Пабудаваны ў 1951 у Мінску (арх. Л.Мілегі, Р.Гегарт). У аснове кантактнага Г-падобнага ў плане 4-павярховага будынка жалезабетонны каркас. На сіметрычна вырашаным фасадзе, арыентаваным на праспект Скарыны, на 1-м паверсе вылучаны 3 арачныя праёмы, якія ўтвараюць парадны ўваход. Для арх.-маст. аблічча характэрна наяўнасць вял. зашклёных праёмаў розных памераў, а таксама складанага дэкору — шматлікіх франтончыкаў, ліштваў, уставак, геральдычных паяскоў, прафіляваных цяг, маёлікавых дэталей, парапета. Дэкар.элементы класічнай спадчыны (ляпныя дэталі, вітражы і інш.) шырока выкарыстаны і ў інтэр’ерах. На 1—3-м паверхах размешчаны гандл, залы, злучаныя паміж сабой цэнтр. трохмаршавай параднай і 2 бакавымі лесвіцамі, на 4-м і ў падвалах — складскія і інш. службовыя памяшканні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРО́КА (ад неа... + барока),
умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераймаў формы, элементы кампазіцыі будынкаў стылю барока. Паяўленне Н. як праграмнага звароту да мастацтва мінулага звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. У імкненні да адраджэння пластычнасці ў архітэктуры дойліды актыўна займаліся стылізацыяй гіст. форм, надаючы ім новае сучаснае гучанне. На Беларусі Н. не мела значнага пашырэння. У кампазіцыі жылых і грамадскіх будынкаў выкарыстоўваліся пластычныя мансардавыя дахі, франтоны складанага абрысу, вежачкі з фігурнымі завяршэннямі, багатая арнаментыка і ляпны дэкор. Барочным дэкорам вылучаліся інтэр’еры шматлікіх жылых і сядзібных дамоў. Адраджэнне традыцый барока выявілася і ў культавай архітэктуры (касцёл Маці Божай у в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ Ю́Р’ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1751, у 1899 рэканструяваны (арх. К.Вайцяхоўскі) непадалёку ад Паланэчкаўскага палацава-паркавага ансамбля. У архітэктуры выкарыстаны элементы стылю несапраўднай готыкі Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з 5-граннай апсідай. З У да апсіды прылягаюць 2 нізкія сакрысціі, аднасхільныя дахі якіх сіметрычна выступаюць за асн. аб’ём. З захаду на гал. фасадзе 2 вежы, завершаныя глухімі чацверыкамі з высокімі пірамідальнымі шатрамі. Паміж вежамі — франтон з люнетам. Гал. ўваход аформлены дэкар. ганкам з 2-схільным навесам на 2 калонках. У інтэр’еры арган, аздоблены віленскім майстрам Ф.Астрамескім (1897), 2-ярусны разьбяны алтар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗАЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
аптычныя прыстасаванні для атрымання, выяўлення, пераўтварэння і аналізу палярызаванага святла, а таксама для розных даследаванняў і вымярэнняў. Прынцып дзеяння П.п. заснаваны на змене стану палярызацыі святла, якое праз іх праходзіць або адбіваецца.
Асн. элементы П.п. — палярызатар, аналізатар, падвойнапераламляльныя пласцінкі, фазавыя і аптычныя кампенсатары. Адрозніваюць палярыметры (ценявыя і паўценявыя; выкарыстоўваюцца для вымярэння вуглоў вярчэння плоскасці палярызацыі, а таксама для вызначэння ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла), палярыскопы (для даследаванняў мех. напружанняў у матэрыялах; гл.Фотапругкасць, Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў), палярызацыйныя мікраскопы (для вывучэння крышталяў), палярызацыйныя фатометры (для рэгулявання інтэнсіўнасці светлавога патоку). У спалучэнні са спектральнымі прыладамі П.п. выкарыстоўваюцца ў спектрапалярыметрыі для вывучэння ступені палярызацыі святла пры люмінесцэнцыі, паглынанні і адбіцці святла, а таксама аптычнай актыўнасці рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ (Якаў Ільіч) (29.9.1913, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 13.11.1992),
бел.літ.-знавец, перакладчык, мовазнавец. Скончыў Лідскую гімназію (1932), Мінскі пед.ін-т (1948). Настаўнічаў, працаваў у мінскіх пед. ін-це, пед. ін-це замежных моў. Друкаваўся з 1960. Аўтар манаграфій «Сымон Будны» (1975), «Элементы лацінскага словаўтварэння і сучасныя мовы» (1977), «Саламон Рысінскі» (1983), «Мікола Гусоўскі» (1984), «Міхаіл Карыцкі», «Ян Вісліцкі» (абедзве 1991). Даследаваў шматмоўную л-ру Беларусі 16—17 ст. З лац. і польскай моў пераклаў на бел. мову некат. творы Міколы Гусоўскага (з Я.Семяжонам), М.Карыцкага (з Ю.Свіркам), на рус. мову — творы Міколы Гусоўскага (з Семяжонам), С.Буднага, Я.Вісліцкага (з Ю.Прэнскай), С.Рысінскага, Карыцкага, С.Кляновіча (з С.Яўсеевай), Я.Ліцынія Намыслоўскага, А.Рымшы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ КА́РЛА БАРАМЕ́ЎША помнік архітэктуры барока 18 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1770—82 з цэглы ў б. прадмесці Пінска Каралін на месцы драўлянага касцёла 1695. Асвячоны ў 1784. Адначасова з касцёлам існавалі драўляныя кляштарны корпус і гасп. пабудовы (не захаваліся). Будынак касцёла 1-нефавы, з невял. трансептам. Алтарная частка не вылучана, сакрысціі размешчаны за гал. алтаром нефа. Да касцёла прылягае 2-ярусная званіца з шатровым дахам і купалам. Асаблівасць збудавання — моцныя канструкцыі сцен (таўшчыня больш за 2 м). Бакавыя сцены прарэзаны невял. арачнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны лапаткамі. Нешматлікія элементы барочнай аздобы (пілястры, нішы, паяскі і інш.) выкарыстаны пераважна ў званіцы. У 1992 касцёл прыстасаваны пад канцэртную залу арганнай музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. prae спераду, перад + адаптацыя),
уласцівасць арганізма (органа), што мае прыстасавальную здольнасць для форм узаемадзеяння арганізма з асяроддзем, якія яшчэ не адбываюцца, ці функцый органа, якія яшчэ не выконваюцца; таксама працэс набыцця прэадаптыўных асаблівасцей. Узнікае на аснове прыстасавальнай эвалюцыі, што ідзе пад кантролем натуральнага адбору, і з’яўляецца пабочным вынікам эвалюц. змен, якія ўдасканальваюць ранейшыя функцыі органа. Напр., сківіцы ў працэсе эвалюцыі пазваночных жывёл узніклі з пярэдняй жабравай дугі пасля яе раздзялення на рухомыя элементы для інтэнсіфікацыі дыхання. Т.ч. набыццё жабравай дугой функцыі сківіц было прэадаптавана ўдасканаленнем «жабравай помпы». Біял. сэнс П. — прыстасаванне арганізма да змен навакольнага асяроддзя, якое магчыма толькі пры наяўнасці ў яго асаблівасцей, што прыяюць выжыванню ў новых умовах. Гл. таксама Постадаптацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯННЕ МІКРАЧАСЦІ́Ц,
фізічны працэс, пры якім узаемадзеянне часціц (атамаў, малекул, нуклонаў, атамных ядраў і інш.) вядзе да змены іх імпульсу. Пры Р.м. з невялікай энергіяй выяўляюцца іх хвалевыя ўласцівасці і працэс нагадвае рассеянне святла, пры Р.м. з высокай энергіяй — карпускулярныя ўласцівасці. Бывае пругкае і няпругкае (разам са зменай імпульсу часціц змяняюцца іх унутр. станы ці ўтвараюцца новыя часціцы).
Важнейшая колькасная характарыстыка Рм. — эфектыўнае сячэнне, вымярэнне якога дае магчымасць даследаваць унутр. структуру часціц і вывучаць законы іх узаемадзеяння (гл.Рэзерфарда формула). Класічная тэорыя Р.м. грунтуецца на законах класічнай механікі. У квантавамех. тэорыі Р.м. апісваецца матрыцай рассеяння, праз элементы якой выражаюцца вымераныя фіз. велічыні (сячэнне рассеяння, палярызацыя часціц і інш.). Р.м. пры высокіх энергіях апісваецца метадамі квантавай тэорыі паля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст., у якім спалучаны прыёмы і формы готыкі, рэнесансу і барока. Комплекс уключае касцёл, жылы корпус, вежу-званіцу, якія звязаны паміж сабой і ўтвараюць замкнёны ўнутр. двор. Размешчаны на высокім правым беразе Нёмана і з’яўляецца дамінантай сілуэта забудовы цэнтра горада.
Драўляны кляштар засн. ў 1494 у Гродне (фундатар А.Ягелончык). Буд-ва мураванага касцёла пачалося ў 1602. У 1656 кляштар пашкоджаны пажарам. У 1680 перакрыта страха касцёла, рэстаўрыраваны алтар св. Антонія, пабудавана капліца св. Барбары. У 1736 пабудаваны 3 алтары ў капліцы св. Міхаіла, перабудаваны алтары св. Міхаіла, св. Банавентуры, св. Ануфрыя, св. Пятра з Алькантары. У 1738 рэстаўрыравана званіца.
Касцёл — 3-нефавая 6-стаўповая базіліка, у архітэктуры якой спалучаюцца стылявыя элементы готыкі, рэнесансу і барока. Гал. фасад дэкарыраваны антаблементам, пілястрамі карынфскага ордэра, арачнымі нішамі і завершаны трохвугольным франтонам. У 1788 інтэр’ер аздоблены жывапісам, разьбой па дрэве, чыгунным і бронзавым ліццём, стукавым арнаментам, скульптурай. Скляпенні крыжовыя на падпружных арках, размаляваных у тэхніцы грызайль (гербы заказчыкаў, раслінны арнамент). Над прытворам хоры з арганам (устаноўлены ў 1680-я г.). У кампазіцыі ўсіх 14 алтароў (за выключэннем аднаго, зробленага ў 20 ст.мясц. рэзчыкам І.Болдакам) выкарыстаны элементы карынфскага ордэра, скульптура, алтарныя карціны. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць скульпт. і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы «Чатыры евангелісты», «Святая сям’я», «Маленне аб чашы», выкананыя ў стылі рэнесансу. Трох’ярусны гал. алтар драўляны, аздоблены стукавай скульптурай і арнаментам. Двухпавярховы жылы корпус далучаны да паўд. сцяны касцёла. Сцены члянёны прамавугольнымі вокнамі, пілястрамі, контрфорсамі. Да гал. фасада касцёла з паўд. боку прымыкае вежа-званіца. Два верхнія ярусы званіцы, перабудаваныя ў 1788, выкананы ў стылі позняга барока, маюць складаную фігурную пабудову і маляўнічы сілуэт.
С.Г.Багласаў, М.М.Яніцкая.
Гродзенскі кляштар бернардзінцаў.Гродзенскі кляштар бернардзінцаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЦЮРКІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная дактрына, паводле якой усе цюркскія народы з’яўляюцца адзінай нацыяй і павінны аб’яднацца ў адзіную дзяржаву — «Вялікі Туран». Узнік у Асманскай імперыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. як антытэза асманізму з яго ідэяй «адзінага асманскага народа». Ідэі П. выкладаліся ў працах З.Гёкальпа, Х.Эдыба, Ю.Акчура і інш. Быў ідэйнай асновай руху младатуркаў, якія кіравалі Асманскай імперыяй у 1908—18. Напачатку П. меў антырас. кірунак. У 1 -ю сусв. вайну ў Стамбуле быў заснаваны «Камітэт па абароне мусульм. цюрка-татарскіх народаў Расіі» (1915). Пасля паражэння Турцыі ў вайне і перамогі Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23 першы прэзідэнт Турэцкай Рэспублікі М.К.Атацюрк афіцыйна адмовіўся ад П. і супрацьпаставіў ёй ідэю ўласна тур. нацыяналізму. Пэўны ўздым панцюркісцкіх настрояў назіраўся ў Турцыі пасля смерці Атацюрка (1938) і ў 2-ю сусв. вайну. У пач. 1990-х г. з пазіцый П. выступалі асобныя тур.паліт. партыі (Партыя нацыяналіст. руху, Партыя росквіту). Элементы П. (спасылкі на асобы характар сувязей) назіраюцца ў адносінах сучаснай Турцыі з цюркамоўнымі народамі Паволжа, Каўказа і Цэнтр. Азіі, хоць афіцыйна лічыцца, што ён супярэчыць тур. канстытуцыі і не вызначае знешняй палітыкі Турцыі. Ідэі П. паўплывалі на працэс развіцця цюркскіх народаў Крыма, Паволжа, Каўказа і Цэнтр. Азіі. У 1990-я г.элементы ідэалогіі П. выкарыстоўвалі асобныя партыі і рухі ў дзяржавах Закаўказзя і Цэнтр. Азіі (Нар. фронт Азербайджана, «Бірлік» ва Узбекістане, «Жалтаксан» і «Алаш» у Казахстане).
Літ.:
Еремеев Д.Е. Кемализм и пантюркизм // Народы Азии и Африки. 1963. № 3;
Гасанова Э.Ю. Общественная мысль в Турции // Современная философская и социологическая мысль стран Востока. М., 1965;
Пантюркизм в России // Азия и Африка сегодня. 1992. № 7—8;
Левин З.И. Общественная мысль на Востоке: Постколониал. период. М., 1999.