СВО́ЛЬНА,
рака ў Расіі і Беларусі, правы прыток р. Дрыса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 99 км, у т. л. ў межах Беларусі 93 км, пл. вадазбору 1510 км². Выцякае з воз. Нечарыца (Себежскі р-н Пскоўскай вобл.), вусце насупраць в. Цясты Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. (на левым беразе р. Дрыса). Цячэ па Асвейскай градзе і Полацкай нізіне. Асн. прытокі на Беларусі: Лонніца, Лешня (злева), Піжаўка, Водзьга (справа). Даліна трапецападобная, шыр. ў верхнім і сярэднім цячэнні 400—600 м, у ніжнім 800—1500 м. Схілы спадзістыя, месцамі ўмерана стромкія, выш. 10—20 м. Пойма перарывістая, месцамі забалочаная, шыр. 100—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае, шыр. 18—20 м, берагі стромкія. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 40% гадавога сцёку. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў 1-й дэкадзе крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 4,5 м, найб. 7,7 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,7 м³/с. Рака — водапрыёмнік меліярац. сістэм.
А.А.Макарэвіч.
т. 14, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,
дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст. Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.Опіц, які першы пачаў пісаць філас. грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.Г.Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.
Літ.:
Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
Г.В.Сініла.
т. 14, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНТЭТЫ́ЧНЫХ СМОЛ І ПЛАСТЫ́ЧНЫХ МАС ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці па вырабе сінт. палімераў і пластмас. Базавая сыравіна для іх вытв-сці — вуглевадароды нафтаперапрацоўкі.
У 1872 у ЗША выраблены цэлулоід (пластмаса са штучнага палімера нітрату цэлюлозы). У 1906—10 у Расіі і Германіі наладжаны выпуск матэрыялаў на аснове фенола-фармальдэгіднай смалы, у 1930-я г. ў ЗША, Германіі, СССР і інш. — полівінілхларыду, поліамідаў, полістыролу. Шырокае развіццё прам-сці пачалося пасля 2-й сусв. вайны; з 1950-х г. выпускаецца поліэтылен.
На Беларусі станаўленне прам-сці адбылося ў 1960-я г., калі пачаў працаваць Полацкі хім. камбінат. У 1975 на яго базе створана Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», дзе выпускаюць поліэтылен высокага ціску. Прадукцыя галіны вырабляецца на Гродзенскім вытворчым аб’яднанні «Азот» (капралактам), Магілёўскім вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно» (дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат), Лідскім лакафарбавым заводзе (алкідныя і поліэфірныя смолы, полівінілацэтатная дысперсія). Асн. спецыялізацыя галіны — вытв-сць палімераў для выпуску сінт. валокнаў, нітак, лакафарбавых матэрыялаў. У 1990 выраблена 751 тыс. т сінт. смол і пластмас (у т. л. 138 тыс. т поліэтылену), у 2000—480 тыс. т (у т. л. 109 тыс. т поліэтылену).
В.П.Сідоранка.
т. 14, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКАЗА́ННЕ ПРА ВІ́ЛЕНСКІХ ПАКУ́ТНІКАЎ ІАА́НА, АНТО́НІЯ, ЯЎСТА́ФІЯ», «Жыціе віленскіх (літоўскіх) пакутнікаў»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 15 ст. Напісана ў Візантыі ў 3-й чвэрці 14 ст. напачатку, верагодна, па-грэчаску, пасля перакладзена на царк.-слав. мову. У жыціі коратка выкладзена гісторыя пра трох язычнікаў з «Літоўскай зямлі», якія перайшлі ў хрысціянства, сталі гарачымі прыхільнікамі новай веры і дачасна скончылі жыццё пакутніцкай смерцю: паводле загаду князя іх павесілі. У аснову твора пакладзены, відаць, сапраўдны факт, але ён апісаны вельмі сцісла, даволі трафарэтна і схематычна. У жыціі мала гіст. рэалій, канкрэтных быт. дэталей, жыццёвай праўды. Толькі ў спісах усх.-слав. паходжання згадваецца літ. кн. Альгерд, адзначаецца, што падзеі адбываліся ў Вільні і падаюцца язычніцкія імёны герояў — Круглец, Няжыла, Кумец. «Сказанне...» бытавала ў розных зборніках, унесена ў «Вялікія Мінеі Чэцці» Макарыя (16 ст.), аднак бел.-літ. летапісы і хронікі гісторыю пра трох віленскіх пакутнікаў не адзначаюць. Самыя стараж. спісы — Віленскі і Бялградскі (15 ст.).
Літ.:
Сперанский М.Н. Сербское житие литовских мучеников. М., 1909.
В.А.Чамярыцкі.
т. 14, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Адкрыты ў 1929 у г. Слонім Гродзенскай вобл. па ініцыятыве краязнаўца І.І.Стаброўскага, які ў 1939 падараваў музею свае калекцыі. Ў Вял. Айч. вайну музей часткова разрабаваны. З 1945 наз. Баранавіцкі краязн. музей, з 1952 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 400 м², 5 залаў, больш за 20,5 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Сярод экспанатаў стараж. крамянёвыя прылады працы, каменны язычніцкі ідал 10 ст., ганчарны посуд, шкляныя і бронзавыя ўпрыгожанні, фрагменты тканіны, абутак 13 ст. з археал. помнікаў Слонімшчыны, скарбы манет 16—18 ст., фрагменты драўлянага водаправода 18 ст., калекцыя старадрукаў і рэдкіх кніг 16 — пач. 20 ст., пахавальны партрэт А.М.Пацея (гл. ў арт. Пацеі), сярэбраны футарал, у якім было пахавана яго сэрца, матэрыялы і дакументы пра падзеі часоў паўстанняў 1794, 1863—64, 1-й сусв. і Вял. Айч. войнаў, калекцыі прадметаў нар. побыту, адзення і твораў мастацтва 19 — пач. 20 ст., рэшткі жывёл ледавіковага перыяду, дыярамы змен расліннага і жывёльнага светаў. Музей наладжвае выстаўкі нар. ткацтва, вышыўкі, ганчарства, твораў мясц. мастакоў, прадметаў побыту і інш.
І.Р.Шпыркова.
т. 15, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́ЎНІК МО́ВЫ ПІСЬМЕ́ННІКА,
тып слоўніка, у якім падаюцца і тлумачацца словы, выкарыстаныя ў творах пэўнага аўтара або якім-небудзь адным яго творы, своеасаблівы дапаможнік для вывучэння моўнага і літ. стыляў пісьменніка, гісторыі літ. мовы той эпохі, калі пісьменнік жыў, для вызначэння яго месца і ролі ў літ.-моўным працэсе. Першы ўсх.-слав. слоўнік пісьменніка — «Слоўнік да твораў і перакладаў Дз.І.Фанвізіна» К.Пятрова (1904). Выдадзены «Слоўнік мовы Пушкіна» (т. 1—4, 1956—61), «Слоўнік мовы А.Міцкевіча» (т. 1—11, 1962—83), «Слоўнік мовы Шаўчэнкі» (т. 1—2, 1964), «Слоўнік Гётэ» (т. 1—2, 1966—82). На Беларусі складанне такіх слоўнікаў пачалося ў 2-й пал. 20 ст., першы з іх — рукапісны «Слоўнік мовы В.Дуніна-Марцінкевіча» С.М.Грабчыкава (каля 5600 слоў; фрагменты апубл. ў 1965). Створаны «Слоўнік мовы Францыска Скарыны» У.В.Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993). Выдаецца «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8 т. (т. 1—3, 1997—2001). Ін-т мовазнаўства Нац. АН Беларусі рыхтуе «Слоўнік мовы Я.Коласа».
І.У.Саламевіч.
т. 15, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ Слуцкая народная агульная гімназія Хаўрусу настаўнікаў,
сярэдняя навучальная ўстанова ў 1917—20 у г. Слуцк Мінскай вобл. Утворана ў ліп. 1917 па ініцыятыве камісара Слуцкага пав. пры Часовым урадзе Р.К.Астроўскага (першы дырэктар). Утрымлівалася за кошт субсідый Слуцкага пав. земства і платы за навучанне, атрымлівала грашовыя дапамогі ад урада БНР (у 1918), Часовага Бел. нац. к-та ў Мінску (у 1920). У розны час у склад пед. рады ўваходзілі: М.Штэрнаў (дырэктар у 1919—20), П.Я.Жаўрыд, А.Істочнікава, Э.Людвіг, А.Макарава, С.К.Петрашкевіч, П.Сутрыс, М.Травін, М.Ярац і інш. Навуч. праграма гімназіі будавалася на ўзор б. рас. гімназій, дадаткова ўведзены бел. мова (абавязковы прадмет), гісторыя і геаграфія Беларусі (факультатыўныя), якія выкладаліся на бел. мове. Асн. кантынгент навучэнцаў — сял. дзеці з навакольных вёсак. Гімназісты з бедных сем’яў вызваляліся ад платы за навучанне. Пры гімназіі дзейнічала бел. маладзёжная арг-цыя «Папараць-кветка». У верасні 1920 гімназія пераўтворана ў сав. школу 2-й ступені. У гімназіі вучыліся С.Бусел, Л.Рыдлеўскі, М.Каберац, А.Яцэвіч (Змагар) і інш.
У.В.Ляхоўскі.
т. 15, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СМАЛЕ́НСКІЯ ГРА́МАТЫ XIII—XIV стст.»
(«Смоленские грамоты XIII—XIV вв.»),
зборнік смаленскіх грамат 12—14 ст., выдадзены Інтам рус. мовы АН СССР у Маскве ў 1963. Апублікаваны комплекс актаў Смаленскай епархіі сярэдзіны 12 — пач. 13 ст. (паводле копій 16 ст.); дагавор пра ўмовы гандлю невядомага смаленскага князя з Рыгаю і Гоцкім берагам (в-аў Готланд) прыкладна 1223—25; дагавор 1229 Смаленска з Рыгаю і Гоцкім берагам (6 спісаў 13—14 ст.); судовая грамата смаленскага кн. Фёдара Расціславіча пра нямецкі звон 1284; пацвярджальныя граматы князёў Фёдара Расціславіча 1284, Аляксандра Глебавіча каля 1300, Івана Аляксандравіча 1-й пал. 14 ст.; грамата смаленскага кн. Юрыя Святаславіча пра саюз з каралём польскім і вял. князем ВКЛ Ягайлам 1386. Большасць грамат надрукавана з арыгіналаў. Выданне здзейснена найперш з лінгвістычнымі мэтамі з максімальным набліжэннем да арыгіналаў. Матэрыялы зборніка маюць вял. значэнне для асвятлення гісторыі Полацкай і Віцебскай зямель, якія ў 13—14 ст. мелі цесныя сувязі са Смаленскам, і гісторыі бел. мовы, бо ў смаленскіх граматах 13 ст. ўпершыню выявіліся рысы жывой бел. мовы.
т. 15, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНАПКО́ЎСКАЯ Святлана Валянцінаўна (н. 20.11.1954, Мінск),
бел. гісторык і педагог. Д-р гіст. н. (1999), праф. (2000). Скончыла БДУ (1979) і з 1980 працавала ў ім. У 1992—2001 заг. лабараторыі гісторыі адукацыі і этнапедагогікі Нац. ін-та адукацыі, адначасова ў 1997—2000 заг. кафедры педагогікі і псіхалогіі Бел. дзярж. ін-та ўдасканалення ўрачоў, з 2000 у Бел. пед. ун-це імя М.Танка. Даследуе гісторыю палітыкі царызму ў галіне адукацыі на Беларусі, педагогікі і асветы Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. — 1917. Адзін з рэдактараў калект. прац «Асвета і педагагічная думка на Беларусі: Бібліягр. паказ» (ч. 1—3, 1995—2001), «Народная педагогіка беларусаў» (1996).
Тв.:
Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі: З гісторыі школы і пед. думкі Беларусі канца XIX — пачатку XX ст. Мн., 1995;
Шляхі развіцця школы на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX ст. Мн., 1997;
Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998;
Гісторыя адукацыі і педагагічнай думкі Беларусі (60-я гг. XIX—пачатак XX ст.). Мн., 2001.
т. 15, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕГ,
цвёрдыя ападкі атмасферныя ў выглядзе сняжынак — снежных (ледзяных) крышталёў, разнастайных па форме, але з гексаганальнай асновай (шасцівугольная пласцінка, зорачка і інш.). Пры штылі і т-ры каля 0 °C сняжынкі зліпаюцца і ўтвараюць камякі дыяметрам да некалькіх сантыметраў. Ва ўмераных і высокіх шыротах С. — тыповы зімовы від ападкаў, які ўтварае снегавое покрыва. На Беларусі С. можа выпадаць з канца вер. да мая. У пераходныя месяцы можа спалучацца з дажджом (гл. Мяшаныя ападкі). Сярэдняя колькасць сутак са снегападам (0,1 мм/сут ці больш) складае ад 55 на ПдЗ да 82 на ПнУ і У. Сярэдняя працягласць выпадзення С. 8—9 гадз за суткі на Пд і 10—11 гадз на Пн. На працягу сутак у выглядзе С. звычайна выпадае 2—3 мм ападкаў (у пераліку на слой вады), або 2—3 кг на 1 м². Макс. зарэгістраваная ў 2-й пал. 20 ст. сутачная колькасць сухога С. склала 36,8 мм (18.1.1970, ст. Пружаны). Значны снегапад і асабліва мяцеліца пагаршаюць бачнасць. Вял. снегапады абломліваюць галіны дрэў у лясах і садах, парушаюць рух транспарту. Гл. таксама Снегавое покрыва, Снегазатрыманне.
т. 15, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)