вадкі прадукт залоз тонкага і тоўстага аддзелаў кішэчніка ў некат. беспазваночных (малюскі, членістаногія), усіх пазваночных і чалавека. У пазваночных і чалавека К.с. бясколерны або жаўтаваты са шчолачнай рэакцыяй, з камячкамі слізі і злушчанымі клеткамі эпітэлію. Састаў К.с.: вада, арган. і неарган. рэчывы, ферменты, якія канчаткова расшчапляюць бялкі, тлушчы і вугляводы ежы (амілаза, цукраза, фасфатаза, энтэракіназа і інш.). Выдзяляецца бесперапынна (у чалавека за суткі 1—3 л). Кішэчная сакрэцыя рэгулюецца нерв. і гумаральным шляхамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСТРЫ́ДЫІ (Clostridium),
род спараносных бактэрый. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў глебе, вадзе, рэштках жывёл і раслін, харч. прадуктах. Ёсць патагенныя віды (выклікаюць хваробы чалавека і жывёл), напр.: C. botulinum — узбуджальнік батулізму, C. perfringens і C. histolyticum — узбуджальнікі газавай гангрэны. Некат. К. фіксуюць азот (напр., C. pasteurianum). Цукралітычныя К. (напр., C. acetobutylicum) выкарыстоўваюць для атрымання ацэтону і бутанолу.
Палачкі 0,6—1,2×3—7 мкм, рухомыя, грамстаноўчыя; пры спораўтварэнні клеткі набракаюць і набываюць форму верацяна. Анаэробы. Зброджваюць вугляводы і азоцістыя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБ, флаэма,
складаная тканка ў сцёблах і каранях дрэвавых і травяністых раслін. Служыць для правядзення па расліне арган. і мінер. рэчываў; выконвае таксама запасальную, механічную, выдзяляльную функцыі. Складаецца з праводных (сітападобных) трубак з клеткамі-спадарожніцамі, з лубяных парэнхімы і валокнаў. У дрэвавых раслін утварае ўнутр.ч. кары. Адрозніваюць Л. першасны (утвараецца з пракамбію, характэрны для папарацей, дзеразы, хвашчоў) і другасны (адкладваецца ў голанасенных і двухдольных ад дзейнасці камбію). У Л. назапашваюцца алей, крухмал, дубільныя і інш.рэчывы. Лубяныя валокны выкарыстоўваюць як тэкст. сыравіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТАЧНАЕ МАЛАЧКО́,
сакрэт слінных залоз маладых рабочых пчол (карміцелек); пастападобная белая маса са спецыфічным пахам і вострым горка-кіслым смакам. Сухое рэчыва мае 40—58% бялку, 5—18% тлушчу, каля 26% цукру, 2,3—3,3% мінер. солей, вітаміны і інш. біялагічна актыўныя рэчывы, якія вызначаюць развіццё лічынак і яечнікаў маткі. Пчолы кормяць М.м. лічынак матак увесь перыяд іх развіцця (5 сут), лічынак рабочых пчол і трутняў першыя 3 сут, матку ў перыяд яйцакладкі (вясна і лета). Прэпарат з М.м. (апілак) выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦЭ́ЛІЙ (ад грэч. mykēs грыб),
грыбніца, вегетатыўнае цела грыба (талом), якое складаецца з тонкіх галінастых нітак — гіфаў. Развіваецца ўнутры (радзей на паверхні) субстрата, дзе жыве грыб. Праз М. асматычным шляхам з субстрату паглынаюцца пажыўныя рэчывы. У хітрыдыевых грыбоў, зігаміцэтаў і ааміцэтаў М. няклетачны і з’яўляецца адной клеткай, якая дасягае ў некат. грыбоў (напр., у мукора) некалькіх Дзесяткаў сантыметраў. У аскаміцэтаў, базідыяльных і недасканалых грыбоў М. клетачны. Часткамі М. ажыццяўляецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў, на ім утвараюцца рэпрадуктыўныя органы і пладовыя целы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́Я ГАРМО́НЫ,
біялагічна актыўныя рэчывы, якія выпрацоўваюцца ў палавых залозах, наднырачнікавых залозах і плацэнце (у час цяжарнасці). Рэгулююць палавую дыферэнцыроўку, развіццё першасных і другасных палавых прыкмет, палавое размнажэнне, палавыя паводзіны. Уплываюць на абмен рэчываў. Па хім. прыродзе — стэроіды ці паліпептыды. Стэроідныя П.г. падзяляюць на мужчынскія (андрагены) і жан. (эстрагены і гестагены), якія ўтвараюцца ў асоб абодвух полаў у розных суадносінах. Поліпептыдныя П.г. прыгнечваюць прадукцыю фалікуластымулюючага гармону ў клетках гіпофіза. Біясінтэз П.г. рэгулюецца ганадатропнымі гармонамі гіпофіза. Прэпараты П.г. выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЫ,
ячэістыя структураваныя дысперсныя сістэмы, утвораныя вял. колькасцю бурбалак газу (дысперсная фаза), раздзеленых тонкімі праслойкамі вадкасці. Разбураюцца ў выніку каалесцэнцыі. Высокастабільныя П., што захоўваюцца на працягу многіх мінут і гадзін, утвараюцца пры дабаўленні ў вадкасць стабілізатараў П., ці пенаўтваральнікаў (мылы, сінт.паверхнева-актыўныя рэчывы). Устойлівыя П. з дыаксідам вугляроду — сродак тушэння пажараў (гл.Вогнетушыцель). П. выкарыстоўваюць у вытв-сці ячэістых канстр. матэрыялаў (напр., пенаметалу, пенабетону, пенапластаў), пры абагачэнні карысных выкапняў (пенная флатацыя).
Літ.: Кругляков П.М., Ексерова Д.Р. Пена и пенные пленки. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІАКРЫЛА́ТЫ,
сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі складаных эфіраў акрылавай к-ты (акрылатаў). Агульная ф-ла [—CH2—CH(COOR)—]n.
Найважн. П. — поліалкілакрылаты, у якіх R — алкільны радыкал нармальнай будовы (CH3, C2H5 і інш.). Бясколерныя каўчукападобныя ці цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ва ўласных манамерах, араматычных вуглевадародах, ніжэйшыя гамолагі (R — алкіл з 1—6 атамамі вугляроду) — у ацэтоне. Хімічна ўстойлівыя, устойлівыя да ўздзеяння святла і кіслароду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ліставых і плёначных матэрыялаў, лакаў (гл.Акрылавыя лакі), кляёў (гл.Акрылавыя клеі), у стаматалогіі (для вырабу пратэзаў зубоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНУ́ХА, свінушка, капытнік (Paxillus),
род шапкавых грыбоў сям. свінухавых (капытнікавых). Пашыраны ў Еўразіі (10 відаў) і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды С.: ніткаватая (P. filamentosus), панусападобная (P. panuoides), тонкая (P. involutus) і тоўстая (P. atrotomentosus). Трапляюцца з ліп. па кастр. у лясах на глебе або гнілой драўніне.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лейкападобная з падагнутым хвалістым краем, карычнева-бураватая. Пласцінкі зыходныя. Мякаць на зломе цямнее. Ножка цыліндрычная, суцэльная. Споры эліпсоідныя, гладкія, вохрыстыя. Неядомая, мае ядавітыя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕНІ́ДЫ,
злучэнні селену з менш электраадмоўнымі элементамі. Вядомыя для металаў і неметалаў. Крышт.рэчывы часта з метал. бляскам. Па хім. уласцівасцях блізкія да сульфідаў і тэлурыдаў. Маюць паўправадніковую або метал.эл. праводнасць. Выкарыстоўваюць у фотарэзістарах і фотаэлементах (С. цынку, кадмію, ртуці), у лазерах (С. галію), як кампаненты сухіх антыфрыкцыйных змазак пры ўмовах высокага вакууму (напр., у касм. апаратах) і цвёрдых змазак вузлоў трэння машын, каталізатары ў арган. сінтэзе (С. малібдэну, вальфраму, ніобію), пігменты для фарбаў (С. кадмію). Гл. таксама Селенарганічныя злучэнні.