ПСІХРАФІ́ТЫ [ад грэч. psychros халодны + ...фіт(ы)],
расліны, што растуць на вільготных і халодных глебах (высокія шыроты, высакагор’і). Прыстасаваныя да працяглай зімы, нізкай т-ры паветра і глебы, кароткага вегетац. перыяду, паніжанага забеспячэння раслін пажыўнымі рэчывамі, невял. колькасці ападкаў, адносна высокай вільготнасці паветра, моцных вятроў, якія высушваюць глебу летам і ўшчыльняюць снежнае покрыва зімой, і інш. Да П. адносяцца некат. водарасці і лішайнікі, з вышэйшых раслін — дрыяда, кедравы сланік, рададэндран камчацкі і інш. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна (для выспявання насення вегетац. перыяд вельмі кароткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦАЛА́НЫ (італьян. pozzolana ад назвы італьян.г. Пацуолі, каля якога здабывалі П.),
вулканагенна-асадкавыя і асадкавыя горныя пароды з уласцівасцю паглынаць аксід кальцыю CaO з вапнавых раствораў. Паводле складу сярод П. адрозніваюць вулканічныя туф, попел, шкло, таксама цэалітавыя пароды, трэпел, дыятаміт і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці дабавак у вытв-сці вяжучых матэрыялаў, т.зв. пуцаланавых цэментаў (гідраўлічная актыўнасць П., што вызначаецца паглынаннем CaO за 30 сут, складае 350—500 мг на 1 г дабаўкі). Буйныя радовішчы ў Італіі, Крыме, Арменіі, на Паўн. Каўказе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДВАЛЬНЫ ЦЭ́НТР,
1) умоўная назва цэнтральнага апарата знешняй разведкі, які ажыццяўляе арганізацыю і кіраўніцтва разведвальнай дзейнасцю за рубяжом, а таксама на тэр. сваёй краіны (з пазіцый мін-ваў і ведамстваў, што маюць замежныя сувязі). Р.ц. арганізоўвае і накіроўвае дзейнасць рэзідэнтур, камплектуе іх кадрамі, забяспечвае мат.-тэхн. і фін. сродкамі, а таксама вядзе цэнтралізаваны ўлік.
2) Цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі разведчыкаў. Усе спецслужбы свету маюць спец. вучэбныя ўстановы, дзе рыхтуюць кадравых супрацоўнікаў падраздзяленняў разведкі і контрразведкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́НЫЯ СІСТЭ́МЫ, сістэмы з размеркаванымі параметрамі,
фізічныя сістэмы, якія складаюцца з элементаў, неперарыўна размеркаваных у канечнай вобласці прасторы. Рухі і змены, што ў іх адбываюцца, перадаюцца ад аднаго элемента да другога і не могуць ідэалізавацца як змены стану асобных аб’ектаў (мас, палёў і інш.) з фіксаванай унутр. структурай. Усе рэальныя сістэмы можна разглядаць як Р.с., параметры якіх (шчыльнасць, пругкасць, эл. супраціўленне, індукцыйнасць і інш.) мяняюцца ад пункта да пункта неперарыўна. Напр., мех. Р.с. — струна, мембрана, эл. Р.с. — антэна, рэзанатар, лінія электраперадач, хвалявод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ХІ», «Вехи: Сборник статей о русской интеллигенции». Выдадзены ў 1909 у Маскве групай рас.рэліг. філосафаў і публіцыстаў. Да крас. 1910 перавыдадзены 4 разы. Аўтары С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў, М.В.Гершэнзон, А.С.Ізгоеў, Б.А.Кісцякоўскі, П.Б.Струве, С.Л.Франк выступалі з крытыкай ідэалогіі і практ. установак рэвалюцыйна і сацыялістычна настроенай інтэлігенцыі — атэіст. матэрыялізму, паліт. радыкалізму і насілля. Зыходным пунктам «вехаўскай» крытыкі быў тэзіс, штоўнутр. духоўна-рэліг. жыццё асобы з’яўляецца «адзінай творчай сілай чалавечага быцця», «трывалым базісам», на якім можна ўзвесці будынак грамадскіх адносін. На думку аўтараў, класавая барацьба і сац. рэвалюцыя катастрафічныя і гібельныя для грамадства, а ідэалогія адмаўлення абсалютных каштоўнасцей, вера ў зямны рай і ідэалізацыя народа (у марксізме — пралетарыяту), грэбаванне інтарэсамі асобнага чалавека паказалі сваю нежыццяздольнасць, завялі рас. грамадства ў тупік. У процівагу рэв. ідэалогіі «Вехі» прапанавалі «пазітыўную праграму», асн. палажэннямі якой былі прызнанне дэмакр. інтэлігенцыяй асабістай адказнасці за тое, што адбываецца ў грамадстве, самаўдасканаленне асобы на аснове рэліг.-культ. каштоўнасцей, паступовая змена сац. і эканам. умоў жыцця людзей. «Вехі» сталі ключавым зборнікам у аб’яднанай аўтарствам Струве, Бярдзяева, Булгакава і Франка серыі («Праблемы ідэалізму», 1902, «Вехі», 1909, «З глыбіні», 1918).
Публ.:
Вехи: Сб. ст. о рус. интеллигенции. Репр. изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФСЕ́ТНЫ ДРУК, афсет (англ. offset),
спосаб друкавання, пры якім фарба з друкарскай формы перадаецца пад ціскам на паверхню гумаватканіннага палатна, а з яго на паперу ці інш. матэрыялы. Бывае плоскі (друкарская форма плоская), высокі (друкавальныя элементы формы ўзвышаюцца) і глыбокі (друкавальныя элементы формы паглыбленыя).
Прынцып афсетнага друку прапанаваны ў ЗША (1905) пры стварэнні афсетнай друкарскай машыны. Засн. на выбіральнасці змочвання друкарскай формы фарбамі і вадой, што дасягаецца спец. фізіка-хім. апрацоўкай паверхні формы. У працэсе афсетнага друку форму па чарзе змочваюць вадой і накатваюць фарбы, пасля чаго пад ціскам уводзяць у кантакт з паверхняй гумаватканіннай пласціны, а апошнюю — з паперай ці інш. матэрыялам. Адбываецца двухразовая перадача адлюстравання, папера не ўваходзіць у непасрэдны кантакт з формай, што памяншае знос формы, павялічвае скорасць і паляпшае якасць друкавання. Для афсетнага друку выкарыстоўваюць ратацыйныя (гл.Ратапрынт) і афсетныя друкарскія машыны. З дапамогай афсетнага друку вырабляюць чорна-белую і шматколерную друкарскую прадукцыю. Атрымліваюць пашырэнне заснаваныя на электронных і камп’ютэрных сістэмах спосабы афсетнага друку, якія дазваляюць выключаць шэраг прамежкавых тэхнал. працэсаў у ім з паляпшэннем якасці гатовай прадукцыі і скарачэннем затрат часу на яе выраб.
Схема афсетнага друку: 1 — друкарская форма з валікамі фарбавальнага і ўвільгатняльнага апаратаў! 2 — гумава-тканіннае палатно; 3 — папера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІНАЛО́ГІЯ (ад вітаміны + ...логія),
навука пра вітаміны; раздзел біяхіміі. Адрозніваюць вітаміналогію эксперыментальную (даследуе дзеянне пэўных вітамінаў і іх вытворных, міжвітамінныя ўзаемаадносіны, мадэлюе паталогіі, што ўзнікаюць пры недахопе вітамінаў) і клінічную (вывучае выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў).
Адкрыццё вітамінаў звязана з імем рус. ўрача М.І.Луніна, які ў 1880 заўважыў наяўнасць у ежы незаменных кампанентаў, што адрозніваліся хім. прыродай ад вядомых бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мінер. рэчываў. Назву яны атрымалі ў 1911 (польскі біяхімік К.Функ). Першы вітамін, хім. будова якога была адкрыта, — тыямін (А.Віндаўс, 1932, Р.Уільямс, І.Клайн, 1936). У Расіі далейшае развіццё вітаміналогіі звязана з працамі А.У.Паладзіна, Б.А.Лаўрова і інш. На Беларусі даследаванні (пачаліся ў 1930-я г.) былі засяроджаны на вывучэнні ролі вітамінаў у харчаванні чалавека і кармленні жывёл (А.Поляк, Л.М.Форштэр), пошуку новых вітамінаў (Л.П.Розанаў), біяхім. механізмаў дзеяння вітамінаў, іх удзелу ў абменных працэсах (С.Д.Пеўзнер, Я.І.Бляхер, В.А.Лявонаў, М.Ф.Меражынскі, Ю.М.Астроўскі і інш.). Н.-д. работы па вітаміналогіі вядуцца ў мед. ін-тах, ін-тах АН Беларусі — біяхіміі, радыебіялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,
тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл.Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).
Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл.Філагенез).
А.С.Леанцюк.
Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСАНА́НС (франц. dissonance ад лац. dissono нязладжана гучу) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў рэзкага няўзгодненага гучання. Процілеглае Д. паняцце — «кансананс». Тэрміны «Д.» і «кансананс» паасобку эстэтычна не ацэньваюцца. Іх нельга атаясамліваць са зладжаным і нязладжаным гучаннем (какафоніяй). Яны адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычны Д. выяўляецца ў несупадзенні вял. колькасці абертонаў гэтых гукаў. Да Д. належаць павялічаныя і паменшаныя інтэрвалы — вял. і малыя секунды і септымы, трытон і інш., акорды, якія ўключаюць хоць адзін з гэтых інтэрвалаў, і акорды, складзеныя з кансанансаў, калі адзін з верхніх галасоў утварае чыстую кварту з басам (мажорныя і мінорныя квартсекстакорды).
У еўрап.прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж Д. і кансанансам дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. Д. успрымаецца як напружанае і няўстойлівае сугучча, выяўляе імкненне, рух да вырашэння — заканамернага пераходу ў адпаведны кансананс. Да 17 ст. Д. выкарыстоўвалі звычайна ва ўмовах правільнай падрыхтоўкі і вырашэння. У 17—19 ст. Д. страціў прамую залежнасць ад папярэдняга кансанансу, абавязковым засталося толькі яго вырашэнне. У музыцы 20 ст. набывае ўсё большую самастойнасць, у некат. стылях (напр., у кампазітараў нававенскай школы) цалкам выцясняе кансананс, што стала падставай для ўзнікнення тэорый, якія прынцыпова адмаўляюць адрозненні паміж Д. і кансанансам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТЫЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. distillatio сцяканне кроплямі),
перагонка, раздзяленне вадкіх сумесей на фракцыі рознага саставу. Засн. на адрозненні саставу вадкасці і пары, што ўтвараецца з яе. Ажыццяўляюць частковым выпарэннем вадкасці з наступнай кандэнсацыяй пары.
Пры Д. атрымліваюць кандэнсат (дыстылят) — вадкасць, якая мае большую колькасць, адносна зыходнай сумесі, нізкакіпячых (больш лятучых) кампанентаў, і неадагнаную вадкасць (кубавая астача), у якой больш высокакіпячых рэчываў. Д. наз. фракцыйнай (дробнай), калі з зыходнай сумесі адганяюць некалькі фракцый. У залежнасці ад умоў працэсу (ціск, т-ра) адрозніваюць Д. простую і малекулярную, якую ажыццяўляюць пры т-рах, ніжэйшых за т-ры кіпення вадкасці, і нізкім ціску (менш за 0,13 Па). Простую Д. робяць пры паступовым ці аднаразовым выпарэнні. Пры паступовым выпарэнні пара, што ўтвараецца над вадкасцю, бесперапынна адводзіцца з апарата, пры аднаразовым — увесь час награвання да вызначанай т-ры застаецца ў сістэме ў кантакце з вадкасцю (пара-вадкасную сумесь раздзяляюць у сепаратары). Прысутнасць пары зніжае парцыяльны ціск высокакіпячых фракцый у сістэме і дазваляе весці перагонку пры больш нізкай т-ры (параўнальна з т-рай Д. пры паступовым выпарэнні). Пры неабходнасці зніжэння т-ры працэсу робяць Д. з вадзяной парай ці інертным газам. Выкарыстоўваюць у хім., нафтаперапрацоўчай, фармацэўтычнай прам-сці, у лабараторнай практыцы. Гл. таксама Рэктыфікацыя, Перагонка нафты.