ФІ́ЗІКА (ад грэч. physis прырода),

навука аб уласцівасцях, формах і будове матэрыі (рэчыва і поля), найб. агульных законах яе руху і пераўтварэнняў. Паняцці і законы Ф. ляжаць у аснове ўсіх прыродазнаўчых навук (хіміі, біялогіі, навукі аб зямлі, астраноміі). Фізічныя законы грунтуюцца на фактах, устаноўленых доследным шляхам, і фармулююцца ў выглядзе колькасных суадносін паміж фізічнымі велічынямі. Асаблівае значэнне ў Ф. маюць захавання законы, якія звязаны з прынцыпамі сіметрыі прасторы і часу. У залежнасці ад метадаў даследавання адрозніваюць эксперыментальную фізіку і тэарэтычную фізіку, ад аб’ектаў вывучэння — фізіку элементарных часціц, ядзерную фізіку, атамную фізіку, малекулярную фізіку, фізіку цвёрдага цела, Ф. вадкасцей і газаў, плазмы, Ф. палёў (эл.-магн. і гравітацыйнага); ад працэсаў (форм руху матэрыі), якія даследуюцца, — механіку матэрыяльных пунктаў і цвёрдых цел, механіку суцэльных асяроддзяў, Ф. ваганняў і хваль, эл. і магн. з’яў, акустыку, оптыку, тэрмадынаміку, квантавую механіку, электрадынаміку, квантавую тэорыю паля, статыстычную фізіку і інш. Падзел Ф. на раздзелы мае ў значнай ступені ўмоўны характар і паміж імі няма выразных межаў. Ф. цесна ўзаемадзейнічае з інш. прыродазнаўчымі навукамі, тэхнікай, медыцынай і рознымі галінамі прам-сці. У выніку ўзніклі такія сумежныя навукі, як аграфізіка, астрафізіка, біяфізіка, геафізіка, матэматычная фізіка, хімічная фізіка, тэхн. Ф. і інш. Развіццё Ф. прывяло да ўзнікнення новых навук, галін тэхнікі і тэхналогій: электра- і радыётэхнікі, электронікі, ядз. энергетыкі, радыёлакацыі і інш. Дасягненні Ф. зрабілі істоты ўплыў на фарміраванне і змест такіх паняццяў, як матэрыя, рух, прастора і час. Для сучаснай Ф. характэрны пераход да вывучэння з’яў пры вял. скарасцях, высокіх энергіях і цісках, больш глыбокае пранікненне ў будову і працэсы руху рэчыва і паля фізічнага. Адной з асн. задач Ф. з’яўляецца стварэнне агульнай тэорыі элементарных часціц і іх узаемадзеянняў — адзінай тэорыі поля, пабудова фізічнай карціны свету.

У сваім развіцці Ф. прайшла некалькі этапаў. Станаўленне Ф. ішло ад старажытнасці да пач. 17 ст. У гэты час вяліся першыя назіранні фіз. з’яў, назапашваліся веды пра іх і ўзніклі асобныя вучэнні. У эпоху грэка-рымскай культуры (6 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.) існавала агульная навука аб прыродзе — натурфіласофія, склалася вучэнне пра атамную будову рэчыва — атамістыка (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый), устаноўлены найпрасцейшыя законы статыкі (правіла рычага і інш.), распаўсюджання і адбіцця святла, сфармуляваны асновы гідрастатыкі (Архімед), створана геацэнтрычная сістэма свету (К.Пталамей). Вял. значэнне мела сістэматызацыя антычных галін ведаў, зробленая Арыстоцелем. Яго вучэнне было кананізавана царквой, што на многія вякі затармазіла развіццё навукі. У 16 ст. М.Капернік распрацаваў геліяцэнтрычную сістэму свету (яе ідэя прапанавана ў 3 ст. да н.э. Арыстархам Самоскім). Фарміраванне Ф. як навукі адбывалася ад пач. 17 ст. да канца 18 ст., калі пачалося сістэматычнае выкарыстанне эксперым. метадаў. Найб. значэнне мелі працы Г.Галілея (адкрыў інерцыі закон, Галілея прынцып адноснасці, законы свабоднага падзення цел, руху па нахіленай плоскасці і інш.), Э.Тарычэлі (адкрыў атм. ціск), Р.Бойля і Э.Марыёта (даследавалі пругкасць газаў і сфармулявалі Бойля—Марыёта закон), Р.Гука (выказаў гіпотэзу прыцягнення, адкрыў Гука закон), Х.Гюйгенса (заклаў асновы хвалевай тэорыі святла, фіз. маятніка, разам з Г.В.Лейбніцам сфармуляваў закон захавання колькасці руху), І.Ньютана (сфармуляваў асн. законы класічнай механікі, адкрыў сусветнага прыцягнення закон), Л.Эйлера (распрацаваў дынаміку абсалютна цвёрдага цела), Д.Бернулі і Ж.Л.Лагранжа (заклалі аснову гідрадынамікі ідэальнай вадкасці), В.Франкліна (распрацаваў унітарную тэорыю электрычнасці, устанавіў закон захавання эл. зараду), Г.Кавендыша і Ш.А.Кулона (незалежна адкрылі асн. закон электрастатыкі — Кулона закон), П.Бугера і І.Г.Ламберта (распрацавалі асновы фотаметрыі). Класічная Ф. развівалася ў 19 ст. Дж.Дальтан адкрыў кратных адносін закон (1803), даў пачатак сучаснай атамістыцы. Устаноўлены энергіі захавання закон (Ю.Р.Маер, Дж.П.Джоўль, Г.Л.Ф.Гельмгольц), распрацаваны асновы тэрмадынамікі (Р.Ю.Э.Клаўзіус, У.Томсан), створана кінетычная тэорыя газаў (Дж.К.Максвел, Л.Больцман) і хвалевая тэорыя святла (Т.Юнг, А.Ж.Фрэнель), адкрыты законы электрамагнетызму (М.Фарадэй), атрыманы ўраўненні для эл.-магн. хваль (Максвела ўраўненні), якія эксперыментальна пацверджаны Г.Р.Герцам. Вял. значэнне мелі таксама навук. даследаванні, адкрыцці і тэорыі Д.Ф.Араго, Л.Гальвані, А.Вольта, Х.К.Эрстэда, А.М.Ампера, Н.М.С.Карно, Г.Р.Кірхгофа, Р.В.Бунзена і інш.; сфармуляваныя і распрацаваныя другі закон тэрмадынамікі, малекулярна-кінетычная тэорыя цеплавых працэсаў, законы і метады статыстычнай механікі, класічнай электрадынамікі, спектральнага аналізу. Сучасная Ф. пачала фарміравацца ў канцы 19—пач. 20 ст. Новую эпоху ў Ф. вызначыла адкрыццё электрона (Дж.​Дж.Томсан), а таксама рэнтгенаўскіх прамянёў (В.К.Рэнтген), радыеактыўнасці (А.С.Бекерэль), атамнага ядра (Э.Рэзерфард), распрацоўка квантавай мадэлі атама (Н.Х.​Д.​Бор), гіпотэзы хваль дэ Бройля (Л.В. дэ Бройль), якія прывялі да стварэння квантавай механікі і квантавай электрадынамікі (В.К.Гайзенберг і В.Паўлі, Э.​Шродынгер і П.А.М.Дзірак), атамнай і ядз. Ф. У канцы 19—пач. 20 ст. Х.А.Лорэнц заклаў асновы электроннай тэорыі і электрадынамікі рухомых асяроддзяў. На аснове прац Лорэнца і Ж.А.Пуанкарэ створана А.Эйнштэйнам спецыяльная (1905) і агульная (1916) адноснасці тэорыя, даследавана будова атамнага ядра (1919, Рэзерфард), створана пратонна-нейтронная яго мадэль (Гайзенберг, Дз.​Дз.Іваненка), пачала развівацца Ф. элементарных часціц. Вял. ўклад у развіццё Ф. зрабілі М.Гел-Ман, Дж.У.Гібс, Р.Ф.Фейнман і інш.; у Расіі і СССР — М.В.Ламаносаў, П.М.Лебедзеў, Э.Х.Ленц, Дз.А.Мендзялееў, А.С.Папоў, В.У.Пятроў, А.Р.Сталетаў, М.А.Умаў, Б.С.Якобі і інш.; заснавальнікі фіз. школ С.І.Вавілаў, К.Ф.Іофе, І.В.Курчатаў, Л.Д.Ландау, Л.І.Мандэльштам, Дз.С.Раждзественскі, І.Я.Там, а таксама Ж.І.Алфёраў, А.П.Аляксандраў, Л.А.Арцымовіч, М.М.Багалюбаў, М.Г.Басаў, Я.П.Веліхаў, В.Л.Гінзбург, Я.Б.Зяльдовіч, П.Л.Капіца, А.М.Прохараў, І.М.Франк, У.А.Фок, Ю.Б.Харытон, П.А.Чаранкоў і інш. Даследаванні вяліся ў фіз. ін-тах АН СССР і АН саюзных рэспублік, у галіновых НДІ і ун-тах.

На Беларусі даследаванні па Ф. пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ, пашырыліся з 1950-х г. Сістэматычна вядуцца ў ін-тах Нац. АН (Ін-це фізікі імя Б.​І.​Сцяпанава, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной фізікі, фізіка-тэхнічным, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава, электронікі, праблем энергетыкі; гл. адпаведныя арт.), у БДУ, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш. Асн. кірункі: лазерная фізіка, мікраэлектроніка, нелінейная оптыка, спектраскапія, фізіка высокіх ціскаў, фізіка высокіх энергій, фізіка дыэлектрыкаў, фізіка паўправаднікоў, фізіка плазмы, Ф. цвёрдага цела, элементарных часціц, ядз. Ф. Найб. значны ўклад у развіццё і арг-цыю навук. даследаванняў па Ф. зрабілі М.А.Барысевіч, М.А.Ельяшэвіч, А.Н.Сеўчанка, М.М.Сірата, Б.І.Сцяпанаў, Ф.І.Фёдараў, а таксама М.С.Акулаў, М.М.Аляхновіч, П.А.Апанасевіч, В.А.Арловіч, У.Р.Барышэўскі, А.А.Богуш, Б.Б.Бойка, Б.В.Бокуць, В.С.Буракоў, А.П.Вайтовіч, Л.В.Валадзько, У.Г.Вафіядзі, А.М.Ганчарэнка, В.П.Грыбкоўскі, Г.П.Гурыновіч, А.П.Дастанка, М.І.Дзямчук, А.П.Іваноў, А.А.Кавалёў, Ф.Ф.Камароў, Л.І.Кісялеўскі, Ф.П.Коршунаў, П.​Дз.Кухарчык, Я.М.Лабанаў, У.А.Лабуноў, А.В.Лыкаў, І.Р.Некрашэвіч, У.П.Радзько, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, Р.І.Салаухін, К.М.Салаўёў, А.М.Сердзюкоў, Л.М.Тамільчык, В.А.Таўкачоў, В.​Дз.Ткачоў, А.Ф.Чарняўскі, С.С.Шушкевіч. Выдаюцца часопісы: «Весці Нац. АН Беларусі. Серыя фізіка-матэм. і фізіка-тэхн. навук» (з 1965); «Веснік БДУ. Серыя 1. Фізіка. Матэматыка. Інфарматыка» (з 1969); «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964); «Инженерно-физический журнал» (з 1958). Створана Бел. фіз. т-ва (1990).

Літ.:

Кудрявцев П.С. История физики. Т. 1—3. М., 1956—71;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970;

Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с анга. Вып. 1—9. М., 1965—67;

Берклеевский курс физики: Пер. с англ. Т. 1—5. М., 1971—74;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 1. Механика. 5 изд. М., 2001;

Іх жа. Теоретическая физика. Т. 2. Теория поля. 7 изд. М., 1988;

Іх жа. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика. 4 изд. М., 1989;

Іх жа. Теоретическая физика. Т. 5. Статистическая физика. Ч. 1. 4 изд. М., 1995;

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М.; Л., 1962;

Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;

Барышевский В.Г. Ядерная оптика поляризованных сред. Мн., 1976;

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику. [Т. 1—4], Мн., 1989—91.

П.​А.​Апанасевіч, А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕ́Т (франц. ballet ад позналац. ballare танцаваць),

від сцэнічнага мастацтва, змест якога выяўляецца ў музычна-харэаграфічных вобразах; вышэйшая форма харэаграфіі.

Належыць да сінт. відаў маст. твор-часці. Аб’ядноўвае музыку, харэаграфію (танец і пантаміму), выяўл. мастацтва. Асновай харэагр. вобраза з’яўляецца танец; у балет уключаюць розныя віды танца: класічны, характарны, народна-сцэнічны, гратэскавы, мадэрн, рытмапластычны, свабодную пластыку. Аснова балета — дзейны танец. Пэўную ролю ў балеце адыгрываюць дывертысмент і пантаміма. Вобразна адлюстроўваючы рэчаіснасць, балет з уласцівай яму ўмоўнасцю здольны да паэт. абагульненняў, увасаблення жыццёвых канфліктаў, сцвярджэння ідэалаў прыгожага. Існуюць балеты-трагедыі і балеты-камедыі, балеты-п’есы і балеты-сімфоніі, балеты сюжэтныя (блізкія да драм. спектакля) і бессюжэтныя, або сімфанічныя (у іх аснове сімф. танец), шматактовыя і аднаактовыя, харэагр. мініяцюры.

Як самаст. від мастацтва складваўся ў Еўропе ў 16—18 ст. (першы спектакль «Камедыйны балет каралевы» паст. ў Францыі ў 1581) і пашырыўся ва ўсім свеце. Тэрмін «балет» узнік у канцы 16 ст. ў Італіі і, як правіла, абазначае еўрап. класічны балет; з 20 ст. так называюць і спецыфічныя танц. паказы, што склаліся ў краінах Азіі, Афрыкі, Усходу. Эстэтыка балета ўвабрала рысы розных маст. кірункаў — класіцызму, рамантызму, імпрэсіянізму, сентыменталізму і інш. Станаўленне балета (18—19 ст.) звязана найперш з Францыяй (харэографы Ж.Ж.Навер, Ж.Даберваль, Ф.Тальёні, Ж.Перо), Даніяй (К.Бурнанвіль), Расіяй (І.Вальберх, Ш.Дзідло і А.Глушкоўскі, М.Петыпа, Л.Іваноў, М.Фокін, А.Горскі і інш.). У 20 ст. балетнае мастацтва пашырылася ва ўсім свеце. Вял. ўплыў на яго развіццё зрабілі дзейнасць Фокіна і Рускія сезоны ў Парыжы (з 1909), гастролі Г.Паўлавай, а таксама «свабодны» танец А.Дункан, танец мадэрн (М.Грэхем і інш.), рытмапластычны танец (М.​Вігман і інш.). У 1920—30-я г. цэнтрам балетнага мастацтва была Францыя, дзе працавала трупа Рускі балет Дзягілева і створаныя пазней на яе аснове калектывы. У пастаноўках Л.Мясіна, Б.​Ніжынскай, Дж.Баланчына, пазней С.Ліфара (1930—50-я г.) атрымалі развіццё фокінскія традыцыі ў спалучэнні з нац. асаблівасцямі. У Вялікабрытаніі ў 1930-я г. пачаў развівацца балет, заснаваны на традыцыях рус. мастацтва, але блізкі да англ. т-ра пантамімы. У ЗША пераважаў танец мадэрн; пастаноўкі Грэхем, Д.Хамфры, пазней Х.Лімона ўзнімалі складаныя сац. і псіхал. праблемы. З 1940-х г. у ЗША і краінах Зах. Еўропы на аснове бессюжэтных балетаў Баланчына пашырыліся т.зв. «сімфанічныя» балеты. Для сучаснага зарубежнага т-ра характэрна разнастайнасць стыляў, жанраў і формаў. Часта балетам наз. харэагр. творы ад бессюжэтнай мініяцюры да шматактовага сінт. відовішча, у якое ўводзяцца спевы, кінакадры, дэкламацыя, шумавыя і светлавыя эфекты, лялькі («татальны тэатр» М.Бежара). Найб. пашыраны аднаактовы балет. Сярод вядомых замежных труп: «Балет XX стагоддзя» на чале з Бежарам, «Балет Елісейскіх палёў» і «Балет Парыжа» (стваральнік абодвух Р.Пці), «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет». У развіццё рас. балетнага мастацтва вял. ўклад зрабілі балетмайстры І.Бельскі, В.Вайнонен, А.Вінаградаў, К.Галяйзоўскі, В.Гардзееў, Ю.Грыгаровіч, А.Ермалаеў, Р.Захараў, Н.​Касаткіна і У.​Васілёў, Ф.Лапухоў, Л.Лаўроўскі, Б.Эйфман, Л.Якабсон і інш.

Вытокі бел. харэагр. мастацтва ў глыбокай старажытнасці — у гульнях, абрадах, карагодах, дзе танец быў неаддзельны ад песні, гульні, акцёрскага дзеяння. Першыя прафес. танцоры-скамарохі вядомыя на Беларусі з 12 ст. Пач. формы харэагр. мастацтва мелі школьны тэатр, нар. драма, батлейка. Перыяд уздыму танца-балета на Беларусі — 16 ст., калі ў прыватнаўласніцкіх замках і буйных сядзібах дзейнічалі прыватныя балетныя трупы (гл. Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча, Ружанскі тэатр Сапегаў), балетныя школы (Гродзенская музычна-тэатральная школа, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Шклоўская балетная школа). Найб. таленавітыя бел. прыгонныя танцоры [А.Дарэўская, А.Бжазінскі, М.Малінская, К.​Азарэвіч (гл. Азарэвічы), К.Буткевіч, Р.Бекер, М.Рымінскі і інш.] пазней выступалі на варшаўскай і пецярбургскай сцэнах. У 1840-я г. бел. артысты працавалі ў Віцебскім балеце Піёна. Нац. балетны т-р узнік на пач. 1920-х г. Першыя балетныя спектаклі, у т. л. «Капелія» Л.​Дэліба, «Зачараваны лес» Р.​Дрыга, пастаўлены ў 1920-я г. К.Алексютовічам на сцэне БДТ, які меў і балетную трупу. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) паслужыла асновай для стварэння Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (першая харэагр. паст. «Чырвоны мак» Р.​Гліэра). Значнай вяхой у гісторыі бел. балета стаў першы нац. балет «Салавей» М.​Крошнера (паст. 1939, 1940). Пошукі нац. своеасаблівасці працягваліся пры паст. нац. балета «Князь-возера» В.​Залатарова (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Падстаўная нявеста» (1958), «Святло і цені» (1963), «Пасля балю» (1971) Г.​Вагнера, «Мара» (1961), «Альпійская балада» (1967), «Тыль Уленшпігель» (1974, 2-я рэд. 1978) Я.​Глебава, «Страсці» («Рагнеда», 1995) А.​Мдывані, «Кругаварот» («Народны трылер», 1996) А.​Залётнева і інш. У пастаноўках В.Елізар’ева «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» (2-я рэд., 1978), «Спартак» А.​Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1983), «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (1986), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1988) на высокім узроўні ўвасабляюцца грамадска значныя філас. тэмы, інтэнсіўна абнаўляюцца сродкі выразнасці, фарміруюцца новыя прынцыпы харэагр. паэтыкі і эстэтыкі. У 1970—90-я г. бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне ў час гастроляў у краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, ЗША, Азіі і інш. Балеты бел. кампазітараў паст. ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Самары, Чэлябінску, Хельсінкі. У Мінску працуе Дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Красовская В. Западноевропейский балетный театр: Очерки истории: От истоков до середины XVIII в. Л., 1979;

Яе ж. Русский балетный театр от возникновения до середины XIX в. Л.;

М., 1958;

Яе ж. Русский балетный театр второй половины XIX в. Л.;

М., 1963;

Слонимский Ю. Советский балет: Материалы к истории сов. балетного театра. М.; Л., 1950;

Чурко Ю.М. Белорусскнй балет. Мн., 1966;

Яе ж. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;

Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;

Гришенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.

Т.​М.​Мушынскі.

Сцэна з балета «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава. 1978.
Сцэна з балета «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага. Вялікі балет маркіза дэ Куэваса. Парыж. 1960.
Сцэна з балета «Жызэль» А.​Адана. Парыжская опера.
Сцэна з балета «Князь-возера» В.​Залатарова. 1949.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́Д,

комплекс строга вызначаных чыннасцяў, слоўных формул, жэстаў, абумоўленых пэўнымі рэліг. вераваннямі. Абрад абслугоўваюць рэліг. культы, звязаныя з імі грамадска-прававыя акты і працоўныя працэсы. Мэта абраду — забеспячэнне магічным чынам спрыяльнага развіцця прыродных з’яў, плёну ў працы, дабрабыту, здароўя, працягласці роду і інш.

Структура абраду бывае даволі складаная: яна мае «ядро» — асн. чыннасці — і шэраг свабодных, імправізацыйных дзеянняў, за кошт якіх фарміруюцца лакальныя або часавыя варыянты. Этнічныя варыянты блізкіх абраду найб. цікавыя і інфарматыўныя. Як правіла, найб. важныя нар. абрады паходзяць з вельмі даўніх часоў. Яны фарміраваліся на архаічнай ідэалаг. аснове і з’яўляюцца рэалізацыяй глыбока закаранёных у нар. свядомасці ўяўленняў пра навакольны свет, жыццё прыроды і чалавека, адносіны чалавека з космасам і да т.п.

Бел. нар. абрады падзяляюцца на каляндарныя, звязаныя з урачыстасцямі паваротных пунктаў гадавога сонечнага цыкла, і сямейныя, якія сакралізуюць змены ў грамадскім статусе чалавека, прымеркаваныя да асн. момантаў яго жыцця: нараджэнне (гл. Радзіны), наданне імя, уступленне ў шлюб (гл. Вяселле), пахаванне. Сямейныя абрады былі ў пэўнай залежнасці ад каляндарных (напр., вяселлі дазвалялася ладзіць толькі ў непаставыя тыдні). Багатая абраднасць беларусаў сведчыць пра складанае ўзаемадзеянне нар. язычніцкай абраднасці з абраднасцю хрысціянскай (гл. Абрады рэлігійныя). Язычніцкая аснова абраду ў большасці засталася непарушная, хрысціянства наклалася на гэту сістэму тонкім пластом (наданне пэўным святам імёнаў святых, прымеркаванне сваіх міфаў, сімволікі і інш.). Так, да стараж. навагодняга свята Вялікадня далучана Пасха і паданні пра замардаванне і дзівоснае ўваскрэсенне Ісуса Хрыста, дзень Вялеса (Масленка) стаў запустамі, дзень Ярылы-Юр’я — днём св. Георгія, зялёныя святкі — Тройцай (гл. Сёмуха), Купалле — днём св. Яна і да т.п. Аднак многія абрады засталіся чыста язычніцкія, без далучэння хрысціянскай міфалогіі: пахаванне «стралы» ў Пасожжы, «куст» на Піншчыне, «жаніцьба Цярэшкі» на Полаччыне, «жаніцьба коміна» на Палессі і інш. Гэтыя абрады складаюць адметнасць бел. абрадавай творчасці. З гадавымі ўрачыстасцямі звязваецца шмат абрадаў, абумоўленых логікай святкавання, станам прыроды, прац. задачамі. Асн. з іх: памінанне продкаў (Дзяды, Радаўніца), абходы двароў з віншавальна-велічальнымі песнямі, драм. сцэнкамі, танцамі, музыкай, варажба, магічныя засцерагальныя дзеянні, абрадавыя гульні, ачышчэнне вадой і агнём, ахвяраванні і калектыўныя бяседы. Кожны значны абрад уключае асобныя элементныя абрады. Так, вясельны комплекс уключае абрад «віццё вянка», «вянок» (дзявочы вечар; гл. Саборная субота), каравайны абрад (гл. Каравай), благаславенне або пасад, царкоўны шлюб, праводзіны і сустрэчу маладых (прылучэнне да роду), дарэнне і інш.; абрад дажынак (гл. Дажынкі) — віццё вянка гаспадару, дзеянні з апошнім снапом, гуканне Спарыні. Даволі складаны комплекс абраду суправаджаў першы выган жывёлы ў поле, заворванне нівы, засеўкі і інш.

Многія бел. абрады маюць аналагі ў абрадавай практыцы ант. народаў. Найб. уражлівы прыклад, занатаваны ў пач. 20 ст., — абрадавы дыялог, прысвечаны хлебу. Святар, хаваючыся за вялізным мядовым пірагом на свята ўраджаю, пытаўся ў прысутных, ці бачаць яны яго, і жадаў, каб налета зусім не бачылі. Гэты абрад, які быў у язычніцкім храме ў Аргоне (на в-ве Руген), апісаны дацкім храністам 12 ст. Саксонам Граматыкам. Гл. таксама Абрадавае печыва, Абрадавыя стравы.

Літ.:

Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. Спб., 1897;

Аничков Е. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч. 1—2. Спб., 1903—05;

Радзінная паэзія. Мн., 1971;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Зімовыя песні. Мн., 1975;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Курочкін О.В. Новорічні свята українців. Київ, 1978;

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Народны тэатр. Мн., 1983;

Палескае вяселле. Мн., 1984;

Маслова Г.С. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах XIX — начала XX в. М., 1984;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986;

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;

Борисенко В.К. Весільні звичаї та обряди на Україні. Київ, 1988;

Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн., 1990;

Кухаронак Т.І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст. Мн., 1993;

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993;

Беларускія народныя абрады / Скл. Л.​П.​Касцюкавец. Мн., 1994.

Л.​М.​Салавей, І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАД,

буйны населены пункт, жыхары якога заняты пераважна ў прам-сці, гандлі, сферах абслугоўвання, навуцы, культуры, кіраванні і інш., а сам ён з’яўляецца гасп., культ., у большасці выпадкаў і адм. цэнтрам. Для горада характэрны канцэнтрацыя вытв-сці, павышаная шчыльнасць засялення і кампактнасць забудовы. Для аднясення населенага пункта да катэгорыі горада заканад. органы розных краін выкарыстоўваюць розныя крытэрыі і паказчыкі: колькасць насельніцтва (люднасць), адм. і нар.-гасп. функцыі, гар. прыкметы (узровень добраўпарадкавання) і інш. Крытэрый колькасці насельніцтва горада вагаецца ад 250 чал. у Даніі да 30 тыс. чал. у Японіі. Сучасныя гарады звычайна падзяляюцца на малыя (да 50 тыс.), сярэднія (50—100 тыс.), вялікія (100—250 тыс.), буйныя (250—500 тыс.), найбуйнейшыя (500 тыс. — 1 млн.) і гарады-мільянеры (больш за 1 млн. жыхароў). У свеце існуе больш за 220 гарадоў-мільянераў, а самы буйны — Токіо, 25,8 млн. жыхароў (1992). Каля многіх буйных гарадоў узнікаюць гарады-спадарожнікі. Часта гарады і гарады-спадарожнікі аб’ядноўваюцца, ствараючы агламерацыі гарадскія, якія могуць аб’ядноўвацца ў мегаполісы. У жыцці грамадства горад (асабліва буйныя) выступае як мнагапланавы сац. арганізм, складаны эканам.-геагр., арх., інж.-буд. і культ. комплекс. Для горада характэрна канцэнтрацыя і інтэнсіўнасць розных формаў сац. сувязей, спецыфічная (у параўнанні з вёскай) дэмаграфічная, прафес. і арганізац. структура. Органамі гар. кіравання, тыповымі для сучасных замежных дзяржаў, з’яўляюцца выбарны муніцыпальны савет (муніцыпалітэт), кіраўнік гар. адміністрацыі (мэр, бургамістр і да т.п.), які выбіраецца гэтым саветам або насельніцтвам, і падначаленыя ім аддзелы. Для сталічных гарадоў нярэдка ўстанаўліваюцца асобыя формы кіравання.

У Рэспубліцы Беларусь гарады падзяляюцца на 3 катэгорыі: рэсп., абл. і раённага падпарадкавання. Гар. кіраванне ажыццяўляецца праз гар. Саветы дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам гэтых гарадоў, выканаўчыя і распарадчыя органы, кіраўнікі якіх назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і зацвярджаюцца адпаведнымі Саветамі.

Узнікненне горада падрыхтавана грамадскім падзелам працы (пач. аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі) і ўтварэннем раннекласавых дзяржаў. Паселішчы, падобныя да горада, існавалі ўжо ў 7—6 ст. тыс. да н.э. (напр., Іерыхон у Палесціне). На думку шэрагу даследчыкаў, першыя гарады ўзніклі каля 5 тыс. гадоў назад на Б. Усходзе, у Месапатаміі (Шумер), пазней — у даліне Ніла (Мемфіс, Фівы), Індыі (Махенджа-Дара, Харапа) і інш. 1-я стадыя станаўлення і развіцця горада ахоплівае перыяд з 4-га тыс. да н.э. да 1-й пал. 1-га тыс. н.э. Найб. важныя зрухі адбыліся на першых двух этапах гэтай стадыі. На 1-м этапе (4—3-е тыс. да н.э.) у найстараж. абласцях цывілізацыі, напр. у Месапатаміі, вылучыліся буйныя цэнтры (Ур, Урук, Эрэх і інш.), якія мелі плошчу да 200 і больш га, нас. да 20 тыс. чал. На 2-м этапе (канец 3-га—2-е тыс. да н.э.) колькасць гарадоў значна павялічылася, вычленіліся іх гал. суб’екты (гандляры і рамеснікі, служыцелі храмаў і пісцы, служачыя, маракі, мастакі і інш.), пашырыліся зоны працэсаў урбанізацыі (Іран, Пакістан, Пд Сярэдняй Азіі і інш.). У канцы архаічнай эпохі (800—500 да н.э.) у Стараж. Грэцыі з’явіліся гарады-дзяржавы (гл. Поліс). Пазней нямала гарадоў узнікла ў ходзе стараж.-грэч. каланізацыі, заваяванняў Аляксандра Македонскага, экспансіі стараж. рымлян. Эканамічна стараж. гарады, якія ўзнікалі з суседскай абшчыны, грунтаваліся на сельскай гаспадарцы (з ёй была звязана большасць іх жыхароў), спецыялізацыі рамёстваў і гандлі. Для тагачаснай гар. арганізацыі характэрна наяўнасць умацаванага цэнтра (горад ва ўласным сэнсе слова) і падпарадкаванай яму перыферыі, або акругі. У адрозненне ад вёскі ўжо раннія гарады апрача функцый сховішча набылі рысы палітыка-адм. (тут знаходзілася рэзідэнцыя правіцеля), культавых (размяшчаліся рэліг. свяцілішчы), гасп. і культ. цэнтраў. Еўрап. Гарады ранняга сярэднявечча сфарміраваліся на працягу 5—11 ст. [раней у Італіі і Візантыі, пазней (9—13 ст.) у Германіі, на Русі, у Скандынаўскіх краінах, Ірландыі, Шатландыі, Польшчы, Венгрыі, Дунайскіх княствах]. Многія з іх трансфармаваліся з антычных гарадоў, якія заняпалі ва ўмовах тагачаснага панавання натуральнай гаспадаркі і аграрызаваліся, або развіваліся з новых паселішчаў. Першапачатковае насельніцтва такіх гарадоў складалася пераважна з феадальна залежных людзей уладальніка зямлі, на якой ён стаяў. Таму сеньёры гарадоў прысвойвалі значную частку гар. даходаў. У 11—13 ст. гэта выклікала супраціўленне гараджан, якое перарасло ў барацьбу за гар. самакіраванне і прававую арганізацыю, т.зв. камунальны рух. У ходзе яго (ахапіў пераважна частку Зах. і Паўд. Еўропы) гараджане вызваліліся ад асабістай залежнасці, канчаткова склаліся гарадскі лад (рамесныя цэхі, гільдыі купцоў, грамадз. гар. абшчына), праўленне (муніцыпальныя органы, суд), права, саслоўе (гл. Бюргерства). Узніклі гарады-рэспублікі (напр., Венецыя і Генуя ў Італіі, Ноўгарад і Пскоў на Русі), камуны (напр., далмацінскі Дуброўнік), вольныя і імперскія гарады. Дэмаграфічную аснову горада з канца 11 — сярэдзіны 12 ст. складалі збеглыя сяляне. Большасць сярэдневяковых гарадоў былі малыя (1—2 тыс. жыхароў) і сярэднія (3—5 тыс. жыхароў); найбуйнейшы — Канстанцінопаль (больш за 100 тыс. жыхароў). Часам гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (напр., Ганза ў Германіі). Горад, як правіла, быў ахаваны зубчастымі каменнымі, часам драўлянымі сценамі ў 1—2 рады або земляным валам з частаколам. Яго планіроўка была радыяльна-кругавая, з 13 ст. часцей прамавугольная («гатычная»). Тут меліся прыгожыя саборы; гар. вуліцы былі вузкія, неўпарадкаваныя. Гасп. цэнтры горада размяшчаліся ў гар. прадмесцях (ніжнім горадзе, пасадзе, слабадзе). У 16 ст. ў Еўропе ўзніклі першыя метраполіі (Парыж, Лондан). Да адкрыцця еўрапейцамі Новага Свету даволі развітыя гарады (культавыя і гандл. цэнтры) існавалі ў Амерыцы (асабліва ў індзейцаў майя). Многія гарады засн. ў ходзе каланізацыі еўрапейцамі інш. кантынентаў (узнікалі як форты, порты і інш.). У індустр. эпоху ў сувязі з прытокам збяднелых сялян актывізаваўся рост буйных гарадоў — прамысл. цэнтраў (найб. з сярэдзіны 19 ст. ў Цэнтр. Еўропе і Паўн. Амерыцы), у якіх з’явіліся новыя формы забудовы (напр., шматкватэрныя дамы). Пазней гэты працэс ахапіў і традыцыйна агр. рэгіёны (Цэнтр. Афрыка, Цэнтр. Азія). У пач. 20 ст. развіццё сац. жыллёвага буд-ва прывяло да ліквідацыі цесных рабочых кварталаў унутры горада. Для сучасных буйных гарадоў характэрны шматфункцыянальнасць, высокая шчыльнасць забудовы, асобнае размяшчэнне жылых месцаў (т.зв. спальныя раёны) і месцаў працы, масавы вулічны рух, сац. праблемы (напр., беспрацоўе, злачыннасць) і інш. Найб. хутка растуць звышбуйныя гарады ў краінах, якія развіваюцца; тут асабліва адчувальныя праблемы беднасці, экалогіі.

На Беларусі першыя гарады ўзніклі ў 9 — 13 ст. і ўяўлялі сабой агароджанае (адсюль назва «горад») умацаванае паселішча. Нярэдка яны ўтвараліся на месцах б. гарадзішчаў жал. веку. Многія бел. гарады развіліся з умацаваных паселішчаў, феад. замкаў, парубежных крэпасцей. Росту гарадоў спрыяла яго геагр. размяшчэнне — скрыжаванне гандл. шляхоў, блізкасць ракі ці возера, якія выкарыстоўваліся як трансп. магістралі. На тэр. Беларусі дакладна ідэнтыфікавана і даследавана 35 гарадоў 9—13 ст., сярод якіх Полацк (з 9 ст.), Заслаўе, Тураў (з 10 ст.), Брэст, Віцебск, Лагойск, Мінск, Пінск (з 11 ст.), Барысаў, Брагін, Гомель, Гродна, Клецк, Навагрудак, Слаўгарад (Прапойск), Слуцк (з 12 ст.). Ядром горада звычайна быў дзядзінец, найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, абкружаны абарончымі збудаваннямі. Побач узнікалі вакольны горад, вакол якога стваралася 2-я лінія ўмацаванняў, і пасады. Гарады развіваліся на аснове радыяльна-кальцавой і радыяльна-веернай сістэмы планіроўкі, у 11—13 ст. будаваліся мураваныя храмы, вежы-данжоны. У 12—13 ст. у гарадах пераважна развіваліся кавальства, ювелірнае, шавецкае, кравецкае, касцярэзнае, ганчарнае, бандарнае рамёствы. Сярод гараджан была пашырана пісьменнасць, пра што сведчаць берасцяныя граматы і графіці. У раннефеад. перыяд большасць гарадоў стала цэнтрамі ўдзельных княстваў, некаторыя — рэзідэнцыямі епіскапаў. Склаліся некаторыя рысы спецыялізацыі эканам. дзейнасці гарадоў. Прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі ператвараліся ў цэнтры вотчыннай прамысловасці. Ускладненне грамадскага ладу ў феад. эпоху выклікала ўзнікненне ў буйных гарадах цэхавай сістэмы і самакіравання паводле нормаў магдэбургскага права і мясц. права (гл. Гарадское права). У сац.-паліт. жыцці гарадоў важную ролю адыгрывала барацьба супраць феад. самавольства. Гарады былі цэнтрамі рэфармацыйнага руху і супраціўлення нац.-рэліг. прыгнёту. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. ў выніку працяглых войнаў гарады Беларусі прыйшлі ў заняпад. Калі ў 17 ст. на Беларусі было 37 гарадоў і 320 паселішчаў местачковага тыпу, то ў сярэдзіне 18 ст. гарадоў і гар. паселішчаў засталося 228, а колькасць жыхароў у іх зменшылася ў 2,5 раза. Заняпад змяніўся новым уздымам. З 1786 па 1861 колькасць гар. насельніцтва павялічылася з 80 да 320 тыс. жыхароў. Органамі самакіравання засталіся магістраты. У парэформенны перыяд (пасля 1861) паскорыўся рост ф-к і з-даў, развіццю гарадоў спрыяла гарадская рэформа 1870-х гадоў. У 1887 у 42 гарадах пражывала 649,5 тыс. жыхароў. Гарады ператвараліся ў культ. цэнтры, дзе канцэнтраваліся навуч. ўстановы, тэатры, музеі. Значны рост насельніцтва гарадоў адбыўся ў БССР у выніку індустрыялізацыі, у 1939 у гарадах жыло 1854,8 тыс. чал. (20% насельніцтва). У 1990-я г. гар. насельніцтва Беларусі павялічылася ў параўнанні з 1950 у 4,3 раза; яго ўдзельная вага склала 67,6% ад усяго насельніцтва рэспублікі, што з’яўляецца адным з вышэйшых паказчыкаў урбанізаванасці ў свеце. На 1997 на Беларусі 102 гарады (39 рэсп. падпарадкавання), з іх 13 (без Мінска) мелі больш за 100 тыс. ж. (Гомель 512 тыс., Віцебск 364 тыс., Магілёў 368 тыс., Гродна 304 тыс., Брэст 295 тыс., Бабруйск 227 тыс., Баранавічы 172 тыс., Барысаў 153 тыс., Пінск 131 тыс., Орша 139 тыс., Мазыр 109 тыс., Ліда 101 тыс., Салігорск 101 тыс.). У Мінску жыве 1,7 млн. чал.

Літ.:

Развитие античного и средневекового города. М., 1987;

Становление европейского средневекового города: Сб. ст. М., 1989;

Тимощук Б.А. Восточные славяне: от общины к городам. М., 1995;

Толочко П.П. Древнерусский феодальный город. Киев, 1989;

Позднефеодальный город Средней Азии: Сб. ст. Ташкент, 1990;

Город как социокультурное явление исторического процесса. М., 1995;

Штыхов Г.В. Города Белоруссии по летописям и раскопкам (IX—XIII вв.). Мн., 1975;

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (соц.-эконом. исслед. истории городов). Мн., 1975;

Богданович А.В., Сидоров П.А. Города Белоруссии: Краткий экон. очерк. Мн., 1967.

У.​Я.​Калаткоў (усеагульная гісторыя гарадоў), Г.​А.​Маслыка.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУКТУРА І КІРАВАННЕ

Структура нацыянальнай эканомікі. Эканоміка Беларусі як гістарычна сфарміраваная сістэма грамадскага ўзнаўлення ў межах краіны ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных звёнаў і ўпарадкаваных сувязей, якія забяспечваюць яе ўстойлівасць і цэласнасць. Яна ўключае комплекс галін па вытворчасці тавараў і паслуг з адпаведнымі тэхнал. і міжгаліновымі сувязямі, формы арганізацыі і кіравання вытворчасцю, механізмы яе дзярж. і рыначнага рэгулявання.

Крызіс у эканоміцы Беларусі пач. 1990-х г, які быў выкліканы распадам СССР і яго адзінага народнагасп. комплексу, меў таксама глыбокі структурны характар: неадпаведнасць у структуры вытворчасці і спажывання, перавага вытворчасці сродкаў вытворчасці, нізкая доля сферы паслуг, слабая насычанасць спажывецкага рынку таварамі нар. спажывання айч. вытворчасці, недастатковае развіццё экспартнага сектара эканомікі і інфраструктурнага комплексу, недастатковая дыверсіфікацыя гарантаваных крыніц паставак паліўна-энергет. рэсурсаў.

Структура эканомікі, якая грунтуецца на сучасных інстытуцыянальных і тэхнал. рашэннях. выкарыстанні прыродных, эканам., дэмаграфічных і інш. рэсурсаў і арыентаваных на задавальненне попыту ўнутр. і знешняга рынкаў, з’яўляецца асновай канкурэнтаздольнасці і росту даходаў насельніцтва краіны. Пабудова нац. эканомікі рыначнага тыпу патрабавала глыбокіх структурных пераўтварэнняў усяго комплексу галін, вытворчасцей, міжгаліновых комплексаў, іх узаемасувязей, матэрыяльных, энергет., інфарм. і фін. патокаў, цэнавых прапорцый, а таксама стварэння прававой прасторы, адпаведнай рыначным адносінам, нац. сістэмы рэгулявання і кіравання, уключэння структурнай перабудовы ў агульны працэс пабудовы бел. дзяржаўнасці. У пабудове новай мадэлі нац. эканомікі асаблівае значэнне мае структура вытвараючага комплексу эканомікі, якая складаецца з узнаўленчай, галіновай, тэхнал. і рэгіянальнай структур.

Узнаўленчая структура характарызуецца суадносінамі элементаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) па канчатковым іх выкарыстанні (гл. табл. 1). За 1990—95 расходы на канчатковае спажыванне выраслі з 71,2% да 79,6%, з іх расходы дамашніх гаспадарак — з 44,5% да 56%; у 2000 адзначана іх зніжэнне, а ў 2003 удзельная вага такіх расходаў зноў павялічылася адпаведна да 80,0 і 57,3%. Доля дамашніх гаспадарак не дасягае паказчыка развітых краін, дзе ён апошнія 20 гадоў застаецца на ўзроўні 60%. Разам з доляй спажывання дамашніх гаспадарак ацэньваецца і рэальны ўзровень жыцця насельніцтва краіны.

З 1990 па 1995 доля ВУП, які накіроўваецца на валавое накапленне, знізілася з 26,6% да 24,8%; у 2000 яна склала 25,4%, а ў 2003—23,9%. У краінах з развітой рыначнай эканомікай гэта доля ў апошнія дзесяцігоддзі застаецца стабільнай у межах 21—24%. Аналіз глыбінных працэсаў эканомікі, асабліва інвестыцыйных, сведчыць, што існаваўшы ў СССР прымат матэрыяльнай вытворчасці прывёў эканоміку да ўцяжаранай рэсурсаёмістай структуры за кошт галін вытворчасці сродкаў вытворчасці (у 1990 група «А» у прамысловасці Беларусі складала 67%, група «Б» — 33%). І хаця ў апошнія гады гэтыя суадносіны крыху змяніліся на карысць тавараў нар. спажывання (група «Б»), былая структурная інерцыя пераадольваецца павольна.

Параўнальны аналіз паказвае таксама перавагу вытворчай сферы. Да 1990 доля капітальных укладанняў на яе развіццё ўстойліва складала 67—68%, да 2000 яна знізілася да 57,6%, у 2003 вырасла да 64%. У структуры асн. фондаў удзельная вага вытворчых фондаў павялічылася з 69,6% у 1990 да 76% у 2000. У развітых краінах на долю вытворчых фондаў прыпадае, як правіла, 37—38%, а невытворчых — 63—62%. У 2003 (у сістэме нац. рахункаводства) усе асн. фонды склалі 152,6 трлн. руб., у т. л. ў галінах, якія вырабляюць тавары, 79,3 трлн. руб. (52%) і ў галінах па аказанні паслуг 73,3 трлн. руб. (48%). Гэтыя суадносіны ўзмацняюцца нарастаючай ступенню зносу асн. фондаў (гл. табл. 2) і нізкай інвестыцыйнай актыўнасцю ў эканоміцы. Ступень зносу ўсіх фондаў вырасла з 33,3% у 1990 да 54,2% у 2003, вытворчых — адпаведна з 40,8 да 55,2%. У цэлым па нар. гаспадарцы знос актыўнай часткі асн. фондаў перавышае 75% (на канец 2003), у сельскай гаспадарцы і буд-ве складае больш чым 80%. Пераадоленне такой негатыўнай тэндэнцыі магчыма толькі шляхам абнаўлення асн. фондаў на аснове ўкаранення найноўшых тэхналогій, дасягнення дастатковых аб’ёмаў інвестыцый, эфектыўнай амартызацыйнай палітыкі.

Галіновая структура характарызуецца найперш удзельнай вагой розных галін у вытв-сці ВУП і колькасці занятага ў ім насельніцтва. У 2003 аб’ём ВУП склаў у бягучых цэнах 35 930 млрд. руб. Назіраецца тэндэнцыя скарачэння долі вытв-сці тавараў і павелічэння долі вытв-сці паслуг. Калі ў 1990 яны складалі адпаведна 68,9 і 28,5%, у 2000—45,6 і 39,9%, то ў 2003—40,4 і 44,7% (гл. табл. 3). Уклад прамысловасці ў вытворчасць ВУП складае 26,5%, сельскай гаспадаркі — 11,6, будаўніцтва — 6,4, транспарту і сувязі — 11,6, гандлю і грамадскага харчавання — 9,5%. Доля дзвюх апошніх галін павялічылася (у 1990 яны складалі адпаведна 6,5 і 3,5%), а доля сельскай гаспадаркі знізілася (у 1990 яна складала 27,6%). У развітых краінах з высокім узроўнем жыцця насельніцтва (ЗША, Францыя, Японія і інш.) доля прамысловасці складае каля 30%, сельскай гаспадаркі — 2%, а ўдзельная вага паслуг дасягае 70% (тэндэнцыя да росту долі паслуг назіраецца і ў такіх краінах з сярэднім даходам, як Расія, Украіна, Польшча, Літва).

У 2003 у эканоміцы Беларусі было занята 4305 тыс. чал., у т. л. ў прамысловасці 26,2%, будаўніцтве 7,1, сельскай гаспадарцы 11,1, на транспарце і сувязі 8,1, у гандлі і інш. вытворчых галінах каля 15%. У невытворчай сферы доля занятых складала 30,7%. Працяглая канцэнтрацыя намаганняў дзяржавы на развіцці прамысловасці, арыентацыя на поўную занятасць прывялі да празмернага павелічэння занятага ў ёй насельніцтва. Лішкам занятых з прычыны нізкай прадукцыйнасці працы, слабай тэхн. і тэхнал. аснашчанасці характарызуецца і другая па велічыні ў нац. даходзе галіна нар. гаспадаркі Беларусі — сельская гаспадарка. За 1990—2003 доля занятых у сферы матэрыяльнай вытворчасці панізілася на 9,0%, у прамысловасці — на 4,7%, будаўніцтве — на 4%, у сельскай гаспадарцы — на 8% (гл. табл. 4). На Беларусі адзін заняты ў сельскай гаспадарцы корміць каля 10 чал., а ў развітых краінах — больш за 40. Застаецца высокай удзельная вага паліва і энергіі ў агульных затратах на вытворчасць прадукцыі, асабліва ў такіх галінах прамысловасці, як чорная металургія, хім. і нафтахім., лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў і інш. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя павелічэння занятых на транспарце і сувязі, у гандлі, грамадскім харчаванні, збыце і нарыхтоўках. З 22,3 да 31,2% павялічылася колькасць занятых у невытворчай сферы. У галіновай структуры эканомікі за кошт прамысловасці і сельскай гаспадаркі павольна расце доля сферы паслуг, што вымагае прыняцця радыкальных мер па яе развіцці і пераразмеркавання інвестыцый на яе карысць, істотнага павышэння іх аддачы.

Тэхналагічная структура эканомікі адлюстроўвае спалучэнне спосабаў вытв-сці, тэхнал. укладаў і пакаленняў тэхнікі ў структуры грамадскага ўзнаўлення. Яна характарызуецца доляй найноўшай тэхнікі, дынамікай яе павелічэння, наяўнасцю высокіх навукаёмістых, рэсурсазберагальных, эколагаабаронных тэхналогій, зніжэннем узроўню матэрыялаёмістасці і энергаёмістасці ВУП і інш. Беларусь значна саступае развітым краінам і па агульным узроўні тэхнал. патэнцыялу, і па тэхналогіях постіндустрыяльнага грамадства: доля V і часткова VI тэхнал. укладаў (мікраэлектроніка, оптыка-валаконная тэхніка, тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, касмічная тэхніка, тонкая хімія і інш.) у краіне не перавышае 10%. Высокім застаецца ўзровень матэрыяла- і энергаёмістасці ВУП. Для вырашэння гэтых праблем патрабуецца рэзкая актывізацыя інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці, стварэнне адладжанай сістэмы гарантый і страхавання такой дзейнасці, укараненне сучаснага менеджменту і новых тэхналогій. На карэннае паляпшэнне інавацыйнай дзейнасці накіраваны і Комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу Рэспублікі Беларусь да 2020, распрацаваны пад эгідай Нац. АН Беларусі і Дзярж. к-та па навуцы і тэхналогіях, Праграма структурнай перабудовы і павышэння канкурэнтаздольнасці бел. эканомікі да 2010.

Рэгіянальная структура эканомікі абумоўлівае якасныя характарыстыкі прасторава-тэрытарыяльнай арганізацыі прадукцыйных сіл, ступень комплекснасці і эфектыўнасці сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў, узровень іх дыферэнцыяцыі па стандартах жыцця насельніцтва. У 2003 у тэр. структуры вядучага сектара эканомікі — прамысловасці — Брэсцкая вобл. займала 9,3%, Віцебская — 17,2 Гомельская — 20,5, Гродзенская — 9,1, Мінская — 13,9, Магілёўская — 8,7, г. Мінск — 21,3%. У параўнанні з 1990 адпаведны паказчык зніжаны ў Віцебскай і Гомельскай абл., павялічаны ў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абл. і г. Мінску. Гэтая задача надта складаная як з пункту гледжання рэсурсаў, так і па часавым фактары. Рэгіянальнай праблемай надзвычайнай важнасці з’яўляецца пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Удасканаленне рэгіянальнай структуры разглядаецца і як самаст. фактар развіцця прадукцыйных сіл, і як сродак павышэння эфектыўнасці ўзнаўленчай, галіновай і тэхнал. структур. Актуальнасць гэтых фактараў расце яшчэ і таму, што на Беларусі гістарычна склаўся падзел на ўсх. і зах. рэгіёны, якія адрозніваюцца як узроўнем развіцця і вытворчай спецыялізацыяй, так і дабрабытам народа, яго менталітэтам.

Аналіз усіх відаў структур акрэслівае кола праблем, ад вырашэння якіх залежыць фарміраванне нац. эканомікі рыначнага тыпу. Найперш гэта сац. пераарыентацыя ўзнаўленчай структуры, развіццё сродкаў вытв-сці для спажывецкага сектара, прыярытэтнае развіццё новых базавых галін прамысловасці і АПК на аснове высокіх тэхналогій, інтэнсіфікацыя развіцця сацыяльна арыентаваных галін, сферы паслуг, паскоранае развіццё экспартных і імпартна-замяшчальных вытв-сцей, рэсурсазберажэнне і расшырэнне выкарыстання навукаёмістых, экалагічна чыстых тэхналогій па нарматывах эканамічна развітых краін. Комплексныя меры, якія рэалізуюцца на ўзроўні асобных галін і сектараў эканомікі, накіраваны на перабудову фін. сістэмы, грашова-крэдытных адносін і цэнаўтварэння, каб процідзейнічаць інфляцыі і стымуляваць вытворчую актыўнасць, а таксама на выраўноўванне гандлёвага і плацежнага балансу, рэфармаванне аплаты працы, палітыкі даходаў і занятасці, сістэмы сац. падтрымкі.

Агульнасістэмныя меры ствараюць прававое і інстытуцыянальнае эканам. асяроддзе, дзе могуць эфектыўна працаваць усе суб’екты гаспадарання, у т. л. прадпрыемствы як першаснае і асн. звяно эканомікі. Таму ў структурнай перабудове гал. акцэнт робіцца на рэструктурызацыю прадпрыемстваў, іх акцыяніраванне, павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці.

Для ўтварэння карпаратыўных структур існуе ўсё больш аб’ектыўных перадумоў, гал. з якіх з’яўляецца развіццё розных форм уласнасці. Доля дзярж. формы ўласнасці (рэсп. і камунальнай) у аб’ёмах прамысл. вытворчасці ў 2003 склала 37,6%, што на 16,2% менш, чым у 2000. Формы прыватнай уласнасці даюць 60,5% агульнага аб’ёму вытв-сці, у т. л. суб’ектаў змешанай уласнасці без замежнага ўдзелу — 43,3, з замежным удзелам — 6,5%, а доля замежнай уласнасці складае ўсяго 1,2%. Недзярж. формы ўласнасці даюць прыросты вытворчасці большыя, чым дзяржаўныя. Рэструктурызацыя прадпрыемстваў як асн. звяно структурнай перабудовы эканомікі дазволіць вырашыць праблему найб. эфектыўных суадносін усіх форм уласнасці (прыватнай індывідуальнай, прыватнай калектыўнай, дзяржаўнай, змешанай).

Сістэма кіравання. Неабходная прававая база пад сістэму кіравання эканомікай закладзена ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, рашэннях Парламента і Урада, указах і дэкрэтах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нарматыўных актах рэсп. органаў кіравання, мясц. Саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.2.2004 «Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, структуры і колькасці работнікаў дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый» зацверджана сістэма такіх органаў і арганізацый. У сац.-эканам. блок гэтай сістэмы ўваходзяць 15 мін-ваў (архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, па падатках і зборах, прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, статыстыкі і аналізу, гандлю, транспарту і камунікацый, працы і сац. абароны, фінансаў, эканомікі, энергетыкі), 3 дзярж. камітэты (ваенна-прамысловы, па авіяцыі, па навуцы і тэхналогіях), 7 камітэтаў пры Савеце Міністраў (па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, па матэрыяльных рэзервах, па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, па каштоўных паперах, па энергаэфектыўнасці) і 7 дзярж. арганізацый, падпарадкаваных Ураду (канцэрны «Белдзяржхарчпрам», «Белнафтахім», «Беллегпрам», «Белмясцпрам», «Белбіяфарм», «Беллеспаперапрам», Бел. чыгунка), а таксама Бел. рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»), які знаходзіцца ў веданні Урада Рэспублікі Беларусь па пытаннях, вызначаных заканадаўствам.

У рэгуляванні ўласна вытворчай сферы і інфраструктуры вызначальную ролю адыгрываюць галіновыя органы кіравання, якія ахопліваюць усе нар.-гасп. комплексы, у т. л.: паліўна-энергет. комплекс, прамысловасць, АПК, буд. комплекс, транспарт і сувязь, матэрыяльна-тэхн. забеспячэнне, гандаль, быт. абслугоўванне насельніцтва. Асн. цэнтрамі кіравання і рэгулявання гэтымі комплексамі з’яўляюцца адпаведныя мін-вы і ведамствы, канцэрны, аб’яднанні, асацыяцыі, у абавязкі якіх уваходзяць: распрацоўка і рэалізацыя структурнай перабудовы галіны на праграмна-мэтавай аснове. фін. рэгуляванне, садзейнічанне прамым сувязям паміж суб’ектамі гаспадарання, стымуляванне інвестыцыйнай, навук.-тэхн. і знешнеэканам. дзейнасці прадпрыемстваў, распрацоўка эканам. нарматываў і стандартаў, аналіз функцыянавання галін, складанне праграм і прагнозаў іх развіцця, аказанне кансультатыўнай дапамогі.

Інтэграцыйныя працэсы ў краінах СНД абумоўліваюць неабходнасць стварэння міждзярж органаў кіравання, якія б каардынавалі дзейнасць нац. органаў кіравання краін-удзельніц, рэгулявалі міждзярж. патокі рэсурсаў, капіталаў і насельніцтва, ажыццяўлялі кіраванне адзінымі энергасістэмай, сістэмай транспарту і камунікацый, займаліся мытным і падатковым рэгуляваннем. У Саюзе Беларусі і Расіі дзейнічаюць Вышэйшы Савет, Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, Мытны камітэт, Рас.-Бел. камісія па навук.-тэхн. супрацоўніцтве, Камітэт па гідраметэаралогіі і маніторынгу забруджвання прыроднага асяроддзя і інш. органы У перыяд трансфармацыі і радыкальных грамадскіх пераўтварэнняў захоўваецца роля дзяржавы ў рэгуляванні сац.-эканам. працэсаў. Мяняюцца змест і арганізацыя такога яго механізму, як планаванне; жорсткае дырэктыўнае планаванне замяняецца індыкатыўным і рэгулюючым, заснаваным на распрацоўцы сістэмы паказчыкаў (індыкатараў) сац.-эканам. развіцця, якія характарызуюць дынаміку, структуру і эфектыўнасць эканомікі, стан фінансаў, грашовага абарачэння, рынку тавараў і каштоўных папер, рух цэн, занятасць, узровень жыцця насельніцтва, знешнеэканам. сувязі і г.д.

Стратэгічная задача кіравання на сучасным этапе — рэалізацыя перспектыўнай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, у якой аддаецца прыярытэт сац. мэтам. Гэта якасць і працягласць жыцця насельніцтва, ахова і паляпшэнне асяроддзя пражывання людзей, сац. гарантыі і сац. справядлівасць, захаванне і прымнажэнне культ. і духоўна-маральных каштоўнасцей з улікам традыцый і нац. асаблівасцей краіны. Выбар канкрэтных форм і метадаў кіравання грунтуецца на выкарыстанні айч. і замежнага вопыту, навук.-метадычных і метадалагічных распрацовак, крытэрыяў эфектыўнасці сістэм і метадаў кіравання, уліку канкрэтных умоў, узроўняў аб’ектаў рэгулявання. У якасці рацыянальнага спосабу гаспадарання ўзяты арыенцір на інтэнсіўны метад з паступовым звужэннем поля выкарыстання экстэнсіўных форм вядзення гаспадаркі.

Адна з фундаментальных задач пры пераходзе да сацыяльна арыентаванай рыначнай гаспадаркі — зрабіць эфектыўным асн. звяно эканомікі — прадпрыемства, адаптаваць яго да новых умоў гаспадарання. З развіццём рыначных адносін па меры прыватызацыі правы валодання, карыстання, распараджэння перадаюцца з верхняга ўзроўню кіравання на ўзровень прадпрыемства, а прамое дзярж. кіраванне ўсё больш будзе замяняцца ўскосным рэгуляваннем пры адначасовым развіцці рыначнай самарэгуляцыі. Ва ўмовах Беларусі найб. прымальнымі арганізац. формамі гасп. дзейнасці, якія адлюстроўваюць пераход да пераважна рыначных адносін і новага зместу дзярж. рэгулявання, з’яўляюцца акц. т-вы — карпарацыі і канцэрны. Асн. праваднікамі дзярж. палітыкі дэманапалізацыі галін прам-сці і стварэння новых канкурэнтаздольных вытворчасцей становяцца дзярж. аб’яднанні прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца ў галіне маркетынгу, навук. пошукаў, тэхнал. і прамысл. праектавання і маюць надзейныя інструменты прыцягнення інвестыцый для вырашэння сваіх задач.

Праграмы ўстойлівага эканам. развіцця краіны прадугледжваюць захаванне і развіццё буйных прадпрыемстваў з іх глыбокай перабудовай на рыначныя рэйкі, разгортваннем службаў менеджменту, маркетынгу, тэхнал. абнаўлення. Гэты аргумент улічваецца і пры вырашэнні пытання аб ролі і месцы прыватнай уласнасці на зямлю, аб фарміраванні ў сельскіх гаспадароў цікавасці да канкурэнтаздольнасці ў міжнар. маштабе і выкарыстання імі дасягненняў сучаснага навук. і тэхнал. прагрэсу. Важным фактарам стварэння перадумоў устойлівага росту эканомікі з’яўляецца выкарыстанне праграмна-мэтавага метаду кіравання з асн. формай яго рэалізацыі — мэтавымі праграмамі, якія адрозніваюцца зместам і ўзроўнем кіравання. Для павышэння значнасці і статуса такіх дзярж. праграм у 1997 уведзены інстытут прэзідэнцкіх праграм «Дзеці Беларусі», «Жыллё», «Бытавая электроніка», «Інфарматызацыя» і інш. Эканам. праграміраванне выкарыстоўваецца разам з інш. формамі і метадамі апераджальнага аналізу і рэгулявання сац.-эканам. працэсаў: сац. прагнозамі, доўгатэрміновымі канцэпцыямі, генеральнымі схемамі кіравання, праектамі развіцця высокатэхнал. вытворчасцей і г.д. Сярод найб. важных дзярж. праграм вылучаюцца: Праграма неадкладных мер па выхадзе эканомікі з крызісу (1994), Праграма сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь да 2000 (1995), Нац. стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2010 (1996), Нац. праграма прыцягнення інвестыцый (1996), Канцэпцыя сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь да 2015 (1998); Праграма сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—05 (2000), Нац. стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2020 (2003); сац. праграмы «Культура», «Здароўе», «Жанчыны Беларусі», дзярж. падтрымкі творча адораных дзяцей і моладзі, па праблемах пажылых людзей і інш. Распрацавана мноства рэсп., галіновых, навук.-тэхн., сац., экалагічных і інш. праграм. Найб. прыярытэтнымі кірункамі ўсіх праграмных распрацовак з’яўляецца развіццё розных галін эканомікі, навук.-тэхн. прагрэсу, міжгаліновых комплексаў і вытворчасці асобных прадуктаў, рэсурсазберажэнне, экалогія, блок сац. палітыкі і сац. праблем.

Літ.:

Программа структурной перестройки экономики Беларуси. Мн., 1994;

Экономика Беларуси: пути стабилизации и социально-экономического обновления. Мн., 1995;

Национальная стратегия устойчивого развития Республики Беларусь. Мн. 1997, Санько Г.Т. Монополизм и антимонопольное регулирование. Мн., 1997;

Беларусь: государство, управление, человек: Нац. отчет о человеч. развитии, 98. Мн., 1998;

Экономико-математические методы и модели. Мн., 1999;

Никитенко П.Г. Модель устойчивого социально-экономического развития Беларуси: проблемы формирования и эволюции Мн., 2000;

Яго ж. Императивы инновационного развития Беларуси: теория, методология, практчка. Мн., 2003;

Новикова И.В. Глобализация и рынок: поиски стратегии экономического развития в XX в. Мн., 2001;

Прогнозирование социально-экономического развития Республики Беларусь: вопросы теории и методики. Мн., 2001;

Проблемы развития национальной экономики Беларуси (теоретические и практические аспекты). Мн., 2002;

Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003.

Л.​М.​Крукаў.


Табліца 1
Структура валавога ўнутранага прадукту па элементах канчатковага выкарыстання (у бягучых цэнах, у % да выніку)
1990 1995 2000 2001 2002 2003
Валавы ўнутраны прадукт 100 100 100 100 100 100
у т. л. расходы на канчатковае спажыванне, з іх: 71,1 79,6 77,5 79,7 81,4 80,0
дамашніх гаспадарак 44,6 56,0 55,7 55,9 58,4 57,3
дзяржаўных устаноў 23,8 20,5 19,7 21,7 21,3 21,1
некамерцыйных арганізацый, якія абслугоўваюць дамашнюю 2,8 3,1 2,1 2,1 1,7 1,7
гаспадарку Валавое накапленне 26,6 24,8 25,7 23,9 22,4 23,9
у т. л.: асноўнага капіталу 21,9 24,7 25,5 24,2 24,2 23,4
змяненне запасаў матэрыяльных абаротных сродкаў 4,6 0,1 0,2 1,1 0,2 0,5
Чысты экспарт тавараў і паслуг (сальда знешняга гандлю) 2,3 -4,4 -3,2 -3,6 -3,8 3,9

Табліца 2
Ступень зносу асноўных фондаў у матэрыяльнай вытворчасці (у %)
1990 1995 2000 2001 2002 2003
Усе асноўныя фонды 33,3 42,3 49,8 52,3 53,5 54,2
Вытворчыя з іх: 40,8 44,6 51,3 54,1 54,8 55,2
прамысловасць 52,0 56,5 58,9 61,4 62,4 63,4
сельская гаспадарка 26,6 40,1 56,6 57,5 57,2 57,6
будаўніцтва 56,4 41,8 41,0 42,5 43,1 42,1
транспарт 40,6 41,3 53,1 54,8 55,6 52,3
гандаль і грамадскае харчаванне 25,4 34,9 39,4 41,2 42,9 44,0

Табліца 3
Структура вытворчасці валавога ўнутранага прадукту (у бягучых цэнах, у % да выніку)
1990 1995 2000 2001 2002 2003
Валавы ўнутраны прадукт (у рыначных цэнах) — усяго 100 100 100 100 100 100
у т. л.: вытворчасць тавараў 68,9 49,2 45,6 42,8 41,9 40,4
вытворчасць паслуг 28,5 41,1 39,9 44,4 41,1 44,7
чыстыя падаткі на прадукты і на імпарт 2,6 9,7 14,5 12,8 14,0 14,9

Табліца 4
Размеркаванне колькасці занятага насельніцтва па галінах эканомікі (у %)
1990 1995 2000 2001 2002 2003
Усяго занятых у эканоміцы у т. л.: 100 100 100 100 100 100
прамысловасць 30,9 27,6 27,6 27,4 26,7 26,2
будаўніцтва 11,1 6,9 7,0 7,2 7,1 7,1
сельская гаспадарка 19,1 19,1 14,1 13,3 12,1 11,1
транспарт 6,0 5,7 5,8 5,9 6,5 6,6
сувязь 1,1 1,3 1,4 1,4 1,5 1,5
гандаль, грамадскае харчаванне, матэрыяльнае забеспячэнне і збыт, нарыхтоўкі 7,4 10,7 12,0 12,2 12,9 13,7
у невытворчай сферы 22,3 26,7 29,9 30,4 30,7 31,2

т. 18, кн. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРЫ-ЛА́НКА, Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка,

дзяржава ў Паўд. Азіі, на аднайм. востраве (б. Цэйлон), у Індыйскім акіяне. Ад Індыі аддзелена Манарскім зал. і Полкскім пралівам. Пл. 65,61 тыс. км². Нас. 19 576,8 тыс. чал. (2002). Афіц. мовы — сінгальская і тамільская; мова міжнац. зносін — англійская. Афіц. сталіца — Шры-Джаявардэнапура-Котэ (месцазнаходжанне парламента), фактычная — г. Каломба. Краіна падзяляецца на 8 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 лютага).

Дзяржаўны лад. Прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і прэм’ер-міністр, які ўзначальвае Савет Міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. дзярж. асамблеі, дэпутаты якой выбіраюцца на 6 гадоў. Выбарчым правам карыстаюцца ўсе грамадзяне з 18 гадоў. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца таксама апеляцыйнай інстанцыяй, суды акруговыя, магістратаў і сельскія. Суддзяў прызначае ўрад, членаў Вярх. суда — прэзідэнт.

Прырода. Большая ч. краіны — узгорыстыя раўніны. На Пд і ў цэнтры сталовыя горы з пераважнымі выш. 1000—2000 м (найб. 2524 м, г. Підуруталагала). Карысныя выкапні: графіт, вапнякі, паўкаштоўныя і каштоўныя камяні (рубіны, сапфіры, тапазы, турмаліны, аметысты), фасфарыты; на ПнУ і ПдУ узбярэжжа — чорныя пяскі з рэдкімі і рэдказямельнымі элементамі (ільменіт, манацыт, цырконій, рутыл, радый); разнастайныя буд. матэрыялы (граніты, гнейсы, латэрыты). Клімат субэкватарыяльны, на Пд экватарыяльны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах каля 27 °C, у гарах 23—25 °C. Адно з самых халодных месцаў — горны курорт Нувара-Элія (2000 м над узр. м.) з сярэднегадавой т-рай 15 °C. Колькасць ападкаў за год павялічваецца з ПнУ на ПдЗ з 1300—2000 мм да 2500—3000 мм. Рачная сетка густая. Рэкі кароткія, найб. — Махавелі (330 км). Глебы чырвона-бурыя і чырвона-жоўтыя фералітныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Больш за 70% тэр. ўкрыта натуральным раслінным покрывам. На Пд — участкі вечназялёных трапічных лясоў, на ПнУ трапічныя лістападныя лясы. Жывёльны свет разнастайны: сланы, леапарды, рысі, гепарды, шакалы. мядзведзі, шмат малпаў, ядавітых змей, яшчарак, у рэках — кракадзілы. Нац. паркі: Васгамува, Вілпату, Гал-Оя, Кумана, Мадуру-Оя, Уда-Валаве, Яла (Рухуна).

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — сінгалы (74%) і тамілы (18%). Жывуць таксама маўры (нашчадкі арабаў і мясц. мусульман) — 7%, бюргеры (нашчадкі галандцаў і партугальцаў), малайцы, веды, кафіры (афрыканцы), ланкійскія цыганы. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (70%) і індуісты (15%). Ёсць хрысціяне (католікі) — 8%, мусульмане — 7% (1999). Натуральны прырост 0,85% (2002). Сярэдняя шчыльн. 298 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены ПдЗ вострава. У акрузе Каломба шчыльн. больш за 2 тыс. чал. на 1 км². У гарадах жыве 23% насельніцтва. Буйныя гарады (тыс. ж., 1993): Каломба — 2026 (з прыгарадамі), Маўнт-Лавінія — 175, Моратува — 135, Джафна — 125. Працаздольнага насельніцтва 6,6 млн. чал. (1998). У прам-сці занята 17% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 38%, у сферы паслуг — 45%.

Гісторыя. З часоў палеаліту Ш.-Л. насялялі плямёны паляўнічых-збіральнікаў, ад якіх, відаць, пайшоў сучасны народ веды. У 6—3 ст. да н.э. востраў засялілі інда-арыйскія плямёны з Паўн. Індыі. Яны назвалі краіну Сінхаладвіпа (санскр. — «краіна львоў»), у скажонай транскрыпцыі Сілон (рус. і бел. Цэйлон), а сябе — сінгаламі. Адначасова ўжывалася і другая назва вострава — Ланка (благаславёная, цудоўная зямля). У 3 ст. н.э. склалася Сінгальская дзяржава (сталіцы — гарады Анурадхапура, Паланарува), дзе дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Яна з пераменным поспехам ваявала з прышэльцамі з Паўд. Індыі таміламі і ў 15 ст. распалася. На Пн вострава ўзнікла Тамільская дзяржава са сталіцай у г. Джафна. З 1505 да пач. 17 ст. прыбярэжныя раёны Ш.-Л. заваяваны партугальцамі, але яны не здолелі зламаць супраціўленне сінгальскага каралеўства з цэнтрам у г. Канды, якое з 15 ст. існавала ў горнай частцы вострава. У 1658 галандцы з дапамогай кандыйцаў выгналі партугальцаў, але ў 1795—96 самі былі выгнаны англічанамі. З 1802 Ш.-Л. — асобная брыт. калонія Цэйлон, у 1815 англічане захапілі і Кандыйскае каралеўства. У 1833 пры брыт. губернатару створаны Заканад. савет, у 1912 прынята канстытуцыя. Паводле канстытуцыі 1931 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. 4.2.1948 абвешчана незалежнасць Ш.-Л. ў складзе брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1972 Ш.-Л. — рэспубліка. У краіне дзейнічаюць каля 30 паліт. партый, але ўвесь перыяд незалежнасці ўлада папераменна належыць або правай Аб’яднанай нац. партыі (засн. ў 1946, правіла ў 1948—56, 1960, 1964—70, 1977—94), або левай Партыі свабоды Ш.-Л. (засн. ў 1951, правіла ў 1956—60, 1960—64, 1970—77 і са жн. 1994 у складзе Нар. альянсу). З 1994 прэм’ер-міністр Ш.-Л. — С.Бандаранаіке, прэзідэнт — яе дачка Ч.​Кумаратунге. Становішча ў краіне ўскладнена ўзбр. канфліктам (з 1983) паміж урадам і арг-цыяй Тыгры вызвалення Таміл Ілама, якая тэрарыст. метадамі змагаецца за стварэнне на Пн і ПнУ вострава незалежнай Тамільскай дзяржавы. Ш.-Л. — чл. ААН (з 1955), Руху недалучэння (з 1961), інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліст. 2000.

Гаспадарка. Ш.-Л. — агр.-індустр. краіна з развітой плантацыйнай гаспадаркай. З 1970-х г. у краіне праводзяцца рыначныя рэформы, што спрыяе пашырэнню аб’ёму інвестыцый у эканоміку (у 1997—550 млн. дол.), хуткаму развіццю прам-сці і сферы паслуг. Асн. інвестары — Японія, Паўд. Карэя, Сінгапур, мадэлі эканам. развіцця якіх Ш.-Л. прыстасоўвае да сваіх умоў. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 62,7 млрд. дол. (3,25 тыс. дол. на 1 чал.). Штогадовы рост ВУП у 1997—2000—5,3%. У сельскай гаспадарцы ствараецца 21% ВУП, у прам-сці — 27%, у сферы паслуг — 52%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства, якое пашырана пераважна на ПдЗ вострава, дзе няма патрэбы ў арашэнні. Апрацоўваецца 14% тэр. Гал. плантацыйныя культуры — чай (збор больш за 240 тыс. т штогод), гевея (100 тыс. т натуральнага каўчуку), какосавая пальма (60 тыс. т копры), займаюць 2/3 пл. зямель, што апрацоўваюцца. З інш. плантацыйных культур вырошчваюць вострапрыпраўныя расліны (перац, кардамон, мускатны арэх, карыца, гваздзіка і інш.), какава, ананасы, цукр. трыснёг, тытунь. У канцы 20 ст. роля плантацыйнай гаспадаркі ў экспартных паступленнях значна знізілася (з 90% у 1970 да 20% у 2000). Гал. харч. культура — рыс (2,76 млн. т, 2000), пашырана паўсюдна, асабліва на алювіяльных глебах у далінах рэк і на прыморскіх нізінах. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. У больш засушлівых раёнах вырошчваюць проса (491 тыс. т, 2000), кукурузу (315 тыс. т), сорга (140 тыс. т), бабовыя, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 1,56, коз — 0,5, птушак — 11, свіней — 0,07, авечак — 0,01. Буйн. раг. жывёла выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Улоў рыбы (1999) 247 тыс. т. У прамысловасці найб. інтэнсіўна развіваюцца тэкст. і швейная галіны. У 5 зонах свабоднага гандлю працуюць больш за 150 прадпрыемстваў па вытв-сці тэкст. вырабаў на экспарт. Развіты традыц. галіны — чайная, перапрацоўка какосавых арэхаў (алей, мыла, гліцэрын, кандытарскія вырабы, алкагольныя напіткі і інш.), цукр., тытунёвая, мукамольная, гарбарна-абутковая. Ёсць прадпрыемствы чорнай металургіі (Орувела), маш.-буд. (пераважна зборачныя, па вытв-сці абсталявання для лёгкай прам-сці і інш.), нафтаперапр., гумавай (шынны з-д у Келані), фарфоравай, цэм. прам-сці. 50% прамысл. прадпрыемстваў сканцэнтравана ў г. Каломба і яго прадмесцях. Выпрацоўка электраэнергіі 6,6 млрд. кВт∙гадз (2000) на ГЭС (68%) і ЦЭС (32%). Здабыча графіту, каштоўных і паўкаштоўных камянёў, солі. Вял. значэнне маюць маст. промыслы — разьба па дрэве, рогу, чарапахавых пласцінах, слановай косці, чаканка па метале, вытв-сць упрыгожанняў з каштоўных камянёў. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог больш за 25 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 11,3 тыс. км. У краіне 220 тыс. легкавых і 249 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Чыгункі (даўж. 1463 км) пераважна аднакалейныя. Унутр. водных шляхоў — 430 км, трубаправодаў — 62 км. Гал. марскія парты: Каломба, Гале, Джафна, Трынкамалі. 15 аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Каломба. Экспарт (4,9 млрд. дол., 2001) тканін, швейных і гумава-тэхн. вырабаў, чаю, каштоўных камянёў, прадуктаў какосавай пальмы. Імпарт (6 млрд. дол., 2001) машын і абсталявання, паліва, харч. прадуктаў. Асн. гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Японія, Індыя. Штогод краіну наведваюць каля 500 тыс. замежных турыстаў. Даход ад турызму 275 млн. дол. (1998). Грашовая адзінка — рупія Ш.-Л.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Вял. ўплыў на стараж. мастацтва Ш-Л. (3 ст. да н.э. — 8 ст. н.э.) зрабіла культура Індыі. У аснове планіроўкі стараж. гарадоў быў падзел на Унутр. (т.зв. Царскі) горад, умацаваны сценамі, з палацам і гал. культавымі пабудовамі, і Знешні горад з жылымі кварталамі, манастырамі, прадмесцямі (Анурадхапура). Самы вял. арх. комплекс горада — будыйскі манастыр (віхара) — пераўзыходзіў інда-будыйскія ўзоры па памерах, разнастайнасці тыпаў пабудоў: ступа (дагоба), дамы дрэва Бодхі, астанкаў, рэліквій і інш. Найб. даўнія арх. помнікі: звонападобныя ступы Тхупарама (3 ст. да н.э.), Руанвелі (2—1 ст. да н.э.), скальны манастыр Ісурумунія (5—8 ст. н.э.), палацы, штучныя вадаёмы ў г. Анурадхапуры; рэшткі палацавых будынкаў, ступы Даміла-тхупа, Ранкатвіхара-ступа, Кірывіхара, круглы храм Вата-да-ге, дом вобраза Ланкатылака, пячорны комплекс Галвіхара і інш. ў г. Паланарува. Для будыйскай каменнай пластыкі характэрны манументальнасць, стрыманасць вобразаў, лаканізм форм: гарэльеф «Закаханыя» ў Анурадхапуры (5 ст.), гіганцкія скальныя статуі Буды і Ананды ў Паланаруве (12 ст.). З 11 ст. ўзводзілі індуісцкія храмы (Шыва Дэвале № 1 і № 2 у Паланаруве). Выяўл. мастацтва звязана з інд. маст. школамі. У 5 ст. на скале Сігірыя створаны размалёўкі (мяркуюць, што першапачаткова іх было 500; захавалася 21) з выявамі фігур знатных жанчын у выглядзе паўбожастваў апсар, якія скрозь воблакі кідаюць на зямлю кветкі. З 16 ст. пашырыліся еўрап. ўплывы. Традыцыі нац. архітэктуры захоўваліся ў г. Канды [храм Зуба Буды (Далада Малігава), 14, 18—19 ст.], мастацтва — у Дамбуле (размалёўка пячорнага храма, 18 ст.). У 1-й пал. 19 ст. пераважалі формы англ. класіцызму, станковае мастацтва развівалася ў духу англ. акадэмізму. У 1888 прадстаўнікі традыц. кірунку ў мастацтве аб’ядналіся ў «Цэйлонскае таварыства мастацтва». У 1-й пал. 20 ст. ў сувязі з нац.-вызв. рухам склалася маст. аб’яднанне «Група 43», прадстаўнікі якога Х.​Піерыс, Дж.​Кіт, Дж.​Дэраніягала і інш. спалучалі нар. і міфалагічныя сюжэты з прыёмамі еўрап. мастацтва. Члены «Таварыства нацыянальнага мастацтва» (1950, арганізатар будыйскі вучоны-манах Мапалагама Віпуласара тхера) у сваіх творах адраджалі традыцыі сярэдневяковага сценапісу (Б.Л.​А.​Мендыс, К.​С.​Віджая і інш.). Развіваюцца стараж. віды маст. рамяства: ткацтва, разьба па дрэве (арх. дэталі, маскі), апрацоўка металу (насечка, чаканка) і каштоўных камянёў, вытанчаная разьба па слановай косці, выраб лакавых рэчаў. У буд-ве выкарыстоўваюцца дасягненні сусв. дойлідства і вопыт нац. архітэктуры. Помнікі гарадоў Анурадхапура, Паланарува, Сігірыя, Канды ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Талмуд Э.Д. История Цейлона, 1795—1965. М., 1973;

Республика Шри Ланка: История и современность. М., 1977;

Страны и народы: [Зарубежная Азия. Южная Азия]. М., 1982;

Тюляев С.И., Бонгард-Левин Г.М. Искусство Шри Ланка. М., 1974.

У.​М.​Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Шры-Ланкі.
Да арт. Шры-Ланка. У наваколлі горада Канды.
Да арт. Шры-Ланка. Размалёўка на скале. Сігірыя. 5. ст.
Да арт. Шры-Ланка. Скульптурнае аздабленне круглага храма Вата-да-ге ў г. Паланарува. 12 ст.
Да арт. Шры-Ланка. Размалёўка пячорнага храма ў Дамбуле. 18 ст.

т. 17, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МНІК,

1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл. Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).

2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.

Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш.). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.​М.​Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б. пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.​Ф.​Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.​А.​Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.​А.​Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.​К.​Клот; І.​В.​Гётэ і Ф.​Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.​Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.​Саконі), празмерна грубымі формамі (О.​Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.​Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.​Цадкін; помнік Я.​Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.​Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.​А.​Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.​Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял. Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.

На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст. найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.​Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.​Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.​Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.​Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.​Азгур), К.​Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.​Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.​Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін), Я.​Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт. А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.​Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.​Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў, Л.​Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.​Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.​Арцімовіч, арх. І.​Марозаў), Я.​Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.​Голубеў), Ф.​Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.​Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.​Ягадніцкі), С.​Буднаму і В.​Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.​Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.​Інькоў, арх. М.​Лук’янчык), надмагільны помнік В.​Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.​Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.​Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.​Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.​Паўлаў, М.​Каралёў, Т.​Каралёва-Паўлава, В.​Лапцэвіч, Г.​Паўлава, А.​Паўлаў, Д.​Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.​Полак, А.​Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.​Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.​Канцавы, арх. В.​Рыбакоў) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.
Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.​Дранец, арх. Л.​Левін.
Надмагільны помнік В.​Тураву, 1999. Скульпт.

М.​Якавенка.

Помнік Ю.​А.​Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.​Бандарэнка і інш.
Помнік Ф.​Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, А.​Заспіцкі.

т. 12, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНАЎЛЕННЕ, РАЗВІЦЦЁ І КАДЫФІКАЦЫЯ ЗАКАНАДАЎСТВА НА БЕЛАРУСІ

СТАРАЖЫТНАЕ ПРАВА.

У стараж. бел. княствах (Полацкім, Турава-Пінскім, Віцебскім, Новагародскім і інш.) дзейнічала пераважна звычаёвае права — сістэма няпісаных правіл паводзін людзей, што абапіралася на даўнасць і агульнапрынятасць ужывання. Звычаёвым правам рэгуляваліся маёмасныя і сямейныя праваадносіны, правы і абавязкі насельніцтва, сістэма органаў улады і інш., у т. л. парадак уступлення на трон князя, які на ўсеагульным вечы прысягаў верна служыць дзяржаве і дзейнічаць у адпаведнасці з мясц. звычаёвым правам. Умовы ўступлення князя на трон афармляліся граматай (калі ён займаў яго па спадчыне) або дагаворам (калі быў запрошаны на княжанне з інш. княства ці «чужой» зямлі).

Першыя пісаныя заканад. акты — Руская праўда і міжнар. дагаворы стараж. бел. княстваў з інш. дзяржавамі. Адным з першых пісаных дагавораў, які дайшоў да нашага часу, лічыцца дагавор 1229, заключаны Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з Рыгай і Гоцкім берагам аб добрасуседскіх адносінах і свабодным гандлі па ўсёй Зах. Дзвіне і Балтыйскім узбярэжжы. Падобныя дагаворы заключаліся ў 1264, 1265, 1338 і інш. Гал. мэтай дагавораў у 13—15 ст. было ўстанаўленне і захаванне міру, рэгуляванне свабоды гандл. і дыпламат. зносін. Добрасуседскія адносіны замацоўваліся ў шэрагу дагаворных грамат з Псковам і Вял. Ноўгарадам Так, у 1471 Ноўгарад, імкнучыся захаваць сваю незалежнасць ад Масквы, заключыў дагавор з ВКЛ аб ваен. дапамозе і інш. На працягу стагоддзяў міжнар. дагаворы заключаліся з Маскоўскай дзяржавай. Асобнае месца ў дагаворным праве належыць васальным граматам, што замацоўвалі падпарадкаванне невял. княстваў больш магутным дзяржавам, якія часам не ўваходзілі ў склад дзяржавы-сюзерэна, але былі ў саюзе з ёй.

ЗАКАНАДАЎСТВА ВКЛ І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ.

У працэсе ўтварэння ВКЛ складвалася ўласнае агульназемскае (агульнадзярж.) права, прымалася значная колькасць нарматыўных актаў — прывілеяў (грамат). У зборах дакументаў і матэрыялаў археаграфічных камісій (Віленскай, Пецярбургскай, Кіеўскай) надрукаваны розныя віды грамат: дагаворныя, даравальныя, устаўныя, ільготныя, ахоўныя, судныя, пазыўныя і інш. Граматы заканад. характару называліся звычайна «лістами» або «прывілеями». Яны ахоплівалі тэр. ўсёй краіны ці адрасаваліся прывілеяванаму саслоўю (т.зв. агульназемскія граматы); ахоплівалі асобныя землі, адм.-тэр. адзінкі і адрасаваліся ўсяму насельніцтву гэтых зямель (т.зв. абласныя граматы); выдаваліся асобным гарадам, пераважна на магдэбургскае права (т.зв. гарадскія граматы), пэўным установам (напр., цэрквам, манастырам) або асобным сац. і саслоўным групам насельніцтва (сялянам, духавенству, мяшчанам), нац. групам (татарам, яўрэям), а таксама прыватным асобам (падараванні зямельных угоддзяў ці промыслаў, наданні тытулаў, шляхецтва і інш.).

У ліку першых грамат агульнадзярж. характару былі граматы вял. князя Альгерда, выдадзеныя ў 1359, і граматы вял. князя Ягайлы, выдадзеныя ў 1387. Гарадзельская унія 1413 замацавана сумеснай граматай Ягайлы і Вітаўта. У грамаце ад 6.5.1434, выдадзенай вял. князем Жыгімонтам Кейстутавічам, пацвярджалася роўнасць правоў правасл. феадалаў з феадаламі-католікамі; усім феадалам гарантавалася права валодання маёнткамі, карыстання гербамі і інш. знакамі шляхецтва, а таксама асабістая свабода і недатыкальнасць асобы шляхціца.

Важным этапам у развіцці дзярж. заканадаўства была грамата Казіміра ад 2.5.1447, якая мела ярка акрэслены канстытуцыйны характар. У ёй вял. князь ВКЛ абяцаў ахоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы і не даваць зямель і пасад іншаземцам. Грамата адрасавалася не толькі шляхце, але і гарадскому насельніцтву. Прынцыпы недатыкальнасці асобы і яе маёмасці, адказнасці за віну ў судовым парадку пашыраліся і на простых людзей. Адной з найб. прагрэсіўных норм канстытуцыйнага характару было дэклараванне права князям, рыцарам, шляхціцам, баярам свабодна выязджаць за межы дзяржавы, за выключэннем непрыяцельскіх зямель. Адначасова грамата заканадаўча афармляла права феадалаў судзіць сваіх залежных (падданых) людзей.

Агульназемская грамата 1492 замацоўвала асновы грамадскага і дзярж. ладу ВКЛ, суверэнітэт дзяржавы, вяршэнства Рады і інш. У гісторыка-прававой л-ры яна атрымала назву «малая феадальная канстытуцыя». Грамата замацавала асн. прынцыпы міжнар. палітыкі ВКЛ: падтрымліваць добрасуседскія адносіны з інш. дзяржавамі, прытрымлівацца заключаных пагадненняў аб міры, саюзах, канфедэрацыях, не парушаць раней заключаных дагавораў. Грамата гарантавала, што ўсе дзярж. пытанні і судовыя пастановы, вырашаныя з панамі-радай, вял. князь не мог «змяняць, выпраўляць або перапарадкоўваць»; што ўсе пасады ў дзяржаве будуць давацца са згоды Рады толькі ўраджэнцам ВКЛ; забараняла пазбаўляць службоўцаў пасад без вызначэння віны. Нормы граматы паклалі пачатак барацьбы са злоўжываннямі асоб мясц. адміністрацыі: ім забаранялася вымагаць у падначаленых і насельніцтва што-небудзь звыш вызначанага законам, браць хабары.

Важным законам, які таксама меў канстытуцыйны характар, стала грамата Жыгімонта 1 Старога, выдадзеная ў 1506. У ёй больш дэталізавана абагульняліся і паўтараліся палажэнні папярэдніх агульназемскіх грамат; пацвярджаліся ўсе правы і вольнасці, дадзеныя гарадам, цэрквам, духоўным і свецкім феадалам, мяшчанам і інш. жыхарам краіны. Князь абавязваўся не раздрабняць дзярж. землі і вяртаць незаконна адабраныя, дэкларавалася права падданых падаваць чалабітныя і скаргі.

Наступныя агульназемскія граматы (1529, 1547, 1551, 1563 і інш.) у асн. пацвярджалі і паўтаралі раней выдадзеныя прывілеі, хаця мелі і новыя прававыя нормы, у іх ліку нарматыўна-прававыя акты: устава аб маёнтках дзярж. злачынцаў (1509), грамата аб уладзе і правах гетмана ў перыяд паходу з войскам (1507), закон аб спакушэнні ва іудзейства (1540) і інш.

Першыя абласныя граматы, якія замацоўвалі аўтаномныя правы асобных зямель (найчасцей былых стараж. княстваў) у складзе дзяржавы, выдаваліся пераважна ў 14 ст. пры ўваходзе гэтых зямель у склад ВКЛ і потым пацвярджаліся наступнымі князямі. Да нашага часу дайшлі больш познія пацвярджальныя граматы (Полацкай зямлі 1511, 1547, 1580, 1634; Віцебскай зямлі 1503, 1509, 1561; Смаленскай зямлі 1505 і інш.). У іх рэгламентаваліся ўзаемаадносіны гэтых зямель з цэнтр. уладай, правы і абавязкі насельніцтва. Адначасова яны мелі сілу і значэнне мясц. законаў, бо рэгулявалі ўнутранае грамадскае жыццё. Валасныя граматы (гаспадарскія лісты, выракі, уставы) даваліся вял. князем жыхарам пэўных валасцей, як правіла, у адказ на іх скаргі адносна самавольства мясц. адміністрацыі і парушэння старадаўніх правоў. Найчасцей яны рэгламентавалі сял. павіннасці перад дзяржавай і мясц. адміністрацыяй. Гарады ў ВКЛ на падставе гарадскіх грамат набывалі самакіраванне на ўзор магдэбургскага права. Першымі атрымалі такія граматы Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391). На працягу 15—17 ст. правы на самакіраванне паводле магдэбургскага права атрымалі каля 60 гарадоў, у т. л. Слуцк, Полацк, Мінск, Браслаў, Ваўкавыск, Навагрудак, Слонім, Магілёў, Нясвіж, Пінск, Віцебск, Орша, Капыль. Граматы грунтаваліся на ўласным звычаёвым праве горада, рэгламентавалі парадак утварэння і кампетэнцыю органаў гар. кіравання — магістратаў у складзе войта (галавы горада), лент-войта (яго намесніка), радцаў, бурмістраў і лаўнікаў. Горад вызваляўся з-пад улады мясц. адміністрацыі — намеснікаў, старостаў і інш., меў пэўныя льготы і ўласны суд. Войта, як правіла, прызначала вярх. ўлада пажыццёва. Колькасць членаў гар. рады (радцаў) залежала ад памеру горада. Кожная грамата змяшчала пэўныя гандл. льготы для гараджан, рэгламентавала права горада на пэўную колькасць кірмашоў на год. Гораду давалася права на зямельную ўласнасць унутры горада і вакол яго. Гараджанам дазвалялася будаваць і атрымліваць прыбыткі з гасціных дамоў, крамніц, важніц, васкабойняў, млыноў, лазняў і інш. Першай спробай кадыфікацыі крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства быў прыняты на сойме 29.2.1468 Судзебнік Казіміра, у аснову якога пакладзена звычаёвае права стараж. бел. княстваў.

У пач. 16 ст. створана спец. камісія для кадыфікацыі заканадаўства. Першы звод законаў — Статут 1529, які складаўся з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. Галоўнае, што адрознівала яго ад падобных заканад. актаў інш. дзяржаў, гэта канстытуцыйная накіраванасць і ўласная кадыфікацыя. Першыя 3 раздзелы Статута ўключалі ў асн. нормы канстытуцыйнага характару, хаця яны меліся і ў інш. раздзелах. Раздзелы 4-ы і 5-ы змяшчалі ў асн. нормы спадчыннага і шлюбна-сямейнага права, 6-ы — судова-працэсуальнага, 7-ы — крымін., 8-ы — зямельнага, 9-ы — адм. (ляснога і паляўнічага), 10-ы — грамадз., 11—13-ы — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Статут замацаваў асновы грамадска-паліт. ладу дзяржавы, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых дзярж. і суд. органаў, прававое становішча розных катэгорый насельніцтва і інш. У ім выкладаліся шматлікія канстытуцыйныя нормы, найважнейшымі з іх былі тыя, што абмяжоўвалі ўладу вял. князя (усе справы ў дзяржаве ён павінен быў вырашаць са згоды паноў-рады і «дзеля агульнай карысці»), абавязвалі яго захоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы, прытрымлівацца законаў і звычаяў.

Новы статут ВКЛ, які быў уведзены ў дзеянне з 1.3.1566, меў 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. У яго былі ўключаны 3 прывілеі: Віленскія 1563, 1565 і Бельскі 1564. У ім былі нормы ўсіх галін тагачаснага права: канстытуцыйнага, грамадз. (у т. л. абавязацельнага, залогавага, зямельнага, апякунскага, спадчыннага), шлюбна-сямейнага, адм., крымін., судова-працэсуальнага і інш. Статут больш дакладна і поўна рэгламентаваў дзейнасць вышэйшых органаў дзяржавы (вял. князя і Рады), канчаткова замацаваў заканад. функцыю сойма (вызначаў яго склад і кампетэнцыю, парадак абрання павятовых дэпутатаў на сойм, дзейнасць павятовых соймікаў); рэгламентаваў дзейнасць новых падкаморскіх і земскіх судоў.

Пасля прыняцця Статута 1566 у ВКЛ працягваліся рэформы (судовая, зямельная, ваенная і інш.), удасканальваўся дзярж.-паліт. лад. У 1569 ВКЛ і каралеўства Польшча аб’ядналіся ў канфедэрацыю — Рэч Паспалітую. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць рэфармавання заканадаўства, утворана новая статутавая камісія з паноў-рады, павятовай шляхты, службовых асоб, юрыстаў, духавенства (па 5 ад каталіцкага і правасл.). Работу камісіі ўзначальвалі высокакваліфікаваныя правазнаўцы — канцлер ВКЛ А.​Б.​Валовіч і падканцлер Л.​І.​Сапега. Трэці Статут ВКЛ 1588 у параўнанні з папярэднімі меў не толькі большы аб’ём (488 артыкулаў, размешчаных у 14 раздзелах), але і больш дасканалую сістэму размяшчэння прававога матэрыялу. Па сутнасці, Статут з’яўляўся канстытуцыяй дзяржавы, бо яго першыя 3 раздзелы ў асн. былі прысвечаны нормам канстытуцыйнага права. У першую чаргу ён замацоўваў такія важныя канстытуцыйныя прынцыпы, як суверэнітэт дзяржавы і народа, роўнасць усіх свабодных людзей перад законам, іх правы на ўласнасць, на ахову жыцця, гонару, маёмасці, на суд. абарону і інш. Абвяшчалася права свабоднага выезду шляхты за межы дзяржавы, недатыкальнасць асобы, права прадстаўніцтва ў органах дзярж. улады і кіравання. Статут замацаваў прынцып падзелу ўлады: заканадаўчая ўлада належала сойму, выканаўчая — вял. князю і панам-радзе, судовая — новым, створаным у выніку судовай рэформы судовым органам. Аб юрыдычнай дзейнасці Статута 1588 сведчыць тое, што ён дзейнічаў амаль да сярэдзіны 19 ст.

На соймах Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. прымаліся шматлікія нарматыўныя акты. Адны з іх тычыліся ўсёй дзяржавы, іншыя толькі Польшчы ці ВКЛ. Пры абранні на каралеўскі трон у 1573 Генрыка Валезы (Валуа) былі распрацаваны Генрыкавы артыкулы як асн. канстытуцыйны акт Рэчы Паспалітай. Але яны ўпершыню падпісаны 30.5.1576 пры каранацыі Стафана Баторыя, а потым падпісваліся ўсімі выбарнымі манархамі. У іх абвяшчалася: свабоднае абранне караля, свабода хрысц. веравызнання, абавязак склікаць агульны (вальны) сойм раз у 2 гады не больш чым на 6 тыдняў. Кароль не валодаў ні заканад., ні выканаўчай, ні суд. уладай; пры каралю меўся пастаянны савет з 16 сенатараў-рэзідэнтаў. Без згоды сойма забаранялася ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны. Прадугледжвалася, што калі кароль будзе дзейнічаць насуперак праву і сваім абавязкам, то шляхта можа адмовіцца ад падпарадкавання і выступіць супраць манарха. У 1768 сойм Рэчы Паспалітай прыняў Кардынальныя правы, паводле якіх захоўвалася выбарнасць караля, канфедэратыўны характар дзяржавы і феадальны лад. У студз. 1791 былі прыняты новыя Кардынальныя правы, у якіх выкладзены асн. прынцыпы канстытуцыйнага ладу дзяржавы. Рэч Паспалітая абвяшчалася дзяржавай, у якой вяршэнства належыць закону, прынятаму соймам, рэгламентаваліся свабода слова і друку, свабода рэліг. культаў, вечная унія ВКЛ і Польшчы і інш.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, выдадзеная 3.5.1791, упершыню абвяшчала, што ўлада ў дзяржаве зыходзіць ад народа; кароль займае сваю пасаду як з Божай ласкі, так і па волі народа. Народ сам забяспечвае абарону дзяржавы і захаванне суверэнітэту, а ўсе грамадзяне з’яўляюцца абаронцамі цэласнасці дзяржавы і нар. свабод. Канстытуцыя 1791 прадугледжвала ператварэнне Рэчы Паспалітай з канфедэрацыі ў федэратыўную дзяржаву. Упершыню ўтвараўся адзіны ўрад усёй Рэчы Паспалітай — Стража правоў (законаў). Ён складаўся з караля (старшыні ўрада), прымаса (галавы каталіцкай царквы і адначасова старшыні адукац. і навук. камісіі) і 5 міністраў, якіх прызначаў кароль з вышэйшых службовых асоб Польшчы і ВКЛ. Абвяшчаўся падзел улады на заканад., выканаўчую і судовую. Сойм станавіўся пастаянна дзеючым заканад. органам, адмянялася ліберум вета і інш.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ.

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі працягваў дзейнічаць Статут 1588. Адначасова ў дзеянне ўводзіліся заканад. акты Рас. імперыі: «Даравальная грамата дваранству» (1785), «Даравальная грамата гарадам» (1785, у сувязі са скасаваннем магдэбургскага права на Беларусі), «Статут добрапрыстойнасці» (1782), «Установа для кіравання губерняў» (1775), «Настаўленне губернатарам» (1764) і інш. Прымаліся і спец. заканад. акты адносна кіравання губернямі, змен у адм.-тэр. падзеле і інш. Указам ад 23.6.1794 была ўведзена «мяжа аселасці» для яўрэяў, якая ўключала бел. і частку ўкр. губерняў. У 1826 у сувязі з работай кадыфікацыйнай камісіі М.​Спяранскага па падрыхтоўцы Збору законаў Рас. імперыі пачалася праца па падрыхтоўцы Збору мясц. законаў зах. губерняў пад кіраўніцтвам бел. вучонага-юрыста І.​Даніловіча, якая ў асн. завершана ў 1834 (дапрацоўка некаторых раздзелаў вялася да 1837). Аднак падрыхтаваны праект не быў уведзены ў дзеянне. У 1840 канчаткова адменена дзеянне Статута 1588 і інш. законаў часоў ВКЛ.

На Беларусі пачало дзейнічаць агульнарас. заканадаўства. У 1845 зацверджана, а з 1846 уведзена ў дзеянне «Улажэнне аб пакараннях крымінальных і папраўчых», паводле якога памешчыкі захоўвалі права суда над сялянамі, а суды мелі права ўжываць самыя жорсткія пакаранні (сялян і мяшчан маглі караць катаржнымі работамі, біццём розгамі, пугамі, палкамі). 19.2.1861 прыняты маніфест аб вызваленні сялян ад прыгонніцтва, агульныя і мясц. палажэнні, а таксама інш. заканад. акты адносна правядзення сял. рэформы (выдадзена 17 актаў). 27.11.1864 прыняты 4 Судовыя ўставы аб суд. рэформе, 16.6.1870 — Гарадавое палажэнне аб гар. рэформе і інш. Але на Беларусі ўсе гэтыя нарматыўна-прававыя акты ўводзіліся ў дзеянне, як правіла, пазней, з пэўнымі агаворкамі і выключэннямі. Гарадавое палажэнне ўведзена ў 1875. Пачатак земскай рэформы 1864 на Беларусі пакладзены Палажэннем ад 2.4.1903, пазней указам ад 14.3.1911 у трох усходніх бел. губернях (Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) уведзена Палажэнне аб земствах з некаторымі папраўкамі і зменамі. Важнымі заканад. актамі сталі царскі Маніфест ад 6.8.1905 аб утварэнні Дзярж. думы, Маніфест ад 17.10.1905 «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку» і інш. заканад. акты, прынятыя ў час 1-й рус. рэвалюцыі. Паводле палажэння аб выбарах у Дзярж. думу бел. губерні атрымалі права выбіраць дэпутатаў (Віленская, Гродзенская і Магілёўская — па 7 дэпутатаў, Віцебская — 6, Мінская — 9). На падставе ўказа ад 9.11.1906, законаў ад 14.7.1910 і 29.6.1911 у Рас. імперыі пачалася т.зв. сталыпінская рэформа, накіраваная на развіццё фермерскіх сял. гаспадарак. У час 1-й сусв. вайны быў прыняты шэраг рас. надзвычайных законаў. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пачалі дзейнічаць пастановы Часовага рас. ўрада. Паступова адбываўся працэс ліквідацыі рас. дзярж.-прававой сістэмы і адраджэння бел. дзяржаўнасці, нац. права і заканадаўства.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў БССР.

Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі 1.1.1919 апублікаваў Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У ім гаварылася, што ўся ўлада ў Беларусі належыць Саветам рабочых, сял., батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў; усе землі памешчыкаў і манастыроў, усе лясы, нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі, заводы, банкі, шляхі зносін, паштовыя, тэлегр. і тэлеф. сеткі абвяшчаліся ўласнасцю рабочых і бяднейшых сялян Беларусі; устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень; прац. ўсіх нацыянальнасцей прызнаваліся раўнапраўнымі. I Усебел. з’езд Саветаў 3.2.1919 зацвердзіў першую Канстытуцыю БССР. Вышэйшым органам дзярж. улады БССР абвяшчаўся Усебел. з’езд Саветаў. У перыяд паміж яго з’ездамі ўся паўната ўлады належала ЦВК БССР. Заканад. паўнамоцтвы меў таксама Прэзідыум ЦВК і Вял. Прэзідыум ЦВК (урад БССР). У лют. 1919 Прэзідыум ЦВК зацвердзіў Палажэнне аб выбарах у валасныя і сельскія Саветы.

Пасля стварэння 27.2.1919 Літоўска-Беларускай ССР (Літбел) на тэр. адзінай рэспублікі захоўвалі сілу дэкрэты і пастановы БССР і Літ. ССР. Заканад. акты РСФСР пашыраліся на тэр. Літбела спец. пастановамі ўрада. 31.7.1920 на пасяджэнні Мінскага губ. ВРК і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі з удзелам прадстаўнікоў прафсаюзаў і інш. грамадскіх арг-цый прынята «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», якая аб’явіла аднаўленне БССР на асновах, устаноўленых Маніфестам 1919. Аснову федэратыўных узаемаадносін Сав. Беларусі з РСФСР складалі прынцыпы раўнапраўя, добраахвотнасці, захавання дзярж. і нац. суверэнітэту абедзвюх рэспублік. Да склікання Усебел. з’езда Саветаў вышэйшую ўладу ў рэспубліцы выконваў Ваенна-рэв. камітэт БССР. II Усебел. з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР 1919, паводле якіх утвараўся Савет Народных Камісараў (СНК) рэспублікі як вышэйшы орган дзярж. кіравання; прыняў пастанову аб надзяленні зямлёй батракоў, беззямельных і малазямельных сялян.

Працоўныя адносіны ў БССР рэгуляваліся Кодэксам законаў аб працы РСФСР 1918, які ўстанавіў 8-гадзінны рабочы дзень для дарослых і 6-гадзінны для падлеткаў і асоб, занятых на работах са шкоднымі ўмовамі працы, забараніў звышурочныя работы, вызначыў абавязковую прац. павіннасць для ўсіх працаздольных грамадзян ва ўзросце ад 16 да 50 гадоў. Сямейныя адносіны рэгуляваліся Кодэксам законаў аб актах грамадз. стану, сямейным і апякунскім праве РСФСР 1918. У барацьбе са злачыннасцю судова-следчыя органы БССР карысталіся кіруючымі асновамі па крымін. праве РСФСР 1919. Заканад. органы БССР выдавалі і свае заканад. акты з улікам мясц. умоў. У першыя гады сав. улады на тэр. БССР дзейнічалі Грамадз. і Крымін. кодэксы РСФСР, Кодэкс законаў аб працы РСФСР, Крымін.-працэсуальны кодэкс РСФСР (усе 1922). 15.4.1923 ЦВК БССР увёў у дзеянне новы Крымін.-працэсуальны кодэкс БССР. Асаблівасці землекарыстання на Беларусі выклікалі неабходнасць распрацаваць Зямельны кодэкс БССР, які 29.3.1923 зацверджаны ЦВК БССР і з 15.4.1923 уведзены ў дзеянне. На тэр. Віцебскай і Гомельскай губ. дзейнічаў Зямельны кодэкс РСФСР 1922. Пасля вяртання гэтых тэр. БССР у 1924 паўстала неабходнасць распрацаваць адзіны Зямельны кодэкс. Прэзідыум ЦВК БССР 21.2.1925 зацвердзіў новы Зямельны кодэкс БССР і ўвёў яго ў дзеянне з 1.4.1925.

У сувязі з зацвярджэннем 31.1.1924 Канстытуцыі СССР Надзвычайны VI Усебел. з’езд Саветаў (13—16.3.1924) даручыў ЦВК БССР падрыхтаваць праект новай Канстытуцыі БССР, які ў лют. 1925 разгледжаны і ўхвалены на 4-й сесіі ЦВК БССР. 11.4.1927 8-ы Усебел. з’езд Саветаў зацвердзіў новую Канстытуцыю БССР. Яна вызначала, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — сацыяліст. дзяржава дыктатуры пралетарыяту, якая ажыццяўляе свае задачы на аснове саюзу рабочых і сялян. Асн. сродкі вытворчасці — зямля, лясы, нетры, воды, фабрыкі і заводы, чыгуначны, водны і паветраны транспарт, сродкі сувязі — абвяшчаліся ўласнасцю дзяржавы. Замацоўваліся суверэнныя правы рэспублікі: самаст. прымаць канстытуцыю і ўносіць у яе змены, вырашаць пытанні аб змене граніц БССР, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, прымаць у грамадзянства БССР. Канстытуцыя вызначала выключную кампетэнцыю ўсебел. з’ездаў Саветаў, парадак утварэння, дзейнасць і паўнамоцтвы ЦВК БССР, яго Прэзідыума і СНК рэспублікі, сістэму мясц. органаў улады і кіравання, выбарчую сістэму; асн. правы і свабоды грамадзян. У студз. 1930 СНК БССР прыняў пастанову аб пераводзе на гасп. разлік усіх дзярж. прамысл. прадпрыемстваў. Узмацніліся заканад. меры па абмежаванні, а потым і выцясненні прыватнага капіталу з нар. гаспадаркі. У Грамадз. кодэкс унесены змены, якія расшырылі маёмасныя правы грамадзян. Нормы Грамадз. працэсуальнага кодэкса прыводзіліся ў адпаведнасць з законамі Саюза ССР. 27.7.1929 ЦВК і СНК БССР прынялі новы Кодэкс аб працы БССР, які пашыраў паўнамоцтвы прафсаюзаў у галіне кантролю за захаваннем працоўнага заканадаўства. 27.1.1927 ЦВК БССР зацвердзіў Кодэкс законаў аб шлюбе, сям’і і апецы БССР і ўвёў яго ў дзеянне з 1.3.1927. У галіне зямельнага заканадаўства, адпаведна з агульнасаюзнымі законамі, устанаўліваліся льготы калгасам і саўгасам у правядзенні землеўпарадкавання, абмяжоўвалася здача зямлі ў арэнду, прадугледжвалася дапамога бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам. У перыяд масавай калектывізацыі землекарыстанне рэгулявалася Прыкладным статутам с.-г. арцелі, зацверджаным СНК СССР і Прэзідыумам ЦВК СССР 1.3.1930. У студз. 1927 ЦВК БССР зацвердзіў Водна-меліярацыйны кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 8.3.1928). Крымін. заканадаўства прыведзена ў адпаведнасць з агульнасаюзнымі актамі. 23.9.1928 ЦВК БССР зацвердзіў Крымін. кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 15.11.1928). З прыняццем у 1924 Асноў крымін. судаводства Саюза ССР і саюзных рэспублік і Палажэння аб судовым ладзе БССР (пастанова ЦВК і СНК БССР ад 10.11.1027) у Крымін.-працэсуальны кодэкс (КПК) 1923 унесены значныя змены, якія павышалі ролю пракурора ў крымін. працэсе, дапускалі ўдзел грамадскіх абвінаваўцаў і абаронцаў. 2.7.1926 ІДВК БССР зацвердзіў Папраўча-працоўны кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 15.11.1926). У прац. заканадаўстве ўдасканальваліся палажэнні, якія рэгулявалі нарміраванне працы і заработнай платы, у 1933 канкрэтызавана палажэнне аб перадачы прафсаюзам функцый аховы працы і сац. страхавання. Крымін. заканадаўства ўзмацняла адказнасць за выпуск няякаснай прадукцыі, злоснае хуліганства, парушэнне правоў маці і дзіцяці, за ўцягванне непаўналетніх у злачынную дзейнасць і інш. Устанаўлівалася крымін. адказнасць за здраду Радзіме (шпіянаж, выдача ваен. ці дзярж. тайны, пераход на бок ворага, уцёкі за мяжу і інш.). У 1933—35 унесены змены ў крымін.-працэсуальнае заканадаўства.

19.2.1937 Надзвычайны Усебел. з’езд Саветаў зацвердзіў новую Канстытуцыю БССР. У ёй прыняцце рэсп. законаў аднесена выключна да кампетэнцыі Вярх. Савета БССР — вышэйшага органа дзярж. улады ў рэспубліцы. Да кампетэнцыі Саюза ССР аднесены ўстанаўленне асноў заканадаўства ў галіне асветы, аховы здароўя, працы, прыняцце законаў аб судовым ладзе, крымін. і грамадзянскага кодэксаў. Да ведання рэспублікі аднесена ўстанаўленне парадку землекарыстання і заканадаўства аб працы.

Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР СНК БССР прыняў пастановы аб нацыяналізацыі ў Зах. Беларусі фабрык, заводаў, гандл. прадпрыемстваў і інш. З прыняццем закона аб судовым ладзе СССР 1938 унесены змены ў ГПК БССР, у прыватнасці, устанаўлівалася, што ўсе грамадз. справы павінны разглядацца ў нар. судах з удзелам нар. засядацеляў. Зямельнае заканадаўства прадугледжвала меры па ахове калгасных зямель ад разбазарвання, удасканальванні правіл буд-ва, эксплуатацыі і аховы водна-меліярацыйных сістэм і збудаванняў. Унесены змены ў прац. заканадаўстве: уведзены прац. кніжкі; вызначаны новы рэжым рабочага часу; забаронена скасоўваць прац. адносіны па жаданні работнікаў і інш. Расшырана сфера крымін. адказнасці і ўзмоцнена пакаранне за шэраг злачынстваў.

У 1944—46 СНК БССР прыняў шэраг пастаноў па пытаннях росшуку і размеркавання грамадскай маёмасці, аднаўлення і развіцця ўсіх форм кааперацыі, арганізацыі дагаворных гасп. сувязей, абавязковых паставак с.-г. прадукцыі. Зямельнае і калгаснае заканадаўства забяспечвала аднаўленне парушаных у час акупацыі зямельных адносін, рацыянальнае выкарыстанне зямлі, матэрыяльную дапамогу калгаснай вытворчасці, строгі рэжым вядзення фін. гаспадаркі ў калгасах і арганізацыю калгаснага гандлю. Прац. заканадаўства ваенных гадоў дазваляла кіраўнікам прадпрыемстваў устанаўліваць звышурочныя работы ад 1 да 3 гадзін у дзень, прадугледжвала часовую мабілізацыю незанятага працаздольнага гар. насельніцтва для работы на вытв-сці і буд-ве, уводзіла ваен. становішча на транспарце. Адпаведныя нарматыўныя акты Саюза ССР цалкам пашыраліся і на тэр. БССР па меры яе вызвалення. Унесены змены ў сямейнае заканадаўства: ураўноўваліся ў правах усыноўленыя з дзецьмі ўсынавіцеля, павялічана дзярж. дапамога цяжарным жанчынам, мнагадзетным і адзінокім маці, узмоцнена ахова мацярынства і дзяцінства. Юрыд. значэнне прызнавалася толькі за зарэгістраваным шлюбам, уведзены судовы парадак яго скасавання. Грамадз. заканадаўства прадугледжвала расшырэнне і ўдасканаленне дагаворных сувязей паміж гасп. арг-цыямі, развіццё мясц. прамысловасці, умацаванне планавых асноў у капітальным буд-ве. У 1950 прыняты нарматыўныя акты па аб’яднанні невялікіх калгасаў, зменены прававыя інстытуты, што датычылі забеспячэння нар. гаспадаркі кадрамі, умацавання прац. дысцыпліны, узмацнення аховы працы. З 1947 адноўлена практыка заключэння калектыўных дагавораў паміж адміністрацыяй і ФЗМК прафсаюзаў. У сямейным заканадаўстве ўдасканальваліся нормы, якія рэгулявалі парадак узяцця і скасавання шлюбу, спагнання аліментаў на ўтрыманне дзяцей, аховы мацярынства і дзяцінства. У крымін. заканадаўстве развіваліся 2 узаемазвязаныя тэндэнцыі: узмацненне адказнасці за найб. цяжкія злачынствы і звужэнне сферы крымін. пакарання за дзеянні, якія страцілі грамадскую небяспеку.

З 1950-х г. больш інтэнсіўна абнаўлялася і кадыфікавалася заканадаўства Беларусі. Пачаткам гэтага працэсу паслужыў закон Вярх. Савета СССР ад 11.2.1957 «Аб аднясенні да ведання саюзных рэспублік прыняцця грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў». Былі распрацаваны і прыняты Закон «Аб судовым ладзе Беларускай ССР» (ліст. 1959), Крымін. і Крымін.-працэсуальны кодэксы БССР (снеж. 1960). Вярх. Савет БССР у чэрв. 1964 прыняў Грамадз. і Грамадз. працэсуальны кодэксы БССР, зацвердзіў Зямельны (снеж. 1970) і Водны (снеж. 1972) кодэксы Беларускай ССР, Кодэкс аб шлюбе і сям’і БССР (чэрв. 1969) і Папраўча-працоўны кодэкс БССР (ліп. 1971), прыняты законы: аб ахове прыроды (1961); аб сельскім, пасялковым Савеце дэпутатаў працоўных (1968); аб ахове помнікаў культуры (1969); аб ахове здароўя (1970); аб раённым Савеце дэпутатаў працоўных і аб гарадскім, раённым у горадзе Савеце дэпутатаў працоўных (1971); аб дзярж. натарыяце (1974), аб нар. адукацыі (1974). З мэтай далейшага ўдасканалення і сістэматызацыі дзеючага заканадаўства ЦК КПБ, Прэзідыум Вярх. Савета БССР і Савет Міністраў БССР прынялі 1.11.1976 пастанову «Аб падрыхтоўцы і выданні Збору законаў Беларускай ССР». Пазачарговая сесія Вярх. Савета БССР 14.4.1978 прыняла новую Канстытуцыю БССР, якая цалкам адпавядала агульнасаюзнай Канстытуцыі 1977.

Да асн. рэсп. заканад. актаў 1980-х г. адносяцца Законы «Аб выбарах раённых (гарадскіх) народных судоў Беларускай ССР» (1981), «Аб парадку адклікання народных суддзяў і народных засядацеляў раённых (гарадскіх) народных судоў Беларускай ССР» (1981), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1981), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1981), «Аб народным абмеркаванні важных пытанняў дзяржаўнага жыцця Беларускай ССР» (1988), «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР» (1988), «Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Беларускай ССР» (1989). У 1983 прыняты Жыллёвы кодэкс БССР, у 1984 — Кодэкс Беларускай ССР аб адміністрацыйных правапарушэннях.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ.

27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. У ёй падкрэслівалася, што дзярж. суверэнітэт абвяшчаецца ў імя найвышэйшай мэты — свабоднага развіцця і дабрабыту кожнага грамадзяніна краіны. 27.2. 1991 Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь прыняты закон «Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Беларускай ССР», у якім абвяшчалася, што народ — носьбіт суверэнітэту і адзіная крыніца дзярж. улады ў краіне. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў закон аб перайменаванні Беларускай ССР у Рэспубліку Беларусь (скарочана — Беларусь).

Пасля абвяшчэння незалежнасці ў краіне актывізаваўся працэс заканатворчасці, накіраваны на ажыўленне гасп. дзейнасці, рэфармавання дзярж. апарату. Прыняты законы: «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (14.12.1990), «Аб арэндзе» (12.12.1990), «Аб прадпрыемствах» (14.12.1990), «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» (18.2.1991), «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь» (28.5.1991), «Аб прыярытэтным сацыяльна-культурным і эканамічным развіцці сяла і аграпрамысловага комплексу» (29.5.1991), «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (30.5.1991), «Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь» (16.4.1992), «Аб каштоўных паперах і фондавых біржах» (12.3.1992), «Аб таварных біржах» (13.3.1992), «Аб акцыянерных таварыствах, таварыствах з абмежаванай адказнасцю і таварыствах з дадатковай адказнасцю» (9.12.1992), «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (19.1.1993). Гэтымі законамі поруч з дзярж. прызнавалася і прыватная ўласнасць, дазвалялася прадпрымальніцкая дзейнасць, але не дапускалася неабмежаваная прыватызацыя вытворчых фондаў. Са снеж. 1991 пачалі фарміравацца асновы новай падатковай палітыкі краіны, замацаваныя ў законах «Аб падатках на дадатковую вартасць», «Аб падаходным падатку з фізічных асоб», «Аб падатках на даходы і прыбытак», «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі (экалагічны падатак)», «Аб падатку на нерухомасць». У 1992 прыняты закон «Аб дзяржаўнай пошліне».

Новае сац.-культурнае заканадаўства адлюстравана ў законах: «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (22.2.1991), «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (4.6.1991), «Аб адукацыі» (29.10.1991), «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» (11.11.1991), «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (30.10.1992), «Аб ветэранах», (17.4.1992), «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (13.11.1992), «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (26.11.1992), «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь» (11.11.1992), «Аб ахове здароўя» (18.6.1993), «Аб фізічнай культуры і спорце» (18.6.1993). Дэмакратызацыя паліт. жыцця ў краіне ажыццяўлялася праз законы «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» (13.2.1991), «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» (20.2.1991), «Аб міліцыі» (26.2.1991), «Аб рэферэндуме (народным галасаванні) у Рэспубліцы Беларусь» (13.6.1991), «Аб прафесійных саюзах» (22.4.1992), «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (17.12.1992), «Аб адвакатуры» (15.6.1993). Рэарганізацыя дзярж. апарата пачата законам «Аб некаторых змяненнях у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь» (25.8.1991). У сак. 1992 пачало дзейнічаць Мін-ва абароны краіны. У маі 1992 Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Аб перападпарадкаванні фарміраванняў Узброеных Сіл, якія дыслацыруюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрству абароны». У ліст. 1992 Вярх. Савет прыняў законы: «Аб абароне», «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб пагранічных войсках Рэспублікі Беларусь», «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», «Аб статусе ваеннаслужачых», якія склалі прававую базу фарміравання і функцыянавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У кастр. 1991 Камітэт дзярж. бяспекі падначалены Вярх. Савету. 13.3.1992 Вярх. Савет прыняў закон «Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь», якім істотна ўзмоцнена кантрольная функцыя парламента краіны. Законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» (29.1.1993) пашыраліся магчымасці пракурорскага нагляду. 23.4.1992 Вярх. Савет прыняў пастанову «Аб канцэпцыі судова-прававой рэформы», у якой прадугледжвалася істотная перабудова сістэмы праваахоўных органаў. Неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачалася праца над праектам новай Канстытуцыі. Быў вывучаны вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва большасці сучасных дэмакр. дзяржаў. 15.3.1994 Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прынята Вярх. Саветам. Беларусь абвяшчалася унітарнай дэмакр. сац. прававой дзяржавай. Замацоўваліся правы і свабоды асобы, прадугледжаныя ў міжнар. пактах аб правах асобы. Упершыню Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай з выразна акрэсленым раздзяленнем улад — заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Адначасова вылучаліся кантрольна-наглядныя органы дзяржавы — Канстытуцыйны суд, Кантрольная палата і Пракуратура. Вышэйшым прадстаўнічым і заканад. органам дзярж. улады абвяшчаўся Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. У яго кампетэнцыю ўваходзіла прыняцце і змяненне Канстытуцыі, прыняцце законаў і пастаноў, ажыццяўленне кантролю за іх выкананнем, тлумачэнне Канстытуцыі і законаў.

Істотныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю 1994 унесены ў выніку правядзення рэсп. рэферэндуму 24.11.1996. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод, замацаваны іх гарантыі і формы абароны. У 1994—96 Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь прыняты шэраг законаў з улікам палажэнняў Канстытуцыі 1994: «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», «Аб грамадскіх аб’яднаннях», «Аб палітычных партыях», «Аб дзяржаўных сакрэтах», «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь», «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», «Аб бежанцах», «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь», «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», «Аб зваротах грамадзян», «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь», «Аб навуковай дзейнасці», «Аб дзяржаўнай падтрымцы малога прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» і інш. Прыняццем гэтых законаў завяршыўся першы этап станаўлення заканадаўства незалежнай Беларусі. Другі этап пачаўся пасля прыняцця на рэсп. рэферэндуме 1996 новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Найб. значнай з’явай гэтага этапа развіцця бел. заканадаўства з’явілася яго кадыфікацыя. На працягу 1997—2000 Нац. сход Рэспублікі Беларусь прыняў 18 кодэксаў, у т. л. Мытны кодэкс, Грамадз. кодэкс, Грамадз. працэсуальны кодэкс, Крымін. кодэкс, Крымін.-працэсуальны кодэкс, Прац. кодэкс, Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Паветраны кодэкс, Жыллёвы кодэкс, Крымін.-выканаўчы кодэкс, Банкаўскі кодэкс, Выбарчы кодэкс і інш. Законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, пастановы Урада Рэспублікі Беларусь у 1997—2003 накіраваны на развіццё нар. гаспадаркі ў рэчышчы рыначнай эканомікі, сац. абароны насельніцтва краіны, трывалага правапарадку, эфектыўнай дзейнасці дзярж. апарату: «Аб спрошчанай сістэме падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва», «Аб экспартным кантролі», «Аб сумесным домаўладанні», «Аб дзяржаўным прагназіраванні і праграмах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь», «Аб знешняй працоўнай міграцыі», «Аб энергазберажэнні», «Аб свабодных эканамічных зонах», «Аб дзяржаўным рэгуляванні знешнегандлёвай дзейнасці», «Аб чыгуначным транспарце», «Аб цэнаўтварэнні», «Аб фінансава-прамысловых групах», «Аб мерах па абароне эканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь пры ажыццяўленні знешняга гандлю», «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці і банкруцтве», «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», «Аб магістральным трубаправодным транспарце», «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй», «Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян», «Аб натуральных манаполіях», «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў, маёмасці і крыніц грашовых сродкаў», «Аб газазабеспячэнні», «Аб гандлёва-прамысловай палаце», «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» і інш. Сац. абарона насельніцтва і забеспячэнне грамадскага парадку рэгуляваліся законамі «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека», «Аб мерах барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй», «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» (усе 1997), «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва», «Аб абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару», «Аб дзяржаўнай ахове», «Аб іміграцыі» (усе 1998), «Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзян пры яе аказанні», «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах», «Аб турызме», «Аб творчых саюзах і творчых работніках» (усе 1999), «Аб прамысловай бяспецы небяспечных вытворчых аб’ектаў», «Аб сацыяльным абслугоўванні», «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам» (усе 2000), «Аб перавозцы небяспечных грузаў», «Аб пахаванні і пахавальнай справе», «Аб ахове азонавага слоя», «Аб зброі» (усе 2001), «Аб барацьбе з тэрарызмам», «Аб дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», «Аб абароне правоў спажыўцоў», «Аб наркалагічных сродках, псіхатропных рэчывах і іх прэкурсорах», «Аб надзвычайным становішчы», «Аб устанаўленні і парадку павышэння памеру мінімальнай заработнай платы», «Аб дарожным руху» (усе 2002), «Аб ваенным становішчы», «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэннях непаўналетніх», «Аб прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі», «Аб якасці і бяспечнасці харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека» (усе 2003). Гуманізм дзярж. палітыкі ў адносінах да грамадзян, якія здзейснілі крымінальныя правапарушэнні, адлюстраваны ў законах аб амністыях 2000 і 2002.

Заканадаўча вызначаны прававы статус адпаведных дзярж. органаў, у т. л. адказнасць за належнае выкананне дадзеных ім правоў і ўскладзеных на іх абавязкаў: законы «Аб дзяржаўнай статыстыцы», «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» (абодва 1997), «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь», «Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў», «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», «Аб гаспадарчых судах Рэспублікі Беларусь», «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь», «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (усе 1998), «Аб дзяржаўнай абароне суддзяў, службовых асоб праваахоўных і кантралюючых органаў» (1999), «Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь» (2000), «Аб органах фінансавых расследаванняў Рэспублікі Беларусь», «Аб аварыйна-выратавальных службах і статусе выратавальніка» (абодва 2001), «Аб органах і падраздзяленнях па надзвычайных становішчах Рэспублікі Беларусь» (2002), «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі» (абодва 2000), «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінск», «Аб зацвярджэнні ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь» (абодва 2002) і інш.

У заканадаўстве гэтага перыяду прыярытэтнае значэнне мелі нормы міжнар. права. З 1997 Нац. сход Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў шэраг міжнар. дагавораў і пагадненняў аб далучэнні да іх, у т. л. «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Венскай канвенцыі аб праве дагавораў паміж дзяржавамі або паміж міжнароднымі арганізацыямі» (9.11.1990), «Аб ратыфікацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы» (24.12.1999), «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі аб статусе бежанцаў і Пратакола, які датычыцца статуса бежанцаў» (4.5.2001), «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Факультатыўнага пратакола да Канвенцыі аб правах дзіцяці, які датычыцца гандлю дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі» (3.12.2001), «Аб правапераемнасці Рэспублікі Беларусь у адносінах некаторых міжнародных дагавораў аб прававой дапамозе» (1.11.2002) і інш.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выдаў шэраг указаў, якія прадугледжвалі істотнае ўдасканальванне законапраектнай дзейнасці. Так, указам ад 28.7.1997 «Аб стварэнні Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» прадугледжвалася стварэнне спец. дзярж. органа, асн. задача якога — фарміраванне адзінай законапраектнай дзейнасці. Указам ад 4.3.1998 «Аб некаторых пытаннях законапраектнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» вызначаны патрабаванні да парадку распрацоўкі законапраектаў, да іх узгаднення і працэдуры ўнясення ў парламент. Указам ад 23.6.1998 зацверджана Палажэнне аб парадку разгляду Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь праектаў прававых актаў. У адпаведнасці з Указам ад 20.7.1998 «Аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь», дэкрэтам Прэзідэнта ад 10.12.1998 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб афіцыйным апублікаванні і ўступленні ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь» прававыя акты, уключаныя ў Нац. рэестр, падлягаюць апублікаванню ў выданні Нац. рэестра, якому нададзены статус афіцыйнага. Уся дзейнасць па вядзенні Нац. рэестра прававых актаў, яго выданне даручаны Нац. цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Важная роля ва ўдасканаленні нарматворчай дзейнасці належыць Закону «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» (2000), у якім вызначаны віды нарматыўных прававых актаў, іх іерархія, парадак планавання нарматворчасці, ажыццяўлення заканад. ініцыятывы, прыняцця нарматыўных прававых актаў, набыцця і страты імі юрыд. сілы. Сфарміравалася практыка планавання заканад. дзейнасці. Штогадовыя планы падрыхтоўкі законапраектаў зацвярджаюцца ўказамі Прэзідэнта. З 2001 распрацоўваюцца дзярж. праграмы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь на больш доўгія тэрміны. Каб пазбегнуць унутраных супярэчнасцей і. дубліравання, прадугледжана экспертыза заканадаўчых актаў. Усе законапраекты, што паступаюць у Палату прадстаўнікоў Нац. сходу, праходзяць экспертызу ў Нац. цэнтры законапраектнай дзейнасці, а нарматыўныя акты ўрада, міністэрстваў і інш. органаў дзярж. кіравання — у Мін-ве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 19.1. 1999 выдаў указ «Аб фарміраванні і выданні Збору законаў Рэспублікі Беларусь». Ён павінен быць поўным сістэматызаваным зборам заканад. актаў Рэспублікі Беларусь. З мэтай удасканальвання нарматворчага працэсу Указам Прэзідэнта краіны ад 10.4.2002 ухвалена Канцэпцыя ўдасканальвання заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Асн. задача канцэпцыі — павышэнне эфектыўнасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін з мэтай абароны правоў і свабод асобы, дзярж. суверэнітэту, нац. інтарэсаў і бяспекі; прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з агульнапрызнанымі прынцыпамі норм міжнар. права, ажыццяўленне прававой інтэграцыі нац. заканадаўства з заканадаўствам Рас. Федэрацыі, дзяржаў-удзельніц Еўразійскай эканам. супольнасці і СНД.

Кр.:

Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1—5. СПб., 1846—53;

Статут Великого княжества Литовского 1529 года. Мн., 1960;

Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. Т. 3. 1938—1975 гг. Мн., 1976;

Конституция Белорусской Советской Социалистической Республики. Мн., 1978;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: 1994 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі): Прынята на рэсп. рэферэндуме 24 лістап. 1996 г. Мн., 1997;

Сборник действующих нормативных актов Президента Республики Беларусь: 1994—1998. Мн., 1999;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. Мн., 2003.

Літ.:

Ясинский М. Уставные земские грамоты Литовско-Белорусского государства. Киев, 1889;

Пичета В.И. Белоруссия и Литва в XV—XVI вв. Мн., 1961;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;

Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;

Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;

Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1998;

Доўнар Т.І. Помнікі права Беларусі феадальнага перыяду. Мн., 2001;

Яе ж. Развіццё асноўных інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага права Беларусі ў XV—XVI ст. Мн., 2000;

Дагаворы і граматы як крыніцы беларускага права. Мн., 2000;

Василевич Г.А. Нормативные правовые акты государственных органов Республики Беларусь: Мн., 2001.

Т.​І.​Доўнар (старажытнае права, заканадаўства ў часы ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі), У.​А.​Кучынскі (заканадаўства БССР і Рэспублікі Беларусь).

т. 18, кн. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭКІ

Першыя бібліятэкі на Беларусі пачалі складвацца пры цэрквах з 11 ст. Сярод найб. старажытных бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Абавязковы набор богаслужэбных кніг у праваслаўнай царкве вызначаў статут, альбо тыпікон (у 11—13 ст. Тыпікон Вялікай Царквы, для манастыроў — Студыйскі статут; з 14 ст. — Іерусалімскі статут, які з некаторымі зменамі існуе і сёння). У царкоўных бібліятэках захоўваліся і кнігі свецкага зместу. У 18—19 ст. царк. кнігазбор у сярэднім складаўся з 10—30 кнігадрукаў і рукапісаў, бедныя храмы часам мелі толькі 1—2 кнігі. Асноўны масіў кніг захоўваўся ў манастырскіх (кляштарных) бібліятэках. Напр., у 1494 бібліятэка Слуцкага Троіцкага манастыра налічвала 45 кніг, у 1557 Супрасльскага манастыра — 211 кніг, Пінскага Лешчанскага манастыра — 34 кнігі. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян Дзейнасць базыльянскіх бібліятэк (да пач. 19 ст. іх налічвалася больш за 60) рэгламентаваў статут, складзены ў 1617 мітрапалітам Вельямінам Руцкім. Пасада бібліятэкара (ён жа і архіварыус) давяралася спец. манаху (хартафілаксу), які адказваў за захаванасць фонду і прысягаў, што не будзе кнігі ні прадаваць, ні закладаць, ні пазычаць. Адзін з пунктаў статута патрабаваў, каб бібліятэкар пільна сачыў за тым, якіх кніг бракуе ў кнігазборы і прымаў захады па іх камплектаванні. Абавязкова вёўся каталог з пазначэннем месца кнігі на паліцы (шыфру); расстаноўка фонду была тэматычная, а ў кожным тэматычным раздзеле — фарматная (вылучалі 4 фарматы). Цэнтральныя бібліятэкі базыльян былі ў Віленскім Святатраецкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Кожная з іх налічвала некалькі тысяч кніг, а таксама нот, карт, эстампаў Невялікія бібліятэкі практычна мелі ўсе базыльянскія манастыры. Паводле вопісаў маёмасці 1822—24, у Селіцкім манастыры (Рэчыцкі пав.) былі 102 тамы, Сухавіцкім (Рэчыцкі пав.) — 103 тамы, Мірскім, Дараўскім і Лаўрышаўскім (усе Навагрудскі пав.) — адпаведна 34, 207 і 600 тамоў.

Вял. кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў ’у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і ў Смаргонскім зборы, якому ахвяраваў у 1611 свае кнігі староста чарэйскі і прапойскі К.​Зяновіч. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найбольшай з іх была бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер навуковая бібліятэка Вільнюскага ун-та), больш за 40 тыс. кнігадрукаў захоўвала бібліятэка Полацкай езуіцкай акадэміі. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў і калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г. інстытут. У Віленскай навуч. акрузе ў 1894 меліся 733 бібліятэкі пры нар. вучылішчах.

Першыя пісьмовыя звесткі аб прыватных бібліятэках на Беларусі датуюцца канцом 15 — пач. 16 ст. Вядома бібліятэка навагрудскага ваяводы, канцлера ВКЛ А.​Гаштольда, які заказваў кнігі перапісчыкам (напр., Мацею з Драгічына ў Кракаве), меў кнігі лац., польскія і чэшскія, а найб. кірылічных. Самымі вял. прыватнымі бібліятэкамі 16—18 ст. былі б-ка Жыгімонта II Аўгуста, б-кі Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў, Солтанаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў і інш. У 16—18 ст. склалася некалькі вял. прыватных бібліятэк духавенства: мітрапалітаў Габрыэля Каляды (Календы), Фларыяна Грабніцкага, Ясона Смагаржэўскага, віленскага біскупа Валерыяна Пратасевіча (ахвяравана Віленскаму ун-ту), архіепіскапа тураўскага і пінскага Грыгорыя [рэестр яго б-кі (51 славянская і 39 лац. кніг) склаў у 1631 Сільвестр Каглоба]. Меншымі былі кнігазборы гараджан і ніжэйшага духавенства — берасцейскага мешчаніна Гурына Фёдаравіча (1624), віленскага бурмістра Сцяпана Лябедзіча (1649). Некалькі рукапісных і друкаваных кніг упамінаецца ў тастаменце святара Юр’еўскай царквы ў Вільні Георгія (1522). У 19 — пач. 20 ст. павялічваецца колькасць прыватных бібліятэк інтэлігенцыі, у т. л. Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Валіцкіх у Азёрах (Гродзенскі пав.; канфіскавана ў 1864, цяпер у Цэнтр. б-цы АН Літвы), Магілёўскага архіепіскапа Варлаама (Шышацкага; у 1820 перайшла ў б-ку Пецярбургскай духоўнай акадэміі), Мікалая Вольскага ў Кошках (каля Беластока), дырэктара Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы П.​Т.​Віктарава (8 тыс. тамоў; у 1910 падаравана Маскоўскаму нар. ун-ту імя Шаняўскага), ксяндза Геніюша ў Луніне Пінскага пав. (захоўваў рэшткі кнігазбору картэзіянскага кляштара ў Бярозе; пасля яго смерці распрададзены), П.​М.​Гаховіча ў Тураве, І.​Х.​Каладзеева ў Нова-Барысаве (больш за 10 тыс. кніг, лістовак і інш. друкаваных матэрыялаў пра вайну 1812), Масальскіх у Белічанах, Слізняў у Мсціжы Барысаўскага пав., Г.​Х.​Татура ў Мінску, А.​Трамбіцкага ў Лінове Пружанскага пав. (уключала кнігазбор славіста М.​Баброўскага; у 1861 куплена для б-кі ардынацыі Замойскіх, згарэла ў час 2-й сусв. вайны ў Варшаве), Тышкевічаў у Лагойску, Т.​С.​Урублеўскага ў Вільні (уключала збор І.​Наргелевіча з Навагрудскага пав.; зараз у Цэнтр. б-цы АН Літвы), Б.​І.​Эпімах-Шыпілы ў Пецярбургу, Юндзілаў у Івацэвічах і інш.

У 19 — пач. 20 ст. ў гарадах Беларусі ствараліся першыя публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. Найбольшай публічнай б-кай у краі была Віленская. На сродкі выдаўца Ф.​Ф.​Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л. Астрамечаўская бібліятэка імя Ф.​Ф.​Паўленкава. У 1913 на Беларусі дзейнічала 851 масавая бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1922 утворана аб’яднаная Беларуская дзярж. і універсітэцкая б-ка, яе філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928) і пры Доме ўрада (1933). У 1925 заснавана б-ка пры Інбелкульце (цяпер Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі). У 1938 створаны абласныя бібліятэкі. На пач. 1941 на Беларусі былі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам 5028 тыс. тамоў. У Вял. Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. Аднаўленне бібліятэк ішло хуткімі тэмпамі і ўжо у 1950 іх колькасць і агульны кніжны фонд перавысілі даваен. ўзровень. Сучасныя бібліятэкі можна ўмоўна падзяліць на публічныя (або універсальныя), спецыяльныя і навучальныя.

Публічныя бібліятэкі садзейнічаюць гарманічнаму развіццю асобы, павышэнню яго адукацыйнага, прафесійнага і культурнага ўзроўню. Яны камплектуюць фонды па ўсіх галінах ведаў. Знаходзяцца ў рэспубліканскім, абласным ці раённым падпарадкаванні. Да іх адносяцца таксама бібліятэкі дзіцячыя, юнацкія, для сляпых і інш. груп чытачоў. Галоўнай універсальнай б-кай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Нац. б-ка Беларусі. У 1990 у Беларусі працавала 6239 публічных бібліятэк, у т. л. ў гарадах 1248, у сельскай мясцовасці — 4991, іх кніжны фонд складаў 93,3 млн. экзэмпляраў. У 2003 дзейнічалі 4743 публічныя бібліятэкі, у т. л. 1021 у гарадах, 3772 — у сельскай мясцовасці. Кніжны фонд усіх публічных бібліятэк складаў 74,2 млн. экзэмпляраў. У сярэднім на адну б-ку прыпадала 913 чытачоў, у т. л. ў гарадах 2685 чытачоў, у сельскай мясцовасці — 427 чытачоў (гл. табл. 1).

Спецыяльныя бібліятэкі ствараюцца для выканання навук. і вытворчых заданняў, з’яўляюцца часткаю прадпрыемстваў, устаноў ці органа інфармацыі і абслугоўваюць іх калектывы. Фарміруюць фонды літаратуры ў асноўным па профілі прадпрыемства. Да спец. бібліятэк адносяцца цэнтр. галіновыя і шматгаліновыя бібліятэкі, бібліятэкі навук.-даследчых інстытутаў. Сярод іх Беларуская с.-г. б-ка імя І.​С.​Лупіновіча, рэспубліканскія навук.-медыцынская і навук.-тэхн. бібліятэкі і інш.

Навучальныя бібліятэкі абслугоўваюць навучэнцаў, навуковыя і выкладчыцкія калектывы навуч. устаноў. Яны, як правіла, маюць фонды па ўсіх галінах ведаў, а таксама вял. колькасць падручнікаў. Да навуч. бібліятэк адносяцца бібліятэкі школ, каледжаў, ВНУ, ун-таў (напр., Бібліятэка фундаментальная БДУ) і інш.

Літ.:

К истории библиотечного дела в Белорусской ССР. Мн., 1975;

Библиотечное дело в Белоруссии (1919—1979 гг.). Мн., 1980;

Інфармацыйныя рэсурсы бібліятэк і іх кадравае забеспячэнне: Матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф. (23—26 мая 2000 г., Мінск). Мн., 2000;

Ореховская И.В. Библиотечные тайны. Мн., 2001.

М.​В.​Нікалаеў.


Табліца 1
Публічныя бібліятэкі
1990 1995 2000 2001 2002 2003
Колькасць публічных бібліятэк 6239 5367 5200 5168 4890 4743
у т. л.:
 у гарадах 1248 1077 1053 1049 1036 1021
 у сельскай мясцовасці 4991 4290 4147 4117 3854 3722
Бібліятэчны фонд усіх публічных бібліятэк, млн. экз. 93,3 80,9 77,6 77,1 75,9 74,2
у т. л.:
 у гарадах 45,9 42,8 42,3 42,2 42,4 41,8
 у сельскай мясцовасці 47,4 38,1 35,3 34,9 33,5 32,4
Колькасць чытачоў у сярэднім на адну бібліятэку 773 823 866 875 908 913
у т. л.:
 у гарадах 2184 2377 2611 2656 2671 2685
 у сельскай мясцовасці 420 433 423 421 434 427
Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Галоўны корпус. 2000.
У чытальнай зале Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі.

т. 18, кн. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСПАРТ

Транспартная сістэма. На Беларусі развіты практычна ўсе віды сучаснага транспарту — чыгуначны, аўтамабільны, паветраны, рачны (унутр. водны), трубаправодны, гарадскі электрычны (гл. карту). Як адна з эканам. падсістэм нар.-гасп. комплексу ён служыць матэрыяльнай базай вытворчых сувязей паміж асобнымі рэгіёнамі ўнутры краіны і за яе межамі для абмену таварамі, выступае як фактар, які арганізуе агульную эканам. прастору і забяспечвае далейшую рэалізацыю тэр. падзелу працы. Транспарт агульнага карыстання задавальняе патрэбы ўсіх галін эканомікі і насельніцтва ў перавозках грузаў і пасажыраў, перамяшчае розныя віды прадукцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі, ажыццяўляе агульнадаступнае транспартнае абслугоўванне насельніцтва. Транспарт неагульнага карыстання (ведамасны) прызначаны, як правіла, для перавозак грузаў і пасажыраў свайго прадпрыемства, аб’яднання (асацыяцыі, канцэрна і г.д.).

У структуры трансп. комплексу рэспублікі ёсць прамысл. прадпрыемствы, якія забяспечваюць функцыянаванне аўтамаб., воднага, паветранага і чыг. транспарту. Дзейнасць такіх прадпрыемстваў накіравана на буд-ва і рамонт рачных суднаў і суднаў прыбярэжнага (рака—мора) плавання, рамонт рухомага саставу аўтамаб. і паветранага транспарту, выраб запасных частак, тэхнал. абсталявання і спецыялізаванага рухомага саставу аўтамаб. транспарту, а таксама на буд-ва прамысл., жыллёва-грамадз., грамадскіх і культ.-быт. памяшканняў, новых чыг. і пад’язных пуцей, рэканструкцыю чыг. станцый і вузлоў, электрыфікацыю чыг. магістралей.

Развіццё транспарту цесна звязана з агульнай дынамікай вытворчасці, яе галіновай і тэр. структурай, тэмпамі і прапорцыямі сац.-эканам. развіцця краіны. Паказчыкі аб’ёму перавозак грузаў і пасажыраў, груза- і пасажыраабароту разглядаюцца як асн. ўскосныя крытэрыі ацэнкі стану эканомікі краіны.

Транспартную сетку Беларусі ўтвараюць 5522 км чыг. ліній агульнага карыстання, у т. л. 894 км электрыфікаваных; 81,2 тыс. км аўтамаб. дарог, у т. л. 70,2 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 102,1 км трамвайных, 489,5 км тралейбусных, 23,7 км метрапалітэнных ліній; 6,7 тыс. км магістральных газаправодаў, 2,9 тыс. км нафтаправодаў, 1,2 тыс. нафтапрадуктаправодаў; сотні тэхнічна аснашчаных чыг. станцый, аўтавакзалаў і інш. У структуры валавога ўнутр. прадукту на транспарт прыпадала 9,5%. У 2003 аб’ём перавозак грузаў на ўсіх відах транспарту агульнага карыстання склаў 321,5 млн. т, пасажыраў — 2718,8 млн. чал. У параўнанні з 1990 ён значна скараціўся, але з 1995 назіраецца тэндэнцыя росту гэтых паказчыкаў на чыг. транспарце. У параўнанні з 1995 павялічыліся перавозкі пасажыраў аўтобусным, тралейбусным, трамвайным і метрапалітэнным транспартам. У 2003 на транспарце працавала 285 тыс. чал., або 6,6% усіх занятых у эканоміцы (асн. паказчыкі дзейнасці транспарту агульнага карыстання Беларусі гл. ў табл. 1—5).

Чыгуначны транспарт. Першай чыгункай (участак даўж. 53 км), якая прайшла па тэр. Беларусі (праз Гродна), была Пецярбургска-Варшаўская, пабудаваная ў 1862. У 1866 адкрыты рух на Дзвінска-Полацка-Віцебскім участку Рыга-Арлоўскай чыгункі працягласцю 260 км. У 1870-я г. пабудавана найважнейшая ў эканам. і ваен. адносінах Маскоўска-Брэсцкая магістраль, якая перасекла тэр. Беларусі з усходу на захад; участак Смаленск—Орша—Баранавічы—Брэст склаў 636 км. У 1871—74 здадзены ў эксплуатацыю Лібава-Роменская магістраль праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін; працягласць лініі на тэр. Беларусі 550 км. У 1873 праз Брэст і Ковель на Кіеў прайшла Прывіслінская чыгунка; на тэр. Беларусі яе даўжыня 64 км. Пабудаваная ў 1882 чыгунка Пінск—Жлобін злучыла палескія чыгункі з Маскоўска-Брэсцкай магістраллю, а чыгунка Лунінец—Гомель (1886) — з Любава-Роменскай. У тым жа годзе скончана буд-ва чыгункі Беласток—Баранавічы. У 1877 здадзена ў эксплуатацыю лінія Гомель—Бранск, а ў 1896 — Асіповічы—Старыя Дарогі. У 1902 чыгуначная сетка на тэр. Беларусі склала 2752 км.

У пач. 20 ст. чыгункі Беларусі складалі 8% чыг. сеткі еўрап. часткі Расіі, у той час як яе тэр. — 9,9%. Па гушчыні чыгунак яна займала адно з першых месц у Расіі. Узніклі буйныя чыг. вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Жлобін, Лунінец, Брэст, Баранавічы і інш. З 1890 па 1900 аб’ём перавозак па чыгунках Беларусі павялічыўся амаль у 2 разы, у т. л. хлебных грузаў — у 2,7, а лясных матэрыялаў — у 12 разоў. У 1913 працягласць чыгунак на Беларусі склала 3,8 тыс. км (прыкладна 70% яе сучаснай сеткі). У перыяд 1-й сусв. вайны ўсе абаронныя прадпрыемствы і чыг. транспарт пераведзены на ваеннае становішча, праводзілася рэканструкцыя старых чыгунак і будаваліся новыя — уздоўж лініі фронту. У 1920—30-я г. пабудаваны чыгункі Унеча—Крычаў—Орша—Лепель, Крычаў—Магілёў—Асіповічы—Слуцк і інш. У 1940 эксплуатацыйная даўжыня чыгунак агульнага карыстання склала 5,74 тыс. км і ў параўнанні з 1913 вырасла на 1,93 тыс. км Пабудаваны новыя чыг. лініі: Камунары—Орша, Гомель—Чарнігаў, Асіповічы—Магілёў. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, пабудавана чыг. ветка Варапаева—Друя даўжынёй 89 км. Да канца 1945 эксплуатацыйная даўжыня чыгунак складала больш за 5 тыс. км, або амаль 87% даваеннага ўзроўню.

У сярэдзіне 1980-х г. сетка чыгунак на Беларусі склала больш за 5,5 тыс. км, у т. л. 830 км было электрыфікавана. Больш стала перавозіцца грузаў у кантэйнерах і пакетах, шырэй укаранялася аўтаматыка і тэлемеханіка. Гал. ролю адыгрывала чыгунка Масква—Мінск—Брэст. Важнымі таксама былі дарогі Бахмач—Гомель—Мінск—Маладзечна—Вільнюс—Ленінград—Мінск, Ленінград—Віцебск—Магілёў—Кіеў, Вільнюс—Баранавічы—Роўна, Гомель—Брэст і інш. Былі электрыфікаваны чыгункі Мінск—Барысаў—Орша, Мінск—Пухавічы, Мінск—Стоўбцы і інш.

Бел. чыгунка зручна злучаецца з чыг. сеткай прыбалт. дзяржаў, з краінамі СНД, Зах. Еўропы (праз Польшчу).

Праз Беларусь праходзіць самы кароткі шлях, што злучае Цэнтр. Расію з Калінінградскай вобл. (лінія Масква—Мінск—Маладзечна—Літва—Калінінград). Чыг. шляхі агульнага карыстання рэспублікі маюць працягласць 5,5 тыс. км, у т. л. двухпутныя — 1,6 тыс. км (28,5%), з якіх больш за палавіну (0,864 тыс. км) электрыфікаваны па напрамках Брэст—Краснае, Мінск—Маладзечна, Мінск—Асіповічы. Удзельная вага электрычнай цягі ў агульным аб’ёме чыг. транспарту складае 37,2%, тады як у Швейцарыі яна раўняецца 99%, Швецыі — 95, Польшчы — 78,6, Германіі — 87,6, Балгарыі — 82,5, Фінляндыі — 52,4, Бельгіі — 52,6, Вялікабрытаніі — 55, Венгрыі — 61, Грузіі і Арменіі — 100%. На 1.1.2002 працягласць электрыфікаваных ліній на Беларусі складала 16,2% эксплуатацыйнай даўжыні (у Балгарыі — 63,1, Польшчы — 58,8, Германіі — 49,5, Францыі — 44,9, Вялікабрытаніі — 30,4%). Шчыльнасць чыгунак 26,7 км на 1000 км тэр. краіны, што дазваляе забяспечыць эфектыўнае функцыянаванне яе эканомікі. Разгалінаванасцю чыг. сеткі забяспечаны доступ каля 40% населеных пунктаў краіны да чыг. станцый. Доля такіх населеных пунктаў у Магілёўскай вобл. складае 50%, у Гродзенскай — 21%. Аднак шэраг гарадоў размешчаны ад бліжэйшай чыг. станцыі на адлегласці, якая перавышае гадзінную даступнасць — 30 км (Расоны, Ушачы, Сураж, Бягомль, Слаўгарад, Краснаполле, Бялынічы, Лоеў, Лельчыцы, Карма і інш.). Тэхн. аснашчанасць Бел. чыгункі па асн. параметрах адпавядае еўрастандарту: 30% эксплуатацыйнай даўжыні чыг. шляхоў складаюць двухпутныя лініі, 67% агульнай эксплуатацыйнай даўжыні чыгункі абсталявана аўтаблакіроўкай, з якіх 58,5% — дыспетчарскай цэнтралізацыяй, 34% — паўаўтам. блакіроўкай, 97,7% стрэлак уключана ў электрычную цэнтралізацыю, а 4,1 тыс. км абсталяваны ўстройствамі аўтам. лакаматыўнай сігналізацыі, маецца 7 механізаваных сартавальных горак.

У склад Бел. чыгункі ўваходзіць 6 аддзяленняў (унітарных прадпрыемстваў), якія аб’ядноўваюць 384 буйныя і малыя станцыі, 17 лакаматыўных дэпо, 12 вагонных дэпо, 20 дыстанцый пуці, 14 дыстанцый сігналізацыі і сувязі, 7 дыстанцый электразабеспячэння, а таксама інш. прадпрыемствы. Бел. чыгунка з’яўляецца членам міжурадавай Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак (з 1992) і Савета па чыг. транспарце дзяржаў СНД і краін Балтыі (з 1992).

Аўтамабільны транспарт. На Беларусі ўзнік у канцы 1920-х г. У 1933 аўтапарк меў 906 аўтамашын, у т. л. 627 грузавых. У 1940 толькі ва ўсх. абласцях Беларусі колькасць грузавых аўтамабіляў павялічылася ў 37,5 раза ў параўнанні з 1928 і склала 23 512. Працягласць аўтамаб. дарог з цвёрдым пакрыццём за даваенныя гады ў параўнанні з 1913 вырасла ў 3,2 раза і склала 11,2 тыс. км. У 1990 эксплуатацыйная даўжыня аўтадарог агульнага карыстання склала 46,9 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 46,3 тыс. км. Аб’ём перавозак грузаў у параўнанні з 1975 павялічыўся на 74,1%, пасажыраў аўтобусамі — амаль у 2 разы. Удзельная вага грузаабароту аўтамаб. транспарту склала 22,4% ад агульнага аб’ёму грузаабароту ўсіх відаў транспарту, пасажыраабароту — 46,4% ад яго агульнага аб’ёму.

Сярод развітых у дарожных адносінах краін Еўропы Беларусь займае 15-е месца па шчыльнасці дарог агульнага карыстання і 12-е месца па іх працягласці на 1000 жыхароў. Вядучае месца ў дарожнай сетцы займаюць дарогі рэсп. значэння, іх працягласць каля 20 тыс. км. На дарогах агульнага карыстання маецца каля 5 тыс. мастоў і пуцеправодаў. У 2002 парк рухомага саставу агульнага карыстання і таго, што знаходзіцца ў асабістай уласнасці, складаў каля 21 тыс. аўтобусаў, 64 тыс. грузавых аўтамабіляў і 1468 тыс. легкавых аўтамабіляў усіх форм уласнасці. Доля аўтамаб. транспарту ў агульным тавараабароце (без газаправоднага) склала 9,1% (2000). Пасажырскімі перавозкамі ахоплена больш за 100 буйных населеных пунктаў, у 9 з іх акрамя аўтамаб. выкарыстоўваецца электрычны транспарт. У краіне арганізаваны 732 гарадскія рэгулярныя аўтобусныя маршруты, 2585 прыгарадных маршрутаў, 526 міжгародніх і 82 міжнар. маршруты.

Агульная працягласць маршрутнай сеткі складае каля 240 тыс. км. Аўтамаб. перавозкі забяспечваюць перамяшчэнне больш чым 79% грузаў ад іх агульнага аб’ёму. Перавозкі пасажыраў аўтобусным транспартам складаюць больш за 1500 млн. чалавек за год, або 55% ад усіх перавозак транспартам агульнага карыстання. Усяго пасажырскім аўтамаб. транспартам агульнага карыстання перавозіцца амаль у 9 разоў больш пасажыраў, чым чыг. транспартам. Галоўным чынам гэта перавозкі аўтобусамі на гар. і прыгарадных маршрутах. Па пасажыраабароце аўтамаб. транспарт саступае чыгуначнаму, які перавозіць пасажыраў на вял. адлегласці па міжнар., мясц. і прыгарадных маршрутах.

У міжнар. аўтобусных зносінах нац. транспарт прадстаўлены маршрутамі: Гомель—Брэмен, Мінск—Беласток, Мінск—Варшава, Мінск—Вільнюс, Мінск—Рыга, Мінск—Тбілісі. Транспартныя перавозкі пасажыраў ажыццяўляюцца транспартам Германіі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Румыніі і інш. У 2001 бел. перавозчыкамі выканана 465,5 тыс. паездак у 38 краін, у т. л. 52,5% паездак у 26 краін Еўропы, 41,4% — у 9 краін СНД і 6,1% — у 3 краіны Балтыі; каля 90% паездак прыпадае на 6 краін: Расію, Польшчу, Германію, Літву, Украіну і Нідэрланды. Павелічэнню аб’ёмаў міжнар. перавозак садзейнічаюць заключаныя Рэспублікай Беларусь з дзяржавамі Зах. і Усх. Еўропы міжурадавыя пагадненні аб міжнар. аўтамаб. зносінах, а таксама яе ўдзел у рабоце Еўрап. канферэнцыі міністраў транспарту. З 1998 павялічваюцца паездкі бел. перавозчыкаў у краіны Сярэдняй Азіі і ў Грузію. Паступова пачынаюць асвойвацца трансп. рынкі краін Паўн. і Паўн.-Зах. Еўропы (Вялікабрытанія, Фінляндыя, Швецыя), краін Балканскага паўвострава (Грэцыя, Македонія, Харватыя, Сербія і Чарнагорыя). Рост экспарту трансп. паслуг і павелічэнне колькасці транзітных паездак замежных грамадзян па тэр. Рэспублікі Беларусь садзейнічае развіццю прыгранічнай інфраструктуры, стварэнню сервіснай сеткі аўтастаянак, аўтазаправачных станцый, гасцініц і кафэ.

Рачны транспарт. Плямёны, што жылі на тэр. Беларусі, здаўна карысталіся воднымі шляхамі для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па Дняпры і Зах. Дзвіне праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», які звязваў Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй, а таксама ўсходнеслав. землі паміж сабой Вялікі водны шлях, які праходзіў праз землі Полацкага, Тураўскага, Смаленскага княстваў, садзейнічаў іх эканам. развіццю. Водным шляхам з Беларусі ў Расію вывозілі лён, пяньку, мёд, воск, на Украіну — лес і прадукты лясной гаспадаркі, а ў адваротным напрамку везлі пшаніцу, тытунь, жывёлу. Акрамя гал. воднага шляху ў напрамку поўдзень—поўнач па Дняпры і Зах. Дзвіне існавалі яго адгалінаванні на захад па прытоках Дняпра — Бярэзіне і Прыпяці — да Нёмана і Буга, паміж імі таксама былі волакі. Выкарыстоўваліся і водныя шляхі мясц. значэння, што праходзілі па шматлікіх рэках і іх прытоках. З цягам часу волакі станавіліся асновай сухапутных шляхоў, якія звязвалі гарады паміж сабой і з навакольнымі сёламі Рачны транспарт быў найб. танным сродкам гандл. сувязей. У 2-й пал. суднаходства па рэках Беларусі набыло далейшае развіццё ў сувязі з выкарыстаннем Агінскага канала, які праз Шчару, Ясельду і Прыпяць злучыў Нёман з Дняпром. У 1797 пачалося буд-ва Бярэзінскага канала, які злучыў басейны Дняпра і Зах. Дзвіны. Па Прыпяці і Зах. Бугу ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны на Беларусі пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У міжваенны перыяд уведзена ў дзеянне Дняпроўска-Дзвінскае рачное параходства, пабудаваны Гомельскі рачны порт, рэканструяваны шэраг партоў і прыстаней на Дняпры, Зах. Дзвіне, Прыпяці, Бярэзіне, адкрыты пасажырскі маршрут Гомель—Кіеў. За 7 мес 1940 быў адноўлены Дняпроўска-Бугскі канал працягласцю 202 км, праведзена значная работа па паляпшэнні суднаходства па Нёмане. Паравыя судны замяняліся газагенератарнымі, рачны флот папоўніўся значнай колькасцю маторных суднаў, самаходных баржаў і буксірных параходаў. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс. км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял. Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 рачны транспарт адноўлены Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад Прыпяці да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н).

Рачны транспарт забяспечвае перавозкі грузаў і пасажыраў на ўнутр. водных шляхах працягласцю каля 2000 км у прырэчныя пункты і перапрацоўку грузаў у 10 рачных партах, размешчаных у басейнах усіх суднаходных рэк Рэспублікі Беларусь: Прыпяць, Дняпро, Сож, Бярэзіна, Нёман, Зах. Дзвіна. Суднаходнымі шляхамі Беларусь звязана з усімі памежнымі з ёй краінамі. Найб. значэнне ў перавозках грузаў і пасажыраў маюць рэкі Дняпро, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Зах. Дзвіна, Нёман, а таксама Дняпроўска-Бугскі канал. Па сваіх магчымасцях інтэграцыі ў сусв. транспартную суднаходную сетку маюць камерцыйнае значэнне толькі рэкі Прыпяць і Дняпро, якія дазваляюць выконваць перавозку экспартна-імпартных грузаў (калійныя ўгнаенні, кухонная соль, руда, вугаль, сапрапель) у прыдунайскія краіны і чарнаморскія парты. Ізаляванасць басейнаў і адсутнасць паміж імі штучных водных злучэнняў неспрыяльна ўплываюць на арганізацыю камерцыйнай дзейнасці і робяць рачныя перавозкі менш эфектыўнымі (па манеўранасці, хуткасці), чым перавозкі інш. відамі транспарту.

Агульная працягласць эксплуатацыйных водных шляхоў Беларусі менш за 2 тыс. км. Яны поўнасцю выкарыстоўваюцца для суднаходства транспартам агульнага карыстання на працягу ўсёй навігацыі. Па габарытах суднавога ходу каля 700 км водных шляхоў адносяцца да магістральных участкаў рэк; астатнія ўчасткі рэк з прытокамі адносяцца да малых рэк. Рэгулярнае кругласутачнае суднаходства ажыццяўляецца па водных шляхах з асвятляльнымі і святлоадбівальнымі знакамі навігацыйнага абсталявання працягласцю менш за 500 км. Дзейнічаюць рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот рачнога транспарту прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе» і інш.

У агульным пасажыраабароце Рэспублікі Беларусь унутр. водны транспарт займае апошняе месца. За 1990—2001 яго пасажыраабарот знізіўся з 29,5 да 1,9 млн. пасажыраў. Асн. фактарамі, якія стрымліваюць нарошчванне аб’ёмаў перавозак рачным транспартам, з’яўляюцца недастатковыя габарыты суднавога ходу і ступеньчатасць яго глыбінь. Асабліва характэрна ваганне гарантаваных глыбінь для асн. рачной транспартнай магістралі рэспублікі — Дняпроўска-Бугскага воднага шляху, па якім выконваецца больш як 70% грузаабароту.

Паветраны транспарт. Першая трансп. авіялінія Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр адкрыта ў 1932 (курсіравалі 3 самалёты По-2, пераважна вазілі пошту). У 1933 адкрыты Мінскі аэрапорт. У 1934 урад Беларусі зацвердзіў сетку мясц. паветраных ліній: Мінск—Старыя Дарогі—Глуск—Парычы—Азарычы—Мазыр—Нароўля—Хойнікі—Брагін—Камарын—Лоеў—Рэчыца—Гомель—Мінск; Гомель—Чачэрск—Карма—Журавічы—Клімавічы—Хоцімск—Касцюковічы—Краснаполле—Гомель; Мінск—Халопенічы—Сянно—Бешанковічы—Віцебск—Полацк—Ушачы—Лепель—Мінск; Мінск—Горкі—Чавусы—Мінск. У ліп. 1936 пачаліся рэгулярныя паштова-пасажырскія паветраныя зносіны паміж Мінскам і Масквой. У 1940 здадзены ў эксплуатацыю аэрапорты ў Баранавічах, Бабруйску, Вілейцы, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Пінску і інш.; створана Бел. авіягрупа Грамадз. паветранага флоту, якая ажыццяўляла перавозку 3851 пасажыра і 337,9 т пошты. У 1944 пабудаваны аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі ў Баранавічах, Давыд-Гарадку, Століне, Івянцы, Карэлічах, Клецку, Нясвіжы і інш. Да канца 1945 адноўлены ўсе даваенныя паветраныя лініі. За 1970—85 грузаабарот і перавозкі пасажыраў паветраным транспартам павялічыліся ў 3 разы. Авіяцыя ўсё часцей стала выкарыстоўвацца ў лясной і сельскай гаспадарцы, аб’ём авіяхім. работ павялічыўся з 1,8 млн. га у 1970 да 5,8 млн. га у 1985. У гэтыя гады авіясувязь устаноўлена з усімі абл. цэнтрамі Беларусі і большай часткай раённых цэнтраў, з большасцю буйных гарадоў СССР.

Па аб’ёмах перавозак грузаў і пошты паветраны транспарт Беларусі займае 7-е месца, а па колькасці пасажыраў — 9-е сярод краін СНД. Буйнейшым пасажырскім авіяперавозчыкам Беларусі з’яўляецца Нац. авіякампанія (НАК) «Белавія», якая ажыццяўляе каля 69% ад усяго аб’ёму пасажырскіх перавозак на паветраных лініях. Яна з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі паветранага транспарту, якая аб’ядноўвае больш як 200 авіякампаній свету. Сярод партнёраў «Белавіі» — авіякампаніі «Аэрафлот» (Расія), «Люфтганза» (Германія), «ЛОТ» (Польшча), «Аўстрыйскія авіялініі», «Аэр-Лінгус» (Ірландыя) і інш. Рэспубліка Беларусь падпісала 32 міждзярж. пагадненні аб паветраных зносінах. Паміж авіяцыйнымі адміністрацыямі Беларусі і Расіі дасягнуты дамоўленасці па пытаннях сумеснай тарыфнай палітыкі, падрыхтоўкі спецыялістаў па рамонце авіяцыйнай тэхнікі, узаемным прызнанні пасведчанняў, сертыфікатаў і інш. дакументаў. У якасці каардынуючага органа ў галіне паветранага транспарту створаны Савет грамадз. авіяцыі Беларусі і Расіі.

Бел. авіякампаніі ажыццяўляюць рэгулярныя паветраныя зносіны з 6 дзяржавамі блізкага замежжа (Азербайджан, Арменія, Казахстан, Расія, Узбекістан, Украіна) і 15 краінамі далёкага замежжа (Англія, Аўстрыя, Германія, Егіпет, Ізраіль, Ірландыя, Італія, Кіпр, Ліван, Польшча, Сірыя, Турцыя, Францыя, Чэхія, Швейцарыя). Рэйсы выконваюцца ў Баку, Бейрут, Варшаву, Вену, Гановер, Дамаск, Ерэван, Караганду, Кіеў, Кустанай, Краснадар, Ларнаку, Лондан, Маскву, Парыж, Прагу, Рым, С.-Пецярбург, Сімферопаль, Сочы, Стамбул, Стакгольм, Ташкент, Тэль-Авіў, Франкфурт-на-Майне.

Рэспубліка Беларусь валодае сеткай аэрапортаў, з якіх пракладзены авіямагістралі ў 30 гарадоў СНД, а з міжнар. аэрапорта «Мінск-2» выконваюцца рэйсы ў шэраг гарадоў Еўропы (Мюнхен, Франкфурт-на-Майне, Берлін, Вена, Варшава і інш.), Азіі (Пекін, Тэль-Авіў і інш.) і Амерыкі (Нью-Йорк). Павялічваецца доля замежных авіякампаній у асваенні міжнар. авіяліній рэспублікі; яны выконваюць пастаянныя рэйсы ў аэрапорт «Мінск-2» з Варшавы, Франкфурта-на-Майне, Цюрыха, Берліна, Мюнхена, Вены і Гамбурга.

Трубаправодны транспарт. На тэр. Беларусі функцыянуюць магістральныя трубаправоды па перапампоўванні прыроднага газу, нафты, бензіну і дызельнага паліва. Магістральныя трубаправоды, якія забяспечваюць перапампоўванне нафты, маюць працягласць 3 тыс. км, прыроднага газу — 6,7 тыс. км і нафтапрадуктаў — 1,2 тыс. км (2002). Транспарціроўку нафты і прыроднага газу для патрэб эканомікі Рэспублікі Беларусь і інш. краін ажыццяўляюць гомельскія і наваполацкія прадпрыемствы транспарту нафты «Дружба» і дзярж. прадпрыемства «Белтрансгаз». Працягласць магістральных нафтаправодаў у аднанітачным вылічэнні складае па гомельскім прадпрыемстве 1,8 тыс. км, па наваполацкім — 1,1 тыс. км (2002).

Першы нафтаправод ад здабыўных раёнаў Паволжа прайшоў праз Мічурынск і Унечу на Крычаў—Оршу—Полацк і далей у Прыбалтыйскі эканам. раён да Вентспілса. Другая лінія прайшла праз Мазыр да Брэста і далей у Польшчу і Германію; ад Мазыра яго галіна ідзе на паўд. захад праз Ельскі р-н у Валынскую вобл. Украіны і далей за мяжу. Гэтая вял. «нафтавая рака» атрымала назву нафтаправод «Дружба»; яго працягласць 5 тыс. км (найбуйнейшы ў свеце) пры дыяметры труб 1020 мм. Гэты нафтаправод пабудаваны ў 1960. Другая лінія нафтаправода з дыяметрам труб 1220 мм пабудавана у 1972—75. Нафтаправод «Дружба» забяспечвае сырой нафтай полацкі, мазырскі, мяжэйкяйскі нафтаперапрацоўчыя заводы. Транзіт сырой нафты ажыццяўляецца па напрамках: гомельскае прадпрыемства — Адамава Застава (Расія) — Мазыр—Польшча—Германія з адгалінаваннем на Украіну, Венгрыю, Славакію, Чэхію, Адрыю (праз Броды); наваполацкае прадпрыемства — Сургут—Полацк з адгалінаваннямі на Наваполацк, Мажэйкяй (Літва), Вентспілс (Латвія).

У Рэспубліцы Беларусь функцыянуюць 3 магістральныя нафтапрадуктаправоды, па якіх ажыццяўляецца перапампоўванне дызельнага паліва і бензіну: Унеча—Полацк, Унеча—зах. граніца, Наваполацк—Мінск (Фаніпаль). Першыя 2 нафтапрадуктаправоды праходзяць у адных калідорах з нафтаправодам і выконваюць пераважна транзітнае перапампоўванне нафтапрадуктаў па-за межы Беларусі. Агульная даўжыня нафтапрадуктаправодаў складае 913 км, гадавая магутнасць іх перапампоўвання — 90 млн. тон. Нязначная колькасць нафтапрадуктаў (менш за 1 млн. т) перапампоўваецца па нафтапрадуктаправодзе Наваполацк—Мінск, астатняя колькасць — транзітнае перапампоўванне. Даўжыня адводаў ад магістральных нафтапрадуктаправодаў да прадпрыемстваў нафтапрадуктазабеспячэння рэспублікі — каля 70 км. На прадуктаправодах размешчаны 4 перапамповачныя станцыі і 2 наліўныя пункты. Паводле Пагаднення Рэспублікі Беларусь і Рас. Федэрацыі (20.7.1992) нафтапрадуктаправоды застаюцца ва ўласнасці Рас. Федэрацыі.

Першы на Беларусі магістральны газаправод Дашава—Мінск працягласцю 666 км здадзены ў эксплуатацыю ў 1950. Гэта магістраль пракладзена ад газавага радовішча Дашава праз Львоў, Івацэвічы да Мінска. Пазней (1961) ад Івацэвіч газаправод прайшоў да Вільнюса з адгалінаваннем на Гродна і Брэст. У 1973 пабудавана газатранспартная сістэма Таржок—Мінск—Івацэвічы. У 1994 здадзены ў эксплуатацыю газаправод Таржок—Даліна, які праходзіць па Магілёўскай і Гомельскай абл. з выхадам на Украіну.

Транзіт рас. прыроднага газу ажыццяўляецца па наступных напрамках: на Украіну, Польшчу, Літву і Калінінградскую вобл. Працягласць разліковай даўжыні транзіту па напрамках складае: Украіна — 600,4 км, Польшча — 651,6 км, Літва, Калінінградская вобл. — 455 км. Транзіт ажыццяўляецца па сістэме магістральных газаправодаў Таржок—Мінск—Івацэвічы, Івацэвічы—Даліна, Івацэвічы—Слонім—Гродна, Мінск—Вільнюс, Мінск—Гомель, Кобрын—Брэст—Варшава, Ямал—Еўропа, Дашава—Мінск, Івацэвічы—Вільнюс—Рыга. У тым жа годзе здадзены ў эксплуатацыю газаправод Таржок—Даліна, які праходзіць па Магілёўскай і Віцебскай абл. з выхадам на Украіну і краіны Зах.

Еўропы. На тэр. Беларусі завяршаецца буд-ва магістральнага газаправода Ямал—Еўропа, эксплуатацыя якога будзе ажыццяўляцца дзярж. прадпрыемствам «Белтрансгаз».

Доля трубаправоднага транспарту ў агульным грузаабароце Беларусі ў 2001 склала 49,4%, у т. л. нафтаправодаў — 39,8%. Па аб’ёме перапампоўвання і грузаабароце магістральных нафтаправодаў і нафтапрадуктаправодаў транспарт Беларусі займае трэцяе месца сярод краін СНД (пасля Расіі і Украіны).

Па аб’ёме перапампоўвання нафты магістральным трубаправодным транспартам Беларусь апярэджвае такія краіны, як Нідэрланды, Іспанія, Венгрыя, Аўстрыя, Польшча, Францыя, Чэхія, Швейцарыя.

Гарадскі электрычны транспарт. Будаўніцтва першых на Беларусі трамвайных ліній пачата ў Віцебску, дае ў 1898 арганізаваны рух на 4 лініях (18 маторных і 16 прычапных вагонаў). У Мінску трамвай пушчаны ў 1929, у Наваполацку — у 1974 (скарасны), у Мазыры — у 1980. Тралейбусны транспарт дзейнічае ў Мінску (1952), Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Бабруйску (1978), Віцебску (1978), Брэсце (1981). У 1984 у Мінску пачаў дзейнічаць метрапалітэн, працягласць якога тады складала 8 км.

У 2003 працягласць трамвайных шляхоў складала 102,1 км, тралейбусных — 489,5 км, метрапалітэнных — 23,7 км (усе ў двухпутным вылічэнні).

Налічвалася 349 трамвайных вагонаў, 1758 тралейбусаў, 176 вагонаў метрапалітэна. Будуюцца новыя станцыі метро, пракладваюцца новыя лініі, падаўжаюцца саставы паяздоў. Перавезена пасажыраў тралейбусамі 614,8 млн. чал., што склала 2170 млн. пасажыра-кіламетраў; трамваямі — адпаведна 94,6 млн. чал. і 329 млн. пасажыра-кіламетраў, метрапалітэнам — 289,4 млн. чал. і 1939 млн. пасажыра-кіламетраў.

На долю гар. электрычнага транспарту прыпадае 17% пасажыраабароту транспарту агульнага карыстання, у т. л. трамвая — 1,6%, тралейбуса — 8,5%, метрапалітэна — 6,9%. Павелічэнне пасажыраабароту ў параўнанні з 1995 абумоўлена ростам колькасці насельніцтва буйных гарадоў і эканамічнасцю гэтага віду транспарту, а попыт на яго паслугі таксама абумоўлены рэгуляваннем тарыфаў на перавозкі, датаваннем перавозак з бюджэту (гл. табл. 1, 4—5).

Літ.:

Железнодорожная магистраль Беларуси. Мн., 1971;

Дегтев В.С. Крылья Белоруссии. Мн., 1973;

Лыч Л.М. Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР: (Верас. 1943—1970 гг.). Мн., 1976;

Развитие отраслей народного хозяйства Белоруссии: (Ист.-геогр очерки). Мн., 1978;

Кучевский Н.Г. Место и роль транспорта в народнохозяйственном комплексе страны // Бел. экономика: анализ, прогноз, регулирование. 1999. №4;

Яго ж. Транспорт Беларуси. Мн., 2003;

Яго ж. Тенденции развития рынка транспортных услуг // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 2003. №3;

Автомобильные дороги Беларуси: Энцикл. Мн., 2002;

Сквозь облака и годы. Мн., 1993;

Транспорт и связь в Республике Беларусь: Стат. сб. Мн., 2002;

Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.

М.​Г.​Кучэўскі, С.​Ф.​Дубянецкі.


Табліца 1
Эксплуатацыйная даўжыня шляхоў зносін Беларусі (на канец года, км)
1990 1995 2000 2002 2003
Чыгункі агульнага карыстання 5569 5564 5533 5533 5522
у т. л. электрыфікаваныя 890 894 894 894 894
Аўтамабільныя дарогі агульнага карыстання — усяго, тыс. км 48,9 51,6 74,4 80,0 81,2
у т. л. з цвёрдым пакрыццём 46,3 50,8 66,2 69,3 70,2
Трамвайныя шляхі (у двухпутным вылічэнні) 100,5 100,5 100,5 101,7 102,1
Тралейбусныя шляхі (у двухпутным вылічэнні) 431,0 446,7 466,6 472,5 489,5
Метрапалітэнныя шляхі (у двухпутным вылічэнні) 15,7 18,5 21,9 23,7 23,7

Табліца 2
Перавозкі грузаў па відах транспарту агульнага карыстання (млн. т)
1990 1995 2000 2002 2003
Усе віды транспарту 1251,8 424,6 316,4 307,1 321,5
у т. л. чыгуначны 245,8 73,4 88,0 93,6 105,9
аўтамабільны (уключаючы ведамасны) 987,6 350,0 226,7 211,9 213,4​1
рачны 18,4 1,2 1,7 1,6 2,2
паветраны 0,03 0,02 0,00 0,01 0,01

​1 Без малых прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці.


Табліца 3
Грузаабарот па відах транспарту агульнага карыстання (млн. тона-км)
1990 1995 2000 2002 2003
Усе віды транспарту 99 634 35 242 42 214 45 355 46 251
у т. л. чыгуначны 75 430 25 510 31 425 34 169 38 402
аўтамабільны 22 361 9539 9745 11 090 7655′
рачны 1805 133 26 59 160
паветраны (айч.) 38 60 18 37 34

​1 Без малых прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці.


Табліца 4
Перавозкі пасажыраў па відах транспарту агульнага карыстання (млн. чал.)
1990 1995 2000 2002 2003
Усе віды транспарту 3702,3 2207,2 2825,2 2775,4 2718,8
у т. л. чыгуначны 147,2 141,1 162,5 148,0 137,0
аўтамабільны 2399,2 1305,0 1499,6 1499,8 1580,0​1
рачны 0,1 0,1 0,1 0,1 0,1
паветраны 2,2 0,4 0,2 0,2 0,3
тралейбусны 846,1 514,5 758,5 707,8 614,8
трамвайны 175,1 100,0 139,5 117,7 94,6
метрапалітэнны 101,6 136,0 258,2 298,0 289,4
таксаматорны 30,0 10,1 6,6 3,9 2,5

​1 З 2003 уключае таксама перавозкі індывід. прадпрымальнікамі, якія прыцягнуты для перавозкі пасажыраў аўтобусамі рэгулярных рэйсаў.


Табліца 5
Пасажыраабарот па відах транспарту агульнага карыстання (млн. пасажыра-км)
1990 1995 2000 2002 2003
Усе віды транспарту 42 618 25 989 32 449 29 281 28 194
у т. л.
чыгуначны
16 852 12 505 17 722 14 349 13 308
аўтамабільны 19 787 9308 9235 9397 9798​1
рачны 30 2 3 2
паветраны 5510 1228 513 553
тралейбусны — 1723 2618 2465
трамвайны — 407 553 464
метрапалітэнны — 688 1678 1997
таксаматорны 439 128 91 54

​1 З 1995, уключаючы гар. электрычны транспарт, з 2003 — перавозкі індывід. прадпрымальнікамі, якія прыцягнуты для перавозкі пасажыраў аўтобусамі рэгулярных рэйсаў.

Будынак чыгуначнага вакзала ў Мінску.
Мінск. Аўтавакзал «Усходні».
Суднаходства па Прыпяці.
Аэрапорт «Мінск-1». На пляцоўцы авіярамонтнага завода.
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Плошча Перамогі».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Магілёўская».

т. 18, кн. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)