дзяржаўная крэдытная аперацыя па выкупе сялянамі зямлі ў Рас. імперыі, састаўная частка сялянскай рэформы 1861. Паводле яе ўмоў селянін меў права выкупіць сядзібны ўчастак без згоды памешчыка, а палявы надзел — са згоды памешчыка. Выкупны кошт надзельнага ўчастка вызначаўся шляхам капіталізацыі з 6% гадавога грашовага аброку. Фактычна сяляне выкуплялі не зямлю, а феад. павіннасці, г.зн. асабістую свабоду. 20—25% выкупнога кошту селянін выплачваў памешчыку адразу пры заключэнні выкупной здзелкі. На астатнія 75—80% давалася пазыка на 49 гадоў (па 6% штогод).
Абавязковы выкуп на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве ўведзены ў 1863 (у інш. рэгіёнах Расіі з 1883). Пад уплывам паўстання 1863—64 і масавага руху сялян ім вярнулі частку адрэзкаў і паменшылі выкупныя плацяжы. Рэв. сітуацыя ў канцы 1870 — пач. 1880-х г., значны недабор выкупных плацяжоў зноў прымусілі царскі ўрад на пач. 1880-х г. крыху скараціць памеры выкупу ў шэрагу рэгіёнаў (на Беларусі — у Магілёўскай губ., у Віцебскім і Гарадоцкім пав. Віцебскай губ.).
Пад уплывам рэв. падзей 1905 урад быў вымушаны адмяніць выкупныя плацяжы. Выкупная аперацыя фактычна азначала рабаванне сялян памешчыкамі і царызмам. У 1861—1906 б. памешчыцкія сяляне 5 зах. губерняў Расіі заплацілі 170 млн.руб. выкупу. У выніку дзяржава атрымала даходу каля 100 млн.руб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ХАД СЯЛЯ́НСКІ,
права сялян на выхад з маёнтка аднаго феадала і пераход у маёнтак другога. Шырока выкарыстоўваўся сялянамі як адзін з асн. сродкаў барацьбы супраць узмацнення феад. прыгнёту. 1) У Расіі ў 11—15 ст. выхад сялянскі абмяжоўваўся для асобных катэгорый сялян (закупы, сярэбранікі і інш.). Пачатак заканад. афармленню прыгоннага права паклаў Судзебнік 1497, які ўстанавіў для выхаду сялянскага адзіны тэрмін — тыдзень да і тыдзень пасля Юр’евага дня (26 ліст.), пры ўмове выплаты феадалу т.зв.пажылога. Судзебнік 1550 пацвердзіў тэрмін выхаду сялянскага, але павялічыў памер пажылога. У 1581 Іван IV увёў Запаведныя гады, у якія выхад сялянскі забараняўся. Цар Фёдар Іванавіч у 1592—93 забараніў выхад сялянскі на ўсёй тэр. дзяржавы. Гэта пацверджана Саборнымі ўлажэннямі 1607 і 1649.
2) На Беларусі ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін выхад сялянскі стаў гал. перашкодай для феадалаў у павелічэнні іх даходаў. З сярэдзіны 15 ст. ў ВКЛ вядомы абмежаванні выхаду сялянскага (плата за выхад, вяртанне даўгоў, рознай маёмасці і інш., дазвол феадала), што паступова вяло да запрыгоньвання сялян. Нівеліроўка феад. павіннасцей у выніку агр.рэформы ў ВКЛ з сярэдзіны 16 ст. (гл.Валочная памера) вяла да звужэння магчымасцей выхаду сялянскага. Заканадаўча абмежаванні выхаду сялянскага аформлены Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Гл. таксама Прыгоннае права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫХ СЯЛЯ́Н РЭФО́РМА 1866—67,
сістэма мер царскага ўрада, накіраваных на ліквідацыю феад. залежнасці дзярж. сялян у Еўрап. Расіі. У рас. губернях, на Левабярэжнай і Паўд. Украіне праводзілася паводле закону ад 24.11.1866, у Беларусі, Правабярэжнай Украіне і Літве адпаведна закону ад 16.5.1867. Землеўладкаванне дзярж. сялян было арганізавана на тых жа пачатках, што і б. панскіх сялян у Беларусі, Правабярэжнай Украіне і Літве. Яны былі пераведзены на абавязковы выкуп і прылічаны да разраду «сялян-уласнікаў». За сялянамі замацоўвалі надзелы, што знаходзіліся ў іх пастаянным карыстанні. Сума штогадовых выкупных плацяжоў вызначалася велічынёй штогадовага аброчнага падатку, павялічанага на 10%. Тэрмін пагашэння выкупнога доўгу складаў 46 гадоў. Пазыкі ад казны б.дзярж. сяляне не атрымлівалі. Да зацвярджэння люстрацыйных актаў яны абавязаны былі па-ранейшаму плаціць аброчны падатак, а зямельныя надзелы заставаліся толькі ў іх карыстанні. У выніку рэформы надзельнае землеўладанне б.дзярж. сялян павялічылася ў 5 зах. губернях на 613 656 дзес. і перавышала надзелы былога прыватнаўласніцкага сялянства ў разліку на рэвізскую душу ў сярэднім на 24,5%, на двор — на 20,8%. Выкупныя плацяжы б.дзярж. сялян адпавядалі мясц. рыначным цэнам на зямлю і былі прыкметна ніжэйшыя, чым у б. панскіх сялян.
В.П.Панюціч.
Да арт.Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР. Сцэна са спектакля «Глыбокія карэнні» Дж.Гоу і А.Д’Юса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬЦЫН Барыс Мікалаевіч (н. 1.2.1931, с. Бутка Таліцкага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Уральскі політэхн.ін-т (Свярдлоўск, 1955). З 1955 працаваў у буд. арг-цыях, з 1963 гал. інжынер, дырэктар Свярдлоўскага домабуд. камбіната. У 1968—88 на парт. рабоце: з 1976 1-ы сакратар Свярдлоўскага абкома, з 1985 сакратар ЦККПСС, 1-ы сакратар Маскоўскага гаркома КПСС, з 1986 канд. у чл. Палітбюро ЦККПСС. З 1987 1-ы нам. старшыні Дзяржбуда СССР — міністр СССР. З 1989 нар. дэпутат СССР. У 1990 выйшаў з КПСС. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета РСФСР. З чэрв. 1991 першы Прэзідэнт Рас. Федэрацыі (выбраны 12.6.1991; 3.7.1996 выбраны на другі тэрмін). У снеж. 1991 разам з кіраўнікамі Беларусі і Украіны падпісаў Белавежскія пагадненні, быў адным са стваральнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ініцыятар пачатай у студз. 1992 радыкальнай эканам.рэформы. У адпаведнасці з яго ўказам «Аб паэтапнай канстытуцыйнай рэформе ў Рас. Федэрацыі» (вер. 1993) ліквідавана сістэма Саветаў. У снеж. 1993 прынята новая Канстытуцыя Рас. Федэрацыі і выбраны парламент — Федэральны Сход Рас. Федэрацыі. 2.4.1996 Е. і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка падпісалі Дагавор аб Супольніцтве Беларусі і Расіі, 2.4.1997 — Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі.
Тв.:
Записки президента. М., 1994;
Бел.пер. — Споведзь на зададзеную тэму. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ ВО́ЛЬНЫЯ,
катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.І.Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Магілёўскае староства, Магілёўская эканомія,
буйное дзярж. ўладанне ў 14—18 ст. У 1387—99 належала каралеве Ядвізе, жонцы Ягайлы. У 15 ст., верагодна, з яе адасобіўся маёнтак Буйнічы. У 1501—31 М.в. у пажыццёвым уладанні вял. княгіні Алены Іванаўны, пазней — дзярж. ўласнасць. Тэр. М.в. сфарміравалася да 1-й пал. 16 ст., калі да яе далучаны часткі воласці Басея і Мсціслаўскага княства. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. звычайна называлася староствам. У 1560 уключала г. Магілёў і больш за 60 сёл. Пасля адм.рэформы 1565—66 у складзе Аршанскага павета. З 1588 перайшла ў разрад эканомій. У канцы 16 ст. імкліва павялічвалася колькасць жыхароў і паселішчаў. Паводле інвентара 1604, М.в. складалася (апрача Магілёва) з 194 сёл (з іх 28 пустых), падзеленых на 12 войтаўстваў. Першы адміністратар Магілёўскай эканоміі — Л.І.Сапега, у 1736—72 М.Пацей. У 1772 М.в. далучана да Рас. імперыі (5261 дым, 25 063 душы мужчынскага полу). Значная яе частка раздадзена ў прыватную ўласнасць набліжаным да Кацярыны II — А.М.Рымскаму-Корсакаву (5829 душ з мяст. Чавусы), А.П.Ярмолаву (4445 душ), В.Я.Чычагову (3997), А.А.Празароўскаму (448 душ з мяст. Сухары) і інш. Рэшта захавалася ў якасці дзярж. маёнткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РАБКІ, парубцы,
1) адна з разнавіднасцей чэлядзі нявольнай (дворнай) у ВКЛ у 14—16 ст. 2) Некваліфікаваныя ці малакваліфікаваныя наёмныя работнікі на Беларусі, Украіне і ў Літве ў 18 ст. — 1850-х г. Пераважна найбяднейшыя сяляне, якія не мелі зямельнага надзелу (бабылі) і працавалі па найме ў заможных сялян і феадалаў у с.-г. вытворчасці. Наёмная праца П. часцей выкарыстоўвалася ў зах. і цэнтр. паветах Беларусі. У 1859 у бел. паветах Гродзенскай, Віленскай, Мінскай губ. пераважная большасць П. была кутнікамі, якія абслугоўвалі гаспадарку заможных сялян. Больш шырока П. як наёмную рабочую сілу скарыстоўвалі на дзярж. землях. П. не мелі ці амаль не мелі сваіх сродкаў вытв-сці, былі заняты пераважна ў сферы таварнай вытв-сці, крыніцай іх існавання з’яўлялася праца па найме. П. перыяду позняга феадалізму — пераходны сац. тып ад феад.-залежнага селяніна да пралетарыя.
3) Наёмныя рабочыя эпохі капіталізму, частка с.-г. пралетарыяту, пераважна з надзелам. Пасля сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, катэгорыя П. фарміравалася за кошт дарэформенных наёмных с.-г. работнікаў, дваровых людзей; каланістаў, збяднелага сялянства і сем’яў пастаянных (гадавых) с.-г. наёмных рабочых. Да пач. 20 ст. на Беларусі было прыкладна 130 тыс. П., у 1913 — каля 200 тыс. У СССР парабкоўства было ліквідавана ў выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНАЯ А́РМІЯ,
армія, служба ў якой з’яўляецца для ўсяго асабовага складу асн. прафесіяй і родам дзейнасці. Воіны-прафесіяналы валодаюць комплексам неабходных псіхіка-фізіял. якасцей, тэарэт. ведамі і практычнымі навыкамі. П.а. вядома ў многіх стараж. дзяржавах, у т. л. Грэцыі і Рыме. У 14—18 ст. у краінах Еўропы, у т. л. ў ВКЛ, існавалі наёмныя войскі, якія камплектаваліся з воінаў-прафесіяналаў (гл.Наёмніцтва). У 19 ст. ў большасці еўрап. краін уведзена ўсеаг. воінская павіннасць (у Францыі з 1798, у Расіі з 1874), аднак аснову арміі складалі прафесіяналы. Пасля 1-й сусв. вайны ў краінах Зах. Еўропы П.а. разглядалася ў рамках т.зв. тэорыі «малых войнаў», у аснове якой была ідэя дасягнення перамогі ў вайне пры дапамозе малалікіх, але тэхнічна высокааснашчаных армій. Гэта і інш. тэорыі стварэння П.а. набылі рэальныя рысы пасля 2-й сусв. вайны ў шэрагу краін Еўропы і ЗША. Фарміраванне П.а. — мэта ваен.рэформы ў Расіі, Украіне, Францыі і інш. Пасля скарачэння ў 1990-х г.Узбр. Сіл Беларусі колькасць афіцэраў (19 тыс.чал.), прапаршчыкаў (11 тыс.чал.), ваеннаслужачых-кантрактнікаў (11 тыс.чал.) і інш. прафесіяналаў склала больш за 50% (2000) ад агульнай колькасці асабовага складу арміі. Працэс пашырэння прафесіяналізацыі ідзе таксама ў Пагранічных войсках і Унутр. войсках МУС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРЭ́ТНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ,
часовыя вярхоўна-бюракратычныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1-й пал. 19 ст. Ствараліся імператарам Мікалаем I для абмеркавання праектаў рэформ. Сакрэтны характар дзейнасці быў абумоўлены бояззю грамадскага хвалявання. Гал. пытаннем было сялянскае. Першы С.к. «6 снежня 1826» (фармальна дзейнічаў да 1832) пад старшынствам В.П.Качубея і М.М.Спяранскага створаны для выпрацоўкі агульнага плана дзярж. пераўтварэнняў, разглядаў і праекты асабістага вызвалення сялян. С.к. 1835—36 (гал. ролю адыгралі Спяранскі, Я.Ф.Канкрын і П.Дз.Кісялёў) абмяркоўваў пытанне аб паступовай замене прыгонных адносін дагаворнымі пры захаванні зямлі ў памешчыкаў. С.к. 1839—42 абмяркоўваў праект Кісялёва аб увядзенні інвентароў. С.к. 1846 разглядаў запіску кіраўніка МУС Л.А.Пяроўскага пра абмежаванне прыгоннага права шляхам рэгламентацыі адносін унутры вотчыны; к-ты 1840 і 1844 займаліся пытаннем звальнення дваровых, 1847 і 1848 — выкупам сялян з маёнткаў, якія падлягалі публічным таргам. Некаторыя С.к. паўплывалі на змены ў заканадаўстве аб прававым становішчы асобных саслоўяў (1831, 1832, 1842, 1844). Вопыт С.к. улічаны пры выпрацоўцы сялянскай рэформы 1861; апошні С.к. 1857 пераўтвораны ў 1858 у Галоўны камітэт па сялянскай справе.
Літ.:
Архипова Т.А. Секретный комитет 6 дек. 1826 // Тр. Моск. гос. ист.-арх. ин-та. М., 1965. Т 20;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАВЕ́РСТВА,
рэлігійная плынь, якая ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку расколу ў Рускай праваслаўнай царкве і адмовы часткі насельніцтва прызнаць царк.рэформы патрыярха Нікана. Па рэліг. дагматыцы стараверы не адрозніваліся ад рэфармаванай правасл. царквы, але захоўвалі старую абраднасць: 8-канцовы крыж, 2-пальцавае хрышчэнне, двайная (сугубая) алілуя і інш., а таксама стары побыт. Падзяляліся на 2 буйныя галіны — папоўцаў і беспапоўцаў. Больш радыкальныя беспапоўцы адмовіліся ад ін-та свяшчэнства, таму афіцыйная правасл. царква лічыць гэтую плынь ератычнай, якая нібыта трапіла пад уладу антыхрыста. Прычынамі рознагалосся паміж галінамі сталі спрэчкі па пытаннях культу і адносін да ўлад. На Беларусь стараверы сталі перасяляцца ў 1650-я г. з Памор’я і Ноўгарада. Беспапоўцы аселі пераважна на паўн. землях (Лепель, Полацк, Віцебск, Сянно і інш.), папоўцы пасяліліся на ПдУ Беларусі (Магілёў, Чэрыкаў, Гомель, Ветка). Апошнія былі пераважна заможныя сяляне, рамеснікі, купцы. Найбольшым пасяленнем папоўцаў і ўвогуле старавераў на Беларусі было мяст. Ветка. Царскія войскі двойчы іх адтуль выганялі. У сав. час адносіны да С. былі такімі ж, як і да інш. канфесій. На 1.1.2001 зарэгістраваны 34 абшчыны старавераў (каля 20 тыс.чал.). У 1998 зарэгістраваны Цэнтральны савет Дрэўлеправаслаўнай паморскай царквы ў Рэспубліцы Беларусь.
Літ.:
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX стст. Брэст, 1999.