АЎРЭ́ЛІЙ ВІ́КТАР (Секст) (Sextus Aurelius Victor),

рымскі гісторык 4 ст. Нарадзіўся ў Афрыцы. У 361 быў намеснікам Ніжняй Паноніі, у 389 — гар. прэфектам Рыма. Каля 360 напісаў кароткую гісторыю імператараў ад Аўгуста да Канстанцыя II «Пра цэзараў» («De Caesaribus»). Пазней гэты твор уключаны ў «Кароткую вытрымку пра цэзараў», дзе звесткі даведзены да 395, аўтарам якой памылкова лічылі Аўрэлія.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́Д-ШАХ ДУРАНІ́ (каля 1721—1773),

заснавальнік незалежнай афганскай дзяржавы (Дуранійскай дзяржавы). Служыў у іран. шаха Надзір-шаха, пасля смерці якога (1747) на чале афг. Атрадаў пайшоў у Афганістан, дзе аб’яднаў усе афг. плямёны. З 1747 шах Афганістана. У 1748—57 заваяваў Пенджаб, Кашмір, Сірхінд, Сінд, Харасан, Балх, Белуджыстан, у 1761 у бітве пры Паніпаце нанёс паражэнне маратхам.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТЫ́НЬ,

вёска ў Беларусі, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПнЗ ад г. Лунінец, 250 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Люшча. 1971 ж., 710 двароў (1995). Лесаперапрацоўчы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі магілы ахвяраў фашызму.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЎТС, Боўтс (Bouts) Дзірк (Ц’еры; каля 1415, г. Харлем, Нідэрланды — 6.5.1475), нідэрландскі жывапісец. Выкарыстоўваючы традыцыі Рагіра ван дэр Вейдэна і Я. ван Эйка, імкнуўся да пераканаўчасці і трапнасці дэталяў, вытанчанасці і маляўнічай дэкаратыўнасці жывапісу (алтар «Таямнічасць прычасця», 1464—67, абраз «Пакуты Святога Эразма...», 1466, дыптых «Правасуддзе Атона III», 1475, карціна «Пекла» і інш.).

Дз.Баўтс. Пекла. 15 ст.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БДА),

палітычная партыя беларусаў у Польшчы. Створана ў 1990 на базе Бел. клуба (дзейнічаў з 1989). Устаноўчы кангрэс БДА (10.2.1990, Беласток, каля 100 дэлегатаў) прыняў праграму і статут, адозвы да бел. эміграцыі і Бел. нар. фронту «Адраджэньнне». Асн. мэта — выказванне патрабаванняў бел. насельніцтва Польшчы і абарона яго інтарэсаў. Кіруючы орган — гал. рада. Выдае бюлетэнь «Беларускія навіны».

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬТ МАЛЫ́ (дацкае Lille Baelt),

заходні праліў у сістэме Дацкіх праліваў, паміж а-вамі Фюн і Эрэ на У, в-вам Альс і п-вам Ютландыя на З. Даўж. каля 130 км, найменшая шыр. 0,6 км. Глыб. на фарватэры 10 м. У суровыя зімы замярзае. Праз Бельт малы пабудаваны чыг. (на магістралі Гамбург—Капенгаген—Стакгольм) і 2 аўтамаб. масты.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка, за 26 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 0,2 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 3,2 м. Пл. вадазбору 1,3 км². Схілы катлавіны невыразныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ў прыбярэжнай частцы пясчанае, глыбей сапрапелістае. Бяссцёкавае. Каля берагоў зарастае.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАС (Bērōssos; каля 350—280 да н.э.),

вавілонскі жрэц. Заснавальнік астралагічнай школы на в-ве Кос. Аўтар «Гісторыі Вавілона» ў 3 кн. (на грэч. мове), дзе на падставе стараж. храмавых хронік апісаў перыяд ад стараж. часоў да смерці Аляксандра Вялікага. Кніга 1-я прысвечана астралогіі. Творы Бераса вядомы па асобных фрагментах і цытатах у працах ант. і візант. гісторыкаў.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙЛ-РО́ЯЛ (Isle Royale),

нацыянальны парк у ЗША, штат Мічыган. Засн. ў 1931. Знаходзіцца на воз. Верхняе (самае вял. прэснаводнае возера свету). Пл. каля 216 тыс. га, у т. л. 54 тыс. га сушы (в-аў Айл-Роял). Захоўваюцца першабытныя хвойныя і цвердалістыя лясы; бабры, разнастайная іхтыяфауна (46 відаў рыб) і арнітафауна (197 відаў птушак). Біясферны рэзерват.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІЎРО́З,

інвазійная хвароба коней, аслоў, мулаў, зебраў, якая выклікае парушэнне дзейнасці стрававальнага тракту, пашкоджанне скуры каля кораня хваста (зачос хваста). Узбуджальнік — вастрыца конская, што паразітуе пераважна ў абадочнай кішцы тоўстага кішэчніка. Яйцы развіваюцца ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца праз кармы, ваду, пры аблізванні навакольных прадметаў, забруджаных яйцамі вастрыц. Хварэюць часцей маладыя і старыя коні ў стойлавы перыяд.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)