ГА́МА ((Gama) Васка да) (1469, г. Сініш, Партугалія — 24.12.1524),
партугальскі мараплавец, які ўпершыню праклаў марскі шлях з Еўропы ў Індыю. Адмірал (1502). Граф Відыгейра (1519). На чале экспедыцыі з 4 караблёў (выйшла з Лісабона ў ліп. 1497) абагнуў з Пд Афрыку і з дапамогай араб. лоцмана Ахмеда ібн Маджыда ў маі 1498 дасягнуў інд. порта Калікут. Са 168 маракоў у Партугалію жывымі вярнуліся 55 (вер. 1499). У час экспедыцыі 1502—03 на чале армады (20 караблёў з дэсантам пяхоты і артылерыі) разбурыў Калікут, стварыў крэпасць у порце Кочын, заснаваў шэраг апорных баз-факторый на Малабарскім беразе, усх. узбярэжжы Афрыкі і інш. У 1524 прызначаны віцэ-каралём Індыі і здзейсніў туды апошняе плаванне. Памёр у крэпасці Кочын. Экспедыцыі Гамы садзейнічалі каланізацыі Індыі партугальцамі і ўстанаўленню іх кантролю за міжнар. гандлем у Індыйскім акіяне.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. Т. 2. С. 39—44, 84—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я НІ́ЖНЯЯ,
прыродная вобласць у Цэнтр. Афрыцы, уздоўж узбярэжжа Гвінейскага зал. і Атлантычнага ак., паміж зал. Біяфра на Пн і нізоўямі р. Кванза на Пд. Уключае вузкую (50 — 100 км) прыморскую нізіну і стромка ўзнятае над ёю Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Пераважныя выш. ад 700 да 2000 м, найб. — 4070 м (дзеючы вулкан Камерун). Клімат пераходны ад экватарыяльнага на Пн да трапічнага пасатнага на Пд. Вільготнасць памяншаецца з Пн на Пд пад уплывам халоднага Бенгальскага цячэння. Ападкаў на б.ч.тэр. 1000—1500 мм за год, на наветраных схілах гор 3000—4000 мм (на зах. схілах г. Камерун больш за 10 000 мм — самае вільготнае месца Афрыкі). На тэр. Гвінеі Ніжняй у акіян упадае р. Конга (Заір). На Пн — вечназялёныя экватарыяльныя лясы, на Пд ад вусця р. Конга пераважаюць саванны. На крайнім Пд знаходзяцца прыморскія нізіны — паўпустыні і пустыні. У межах Гвінеі Ніжняй поўнасцю або часткова размешчаны Камерун, Экватарыяльная Гвінея, Габон, Конга, Заір, Ангола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРЫ́ЛА, вадзяніца (Hydrilla),
манатыпны род кветкавых раслін сям. жабнікавых. Вядомы 1 від — гідрыла кальчаковая (H. verticillata). Пашырана пераважна ў тропіках і субтропіках Еўропы, Азіі, Афрыкі і Аўстраліі; на поўначы Еўропы, у т. л. на Беларусі трапляецца як занесеная або рэліктавая расліна. Часта ўтварае зараснікі ў азёрах Бел. Паазер’я (найб.паўн. і паўн.-ўсх. месцы росту ў Еўропе). Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовая апушчаная ў ваду двухдомная травяністая расліна з доўгім ніткападобным сцяблом даўж. да 3 м і рэдкімі галінкамі, на якіх утвараюцца шчыльныя пупышкі (прыстасаванне для вегетатыўнага размнажэння). Лісце лінейнае, эліпсоіднае або яйцападобнае, сядзячае, па 3—8 у кальчаках, радзей парнае, цёмна-зялёнае, рэдка чырв.-фіялетавае. Цвіце рэдка. Кветкі дробныя, аднаполыя, акружаны пакрывалам, сядзяць па 1 у пазухах лісця, тычынкавыя зеленавата-белыя, аддзяляюцца і ўсплываюць на паверхню, песцікавыя — белаватаплеўкавыя. Плод цыліндрычны, ягадападобны, маланасенны. Прыдатная для аквакультуры, корм для рыб і вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЁН (Acer),
род кветкавых раслін сям. кляновых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца дзікарослы від К. вастралісты (A. platanoides). Расце ў дубова-грабавых і ялова-шыракалістых лясах, зрэдку ўтварае кляновыя лясы. З інтрадукаваных найб. вядомыя К.: ілжэплатанавы, або явар (A. pseudoplatanus), татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), прырэчны, або Гінала (A. ginnala), чырвоны (A. rubrum), зеленакоры (A. tegmentosum), мона (A. mono), серабрысты, або цукрысты (A. saccharinum).
Лістападныя дрэвы і кусты выш. ад 6—7 да 40 м з раскідзістай густой кронай. Лісце простае, лопасцевае або перыстае, чаранковае, супраціўнае. На працягу вегетацыі змяняе колер ад чырв.-зялёнага праз цёмна-зялёны да чырв.-аранжавага. Кветкі раздзельнаполыя ў шчытках, мяцёлках або гронках. Плод — двухкрылатка. Драўніна з высокімі тэхнал. якасцямі, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі. З соку некат. відаў атрымліваюць кляновы цукар. Меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗІ (Cygnus),
род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 7 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Афрыкі і Антарктыды На Беларусі 3 віды: Л.-шыпун (C. olor), Л.-клікун (C. cygnus) і Л. малы, або тундравы (C. bewickii). Жывуць на прэсных вадаёмах. Л.-шыпуна і Л. чорнага (C. atratus) гадуюць як дэкар. птушак. Л.-шыпун занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Л.-шыпун даўж. да 1,8 м, масай да 13 кг; дзюба чырв., з чорным нарастам. Л.-клікун даўж. да 1,6 м, масай да 12 кг; дзюба лімонна-жоўтая з чорным, без нарасту. Л. малы даўж. да 1,2 м, масай да 7 кг; дзюба чорная з жоўтымі плямамі па баках каля асновы. Апярэнне гэтых відаў белае. Добра плаваюць, ныраць не могуць з-за пнеўматызацыі шкілета. Кормяцца раслінамі і дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Гняздуюцца каля вады Нясуць 3—5 (зрэдку да 12) яец. На Беларусі паляванне на Л. забаронена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТРАТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ (ад лац noster наш),
макрасям’я моў, якая ўключае шэраг моўных сем’яў і моў Еўразіі і Афрыкі (індаеўрапейскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, уральскія мовы, дравідыйскія мовы, алтайскія мовы, картвельскія мовы). Падзяляюцца на ўсходненастратычныя (уральскія, дравідыйскія, алтайскія) і заходненастратычныя (індаеўрап., картвельскія, семіта-хаміцкія). Дакладныя межы настратычнай сям’і не вызначаны. Роднасць Н.м. у наяўнасці ў іх генетычна тоесных каранёвых і афіксальных марфем (каля 1000). Корпус каранёвых марфем уключае ў сябе карані адзінак асн. слоўнікавага фонду, што адлюстроўваюць найб. значныя для чалавека рэаліі і паняцці (часткі цела, роднасныя адносіны, асн. з’явы прыроды, назвы жывёл і раслін, прасторавыя адносіны, элементарныя дзеянні і працэсы, асн. якасці). Фаналагічная структура настратычнай прамовы мела, верагодна, 7 галосных і вял. колькасць зычных. Многія даследчыкі лічаць настратычную сістэму блізкай да аглюцінатыўнай (гл.Аглюцінатыўныя мовы). Гіпотэзу пра роднасць Н.м. выказаў у пач. 20 ст. дацкі вучоны Х.Педэрсен. Яе навук. абгрунтаванасць даказаў рас. вучоны У.Іліч-Світыч.
Літ.:
Иллич-Свитыч ВМ. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. Т. 1—3. М., 1971—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАНДЭРТА́ЛЬЦЫ (Homo neandertalensis),
палеаантрапы, стараж. людзі, якія жылі ў эпоху палеаліту. Назва ад даліны Неандэрталь у Германіі, дзе ў 1856 упершыню знойдзены рэшткі шкілета гэтага выкапнёвага чалавека. Пазней рэшткі Н. знойдзены ў розных мясцінах Еўропы, Азіі, Афрыкі (акрамя Амерыкі і Аўстраліі). Па аб’ёме мозга Н. займаюць прамежкавае становішча паміж сучасным чалавекам і пітэкантрапам, сінантрапам, атлантрапам і гейдэльбергскім чалавекам. Чэрап Н. вызначаецца нізкім скляпеннем, пакатым ілбом, вял. надвочнымі валікамі і вышынёй твару. Падзяляюцца на больш старажытных, звязаных з ашэльскай культурай, і больш позніх, звязаных з мусцьерскай культурай. Паводле шматлікіх прыкмет раннія Н. маюць большае падабенства да сучасных людзей, чым познія. У Н. фарміравалася абстрактнае мысленне, зараджаліся грамадская свядомасць і мастацтва. Лічаць, што Н. былі першымі людзьмі, якія праніклі на тэр.паўд. і паўд.-ўсх. Беларусі ў сярэднім палеаліце.
Літ.:
Алексеев В.П. Человек: Эволюция и таксономия: некоторые теорет. вопросы. М., 1985;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Л.І.Цягака.
Неандэрталец (фас і профіль). Рэканструкцыя М.М.Герасімава. 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЦА,
1) від прасцейшай стараж. халоднай зброі ўдарнага або кідальнага дзеяння. Вядома з эпохі палеаліту. Выраблялася з цвёрдых парод дрэў у выглядзе дубіны даўжынёй да 1,2 м, масай да 12 кг. Мела з патоўшчанага канца каменныя, потым метал. (бронза, жалеза) навершы; больш тонкі канец служыў дзяржаннем. П. былі на ўзбраенні стараж. пешых і конных воінаў. Пазней разнавіднасцямі П. сталі булава, пярнач, шастапёр і да т.п., якія служылі таксама сімваламі ўлады начальніцкіх асоб у шэрагу краін (ВКЛ, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна і інш.). Разнавіднасцю П. з’яўляюцца некат. ўзоры халоднай зброі ў абарыгенаў Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Акіяніі (захавалася да сярэдзіны 20 ст.). З кідальных П. развіўся бумеранг — баявая і паляўнічая зброя ў Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі, Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы, у многіх аўстралійскіх плямён.
2) Ромбападобная парчовая хустка, што носяць на грудзях, частка адзення архімандрытаў і заслужаных святароў.
Драўляная кідальная паліца карэнных жыхароў раёна Дэгрэй-Рывер у Паўночна-Заходняй Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛІКАНАПАДО́БНЫЯ (Pelicaniformes),
весланогія (Steganopodiformes), атрад вадаплаўных птушак. Вядомы з ранняга эацэну (каля 40 млн.г. назад). 6 сям.: бакланавыя, змеяшыйкавыя, олушавыя, пеліканавыя, фаэтонавыя і фрэгатавыя, 56 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, пераважна ў субтропіках на ўзбярэжжах мораў, па берагах рэк, азёр. Большасць відаў селіцца калоніямі. На Беларусі адзначаны як рэдкі від — баклан вялікі і залётны від — пелікан ружовы (Pelecanus onocrotalus). 5 відаў і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Птушкі сярэдніх і буйных памераў, размах крылаў да 3 м, маса ад 400 г да 14 кг. Апярэнне шчыльнае, густое. Ногі кароткія, з плавальнай перапонкай (злучае ўсе 4 пальцы). Ёсць гарлавы мяшок (акрамя фаэтонавых). Кормяцца рыбай і інш. воднымі жывёламі. Манагамы. Нясуць да 6 яец. Некат. віды бакланаў, олушаў і пеліканаў — асн. выпрацоўшчыкі гуана на ўзбярэжжах Паўд. Амерыкі і Паўд.Афрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,
блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв.эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.