ВУ́ГАЛ плоскі,

геаметрычная фігура, утвораная двума прамянямі (старанамі вугла), якія выходзяць з аднаго пункта (вяршыні вугла). Кожны вугал з вяршыняй у цэнтры некаторай акружнасці (цэнтральны вугал) вызначае на акружнасці дугу, абмежаваную пунктамі перасячэння акружнасці са старанамі вугла, што дае магчымасць вымяраць вугал адпаведнымі ім дугамі. Адзінка вымярэння вугла — градус або радыян.

Вугал можна разглядаць і як фігуру, атрыманую вярчэннем фіксаванага праменя вакол пункта, з якога прамень выходзіць, да зададзенага становішча. У залежнасці ад напрамку вярчэння адрозніваюць дадатныя і адмоўныя вуглы. Пад вуглом паміж дзвюма крывымі, што перасякаюцца ў адным пункце, разумеюць вугал паміж датычнымі да крывых у гэтым пункце. Гл. таксама Вертыкальныя вуглы, Двухгранны вугал, Знешні вугал, Мнагагранны вугал, Сумежныя вуглы, Цялесны вугал.

Вугал: 1 — плоскі; 2 — цэнтральны; 3 — паміж дзвюма крывымі.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́МПІНГ (англ. dumping літар. скідванне),

продаж тавараў на знешнім рынку па штучна заніжаных цэнах, магчыма, ніжэй сабекошту. Мэта Д.: спрыянне экспансіі на новыя рынкі і абарона пазіцый дадзенай дзяржавы на замежных рынках шляхам абмежавання канкурэнцыі; процідзеянне залішняму продажу тавараў на ўнутр. рынку, які прыводзіць да зніжэння цэн, і, як вынік, да змяншэння даходаў вытворцаў. Д. выклікае негатыўныя вынікі: у краіне экспарцёра для спажыўцоў, што плацяць высокія цэны і пакрываюць страты ад нізкіх дэмпінгавых цэн; у краіне імпарцёра стрымлівае айчынную вытв-сць (спрыяе росту беспрацоўя), прадукцыя якой становіцца неканкурэнтаздольнай побач з больш таннай імпартаванай. ЕЭС забараніла Д. паводле Рымскага трактата 1957. Антыдэмпінгавы кодэкс, што прадугледжвае правядзенне перагавораў пад эгідай ГАТТ, прыняты ў час т.зв. такійскага раунда 1973—79. Д. валютны — вынік дэвальвацыі.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ПАВЕДЗЬ, дзесяціслоўе, дэкалог,

прадпісанні, павучанні, у якіх выкладзены рэліг.-этычныя прынцыпы, што складаюць аснову іудаізму і хрысціянства. Выкладзены ў Пяцікніжжы (назва 5 кніг Старога запавету). Верагодна, да пісьмовай фіксацыі існавалі ў вуснай перадачы. Сфарміраваліся ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Падзяляюцца на З., якія абвяшчаюць монатэізм Яхве і забараняюць культ інш. багоў; З., якія змяшчаюць нормы маралі і правілы паводзін (прытрымліванне суботняга адпачынку, забарона забіваць, красці, квапіцца на чужое і інш.). Частка іх абумоўлена канкрэтна-гіст. зместам, таму іх нельга лічыць сукупнасцю норм абсалютнай маралі для ўсіх часоў і народаў. У Старым запавеце, напр., сустракаюцца наказы, што супярэчаць хрысціянскім З. (забарона забіваць супярэчыць норме «душа за душу, вока за вока»), старазапаветныя З. часам абвяргаюцца ў Новым запавеце.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЧЫ́СТАЯ,

летняе свята нар. календара, якое адзначалі 15 жніўня с.ст.; адно з дванадзесятых святаў. Правасл. царква прымеркавала да гэтага дня Успенне Багародзіцы. Наз. таксама «успленне», «спажа», «зельная». Назва «успленне» і «спажа» ў народзе тлумачыліся тым, што ў садах спелі плады, а на палетках — збажына. У гэты дзень у царкве асвячалі зерне, зеляніну. Асвечанае жыта перамешвалі з насеннем, каб на наступны год прычакаць добрага ўраджаю. У нар. фальклоры беларусаў П. згадваецца ў сувязі з падвядзеннем вынікаў працы селяніна: «Прачыста снапкі падае», «Свята Прачыста — у полі ўрачыста», «Спажа́ — хлеба дзяжа». Сеялі азімыя, пра што прыгадвала прыказка «Успенне — ці гатова насенне?». П. звычайна называлі першай або вялікай у адрозненне ад другой (меншай) П. — багача, прымеркаванай да Раства Багародзіцы, якое адзначалася 21 жніўня с.ст.

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́ТАРСКАЕ ПРА́ВА (лац. jus praetorium),

прававая сістэма ў Стараж. Рыме, што складалася з рашэнняў (эдыктаў) прэтараў — службовых асоб, якія ажыццяўлялі пераважна судовыя, прававыя функцыі. Рашэнні прэтараў заўсёды насілі працэсуальны, а не матэрыяльны характар, бо яны не мелі права адмяняць або змяняць законы. Прэтарскі эдыкт дзейнічаў на працягу года, але кожны новы яго пераемнік пры складанні свайго эдыкта выкарыстоўваў найб. важныя прававыя ўстанаўленні папярэднікаў, фактычна спыняючы дзеянне састарэлых норм. З сярэдзіны 2 ст. да н.э. прэтары атрымалі права складаць у ходзе суд. працэсу абавязковую для суддзяў юрыд. інструкцыю. т.зв. фармулярны працэс. П.п. істотным чынам рэфармавала ін-ты прыватнага права, напр., валоданне, дагавор, права на спадчыну. У 4—5 ст. н.э. адбылося збліжэнне П.п. і цывільнага права, што прывяло да поўнай іх аднастайнасці.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУМА́ЦЫЯ ў фізіялогіі,

узаемадзеянне сінаптычных працэсаў (што ўзбуджаюць ці затарможваюць) на мембране нейрона або мышачнай клеткі, якое характарызуецца ўзмацненнем эфектаў раздражнення да рэфлекторнай рэакцыі ў адказ; адзін з механізмаў каардынавання рэакцый арганізма. Апісана І.М.Сечанавым у 1868. На сістэмным узроўні адрозніваюць С. прасторавую і часавую. Прасторавая С. адбываецца ў выпадку адначасовага ўздзеяння аферэнтных раздражненняў, кожнае з якіх неэфектыўнае для розных рэцэптараў адной і той жа рэцэптыўнай зоны (напр., узбуджэнне многіх нейронаў розных участкаў мозга). Часавая С. вызначаецца ўзаемадзеяннем нерв. уплываў, што прыходзяць з пэўным інтэрвалам да адных і тых жа ўзбудлівых структур па адных і тых жа нерв. каналах. Забяспечвае неабходную працягласць рэакцый і можа падтрымлівацца кальцавой сувяззю нейронаў. На клетачным узроўні С. мае прасторава-часавы характар.

С.​С.​Ермакова.

т. 15, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада для вымярэння сілы пераменнага току (радзей эл. напружання, магутнасці) на аснове спалучэння аднаго ці некалькіх тэрмапераўтваральнікаў і магнітаэлектрычнай прылады.

Тэрмапераўтваральнік складаецца з адной ці некалькіх тэрмапар і награвальніка, па якім працякае ток, што вымяраецца. Пад дзеяннем цяпла, што вылучае награвальнік, паміж свабоднымі канцамі тэрмапары ўзнікае электрарухальная сіла, якая вымяраецца магнітаэл. прыладай. Межы вымярэння сілы пераменнага току пашыраюць шунтамі, спец. ВЧ трансфарматарамі і інш.; межы вымярэння напружанасці — дадатковымі рэзістарамі. Т.п. як амперметр выкарыстоўваюць у дыяпазоне частот да 30 МГц, як вальтметр — да 1 МГц. Асаблівасць Т.п. — недапушчальнасць вял. перагрузак (не больш як у 1,5 раза).

Тэрмаэлектрычная прылада вымяральная (а — амперметр, б — вальтметр); 1 — награвальнік; 2 — тэрмапераўтваральнік; 3 — нагрузка; 4 — дадатковы рэзістар; ВМ — вымяральны механізм.

т. 16, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОЛАДАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,

здольнасць раслін вытрымліваць нізкія дадатныя тэмпературы (1—5 °C) без зніжэння прадукцыйнасці. Адносіцца да генетычна абумоўленых прыкмет. Холадаўстойлівыя расліны (ячмень, авёс, віка, лён, буракі) здольны пад дзеяннем нізкіх дадатных т-р перабудоўваць структурную і функцыян. арганізацыю клетак, што суправаджаецца тармажэннем росту, павелічэннем колькасці бялкоў, амінакіслот і асабліва цукроў. Цеплалюбівыя расліны (агуркі, памідоры, кукуруза, перцы, баклажаны, фасоля) пры нізкіх т-рах пашкоджваюцца і гінуць ад неабарачальных парушэнняў у абмене рэчываў, што праяўляецца ў страце тургару, зменай афарбоўкі лісця і інш. Пункты росту і маладое лісце больш устойлівыя да холаду, усходы пашкоджваюцца мацней, чым дарослыя расліны, Х. павышаецца ўнясеннем калійных угнаенняў, у ахаваным грунце — вырошчваннем раслін пры паніжанай вільготнасці і добрым асвятленні, загартоўваннем. Гл. таксама Зімаўстойлівасць, Марозаўстойлівасць.

т. 17, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎСТО́РЫІ (ад лац. haustor чарпальны, паглынальны) у біялогіі, 1) прысоскі, з дапамогай якіх расліны-паразіты высмоктваюць пажыўныя рэчывы з раслін-гаспадароў.

2) Спец. часткі гіфаў паразітычнага фітапатагеннага грыба, што месцяцца ўнутры жывой клеткі расліны-гаспадара і праз якія пажыўныя рэчывы клетак арганізма-гаспадара трапляюць у цела грыба.

3) Шматклетачныя цяжы або асобныя клеткі, якія служаць для высмоктвання пажыўных рэчываў з нуцэлуса і покрыва семязавязі і перамяшчэння іх да зародка і эндасперму пакрытанасенных раслін.

4) Ніжняя частка ножкі імхоў, што ўкараняецца ў тканку гаметафіта.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д’АЛАМБЕ́РА ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асноўных прынцыпаў дынамікі, паводле якога пры далучэнні сіл інерцыі да зададзеных (актыўных) сіл і рэакцый накладзеных сувязей атрымліваецца ўраўнаважаная сістэма сіл. Устаноўлены Ж.Д’аламберам. З Д.п. вынікае, што для кожнага пункта сістэмы F→i + N→i + J→i = 0 , дзе F→i — актыўная сіла, што ўздзейнічае на дадзены пункт, N→i — рэакцыя накладзенай сувязі (гл. Сувязі механічныя), J→i — сіла інерцыі. Д.п. дазваляе выкарыстаць метады статыкі для рашэння задач дынамікі, напр., для вызначэння рэакцыі сувязей, калі вядомы закон руху.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)