ДЗЮФІ́ (Dufy) Рауль (3.6.1877, г. Гаўр, Францыя — 23.3.1953),
французскі жывапісец, графік, тэатр. мастак. У 1900—01 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплыў імпрэсіянізму, у 1905—08 прымыкаў да фавізму. Вывучаў нар. лубок, у стылі якога выканаў шматлікія гравюры ў 1914—18. У яго творчасці адлюстравалася характэрная для зах.-еўрап. мастацтва 20 ст. падкрэслена-суб’ектыўнае ўспрыняцце свету. У сваіх чыстых і лёгкіх па колеры, беглых па малюнку карцінах і акварэлях (са скачкамі, рэгатамі, канцэртамі) Дз. імкнуўся да ўвасаблення жыццярадасна-святочнага боку жыцця («Афішы Трувіля», 1906, «Прыстань» 1908, «Скачкі ў Давілі», 1930). Ілюстраваў таксама кнігі, рабіў малюнкі для тканін і габеленаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬСА́РТ (Delsarte) Франсуа Аляксандр Нікала Шэры (19.12.1811, г. Салем, Францыя — 19.7.1871),
французскі спявак (тэнар), тэарэтык і педагог вакалу. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1826—30). Напачатку выступаў у т-ры «Апера камік». Потым стаў хормайстрам парыжскага сабора абацтва Шатэль, пры якім адкрыў курсы спеваў, наладжваў т.зв.гіст. канцэрты, выконваў у іх творы франц.муз. класікаў. Распрацаваў тэорыю вак. майстэрства, важнае значэнне надаваў сродкам акцёрскай ігры, міміцы, жэсту. Аўтар метадычных твораў для голасу з фп.; вынайшаў апарат для кантролю за чысцінёй інтанавання. Яго тэорыі найб. пашырыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (асабліва ў ЗША) і ўплывалі на некалькі пакаленняў вак. педагогаў, выкарыстоўваліся і ў харэаграфіі (у прыватнасці, А.Дункан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНІ́ (Denis) Марыс (25.11.1870, г. Гранвіль, Францыя — 3.11.1943),
французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1887) і ў Школе прыгожых мастацтваў. Зазнаў уплыў П.Сезана, П.Гагена. Адзін з заснавальнікаў і тэарэтык групы «Набі» (1890) і «Майстэрняў рэлігійнага мастацтва» (1919). Лідэр неатрадыцыяналістычнай плыні ў франц. жывапісе. Працаваў у стылях сімвалізму і мадэрну. Для твораў характэрны манум. формы, дэкар. гармонія, рэліг.-містычныя сюжэты, плоскасная стылізацыя, светлы каларыт. Сярод твораў «Музы» (1893), «Марфа і Марыя» (1896), «Партрэт Івоны Лероль» (1897), «У гонар Сезана» (1900), 11 пано «Гісторыя Псіхеі» (1908—09) і інш. Аўтар кніг «Тэорыі» (1912), «Новыя тэорыі» (1921).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Д’ЭСТУРНЕ́ЛЬ ДЭ КАНСТА́Н (d’Estournelles de Constant) Поль (22.11.1852, Шато-дэ-Клермон-Крэан, дэпартамент Сарта, Францыя — 15.5.1924),
французскідзярж. дзеяч. Барон. Юрыст. З 1876 на дыпламат. службе. З 1895 чл. палаты дэпутатаў, з 1904 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1907) Гаагскіх мірных канферэнцый, канферэнцыі Міжпарламенцкага саюза (1921), чл.Міжнар. трацейскага суда ў Гаазе (з 1907). У 1905 заснаваў Асацыяцыю міжнар. прымірэння, пазней узначаліў Аддзяленне Фонду Карнегі ў Еўропе. Аўтар кн. «Французская палітыка ў Тунісе» (1891, прэмія Франц. акадэміі), «Амерыка і яе праблемы» (1913), а таксама кнігі пра Стараж. Грэцыю. Нобелеўская прэмія міру 1909 (разам з А.Беернарам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРДА́Н (Jourdan) Жан Батыст (29.4.1762, г. Лімож, Францыя — 23.11.1833),
французсківаен. дзеяч. Маршал Францыі (1804). Граф (1816). У 1779—83 удзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. У Франц. рэвалюцыю 1789—99 камандаваў батальёнам валанцёраў (з 1791), корпусам, арміяй (з 1793); перамог аўстр. войскі пры Флёрусе (1794). Ініцыятар закону аб канскрыпцыі (воінскай павіннасці). У час перавароту Васемнаццатага брумера 1799 выступіў супраць Напалеона Банапарта, пасля падтрымаў яго. У 1804—05 камандуючы Італьян. арміяй, у 1806—09 і 1812—13 ваен. саветнік і нач. штаба ісп. караля Жазефа Банапарта. З 1814 на службе ў Бурбонаў, камандаваў ваен. акругай. З 1819 чл. палаты пэраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭМ’Е́ (Gémier; сапр.Танер; Tonnerre) Фірмэн
(21.2.1869, г. Абервілье, Францыя — 26.11.1933),
французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў прыватнай драм. студыі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1888. З 1892 іграў у розных т-рах Парыжа. У 1906—21 узначальваў Тэатр Антуана, у 1920—33 — створаны ім Нац.нар. т-р. Лічыў грамадскім прызначэннем тэатр. мастацтва служэнне народу, шукаў новыя формы тэатр. паказаў, імкнуўся спалучаць тэатральнасць з жыццёвай праўдай. Валодаў віртуознай сцэн. тэхнікай, майстар грыму. З лепшых роляў: Убю («Кароль Убю» А.Жары), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Філіп Брыдо («Драпежніца» Э.Фабра паводле А.Бальзака). З 1908 здымаўся ў кіно і ставіў фільмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕНКУ́Р (Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),
французсківаен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТА́Н ДЭ РЭБЕ́К (Constant de Rebecque) Бенжамэн Анры (25.10.1767, г. Лазана, Швейцарыя — 10.12.1830),
французскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Оксфардскім, Эрлангенскім (Германія) і Эдынбургскім ун-тах. З 1795 у Францыі, у 1803—14 у эміграцыі. Друкаваўся з 1796. Сусв. вядомасць прынёс аўтабіягр. раман «Адольф» (1816), дзе пісьменнік стварыў вобраз тыповага для рамант. эпохі героя, які знаходзіўся ў разладзе з грамадствам і з самім сабой. Аўтар аўтабіягр.кн. «Чырвоны сшытак» (выд. 1907), «Сесіль» (выд. 1951), зб.літ.-крытычных прац «Артыкулы пра літаратуру і палітыку» (1829) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Адольф. М., 1959.
Літ.:
Delbouille P. Genfése, structure et destin d’Adolphe. Paris, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭ́Н-ТАНУДЖЫ́ (Cohen-Tannoudji) Клод Несім (н. 1.4.1933, г. Канстанціна, Алжыр),
французскі фізік. Чл.АН Францыі (1981). Замежны чл.Нац.АН ЗША (1994). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1957). З 1960 у Нац. цэнтры навук. даследаванняў Францыі, адначасова з 1964 праф. Ун-та П. і М. Кюры і з 1973 — Калеж дэ Франс. Навук. працы па атамнай фізіцы, квантавай электроніцы і оптыцы. Зрабіў тэарэт. разлікі, распрацаваў новыя метады і ажыццявіў эксперыменты па лазерным тармажэнні атамных пучкоў, іх ахаладжэнні да анамальна нізкіх т-р (ніжэй за 10−6К) і ўтрымліванні ў малым аб’ёме. Нобелеўская прэмія 1997 (разам з С.Чу, У.Філіпсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛО́Н (Coulomb) Шарль Агюстэн (14.6.1736, г. Ангулем, Францыя — 23.8.1806),
французскі інжынер і фізік, адзін з заснавальнікаў электрастатыкі і магнітастатыкі. Чл. Парыжскай АН (1803). Скончыў школу ваен. інжынераў (1761). Навук. працы па электрычнасці, магнетызме і дастасавальнай механіцы. Сфармуляваў законы сухога трэння (1781). Даследаваў дэфармацыю кручэння ніцей, устанавіў законы пругкага кручэння. Вынайшаў (1784) круцільныя вагі, з дапамогай якіх устанавіў у 1785 асн. законы электрастатыкі (Кулона закон), пашырыў яго на ўзаемадзеянне засяроджаных магнітных полюсаў і сканструяваў магнітометр (1785—88). Яго імем названа адзінка эл. зараду кулон.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 242—252.