ЛЁСІК (Язэп) (Іосіф) Юр’евіч (18.11. 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1.4.1940),
бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад.АН Беларусі (1928). Дзядзька Я.Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898—99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ.«Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ.«Вольная Беларусь» (1917—18). На з’ездзе бел.нац. арг-цый і партый выбраны ў Выканаўчы к-тЦэнтр. рады бел. арг-цый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У час акупацыі Беларусі герм. і польск. войскамі працаваў у Мінску. Уваходзіў у Раду БНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма П, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГадзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў Раду БНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) стаў старшынёй Найвышэйшай рады БНР. Пасля грамадз. вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні сав. улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культ.-асв., літ. працай. З 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадз.чл. Ін-та бел. культуры, у 1928 — акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Ін-та навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асн. дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў ліст. 1922 Л. арыштаваны. Абараніў яго тагачасны нарком асветы БССР У.М.Ігнатоўскі, і Л. быў вызвалены. У 1930 Л. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНКБССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Мінск. З 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрв. 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую аптацыю». Паводле афіц. версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988.
Л. належыць шэраг літ. твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М.Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Л. падрыхтаваў да друку зб.маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Л. 1917—20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нац. адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі бел.нац. культуры даследаваў у арт. «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Л. быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з’езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Л. перайшоў на пазіцыі незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы; Марфалогія» (1927).
Тв.:
Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча // Полымя. 1991. № 12;
Творы: Апавяданні, казкі, арт.Мн., 1994;
Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. № 4.
Літ.:
Гарэцкі М. Язэп Лёсік // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Мн., 1995;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУЛЕ́Й ((Apuleius) Луцый) (каля 125, г. Мадаўра, Паўн. Афрыка — каля 180),
старажытнарымскі пісьменнік, аратар. Адукацыю атрымаў у Карфагене і Афінах. З яго літ. спадчыны дайшла невял. частка: авантурна-алегарычны раман «Метамарфозы» («Залаты асёл») у 11 кнігах з устаўнымі навеламі (у т. л. казка пра Амура і Псіхею, кн. 4—6), у якім рэаліст. і сатыр. малюнкі з жыцця рымскай правінцыі 2 ст.н.э. спалучаюцца з эротыкай, фантастыкай і містыкай, — адзін з першых псіхал. раманаў у еўрап. л-ры; «Апалогія, ці Слова ў абарону супраць абвінавачання ў магіі»; зб. урыўкаў з рытарычных прамоў Апулея «Фларыды»; навукова-філас. трактаты і інш. На бел. мову «Метамарфозы» пераклаў П.Бітэль.
Тв.:
Бел.пер. — Метамарфозы, ці Залаты асёл // Лонг. Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою...: Раманы. Мн., 1991;
Рус.пер. — «Метаморфозы» (и другие сочинения): Пер. с лат.М., 1988.
Ілюстрацыя М.Селешчука да рамана Апулея «Залаты асёл». Мінск. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 25.8.1953, г. Полацк),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн.літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКІ (Кірыла Пракопавіч) (30.1.1895, в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.1.1968),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, гасп. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1943), Герой Сац. Працы (1958). Скончыў Камуніст.ун-т меншасцяў Захаду імя Мархлеўскага ў Маскве (1930). З 1915 у арміі, з 1918 у Аршанскай і Бабруйскай надзвычайнай камісіях (ЧК), камандзір атрада на Бабруйшчыне, на падп. рабоце ў Коўне. У 1922—25 камандзір партыз. атрада ў Зах. Беларусі. У 1930—36 у органах ДПУ—НКУС Беларусі. Удзельнік нац.-вызв. вайны ў Іспаніі 1936—39. У 1940—42 у Кітаі. У 1942—43 камандзір спец. атрада НКДБСССР «Сокалы». З 1944 старшыня калгаса «Рассвет» на радзіме. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—51, Вярх. Савета СССР з 1950. Імя Арлоўскага прысвоена калгасу «Рассвет», у в. Мышкавічы ўстаноўлены бюст Арлоўскаму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛІЦКІ (Антон Васілевіч) (17.9.1891, в. Балічы Гродзенскага р-на — 31.10.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916). З 1916 у арміі. У 1917—20 удзельнічаў у гуртаванні беларусаў-вайскоўцаў на Румынскім фронце, арганізоўваў бел. школы ў Адэсе. У 1920 уступіў у Камуніст. партыю. З кастр. 1921 нам. наркома, з 1926 нарком асветы БССР. З 1924 правадз.чл. Ін-та бел. культуры. Адзін з творцаў і праваднікоў дзярж. палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі нац.-культ. будаўніцтва. Канд. у чл.ЦККП(б)Б у 1929—30, чл.ЦВКБССР. У 1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», засуджаны на 10 гадоў лагераў. 30.9.1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.
Літ.:
Васілеўская Н.У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме (пра наркома асветы Беларусі А.В.Баліцкага). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГ,
хуткае перамяшчэнне, адзін з відаў фізічных практыкаванняў; састаўная частка амаль усіх відаў спорту. У лёгкай атлетыцы бег складае каля 2/3 усіх яе відаў. Спаборніцтвы па бегу праводзіліся ў Стараж. Егіпце, Асірыі, Стараж. Грэцыі; бег быў асновай стараж. Алімпійскіх і інш. гульняў. Адрозніваюць бег аздараўленчы і спарт., гладкі (па роўнай паверхні — дарожка стадыёна, шаша) і з перашкодамі (бар’ерны, стыпльчэйз, крос). Паводле відаў бег падзяляюць на спрынт (бег на кароткія дыстанцыі — 60, 100, 200, 400 м), мітэльштрэкерскі (на сярэднюю адлегласць — 800, 1000, 1500, 2000 м), стаерскі (на доўгія і звышдоўгія дыстанцыі — 3000, 5000, 10 000, 20 000, 30 000 м), марафонскі бег (42 км 195 м), бар’ерны (100, 110, 200, 400 м, на кожнай дыстанцыі па 10 бар’ераў), стыпльчэйз (3000 м, 5 бар’ераў, пасля апошняга — яма з вадой). Усе спаборніцтвы па бегу, за выключэннем марафона, кросу і звышдоўгіх дыстанцый, праводзяць на стадыёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РМІНГЕМ (Birmingham),
горад у цэнтр.ч. Вялікабрытаніі. Адм. ц. метрапалітэнскага графства і гал. горад канурбацыі Уэст-Мідлендс. 1009 тыс.ж. (1992), другі па колькасці насельніцтва (пасля Лондана) горад краіны. Аэрапорт. Адзін з гал. цэнтраў цяжкай прам-сці (у асн. машынабудавання і металаапрацоўкі). Аўта- і авіябудаванне і сумежныя прадпрыемствы, эл.-тэхн., станкабуд., гумавая (у т. л.вытв-сць шынаў); хім., шкляная прам-сць; чорная (пераважна перапрацоўчая) і каляровая металургія. Вытв-сцьчыг. абсталявання і вагонаў. Ваен.прам-сць. Бірмінгема здаўна вядомы ювелірнымі вырабамі. 2 ун-ты. Музеі. Маст. галерэя. Помнікі архітэктуры: царква св. Марціна (13 ст.), сабор св. Філіпа (18 ст.), ратуша (19 ст.).
Узнік на месцы паселішча англасаксаў (упамінаецца з 11 ст.). З 12 ст. вядомы сваімі кірмашамі. З канца 16 ст. цэнтр па вытв-сці вырабаў з металу. У 1775 пачала дзейнічаць першая ф-ка паравых машын. У 2-ю сусв. вайну разбураны герм. авіяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗАВІ́ЛЬ (Brazzaville),
горад, сталіца Конга. Размешчаны на правым беразе р. Конга, насупраць г. Кіншаса (Заір). Вылучаны ў асобную адм. акругу. 760,3 тыс.ж. (1990). Рачны порт. Чыгункай і шашой злучаны з марскім портам Пуэнт-Нуар. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл. і фін. цэнтр краіны. Тэкст., швейная, запалкавая, тытунёвая, харчасмакавая (алейная, піваварная, рыбаперапр.), дрэваапр., папяровая, абутковая, металаапр., хім.прам-сць. Суднарамонт. Саматужныя разьбярства па дрэве, выраб маст. керамікі. Ун-т. Пастэраўскі ін-т. Нац. музей.
Засн. ў 1880 франц. даследчыкам і падарожнікам П.С. дэ Браза на месцы стараж. негрыцянскага паселішча. Паліт. і гандл. значэнне набыў на мяжы 19 і 20 ст. У 1905—10 адм. ц.Франц. Конга, у 1910—58 — Франц. Экватарыяльнай Афрыкі і Сярэдняга Конга. У 2-ю сусв. вайну адзін з асн. апорных пунктаў руху «Свабодная Францыя» (з 1942 «Змагарная Францыя»), які ўзначальваў Ш. дэ Голь. З 1960 сталіца Конга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́Д (Akkad),
Агадэ, стараж. горад (пазней і вобласць) на ПнМесапатаміі, на ПдЗ ад сучаснага Багдада (дакладнае месца невядома). Адзін з найстараж. цэнтраў семітычнага насельніцтва Вавілоніі. У 24—22 ст. да н.э. сталіца дзяржавы Саргана Стараж. (Акадскага), куды ўваходзілі Месапатамія і Элам. Каля 2200 да н.э. разгромлены гуціямі, страціў сваё значэнне.
Мастацтва Акада пераняло і развівала маст. традыцыі Шумера. Аднак помнікі мастацтва Акада (24—22 ст. да н.э.) адметныя большай разнастайнасцю тэм (фальклорныя, міфалагічныя сюжэты ў гліптыцы) і кампазіцый. Тыповымі з’яўляюцца мнагапланавыя аб’ёмныя рэльефы з экспрэсіўнай перадачай руху, элементамі пейзажу. Нешматлікія помнікі мастацтва Акада, што захаваліся, адносяцца да 23 ст. да н.э. (каменныя стэлы цароў Саргана і Нарамсіна з плоскарэльефнымі ваеннымі сцэнамі, бронзавая галава правіцеля з Ніневіі, цыліндрычныя пячаткі са сцэнамі палявання). Рэшткі палацавага комплексу Эшнуны (сучасны Тэль-Асмар) сведчаць аб высокім узроўні буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РТА (Alberta),
правінцыя на ПдЗ Канады. Пл. 661,2 тыс.км², нас. 2545 тыс.чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Эдмантан. Найб. гарады Калгары, Форт-Саскачэван. Гар. насельніцтва каля 77%. Значная ч. тэрыторыі занята плато Вялікія раўніны, на ПдЗ Скалістыя горы. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры (у Эдмантане) студз. -15 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Найб. рэкі Піс-Рывер і Атабаска, азёры Атабаска, Клэр, Малое Нявольніцкае. Вядучае месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці. Здабываюць 88% нафты і газу, 40% каменнага вугалю (ад агульнай здабычы ў Канадзе), уран, серу і інш. Развіты нафтаперапрацоўка, нафтахімія, каляровая металургія, машынабудаванне, харч.прам-сць. Дае каля 20% с.-г. прадукцыі Канады. Вырошчваюць пшаніцу (каля 25%), ячмень (40%), цукр. буракі (50% ад агульнага збору ў Канадзе). Адзін з найб. раёнаў краіны па развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны; нафта- і газаправоды.