ПО́ЛЫМНАЯ ПЕЧ,
прамысловая печ, у якой цеплата атрымліваецца ад непасрэднага згарання паліва, перадаецца вырабам (матэрыялам) выпрамяненнем і канвекцыяй ад газападобных прадуктаў гарэння, а таксама выпрамяненнем ад распаленай муроўкі. Да П.п. адносяцца некаторыя награвальныя печы (напр., вярчальная печ, камерная печ), плавільныя печы і тэрмічныя печы. Цвёрдае, вадкае ці газападобнае паліва згарае ў топцы печы або ў яе рабочай прасторы.
т. 12, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГІ́Н у супраціўленні матэрыялаў,
вертыкальнае перамяшчэнне пункта, што ляжыць на восі бэлькі (аркі, рамы і да т.п.) або на сярэдзіннай паверхні абалонкі (пласціны), пад уздзеяннем сілавой нагрузкі, т-ры і інш. фактараў. Па лікавым значэнні найб. П. вызначаюць адно з гранічна дапушчальных станаў канструкцый. Макс. П. для розных збудаванняў звычайна нармуюцца. Пры выпрабаванні канструкцый П. вызначаюць спец. прагінамерамі.
т. 12, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІ́СТКІ,
парныя прыдаткі ў аснове ліста, свабодныя або прырослыя да чаранка. Характэрныя для многіх двухдольных. Бываюць плевачныя і зялёныя. Зялёныя П. прымаюць удзел у фотасінтэзе (напр., у гароху), часам застаюцца адзінай фотасінтэзуючай ч. ліста, калі пласцінка рэдукуецца (напр., у чыны). Адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні пупышкавых лускавінак. У многіх дрэў пасля разгортвання пупышак ападаюць (напр., у ліпы).
т. 13, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТ (ад лац. punctum кропка),
1) месца, якое прызначана для пэўных мэт, напр., населены П., камандны П. (гл. Пункт камандны).
2) Асобны раздзел, параграф якога-н. тэксту, які абазначаецца лічбай або літарай.
3) Момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння, напр., кульмінацыйны П.
4) Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан, напр., П. кіпення, П. плаўлення.
т. 13, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІКНІ́ЖЖА,
першыя 5 кніг Бібліі (Быццё, Зыход, Левіт, Лікі і Другазаконне); вядомыя таксама пад назвай Закон, або Вучэнне (па-яўрэйску — Тора); гал. свяшчэнныя кнігі іудаізму. П. — раздзел Старога запавету, складзены ў 1-м тыс. да н.э. Стварэнне яго прыпісваюць біблейскаму герою Майсею. У 1519 Ф.Скарына выпусціў у Празе П. ў 5 асобных кнігах на старабел. мове.
т. 13, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНА́Я СІСТЭ́МА,
сукупнасць усіх рэк у межах пэўнага рачнога басейна, што зліваюцца разам і выносяць свае воды з гэтай тэрыторыі ў выглядзе агульнага патоку (галоўнай ракі) у мора або возера; частка гідраграфічнай сеткі. У гал. раку ўпадаюць прытокі 1-га парадку, у іх — прытокі 2-га парадку і г.д. Адзін з важных паказчыкаў Р.с. — гушчыня рачной сеткі.
т. 13, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКА́Ў ракі,
адгалінаванне рэчышча ракі. Узнікае ў выніку намнажэння наносаў у рэчышчы ў выглядзе асяродка або вострава, а таксама пры прарывах лукавін (гл. Меандры). На горных рэках Р. фарміруюцца звычайна пры выхадзе вадацёкаў на перадгорныя раўніны і ў міжгорных паніжэннях, дзе здольнасць ракі пераносіць наносы паслабляецца; на раўнінных рэках Р. характэрны для дэльт. Другарадныя Р. часта называюць пратокамі.
т. 13, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВІ́ЗСКІЯ СКА́ЗКІ,
пайменныя спісы насельніцтва Рас. імперыі 18—19 ст., якое было ахоплена рэвізіямі (перапісамі). Складаліся памешчыкамі або іх аканомамі, у паселішчах дзярж. сялян — старастамі, у гарадах — прадстаўнікамі гар. ўпраўлення. У Р.с. ўключаліся ўсе жыхары паселішча з паказам узросту і сямейнага становішча. Апрача колькасці насельніцтва ўключалі звесткі пра яго геагр. размяшчэнне, саслоўны, нац. склад і інш.
т. 13, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛЬЕ́ФУ КА́РТЫ Адлюстроўваюць рэльеф сушы і марскога дна Зямлі або паверхню інш. касмічных цел. Найб. пашыраны гіпсаметрычныя карты, батыметрычныя карты, геамарфалагічныя карты, морфаметрычныя карты. Існуюць таксама морфаграфічныя Р.к. (адлюстроўваюць знешні выгляд рэльефу), фізіяграфічныя (паказваюць рэльеф у перспектыўным адлюстраванні), карты парушанасці рэльефу і мерапрыемстваў па ахове зямной паверхні ад эрозіі, дэфляцыі і інш. неспрыяльных прыродных і тэхнагенных фактараў.
т. 14, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПЛІКА (франц. réplique, італьян. replica ад лац. replico паўтараю, адказваю),
1) у тэатры — элемент сцэнічнага дыялогу: фраза ў адказ на словы партнёра, апошняя фраза (або яе частка) персанажа, за якой ідзе тэкст інш. дзейнай асобы.
2) У выяўленчым мастацтве — аўтарская копія маст. твора, якая адрозніваецца ад яго памерамі, часам дробнымі дэталямі. Можа быць выканана інш. мастаком пад наглядам аўтара.
т. 14, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)