асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.
Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас.к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел.сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел.нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).
У пачатку Вял.Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн.чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс.чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт.эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.
З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец.Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСО́ЎСКІ (Мікола) (1470-я г. — пасля 1533),
паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Нарадзіўся, найб. верагодна, у в. Уса (Усава) цэнтр. Беларусі, у сям’і лоўчага (паляўнічага). Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў бел. пушчаў. У сталыя гады жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), які ў 1492—99 працаваў сакратаром велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні. Як сведчыць нядаўна выяўлены ў Варшаве тастамент С.Гальшанскай, складзены ў 1518 у Воўпе пад Ваўкавыскам і засведчаны Гусоўскім, ён у той час меў духоўны сан (называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі) і часам выконваў абавязкі публічнага натарыуса. У 1520—22 у складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў на лац. мове паэму «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») і шэраг вершаў (выд. ў зб. «Песня пра зубра», Кракаў, 1523). Вярнуўшыся ў Польшчу, напісаў і апублікаваў у Кракаве паэмы «Новая і слаўная перамога над туркамі» (1524) і «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў нястачы, хваробах, пошуках мецэнатаў і сталага заробку. Неапубл. творы не захаваліся.
Гусоўскі — заснавальнік лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі і Літвы. Быў таленавітай высокаадукаванай асобаю, выхаванай на лепшых нац. і агульнахрысц. культ. традыцыях, шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Дасведчанасць у ант. і еўрап. сярэдневяковай л-ры, выдатнае валоданне латынню сведчаць, што паэт набыў веды ў адным з тагачасных ун-таў. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культ. інтарэсамі і гуманіст. поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. Першыя яго літ. спробы з’явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці.
У літ. спадчыне Гусоўскага самы значны і яркі твор — «Песня пра зубра», першая рэаліст. ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. Адрасаваная найперш еўрап. лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыят. песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невял. твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай бел. рэчаіснасцю. З вял.маст. сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. Сцэны палявання поўныя напружанасці і драматызму, выпісаны з вял. майстэрствам, эмацыянальна і маляўніча, так рэалістычна і дакладна, што могуць служыць своеасаблівым вершаваным падручнікам для паляўнічых. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага — сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэт. натхнення. З горыччу піша ён пра цяжкае становішча свайго народа з прычыны бесперапынных войнаў і сац. прыгнёту, асуджае эгаістычную, антынар. палітыку ўладароў, няздольных арганізаваць абарону краіны ад знешніх ворагаў, заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання перад турэцкай пагрозаю. У эпічных традыцыях Гусоўскі стварыў велічны вобраз вял.кн. Вітаўта як магутнага і справядлівага валадара, таленавітага палкаводца і мужнага воіна, сапраўднага патрыёта сваёй дзяржавы, які клапаціўся пра чысціню нораваў людзей, высокі маральны дух і баяздольнасць воінаў, які ўсе сілы аддаваў умацаванню магутнасці, незалежнасці і высокага міжнар. аўтарытэту сваёй краіны. У паэме выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал паэта з яго верай у дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага, гістарычна і нацыянальна свядомага чалавека. Гэтыя ідэі Гусоўскага аб патрыят. служэнні свайму народу і Бацькаўшчыне, аб дасканалым чалавеку і грамадстве, яго клопат аб развіцці культуры ў краіне пераклікаюцца з ідэямі Ф.Скарыны і паслужылі ідэалагічнай асновай першага бел. Адраджэння. У празаічнай прадмове, звернутай да каралевы Боны, паэт асабліва падкрэслівае непасрэдную сувязь магутнасці дзяржавы са станам навукі, л-ры і мастацтваў, з духоўным абліччам яе грамадзян. «Песня пра зубра» — каштоўная крыніца для вывучэння біяграфіі аўтара, яго поглядаў і творчых прынцыпаў, для пазнання эпохі, у якую ён жыў, этнаграфіі, асаблівасцей духоўнага жыцця і побыту нашых продкаў, прыроды і гісторыі Беларусі позняга сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння. Ідэі хрысц. гуманізму гучаць у інш. вершаваных творах Гусоўскага, прысвечаных розным актуальным тэмам, праблемам і падзеям свайго часу. Паэта глыбока хвалявалі сац. няроўнасць і неспакой у грамадстве, падзенне нораваў і аслабленне веры ў Бога, а таксама небяспека хрысц. царкве, што зыходзіла ад рэфармацыі, якая пачалася ў Еўропе. У гэтым ключы напісана паэма «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта». У творы ў сярэдневяковых агіяграфічных традыцыях выведзены вобраз польск. місіянера 13 ст., які вандраваў па землях Польшчы, Літвы і Русі, паказваючы ўласным прыкладам жыцця, паводзін і ўчынкаў узор самаахвярнага служэння царкве і людзям у духу хрысціянскіх ідэалаў. Асобныя творы Гусоўскага перакладзены на польскую (Я.Каспровіч), літ. (Б.Казлаўскас), рус. (Я.Парэцкі) і інш. мовы. На бел. мову іх перакладалі Я.Семяжон, У.Шатон, Н.Арсеннева. Да творчасці Гусоўскага звярталіся бел. мастакі Э.Агуновіч, У.Басалыга, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Марачкін, М.Селяшчук і інш., драматургі (А.Петрашкевіч), кінематаграфісты. Імем Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.
Тв.:
Песня пра зубра. Мн., 1973;
Песня пра зубра. Мн., 1980;
Песьня пра зубра. Мн., 1994.
Літ.:
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Порецкий Я.И. Николай Гусовский. Мн., 1984;
Калеснік У.А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры: Старажыт. перыяд. 2 выд.Мн., 1996.
В.А.Чамярыцкі.
Да арт. М.Гусоўскі. Вокладка кнігі «Песня пра зубра». Кракаў. 1523.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКІНА́-ФАСО́ (Bourkina Faso),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс.км². Нас. 10 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).
Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Асн.ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.
Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс.н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц.Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр.дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн.т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, 2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр.ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн.прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3 т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн.гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн.чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.
Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г.рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел.культ.-адукац.т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв. т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн.Беларускі хаўрус, у 1938 Бел.жан. грамада імя А.Пашкевіч. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел.этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.Скарыны (1946), Бел.бібліягр. служба (1946), Бел.культ.-асв.т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.Станкевіч, С.Кабыш, А.Марговіч, У.Дудзіцкі і інш.У Бельгіі ў 1947 засн.Бел.цэнтр.к-т на Валоніі, у 1949 створана бел.акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗШАнайб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук.т-ва імя Ф.Скарыны, Бел.бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн.Бел.ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер. інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел.культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел.б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ. цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш.У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн.Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел.літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав.грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп.час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн.Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз.Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел.культ. цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш.Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт.Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ПРЫРО́ДЫ,
сістэма міжнар., дзярж., рэгіянальных і лакальных (мясцовых) гасп.-адм., тэхнал., паліт., юрыд. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, прыроды Зямлі і навакольнай касм. прасторы ў інтарэсах сучаснага і будучага іх выкарыстання чалавецтвам; глабальная праблема сучаснасці, што патрабуе сумесных намаганняў усіх дзяржаў і людзей па яе вырашэнні. Мае важнае гіст. і сац. значэнне, накіраванае на ўсталяванне сістэмы рацыянальнага прыродакарыстання; комплексная міжгаліновая дысцыпліна. Яе састаўныя часткі: ахова атмасферы, ахова водаў, ахова генафонду, ахова глебаў, ахова жывёл, ахова зямель, ахова лясоў, ахова нетраў, ахова раслін і інш. кампанентаў навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў. Уключае папераджальныя мерапрыемствы і актыўныя дзеянні грамадства па падтрыманні аптымальных узаемаадносін паміж дзейнасцю чалавека і навакольным прыродным асяроддзем, прадухілення шкоднага ўплыву гасп. дзейнасці на прыроду і здароўе чалавека, падтрыманне прадукцыйнасці прыроды і прыродных умоў, неабходных для забеспячэння паўнацэннага існавання чалавецтва. Асн. задачы: узгадненне развіцця навук.-тэхн. прагрэсу і нар. гаспадаркі з мерапрыемствамі па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аздараўленне жыццёвага асяроддзя чалавека, захаванне біял. і ўсёй прыроднай разнастайнасці, рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы ўзаемадзеяння грамадства і прыроды, узгадненне адзіных для ўсіх краін знешнепаліт. прынцыпаў аховы планетарнага асяроддзя і інш. У адпаведнасці з гэтым створаны Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП, 1948), распрацавана «Сусветная стратэгія аховы прыроды» (1978, 1992), сфарміраваўся шэраг міжнар. грамадскіх арг-цый і рухаў за ахову прыроды («Грынпіс», рух і партыі «зялёных» і інш.). Рашэннем ААН штогод адзначаецца Міжнар. дзень аховы навакольнага асяроддзя (5 чэрвеня).
Ахова прыроды прадугледжвае сістэму практычных мерапрыемстваў: прыродазнаўча-навук. (вывучэнне і навук. абгрунтаванне асн. кірункаў аховы прыроды, экалагічная экспертыза праектаў), матэрыяльна-тэхн. (матэрыяльнае забеспячэнне прыродаахоўных мерапрыемстваў, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі, удасканаленне тэхнал. працэсаў; стварэнне безадходных і малаадходных тэхналогій), эканамічных (забеспячэнне эканам. эфектыўнасці экалагічных мер), вытворчых (гасп. рэалізацыя праектаў аховы прыроды), сан.-гігіенічных (папераджальныя аздараўленчыя меры), ідэалаг. (выхаванне экалагічнага светапогляду), прававых (распрацоўка і экалагізацыя заканадаўства), арганізацыйных (наладжванне дзейнасці органаў кіравання прыродакарыстаннем, прыродаахоўнага кантролю) і інш.
На Беларусі пад дзярж. аховай знаходзяцца ўсе прыродныя багацці незалежна ад ступені іх пераўтворанасці пад уплывам прыродных і штучных фактараў: зямля, воды, глебы, нетры, лясы, тыповыя ландшафты, рэдкія і каштоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, курортныя і памятныя мясціны, раслінны і жывёльны свет, паветра і інш. Асаблівасці аховы прыроды на Беларусі звязаны з вял. маштабамі гідратэхн.-меліярац. работ, лесаахоўных мерапрыемстваў, празмерным развіццём хім., перапрацоўчай і інш. галін прам-сці з вял. уплывам на прыроднае асяроддзе, шырокім выкарыстаннем у сельскай гаспадарцы мінер. угнаенняў і ядахімікатаў, радыеактыўным забруджваннем тэрыторыі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы і інш. У сувязі з гэтым ажыццяўляюцца шырокамаштабныя работы па ўдасканаленні прыродаахоўнага заканадаўства, меліярацыі зямель і рэкультывацыі ландшафтаў, аднаўленні лясоў, ачыстцы сцёкавых водаў, распрацоўцы і ўкараненні зваротных і паўторных сістэм водакарыстання, газаачышчальных і пылаўлоўных збудаванняў, ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уключэнні малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г.вытв-сць, навук. абгрунтаванні аховы і выкарыстання розных тыпаў зямель, распрацоўцы спец. рэсурса- і прыродаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантролі за выкарыстаннем хім. рэчываў, вядзецца азеляненне населеных месцаў, развіваецца сетка асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, распрацоўваюцца комплексныя і рэгіянальныя схемы аховы прыроды, адпаведныя яе палажэнні ўключаюцца ў праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва, бяруцца пад ахову радовішчы лек.мінер. водаў і тарфянікі, унікальныя прыродныя аб’екты абвешчаны помнікамі прыроды, ахоўваецца шэраг відаў каштоўных, рэдкіх і рэліктавых жывёл і раслін (гл.Ахоўныя жывёлы, Ахоўныя расліны), вядзецца Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь (выд. ў 1981 і 1993); прыродна-кліматычныя фактары шырока выкарыстоўваюцца для ўмацавання здароўя чалавека (турызм, зоны адпачынку, санаторыі, курорты і інш.). Як член ААН Беларусь удзельнічае ў ажыццяўленні Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), праграмы «Чалавек і біясфера» (ЧІБ), у агульнаеўрапейскай нарадзе па супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Заканадаўчыя, выканаўчыя і кантрольныя функцыі ў галіне аховы прыроды выконваюць Камісія Вярхоўнага Савета па пытаннях экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржэканамплан, мін-вы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной гаспадаркі, аховы здароўя, па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.Навук. асновай аховы жывой прыроды з’яўляецца экалогія, прыкладнымі пытаннямі займаецца інжынерная экалогія. Важная састаўная частка прыродаахоўнай дзейнасці — залучэнне да аховы прыроды грамадскасці. Дзейнічаюць Беларускае таварыства аховы прыроды і шэраг інш. грамадскіх арг-цый і фарміраванняў прыродаахоўнага профілю, Рэсп. экалагічны цэнтр навучэнцаў. Работу па ўзнаўленні колькасці дзікіх прамысл. жывёл і барацьбу з браканьерствам вядзе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Прапагандай аховы прыроды займаюцца т-ва «Веды», нар. ун-ты, клубы аматараў прыроды, радыё і тэлебачанне. Развіваецца прыродаахоўная і экалагічная адукацыя. У большасці вышэйшых і сярэдніх навуч. устаноў уведзены курсы аховы прыроды. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць БДУ і Бел.тэхнал.ун-т. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя створаны Бел.н.-д. цэнтр «Экалогія». Навук. даследаванні па ахове прыроды каардынуе Навук. савет па праблемах біясферы і Экалагічная камісія АН Беларусі. Кантроль за станам навакольнага асяроддзя ажыццяўляюць станцыя фонавага маніторынгу (Бярэзінскі біясферны запаведнік), пункт кантролю трансгранічнага пераносу паветра (г. Высокае Брэсцкай вобл.), Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш. Выдаецца экалагічны бюлетэнь «Стан прыроднага асяроддзя Беларусі», час. «Родная прырода», газеты «Экологический вестник», «Беларуская лясная газета», «Экология Минска» і інш.
На Беларусі ахова прыроды — канстытуцыйны абавязак кожнага чалавека і ўсяго грамадства. Заканадаўчай асновай аховы прыроды з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (1993), «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1995), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1982), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1982), «Аб ахове здароўя» (1970); кодэксы Беларусі: водны (1972), лясны (1979), аб нетрах (1976), аб зямлі (1990) і інш. палажэнні прыродаахоўнага заканадаўства, якія ўстанаўліваюць забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Па асобных пытаннях аховы прыроды прыняты спец. пастановы і нарматыўныя акты, вызначана адм. і крымін. адказнасць за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства.
Літ.:
Лукашев В.К., Лукашев К.И. Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980;
Марцинкевич Г.И. Использование природных ресурсов и охрана природы. Мн., 1977;
Основы природопользования. Мн., 1980;
Охрана природы: Природные ресурсы Белоруссии и их рациональное использование. 2 изд. Мн., 1972;
Развитие производительных сил и охрана природы. Мн., 1981;
Реймерс Н.Ф., Штильмарк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978;
Реймерс Н.Ф., Яблоков А.В. Словарь терминов и понятий, связанных с охраной живой природы. М., 1982;
Справочник по охране природы. М., 1980;
Рамад Ф. Основы прикладной экологии: Воздействие человека на биосферу: Пер. с фр.Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСК,
горад абл. падпарадкавання Беларусі, цэнтр Бабруйскага р-на. За 110 км ад абл. цэнтра — г. Магілёў. Вузел чыгунак на Асіповічы, Жлобін, Акцябрскі і аўтадарог на Мінск, Гомель, Магілёў, Калінкавічы, Слуцк, Рагачоў. Порт на р. Бярэзіна. 227,1 тыс.ж. (1995).
Паселішча чалавека на месцы горада існавала ўжо ў канцы 3-га — 2-м тыс. да нашай эры; на рубяжы нашай эры дзейнічаў водны шлях па Бярэзіне. У 6—7 ст. тут існавала слав. паселішча, з 11 ст. — дрыгавічоў. Першае пісьмовае ўпамінанне Бабруйска (летапісны Бобровск, Бобруеск, Бобрусек) адносіцца да 1387. Цэнтр воласці ў ВКЛ, меў магдэбургскае права. У 14 ст. пабудаваны Бабруйскі замак. У 1503—05 спустошаны крымскімі татарамі, у 1506 вытрымліваў аблогі кн. М.Глінскага. З 1565 у Рэчыцкім пав.; уладанне вял. князя, потым Радзівілаў, Гаштольдаў, Трызнаў. Хутка рос у 16—17 ст. У 1620 меў 15 вуліц, 409 двароў, 75 крам, млын, царкву, касцёл, з 1630 тут дзейнічала Бабруйская езуіцкая гімназія. У антыфеад. вайну 1648—51 значна пацярпеў у час аблогі і штурму войскамі гетмана Я.Радзівіла (гл.Бабруйска абарона 1649). Разбурэнні ў час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. прывялі горад у заняпад. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Бабруйскага павета. У 1796 Бабруйску нададзены герб: у сярэбраным полі карабельная мачта і 2 перакрыжаваныя бервяны. У вайну 1812 значныя сілы франц. войскаў адцягнула Бабруйскай крэпасці абарона 1812. З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху (гл.Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823). Развіццю горада спрыяла пракладка шашы Масква—Варшава (1848) і Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1897 у горадзе 34,3 тыс. ж, 19 фабрык і з-даў. Тут адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У 1916—19 працавала Бабруйская жаночая настаўніцкая семінарыя. У студз. 1918 заняты войскамі Ю.Доўбар-Мусніцкага, у маі—ліст. германскімі, у жн. 1919 — ліп. 1920 польск. войскамі. У 1924 створаны Бабруйскі краязнаўчы музей. З 1924 цэнтр Бабруйскай акругі, з 1927 — Бабруйскага раёна. З 1938 горад абл. падпарадкавання. У перадваенныя гады адзін з буйных прамысл. і культ. цэнтраў БССР. З 28.6.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі тут Бабруйскі лагер смерці, загубілі ў Бабруйску і наваколлі каля 100 тыс.грамадзян. Дзейнічала Бабруйскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1944 — 28 тыс.ж. У 1944—54 цэнтр Бабруйскай вобласці. У 1959 каля 97,5 тыс.ж.
Хім.прам-сць: вытв. аб’яднанні: «Бабруйскгідролізпрам», Беларускі шынны камбінат, завод «Беларусьгуматэхніка»; маш.-буд. і металаапр.прам-сць; Бабруйскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Бабруйскі доследна-механічны завод, з-ды вагавымяральных прылад, аўтатрактарных дэталяў і інш. Лёгкая прам-сць: Бабруйская футравая фабрыка, Бабруйская фабрыка мастацкіх вырабаў, Бабруйскі гарбарны камбінат і камбінат нятканых матэрыялаў; ф-кі швейная, валюшна-лямцавая, трыкатажная, абутковая, люстраная. Харч.прам-сць: мясакамбінат, камбінат хлебапрадуктаў; Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», з-ды малочны, маслабойны, кансервавы і інш. Самае вялікае на Беларусі вытв.дрэваапр. аб’яднанне; вытв-сцьбуд. матэрыялаў: Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-ды буйнапанэльнага домабудавання, зборнага жалезабетону. ЦЭЦ. Тэхнікумы: аўтатрансп., лесатэхн., механіка-тэхнал., сельскагаспадарчы (пра кожны гл. асобны артыкул); мед. вучылішча і Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Бальнеагразевы курорт Бабруйск.
Паводле інвентара 1638, Бабруйск меў плошчу 6,75 га на правабярэжжы Бярэзіны. На ўзвышшы размяшчаўся замак, каля ракі — касцёл Пятра і Паўла і царква Мікалая, на вул. Падольнай — Бабруйскі «каралеўскі двор», на вул. Свіслацкай — дом езуітаў, каралеўскі сад, паміж вул. Прудовай і Кісялёўскай — царква Прачыстай Багародзіцы, на вул. Ільінскай — царква Ільі Прарока, на вул. Капыльнічавай — замкавы гасціны дом. Першы праектны план Бабруйска складзены ў 1800, паводле яго горад забудоўваўся да 1810. Развіццё арх.-планіровачнай структуры звязана з буд-вам у Бабруйску (1807—36) на месцы гіст. цэнтра адной з самых моцных у Расіі Бабруйскай крэпасці. У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр горада забудаваны мураванымі будынкамі (жаночая гімназія, банкі, асабнякі, жылыя дамы), у якіх выявіліся рысы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарускага, неабарока, неакласіцызму, мадэрн. У 1920—30-я г. Бабруйск развіваўся па традыцыйнай радыяльна-паўкальцавой схеме на тэр.б. фарштатаў вакол крэпасці і ўздоўж асн. магістраляў — вуліц Мінскай, Рагачоўскай. Пабудаваны дом-камуна, «Дом калектыву», адм. будынкі, у якіх выявіліся рысы канструктывізму, выкарыстаны элементы класічнай спадчыны. У 1960—70-я г. забудоўваўся паводле генплана 1966. Кампазіцыйным ядром застаецца крэпасць, на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Горкага — адм. цэнтр горада з Домам Саветаў. Паводле генплана 1978 кампазіцыйная вось горада — р. Бярэзіна, галоўная — вул. Горкага з новым грамадскім цэнтрам. Вызначаны планіровачныя раёны Цэнтр., Паўн., Паўд. і новы Усходні (в. Цітаўка на левым беразе р. Бярэзіна); прадугледжана інтэнсіўнае жыллёвае буд-ва ў Паўн. раёне, стварэнне паркаў і сквераў уздоўж р. Бярэзіна.
Першыя звесткі пра тэатр. жыццё ў Бабруйску адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю Бабруйскага школьнага тэатра. У 1852 мінскія аматары паказвалі ў Бабруйску п’есу «Сялянка» В.Дуніна-Марцінкевіча, пазней гастраліравалі польск., яўр., рус.тэатр. трупы. У Бабруйску пачыналі творчую дзейнасць рус. акцёры М.Савіна і В.Далматаў. У 1918 арганізаваны Рус.нар.т-р пад кіраўніцтвам А.Пакрасава. У 1920 сфарміраваны Другі паказальны тэатр. У 1932 тут створаны Дзярж.рус.драм.т-рБССР (гл.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі), у 1935 — Т-р рабочай моладзі, у 1938 — калгасна-саўгасны т-р, у 1944 — Бабруйскі абласны драматычны тэатр, у 1956 — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр. З 1970 у Бабруйску дзейнічае Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча. У 1892 у Бабруйску засн.муз.-драм. гурток, з 1921 працавала нар. кансерваторыя, у 1927 створана муз. школа, пачатак дзейнасці якой звязаны з імем Я.Цікоцкага (цяпер носіць яго імя). У 1944—49 працаваў т-рмуз. камедыі, з 1962 Бабруйскі музычна-драматычны тэатр, рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. На 1995 г. ў Бабруйску 2 муз. школы, шматлікія самадз. калектывы. У горадзе Музей народнай творчасці Беларусі, краязнаўчы музей, выставачная зала. Здаўна вядомы традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйску (гл.Бабруйская кераміка). Помнікі: С.М.Халтурыну, В.З.Харужай, воінам 1-га Бел. фронту — вызваліцелям Бабруйска ад ням. фашыстаў. Брацкія магілы падпольшчыкаў і воінаў грамадз. вайны, ваен. інтэрвенцый, сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяраў фашызму Вял.Айч. Вайны.
Цэнтральная плошча ў Бабруйску.Гасцініца «Юбілейная» ў Бабруйску.Да арт.Бабруйск. Асабняк на вул. Пушкіна. 1912.Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў у Бабруйску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сфера дзейнасці дзярж., грамадскіх, паліт. утварэнняў па рэгуляванні міжнац. і міжэтнічных адносін, а таксама ўлік нац. паходжання людзей у дзярж. будаўніцтве, эканоміцы, культуры, адукацыі, асв. і выхаваўчай працы. Тэарэт. аснову Н.п. складае права народа, групы людзей, адной асобы на свабоднае, добраахвотнае, этнічнае, нац., нац.-дзярж., нац.-культ. і інш. самавызначэнне. Н.п., як правіла, скіравана на прадухіленне расколу грамадства, узнікнення войнаў, розных дыскрымінацый на нац. глебе, на стварэнне і развіццё добрасуседскіх узаемапаважлівых, супрацоўніцкіх міжэтнічных і міжнац. адносін. Служыць для вырашэння нац. пытання дастасоўна да канкрэтных умоў гіст. развіцця грамадства, форм і асноў чалавечага супольніцтва. Сусв. грамадства разглядае нац. пытанне як стварэнне спрыяльных умоў для прагрэсіўнага эканам., культ., духоўнага развіцця нацый, народнасцей, нац. і этнічных груп, асобных індывідуумаў, вызваленне людзей ад нац. прыгнёту, паслядоўную барацьбу супраць праяў нацыяналізму і шавінізму. Нац. пытанне не залежыць ад віду грамадска-эканам. фармацыі, як лічылася раней у СССР. Як праблема яно існуе разам з нац. адносінамі, пастаянна зменлівымі задачамі іх усебаковага развіцця, што робіць Н.п. неад’емнай часткай дзярж., грамадскага і культ. жыцця. 20 ст. з’яўляецца перыядам новай актуалізацыі міжнац. адносін, калі міжнац. канфлікты сталі адной з прычын развязвання 1-й і 2-й сусв. войнаў, распальвання сусв. тэрарызму. З-за нешматлікасці нац. інтэлігенцыі працэс нац. адраджэння беларусаў праходзіў марудна. Калі ў агульнай колькасці інтэлігенцыі ў 5 зах. губернях Рас. імперыі прадстаўнікі рус. насельніцтва складалі 29,83%, яўр. — 28,81%, то беларускага — 26,12%. Нязначнай была доля беларусаў сярод рабочага класа (23%) і гар. насельніцтва (каля 17,1%). Дэкларацыя правоў народаў Расіі (2(15).11.1917] і Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (12(25).1.1918] далі пачатак ажыццяўленню Н.п. бальшавікоў на аснове права нацый на самавызначэнне.
1.1.1919 утворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У канцы 1922 БССР разам з РСФСР, УССР і ЗСФСР стала адной з рэспублік — заснавальніц СССР. Тэарэт. аснову рэгулявання міжнац. адносін у СССР складала марксісцка-ленінскае вучэнне (гл.Марксізм-ленінізм) аб нацыі, нац. пытанні, прыярытэце пралетарскай класавай салідарнасці над інш. праявамі грамадскага жыцця. За гады сав. улады на аснове Н.п. атрыманы важкія здабыткі ў эканоміцы, адукацыі, кнігавыдавецкай справе, мастацтве, кінематографе і інш. Пралетарскі інтэрнацыяналізм вышэй за ўсё ставіў яднанне людзей на аснове класавай прыналежнасці і свядомасці. Гэта, з аднаго боку, забяспечвала існаванне агульнай дзяржавы для больш чым 100 нацый і народнасцей, садзейнічала іх эканам. і духоўнаму развіццю, а з другога — нярэдка вяло да штучнай нівеліроўкі іх нац.-этнічных асаблівасцей. Перагібы ў нац. сферы праяўляліся ва уніфікацыі сац. структуры грамадства ў рамках усяго СССР, у якой няпоўнасцю ўлічваліся вытв. магчымасці той ці інш. мясцовасці або рэгіёна. Адмоўную ролю адыгрывалі цэнтралізацыя і адм.-камандныя метады кіравання. Таму сусв.гіст. тэндэнцыі ў нац. адносінах — уздым нац. жыцця і імкненне да інтэрнацыяналізацыі — мелі не заўсёды гарманічны характар, паступова напаўняліся адмоўнымі праявамі. Гэта выявілася (канец 1980 — пач. 1990-х г.) у нац. канфліктах у Алма-Аце, Тбілісі, Крыме, Нагорным Карабаху, Вільнюсе і інш. У выніку пад уплывам розных фактараў было пастаўлена пытанне пра перагляд саюзнага дагавора ад 30.12.1922 і адбылася яго дэнансацыя 8.12.1991 у Віскулях (гл. ў арт.Белавежскія пагадненні 1991). У Беларусі ажыццяўленне Н.п. прадугледжвала пераадоленне эканам. і культ. адсталасці, што склалася гістарычна, развіццё нац. дзяржаўнасці, удасканаленне нац.-дзярж. будаўніцтва ў цеснай сувязі з умацаваннем федэратыўных адносін БССР з РСФСР і інш.сав. рэспублікамі. Значнае месца ў правядзенні Н.п. займала фарміраванне тэрыторыі (гл. ў арт.Узбуйненне БССР). Вырашэнне гэтага пытання было ў асн. завершана ў вер. 1939 пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Значнай падзеяй для Беларусі стаў уваход яе ў 1945 у ААН. У пасляваен. перыяд у рэспубліцы сталі развівацца машынабудаванне, хім.прам-сць, здабыча калійных солей, навукаёмістая вытв-сць. Сістэматычна расла колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Паступова ўлік асаблівасцей бел. эканомікі стаў чыста сімвалічным, паколькі Беларусь усё больш ператваралася ў рэгіён, які абапіраўся на пастаўкі з розных куткоў СССР. У канцы 1950-х г.БССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, у адпаведнасці з рашэннямі XX з’езда КПСС (1956) і 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (1957) пашырыла свае правы ў вырашэнні пытанняў адм.-тэр падзелу, эканам. і бюджэтнай палітыцы. Аднак да прынцыповых дэмакр. змен у адносінах паміж саюзнымі органамі ўлады і рэспублікамі гэтыя меры не прывялі. Н.п. ў Беларусі ўсё больш абмяжоўвалася правядзеннем розных мерапрыемстваў у сферах ідэалогіі і культуры. Тут таксама праяўляліся супярэчнасці паліт. і дзярж. сістэм, што знайшло адлюстраванне ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. Хоць яна дэкларавала пабудову развітога сацыяліст. грамадства, стварэнне гіст. супольнасці людзей — сав. народа, шэраг праблем у матэрыяльным, культ. і духоўным жыцці насельніцтва заставаўся нявырашаным. Асабліва гэта назіралася ў сац. сферы ў параўнанні з многімі замежнымі краінамі, звужэнні сферы выкарыстання бел. мовы, развіцці гуманітарнай адукацыі. Разам з тым атрымалі пашырэнне цікавыя формы міжнац. адносін у культ. жыцці: дэкады нац. культур, дні л-ры сав. рэспублік, абмен дэлегацыямі, сумесныя паездкі дзеячаў культуры, л-ры і мастацтва на новабудоўлі, удзел у правядзенні міжнац. свят і інш. Але ў выніку заарганізаванасці іх змест часта выпустошваўся.
Н.п. не перашкаджала масаваму перасяленню людзей у інш. рэгіёны СССР у форме правядзення важных эканам. мерапрыемстваў. Так, у 1950—70-я г. ў час асваення на У цалінных і абложных зямель, буд-ва Байкала-Амурскай магістралі за межамі БССР апынулася больш за 900 тыс.грамадзян Беларусі (прыкладна 80% з іх беларусы). Перасяленцам даводзілася прымаць дадатковыя захады, каб захаваць традыцыі нац.-культ. жыцця. Моцны ідэалаг. ўціск адчувалі на сабе грамадскія навукі, у задачу якіх уваходзіла распрацоўка тэарэт. асноў Н.п. Нярэдка аўтарам навук. прац адводзілася роля простых каментатараў. У кантэксце працэсаў суверэнітызацыі, якія ў канцы 1980-х г. ахапілі рэспублікі СССР, 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Важнае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь адводзіцца захаванню незалежнасці і суверэнітэту бел. дзяржавы. Гэты курс знайшоў адлюстраванне ў заканадаўчых і нарматворчых актах. Асн. палажэнні Н.п. замацаваны ў абноўленым тэксце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі). У наш час суб’ектамі Н.п. ў Беларусі з’яўляюцца Нац. сход, Савет Міністраў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, розныя грамадскія аб’яднанні і паліт. партыі.
Літ.:
Итоги разрешения национального вопроса в СССР. М., 1936;
Многонациональное советское государство. М., 1972;
В.И. Ленин о национальном вопросе и национальной политике. М., 1989;
Перабудова і міжнацыянальныя адносіны = Перестройка и межнациональные отношения. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЕ́РЫЯ (Liberia),
Рэспубліка Ліберыя (Republic of Liberia), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Мяжуе на З з Сьера-Леоне, на Пн з Гвінеяй, на У з Кот-д’Івуарам. Пл. 111,4 тыс.км²Нас. 3073,2 тыс.чал. (1995). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Манровія. Краіна падзяляецца на 13 графстваў. Нац. свята — Дзень Незалежнасці (26 ліпеня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1986. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны парламент (Сенат і Палата прадстаўнікоў), выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. — вузкая (да 60 км) нізінная раўніна. Углыб краіны тэрыторыя паступова павышаецца і пераходзіць у Леона-Ліберыйскае ўзв.выш. каля 500 м. Над ім уздымаюцца асобныя астраўныя горы (г. Німба, на стыку межаў з Гвінеяй і Кот-д’Івуарам, 1752 м). Карысныя выкапні: жал. руда (больш за 3,5 млрд.т), алмазы, золата, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 23 °C у жн. да 27 °C у красавіку. Ападкаў за год да 1500—2000 мм ва ўнутр. раёнах, да 5000 км на ўзбярэжжы. Рэкі кароткія, паўнаводныя, з парогамі і вадаспадамі. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, саваннавыя рэдкалессі, участкі саваннаў. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. Жывёльны свет разнастайны. У саванне трапляюцца буйвалы, антылопы, леапарды. У лясах шмат птушак, малпаў, змей, насякомых, у т. л. тэрмітаў, мух цэцэ. Нац. парк Сарпа (Сапа), лясныя заказнікі.
Насельніцтва. На тэр. Л. жыве больш за 20 этн. груп. Пераважаюць народы, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. Найб. народы: кпела, лома, мака, банды, кру, кісі, гола. Каля 5% складаюць амерыкана-ліберыйцы (нашчадкі неграў-рабоў з ЗША), жывуць пераважна ў гарадах. 70% насельніцтва вызнае нац.традыц. культы, ёсць мусульмане (20%) і хрысціяне (10%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3%. Сярэдняя шчыльн. 27,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена прыбярэжная паласа — 40—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва (1996). Найб. горад Манровія (962 тыс.ж., 1997). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Б’юкенен, Робертспарт, Харбел. У сельскай гаспадарцы занята 70,5% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 4,5%, у абслуговых галінах — 10,8%. Каля 700 тыс. — 1 млн.грамадзян Л. ў выніку грамадз. вайны (1989—96) вымушаны былі эмігрыраваць. З 1996—97 бежанцы паступова вяртаюцца з суседніх краін.
Гісторыя. Старажытная гісторыя Л. да з’яўлення ў сярэдзіне 15 ст. на яе тэрыторыі еўрапейцаў малавядома. У 1822 група б. неграў-рабоў з ЗША заснавала тут пасяленне Манровія. У 1820—30-я г. ўзніклі інш. пасяленні, якія 1.4.1839 аб’ядналіся ў Садружнасць пасяленняў Ліберыі. 26.7.1847 абвешчана Рэспубліка Л., улада ў якой належала выхадцам з ЗША — амерыкана-ліберыйцам, карэнныя жыхары былі пазбаўлены грамадз. правоў. З 1920-я г. Л. трапіла ў моцную эканам. залежнасць ад амер. кампаній. У студз. 1944 прэзідэнт У.Табмен абвясціў «палітыку аб’яднання», паводле якой карэнныя жыхары ў 1945 атрымалі права голасу. Панаванне амер.-ліберыйскай эліты ў эканоміцы і палітыцы захоўвалася да забойства ў 1980 групай ваенных прэзідэнта У.Толберта. Улада перайшла да Савета нац. выратавання на чале з С.Доу, які ў кастр. 1985 быў выбраны прэзідэнтам Л. У выніку пагаршэння эканам. становішча ў 2-й пал. 1980-х г. і міжнац. спрэчак у грамадстве Л. павялічылася незадаволенасць. У снеж. 1989 узбр. група створанага эмігрантамі Нац.-патрыят. фронту Л. (НПФЛ) на чале з Ч.Тэйларам уварвалася ў Л. з тэр. Кот-д’Івуар. Пасля гібелі Доу ў вер. 1990 пачалася барацьба за ўладу паміж НПФЛ, групамі, якія адкалоліся ад яго і б. прыхільнікамі Доу. У выніку грамадз. вайны 1989—96 загінула каля 150 тыс.чал., 1,2 млн. пазбавіліся прытулку, 700 тыс. уцяклі ў суседнія краіны. 2.8.1996 у г. Абуджа (Нігерыя) падпісана пагадненне пра спыненне агню і раззбраенне ўсіх бакоў канфлікту. На ўсеагульных выбарах у ліп. 1997 прэзідэнтам Л. выбраны Тэйлар.
Л. — чл.ААН (1945), Арг-цыі афр. адзінства. У краіне дзейнічаюць Нац.-патрыят. фронт Л., Незалежны Нац.-патрыят. фронт Л., Аб’яднанне незалежнага руху за дэмакратыю ў Л.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны і ваен. дзеянняў. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае 770 дол. (1994). На сельскую і лясную гаспадарку разам з рыбалоўствам прыпадае 40%, на прам-сць — каля 30%, у т. л. на горназдабыўную — каля 20%. У сельскай гаспадарцы пераважае абшчыннае землеўладанне і дробныя сялянскія надзелы. Ёсць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям або дзяржаве. Найб. развіта земляробства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн.га, у т. л. каля 0,5 млн.га пад ворывам, каля 0,3 млн.га пад шматгадовымі насаджэннямі, каля 0,2 млн.га пад лугамі і пашай. Асн. таварныя культуры: гевея, алейная пальма, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 100 тыс.т пальмавага алею, 10 тыс.т кавы, 5 тыс.т какавы. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць рыс (каля палавіны пасяўной плошчы), маніёк, тара, ямс, бананы, ананасы, арахіс, сою, цытрусавыя. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 40, авечак і коз — каля 500, свіней — каля 100. Развіта лясная гаспадарка. Нарыхтоўка каштоўных парод драўніны складае штогод каля 1 млн.м³, працуе 19 лесапільных з-даў. Марское рыбалоўства (15—20 тыс.т рыбы штогод). У прам-сці гал. роля належыць здабычы карысных выкапняў, якую вядуць замежныя кампаніі. Штогод здабываюць каля 15—20 млн.тжал. руды (1-е месца ў Афрыцы), каля 0,3—0,4 млн. каратаў алмазаў, 3—4 т золата. Да пач. ваенных дзеянняў штогадовая вытв-сць электраэнергіі складала каля 1 млрд.кВт∙гадз, у 1993 атрымана 440 кВт∙гадз. Больш за палавіну электраэнергіі дае ГЭС Маўнт-Кофі на р. Сент-Пол. Апрацоўчая прам-сць развіваецца з 1960-х г.Найб. развіта харчасмакавая галіна (вытв-сць безалкагольных напіткаў, віна, піва, мукі, кансерваў, перапрацоўка рыбы, мяса, агародніны і інш.). Ёсць асобныя прадпрыемствы нафтаперапр., буд. матэрыялаў, хім., лёгкай, мэблевай прам-сці. Больш за 60% прамысл. прадпрыемстваў у г. Манровія. Развіты традыц. рамёствы: прадзенне і ткацтва, выраб цыновак, кошыкаў, скур, разьба па дрэве і інш. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. асфальтавых і гравійных 5,8 тыс.км; чыгунак 490 км. Пад флагам Л. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў прац. заканадаўства плаваюць гандл. судны ЗША і краін Зах. Еўропы агульнай грузападымальнасцю 56,7 млн. брута-рэг. т (1997). Гал. парты — Манровія (разнастайныя грузы) і Б’юкенен (экспарт жал. руды). У краіне 59 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт Робертсфілд каля Манровіі. У 1989 экспарт склаў 505 млн.дол., імпарт — 394 млн. долараў. У экспарце пераважаюць жал. руда (61%), каўчук (20%), драўніна і лесаматэрыялы (11%), кава, у імпарце — паліва, хімікаты, машыны і прамысл. абсталяванне, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры — ЗША і краіны Зах. Еўропы. Знешні доўг Л. перавышае 1,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліберыйскі долар.
Літ.:
Френкель М. Гражданская война в Либерии (1989—1997) // Мировая экономика и междунар. отношения. 1998. № 7.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Ліберыі.Сталіца Ліберыі — горад Манровія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬТА (Malta),
Рэспубліка Мальта (мальтыйскае Repubblika ta’Malta, англ. Republic of Malta), дзяржава на Мальтыйскім архіпелагу, у цэнтр.ч. Міжземнага м. на Пд ад Сіцыліі. Пл. 320 км². Нас. 380 тыс.чал. (1998). Дзярж. мовы — мальтыйская і англійская. Сталіца — г.Валета. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1964 (з папраўкамі 1974 і 1987). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, у склад якога ўваходзяць прэзідэнт і палата прадстаўнікоў (65 дэпутатаў выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Краіна займае 2 параўнальна значныя а-вы — Мальта (пл. 246 км²) і Гоца (пл. 67 км²) і некалькі дробных. У рэльефе пераважаюць закарставаныя вапняковыя плато выш. да 253 м (на в-ве Мальта). Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай дажджлівай зімой; сярэдняя т-ралют. 12 °C, жн. 25 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Рэк і ручаёў няма. У расліннасці пераважае рэдкі травастой са злакаў, на схілах — пусткі з нізкімі сухалюбівымі хмызнякамі і хмызнячкамі. Невял. гаі з хвоі, пініі, дубу. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Гадыра.
Насельніцтва. Каля 98% складаюць карэнныя жыхары — мальтыйцы. Па мове яны блізкія да тунісцаў, па культуры — да жыхароў Паўд. Італіі. Жывуць таксама невял. групы англічан і італьянцаў. Пануючая рэлігія — каталіцызм (больш за 98% насельніцтва). Сярэднегадавы прырост 0,58% (1998). Сярэдняя шчыльн. 1200 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце). Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх.ч. в-ва Мальта. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. У г. Валета 9,1 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс.ж. (1995). Каля 10 тыс.ж. у гарадах Сліма, Хамрун, Рабат, Вікторыя, Зейтун. У прам-сці і буд. занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 2%, астатнія — у абслуговых галінах. Значная эміграцыя (за мяжой жыве каля 150 тыс. мальтыйцаў) пераважна ў Аўстралію і Вялікабрытанію.
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека з’явіліся на М. ў эпоху неаліту каля 4-га тыс. да н.э. З таго часу на а-вах Мальта і Гоца захаваліся унікальныя мегалітычныя культавыя пабудовы. абнесеныя сценамі цыклапічнай муроўкі. З часоў антычнасці М. з-за зручнага геагр. і стратэг. становішча ў цэнтры Міжземнамор’я неаднаразова была аб’ектам каланізацыі і ваен. захопаў. У 13 ст. да н.э. яе каланізавалі фінікійцы. з 8—7 ст. да н.э. — карфагеняне. У 6—3 ст. да н.э. М. — уладанне Карфагена, з 218 да н.э. — Стараж. Рыма, у 395—870 н.э. — Візантыі (у 5 ст. часова захоплена вандаламі, потым остготамі). У 870—1091 М. валодалі арабы, якія значна паўплывалі на гаспадарку, культуру і мову яе насельніцтва. У 1091 заваявана нарманамі і ў 12 ст. далучана імі да Сіцылійскага каралеўства. З 1302 М. разам з Сіцыліяй належала каралеўству Арагон, з 1504 — у складзе падначаленага Іспаніі Сіцылій абедзвюх каралеўства. У 1530 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (адначасова ісп. і сіцылійскі кароль) Карл V перадаў М. каталіцкаму рыцарскаму ордэну іаанітаў (Мальтыйскі ордэн). У 16 ст. М. неаднаразова цярпела ад нападаў тур. флоту і войск. У 1565 рыцары вытрымалі ва ўмацаваннях в-ва Мальта працяглую. і жорсткую тур. аблогу. У 1566 вял. магістр ордэна Ж. дэ ла Валет заснаваў на М. сталіцу — г. Валета. У 1775 адбылося паўстанне мясц. насельніцтва супраць іаанітаў. У 1798 М. захоплена Францыяй. у 1800 — Вялікабрытаніяй, якая стварыла тут ваен.-марскую базу. Стратэг. значэнне М. вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У час 1-й і 2-й сусв. войнаў парты М. служылі базай ваен.-марскіх сіл Вялікабрытаніі і яе саюзнікаў, у 1940—43 яна цярпела ад налётаў ням. і італьян. авіяцыі, ад абстрэлаў і блакады з мора. Пад націскам нац.-вызв. барацьбы мальтыйцаў Вялікабрытанія ў 1921 і 1947 давала М. абмежаванае самакіраванне (адменена ў 1933 і 1959), у 1962 прадаставіла ўраду М. права вырашаць справы краіны. акрамя пытанняў знешняй палітыкі і абароны. З 21.9.1964 М. — незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Да 1974 канстытуцыйная манархія (кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам).
13.12.1974 М. абвешчана парламенцкай рэспублікай. У 1979 з краіны выведзены апошнія брыт. войскі. 14.5.1981 М. афіцыйна абвясціла аб сваім нейтралітэце. Ва ўнутрыпаліт. жыцці асн. барацьба за ўладу адбываецца паміж Нацыяналіст. і Лейбарысцкай партыямі. У перыяд першага праўлення лейбарыстаў (1971—87) створаны моцны дзярж. сектар эканомікі, закладзены асновы незалежнага знешнепаліт. курсу М. З 1994 прэзідэнт краіны — лідэр лейбарыстаў У.Міфсуд Банічы. На парламенцкіх выбарах 1998 перамагла Нацыяналіст. партыя (прыхільнікі ліберальнай эканам. мадэлі з прыярытэтам прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці), яе лідэр Э.Фенек Адамі сфарміраваў урад. Дзейнічаюць таксама Дэмакр. партыя М., рух Дэмакр. альтэрнатыва. Асн. прафсаюзы: Усеагульны саюз рабочых і Канфедэрацыя прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1964), Савета Еўропы (з 1965), асацыіраваны чл.Еўрап.эканам. супольнасці (з 1971). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 16.2.1993.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. 12,9 тыс.дол. (1997). Абслуговыя галіны даюць 61% даходаў краіны, прам-сць — 34%, сельская гаспадарка — 5%. У эканоміцы пераважае замежны (пераважна англійскі) капітал. Дзяржаве належыць шэраг прамысл. прадпрыемстваў, яна фінансуе развіццё партоў, агракомплексаў, прамысл. зон, станцый апраснення марской вады, пашырэнне сеткі атэляў, асваенне непрыдатных зямель. Аснова эканомікі — суднарамонт, транзітна-трансп. паслугі, замежны турызм. Мальтыйскія докі рамантуюць судны больш чым 70 краін свету (адно з найб. суднарамонтных прадпрыемстваў на Міжземным м.), на іх занята больш за 5000 рабочых. Важнае значэнне транзітнага гандлю, забеспячэнне гандл. суднаў розных краін палівам, вадой і інш. Павялічваецца роля замежнага турызму. Штогод бывае больш за 1 млн. турыстаў, пераважна з Вялікабрытаніі, Італіі, краін Паўн. Еўропы. Турыстаў прываблівае маляўнічае ўзбярэжжа, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1994 турызм прынёс даход у 639 млн.дол. Развіты электронная, тэкст., трыкат., абутковая, мэблевая, харч. (кансервы) і харчасмакавая (асабліва вінаробства і тытунёвая) прам-сць, вытв-сцьпрамысл.хім. прэпаратаў, касметычных і фармацэўтычных вырабаў, буд. матэрыялаў і інш. Ёсць з-д па зборцы аўтамабіляў і аўтарамонтныя майстэрні. Развіты саматужныя промыслы — выраб карункаў, філігранных упрыгожанняў, пляценне з саломы, хатняе ткацтва, чаканка па серабры і золаце, шкловыдзімальнае майстэрства. Выпрацоўка электраэнергіі — 1,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Апрацоўваецца каля 14 тыс.га. Значная частка зямлі належыць царкве, якая здае яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі пл. да 2 га. Гал. культуры: ранняя бульба, памідоры, салодкі перац, капуста, цыбуля. Вырошчваюць таксама бахчавыя культуры, бавоўнік, пшаніцу і ячмень. За год здымаюць 2—3 ураджаі.
Развіты садоўніцтва (вінаград, апельсіны, аліўкі, інжыр), кветкаводства і насенная гаспадарка. Жывёлагадоўля развіта менш з-за недахопу кармавых угоддзяў. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 15, свіней — каля 55, коз і авечак — каля 12. Птушкагадоўля (каля 1,5 млн. курэй). Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 1,3 тыс.км аўтадарог. А-вы Мальта і Гоца злучаны паромнай пераправай. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. порт Валета. Міжнар. аэрапорт Лука на в-ве Мальта. У 1996 экспарт склаў 1,7 млрд.дол., імпарт — 2,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання, швейныя і трыкат. вырабы, тканіны, абутак, ранняя агародніна і кветкі, у імпарце — харч. прадукты, паліва, машыны і паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёры: Італія (32% экспарту, 27% імпарту), Германія (адпаведна 16 і 14%), Вялікабрытанія (8 і 13%). Значную ролю адыгрываюць грашовыя пераводы грамадзянМ., якія жывуць за мяжой. Грашовая адзінка — мальтыйская ліра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.Г.Нікіцін (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПР (грэч. Kypros, тур. Kibris),
Рэспубліка Кіпр (грэч. Kypriakē Dēmokratia, тур. Kibris Cumhuriyeti), дзяржава ў Зах. Азіі на аднайм. востраве ва ўсх.ч. Міжземнага м.Пл. 9251 км². Нас. 752,8 тыс.чал. (1997), у т. л. ў тур. частцы на Пн вострава каля 180 тыс.чал. (разам з 80 тыс. перасяленцамі з Турцыі). Дзярж. мовы — грэч. і турэцкая. Сталіца — г.Нікасія Падзяляецца на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.). Паўн.ч. вострава (3355 км²) кантралюецца Турцыяй. На Пд вострава пад суверэнітэтам Вялікабрытаніі 2 ваен. базы пл. 280 км².
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1960. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Пасаду прэзідэнта займае прадстаўнік грэчаскай, віцэ-прэзідэнта — прадстаўнік турэцкай часткі насельніцтва. Прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт ствараюць урад, падсправаздачны ім. Вышэйшы орган заканад. улады — Палата прадстаўнікоў, якую выбірае насельніцтва на 5 гадоў (у яе складзе 70% прадстаўнікоў ад грэкаў і 30% — ад туркаў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, віцэ-прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Уздоўж вострава цягнуцца 2 горныя ланцугі: паўночны — горы Кірэнія (да 1023 м) і Карпас, паўднёвы — горы Траодас (да 1951 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна. З карысных выкапняў ёсць медныя і жал. руды, азбест, буд. матэрыялы і інш. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэднія т-ры на раўніне і ўзбярэжжах у лют. каля 12 °C, у жн. да 28 °C. Ападкаў да 600 мм на ўзбярэжжах, да 1000—1300 мм у гарах (выпадаюць пераважна зімой). Рэчышчы запаўняюцца вадой толькі пасля зімовых дажджоў. Расліннасць: да выш. 500 м вечназялёныя хмызнякі (маквіс, фрыгана), вышэй — лясы (займаюць 18% тэрыторыі) з дубу, кіпарысу, алепскай хвоі. Некалькі рэзерватаў і ахоўных тэрыторый.
Насельніцтва 78% складаюць грэкі, 18% — туркі. Жывуць таксама армяне, арабы і інш. Вернікі — праваслаўныя (грэкі) і мусульмане (туркі). Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 81 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы. У гарадах 55% насельніцтва (1997). У г. Нікасія 186,4 тыс.ж. (1994). Значныя гарады — Лімасол (больш за 100 тыс.ж.), Фамагуста, Ларнака. У прам-сці занята 26% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 12,5, у абслуговых галінах — 61,5%.
Гісторыя. На тэр. К. выяўлены рэшткі неалітычных пасяленняў (6-е тыс. да н.э.). У канцы 15—11 ст. да н.э. востраў каланізаваны ахейцамі, у 9 ст. да н.э. — фінікійцамі; быў адным з цэнтраў мікенскай культуры. У канцы 8 ст. да н.э. падпарадкаваны Асірыяй, каля 560 да н.э. Егіптам, у сярэдзіне 6 ст. — дзяржавай Ахеменідаў. У 333—323 да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага, у 294—58 — дзяржавы Пталамеяў, у 58 да н.э. заваяваны Стараж. Рымам У канцы 4 ст.н.э. адышоў да Візантыі, у 648 заваяваны арабамі, у 965 — Візантыяй. У 1191 востраў захапілі крыжакі і стварылі Кіпрскае каралеўства, якім у 1192—1297 валодала дынастыя Лузіньянаў, потым Антыёхаў-Лузіньянаў. З 1485 К. належаў Венецыі, у 1571 заваяваны Асманскай імперыяй. У 19 ст. тут зарадзіўся рух грэкаў-кіпрыётаў за аб’яднанне К. з Грэцыяй (энозіс). У час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 туркі абвінавацілі правасл. духавенства ў падтрымцы паўстанцаў і арганізавалі разню хрысц. насельніцтва ў г. Нікасія, канфіскавалі ўласнасць манастыроў. У 1878 Вялікабрытанія на падставе падпісанай з Турцыяй сакрэтнай канвенцыі акупіравала К., а ў пач. 1-й сусв. вайны (1914) анексіравала яго, што паводле Лазанскага дагавора 1923 прызнана Турцыяй. У 1925 К. атрымаў статус брыт калоніі. У 1930-я г. тут адбываліся антыбрыт хваляванні, папулярнасць набыла ідэя ўз’яднання К. з Грэцыяй У 1950 архіепіскап Макарыяс III стаў кіраўніком кіпрскай правасл. царквы і ўзначаліў рух за энозіс. У 1955 створана Кіпрская арг-цыянац. вызвалення (ЭОКА), мэтай якой была ўзбр. барацьба за вызваленне К. з-пад брыт. улады і далучэнне да Грэцыі. У сваёй дзейнасці яна выкарыстоўвала тэрарыст. метады, што прывяло да ўвядзення на К. надзвычайнага становішча. Адначасова абвастрыўся канфлікт паміж грэч. і тур. абшчынамі вострава, у якім актыўна ўдзельнічалі Грэцыя і Турцыя. Барацьба кіпрыётаў завяршылася падпісаннем Цюрыхска-Лонданскіх пагадненняў 1959, якія прадугледжвалі прадастаўленне дзярж. незалежнасці К., вызначылі асновы яго дзярж. ладу, але абмежавалі суверэнітэт: Грэцыя і Турцыя атрымалі права трымаць на востраве свае войскі, Вялікабрытанія — 2 вайск. базы.
16.8.1960 К. абвешчаны незалежнай рэспублікай. Першым прэзідэнтам абраны архіепіскап Макарыяс III, віцэ-прэзідэнтам — прадстаўнік тур. абшчыны Ф.Кучук. Канстытуцыя 1960 вызначыла прынцыпы сумеснага пражывання на востраве грэч. і тур. абшчын, але ў 1963 паміж імі пачаліся адкрытыя сутычкі. У 1964 ААН увяла на К. свае войскі. З вяртаннем у 1971 на востраў лідэра ЭОКА ген. Г.Грываса ўзмацніўся паліт. націск грэч. ўрада з мэтай далучэння К. да Грэцыі. У 1974 адбылася спроба дзярж. перавароту, падтрыманага грэч.ваен. хунтай. У адказ Турцыя пад выглядам аднаўлення канстытуцыйнага ладу і абароны туркаў-кіпрыётаў увяла на востраў свае войскі, акупіравала 37% яго тэр.. што прывяло да фактычнага расколу К. на 2 адасобленыя часткі. У 1975 на акупіраванай Турцыяй тэр. абвешчана Федэратыўная тур. дзяржава Рэспубліка К. У 1977 прэзідэнтам К. абраны С.Кіпрыяну. У 1983 ААН заклікала Турцыю вывесці свае войскі з К. У адказ тур. бок ператварыў акупіраваную частку К. ў Тур. рэспубліку Паўночнага К. на чале з прэзідэнтам Р.Дэнкташам. Абвяшчэнне сепаратысцкай дзяржавы туркаў-кіпрыётаў асудзіў Савет Бяспекі ААН. У 1984 туркі-кіпрыёты ўвялі ўласную валюту і пашпарты. Прэзідэнт Рэспублікі К. з 1993 Г.Клірыдыс. К. — чл.ААН (з 1960), Садружнасці (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 9.4.1992. Дзейнічаюць партыі: Дэмакр. збор, Партыя лібералаў, Прагрэс. партыя працоўнага народа К., Дэмакр. партыя, Адзіны дэмакр. саюз цэнтра і інш.
Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна з моцна развітой сферай міжнар. турызму і адпачынку. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7,8 млрд.дол., больш за 10 тыс.дол. на 1 чал. Палітыка кіраўніцтва краіны накіравана на ператварэнне К. ў гандл., фін. і турыстычны цэнтр Усх. Міжземнамор’я з прыцягненнем замежных капіталаўкладанняў. Апрацоўчая прам-сць дае каля 17% даходаў, сельская гаспадарка — каля 8, сфера паслуг (у т. л. замежны турызм) — каля 47%. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча медных, жал. і хромавых руд, азбесту, кухоннай солі, гіпсу, вохры, мармуру. Вытв-сць электраэнергіі 2,6 млрд.кВт∙гадз (1995). ЦЭС працуюць на імпартнай нафце. Развіта харчасмакавая (віны, аліўкавы алей, кансерваваныя фрукты, агародніна, тытунёвыя вырабы) і лёгкая (тэкст., швейная, дрэваапр., парфумерная, гарбарна-абутковая) прам-сць. Асобныя прадпрыемствы машынабудавання. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, хімікатаў. У г. Ларнака нафтаперапр.з-д. У г. Лімасол выраб він і каньякоў. Саматужна-рамесніцкія промыслы (кераміка, метызы), вытв-сць сувеніраў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 600 тыс.га зямель, у т. л. пад ворывам каля 350 тыс.га (каля 100 тыс.га арашаецца). Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (2/3 пасяўных зямель). Існуюць збытавыя, крэдытныя і спажывецкія кааператывы. Некаторыя з іх маюць невял. прамысл. прадпрыемствы. На свае патрэбы вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, авёс), бабовыя, агародніну. Экспартныя культуры: цытрусавыя (апельсіны, лімоны, грэйпфруты), вінаград, ранняя бульба. Тэхн. культуры: тытунь, бавоўна, лён. Садоўніцтва: вырошчваюць яблыкі, грушы, міндаль, персікі, грэцкія арэхі, ражкі (плады ражковага дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба (авечкі, козы, свінні). Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Марскія промыслы. Пчалярства і шаўкаводства. Вял. роля ў эканоміцы належыць замежнаму турызму і адпачынку. К. прываблівае турыстаў мяккім кліматам, выдатнымі пляжамі, цёплым морам, горнымі курортамі, шматлікімі помнікамі гісторыі і культуры, развітой сеткай пансіянатаў і атэляў. Штогод краіну наведвае каля 2,5 млн. замежных грамадзян. У 1994 замежны турызм і адпачынак прынеслі краіне 1,7 млрд.дол. даходу. Найб. турыстаў бывае з Вялікабрытаніі, Германіі, рэспублік б.СССР, арабскіх краін. На К. дзейнічаюць 17 тыс. афшорных кампаній, якія карыстаюцца падатковымі льготамі і прыносяць краіне штогадовы даход каля 200 млн. долараў. Транспарт аўтамабільны, марскі, паветраны. Працягласць аўтадарог каля 12 тыс.км. У краіне 220 тыс. легкавых аўтамабіляў, 104 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). К. належыць да краін адкрытай рэгістрацыі марскога флоту. Замежным мараходным кампаніям выгадна рэгістраваць свае судны ў К. (абкладаюцца нізкім падаткам), таму фармальна К. мае гандл. флот у 18 млн. рэг. т. Гал. парты: Ларнака, Фамагуста, Лімасол. К. — вузел міжнар.авіяц. шляхоў. У міжнар. аэрапорце Ларнака перакрыжоўваюцца паветр. лініі, якія злучаюць блізкаўсх., паўн.-афр. і еўрап. краіны. У 1995 экспарт склаў 1,23 млрд.дол., імпарт — 3,69 млрд. долараў. К. экспартуе цытрусавыя, прадукцыю вінаробства, горназдабыўной і лёгкай прам-сці; імпартуе нафтапрадукты, спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Расія, Італія, Японія, Ліван. Грашовая адзінка — кіпрскі фунт. Для тур. часткі вострава характэрна скарачэнне прамысл. вытв-сці і аб’ёмаў капіталаўкладанняў, рост бюджэтнага дэфіцыту. Асн. ролю ў эканоміцы адыгрывае сфера паслуг — 70% ВУП, доля сельскай гаспадаркі складае 7,5, прам-сці — 13,5, турызму — 5%. Узровень жыцця значна ніжэйшы, чым на Пд. У 1984 тур. ліра аб’яўлена афіц. грашовай адзінкай на тур.ч. вострава.
Літ.:
Шпаро О.Б. Захват Кипра Англией. М., 1974;
Анисимов Л.Н. Проблема Кипра: Ист. и междунар.-правовой аспекты. М., 1986.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Кіпра.Да арт.Кіпр. Ландшафт у цэнтральнай частцы вострава.