азонавы экран, слой у межах стратасферы з павышанай канцэнтрацыяй азону (на выш. 20—25 км у 10 разоў большая, чым каля паверхні Зямлі). Затрымлівае асн.ч. пагібельнага для ўсяго жывога касм. выпрамянення. Максімум азону ў азанасферы прыпадае на вясну, мінімум — на восень. З сярэдзіны 1980-х г. над Антарктыдай было зафіксавана перыяд. знікненне азону (азонавая дзірка), зменшылася яго колькасць і над іншымі тэрыторыямі. Мяркуюць, што ўзнікненне і пашырэнне азонавых дзірак тлумачыцца ўздзеяннем на азанасферу выкідаў у атмасферу хлорфторвугляродаў (фрэонаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁМША (Іван Паўлавіч) (1851, в. Лучыцы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 1916),
бел.нар. казачнік. У рэпертуары Азёмшы паданні, легенды, казкі, апавяданні на фантаст. і касмаганічныя сюжэты. Яго цікавілі пытанні пра стварэнне свету і чалавека, пра душу, замагільнае жыццё і г.д. Яркай гутарковай мовай расказваў сатыр. бытавыя казкі, у якіх маляваў каларытныя вобразы зайздроснага папа, прагнага багацея і спрытнага мужыка («Мужык, пан і ксёндз», «Завідны поп», «Завісны багатыр», «Вада памагла», «Хаўрус» і інш.). З 80 твораў у кн. А.К.Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911) 32 запісаны ад Азёмшы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні, вытворныя азоціставадароднай кіслаты HN3. Неарганічныя азіды — X(N3)n, дзе Х — метал, n — ступень яго акіслення, пры трэнні, награванні раскладаюцца з выбухам (акрамя азідаў шчолачных і шчолачна-зямельных металаў). Атрымліваюць узаемадзеяннем соляў металаў з NaN3. Арганічныя азіды — алкіл- і арылазіды RN3 і ацылазіды RC(O)N3 узрываюцца пры награванні, лёгка адшчэпліваюць азот, пры гэтым ацылазіды перагрупоўваюцца ў ізацыянаты. Атрымліваюць узаемадзеяннем NaN3 з галагенвытворнымі аліфатычных і араматычных злучэнняў. Неарган. азіды цяжкіх металаў выкарыстоўваюцца як ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы, арган. азіды — паўпрадукты арган. сінтэзу, гербіцыды (азіпратрын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЁМ,
адна з колькасных характарыстык геам. цела; вымяраецца колькасцю змешчаных у целе кубаў з рабром, роўным адзінцы даўжыні. Для вымярэння аб’ёму складаных цел яны змяшчаюцца ў прамавугольны паралелепіпед, які разбіваецца плоскасцямі, паралельнымі яго граням, на n кубаў з рабром A.
Няхай Vn — сума аб’ёму кубаў, якія цалкам змяшчаюцца ў целе, а Wn — сума аб’ёму кубаў, што маюць хаця б адзін пункт цела. Калі граніцы і пры бязмежным змяншэнні A да O супадаюць, то іх агульнае значэнне V вызначае аб’ём цела. Адзінка аб’ёму ў СІм³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БІХТ ((Abicht) Рудольф) (9.8.1850, г. Намыслаў, Польшча — 12.2.1921),
нямецкі філолаг-славіст, адзін з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. культуры ў Германіі. З 1900 праф.слав. філалогіі Вроцлаўскага (Брэслаўскага) ун-та. У працах «Паказальнік крыніц Супрасльскага рукапісу» (1893—98), «Слова аб палку Ігаравым» (1895) даследаваў стараж.-бел. помнікі. Бел. матэрыялы і пераклады друкаваў у газ. «Гоман», «Deutschland» («Германія»), «Wilensker Zeitung» («Віленская газета») і інш. У сааўт. з Я.Станкевічам выдаў бел. буквар «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» (Вроцлаў, 1918); пры яго садзейнічанні выйшаў зб. «Беларусь» (Берлін, 1919).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗО́К,
малая празаічная форма ў бел. л-ры — замалёўка з слабаразгорнутым сюжэтам або без яго. У абразку павялічваецца вобразна-экспрэсіўная нагрузка слова, яму ўласціва больш цеснае адзінства выказвання і настраёвасці. Як асобны від эпасу ўзнік на хвалі ажыўлення рамантызму ў канцы 19 — пач. 20 ст.Асн. разнавіднасці абразка: рэалістычна-бытавы («Пяць лыжак заціркі» З.Бядулі), алегарычна-сімвалічны («Камень» Я.Коласа), сатырычны («Сведка» Ф.Багушэвіча). У сучаснай л-ры да жанру абразка часта звярталіся М.Стральцоў, Ф.Янкоўскі, А.Карпюк, Я.Брыль, Б.Сачанка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЫШУ́ЛЕР (Сямён Аляксандравіч) (24.9.1911, г. Віцебск — 1983),
савецкі фізік. Чл.-кар.АНСССР (1976). Скончыў Казанскі ун-т (1932), дзе працаваў з 1935 (з 1955 праф.). Навук. працы па радыёспектраскапіі і парамагнетызме. У 1934 сумесна з І.Я.Тамам выказаў ідэю аб існаванні ў нейтрона магн. моманту і дакладна вызначыў яго знак і велічыню. Прадказаў і даў тэорыю акустычнага парамагн. рэзанансу (1952). Прапанаваў метад атрымання звышнізкіх тэмператур, заснаваны на адыябатычным размагнічванні ядз. спінаў.
Тв.:
Электронный парамагнитный резонанс соединений элементов промежуточных групп. 2 изд. М., 1972 (разам з Б.М.Козыравым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮВІЯ́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ,
нізінныя прасторы, якія ўтварыліся ў выніку акумуляцыйнай дзейнасці вял. рэк на месцы шырокіх і доўгіх паніжэнняў зямной паверхні [напр., Паданская раўніна (Італія), Вял. Кітайская раўніна]. Паверхня алювіяльных раўнін складаецца з шырокіх поймаў, фрагментаў рачных тэрас. На Беларусі найб. паніжаныя месцы (да 130 м над узр. м.) з амаль плоскім рэльефам заняты балотамі і забалочанымі ўчасткамі з пясчанымі дзюнамі (выдмамі). Значныя ч.Бел. Палесся (Гомельскае і Прыпяцкае Палессі) — фрагменты алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін, дзе на месцы Прыпяцкага прагіну намножыліся водна-ледавіковыя адклады, алювій Дняпра і яго прытокаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНІФІКА́ЦЫЯ (ад амоній + лац. facio раблю),
працэс раскладання мікраарганізмамі арган. азоцістых рэчываў глебы з вылучэннем аміяку. Мае вял. значэнне ў кругавароце азоту ў прыродзе і жыўленні раслін. У аманіфікацыі ўдзельнічаюць гніласныя бактэрыі, актынаміцэты, плесневыя грыбы. Аманіфікацыі падвяргаюцца рэшткі раслін, жывёл, якія загінулі, гумус, арган. ўгнаенні і інш. Аміяк, што выдзяляецца пры аманіфікацыі, часткова выкарыстоўваецца мікраарганізмамі ў сінтэзе бялкоў уласных клетак. Большая колькасць яго ператвараецца ў глебе ў аманійныя солі, якія засвойваюцца раслінамі, частка акісляецца да нітратаў (гл.Нітрыфікацыя). Лепш працякае ў слабакіслых і нейтральных, дастаткова ўвільготненых глебах, што добра аэрыруюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКІ БЕ́ЛЫ МАТЫ́ЛЬ (Hyphantria cunea),
матыль сямейства мядзведзіц. Радзіма — Паўн. Амерыка. У Еўропе ўпершыню выяўлены ў Венгрыі (1940). Пашырыўся па інш. краінах Еўропы. Шкодзіць раслінаводству.
Размах крылаў 2,0—3,5 см. У некаторых асобін на брушку і крылах дробныя чорныя плямкі. Вусені даўж. 2,5—3,5 см, усёедныя, кормяцца больш як на 200 відах раслін. За год 2 пакаленні. Матылі першага пакалення вылятаюць у маі, другога — у ліпені—жніўні. Адкладаюць 300—2500 яец на ніжнюю паверхню ліста. Вусені шкодзяць раслінам. Меры барацьбы: каранцін, апрацоўка раслін спец. прэпаратамі.