частка слова, утвораная галосным гукам або яго спалучэннем з зычнымі на аснове злітнага з імі вымаўлення. У залежнасці ад прынцыпаў складападзелу існуе некалькі тэорый будовы С. У бел. мове складаўтваральныя галосныя «а», «э», «о», «у», «і», «ы» з адным («гэ», «ра»), двума («збы», «цаў»), трыма («стра», «сква», «клас»), чатырма («гвалт», «пстры») і большай колькасцю зычных, часам толькі галоснымі (акрамя «ы»): «у-бок», «а-сабліва», «і-мя». У слове бывае ад 1 да 6 і болей С. У вуснай мове пераважаюць словы больш кароткія па колькасці С. У бел. мове больш слоў 1- і 2-складовых. С. бываюць націскныя (вымаўляецца больш выразна і напружана, аднак сіла, працягласць, вышыня тону гучання не заўсёды мацней і даўжэй за ненаціскны) і ненаціскныя (пераднаціскныя: «па-ляў-нічымі», паслянаціскныя: «паляўні-чы-мі»). У слове з 5 і болей С. з націскам на 1-м С. ўзнікае пабочны націск на перадапошнім С. («вы-ра-та-ва-ны-мі»). Ад месца С. ў слове залежыць іх падзел на пачатковыя (характэрна большая гучнасць і разнастайнасць спалучэння зычных: «ка-валак»), канцавыя і неканцавыя («кло-паты»). У залежнасці ад месца галоснага С. бываюць адкрытыя (на канцы галосны: «два») і закрытыя (на канцы зычны: «дах»), непрыкрытыя (пачынаецца з галоснага: «эх») і прыкрытыя (пачынаецца з зычнага: «вугал»). Адкрытыя і закрытыя С. могуць быць прыкрытымі («мы», «дах») і непрыкрытымі («а», «іл»). Адкрытымі непрыкрытымі могуць быць толькі С., утвораныя адным галосным; найб. колькасць тыпаў С. — прыкрытыя. У бел. мове (у параўнанні з рус.) больш адкрытых і менш непрыкрытых С. Колькасцю С., вымаўленых за адзінку часу (секунду, мінуту), вымяраецца тэмп маўлення. Сярэдні тэмп маўлення на бел. мове — 3 С. ў секунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРЫШЧА́НА»,
помнік бел. перакладной л-ры. Папулярны рыцарскі раман. Перакладзены на бел. мову ў 2-й пал. 16 ст. з сербскай крыніцы (апошняя з італьян. арыгінала). Бел. пераклад збярогся ў Пазнанскім рукапісным зборніку. У аснове твора — паэт. кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у бел. рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літ. апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць пра Трышчана» — класічны ўзор жанру рыцарскага рамана, пабудаванага на авантурна-прыгодніцкай фабуле і любоўнай інтрызе. Гал. герой — ідэальны рыцар, які служыць прыгожай даме і праводзіць свой час у няспынных прыгодах і рыцарскіх турнірах. У барацьбе за прыгожую Іжоту, дачку ірландскага караля, якую герой здабывае ў паядынках з рознымі сапернікамі свайму дзядзьку, каралю Марку, Трышчан выходзіць пераможцам. Аднаго ён не можа пераадолець — сваіх пачуццяў да Іжоты. Каханне прыносіць героям вял. пакуты: Іжота належыць каралю Марку, сеньёру Трышчана, і становіцца яго жонкай. У зах.-еўрап. версіях легенды зроблена спроба знайсці выйсце: гал. герой жэніцца на другой Ізольдзе. Аднак такі ўчынак прыносіць новыя пакуты закаханым. Усёпаглынальная любоўная страсць паскарае заўчасную смерць гал. герояў. Фінал твора гучыць як гімн вял. каханню. У бел.-сербскай «Аповесці пра Трышчана» падзеі заключнай часткі выкладзены інакш: Трыстан не жэніцца з другой жанчынаю, а застаецца верны сваёй каханай да канца, дзеянне ў творы не даведзена да трагічнага фіналу. У бел. апрацоўцы асн. ўвага сканцэнтравана на апісанні незвычайных прыгод, паядынкаў і рыцарскага гераізму Трышчана; аптыміст. канец лепш стасуецца з агульнай ідэйна-маст. канцэпцыяй аповесці, у якой, насуперак аскетычным прынцыпам хрысціянства, апяваюцца пачуцці і перажыванні чалавека, яго зямныя радасці і страсці, паэтызуецца пераможная сіла кахання. «Аповесць пра Трышчана» — унікальны слав. варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, каштоўны помнік бел.літ. мовы 16 ст. Перакладзена на сербскахарвацкую (Бялград, 1966), англ. (Лідс, 1977; Нью-Йорк, 1988), італьян. (Фларэнцыя, 1983) мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.
Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн.сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс.чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс.чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.
Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.
Літ.:
Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й,
рэлігійна-грамадскія аб’яднанні вернікаў-беларусаў у краінах Еўропы і Амерыкі. Узніклі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г.Беларускае праваслаўнае аб’яднанне існавала з 5.5.1946 да канца 1940-х г. Створана ў г. Рэгенсбург (Германія) на з’ездзе правасл. беларусаў. Кіраўніцтва: М.Лапіцкі, І.Касяк, Т.Шыбут, М.Сяднёў, Н.Арсеннева, з вер. 1947 архіепіскап Філафей, ініцыятар далучэння замежнай Бел.правасл. царквы да Рускай замежнай царквы. Выдавала час. «Звіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946—47). Аб’яднанне праваслаўных беларусаў у ЗША. Засн. ў крас. 1950. Ініцыіравала з’езд правасл. беларусаў у Саўт-Рыверы 25.11.1950, на якім створаны Бел. грэка-правасл.царк.к-т у Амерыцы. Жыровіцкае праваслаўнае брацтва. Засн. ў 1948 у Германіі, выдавала час. «Сіла веры» (1948—65). Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства. Засн. ў маі 1950 у Нью-Йорку. Кіраўнікі С.Грынкевіч, В.Пануцэвіч, А.Попка, Б.Даніловіч. Спрабавала стварыць у Нью-Йорку бел. каталіцкую парафію. Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне «Рунь» імя св. Аўгусціна. Створана ў кастр. 1949 у г. Лувен (Бельгія) на з’ездзе бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі і Францыі. Пазней адкрыты аддзелы ў Італіі і ЗША. Удзельнічалі Ч.Сіповіч, Л.Гарошка, А.Адамовіч, М.Навумовіч, Ф.Бартуль, А.Надсон і інш. У 1950 увайшло ў міжнар. каталіцкую арг-цыю «Pax Romana», якая аб’ядноўвае нац. акадэмічныя і студэнцкія каталіцкія суполкі ўсяго свету. Дзейнасць аб’яднання па бел. эмігранцкім друку прасочваецца да канца 1960-х г.Беларускае евангельска-баптысцкае брацтва ў ЗША і Канадзе. Першы з’езд адбыўся ў 1973, друк. орган — бюлетэнь «Веснік Беларускага евангельска-баптысцкага брацтва» (выдаўцы Д.Ясько і У.Панцэвіч). Беларуская старакаталіцкая артадаксальная субажня. Існавала ў 1960-я г. ў Германіі, Бразіліі і Аргенціне, з 1960-х г. у ЗША і Канадзе. Кіраўнікі У.Рыжы-Рыскі, В.Матэйчык, Л.Галубовіч.
Літ.:
Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;
Мн., 1994;
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.
Л.У.Языковіч.
Да арт.Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой. Памятны Крыж Тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі ў г. Мідленд (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ФАРТА ШКАЛА́,
служыць для ацэнкі сілы ветру ў балах па яго ўздзеянні на наземныя прадметы або па хваляванні на моры. Распрацавана ў 1806 англ. контр-адміралам Ф.Бофартам. З цягам часу мянялася і ўдакладнялася. У 1963 прынята Сусв. метэаралагічнай арг-цыяй (гл.табл.).
Сіла ветру па шкале Бофарта (на вышыні 10 м над адкрытай роўнай зямной паверхняй)
Балы Бофарта
Скорасць ветру, м/с
Характарыстыка ветру
0
0—0,2
Штыль. Дым падымаецца вертыкальна. Люстраное гладкае мора.
1
0,3—1,5
Ціхі. Дым адхіляецца, на моры рабізна.
2
1,6—3,3
Лёгкі. Вецер адчуваецца на твары, шапоча лісце на дрэвах, адхіляецца флюгер. Кароткія хвалі на моры.
3
3,4—5,4
Слабы. Лісце і тонкія галінкі пастаянна гайдаюцца. Выразныя кароткія хвалі, грабяні перакульваюцца, з'яўляюцца рэдкія баранчыкі пены.
4
5,5—7,9
Умераны. Падымаюцца пыл і паперкі, гайдаюцца тонкія галіны дрэў. Хвалі на моры падоўжаныя, у многіх месцах белыя баранчыкі.
5
8—10,7
Свежы. Гайдаюцца тонкія ствалы дрэў. Доўгія, але не вельмі буйныя хвалі, усюды баранчыкі, з’яўляюцца пырскі.
6
10,8—13,8
Моцны. Гайдаюцца тоўстыя галіны, гудуць тэлеграфныя правады, з'яўляюцца вялікія хвалі, пеністыя грабяні займаюць вялікую плошчу.
7
13,9—17,1
Вялікі. Гайдаюцца ствалы дрэў, цяжка ісці супраць ветру. Хвалі нагрувашчваюцца, грабяні зрываюцца, пена кладзецца палосамі па ветры.
8
17,2—20,7
Вельмі вялікі. Ламаюцца галіны дрэў, вельмі цяжка ісці супраць ветру. Сярэдне доўгія хвалі. Па краях грабянёў узлятаюць пырскі.
9
20,8—24,4
Шторм. Невялікія пашкоджанні, вецер зрывае чарапіцу. Высокія хвалі, шырокія палосы пены, пагаршаецца бачнасць.
10
24,5—28,4
Моцны шторм. Разбураюцца пабудовы, дрэвы вырываюцца з каранямі. Вельмі высокія хвалі з доўгімі загнутымі грабянямі. Паверхня мора белая ад пены. Моцны грукат хваляў. Дрэнная бачнасць.
11
28,5—32,6
Люты шторм. Вялікія разбурэнні на значнай плошчы. Надзвычай высокія хвалі. Невялікія і сярэднія судны часам не відаць. Паверхня мора ў камяках пены. Дрэнная бачнасць.
12
больш за 32,7
Ураган. На сушы разбурэнні, як у люты шторм. На моры паветра напоўнена пенай і пырскамі. Вельмі дрэнная бачнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ДАВЫЯ СТРА́ВЫ,
адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. Традыц. абрадавыя стравы беларусаў — каша, бліны, аладкі, хлеб і інш. — выконвалі знакавую функцыю і звычайна суправаджалі магічныя абрадавыя дзеянні. Каша з цэлага зерня (ячменнага, прасянога і інш.) — неад’емная частка радзіннага, вясельнага, памінальнага, каляднага, жніўнага абрадаў. Цэнтр. месца ў святкаванні радзін адводзілася бабінай кашы. На другі дзень вяселля кашу падносілі маладой. На памінкі варылі салодкую ячную кашу, а таксама рытуальную памінальную страву — канун. Ва ўсх. Беларусі сярод памінальных страў былі клёцкі. Гал. абрадавай стравай каляднага святкавання была куцця; яе абносілі вакол хаты, ставілі на покуць, каб паспрыяць будучаму ўраджаю, верх з яе аддавалі курам, каб добра несліся. На бедную куццю гаспадар або старэйшая жанчына клікалі мароз, прыгаворваючы, каб ён не марозіў «ні кійкоў, ні гуркоў, ні аратаяў старых, ні пагонічаў маладых» (Гродзеншчына). Куцця, як і бліны, была атрыбутам варажбы. На Палессі жытнюю кашу бралі з сабой, ідучы першы раз жаць: нажаўшы першы сноп, тры разы бралі ў рот кашы, астатнюю выкладвалі ў сноп і завязвалі яго. З рытуальнай сімволікай ураджаю звязаны і велікодныя стравы: рэшткі асвячоных у царкве яек, пірагоў, кумпяка (косці) закопвалі на загонах. Адно велікоднае яйка захоўвалі да пачатку сяўбы (яго бралі з сабой, едучы першы раз сеяць). Асаблівая магічная сіла надавалася блінам і аладкам, якія сімвалізавалі сонца і яго гадавы круг (бліны абавязковая страва на масленіцу і Каляды). Да абрадавых страў адносяцца і паўсядзённыя стравы, якія традыцыйна гатуюць у пэўныя святочныя або памінальныя дні. На бедную куццю варылі посны бурачны боршч (квас), падкалочаны мукой або рошчынай, з грыбамі ці алеем, крупнік, аўсяны кісель, узвар з сушаных яблыкаў, груш, сліў, пяклі бліны ці аладкі, ламанцы з цёртым макам (гл.Лазанкі); на багатую куццю — бліны з салам і каўбасой, боршч з мясам, крупнік, куццю з салам і інш. На масленіцу акрамя бліноў абавязковыя былі сыр і масла, на Вялікдзень — яйкі, сыр, масла, сала, мяса, па магчымасці — кумпяк, парася, на Купалле варылі кулагу. На памінальным стале (на дзяды, радаўніцу) абавязкова былі боршч з мясам або капуста, сытая каша, каўбаса, бліны. Гл. таксама Абрадавае печыва.
Літ.:
Листова Н.М. Пища в обрядах и обычаях // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТ (устарэлая назва гелікаптэр),
лятальны апарат з верт. узлётам і пасадкай, у якога пад’ёмная сіла і цяга гарыз. палёту ствараюцца лопасцямі нясучых вінтоў. Мае фюзеляж, вінтавыя агрэгаты, рухавік, шасі, органы кіравання, навігацыйныя прылады. Рух нясучым вінтам верталёта надаюць поршневыя або турбавальныя (турбавінтавыя) рухавікі (праз сістэму мех. трансмісіі), часам — непасрэдна рэактыўныя рухавікі. Бываюць аднавінтавыя (з рулявым вінтом), двухвінтавыя (сувосевыя, з падоўжным і папярочным размяшчэннем нясучых вінтоў), многавінтавыя і рэактыўныя. Скорасць верталёта да 355 км/гадз і больш, выш. палёту да 12,5 км, далёкасць да 3400 км, грузападымальнасць да 40 т. Выкарыстоўваюцца для пасажырскіх і грузавых перавозак, буд.-мантажных, геолагаразведачных і с.-г. работ, мед. абслугоўвання, тушэння пажараў і інш.Ваен. верталёты падзяляюцца на баявыя (для агнявой падтрымкі войск, процілодачныя, процітанк., трансп.-дэсантныя), баявога забеспячэння (разведвальныя, сувязныя, пастаноўшчыкі мінных загарод, запраўшчыкі і інш.), дапаможнага прызначэння (верталёты-краны, санітарныя і інш.).
Ідэю верталёта распрацаваў Леанарда да Вінчы ў 15 ст. Першы палёт (на выш. да 2 м) ажыццявіў на верталёце француз П.Карню ў 1907. У Расіі (Кіеў) першыя верталёты сканструяваў І.І.Сікорскі ў 1909, верталёт аднавінтавой схемы ўпершыню пабудаваў Б.М.Юр’еў у 1910—12, першы сав. серыйны верталёт — Мі-1 канструктара М.Л.Міля (1948). Вядучыя сав. канструктары: Міль, М.І.Камаў, А.С.Якаўлеў, І.П.Братухін. У 1950—90-я г. пабудаваны верталёты: трансп. двухматорны турбавінтавы Мі-6, верталёт вял. грузападымальнасці В-12 канструкцыі Міля (устанавіў шэраг сусв. рэкордаў), універсальны грузавы верталёт-кран з 2 газатурбіннымі рухавікамі Мі-10К (можа несці груз да 11 т), цяжкі трансп. верталёт для буд.-мантажных работ Мі-26 (падымае груз да 20 т), двухвінтавыя сувосевыя Ка-10, Ка-15, Ка-18, Ка-25, Ка-26, шматмэтавы з 2 газатурбіннымі рухавікамі Ка-32 (грузападымальнасцю 5 т), баявыя Ка-50 «Чорная акула» і мнагамэтавы, начны і ўсепагодны Ка-52 «Алігатар» (аб’ядноўвае якасці самалёта-штурмавіка і верталёта агнявой падтрымкі). Найбуйнейшыя вытворцы сучасных мадэляў грузавых, пасажырскіх і ваенных верталётаў — Расія і ЗША (у іх жа сканцэнтраваны вядучыя канструктарскія і навук.-тэхн. сілы па распрацоўцы верталётнай тэхнікі). Гл. таксама Авіяцыя, Верталётны спорт.
Літ.:
Вертолеты. Т. 1—2. М., 1966—67;
Изаксон А.М. Советское вертолетостроение. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАЗ КАПІТА́ЛУ,
змяшчэнне капіталу за мяжой у грашовай ці таварнай форме з мэтай павелічэння прыбытку, умацавання там эканам. ці паліт. пазіцый. Як эканам. з’ява вядома з канца 19 ст. Падрыхтавалі вываз капіталу за мяжу знешні гандаль, сусв. рынак, міжнар. крэдыт, развіццё шляхоў зносін. Неабходнасць вывазу капіталу ўзнікла ў сувязі з ростам адноснага лішку капіталу ў эканамічна развітых краінах (Англіі, Францыі, Германіі, ЗША, Японіі і інш.). Капітал вывозяць за мяжу не таму, што ён не можа быць выкарыстаны ўнутры краіны, а таму што ў інш. краінах ён атрымлівае больш высокі прыбытак, паколькі там больш танная рабочая сіла і сыравіна. Вываз капіталу адбываецца ў форме вытворчага (будуюцца прамысл., с.-г. ці трансп. прадпрыемствы), гандлёвага (адкрываюцца магазіны, якія гандлююць таварамі мясц. ці замежнай вытв-сці), пазыковага (даюцца пазыкі, крэдыты) капіталаў. Інвестыцыі ў форме вытв. і гандл. капіталаў укладваюцца ў працэсе прыватнай дзейнасці замежных грамадзян. У залежнасці ад таго, хто з’яўляецца ўласнікам капіталу, адрозніваюць вываз капіталу дзярж. і прыватны. Функцыяніруючы капітал падзяляецца на прамыя інвестыцыі (экспарцёр капіталу з’яўляецца поўным уласнікам замежнага прадпрыемства ці ўладальнікам кантрольнага пакета акцый) і партфельныя (набытыя акцыі не забяспечваюць поўнага кантролю над прадпрыемствам). Для эпохі імперыялізму найб. характэрны быў вываз капіталу ці перамяшчэнне вытв-сці ў эканамічна слабейшыя краіны. У сучасных умовах вываз капіталу павялічыўся і ажыццяўляецца ў розных формах. Часта ён вывозіцца з адных высокаразвітых краін у іншыя, дзе ёсць умовы атрымання больш высокіх прыбыткаў ці інш.эканам. і паліт. выйгрышаў. У 1975 вываз капіталу вырас больш чым у 11 разоў у параўнанні з 1913—14, у т. л. з ЗША больш як у 82 разы, з Англіі ў 4, Францыі ў 3 разы. Сталі набіраць тэмп у вывазе капіталу краіны, што пацярпелі паражэнне ў 2-й сусв. вайне (ФРГ і Японія); некат. былыя імпарцёры капіталу сталі экспарцёрамі (Канада і інш.). У развітыя краіны, якія перажываюць эканам. бум, ідзе больш палавіны інвестыцый. Распад СССР і садружнасці сац. краін значна пашырыў сферу вывазу капіталу. Ён служыць сродкам узмацнення знешнегандл. экспансіі, вядзе да міжнар. перапляцення капіталаў, інтэрнацыяналізацыі грамадскай вытв-сці, абвастрэння канкурэнтнай барацьбы за сферы выкарыстання капіталаў.
Літ.:
Гаврилюк В.В. Экспорт капиталистических отношений в развивающиеся страны. Мн., 1973;
Громыко А.А. Внешняя экспансия капитала: История и современность. М., 1982;
Янченко С.Е. Вывоз капитала. Мн., 1961;
Мелман С. Прибыли без производства: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ (Яўген Аляксандравіч) (н. 10.9.1929, г. Рослаў Смаленскай вобл., Расія),
бел. кампазітар і педагог. Нар.арт. Беларусі (1973). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас А.Багатырова). Выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы (1953—63). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1983). Працуе пераважна ў буйных жанрах, увасабляючы значныя тэмы сучаснасці і гіст. мінулага. Музыцы Глебава ўласціва вял.сіла эмацыянальнага ўздзеяння, абумоўленая яскравасцю і інтанацыйным багаццем тэматызму, яго змястоўным напружаным развіццём, дасканаласцю муз. формы. Кампазітар самабытна пераўтварае бел. народнапесенны матэрыял. Знаўца аркестра, ён часта карыстаецца своеасаблівымі, нетрадыцыйнымі тэмбравымі спалучэннямі. Яго сімф. музыка насычана вострахарактарнымі вобразамі шырокага эмацыянальнага дыяпазону. Сімфоніі («Партызанская», 1958, 1963, 1964, 1968, «Да міру», 1983, 1993), «Альпійская сімфонія-балада» (1967), «Паэма-легенда» (1955) — творы складаных маст. канцэпцый, якія нясуць на сабе адбітак паглыбленага, шматбаковага светаўспрымання мастака. У балетах «Мара» (паст. 1961), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1-я рэд. 1974; 2-я — 1977), «Маленькі прынц» і «Курган» (1982), оперы «Майстар і Маргарыта» (1991), аперэце «Мільянерка» (1986) паказаў сябе сталым драматургам, які валодае адметным адчуваннем т-ра, майстэрствам дасканалых муз. характарыстык, прынцыпамі сімфанізму як метаду муз. мыслення. Літ. першакрыніцы муз.-сцэн. твораў — узоры сусв. л-ры (В.Быкава, Я.Купалы, Ш. дэ Кастэра, А.Сент-Экзюперы, М.Булгакава, Б.Шоу). Патрыятычна-грамадзянская тэматыка аб’ядноўвае вак.-сімф. творы Глебава — араторыі «Званы» (1967), «Свяці, зара» (1970), «Мы славім Радзіму сваю» (1974), кантаты «За праўду ўстанем» (1956), «Ад вышыні да вышыні» (1976) і інш. Сярод інш. твораў: оперы «Твая вясна» (1963), аперэта «Рэпартаж з пекла» (1971), муз. камедыя «Калізей» (1995, лібрэта М.Матукоўскага), канцэрты «Покліч» для аркестра (1988), для віяланчэлі (1993) і скрыпкі (1995) з аркестрам, 3 балады для голасу з арк., араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства» (1974), «Палеская сюіта» (1964), Харэаграфічныя навелы (1963, 1966), сюіты з балетнай музыкі, сімф. паэмы «Успаміны пра Тыля» (1977) і «Казка» (1979), Святочная уверцюра для аркестра бел.нар. інструментаў (1958), саната (1956) і «Фантастычныя танцы» (1957) для фп., п’есы для эстраднага аркестра (у т. л.найб. папулярныя «Залатая восень», «Начны дыліжанс»); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́САРГСКІ (Мадэст Пятровіч) (21.3.1839, с. Карава Куньінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 28.3.1881),
рускі кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў маці, потым у А.Герке, кампазіцыі — у М.Балакірава. Скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў (1856), служыў афіцэрам Праабражэнскага палка ў Пецярбургу. З 1858 у адстаўцы. Удзельнік «Магутнай кучкі». У ранніх творах 1-й пал. 1860-х г. (музыка да трагедыі Сафокла «Цар Эдып», опера «Саламба» паводле Г.Флабера) выявілася імкненне дынамізаваць масавыя сцэны. Камічная опера «Жаніцьба» паводле М.Гогаля (1868, няскончана; дапісана і аркестравана М.Іпалітавым-Іванавым, 1931) — спроба ўвасобіць драм. прозу ў музыцы. У наватарскіх рамансах — сцэнках з нар. жыцця («Калыханка Яромачкі», «Сіротка», «Гарэза», «Свецік Савішна») выявіў майстэрства псіхалагічна трапных сац.-партрэтных характарыстык. Вяршыня яго творчасці — нар.-гіст.муз. драмы «Барыс Гадуноў» паводле А.Пушкіна і М.Карамзіна (1869, 2-я рэд. 1872, паст. 1874; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1954 і 1974, у канцэртным выкананні ў 1998) і «Хаваншчына» (няскончана, завершана М.Рымскім-Корсакавым, паст. 1886; у Дзярж т-ры оперы і балета Беларусі ў 1970). У лік лепшых узораў сусв. опернай музыкі іх вылучаюць надзвычайная сіла і жыццёвая праўдзівасць, глыбіня ўвасаблення індывід. вобразаў і нар. мас, своеасаблівасць драматургіі (М. пісаў музыку на ўласныя лібрэта), яскравасць нац. каларыту, хвалюючы драматызм, навізна муз.-выразных сродкаў. Нац. самабытнасць муз. мовы асабліва выявілася ў тонкай перадачы інтанац. і рытмічнай своеасаблівасці нар. гаворкі і спеваў. Багацце жыццёвых назіранняў — у вак. зборніку «Дзіцячая» (1868—70), муз. памфлеце «Раёк» (1870), фп. цыкле «Карцінкі з выстаўкі» (1874). Глыбокая незадаволенасць рэчаіснасцю спарадзіла суб’ектыўна-лірычныя настроі, трагіка-філас. матывы вак. цыклаў «Без сонца» (1874) і «Песні і танцы смерці» (1875—77) на словы А.Галянішчава-Кутузава. З інш. твораў: арк. п’есы «Скерца», «Інтэрмецца», сімф. карціна «Іванава ноч на Лысай гары» (1867), няскончаная опера «Сарочынскі кірмаш» паводле Гогаля, хары «Ісус Навін» і «Паражэнне Сенахерыба», рамансы, фп. п’есы і інш. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на музыку 20 ст.
Літ.:
тв.: Письма и документы. М.; Л., 1932;
Лит. наследие. Кн. 1—2. М., 1971—72;
Письма. 2 изд. М., 1984.
Літ.:
Орлова А.А. Труды и дни М.П.Мусоргского: Летопись жизни и творчества. М., 1963;
Хубов Г.Н. Мусоргский. М., 1969;
Щербакова Т.А. Споры и искания: Из истории «Бориса Годунова» М.Мусоргского. Мн., 1971;
Шлифштейн С. Мусоргский: Художник. Время. Судьба. М., 1975;