УЛАДЗІЛЕ́НА,

малая планета №852. Дыяметр каля 10 км. Адлегласць ад Сонца мяняецца ад 1,3 а.а. да 3,5 а.а. Бляск у сярэднюю апазіцыю 12,7 зорнай велічыні. Адкрыта ў 1916 С.​І.​Бяляўскім (Сімеіз). Названа ў 1924 па імю У.​І.​Леніна.

т. 16, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛУГБЕ́К Мухамед Тарагай Мірзо (22.3.1394—27.10.1449),

правіцель з дынастыі Цімурыдаў. Унук Цімура. У 1409 яго бацька Шахрух прызначыў У. правіцелем Самарканда. У., які захапляўся паэзіяй, мастацтвам і навукамі, ператварыў Самарканд у буйны цэнтр навукі і мастацтваў, згуртаваў каля сябе славутых тагачасных астраномаў (Казі-задэ ар-Румі, Гіяс ад-дзіна Джамшыда Кашані, Ала ад-дзіна Алі Кушчы і інш.) і пабудаваў адну з найб. абсерваторый сярэдневякоўя. Пры яго ўдзеле створаны «Зорныя табліцы», якія дакладна пазначалі размяшчэнне 1018 зорак і выкарыстоўваліся астраномамі, у тым ліку еўрап. да канца 16 ст. Пасля смерці бацькі (1447) У. вёў няўдалую барацьбу з інш. Цімурыдамі за вяршэнства ў дынастыі. У 1449 скінуты сваім сынам Абдулатыфам і неўзабаве забіты.

т. 16, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМА́Р ХАЯ́М Гіясаддзін Абу-ль-Фатх ібн Ібрахім (18.5.1048, г. Нішапур, Іран — 4.12.1131),

персідскі і таджыкскі паэт і вучоны. Жыў у Самаркандзе, Ісфахане, Бухары і інш. Найвялікшы астраном свайго часу: за 500 гадоў да рэформы папы Грыгорыя XIII ажыццявіў рэформу календара ў выніку шматгадовых назіранняў за зорным небам. Паслядоўнік філасофіі Арыстоцеля і Ібн Сіны. Сусв. вядомасць як паэту прынеслі яму рубаі (чатырохрадкоўі), у якіх свет чалавечых перажыванняў, думы пра жыццё, чалавека і яго веды, глыбокі філас. роздум, пропаведзь дабра і чалавечнасці. Многія рубаі сталі афарызмамі. Аўтар трактатаў на араб. і перс. мовах: матэм. («Трактат пра доказы задач алгебры і алмукабалы»), фіз. («Вагі мудрасцей»), філас. («Адказ на тры пытанні», «Трактат пра існаванне»), гіст. («Науруз-намэ»). Збярогся ўрывак «Мелікшахскіх астранамічных табліц» У.Х., напісаных па-арабску. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.​Барадулін, С.​Грахоўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Рубаі. Мн., 1989;

Рус. пер. — Трактаты. М., 1961;

Рубаи. 2 изд. Ташкент, 1983.

Літ.:

Розенфельд Б.А., Юшкевич А.П. Омар Хайям. М., 1965.

І.​У.​Саламевіч.

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЦІ́НАВА Таццяна Аляксееўна (н. 1.1.1909, г. Цвер, Расія),

расійскі балетмайстар. Нар. арт. СССР (1961). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1931). У 1933—43 кіраўнік танц. групы і актрыса Т-ра юнага гледача ў Маскве. З 1938 гал. балетмайстар Рус. нар. хору імя Пятніцкага. Развівала традыцыі рус. нар. танца. Сярод пастановак танцаў: «Маскоўскія карагоды», «Варонежскі карагод», «Гусачок» і інш. Стварыла харэаграфічныя кампазіцыі на сучасныя тэмы: «Зорны карагод», «Прывітанне, Волга», «Сказ пра рускую зямлю» («Вярбінка») і інш. Аўтар кніг «Рускія танцы» (1955), «Берагчы прыгажосць рускага танца» (1959), «Зорны карагод. Сучасныя сюжэтныя танцы» (1964), «Рускі народны танец» (1976) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1952. Дзярж. прэмія Расіі імя Глінкі 1971.

т. 16, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМАЛЬГА́ЎТ,

α Паўднёвай Рыбы, зорка 1,2 візуальнай зорнай велічыні; найб. яркая ў сузор’і Паўд. Рыба. Свяцільнасць у 14 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 7 пк.

т. 16, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́НІКС (лац. Phoenix),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 2,4 візуальнай зорнай велічыні. З тэр. Беларусі не відаць. Гл. таксама Зорнае неба.

т. 16, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНАЯ КАРЦІ́НА СВЕ́ТУ,

мадэль прыроды (Сусвету), пабудаваная з улікам агульных паняццяў, гіпотэз, прынцыпаў, законаў і тэорый фізікі на пэўным этапе яе развіцця. У Ф.к.с. канкрэтызуецца змест філас. катэгорый (матэрыя, рух, прастора і час, рэчыва, поле фізічнае), вызначаюцца структурныя элементы матэрыі (элементарныя часціцы, атамы, малекулы), высвятляецца характар узаемасувязей паміж асобнымі з’явамі і механізм узаемадзеяння матэрыяльных аб’ектаў. Вядомы карціны свету: механічная (МКС), электрадынамічная (ЭДКС) і квантавапалявая (КПКС). Кожная з іх грунтуецца на адной ці некалькіх фундаментальных фіз. тэорыях.

У МКС матэрыя (рэчыва) мае дыскрэтную будову (атам — найдрабнейшая непадзельная частка рэчыва); прастора і час абсалютныя, не звязаныя з матэрыяй і паміж сабой; асн. від руху — механічны; узаемадзеянне — гравітацыйнае; асн. тэорыя — класічная механіка. У ЭДКС з’яўляюцца новыя паняцці і ўяўленні: рэчыва дыскрэтнае, поле неперарыўнае, прастора і час адносныя і звязаныя паміж сабой (гл. Адноснасці тэорыя); новыя віды руху: цеплавы, эл.-магн. (распаўсюджанне эл.-магн. хваль); новае ўзаемадзеянне — электрамагнітнае; асн. тэорыі: электрадынаміка, электронная тэорыя, статыстычная фізіка. У КПКС рэчыва і поле —2 віды матэрыі (гл. Дапаўняльнасці прынцып, Карпускулярна-хвалевы дуалізм); новыя віды ўзаемадзеянняў — слабае (электраслабае) і моцнае, абодва маюць абменны характар (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц), асн. тэорыі: квантавая механіка, квантавая тэорыя поля, квантавая хромадынаміка, квантавая электрадынаміка. Усе Ф.к.с. звязаны паміж сабой адпаведнасці прынцыпам: МКС і ЭДКС уваходзяць у КПКС як прыватныя гранічныя выпадкі, што апісваюць вызначанае кола з’яў.

Ф.к.с. абагульняе звесткі пра ўвесь Сусвет і падзяляе дасягальную для навук. даследаванняў прастору разам з матэрыяльнымі аб’ектамі на мега-, макра- і мікрасвет. Мегасвет уключае Метагалактыку і галактыкі; макрасвет — зоркі, планеты і іх сістэмы, Зямлю і ўсе целы на ёй; мікрасвет — малекулы, атамы і элементарныя часціцы (гл. Макрасвет і мікрасвет). У склад мега- і макрасвету ўключаюцца таксама эл.-магн. і гравітацыйнае палі. Згодна з дасягненнямі астраноміі і касмалогіі, якія грунтуюцца на астр. назіраннях, даных эксперым. фізікі і фіз. тэорыях, Сусвет узнік каля 13 млрд. гадоў назад у выніку Вялікага выбуху (гл. Сінгулярнасць касмалагічная). У пачатковым плазменным шары (пры т-ры 10​9—10​11 К і шчыльнасці масы-энергіі 10​94 г/см³) узніклі фатоны, электроны, нейтрына і іх антычасціцы, а таксама пратоны і нейтроны, крыху пазней — ядры дэйтэрыю і гелію, літыю і берылію. Гэтая сфера імкліва расшыралася, а выпрамяненне хутка астывала. Праз некалькі гадзін утварэнне гелію і інш. элементаў спынілася, пасля чаго прыкладна 1 млн. гадоў адбывалася простае расшырэнне Сусвету і яго ахаладжэнне. Калі т-ра панізілася да некалькіх тысяч кельвінаў, электроны і ядры пачалі злучацца ў атамы (пераважна электроны і пратоны ў атамы вадароду). Сусвет у гэту эпоху складаўся на 75% з вадароду, на 25% з гелію і невял. колькасці інш. элементаў. Прыкладна праз 1 млрд. гадоў у выніку гравітацыйнага прыцягнення воблакі газу, які расшыраўся, пачалі сціскацца, праз 2—3 млрд. гадоў і пасля Вялікага выбуху ўзніклі квазары і пачалося фарміраванне галактык. У маладых галактыках адбываўся працэс зоркаўтварэння: адносна невял. халодныя воблакі вадароду сціскаліся і спараджалі першыя зоркі. Утвараліся зорныя скопішчы і зорныя асацыяцыі, а таксама матэрыяльнае міжзорнае асяроддзе, якое запаўняла прастору. Праз мільярды гадоў некаторыя з зорак пачалі ўзрывацца, выкідваючы ўтвораны ў іх вуглярод, кісларод і ўсе хім. элементы. Разам з іншымі ўзнікла і наша Галактыка, якая форму дыска набыла праз 5 млрд. гадоў пасля выбуху і бачыцца як Млечны Шлях (уключае больш за 100 млрд. зорак). Узніклі таксама групы і скопішчы галактык (маюць па некалькі тысяч галактык) і ў цэлым Метагалактыка (некалькі мільярдаў галактык) з запоўненым асобнымі відамі матэрыі міжгалактычным асяроддзем. Усярэдненая шчыльнасць рэчыва ў галактыках склала ρгал = 3∙10​−31 г/см³. Праз 8 млрд. гадоў пасля Вялікага выбуху (каля 4,6 млрд. гадоў таму) узнікла Сонца, а пазней пад уздзеяннем воблака распаленай плазмы, што ўзнікла пры выбуху звышновай зоркі, утварылася Сонечная сістэма. Цэнтральнае яе цела — звычайная зорка-карлік, вакол якой абарачаецца 9 вял. планет. Найбліжэйшая да Сонца зорка — Альфа Цэнтаўра (адлегласць 4,38 св. гадоў), галактыка — Андрамеды туманнасць (700 кпк). На адлегласці 149,6 млн. км вакол Сонца са скорасцю 29,8 км/с рухаецца Зямля (абарачаецца вакол восі за 23 гадз 56 мін 4 с). З Зямлі простым вокам можна бачыць каля 3 тыс. зорак. На адлегласці каля 384,4 тыс. км вакол Зямлі абарачаецца яе спадарожнік Месяц. Усе матэрыяльныя аб’екты Сусвету, у т. л. аб’екты жывой прыроды на Зямлі, створаны з адных і тых жа хім. элементаў, якія ўзніклі на розных этапах эвалюцыі зорак і маюць узрост 5—10 млрд. гадоў, што з’яўляецца пацвярджэннем матэрыяльнага адзінства Сусвету.

Літ.:

Степин В.С. Становление научной теории. Мн., 1976;

Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;

Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;

Еремеева А.И. Астрономическая картина мира и ее творцы. М., 1984;

Лейзер Д. Создавая картину Вселенной: Пер. с англ. М., 1988;

Большая детская энциклопедия: Вселенная. М., 1999;

Паркер Б. Мечта Эйнштейна: В поисках единой теории строения Вселенной: Пер. с англ. СПб., 2001;

Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2001.

А.​І.​Болсун, У.​М.​Сацута.

Фізічная карціна свету: спрошчаная прасторава-часавая дыяграма ўтварэння Сусвету паводле найбольш абгрунтаваных тэорый.
Фізічная карціна свету: форма нашай Галактыкі і месца ў ёй Сонечнай сістэмы (1 — Сонца і Сонечная сістэма; 2 — цэнтральнае патаўшчэнне; 3 — шаравыя скопішчы ў гало; 4 — пласт пылу таўшчынёй у 400 св. гадоў).

т. 16, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́РСАЎ Уладзімір Іванавіч (н. 26.4.1937, в. Забалоцце Рослаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1960). Друкуецца з 1955. У паэт. кнігах «Бярозавы світанак» (1959), «Зялёнае рэха» (1963), «Гарыцвет» (1965), «Рабінавы пажар» (1966), «Сонечныя калодзежы» (1969), «Пачуццё Радзімы» (1971), «Спадчына» (1977), «Музыка душы» (1978), «Вачыма стагоддзя» (1982), «Зорная песня неба» (1985), «Айчына» (1988) і інш. тэмы любві да Радзімы і яе прыроды, творчасці і кахання. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Н.​Гілевіч, Ю.​Свірка. Дзярж. прэмія Расіі.

Тв.:

Избранное. М., 1975;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983;

Горсть земли. М., 1985;

Стихотворения. М., 1987.

т. 16, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУКО́ МА́ЯТНІК,

спецыяльна сканструяваны маятнік, ваганні якога пацвярджаюць сутачнае вярчэнне Зямлі. Уяўляе сабой масіўны груз, падвешаны на доўгім (да некалькіх дзесяткаў метраў) падвесе (дрот, моцная нітка), верхні канец якога так замацаваны (напр., пры дапамозе карданнага падвеса), што дазваляе маятніку вагацца ў любой верт. плоскасці.

Сіла цяжару маятніка і сіла нацяжэння падвеса ляжаць у адной плоскасці і не могуць змяніць плоскасць ваганняў маятніка. Таму адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, звязанай, напр., з «нерухомымі зоркамі», плоскасць ваганняў Ф.м. захоўваецца. У неінерцыяльнай сістэме адліку, звязанай з Зямлёй, праяўляюцца сілы інерцыі, дзеянне адной з якіх (гл. Карыяліса сіла) і вядзе да павольнага павароту плоскасці ваганняў Ф.м. адносна паверхні Зямлі ў напрамку, процілеглым яе вярчэнню. На Паўн. і Паўд. полюсах плоскасць ваганняў маятніка паварочваецца дакладна на 15° кожную гадзіну і робіць поўны абарот на 360° за зорныя суткі. У пункце зямной паверхні, геагр. шырата якога φ, адпаведны вугал павароту будзе α = 2 π sinφ. Для Мінска φ = 54°, α = 290°. Сканструяваны Ж.Б.​Л.​Фуко ў парыжскім Пантэоне ў 1851, даўж. 67 м. Вядома каля 20 дзеючых Ф.м. розных канструкцый, напр., у будынку ААН (Нью-Йорк), Нац. музеі амер. гісторыі (Вашынгтон), Сіднейскім ун-це.

На Беларусі Ф.м. спец. канструкцыі ў выглядзе чатырохграннай зашклёнай піраміды ўстаноўлены ў пед. ун-це імя М.​Танка (2002).

Літ.:

Верин А. Опыт Фуко. Л.;

М., 1934;

Востоков Е.И. Опыт Фуко, доказывающий вращение Земли вокруг своей оси. 2 изд. Л., 1940.

У.​А.​Якавенка.

Фуко маятнік у Беларускім педагагічным універсітэце імя М.​Танка: шар масы 27 кг на стальным падвесе вагаецца з перыядам 5,5 с у замкнёнай пірамідзе вышынёй 7 м.

т. 16, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАБЛ (Hubble) Эдвін Паўэл (20.11.1889, г. Маршфілд, ЗША — 28.9.1953),

амерыканскі астраном. Чл. Нац. АН ЗША. Вучыўся ў Чыкагскім ун-це. У 1914—17 у Йоркскай, з 1919 у Маўнт-Вілсанаўскай абсерваторыях. Навук. працы па вывучэнні галактык. Прапанаваў класіфікацыю туманнасцей на галактычныя і пазагалактычныя (1922). Даказаў, што блізкія да Зямлі галактыкі з’яўляюцца зорнымі сістэмамі, падобнымі да нашай Галактыкі. Устанавіў заканамернасць «разбягання» галактык (гл. Хабла закон, Хабла пастаянная). Яго імем названы касм. тэлескоп (гл. Хабла тэлескоп).

т. 16, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)