О́ЗЫ (швед. ås літар. хрыбет, гара),

адносна вузкія, валападобныя, слабахвалістыя грады або ланцугі ўзгоркаў і валоў. Даўж. ад некалькіх дзесяткаў метраў да 7—10 км, шыр. каля падэшвы ад 20—30 да 150—200 м, адносныя вышыні ад 5—15 да 35—40 м, зрэдку да 80—90 м, стромкасць схілаў ад 5 да 30—45°. Грабяні пераважна вузкія, роўныя, зрэдку з няроўнай паверхняй, ускладненай купалападобнымі ўзвышшамі, тэрмакарставымі варонкамі і невял. катлавінамі.

Утварыліся ў час плейстацэнавых зледзяненняў ад намнажэння абломкавага матэрыялу ў рэчышчах і дэльтах водных патокаў, што цяклі на паверхні, у шчылінах ледавіка і пад ім. Паходжанне асобных О., складзеных з гліністых парод, звязана з выцісканнем парод знізу ў ледавіковыя поласці. Прымеркаваны да краявых утварэнняў, днішчаў і схілаў лагчын, былых зон «мёртвага» лёду. Арыентаваны прыблізна перпендыкулярна да краявых частак стараж. ледавікоў (радыяльныя О.) або цягнуцца паралельна ім (маргінальныя О.). Нярэдка перасякаюць азёры, утвараючы на іх выцягнутыя ланцугі астравоў і перашыйкаў, часам пераходзяць у камы. Складзены з пясчанага, жвірова-пясчанага матэрыялу з галькай і валунамі. У папярочным сячэнні тыповымі з’яўляюцца косая і перакрыжаваная слаістасці ў выглядзе кароткіх (да 3—8 м) слаёў, пачак і лінзаў магутнасцю да 1,5—3 м, у падоўжным — слаі і лінзы моцна выцягнутыя (да 10—20 м), слаістасць амаль гарызантальная. Адзначаюцца скіды і прасадкі слаістых серый, абумоўленыя нераўнамерным раставаннем пахаванага лёду, саліфлюкцыйнымі працэсамі і апоўзнямі О. могуць перакрывацца чахлом марэны. Пашыраны ў Канадзе, Германіі, Польшчы, на Скандынаўскім п-ве, у Прыбалтыцы, Карэліі (Расія) і інш.

На тэр. Беларусі каля 150 озавых град, найбольш на Беларускім Паазер’і, радзей у межах Беларускай грады. З О. нярэдка звязаны радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу.

В.​І.​Ярцаў.

т. 11, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТВ,

возера ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Бярэзіна, за 13 км на ПнЗ ад г. Рэчыца. Пл. 0,2 км². Поймавае.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РСА (ад лац. bursa сумка),

інтэрнат для бедных студэнтаў пры сярэдневяковых ун-тах. У дарэв. Расіі бурсамі наз. Інтэрнаты пры духоўных вучылішчах і семінарыях.

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХА́РАТ,

афіцыйная назва Індыі на мове хіндзі. Паходзіць ад стараж.-інд. назвы тэр. племені бхаратаў Бхаратаваршы (міжрэчча Джамны і Сатледж; «краіна ці царства бхаратаў»).

т. 3, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТРАХАЛО́ГІЯ (ад грэч. batrachos жаба + ...логія),

устарэлая назва раздзела заалогіі, які вывучае земнаводных. Часцей замяняецца больш шырокім паняццем — герпеталогія (даследуе і земнаводных, і паўзуноў).

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХР-ЭЛЬ-ДЖЭ́БЕЛЬ, Эль-Джэбель,

арабская назва р. Ніл у Паўд. Судане (ад упадзення справа р. Асва да вусця левага прытока р. Эль-Газаль).

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́СТА... (ад грэч. blastos парастак, зародак),

першая састаўная частка складаных слоў — біял. і мед. тэрмінаў, якая паказвае на сувязь з зародкам, напр. бластамікозы, бластацыста.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДШЧЭ́П,

асколак, адбіты адбойнікам ад кавалка крэменю або нуклеуса першабытным чалавекам каменнага і бронзавага вякоў. Выкарыстоўваліся на выраб прылад працы — нажоў, сярпоў і інш.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАТЭМІ́Я (ад азот + грэч. haima кроў),

празмерная колькасць у крыві азотазмяшчальных прадуктаў бялковага абмену. Абумоўліваецца недастатковасцю выдзяляльнай функцыі нырак і мочавыдзялення, павышаным распадам бялку.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕА... (ад грэч. archaios старажытны, старадаўні),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «старажытны», «які адносіцца да старажытнасці», напр., археалогія, археаптэрыкс.

т. 1, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)