«МИР ИСКУ́ССТВА»,

літаратурна-мастацкі ілюстраваны часопіс, пад эгідай якога сфарміравалася аднайм. маст. аб’яднанне (гл. «Свет мастацтва»), да 1903 друкаваліся таксама творы пісьменнікаў-сімвалістаў. Выдаваўся ў 1898/99—1904 у Пецярбургу (у 1899 М.​К.​Ценішавай і С.​І.​Мамантавым, у 1900—04 С.​Дзягілевым). Заснавальнік і гал. рэдактар Дзягілеў, з 1903 рэдактарам быў таксама А.​Бенуа. У галіне выяўл. мастацтва часопіс сцвярджаў эстэт. пазіцыю аб’яднання «Свет мастацтва», папулярызаваў рус. мастацтва 18 — пач. 19 ст., нар. творчасць, уздымаў праблемы рас. і замежнага маст. жыцця (артыкулы і нарысы Бенуа, І.​Грабара, Дзягілева і інш., пераклады з замежных выданняў, рэпрадукцыі твораў мастацтва). У літ. частцы «М.и.», якую ўзначальваў Дз.​Філасофаў, змяшчаліся рэліг.-філас. творы Дз.​Меражкоўскага, З.​Гіпіус, Л.​Шастова, В.​Розанава, літ.-крытычныя артыкулы В.​Брусава і А.​Белага. Публікаваліся таксама артыкулы па пытаннях эстэтыкі, маст. адукацыі, рэцэнзіі, нарысы пра тэатр., муз., арх. жыццё і інш. У афармленні часопіса ўдзельнічалі Л.​Бакст, Я.​Лансерэ, К.​Сомаў і інш. У 1903 выходзіла асобнае выданне «Хроника журнала «Мир искусства».

Літ.:

Лапшина Н. «Мир искусства». М., 1977;

Лифарь С. Дягилев. СПб., 1993.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́НІН (Міхаіл Кузьміч) (29.10.1918, г. Астрахань, Расія —6.8.1976),

расійскі паэт. Скончыў Сталінградскі настаўніцкі ін-т (1937), вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1937—41). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік вызвалення Брэста. Друкаваўся з 1935. У паэт. зб-ках «Сэрцабіццё» (1947), «Лірыка» (1950), «Клятва» (1962), «Пяць кніг» (1974), паэме «Працоўны дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), аповесці ў вершах «Прызнанне ў каханні» (1959), зб. вершаў і паэм «Неабходнасць» (1969, Дзярж. прэмія СССР 1973) і інш. — тэмы гісторыі і сучаснасці, кахання і адзіноты. У 1945 кіраваў літ. аб’яднаннем у Брэсце пры газ. «Заря». У кнізе артыкулаў «Таварыш паэзія» (1963) пісаў пра вызваленне Мінска, пра Брэст у першы пасляваенны год, пра А.​Куляшова. Асобныя творы прасякнуты бел. матывамі. Брэсту прысвяціў верш «У Брэсце», Мінску — «Абеліск». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Куляшоў, А.​Вялюгін, Ю.​Свірка, У.​Шахавец і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1978—79;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989.

Літ.:

Аннинский Л.А. Михаил Луконин. М., 1982.

В.​С.​Семенякоў.

т. 9, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЕ́ЖДЗІН (Мікалай Іванавіч) (17.10.1804, г.п. Белаомут Лухавіцкага р-на Маскоўскай вобл. — 23.1.1856),

рускі крытык, журналіст, гісторык і этнограф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1824). У 1831—35 праф. Маскоўскага ун-та. З 1831 выдаваў час. «Телескоп» з дадаткам газ. «Молва», у якіх супрацоўнічаў В.​Р.​Бялінскі. За публікацыю «Філасафічнага пісьма» П.​Чаадаева ў 1836 «Телескоп» закрыты, а Н. сасланы. У 1843—56 рэдактар «Журнала Министерства внутренних дел», адначасова з 1848 старшыня Аддзялення этнаграфіі Рус. геаграфічнага т-ва. Адзін з пачынальнікаў рас. літ. эстэтыкі, у якой развіваў ідэі Ф.​Шэлінга. Адыграў значную ролю ў фарміраванні эстэт. прынцыпаў рэалізму. Аўтар літ.-крытычных арт. «Літаратурныя боязі за будучы год» (1828), «Гора ад розуму». Камедыя... А.​Грыбаедава» (1831), цыклаў «Летапісы айчыннай літаратуры» (1832), «Рускі тэатр. Лісты ў Пецярбург» (1833), гіст., этнагр. прац, у т. л. «Пра гістарычную ісціну і дакладнасці» (1837), «Пра гаворкі рускай мовы» (1841) і інш. Распрацоўваў пытанні этнаграфіі славян. Беларусі прысвечаны арт. «Паўночна-Заходні край імперыі ў мінулым і сучасным выглядзе» (1843).

Тв.:

Литературная критика;

Эстетика. М., 1972.

Літ.:

Каменский З.А.Н.​И.​Надеждин. М., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 11, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЖЫРАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 6.9.1923, Масква),

расійскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1948), у 1967—92 выкладаў у ім. Зб-кам «Дарога далёкая» (1947), «Вяртанне» (1955), паэмам «Вага вёрстаў» (1945), «На рубяжах» (1945—47) і інш. уласцівы інтанацыі рэквіема, імкненне да высокай сімволікі. У зб-ках «Ветравое шкло» (1961), «Развітанне са снегам» (1964), «Ладажскі лёд» (1965), «Падкова» (1967), «Познія вершы» (1971), «Пад старым небам» (1976), «Абрысы рэчаў» (1977), «Медальён» (1979), «Проза ў вершах» (1982; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Барматуха» (1991), паэмах «Балада пра цырк» (1961), «Alter ego» (1975) і інш. успрыняцце рэчаў у маштабе часу і вечнасці, сімвалізацыя дэталей, проціпастаўленне гульні афіцыйнасці і дэмагогіі, цырк як сімвал уласнага жыцця, творчага лёсу, сусвету. Паэзія М. адметная філасафічнасцю, драматызмам, спалучэннем фантазіі з непасрэднай рэальнасцю перажывання, літ. рэмінісцэнцыямі. Аўтар вершаў на бел. тэматыку («З вайны»). На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі А.​Вялюгін, С.​Гаўрусёў, У.​Шахавец.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981;

Избранное. М., 1989.

Літ.:

Пьяных М.Ф. Поэзия Александра Межирова. Л., 1985.

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІЗ (ад англ. quiz праверачнае апытанне, віктарына),

радыё- і тэлевізійная гульня на кемлівасць і эрудыцыю з пытанняў і адказаў на розныя тэмы; літ. або муз. тэлевіктарына з прызамі для пераможцаў і ўдзельнікаў.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛКАВЫ́ЦКІ (Георгій Фёдаравіч) (н. 13.3.1923, мяст. Белавеж Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. журналіст, публіцыст, паэт, мемуарыст. Скончыў Літ. ін-т у Маскве (1954). У 1956—87 рэдактар бел. штотыднёвіка «Ніва» (Беласток), дзе выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі, вершамі (з 1961, пад псеўд. Юрка Зубрыцкі) і інш. З 1958 быў старшынёй літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», прычыніўся да выдавецкай справы «белавежцаў» (зб. «Рунь», 1959, «Мой родны кут», 1963, альманахі «Белавежа», 1965, 1971, 1980, 1988, бел. календары, кніжкі аўтараў). Аўтар кн. мемуараў «Віры» (1991, Беласток), у якой на багатым фактычным матэрыяле раскрывае жыццё бел. дыяспары ў Польшчы, работу Бел. грамадска-культ. т-ва, праблемы грамадскай, выдавецкай і журналісцкай работы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РНАЛІС ((Barnalēs) Костас) (26.2.1884, г. Бургас, Балгарыя — 16.12.1974),

грэчаскі пісьменнік. Першы зб. вершаў «Соты» (1905) прасякнуты геданістычнымі і эстэцкімі матывамі. Аўтар зб-каў паліт. лірыкі «Свабодны свет» (1965), «Гнеў народа» (1975), паэм «Святло, якое пячэ» (1922), «Асаджаныя рабы» (1927), сатыр. аповесцяў-памфлетаў «Сапраўдная апалогія Сакрата» (1931; бел. пер. М.​Бусла), «Дзённік Пенелопы» (1947) і інш., зб. памфлетаў «Дыктатары» (1954), драмы «Атал III» (1970), літ.-крытычных артыкулаў (кн. «Эстэтыка—крытыка», 1958).

Тв.:

Бел. пер. — Сапраўдная апалогія Сакрата // Далягляды. Мн., 1992;

Рус. пер. — Избранное. М., 1959;

Стихотворения и поэмы. М., 1985.

Літ.:

Мочос Я. Костас Варналис и литература греческого Сопротивления. М., 1968.

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ТЕБСКИЙ ГО́ЛОС»,

грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штодзённа з 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 у Віцебску на рус. мове; замяняла неафіц. аддзел газ. «Витебские губернские ведомости». У 1906 прытрымлівалася акцябрысцкага кірунку, пазней — прыватная газ. ліберальна-кадэцкага кірунку. Асуджала імперыял. планы царызму ў рус.-яп. вайне 1904—05, рэпрэсіі супраць удзельнікаў 1-й рус. рэвалюцыі і інш. Крытыкавала ўрадавую палітыку «адзінай і непадзельнай» Расіі, выступала за культ.-нац. і тэр. аўтаномію яе народаў. Вітала выхад «Нашай нівы» як сапраўды народнага выдання. Змяшчала літ. творы рус. і мясц. аўтараў. Асвятляла пытанні мясц. жыцця, эканомікі, нар. асветы, тэатр. і муз. навіны горада.

У.​М.​Конан.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ (Іаан) (царк. Іаіль; 1707, Мінскае ваяв.жн. 1798),

бібліяфіл, царк. дзеяч. Меў шырокую свецкую і царк. адукацыю. Працаваў на Міншчыне, Чарнігаўшчыне, дзе вывучаў гісторыю Кіеўскай Русі. Ведаў шмат моў. У 1776—87 архімандрыт Спаса-Яраслаўскага манастыра, рэктар духоўнай семінарыі ў Яраслаўлі. Сабраў каштоўную б-ку. У ліку манускрыптаў меў «Слова пра паход Ігаравы», які прадаў А.​І.​Мусіну-Пушкіну. Некаторыя даследчыкі прыпісваюць Быкоўскаму магчымае аўтарства «Слова...». Аўтар кнігі-трактата пра ісціну (1787).

Літ.:

Моисеева Г.Н. Спасо-Ярославский хронограф и «Слово о полку Игореве». 2 изд. Л., 1984;

Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

неафіцыйны легальны орган КПЗБ. Выходзіла з 8.6.1933 да 30.1.1934 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала аб уціску працоўных Зах. Беларусі, крытыкавала сац. і нац. палітыку польск. улад, вяла палеміку з БХД і інш. партыямі клерыкальна-нац. кірунку, прапагандавала ідэю аб’яднання Зах. Беларусі з БССР. З пазіцый сац. рэалізму і марксісцкай тэорыі народнасці і партыйнасці мастацтва асвятляла літ. працэс у Зах. Беларусі. Змяшчала літ. старонкі. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 17 нумароў. Забаронена ўладамі. Найб. актыўныя супрацоўнікі «Беларускай газеты» В.​Таўлай, Я.​Міско, А.​Дубровіч і інш. арыштаваны і пасля 2-гадовага следства зняволены на працяглы тэрмін.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)