ГАДУНО́Ў (Аляксандр Барысавіч) (28.11.1949, г. Паўднёва-Сахалінск, Расія — 13.5.1995),

рускі артыст балета. Скончыў Рыжскае харэагр. вучылішча (1967). З 1967 саліст харэагр. ансамбля «Маскоўскі класічны балет», з 1971 — Вял. т-ра ў Маскве. Яго танец вылучаўся яркасцю, тонкай пластычнай выразнасцю, адточанасцю тэхнікі ў партыях класічнага і сучаснага рэпертуару: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Клаўдзіо («Каханнем за каханне» Ц.​Хрэннікава), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Іван Грозны («Іван Грозны» С.​Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына), Вронскі («Ганна Карэніна» Шчадрына). З 1979 у ЗША і Зах. Еўропе: у Амер. т-ры балета, у трупе А.Эйлі, з 1984 у антрэпрызе «Гадуноў і зоркі». Залаты медаль Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Масква, 1973). У 1985 пакінуў сцэну. Здымаўся ў Галівудзе («Моцны арэшак-1», 1988, і інш.).

А.​І.​Максаў.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЎЦАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 1.1.1947, в. Усць-Дзёміна Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у прэсе (у 1972—77 адказны сакратар газ. «Вячэрні Мінск»), з 1977 гал. рэдактар творчага аб’яднання «Летапіс», у 1982—85 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1964. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар зб. публіцыстыкі «Мінск і мінчане» (1973), кніг апавяд. і аповесцей «Бяссонніца» (1990), дарожных нататак «Марскі дзённік сухапутнага чалавека» (1992), п’ес «Іван» (1982), «Іван і Мадонна» (паст. 1985), «Мар’я» (паст. 1986), «Як цары жылі» (паст. 1989), «Суд» (паст. 1990), «Донаці прамазала» (1990) і інш., у якіх тэма нар. памяці, моц нар. маралі, праблемы ўзаемаадносін людзей, добразычлівы гумар і іронія. Аўтар сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў.

Тв.:

Иван и другие жители деревни Сос: Избранное. Мн., 1996.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРГА́ (Іван Антонавіч) (6.10.1881, г. Носаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 29.12.1952),

украінскі драматург. Засл. дз. маст. Украіны (1950). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Друкаваўся з 1904 (як тэатр. крытык). Аўтар п’ес гіст. тэматыкі: драм. казкі «Песня ў келіху» (паст. 1926), камедый «Фея горкага міндалю» (паст. 1926), «Марка ў пекле» (паст. 1928), «Гадзіншчык і курыца, ці Майстры часу» (1934, паст. БДТ-3 1935), драм. паэм «Свеччына вяселле» (1931), «Яраслаў Мудры» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Прарок» (нап. 1948, пра Т.​Шаўчэнку). Сучасная яму рэчаіснасць у п’есах «Пойдзеш — не вернешся» (1936), «Імя» (1937), «Экзамен па анатоміі» (1940), «Начная трывога» (1943) і інш. Творы К. вызначаюцца філас. напоўненасцю, паглыбленай цікавасцю да маральна-этычных праблем.

Тв.:

Твори. Київ, 1976;

Рус. пер. — Исторические драмы. М., 1954.

Літ.:

Голубева З.С. Іван Кочерга. Київ, 1981.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́БЗА Іван, майстар разьбярнай і сталярнай справы 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля, дзе разам з інш. майстрамі-беларусамі рабіў ківоты, крэслы і інш. рэчы для царскага дома. У 1683 прымаў удзел ва ўстаноўцы іканастаса ў царкве Данскога манастыра ў Маскве.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гальшанскія (княскі род) 3/133, 321; 6/516

- » - Іван Юр’евіч 3/233, 321; 5/227; 12/92

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАРЖЫ́НСКІ (Іван Сяргеевіч) (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),

украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр. вак. школы. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.​Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.​Кікаць, Я.Чарванюк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Літ.:

И.​С.​Паторжинский. М., 1976.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́СІМАЎ Іван, збройнік 17 ст., майстар шабельнай справы. Родам з Глыбокага (Віцебская вобл.). Разам з інш. бел. майстрамі працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1662—65 па загадзе цара вучыўся ў Астрахані «рабіць чаркаскія шаблі». Вярнуўшыся, разам з 7 «таварышчы» зрабіў «5 ножан шабельных на чаркаскае дзела з меднаю аправаю мінулага».

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ (Іван Епіфанавіч) (14.4.1909, Полацк — 16.1.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскую артыл. школу (1933). Служыў у БВА. На фронце з 1941, удзельнік абароны Масквы. У студз. 1943 танк. брыгада палкоўніка Аляксеева прарвала абарону праціўніка ў Варонежскай вобл., прайшла 70 км па яго тылах, вызваліла дзесяткі нас. пунктаў, чыг. ст. Росаш. Загінуў у баі.

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ТАЎ (Іван Андрэевіч) (1767, б. Маскоўская губ. — 30.6.1841),

рускі майстар муз. інструментаў. Прыгонны графа М.​П.​Шарамецева, у 1822 атрымаў вольную. Вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі, гітары, рэстаўрыраваў старадаўнія інструменты. Дасканаласць іх вырабу і выдатныя гукавыя якасці прынеслі яму сусв. вядомасць. На выстаўцы ў Пецярбургу (1829) за скрыпку і віяланчэль Батаву прысуджаны Вялікі сярэбраны медаль.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАШЭ́ВІЧ Іван, арганізатар і кіраўнік аднаго з найбольш буйных на Беларусі Давыд-Гарадоцкага паўстання 1648—50 у час антыфеадальнай вайны 1648—51. Быў войтам Давыд-Гарадка. У час паўстання выбраны палкоўнікам войска, якое складалася з некалькіх тысяч чалавек. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы больш як 2 гады кантралявалі ўсю тэр. Давыд-Гарадоцкай вол.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)