стрыжні (слупы, брусы), якія апускаюць у грунт для перадачы нагрузак ад збудаванняў. Бываюць жалезабетонныя, бетонныя, металічныя, драўляныя. Апускаюцца ў грунт палябойным абсталяваннем, завінчваннем, бетанаваннем у шчыліне.
Выкарыстоўваюцца для стварэння палевых фундаментаў, мастоў, падпорных сцен, у канструкцыях набярэжных, прычальных збудаванняў, плацін і інш. У асобных умовах выкарыстоўваюцца шпунтавыя П., якія ставяцца шчыльна адна да адной і ствараюць шпунтавыя загароды. Для сувязі верхніх частак П. робіцца ростверк, які служыць апорнай плітой ці бэлькай для збудавання. Пабудовы на П. вядомыя, у т. л. на Беларусі, з эпохі неаліту. Будаваліся па берагах рэк, азёр, на балотах, у т. л. для засцярогі ад паводак, звяроў і ворагаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЕЎКА,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Нёўда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на Пд ад Навагрудка, 178 км ад Гродна, 29 км ад чыг. ст. Наваельня, на скрыжаванні аўтадарог Баранавічы—Навагрудак і Наваельня—Карэлічы. 570 ж., 235 двароў (1996).
Згадваецца ва ўспамінах Ф.М.Еўлашоўскага (1602). У 17 ст. належала Курчам, пазней — Незабытоўскім, набыла статус мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Райчанскай вол. Навагрудскага пав. У 1830 канфіскавана царскім урадам. У 1886 — 126 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Валеўскага раёна. З 25.11.1940 да 1962 у Карэліцкім р-не. У 1970 — 434 жыхары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, Дом быту, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (18 ст.). Каля Валеўкі стаянка эпохі мезаліту.
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Канд.філал.н. (1934). Скончыў Камуніст.ун-т Беларусі (1927). У 1932—36 дырэктар Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі, у 1948—54 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкаваўся з 1926. На аснове фальклору стварыў п’есы «Цудоўная дудка» (паст. 1939), «Дзед і жораў» (паст. 1939), «Машэка» (1946, паст. 1954). Найб. папулярная камедыя «Несцерка» (паст. 1941; аднайм. фільм 1955). Аўтар краязнаўчых кніг «Па лясных сцежках» (1948), «На бабровых азёрах» (1957), «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), «Палессе» (1974) і інш., літ.-знаўчых прац «Эдуард Самуйлёнак» (1951), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму» (1958). У некаторых артыкулах праявы вульгарнага сацыялагізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДЛО́ (Didelot) Шарль (Карл) Луі (1767, Стакгольм — 19.11.1837). французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Парыжы. Працаваў з Ж.Ж.Наверам і Ж.Дабервалем. Выкананне Дз.-танцоўшчыка вылучалася чысцінёй рухаў, грацыёзнасцю, пластычнасцю. З 1788 балетмайстар у Лондане, Парыжы, Ліёне, у 1796—1801 і 1812—15 танцоўшчык і балетмайстар Каралеўскага т-ра ў Лондане. У 1801—29 (з перапынкамі) працаваў у Пецярбургу, паставіў больш за 40 балетаў і дывертысментаў (у т. л. «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.Каваса паводле А.Пушкіна, 1823). Распрацаваў жанр гісторыка-гераічнага балета. Яго харэаграфічныя драмы эпохі перадрамантызму характарызаваліся драматург. логікай і стылявым адзінствам, узбагачэннем тэхнікі танца. Наватарская дзейнасць Дз. спрыяла вылучэнню рус. балета на адно з першых месцаў у Еўропе. Сярод вучняў А.Істоміна, М.Данілава, К.Целяшова, А.Ліхуціна, М.Гольц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЕ́ПРА-ДАНЕ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА, грабеньчата-накольчатай керамікі культура. археалагічная культура плямён эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.), якія жылі на тэр.Усх. Палесся і паўн.-ўсх. Украіны. Вядома 250 помнікаў, з іх палова на тэр.паўд.-ўсх. Беларусі. Могільнікі (больш за 20) выяўлены толькі на тэр. Украіны.
Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, пазней земляробствам і жывёлагадоўляй. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю з агнішчам унутры, пл. 6—10 м². Пахавальны абрад трупапалажэнне на спіне ў яме, пасыпанне вохрай. Асн. форма керамікі — прысадзісты шыракагорлы і вастрадонны гаршчок з прамым вянцом, упрыгожаны адбіткамі грэбеня, трохвугольнымі наколамі і рыскамі, радамі глыбокіх ямак. Крамянёвы інвентар — пласціністыя і трохвугольныя наканечнікі стрэл, скрабкі, нізкія трапецыі, вузкія і шырокія нажы, кароткія сегментападобныя сярпы, праколкі, вастрыі і інш., касцяныя прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЖО́Н ((Goujon) Жан) (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),
французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт. дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.
Ж.Гужон. «Фантан нявінных» у Парыжы (з арх. П.Леско). 1547—49.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЛО́БУС»
(Globe),
тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохіангл. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п.Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр. казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕТЫ́ЗМ,
1) рэлігійна-філас. плынь эпохі элінізму і позняй антычнасці. Спалучала элементы папулярнай грэч. філасофіі, халдзейскай астралогіі, перс. магіі, егіпецкай алхіміі; мела эзатэрычны характар. Традыцыі герметызму атрымалі працяг у еўрап. Адраджэнні (М.Фічына, Дж.Піка дэла Мірандала), у Агрыпы, паўплывалі на Дж.Бруна, М.Каперніка, І.Ньютана і інш. Герметызм выступае ў ролі агульнай тэарэт. асновы шэрагу эзатэрычных і акультных вучэнняў — неаплатанізму, гнастыцызму (гностыкі), антрапасофіі і інш. Сутнасць, вытокі і асн. палажэнні герметызму выкладзены ў даследаванні А.Ж.Фесцюж’ера «Адкрыцці Гермеса Трысмегіста» (т. 1—4, 1949—54).
2) Мадэрнісцкі кірунак у італьян. паэзіі 1920—40-х г. (Э.Мантале, Дж.Унгарэці); адна з асн. асаблівасцей сучаснай мадэрнісцкай паэзіі. З выкарыстаннем наўмысна ўскладненай формы выражае трагічнае светаадчуванне, смутак, выкліканыя адзінотай і адчужанасцю чалавека ў сучасным грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́НАВА,
узгорак з рэшткамі стараж. паселішчаў на Пд Балгарыі. Мае 7 культ. пластоў эпохі неаліту і бронзавага веку (6—3-е тыс. да н. э.). У ніжнім пласце выяўлена кераміка з размалёўкай, сярпы з рогу з крамянёвымі ўкладышамі, рэшткі стараж. жытлаў. 3-і пласт, познанеалітычны (сярэдзіна 5-га тыс. да н. э.), утрымлівае чорную і шэрую глянцавую кераміку, 5-ы пласт (пач. 4-га тыс. да н. э.) — шэрую кераміку з паглыбленым арнаментам, запоўненым белай пастай. 6-ы пласт належыць да балг. варыянта культуры Гумельніца (сярэдзіна 4-га тыс. да н. э.), выяўлены дамы з печамі, збожжасховішча, кераміка з графітнай размалёўкай. 7-ы пласт належыць да ранняй бронзы (3-е тыс. да н. э.), для яго характэрны дамы з апсідамі, чорная і карычневая кераміка з шнуравым арнаментам.