МАРЦІНО́ЎСКІ (Яўген Іванавіч) (19.3. 1874, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 25.7.1934),

бел. і расійскі вучоны ў галіне паразіталогіі і інфекц. хвароб, адзін з арганізатараў барацьбы з малярыяй у СССР. Д-р мед. н. (1909). Скончыў Маскоўскі ун-т (1899). Працаваў у Маскве: з 1921 арганізатар і дырэктар Ін-та малярыі, паразіталогіі і гельмінталогіі (наз. яго імем), з 1923 у Маскоўскім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні лейшманіёзаў, малярыі, спірахетозаў і вывучэнні членістаногіх — пераносчыкаў узбуджальнікаў хвароб.

Тв.:

Этиология «восточной язвы» (bouton d’Orient) и краткие сведения об этой болезни. М., 1909.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1371,

бітва на р. Марыца (пры Чарнамене, на З ад сучаснага тур. г. Эдырне) паміж тур. войскамі і апалчэннем народаў Паўд.-Усх. Еўропы (сербаў, харватаў, баснійцаў, балгар, венграў, валахаў і інш.), якое сабраў паўднёвасербскі кароль Вукашын. У ноч на 26 вер. туркі знянацку атакавалі колькасна пераўзыходзячае іх саюзнае войска, якое не мела адзінага камандавання, і знішчылі яго. У бітве загінуў Вукашын. М.б. адкрыла тур. заваёўнікам шлях у глыб Балканскага п-ва. Яны авалодалі Зах. Фракіяй, амаль усёй Македоніяй, значнымі часткамі Сербіі і Балгарыі.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1547.

Выклікана ўзмацненнем падатковага цяжару і ўціскам гар. нізоў дзярж. адміністрацыяй у гады малалецтва цара Івана IV. Хваляванні пачаліся пасля спусташальнага пажару ў Маскве 21 чэрвеня. Прыдворная баярская групоўка, каб адцягнуць ад сябе нар. гнеў, пусціла чутку, быццам Маскву падпалілі сваякі маладога цара князі Глінскія. Паўстанцы забілі кн. Ю.​В.​Глінскага і многіх яго набліжаных, разрабавалі двары Глінскіх і інш. асоб, якіх лічылі падпальшчыкамі. Паўстанцы патрабавалі ад Івана IV, які хаваўся ў падмаскоўным с. Вараб’ёва, выдаць астатніх Глінскіх. Выкарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, урад да 29 чэрв. падавіў паўстанне.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ЧАКА́ННЕ, сярэдняе значэнне,

лікавая характарыстыка выпадковай велічыні X. Абазначаецца MX або EX. Характарызуе размяшчэнне значэнняў велічыні X і роўнае сярэдняму значэнню яе размеркавання. З вялікіх лікаў закона вынікае, што сярэдняе арыфм. значэнне велічыні X пры павелічэнні колькасці выпрабаванняў набліжаецца да MX. Паняцце М.ч. ўзнікла ў 18 ст. ў сувязі з тэорыяй азартных гульняў: калі выйгрышы гульца прымаюць значэнні X1, X2, ..., Xn з імавернасцямі p1, p2, ..., pn, дзе p1 + p2+ ... + pn = 1, то яго чаканы выйгрыш за гульню роўны MX = Xlp1 + X2p2 + ... + Xnpn (адсюль назва).

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАВА́Р ((Medawar) Пітэр Браян) (28.2.1915, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 2.10.1987),

англійскі біёлаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1949). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939), працаваў у ім. З 1947 праф. Бірмінгемскага, з 1951 — Лонданскага ун-таў. У 1962—71 дырэктар Нац. ін-та мед. даследаванняў у Лондане. Навук. працы па росце і старэнні арганізма, яго рэакцыях на перасадку тканак ( у т. л. імунарэакцыях), трансплантацыйных антыгенах і антылімфацытарных сываратках. Адкрыў з’яву набытай імунаталерантнасці і ўзнавіў яе ў эксперыменце. Нобелеўская прэмія 1960 (разам з Ф.М.Бёрнетам).

П.Б.Медавар.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1501.

Выдадзены 25.10.1501 новаабраным каралём польскім Аляксандрам (вял. князь ВКЛ з 1492) у г. Мельнік (Падляшскае ваяв. ВКЛ, цяпер у Польшчы). Быў вымушанай уступкай Аляксандра польскай магнацкай алігархіі пры заключэнні уніі ВКЛ і Польшчы (гл. Мельніцкі акт 1501). Паводле М.п. без згоды сената дзеянні караля не мелі юрыд. сілы. Пры парушэнні дзярж. актаў каралём сенат меў права яго дэтранізаваць і абраць новага. Шырокае супраціўленне шляхты Польшчы і ВКЛ устанаўленню магнацкай алігархіі дазволіла каралю не выконваць палажэнні М.п. Скасаваны ў 1504—05.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАБІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ навакольнага асяроддзя,

прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе нехарактэрных для яго або надзвычайнае павелічэнне колькасці пастаянна прысутных у ім відаў мікраарганізмаў; форма біялагічнага забруджвання. Вынік прыроднага пераносу мікраарганізмаў (паветр. плынямі, жывёламі, з насеннем і інш.), масавага іх размнажэння на антрапагенных (бытавыя адходы, сцёкавыя воды і інш.) ці змененых чалавекам прыродных субстратах і інш. Часта спадарожнічае біятычнаму (непажаданымі біягенамі, напр., угнаеннямі, выдзяленнямі арганізмаў, трупамі) і механічнаму забруджванню. Найб. небяспечнае М.з. мікробамі, патагеннымі для чалавека, жывёл і раслін або здольнымі пры пэўных умовах набываць патагенныя ўласцівасці (сінягнойная. кішэчная палачка і інш.).

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІ ((Meany) Джордж) (16.8.1894, Нью-Йорк — 10.1.1980),

прафсаюзны дзеяч ЗША. У 1910—22 рабочы-водаправодчык. У прафс. руху з 1915. З 1922 адзін з кіраўнікоў аддзялення прафсаюза водаправодчыкаў у Нью-Йорку. У 1934—39 старшыня філіяла Амерыканскай федэрацыі працы (АФП) у штаце Нью-Йорк. З 1940 сакратар-скарбнік, з 1952 старшыня АФП. У 1955—79 старшыня Амерыканскай федэрацыі працыКангрэса вытворчых прафсаюзаў, якая пад яго ўплывам выйшла з Міжнар. канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў (1969). З 1948 чл. грамадскага дарадчага апякунскага савета за «эканам. кааперацыю адміністрацыі».

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДУЛЬ у матэматыцы, 1) М. вектара — адна з характарыстык вектараяго даўжыня (норма). Абазначаецца | a | = a . М. вектара a = { a1 a2 a3 } вылічваецца па формуле | a | = a 1 3 + a 2 2 + a 3 2 .

2) М. камплекснага ліку a + i b — неадмоўны лік r = a2 + b2 . М. сапраўднага ліку часта наз. абсалютнай велічынёй гэтага ліку.

3) М. пераходу ад сістэмы лагарыфмаў з асновай a да сістэмы лагарыфмаў з асновай b з’яўляецца лік M = 1 / logab ; ( logbN = MlogaN ) .

т. 10, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКІМІ́ (Мухамад Амін-хаджа) (1.5.1851, г. Каканд, Узбекістан — 25.5.1903),

узбекскі паэт-асветнік. Вучыўся ў медрэсэ Каканда, Бухары, Ташкента. Паэт. спадчына М. жанрава разнастайная (газелі, мухамас, рубаі і інш.), прасякнута сац. зместам. Пачынальнік новага жанру ў узб. л-ры — дарожных нататкаў. У вершаваным «Апісанні падарожжаў» паказаў багацце прыроды, а таксама сац. кантрасты ў краіне. Яго творы адметныя надзённасцю тэм, дакладнасцю характарыстык, выразнасцю маст. сродкаў, лаканізмам, музычнасцю мовы. Вершаваныя і празаічныя лісты М. да сяброў — пачатак эпісталярнага стылю ў нац. л-ры.

Тв.:

Рус пер. — Избранное. Ташкент, 1958.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)