княжацкі род герба «Равіч» у ВКЛ. Па паходжанні Рурыкавічы, прозвішча ад маёнтка Саламярэч (цяпер в. Саламарэчча Мінскага р-на). Паходзяць ад Івана Дзмітрыевіча (мянушка Шах), унука смаленскага вял.кн. Святаслава Глебавіча (?—1310). Найб. вядомыя:
Васіль Іванавіч (?—1540?), дзяржаўца кернаўскі ў 1513, намеснік любашанскі ў 1518, дзяржаўца магілёўскі з 1520. Заснаваў у Саламярэчы манастыр. Іван Васілевіч (?—1577 або 1578), першы кашталян мсціслаўскі з 1566. Багдан Іванавіч (?—1602), староста крычаўскі і алучыцкі з 1580. Праціўнік Брэсцкай царк. уніі 1596, падтрымліваў правасл. брацтвы. Багдан Багданавіч (? — каля 1630), у 1626 з сястрой Аленай заснаваў у мяст. Баркулабава правасл. мужчынскі манастыр. Багдан Васілевіч (? — 1565), дзяржаўца айнаўскі ў 1555, дзяржаўца (староста) рагачоўскі з 1559. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Мікалай Леў (? — 1626), падкаморы пінскі ў 1608—23, кашталян смаленскі з 1623. Ян Уладзіслаў(? — лют. 1641), маршалак пінскі з 1629. З яго смерцю род С. згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНАНАСЕ́ННІК (Menispermum),
род кветкавых раслін сям. лунанасеннікавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны Л. даурскі, або даурскі плюшч (M. dahuricum), і Л. канадскі (M. canadense).
Шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з павойным сцяблом. Лісце яйцападобнае, лопасцевае або суцэльнае. Кветкі ў мяцёлках. Плод — касцянка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШАХВО́СНІК (Myosurus),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе. На Беларусі 1 від — М. маленькі (M. minimus). Трапляецца ў пасевах, на лугах, каля дарог.
Аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце вузкалінейнае ў прыкаранёвай разетцы. Кветаносныя сцёблы шматлікія. Кветкі дробныя, двухполыя, у коласападобных суквеццях, падобных на мышыны хвост (адсюль назва). Плод — шматарэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́СНІК (Sanicula),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Больш за 40 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — П. еўрапейскі (S. europaea). Трапляецца ў лясах, хмызняках.
Двух- і шматгадовыя травы выш. 40—70 см. Лісце пальчата-раздзельнае, доўгачаранковае, на зіму не ападае. Кветкі дробныя ў простых галоўчатападобных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Некат. віды — лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУШЭ́НЕЦ (Chimaphila),
род кветкавых раслін сям. грушанкавых. 8 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — П. парасоністы (Ch. umbellata). Трапляецца ў хваёвых і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. да 20 см. Лісце суцэльнае, скурыстае, зімой захоўвае зялёную афарбоўку. Кветкі ружаватыя ў парасонападобных паніклых суквеццях. Плод — каробачка. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́ДАВІЧЫ,
княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 10—13 ст. валодалі Полацкаю зямлёю. Паходзяць ад полацкага князя Рагвалода, які загінуў разам з сынамі пры захопе Полацка Уладзімірам Святаславічам. Нашчадкі Рагвалода ад яго дачкі Рагнеды Рагвалодаўны ў летапісах названы «Рагваложымі ўнукамі», у навук. л-ры ад імя сына Рагнеды Ізяслава іх называюць Ізяславічамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЙСТУТАВІЧЫ,
княжацкі родВКЛ у 14—15 ст., адгалінаванне Гедзімінавічаў. Паходзяць ад аднаго з сыноў Гедзіміна, кн.ВКЛКейстута (? — 1382), які меў 6 сыноў. З іх Вітаўт і Жыгімонт Кейстутавіч былі вял. князямі ВКЛ. Іншыя сыны Кейстута: Пацірг (1325?—65?), старэйшы сын. Разам з бацькам удзельнічаў у бітвах з крыжакамі, у 1365 бараніў ад іх Гародну, дзе быў намеснікам. Затым быў пераведзены ў адзін з унутраных удзелаў і больш у крыніцах не згадваецца. Бутаўт (Бутаў, у хрышчэнні Генрых; 1330? — пасля 1381), другі сын Кейстута. У 1365 арганізаваў змову супраць бацькі, пасля яе ўцёк да крыжакоў і жыў у Германіі. Войдат (1335? — 81?) пры жыцці бацькі самастойнай ролі не адыгрываў. Таўцівіл у хрышчэнні Конрад (1355?—90) быў актыўным паплечнікам Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам за ўладу. Загінуў у гэтай барацьбе ў час аблогі Вільні. Пасля смерці Міхаіла Жыгімонтавіча (1385—1452), які не пакінуў нашчадкаў, род К. па мужчынскай лініі перарваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТРЫЯРХА́Т [ад лац. mater (matris) маці + грэч. archē улада],
адна з форм грамадскага ладу, для якой характэрна дамінуючае становішча жанчыны ў грамадстве, гал. чынам у ранні перыяд першабытнаабшчыннага ладу. У пераважнай большасці народаў М. папярэднічаў патрыярхату, часам захоўваўся ў перыяд пераходу ад родавага ладу да класавага грамадства. Ячэйкай М. была мацярынская сям’я — вял. група блізкіх сваякоў па жаночай лініі. Такія сем’і былі і гасп. адзінкамі. З іх складаўся мацярынскі род, на чале якога стаяла старэйшая жонка старэйшай у родзе сям’і. Унутры свайго роду былі забаронены шлюбы, таму род быў звязаны шлюбнымі адносінамі з інш. родам (т.зв. дуальная экзагамія). З часам дуальная арг-цыя (зачатак племя) перарасла ў фратрыяльную (падзел племя на 2 палавіны, кожная з якіх складалася з некалькіх родаў — фратрый, гал. функцыяй якіх было рэгуляванне шлюбных адносін). Спачатку муж і жонка жылі кожны ў сваім родзе (дыслакальнае пасяленне), захоўваўся групавы шлюб. З развіццём М. дыслакальны шлюб змяніўся матрылакальным, склаўся парны шлюб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАСПО́РА (Isospora),
род прасцейшых падкласа какцыдый, унутрыклетачныя паразіты кішэчніка, узбуджальнікі захворванняў — какцыдыёзаў. Каля 200 відаў. Паразітуюць на асобінах аднаго віду (гамаксеннасць). У некат. відаў назіраецца пераход да гетэраксеннасці часам з прамежкавым гаспадаром, у якім адбываецца пазакішачнае бясполае размнажэнне паразіта. Пашыраюцца праз стрававальны тракт аацыстамі, якія ў вонкавым асяроддзі ператвараюцца ў споры. У кішэчніку чалавека паразітуе толькі I. belli.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЛЬНІЦЫ, мухі-пчалавідкі (Eristalis),
род мух сям. журчалак. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 20 відаў.
Даўж. 7—16 мм. Нагадваюць пчол. Цела кароткае, кампактнае, з шырокімі моцнымі крыламі. Лічынкі цыліндрычныя, цела іх заканчваецца дыхальнай трубкай з парай дыхальцаў на канцы. Акукліваюцца. зімуюць. Кормяцца нектарам кветак.
Ільніцы: 1 — аваднёвая; 2 — звычайная; 3 — рознакаляровая (а — самка, б — самец).