ВІ́ЛЕНСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.Існаваў у 14 — пач. 20 ст. ў Вільні.

Узнік як праваслаўны пры царкве св. Тройцы, пабудаванай жонкай вял. кн. ВКЛ Альгерда Ульянай на месцы гібелі трох віленскіх пакутнікаў, першыя манахі ўпамінаюцца ў 1391. Адным з архімандрытаў быў Макарый (15 ст., пазней мітрапаліт кіеўскі). Спачатку манастыр існаваў на міласціну, потым атрымаў зямельныя ўладанні ад кн. Галоўчынскага і К.​Астрожскага. Апошні пабудаваў мураваную Троіцкую царкву (каля 1514), у якой знаходзіўся абраз Маці Божай. У 16 ст. манастыр пад патранатам гараджан, потым — мітрапаліта. Пры царкве з 1589 існавала брацтва, якое мела прывілей на друкарню. У 1609 манастыр стаў уніяцкім, сярод яго архімандрытаў былі дзеячы уніяцкай царквы: І.​Руцкі, Л.​Крэўза, А.​Дубовіч, Ф.​Грабніцкі. Ва уніяцкі перыяд Віленскі Троіцкі манастыр атрымаў значныя зямельныя надзелы. У 1-й пал. 17 ст. дзейнічаў базыльянскі навіцыят. Пасля пажару 1706 пабудаваны новы манастырскі корпус.

Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў праваслаўны, у 1845 аднесены да 3-га класа, у ім размешчана Літ. духоўная семінарыя, амаль усе зямельныя ўладанні забраны ў казну. Для іканастаса Троіцкай царквы І.Л.Хруцкі намаляваў абразы. У час 1-й сусв. вайны манастыр спыніў існаванне.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 4, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЙКА,

старажытны духавы язычковы музычны інструмент класа аэрафонаў. Вядома ў бел., рус., укр. народаў (на Беларусі наз. таксама дудка, ражок, пішчык, чаротка). Ж. — важны канструкцыйны элемент дуды. Канструкцыя Ж. пры захаванні вызначальнай адзінкі — адзінарнага язычка-пішчыка — дапускае варыянтнасць інш. элементаў. Мясц. разнавіднасці Ж. адрозніваюцца матэрыялам (дрэва, саломіна, гусінае пяро, чарот, рог), колькасцю адтулін (4—12, ёсць і без іх), адсутнасцю або наяўнасцю раструба, прынцыпамі вырабу і мацавання язычка (наразны або прывязаны), памерамі (100—360 мм). Гучанне моцнае, рэзкае, крыху гугнявае. Ігралі на Ж. сола і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі, гармонікам паасобку і ў розных камбінацыях (часам і з барабанам). У рэпертуары жалеечнікаў песенныя і танц. мелодыі, вясельныя маршы, часам пастухоўскія сігнальныя найгрышы. Інструмент быў пашыраны ва ўсёй Беларусі ў музыкантаў-прафесіяналаў і аматараў, у т. л. пастухоў. У пач. 20 ст. ўведзена В.Андрэевым у аркестр рус. нар. інструментаў. З сярэдзіны 19 ст. выцясняецца кларнетам. У наш час трапляецца рэдка. Ж. апета ў бел. нар. песнях і ў прафес. паэзіі (першы зб. вершаў Я.​Купалы наз. «Жалейка», 1908).

І.​Дз.​Назіна.

Жалейкі: 1 — жалейка; 2 — (злева направа) чаротка і пішчыкі; 3 — дужа язычковая.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СТУ́ДЫЯ О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА.

Існавала з кастр. 1930 да мая 1933 у Мінску. Створана на базе вышэйшага опернага класа Бел. муз. тэхнікума з мэтай падрыхтаваць адкрыццё на Беларусі т-ра оперы і балета. Кіраўнікі: дырыжор І.Гітгарц, балетмайстар Л.Крамарэўскі, хормайстар і гал. канцэртмайстар Г.Пятроў, рэжысёр-асістэнт В.Барысевіч, вакальны кансультант і педагог А.Баначыч. Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава (рэж. У.​Тазаўроўскі), «Кармэн» Ж.​Бізэ (рэж. Б.​Норд), балет «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (усе на сцэне БДТ-1). Рэарганізавана ў сталы тэатр (гл. Дзяржаўны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).

Сярод студыйцаў: спевакі Л.​Александроўская, І.​Балоцін, Т.​Каліноўская (Баначыч), М.​Гульман, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, А.​Зайцава, В.​Каліноўскі, Д.​Кроз, М.​Пігулеўскі, К.​Пуроўскі, М.​Русін, К.​Саліна, Дз.​Салохін; танцоры Я.​Вяпрынскі, С.​Дрэчын, К.​Калітоўская, Л.​Крамарэўская, Н.​Фінская, Г.​Шчолкіна.

Літ.:

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963.

Б.​С.​Смольскі.

Група кіраўнікоў і салістаў Беларускай студыі оперы і балета: у першым радзе справа налева — 1-ы А.​Баначыч, 2-і Г.​Пятроў, 3-я А.​Зайцава, 4-ы І.​Гітгарц; у другім радзе — 2-і М.​Дзянісаў, 3-і М.​Пігулеўскі, 5-я Т.​Баначыч, 6-ы У.​Тазаўроўскі. 1931.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМА́З (цюрк. алмас ад грэч. adamas несакрушальны),

дыямент, мінерал, крышт. кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду. Бясколерны, белы, блакітны, зеленаваты, жаўтаваты, чырванаваты, шэры ці чорны. Бляск алмазны, тлусты. Празрысты; моцная дысперсія святла. Цв. 10 (найцвярдзейшы з вядомых мінералаў). Шчыльн. 3,5—3,53 г/см³. Каштоўны камень 1-га класа.

Трапляецца ў ультраасноўных вывергнутых пародах — кімберлітах, здабываецца з карэнных радовішчаў і россыпаў, звычайна ў выглядзе дробных зярнят і асколкаў крышталікаў (сярэдняя маса 0,2 карата — 40 мг). Вельмі рэдкія алмазы, маса якіх перавышае 50 каратаў (10 г). Самыя вял. ў свеце: «Кулінан» (3106 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1905), «Эксцэльсіёр» (971,5 карата, Паўд. Афрыка, ПАР, 1983), «Зорка Сьера-Леоне» (968,9 карата, Зах. Афрыка, Сьера-Леоне, 1972), «Прэзідэнт Варгас» (726,6 карата, Бразілія, 1938), «Джонкер» (726 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1934) і інш. Празрыстыя і бясколерныя крышталі самых вял. памераў выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе (пасля агранкі наз. брыльянтамі), дробныя, зярністыя, афарбаваныя або з дэфектамі (борт, карбанада) — у тэхн. мэтах (для бурэння свідравін у цвёрдых пародах, шліфавання ў металаапрацоўцы, у электроннай прам-сці, рэзкі шкла і інш.). Радовішчы алмазу ў Аўстраліі, Рас. Федэрацыі — Рэспубліка Саха (Якуція), у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Індыі. Пошукі алмазу вядуцца на Беларусі (гл. Алмазная прамысловасць).

Алмаз «Гарняк» (44,62 кар).
Да арт. Алмаз. Малая расійская імператарская карона. Серабро. Брыльянты. С.-Пецярбург. 1801.

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРШТЫ́Н (ням. Bernstein),

янтар, мінерал класа арган. злучэнняў, выкапнёвая акамянелая смала хвойных дрэў верхнемелавога—палеагенавага перыядаў. Аморфны вуглевадарод, каркасны палімер. Прыкладная хім. формула C10H16O4. Трапляецца ў выглядзе зерняў, жаўлакоў і пласцін памерам ад некалькіх мм да 50 см у папярочніку. Звонку мае шчыльную непразрыстую шэрую ці бурую скарынку прадуктаў акіслення. Колер жоўты і карычневы розных адценняў, аранжавы, малочна-белы, зеленаваты і інш. Празрысты або замутнены. Бляск шкляны або смалісты. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. каля г/см³. Дыэлектрык. Т-ра плаўлення 250—300 °C, лёгка згарае.

Частка бурштыну мае т.зв. інклюзы — уключэнні насякомых і раслінных рэшткаў (такія ўзоры высока цэняцца). Утвараецца ў працэсе фасілізацыі (акамянення) смалы ў выніку полікандэнсацыі смаляных кіслот і тэрпенаў і наступнага пераадкладання з пахаваннем у прыбярэжна-марскіх, лагунных і дэльтавых адкладах. Каштоўны ювелірна-вырабны камень. Для атрымання суцэльных масаў бурштынавая дробязь апрацоўваецца пад ціскам пры павышаных т-рах. Некандыцыйны бурштын — сыравіна для вытв-сці бурштынавых кіслот, масла, каніфолі, лакаў, фарбаў і інш. Асн. радовішчы па берагах Балтыйскага м. ў Расіі (Калінінградская вобл.), Германіі, Польшчы, а таксама ў Італіі, Бірме, Канадзе, ЗША, Мексіцы і інш.

У Беларусі вылучаюцца 3 перспектыўныя на бурштын раёны: Зах.-Беларускі, Мікашэвіцка-Жыткавіцкі і найб. перспектыўны Палескі (асабліва т.зв. Драгічынская плошча). Адклады на глыб. 15—80 м.

Бурштын.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУЖЫ́НА,

1) атрад воінаў, якія аб’ядноўваліся вакал племяннога правадыра ў перыяд разлажэння родавага ладу, пазней вакол князя (караля). У стараж. германцаў згадваецца ў гіст. крыніцах у 1 ст. да н.э. як часовая, а з 1 ст. н.э. як пастаянная.

2) У Стараж. Русі арганізаваныя паводле пэўных прынцыпаў прафес. вайсковыя атрады пры князю, якія ўдзельнічалі ў ваен. паходах, кіраванні княствам і асабістай гаспадаркай князя.

3) Войска цалкам.

4) Карпаратыўная арг-цыя раннефеад. знаці вакол асоб княжацкага паходжання ў 9—13 ст. або асобныя яе часткі. Складаная на чале з князем іерархія дружыннікаў розных рангаў і баяр («старэйшая» Д.), уласна дружыннікаў і т.зв. («малодшая» Д.). У земскай Д. месца князя займала абшчына ў асобе вечавых устаноў. Д. выконвала ўрадавыя, адм., суд. і паліцэйскія функцыі. У ваен. сэнсе — заўжды гатовы да дзеяння аддзел пры князю ці земскай абшчыне. Да 13 ст. прыйшла ў заняпад, саступіла месца інш. прынцыпам арганізацыі пануючага класа (у прыватнасці, двару, пачалося фарміраванне дваранства). Канчатковае знікненне Д. даследчыкі датуюць 12—14 ст. 5) Назва кампаній, арцелей іканапісцаў (14—15 ст.), манастырскай браціі (16 ст.).

Літ.:

Горский А.А. Древнерусская дружина. М., 1989;

Ласкавы Г.В. Да пытання аб арганізацыі і складзе ўзброеных сіл Полацкай зямлі ў канцы XI — пачатку XIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 2.

т. 6, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́К (Міхаіл Паўлавіч) (н. 26.3.1940, в. Масцішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Акад. Нац. АН Беларусі (1996, чл.-кар. з 1989). Д-р гіст. н. (1980), праф. (1987). Правадз. чл. Цэнтр.-Еўрап. акадэміі навук і мастацтва (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1963). З 1969 у Ін-це гісторыі АН БССР. У 1975—81 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ. З 1981 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе сац.-эканам. і грамадска-паліт. праблемы гісторыі Беларусі пераважна сав. перыяду, пытанні ўсталявання і функцыянавання сав. сістэмы кіравання грамадствам і інш. Адзін з аўтараў 4-га тома 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (1975), гал. рэдактар і адзін з аўтараў 2-га т. 4-томнай «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (1985), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95).

Тв.:

Идейно-политическое воспитание крестьянства. Мн., 1979;

Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение социализма: На материалах БССР. Мн., 1986;

Социалистические ценности тружеников села: История, современность, перспективы. Мн., 1989;

«Czynnik polski» w stalinowskiej polityce represyjnej lat 30. na Białorusi // Polska-Białoruś. 1918—1945. Warszawa, 1994;

Сталіншчына і Беларусь // Бел. гіст. часоп. 1995. № 1—2, Общее и особенное в проведении советской национальной политики в Белорусской ССР // Россия в XX в.: Пробл. нац. отношений. М., 1997.

М.П.Касцюк.

т. 8, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛА́ТАЯ РАКЕ́ТА,

беспілотны лятальны апарат, траекторыя якога акрэсліваецца аэрадынамічнай пад’ёмнай сілай крыла, цягай рэактыўнага рухавіка і сілай цяжару; від сучаснай высокадакладнай дальнабойнай зброі (звычайна аднаразовага дзеяння). Адносіцца да сродкаў паветр. нападзення. Адрозніваюць К.р. наземнага, паветранага і марскога базіравання. Мае звычайную або ядзерную баявую частку магутнасцю да 200 кт; замест яе можа размяшчацца апаратура разведкі або электроннага процідзеяння (гл. Ракета).

К.р. з’явіліся напярэдадні 2-й сусв. вайны. У СССР у 1934—38 ракетным НДІ пад кіраўніцтвам С.П.Каралёва распрацавана серыя эксперым. К.р. Палёт ракеты гэтай серыі класа «Зямля—Зямля» адбыўся ў студз. 1939. У час 2-й сусв. вайны Германія выкарыстоўвала К.р. (самалёт-снарад ФАУ-1 і інш.) для нанясення паветр. удараў па аб’ектах Вялікабрытаніі.

У 1970-я г. развіццю і ўдасканаленню К.р. садзейнічала ўкараненне турбавентылятарных рэактыўных рухавікоў. Яны забяспечвалі палёт К.р. са скорасцю да 900 км/гадз на адлегласць больш за 2,6 тыс. км, а таксама ў шчыльных слаях атмасферы на вышыні 30—100 м з агінаннем рэльефу мясцовасці. Высокая дакладнасць навядзення К.р. на цэль забяспечваецца навігацыйнымі сістэмамі тыпу «Тэрком» і «Наўстар» (ЗША), «Глонас» (Расія) і інш. Знаходзіцца на ўзбраенні ЗША, Расіі і інш. краін. К.р. тыпу «Тамагаўк» і «АЛКМ» выкарыстаны ЗША у час Кувейцкага крызісу 1990—91, а таксама ў інш. канфліктах.

І.​Р.​Дзенісенка.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РТАЎ (Л.) (сапр. Цэдэрбаўм Юлій Восіпавіч; 24.11.1873, г. Стамбул — 4.4.1923),

дзеяч сацыял-дэмакратычнага руху ў Расіі, адзін з лідэраў меншавікоў. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1892 за рэв. дзейнасць высланы ў Вільню. У 1895 адзін з заснавальнікаў (з У.І.Леніным і інш.) марксісцкага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» ў Пецярбургу. У 1896 арыштаваны і сасланы ў с. Туруханск Енісейскай губ. З 1901 у эміграцыі, адзін з рэдактараў с.-д. газет «Искра» і «Заря». На II з’ездзе РСДРП (1903) выступіў супраць ленінскага арганізац. плана пабудовы партыі. У 1905 чл. Пецярбургскага савета, з 1907 зноў у эміграцыі. У 1908—10 адзін з прыхільнікаў ператварэння РСДРП у легальную партыю (т.зв. ліквідатарства), у 1912—14 адзін з лідэраў «жнівеньскага блока» ў РСДРП (меншавікі, трацкісты, бундаўцы і інш.). У 1-ю сусв. вайну займаў цэнтрысцкія пазіцыі. З 1917 у Расіі, лідэр левай плыні ў меншавіцкай партыі. На II з’ездзе Саветаў (ліст. 1917) прапаноўваў стварыць урад з прадстаўнікоў усіх сацыяліст. партый. Асуджаў палітыку бальшавікоў, у т. л. разгон Устаноўчага сходу ў студз. 1918, арышты паліт. праціўнікаў і інш. У 1919 дэлегат (ад меншавікоў) VII Усерас. з’езда Саветаў, чл. ВЦВК, у 1919—20 дэп. Маскоўскага Савета. З вер. 1920 у эміграцыі. Адзін з арганізатараў Інтэрнацыянала 2 ​1/2.

т. 10, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,

першая руская с.-д. арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.​Б.​Аксельродам, Л.​Р.​Дэйчам, В.​М.​Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.​Маркса і Ф.​Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.

Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.​Н.​Гецаў, С.​Л.​Ляўкоў, С.​Л.​Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.

Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.​І.​Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)