ДАВІ́Д БУДАЎНІ́К, Давід IV Георгіевіч (каля 1073 — студз. 1125),
грузінскі цар [1089—1125]. З дынастыі Багратыёнаў. Аб’яднаў груз. княствы ў адзіную цэнтралізаваную дзяржаву. У 1907 спыніў плату даніны сельджукам і аднавіў незалежнасць Грузіі. Далучыў да сваіх уладанняў Кахеты, Эрэты (1104) і інш. землі. У 1121 у Дыдгорскай бітве груз. войскі перамаглі кааліцыю мусульманскіх правіцеляў. У 1122 пасля вызвалення Тбілісі Давід Будаўнік перанёс сюды сталіцу з Кутаісі. Вёў барацьбу за цэнтралізацыю ўлады, стварыў пастаяннае войска, падпарадкаваў сабе феадалаў, царкву і гарады. У 1123—24 вызваліў ад сельджукаў Шырван і г. Ані. Надаваў вял. значэнне буд-ву гарадоў, дарог, мастоў, садзейнічаў развіццю асветы, заснаваў акадэмію і манастыр у Гелаты. За сваю дзейнасць празваны Будаўніком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д ГАРАДЗЕ́НСКІ (?—1326),
ваенны і дзярж. дзеяч ВКЛ, гал. ваявода вял. князя Гедзіміна. У ням. хроніках наз. кашталянам або старастам Гродзенскага замка і зяцем Гедзіміна, у пскоўскім летапісе — князем. На думку В.М.Тацішчава, быў сынам пскоўскага кн.Даўмонта. Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы П.Дусбурга ў 1314, калі паспяхова ўзначальваў абарону Новагародка супраць крыжакоў Тэўтонскага ордэна. У 1319 узначальваў паход войска ВКЛ у Прусію, у 1323 двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з Даніяй і Лівонскім ордэнам, а таксама зрабіў паход у Добжынскую зямлю ў Польшчы, у 1324 — у Мазовію, у 1326 дапамагаў польскаму каралю Уладзіславу Лакетаку супраць маркграфства Брандэнбург (Германія). У апошнім паходзе па-здрадніцку забіты мазавецкім рыцарам, верагодна, падкупленым крыжакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЁКІ І БЛІ́ЗКІ ПАРА́ДАК,
упарадкаванасць мікраструктуры рэчыва на міжатамных (блізкі парадак) ці на неабмежавана вял. адлегласцях (далёкі парадак). Бывае каардынацыйны — у размяшчэнні часціц рэчыва (існуе ў крышталях; у вадкасцях і аморфных цвёрдых целах — толькі блізкі парадак); арыентацыйны — у арыентацыі часціц (у вадкіх крышталях; у вадкасцях з несіметрычных малекул — блізкі парадак); магнітны — у арыентацыі магн. момантаў (у ферамагнетыках, ферымагнетыках, антыферамагнетыках); у арыентацыі эл. дыпольных момантаў (у сегнетаэлектрыках). Існаванне Д. і б.п. абумоўлена ўзаемадзеяннем паміж часціцамі; асн. прыкмета — сіметрыя крышталёў. Ступень упарадкавання можна мяняць цеплавой, мех. і інш. апрацоўкамі, пры гэтым мяняюцца фіз. ўласцівасці рэчыва.
Літ.:
Уайт Р., Джебелл Т. Дальний порядок в твердых телах: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙДУКЕ́ВІЧ (Станіслаў Сільвестравіч) (13.5.1876, Мінск — 25.5.1937),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1910). З 1910 у Мінску. У 1921—27 заг. праектнага аддзела К-тадзярж. пабудоў пры СНКБССР, у 1929—37 выкладаў у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме. У 1937 рэпрэсіраваны. Асн. работы ў Мінску: жылыя дамы па вул. Захар’еўскай (сучасная вул. Савецкая), даходны дом Е.Кастравецкай, будынак польск. банка (не зберагліся), Дом селяніна (1929, у сааўт; разбураны ў Вял.Айч. вайну). Удзельнічаў у распрацоўцы праекта 1-й Усебеларускай с.-г. і прамысл. выстаўкі (1930, гал. ўваход, асн. павільёны) і інш. У яго творчасці выразна прасочваецца імкненне да адраджэння бел.арх. традыцый і ансамблевай забудовы горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПА́РД (Acinonyx Jubatus),
млекакормячае сям. кашачых, атр. драпежных. Жыве ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Трапляецца ў адкрытых месцах — гліністых пустынях, травяністых саваннах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 123—150 см, хваста 63—75 см, выш. ў карку каля 100 см. Афарбоўка гладкай кароткай поўсці пясочна-жоўтая з раўнамерна раскіданымі дробнымі цёмнымі плямамі. Канечнасці доўгія, тонкія, кіпцюры вял., тупыя, неўцяжныя (адзінае выключэнне ў сям.). Вушы закругленыя. Корміцца пераважна капытнымі (газелі і інш. дробныя антылопы, бараны), таксама зайцамі, грызунамі і птушкамі. Даганяючы здабычу, развівае скорасць да 110 км/гадз. У Індыі і Іране гепардаў прыручалі, дрэсіравалі і выкарыстоўвалі для палявання на антылоп. Нараджае 1—4 дзіцянят. Добра размнажаецца ў няволі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БСА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
фундаментальны закон статыстычнай фізікі, які выражае размеркаванне імавернасцей знаходжання сістэмы, што складаецца з вял. колькасці часціц (т.зв. макраскапічнай сістэмы) у розных магчымых станах. Устаноўлена Дж.У.Гібсам (1901).
Гібса размеркаванне выражаецца як функцыя энергіі, тэрмадынамічнай імавернасці (кратнасці выраджэння) і колькасці часціц сістэмы. Для макраскапічных сістэм, якія знаходзяцца ў тэрмадынамічнай раўнавазе з навакольным асяроддзем, дзе падтрымліваецца пастаянная т-ра, сярэднія значэнні фіз. велічынь, вызначаныя на аснове Гібса размеркавання, супадаюць са значэннямі фіз. велічынь, знойдзеных пры адпаведных вымярэннях. Пры пэўных умовах, якія вызначаюцца ўласцівасцямі часціц сістэмы і магчымымі значэннямі яе энергіі, Гібса размеркаванне для класічнага ідэальнага газу пераходзіць у Больцмана размеркаванне, для квантавага газу базонаў — у Бозе—Эйнштэйна размеркаванне, для квантавага газу ферміёнаў — у Фермі—Дзірака размеркаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 15—17 ст., размяшчаўся на месцы дзядзінца стараж.Брагіна. Замкавая пляцоўка памерам 90×70 м, была ўмацавана валам выш. 5—6 м, шыр. ў аснове больш за 10 м. Паводле інвентара 1574, на вале былі сцены-гародні з усходамі на бланкаванне, абарончая вежа з боку р. Брагінка, 2-ярусная драўляная вежа-брама з вял. святліцай наверсе. Злева ад увахода ў лініі гародняў стаяла драўляная царква св. Тройцы. На падворку былі падклецці, спіжарні, склеп і «светлицы в стене». Да замкавай брамы вёў мост на палях, апошняе звяно якога падымалася з брамы на ланцугах. Замак разбураны ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 і ператвораны ў гасп. «двор» князёў Вішнявецкіх.
рэвалюцыйны дзеяч і публіцыст КПП і КПЗБ. Чл. СДКПіЛ з 1905, КПП з 1919. Пасля рэвалюцыі 1905—07 у эміграцыі ў Францыі, Балгарыі. З 1919 чл.Цэнтр. рэдакцыі КПРП у Польшчы. У 1924 арыштаваны польскімі ўладамі і засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з 1926 у СССР. З 1929 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, прадстаўнік ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б. Чл.ЦК КПП у 1923—30, чл.ЦККПЗБ у 1929—38. Адзін з рэдактараў часопіса ЦК КПП «Nowy przegląd» («Новы агляд»). У 1936—41 у эміграцыі ў Бельгіі, Францыі. Перад Вял.Айч. вайной жыў у СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДА́Н, курэнь,
часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬВА»
(Volvo A.B.),
самае буйное машынабудаўнічае акц.т-ва Швецыі. Засн. ў 1915 як даччына фірма па зборцы аўтамабіляў швед. падшыпнікавага канцэрна СКВ. Выпускае аўтамабілі з 1927. З 1935 самастойнае. З 1979 супрацоўнічае з франц.аўтам. кампаніяй «Рэно». Адзін з найб. у свеце вытворцаў рухавікоў для суднаў, у Зах. Еўропе — грузавых аўтамабіляў вял. грузападымальнасці, аўтобусных шасі і буд. машын. Выпускае (1992) 304 000 легкавых і 46 500 грузавых аўтамабіляў, 5700 аўтобусаў (уключаючы шасі). Вырабляе таксама авіяц. маторы, абсталяванне для суднаў і сувязі, харч., харчасмакавую і біятэхнал. прадукцыю. Гал. цэнтры вытв-сці: Гётэбарг, Удэвала і Кальмар у Швецыі, Гент у Бельгіі, Борн (прав. Лімбург) у Нідэрландах, Галіфакс у Канадзе.