ПО́НІ,

невялікія коні, выведзеныя на астравах Брытанскіх, Готланд, Ісландыя, Корсіка, Сіцылія, Хакайда. Больш за 20 парод, у т. л. спецыялізаваныя верхавыя і запражныя, разнастайнай масці. Рост 80—140 см. Гадаваліся для працы ў дробных сял. гаспадарках, на шахтах, для перавозу грузаў у гарах і інш. Выкарыстоўваюцца ў парках для запрэжкі ў прагулачныя і дзіцячыя экіпажы, пад сядло.

Поні.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТО́ГА ІЛЬІ́ ГО́РЫ (Saint Elias Mountains),

горны вузел у сістэме Кардыльер у Паўн. Амерыцы, на мяжы Аляскі (ЗША) і Канады. Даўж. 350 км. Найб. высокія вяршыні — г. Логан (6050 м) і Св. Ільі (5488 м). Складзены пераважна з гранітаў і асадкавых парод. Вышэй за 500 м — снежнікі, фірнавыя палі, буйныя ледавікі. На ніжніх схілах — хвойныя лясы.

т. 14, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЫ́ПАК,

намнажэнне несартаваных абломкаў скальных горных парод, якое ўтвараецца ў выніку скочвання або саслізгвання разбуранага выветрываннем абломкавага матэрыялу на стромкіх схілах (ухіл звычайна больш за 30%). Звычайна маюць форму конуса даўжынёй дзесяткі і сотні метраў з расшыранай асновай, каля падножжа схілаў іншы раз утвараюць шлейфы. Магутнасць намнажэння да дзесяткаў метраў. Развіццё асыпку улічваецца пры буд-ве горных дарог, ліній электраперадач і інш.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́ЛАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖАЛЕ́ЗНЫХ РУ́ДАЎ,

у Беларусі, у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Працягласць руднай зоны каля 10 км, магутнасць да 140 м. Руды — жалезістыя кварцыты (жалеза 26,2%), залягаюць у тоўшчы дакембрыйскіх гнейсаў крышт. фундамента на глыб. 216—300 м. Рудныя гарызонты (4—35 м) перамяжаюцца з праслоямі пустых парод. Запасы руды ацэньваюцца ў 1,5 млрд. т. Радовішча не распрацоўваецца (1995).

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕТЫ́СТ (ад грэч. amethystos цвярозы, не п’яны),

мінерал, празрыстая фіялетавая разнавіднасць кварцу. Бляск шкляны. Трапляецца ў гранітных пегматытах, кварцавых жылах, пустотах вулканічных горных парод і інш. Буйныя, прыгожа афарбаваныя крышталі аметысту — каштоўныя камяні (ювелірныя і маст. вырабы). Радовішчы ў Замбіі, Зімбабве, Бразіліі (найб. каштоўныя), у Расіі (Урал), Узбекістане і інш. Наладжана вытв-сць сінтэтычных аметыстаў. Выкарыстоўваўся як амулет супраць п’янства.

Аметыст.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКЛІНО́РЫЙ (ад антыкліналь + грэч. oros гара),

буйны комплекс складкавых структур зямной кары, які ўзнік у геасінкліналях. Характэрны агульны ўздым і заляганне найб. стараж. парод у цэнтр. частцы, форма выцягнутага скляпення. Восевыя плоскасці складак антыклінорыю часта размешчаны веерападобна і нахілены ад цэнтра да перыферыі. Мае сотні кіламетраў у даўжыню і дзесяткі ў шырыню (В.​Каўказ, Уралтау і інш.).

М.​А.​Нагорны.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСА́РСКІ ХРЫБЕ́Т,

у сістэме Гісара-Алая, ва Узбекістане і Таджыкістане, водападзел басейнаў рэк Зераўшан і Амудар’я. Даўж. каля 200 км. Выш. да 4643 м. Складзены пераважна з крышт. парод, сланцаў і пясчанікаў, прарваных інтрузіямі гранітаў. У цэнтр. ч. воз. Іскандэркуль (на выш. 2176 м). На схілах стэпы, дрэвава-хмызняковая расліннасць, субальпійскія лугі, нагорныя ксерафіты, альпійскія нізкатраўныя лугі. Запаведнікі Гісарскі і Раміт.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ (Мікалай Аляксеевіч) (4.8.1904, г. Кастрама, Расія — 1.10.1968),

бел. савецкі вучоны ў галіне селекцыі с.-г. жывёлы. Д-р с.-г. н. (1967), праф. (1968). Скончыў Казанскі с.-г. ін-т (1926). З 1954 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1959 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па метадах фарміравання вытв. статкаў кастрамской і швіцкай парод буйн. раг. жывёлы. Дзярж. прэмія СССР 1945.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАДА́ ў геамарфалогіі,

агульная назва невысокіх, выцягнутых узвышшаў рознага памеру і паходжання. У ледавіковых абласцях (Бел. Паазер’е) утварыліся марэнныя грады (марэны) з нагрувашчванняў ледавіковых адкладаў і озавыя (озы). У абласцях пашырэння пясчаных адкладаў (Бел. Палессе, Каракумы, узбярэжжа Балтыйскага м.) узніклі пясчаныя грады ветравога паходжання (дзюны, барханы). У выніку размыву нахіленых у адзін бок пластоў горных парод рознай цвёрдасці ўтварыліся куэставыя грады (куэсты).

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ,

у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Давыдаўка. Адкрыта ў 1941. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да Давыдаўскага падняцця Рэчыцкага вала Прыпяцкага прагіну. Соль залягае асобнымі пластамі з тонкімі праслоямі глініста-карбанатных парод. Разведаныя запасы 20,7 млрд. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—69 м. Паверхня адкладаў залягае на глыб. 823,4—880 м.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)