваў. Звязана з уралогіяй, гінекалогіяй, андралогіяй, эндакрыналогіяй, неўрапаталогіяй, псіхіятрыяй. Падзяляецца на агульную і прыватную. Агульная С. вывучае асн. заканамернасці суадносін і дыферэнцыяцыі полаў, анатама-фізіял. асновы палавой сферы і інш.; прыватная — канкрэтныя захворванні, якія парушаюць сексуальную функцыю, іх лячэнне з улікам спецыфічных псіхасексуальных асаблівасцей хворага. У С. вял. роля належыць прынцыпу партнёрства, які ўлічваецца ў дыягностыцы, паходжанні парушэнняў і іх лячэнні.