ПАРАНДО́ЎСКІ ((Parandowski) Ян) (11.5.1895, г. Львоў, Украіна — 26.9.1978),

польскі пісьменнік, гісторык культуры. Скончыў Львоўскі ун-т (1923). У 1945—48 праф. Люблінскага ун-та. Друкаваўся з 1913. Аўтар кніг і эсэ пра антычнасць («Міфалогія» і «Эрас на Алімпе», абодва 1924; «Алімпійскі дыск», 1933), белетрызаваных біяграфій «Кароль жыцця» (1930, пра О.​Уайльда), «Петрарка» (1956), аўтабіягр. рамана «Неба ў агні» (1936), цыклаў лірычных («Сонечны гадзіннік», 1953) і гіст. («Успаміны і сілуэты», 1960) апавяданняў. Праблемы псіхалогіі творчасці ў кн. эсэ «Алхімія слова» (1951). Яго творчай манеры ўласціва спалучэнне асаблівасцей маст. прозы, стылявой вытанчанасці з дакладнасцю гіст., культуралагічнага, філал. даследавання. Пераклаў прозай «Адысею» Гамера (1953) і інш. Выдаў анталогію «Пісьменнікі свету Міцкевічу» (1962). Дзярж. прэмія Польшчы 1964.

Тв.:

Dzieła wybrane. Т. 1—3. Warszawa, 1957;

Рус. пер. — Избранное. М., 1981;

Мифология: Верования и легенды греков и римлян. М., 1971;

Алхимия слова. Петрарка. Король жизни. М., 1990;

Эрос на Олимпе. М., 1991.

Літ.:

Studenski W. Alchemik słowa: Rzecz o Janie Parandowskim. Г. 1—2. Opole, 1972—74.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬСА́РЫ (англ. pulsars скарачэнне ад Pulsating Sources of Radioemission пульсуючыя крыніцы радыёвыпрамянення),

касмічныя крыніцы імпульснага эл.-магн. выпрамянення. Адкрыты ў 1967 Э.Х’юішам (Вялікабрытанія). Вядома некалькі соцень П. Перыяды паўтарэння імпульсаў 0,002—4 с. Выпрамяненне мае нецеплавую прыроду. Большасць П. выпрамяняе ў радыёдыяпазоне ад метровых да сантыметровых хваль. П. ў Крабападобнай туманнасці і некаторыя інш. выпрамяняюць таксама ў аптычным, рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. П. атаясамліваюць з нейтроннымі зоркамі, што хутка верцяцца. Выпрамяненне распаўсюджваецца ў малым цялесным вугле і накіроўваецца ў бок назіральніка праз прамежкі часу, роўныя перыяду вярчэння зоркі. Малыя перыяды і высокая стабільнасць імпульсаў (змена за перыяд меншая за 10​−14 с) абумоўлены, адпаведна, хуткім вярчэннем зоркі (да некалькіх дзесяткаў абаротаў за секунду) і стабільнасцю перыяду яе вярчэння. Энергія вярчэння зоркі пераўтвараецца ў энергію выпрамянення, таму перыяд вярчэння зоркі (перыяд П.) паступова павялічваецца. Назіранні П. выкарыстоўваюцца для вывучэння будовы Галактыкі, даследавання міжзорнага і міжпланетнага асяроддзяў, праверкі агульнай тэорыі адноснасці і інш.

Літ.:

Смит Ф.Г. Пульсары: Пер. с англ. М., 1979;

Манчестер Р.Н., Тейлор Дж.Х. Пульсары: Пер. с англ. М., 1980.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,

галіна медыцыны, якая вывучае дзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека, распрацоўвае метады яго выкарыстання з дыягнастычнай і лячэбнай мэтамі, вырашае пытанні проціпрамянёвай аховы і радыегігіены. Уключае прамянёвую дыягностыку і прамянёвую тэрапію. Прамянёвая дыягностыка выкарыстоўвае выпрамяненні для даследавання будовы і функцый нармальных і паталагічна змененых органаў і сістэм чалавека. У яе ўваходзіць рэнтгенадыягностыка, радыенуклідная дыягностыка, ультрагукавая дыягностыка, магнітнарэзанансная візуалізацыя. Да прамянёвай дыягностыкі адносяцца таксама тэрмаграфія, ЗВЧ-тэрмаметрыя. Р.м. ўзнікла пасля адкрыцця рэнтгенаўскіх прамянёў і радыеактыўнасці. Пашырана ў анатоміі (прамянёвая нармальная і паталаг. анатомія), фізіялогіі (прамянёвая фізіялогія і патафізіялогія), біяхіміі (радыяцыйная біяхімія). На Беларусі пытаннямі Р.м. займаюцца ў НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (вядучая навук. ўстанова), на кафедрах радыялогіі (прамянёвай дыягностыкі) Мінскага мед. ін-та, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Выдаецца час. «Новости лучевой диагностики».

Літ.:

Михайлов А.Н. Рентгеносемиотика и диагностика болезней человека. Мн., 1989;

Яго ж. Лучевая диагностика в гастроэнтерологии. Мн. 1994;

Resnik D., Pettersson H. A skeletal radiology. Oslo, 1992;

Pettersson H. A global textbook of radiology. Oslo, 1995.

А.​М.​Міхайлаў.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКЛА́ДАЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел аперацый даследавання, дзе будуюцца і аналізуюцца матэм. мадэлі каляндарнага планавання (упарадкавання і ўзгаднення ў часе пэўнай сукупнасці дзеянняў, падзей, аперацый, работ і інш.). Асн. мэта Р.т. — распрацоўка метадаў рашэння аптымізацыйных задач, што ўзніклі пры гэтым (гл. Аптымізацыі задачы і метады).

У задачах Р.т. зыходныя даныя звычайна дэтэрмінаваныя, у адрозненне ад задач масавага абслугоўвання тэорыі. Таму разглядаецца клас задач абслугоўвання канечнага мноства патрабаванняў адной ці некалькімі прыладамі ў дэтэрмінаванай абслуговай сістэме. Вывучаюцца таксама выліч. складанасць задач, магчымасці пабудавання набліжаных алгарытмаў рашэння, устойлівасць рашэнняў, многакрытэрыяльныя задачы. Выкарыстоўваецца ў кіраванні вытв-сцю, распрацоўцы графікаў руху транспарту, праграмна-мэтавым планаванні і кіраванні буйнымі праектамі, пабудаванні раскладаў заняткаў у навуч. установах, дыспетчарызацыі інфармацыйна-выліч працэсаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це матэматыкі і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Танаев В.С., Гордон В.С., Шафранский Я.М. Теория расписаний: Одностадийные системы. М., 1984;

Танаев В.С., Сотсков Ю.Н., Струсевич В.А. Теория расписаний: Многостадийные системы. М., 1989;

іх жа. Математические модели и методы календарного планирования. Мн., 1994.

В.​С.​Танаеў.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЗМУ ПРЫ́НЦЫП,

погляд на быццё, чалавечае грамадства і культуру як на працэсы, што змяняюцца ў часе і прасторы, маюць набор пэўных прыкмет, спецыфічных для кожнай гіст. эпохі, рэгіёна ці этнічнай супольнасці. Гістарызму прынцып несумяшчальны з архаізацыяй або мадэрнізацыяй аб’ектаў даследавання, калі яны характарызуюцца паняццямі і аксіялагічнымі крытэрыямі папярэдніх або пазнейшых ступеней гіст. развіцця. Класічная антычная культура сфарміравалася на аснове фаталістычнага светапогляду, паводле якога лічылася, што гіст. падзеі, катастрофы ў жыцці народаў і асобных людзей прадвызначаны лёсам, якому падпарадкавана людское і боскае жыццё. Пазней узнікла гіст. навука (гл. Гісторыя), у якой прагматычнае апісанне падзей і людскіх учынкаў дапаўнялася міфал. сюжэтамі. Гістарызм як спецыфічны прынцып рэтраспектыўнага ўпарадкавання пройдзеных этапаў грамадскага быцця і культуры сфарміраваўся ў стараж.-егіпецкай цывілізацыі, яскрава выявіўся ў біблейскай гісторыі. Біблія паслужыла крыніцай для правідэнцыялісцкай канцэпцыі сярэдневяковай гіст. навукі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва гістарызму прынцып паступова секулярызаваўся, гіст. падзеі пачалі тлумачыць натуральнымі, сац.-паліт. і псіхал. прычынамі, узніклі першыя канцэпцыі філасофіі гісторыі (тэорыя «кругаваротаў» Дж.​Віка, гіст. прагрэсу І.​Гердэра, інш. філосафаў Асветніцтва). Г.​Гегель стварыў дыялектычную філасофію гісторыі, паводле якой сусветны гіст. працэс — гэта паэтапнае самараскрыццё лагічнага пачатку (субстанцыі) быцця; пры гэтым кожны этап выяўляецца праз рэалізацыю нац. ідэі таго ці іншага гіст. народа. К.​Маркс, Ф.​Энгельс, рас. марксісты Г.​Пляханаў, У.​Ленін і інш. на аснове інтэрпрэтацыі гегелеўскай дыялектыкі стварылі гістарычны матэрыялізм, паводле якога гіст. працэсы вызначаюцца развіццём матэрыяльнай асновы грамадскага быцця — дыялектычнай супярэчнасцю паміж прадукцыйнымі сіламі і вытв. адносінамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзнікла канцэпцыя гісторыі як паслядоўнай змены нацыянальна замкнёных культ.-гіст. тыпаў (М.​Данілеўскі, К.​Лявонцьеў у Расіі) і «закрытых» цывілізацый (О.​Шпенглер у Германіі). Бел. навука навука 16—18 ст. захавала фрагменты характэрнага для папярэдняй летапіснай гісторыі правідэнцыялізму. Аднак паступова яны выцясняліся прагматычным метадам, паводле якога гіст. падзеі з’яўляюцца вынікам мэтанакіраваных учынкаў герояў і народаў. У пач. 20 ст. пачалося даследаванне гісторыі Беларусі, яе духоўнай культуры з пункту гледжання нац. самабытнасці. Гегелеўская філасофія гісторыі была дапоўнена дэмакр. прынцыпамі раўнацэннасці ўсіх народаў і іх культур, адкінуты імперскія міфы пра «негістарычныя» народы. Рэалізацыя гэтых ідэй адбывалася ў ходзе даследавання гісторыі і культуры Беларусі, у абагульняльных даследаваннях па гісторыі, л-ры, маст. культуры, шматлікіх энцыклапедычных выданнях («Гісторыя Беларускай ССР», т. 1—5, 1972—75; «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87; «Янка Купала», 1986; «Францыск Скарына і яго час», 1988; «Этнаграфія Беларусі», 1989; «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі», т. 1—4, 1993—97, і інш.).

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНЫ РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога даюць рацыянальнае тлумачэнне ведаў, навук. тэорый, сац. ідэй і ін-таў на аснове іх крытыкі і ўдасканалення. Узнік у 1920—30-я г. ў Зах. Еўропе і ЗША. Асн. яго прынцыпы сфармуляваў К.Р.Попер; гал. прадстаўнікі Г.​Альберт (ФРГ), Т.​Кун, І.Лакатас, Дж.​Уоткінс (Вялікабрытанія), П.Феерабенд. У філасофіі і метадалогіі навук. пазнання К.р. адмаўляе такія яе кірункі і вучэнні, як неапазітывісцкі эмпірызм, фенаменалізм, інструменталізм, і выступае як адна з форм постпазітывізму. Непасрэднымі папярэднікамі і апанентамі К.р. былі лагічныя эмпірысты, з якімі ён разыходзіцца толькі ў пытанні аб крытэрыях дэмаркацыі, г.зн. адмежавання ад псеўданавукі, метафізікі і ідэалогіі, якія не валодаюць прыроджаным імунітэтам супраць уплыву ірацыяналізму. Паводле К.​Р.​Попера, метадам такой дэмаркацыі і вызначэння навук. крытэрыя ведаў з’яўляецца не верыфікацыя (супастаўленне з пачуццёвымі данымі), а фальсіфікацыя, г.зн. устанаўленне памылковасці тэорыі ў выніку эксперым. або тэарэт. праверкі; любыя навук. веды, тэорыі носяць толькі гіпатэтычны, умоўны характар і не пазбаўлены памылак (прынцып фалібалізму). Кун зыходзіць з уяўлення аб навуцы як супольнасці вучоных-прафесіяналаў, якія ствараюць канкрэтныя тэорыі, канцэптуальныя мадэлі і каштоўнасці на аснове адзінага стылю мыслення, прызнання пэўных фундаментальных тэорый і метадаў даследавання, якія ён назваў парадыгмамі, для пераходу ад старой да новай парадыгмы патрэбны не чыста рацыянальныя доказы, а перакананне і вера. Лакатос лічыць асновай рацыянальнага пазнання н.-д. праграмы, кожная з іх мае некалькі тэорый і дапаможных гіпотэз і ставіць за мэту вырашэнне канкрэтных пазнавальных праблем. Феерабенд абгрунтаваў метадалагічны прынцып праліферацыі (размнажэння) тэорый, паводле якога кожны вучоны можа вынаходзіць і распрацоўваць свае ўласныя тэорыі, і яго дзейнасць не падпарадкавана ніякім рацыянальным нормам. У рамках К.р. Альберт, У.​Бартлі і інш. лічылі неабходным замяніць класічны крытэрый фальсіфікацыі Попера крытэрыем універсальнай крытыкі і адмаўлення абс. ісціны (панкрытычны рацыяналізм). У процівагу індуктывізму К.р. прапанаваў гіпатэтыка-дэдуктыўны метад навук. даследавання, у якім пераважнае значэнне маюць рацыянальна канструяваныя схемы тлумачэння эмпірычных даных. У сац. сферы прыхільнікі К.р. лічылі ўзорам дэмакр. ўладкавання грамадства ідэальную мадэль навукі — «адкрытую супольнасць» непрадузятых вучоных-даследчыкаў, а сродкамі вырашэння канкрэтных праблем — ажыццяўленне рацыянальных праектаў вытв., культ., паліт. развіцця, выпраўленне сац. дэфектаў, далейшую гуманізацыю ўсіх сфер грамадскага жыцця.

Літ.:

Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;

«Критический рационализм»: Философия и политика. М., 1981;

Поппер К. Логика и рост научного знания: Избр. работы: Пер. с англ. М., 1983;

Современная западная философия: Словарь. М., 1991.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 8, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАДАЛО́ГІЯ,

1) сукупнасць прыёмаў даследавання, якія ўжываюцца ў якой-н. навуцы.

2) Вучэнне пра метады навук. пазнання і пераўтварэнне свету, ужыванне навук. светапоглядных прынцыпаў да працэсу тэарэт. пазнання і практыкі. Пытанні М. пазнання былі аб’ектам увагі яшчэ ў антычнасці, калі Арыстоцель распрацаваў вучэнне аб катэгорыях як арганізуючых формах пазнання (сваю лагічную сістэму ён называў «арганонам» — універсальным сродкам ісціннага пазнання). У сярэдневякоўі праблемы М. не выходзілі за рамкі лагічных пабудоў. У новыя часы М. набыла самастойны статус у сістэме навук. ведаў. Англ. філосаф Ф.​Бэкан упершыню ўзброіў навуку распрацоўкай індукцыйнага метаду, шляхам абгрунтавання ролі эмпірычных метадаў у пазнанні. Франц. вучоны Р.​Дэкарт паставіў на першы план распрацоўку рацыяналістычных асноў М. пазнання, выкарыстанне дэдуктыўнага метаду. Спроба пераадолець абмежаванасць рацыяналістычнай і эмпірычнай плыней у М. была зроблена прадстаўнікамі ням. класічнай філасофіі І.​Кантам, І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінгам, Г.​Гегелем, якія ажыццявілі пераход да распрацоўкі дыялектычнай М. ў яе ідэаліст. форме. Пры гэтым дыялектыка разглядалася як усеагульны метад пазнання і духоўнай дзейнасці. Пераапрацаваныя на матэрыяліст. аснове дыялект. прынцыпы былі пакладзены ў аснову марксісцкай М. Дыялектычна-матэрыяліст. М. (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін) зыходзіць з таго, што навук. пазнанне магчыма толькі тады, калі яно адлюстроўвае аб’ектыўныя законы прыроды і грамадства. Надаючы такой М. рысы ўсеагульнасці, марксізм разглядае яе таксама як сродак рэвалюцыйна-практычнага пераўтварэння рэчаіснасці.

Патрэбы навукі і практыкі 20 ст. абумовілі ператварэнне М. ў спецыялізаваную галіну ведаў. У адрозненне ад тэорыі пазнання, аб’ектам якой з’яўляецца пазнавальная дзейнасць у цэлым, М. акцэнтуе ўвагу на структурнай арганізацыі і сродках пазнання, унутр. механізмах і логіцы развіцця ведаў. Змястоўны аспект М. ўключае ў сябе такія праблемы, як: структура навук. ведаў увогуле і навук. тэорый у прыватнасці; структура і аперацыянальны склад метадаў навукі; крытэрыі навуковасці; заканамернасці нараджэння, функцыянавання і змены навук. тэорый; паняційны апарат навукі і прынятыя ў ёй спосабы тлумачэння; умовы і межы выкарыстання канкрэтных сродкаў М. і інш. Фармальны аспект М. ўключае фармалізаваныя і фармальныя метады даследавання; мову навукі; тыпалогіі сістэм ведаў і г.д. Істотны ўклад ў распрацоўку гэтага кірунку М. зрабілі прадстаўнікі неапазітывізму, якія шырока выкарыстоўвалі метады фармальнай логікі для аналізу навук. ведаў.

Літ.:

Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;

Горский Д.П. Проблемы общей методологии наук и диалектической логики. М., 1966;

Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВАНАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,

з’явы, звязаныя з уздзеяннем магнітнага поля на металы і паўправаднікі, па якіх працякае электрычны ток. Адрозніваюць няцотныя (характарыстыкі гальванамагнітных з’яў мяняюць знак пры змене напрамку поля) і цотныя (не мяняюць знака); падоўжныя (магн. поле накіравана ўздоўж напрамку току) і папярочныя (упоперак да напрамку) гальванамагнітныя з’явы, напр. Хола эфект, магнітарэзістыўны эфект, падоўжны гальванамагн. эфект. Выкарыстоўваюцца для вымярэння велічыні магн. палёў, даследавання электроннага энергет. спектра і механізму рассейвання носьбітаў зараду ў металах і паўправадніках, генерацыі і ўзмацнення эл. поля і інш.

Гальванамагнітныя з’явы абумоўлены скрыўленнем траекторый носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) у магн. полі пад уздзеяннем Лорэнца сілы. Ва ўсіх металах і паўправадніках (акрамя ферамагнетыкаў) з павелічэннем поля павялічваецца ўдзельнае супраціўленне. Павелічэнне супраціўлення металаў у магн. полі, паралельным току, наз. падоўжным гальванамагнітным эфектам. У тонкіх плёнках і дратах выяўляецца залежнасць гальванамагнітных з’яў ад памераў і формы даследаванага ўзору (памерныя эфекты); у моцных магн. палях — квантавыя эфекты, якія вызначаюць неманатонную залежнасць пастаяннай Хола і супраціўлення ад параметраў поля. Гл. таксама Тэрмамагнітныя з’явы.

Літ.:

Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;

Блейкмор Дж. Физика твердого тела: Пер. с англ. М., 1988.

Ф.​А.​Ткачэнка.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКУМЕНТАЗНА́ЎСТВА,

навуковая дысцыпліна, якая вывучае заканамернасці складання дакументаў, распрацоўвае спосабы іх стварэння, прынцыпы арганізацыі дакументаабарачэння і пабудовы сістэм дакументацыі. Вылучылася з архівазнаўства і архіўнай службы. Звязана з крыніцазнаўствам, якое таксама мае аб’ектам даследавання дакумент. Задачы Д.: павышэнне эфектыўнасці дакументацыйнага забеспячэння аператыўнага кіравання, барацьба з ростам выдаткавання паперы і павелічэння плошчаў, занятых пад сховішчы інфармацыі. Д. выконвае канкрэтныя патрэбы грамадства ў дакументальнай сферы: паляпшэнне якасці дакумента і прыстасаванне яго да ўмоў машыннай апрацоўкі інфармацыі; стварэнне машыначытальных дакументаў, мініяцюрызацыя носьбітаў і пераход да бездакументных камунікацый; забеспячэнне выкарыстання дакументаў у аўтаматызаваных банках даных; стварэнне інфармацыйна-пошукавай сістэмы (ІПС) па дакументах, што функцыяніруюць у апараце, і яе сумяшчальнасць з ІПС дзярж. архіваў; распрацоўка рацыянальнай сістэмы ўліку і захоўвання дакументаў; наданне юрыд. сілы інфармацыі, запісанай на машынных носьбітах. З 1966 даследаваннямі ў галіне Д. займаўся Усесаюзны НДІ Д. і архіўнай справы; у якасці сураспрацоўшчыкаў тэм выступалі цэнтр. дзярж. архівы Беларусі. Пытаннямі Д. займаюцца аддзел справаводства і фарміравання Нац. архіўнага фонду Дзярж. к-та па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і Бел. НДІ Д. і архіўнай справы (у 1992—95 Бел. н.-д. цэнтр Д., археаграфіі і архіўнай справы).

т. 6, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),

філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.​Кант, Г.​Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.​Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.​А.​Абрамаў, Л.​Берталанфі, Дж.​Клір, Э.​М.​Сарока, А.​І.​Уёмаў, Ю.​А.​Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)