адна з стылістычных фігур, намёк на агульнавядомы паліт., гіст.або літаратурны факт. Напр., П.Панчанка ў радках верша «Паэзія» («Кажуць, непатрэбшчына — // Рыфмы нават геніяў. // А што рабіць з трэшчынай? // Помніце? Гейнэ») апелюе да вобразнага выказвання Г.Гейне, што ўсе трэшчыны свету праходзяць праз сэрца паэта. Злоўжыванне алюзіяй можа прывесці да своеасаблівай зашыфраванасці сэнсу твора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАФО́РМЫ (ад гама... + лац. forma форма, вонкавы выгляд, абрыс),
словы, якія ў асобных граматычных формах супадаюць гучаннем і напісаннем, але не супадаюць значэннем. Амаформы могуць быць словамі той самай або розных часцін мовы, напр., «горы» (назоўны склон мн. л. назоўніка «гара») і «горы» (месны склон адз. л. назоўніка «гора»), «кліч» (назоўнік) і «кліч» (дзеяслоў загаднага ладу), «вусны» (назоўнік) і «вусны» (прыметнік) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МБРА (франц. ambre ад араб. анбар),
воскападобнае духмянае рэчыва, якое выдзяляецца кішэчнікам кашалота. Бывае ад шэрага, чорнага, карычневага да залацістага і белага колераў. Зрэдку амбру знаходзяць у вадзе або па берагах Індыйскага і Ціхага акіянаў.
Кавалкі амбры маюць круглаватую форму, масу ад некалькіх кілаграмаў да 400 кг. Добра раствараецца ў спірце, эфіры, алеях. Выкарыстоўваюць у парфумерыі як замацавальнік пахаў духоў. Замяняюцца штучнымі замацавальнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МФАРА (лац. amphora ад грэч. amphoreus),
у антычных грэкаў і рымлян гліняная або металічная пасудзіна з высокім горлам і 2 вертыкальнымі ручкамі. У амфары трымалі і перавозілі віно, алей, мёд, збожжа. На многіх амфарах ёсць малюнкі, арнаменты, надпісы. Знойдзены на многіх археал. помніках на тэр. Беларусі. На Русі 10—12 ст. вырабляліся амфарападобныя пасудзіны карчагі.
Старажытнагрэчаская чорнафігурная амфара. 6 ст. Да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКА́РСКАЯ БІ́ТВА 1402,
адбылася паміж войскамі сярэднеазіяцкага эміра Цімура і тур. султана Баязіда I пад Анкарой 28 (або 20) ліпеня. Цімуру ўдалося зайсці ў тыл тур. войскам, якія займалі абарону ў гарах, і акружыць Анкару. Атакі ўдвая меншага тур. войска, якое падышло да горада, былі адбіты. Пераход на бок Цімура анаталійскіх беяў паскорыў паражэнне Баязіда. Зыход бітвы прывёў да часовага распаду Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАРА́Т (ад лац. apparatus абсталяванне),
1) прылада, тэхн. ўстройства, прыстасаванне.
2) Сукупнасць дзярж. устаноў, арг-цый, якія абслугоўваюць якую-н. галіну кіраўніцтва, гаспадаркі і інш. 3) Наменклатурныя супрацоўнікі вышэйшых органаў кіравання.
4) Заўвагі, паказальнікі і інш. дапаможны матэрыял да навук. працы, выдання.
5) Сукупнасць органаў чалавека, жывёл або раслін, якія выконваюць якую-н. функцыю ў арганізме, напр. стрававальны апарат, дыхальны апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НКЕР-ЦЯГНІ́К,
транспартны сродак для бесперапыннай загрузкі, транспартавання і разгрузкі горнай масы. Складаецца з секцый-платформаў (без тарцовых сценак) на колава-рэйкавым ходзе. Секцыі ўтвараюць суцэльны жолаб-бункер, па дне якога пракладзены скрабалкавы або пласціністы канвеер для загрузкі і выгрузкі горнай масы. Бываюць са скрэпернай загрузкай-выгрузкай, з вібрацыйнымі секцыямі, адкіднымі днішчамі і інш. Умяшчальнасць бункера-цягніка звычайна 20—40 м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСО́ЛЬ (франц. boussole),
геадэзічны інструмент для вымярэння гарызантальных вуглоў паміж магнітным мерыдыянам і напрамкам на які-н. прадмет. Асн. часткі бусоля — магнітная вярчальная стрэлка, кольца з градуснымі дзяленнямі, дыёптры або аптычная труба для навядзення на прадмет. Выкарыстоўваюць пры правядзенні тапаграфічных і геадэзічных работ, таксама ў артылерыі (артыл. бусоль) для кіравання агнём, цэлеўказання і інш., пры правядзенні маркшэйдэрскіх здымак, арыенціроўцы горных вырабатак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПО́ЛЫМНАЕ ЎЗРЫВА́ННЕ,
спосаб узрывання, пры якім разбурэнне адбываецца ў выніку ўтварэння вял. аб’ёму негаручых газаў або газаў, што тушаць полымя. Пры бясполымным узрыванні выкарыстоўваюць спец. патроны: кардокс, гідрокс, эрдокс. Засн. на пераўтварэнні патэнцыяльнай энергіі ў кінетычную вадкіх, цвёрдых і газападобных пад высокім ціскам рэчываў, якія могуць хутка выпарацца, расшырацца ці хімічна ўзаемадзейнічаць. Выкарыстоўваецца ў шахтах, небяспечных на газ і пыл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННААБАВЯ́ЗАНЫ,
асоба, якая знаходзіцца ў запасе Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) ваеннаабавязанага перыядычна прызываюць на вучобу і праверачныя зборы, яму прысвойваюць адпаведныя званні воінскія. Пры абвяшчэнні мабілізацыі ваеннаабавязаны павінен з’явіцца на пункт збору ў тэрмін, указаны ў мабілізацыйным прадпісанні, павестцы або загадзе раённага (гарадскога) ваен. камісара. У некаторых краінах ваеннаабавязаныя называюцца рэзервістамі.