КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1927. Прынята 11.4.1927 VIII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 13 глаў, 76 артыкулаў. БССР абвяшчалася дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, дзе ўся ўлада належыць Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, замацоўваўся факт уваходжання БССР у склад СССР з правам свабоднага выхаду, вызначаліся правы рэспублікі самастойна прымаць сваю канстытуцыю і ўносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, вызначаць адм. падзел. Паўтараліся нормы Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 адносна правоў і абавязкаў грамадзян. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян, ставілася задача яе аховы. Замацоўвалася права грамадзян свабодна карыстацца роднай мовай, нац. меншасцям забяспечвалася магчымасць навучання ў школе на роднай мове, абвяшчалася поўная роўнасць беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай моў, але аддавалася перавага беларускай у зносінах паміж дзярж., прафс., грамадскімі ўстановамі і арг-цыямі. Рэгламентавалася дзейнасць вышэйшых дзярж. органаў улады і кіравання. Упершыню зацвердзіла сістэму мясц. органаў дзярж. улады і кіравання ў адпаведнасці з адм.тэр. падзелам, замацавала нормы выбарчага права. У ёй упершыню, апрача дзярж. сімвалаў, названа сталіца БССР — г. Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЗКА (Алесь) (Аляксандр Юр’евіч; н. 7.12.1952, в. Прыбалавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фалькларыст, педагог. Канд.філал.н. (1989). Скончыў Гомельскі ун-т (1975). Настаўнічаў. З 1987 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Нац. Скарынаўскім цэнтры, Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. З 1992 дырэктар Бел.навук.-метадычнага цэнтра гульні і цацкі (адначасова з 1995 выкладчык у БДУ). З 1999 выкладае ў Бел.пед. ун-це імя М.Танка. Аўтар кніг «Беларускі народны каляндар» (1993, першае на Беларусі сістэматызаванае выданне па нар. календары), «Беларуская батлейка: Каляндарныя і абрадавыя гульні» (1997), «Тэатр лялек» (1998, у сааўт.). Склаў том серыі «Беларуская нар. творчасць» «Гульні, забавы, ігрышчы» (1996). Адзін з аўтараў і кіраўнік творчых калектываў па стварэнні дапаможнікаў для навучальна-выхаваўчых устаноў па беларусазнаўстве («Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...», 1990; «Беларусазнаўства», вып. 1—4, 1992—94; серыя кніг «Бібліятэчка народных свят і прысвяткаў», з 1995). Стваральнік гульнявых сродкаў навучання і выхавання для дзіцячых садоў, школ і сям’і, распрацоўшчык методыкі батлейкавага т-ра. Даследчык скаўцкай методыкі, гісторыі сусв. і бел. скаўцкага руху («Беларускі скаўтынг», 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,
вышэйшая навуч. ўстанова ў Мінску, якая рыхтавала настаўнікаў сярэдніх школ. Засн. 30.12.1918 на базе Мінскага настаўніцкага інстытута. Навучалася 150 студэнтаў. Тэрмін навучання 4 гады. Сярод выкладчыкаў Я.Ф.Карскі, В.Л.Іваноўскі (з сак. 1920 рэктар), У.М.Ігнатоўскі, Б.А.Тарашкевіч, М.І.Гарэцкі, І.У.Канчэўскі. Ф-ты: літ.-маст., сац.-гіст., прыродазнаўчы, геагр., фіз.-хім., фіз.-матэматычны. У навуч. працэсе асн. ўвага аддавалася пед. дысцыплінам, беларусазнаўству. У час польск. акупацыі ў навуч. праграму ўводзіліся польск. мова і л-ра, гісторыя Польшчы і польск. культуры. У 1919/20 навуч.г. выкладанне пераведзена на бел. мову, 6 ф-таў рэарганізаваны ў літ.гіст. і геагр.-прыродазнаўчы з фіз.-хім. і фіз.-матэм. аддзяленнямі. Меў фіз. і пед. кабінеты, хім. лабараторыю, б-ку (5 тыс. тамоў), а таксама лабараторыі, метэастанцыю, доследнае поле, дапаможную гаспадарку пад Мінскам. У яго падпарадкаванні была Мінская балотная доследная станцыя. Пры ін-це створана аспірантура, спец. камісія па выпрацоўцы бел.навук. тэрміналогіі (падрыхтавала «Арыфметычную тэрміналогію; выдадзена ў Вільні ў 1921). У жн. 1920 пераўтвораны ў Мінскі інстытут народнай адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т НАРО́ДНАЙ АДУКА́ЦЫІ,
вышэйшая навуч. ўстанова ў 1920—21. Створаны ў 1920 на базе Мінскага беларускага педагагічнага інстытута. Сярод выкладчыкаў Я.Ф.Карскі, У.А.Пічэта, праф. Дз.Ц.Кулагін, Ф.Ф.Турук, праф. Маскоўскага ун-та Р.Ю.Віпер, А.М.Беркенгейм. Дзейнічалі 3 аддзяленні: 1-е рыхтавала педагогаў для дашкольных устаноў (тэрмін навучання 2 гады); 2-е — настаўнікаў пач. школ (3 гады); 3-е — настаўнікаў сярэдніх школ (4 гады), якое складалася з 6 ф-таў: літ.-маст., сац.-гіст., прыродазнаўчы, геагр., фізіка-хім., фізіка-матэм. Меў фіз., прыродазнаўчы, гіст., этнагр. і пед. кабінеты, хім. лабараторыю, б-ку (9,5 тыс. тамоў). Пры ін-це дзейнічалі Мінскае навук.пед.т-ва (1919—23), Мінскае т-ва гісторыі і старажытнасці (1919—25). Паводле загаду Наркамасветы БССР ад 1.9.1921 1-е і 2-е аддз. ўвайшлі ў склад створанага Мінскага пед. тэхнікума, 3-е аддз. ў 1921—22 — у складзе ф-та грамадскіх навук БДУ.
Літ.:
Новик Е.К. Формирование кадров народного образования Белоруссии (1917—1941 гг.). Мн., 1981;
Ляхоўскі У. Узгадаем з удзячнасцю // Адукацыя і выхаванне. 1995. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых ун-таў Расіі, вядучы цэнтр развіцця адукацыі, навукі, культуры. Засн. на базе імператарскага Варшаўскага ун-та (з 1869), які ў 1915 эвакуіраваны ў г. Растоў-на-Доне. Паводле Пастановы Часовага ўрада ад 5.5.1917 імператарскі Варшаўскі ун-т скасаваны, а на яго базе створаны новы, які наз. Данскі, з 1925 Паўночна-Каўказскі, з 1931 Растоўскі-на-Доне, з 1957 сучасная назва.
У 2000/01 навуч.г. больш за 14 тыс. студэнтаў; ф-ты: біёлага-глебавы; геолага-геагр.; гіст.; механіка-матэм.; хім.; фіз.; псіхалогіі; сацыялогіі і паліталогіі; філалогіі і журналістыкі; філасофіі і культуралогіі; эканам.; юрыд.; ваеннага навучання. Вядзецца падрыхтоўка па 35 спецыяльнасцях. Аспірантура і дактарантура з 1957. У складзе ун-та класічны, эканам. і юрыд. ліцэі; ін-т перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў гуманіт. і сац. навук, 2 ін-ты — права і кіравання, эканомікі і знешнеэканам. сувязей, даюць 2-ю вышэйшую адукацыю. Пры ун-це працуюць 10 НДІ, навукова-канструктарска-тэхнал. бюро «П’езапрыбор», Паўн.-Рас. рэгіянальны цэнтр інфарматызацыі вышэйшай школы, Занальная навук.б-ка (2,9 млн.экз. кніг), Бат. сад і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТРЭ́ЛІ ((Rastrelli) Барталамео Карла) (1675, г. Фларэнцыя, Італія —29.11.1744),
італьянскі скульптар, прадстаўнік барока. Каля 1700 пасяліўся ў Парыжы, працаваў у манум. скульптуры, якая вызначалася павышанай дэкаратыўнасцю (надмагілле маркіза дэ Пампон у царкве Сен-Мэры, 1703—06, не захавалася). У 1716 па запрашэнні Пятра I прыехаў у Пецярбург для выканання скульпт. і арх. работ, стварэння садоў, фантанаў, тэатр. механізмаў, дэкарацый і навучання гэтаму рус. майстроў. Фактычна працаваў у галіне скульптуры. Барочную параднасць і пышнасць, імкненне перадаць фактуру матэрыялу спалучаў з праўдзівасцю і пераканаўчасцю характарыстыкі мадэлі: партрэты А.Д.Меншыкава (1716—17), Пятра I (1723), невядомага (магчыма, аўтапартрэт, 1732), Ганны Іаанаўны з арапчонкам (1733—41). Аўтар коннай статуі Пятра I у Пецярбургу (1743—44, устаноўлена ў 1800 перад Інжынерным замкам). Удзельнічаў у афармленні Вял. каскада ў Пецяргофе (маскароны і інш., 1721—23), у стварэнні мадэлі Трыумфальнага стаўпа ў гонар Пятра I і Паўн. вайны (пачаты ў 1721).
Літ.:
Архипов Н.И., Раскин А.Г. Бартоломео Карло Растрелли, 1675—1744. Л.;
М., 1964;
Петинова Е.Ф. Бартоломео Карло Растрелли. Л., 1979.
сярэднія навуч. ўстановы для падрыхтоўкі настаўнікаў бел.пач. школы (1—4-х класаў) у 1921—37. Тэрмін навучання 4 гады, з 1930 — 3 гады. Ствараліся для адраджэння бел. мовы і культуры, ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі. У іх прымалі асоб ва ўзросце 15—18 гадоў пасля заканчэння школы: 7-гадовай, сял. моладзі і палітасветы. Першы белпедтэхнікум адкрыты 1.10.1921 у Мінску (да 1931 імя У.М.Ігнатоўскага). Сярод яго выкладчыкаў Ігнатоўскі, Я.Колас, М.А.Грамыка, Я.Ю.Лёсік і інш. У 1927/28 навуч.г. на Беларусі 11, у 1932/33 — 13 бел. педтэхнікумаў. Прадметы: родная мова і л-ра, методыка іх выкладання, фізіка, хімія, матэматыка, прыродазнаўства, геаграфія, псіхалогія, гісторыя класавай барацьбы, асновы ленінізму, гіст. матэрыялізму, сав. будаўніцтва, палітэканомія. Для задавальнення патрэб нац. меншасцяў і падрыхтоўкі настаўнікаў яўр. і польск. школ у 1921 у Мінску адкрыты яўр., у 1922 — польскі педтэхнікумы. У крас. 1937 бел. і інш. педтэхнікумы рэарганізаваны ў 3-гадовыя педвучылішчы. Пасля рэарганізацыі засталося 12 бел. педвучылішчаў: Аршанскае, Віцебскае, Гомельскае, Лепельскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Полацкае, Рагачоўскае, Рэчыцкае, Слуцкае; Барысаўскае рус., мінскія яўр. і польск. Вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАМО́ЖНАЯ ШКО́ЛА,
спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для разумова адсталых дзяцей, задача якой — максімальная карэкцыя парушэнняў іх псіхічнага і фіз. развіцця ў працэсе вучобы, выхавання, а таксама заняткаў па выпраўленні дэфектаў развіцця і лячэбна-аздараўленчай работы. Прызначана забяспечыць адаптацыю і інтэграцыю дзяцей у грамадстве за кошт прафесійна-прац. падрыхтоўкі і інтэграванага навучання ў адпаведнасці з узроставымі і індывід. асаблівасцямі іх разумовага і фіз. развіцця. Першыя Д.ш. ўзніклі ў Германіі і Францыі ў 1-й пал. 19 ст. У Беларусі адкрыты ў 1918—20 (у Віцебску, Магілёве, Мінску). Асн. тып Д.ш. — школы-інтэрнаты. Частка дзяцей вучыцца ў звычайных школах (інтэграванае навучанне), некат. атрымліваюць карэкцыйную дапамогу на дэфекталагічных пунктах і ў дыягностыка-рэабілітацыйных цэнтрах. Навучанне вядзецца па спец. вучэбных планах, праграмах і падручніках. Напаўняльнасць класаў каля 12 чал. Большасць выпускнікоў Д.ш. уключаюцца ў вытв. працу. Дзеці з цяжкай формай разумовай адсталасці знаходзяцца ва ўстановах Мін-васац. абароны (дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю). Пед. кадры для Д.ш. са спец. сярэдняй адукацыяй рыхтуюць Салігорскае пед. вучылішча і Магілёўскі пед. каледж, з вышэйшай — Бел.пед.ун-т. Навукова-даследчую работу ў гэтым кірунку вядзе Нац.ін-т адукацыі. У 1996/97 навуч.г. ў Беларусі 49 Д.ш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІЯ ШКО́ЛЫ,
пачатковыя сельскія школы ў Рас. імперыі; засноўваліся пасля земскай рэформы 1864 і ўтрымліваліся на сродкі земстваў. Працавалі па планах і праграмах Мін-ванар. асветы. Былі аднакласныя, пераважна з 3-гадовым навучаннем (1 настаўнік), і двухкласныя з 4-гадовым навучаннем (2 настаўнікі). У канцы 19 ст. тэрмін навучання ў многіх аднакласных З.ш. быў павялічаны да 4 гадоў, у двухкласных — да 5—6 гадоў. Выкладаліся: Закон Божы, чытанне, пісьмо, арыфметыка, спевы; у некат. даваліся звесткі па прыродазнаўстве, геаграфіі, гісторыі. У параўнанні з міністэрскімі і царкоўнапрыходскімі школамі ў З.ш. была лепш арганізавана навучальна-выхаваўчая работа, пры асобных былі б-кі, «начлежныя прытулкі» для дзяцей з аддаленых вёсак, гарачае харчаванне. Адыгралі значную ролю ў пашырэнні пісьменнасці сярод сялян. Ва ўсх.ч. Беларусі З.ш. пачалі адкрывацца з 1907. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях іх было 373. У 1918 рэарганізаваны ў прац. школы.
Літ.:
Звягинцев Е.А. Полвека земской деятельности по народному образованию. 2 изд. М., 1917;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985. С. 370—374;
Мяцельскі М.С. Земствы і школа на Беларусі (1903—1917) // Пач. школа. 1992. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАВІКО́РД (позналац. clavichordium ад лац. clavis ключ + грэч. chordē струна),
струнны ўдарны клавішны муз. інструмент. Клавіятура размешчана ўнутры плоскай прамавугольнай скрынкі розных памераў ад малых (актаўных) да параўнальна вялікіх (даўж. да 1,5 м). На канцы кожнай клавішы прымацаваны метал. штыфт з плоскай галоўкай — тангент, які пры націсканні клавішы ўдарае па струне. Гук К. пяшчотны, цёплы, ціхі, але выразны, дыяпазон 1—5 актаў. Выкарыстоўваўся звычайна для камернага музіцыравання. Быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах. У л-ры ўпамінаецца з 15 ст. На пач. 19 ст. К. выцеснены фартэпіяна.
На Беларусі ўпамінанні пра К. адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю капэл у Гродне (клавікардысты Е.Баркоўскі, М.Гжанкоўскі, Б.Карчміт, Д.Пташынскі, Б.Сітанскі, Ю.Ярмаковіч; навучанне дзяўчынак ігры на К. вялося ў мясц.тэатр. школе) і Слоніме (Д.Грабенбаўэр, паводле кантракта з М.К.Агінскім, абавязваўся арганізаваць «школу сістэматычнага навучання пэўных асоб на клавікордах»). К. выкарыстоўваўся ў аркестры ў Будславе (Мядзельскі р-н; 1837). К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.Фотха (пач. 19 ст.). У 20 ст. выкарыстоўваецца пры выкананні старадаўняй музыкі.