мост з пралётнымі збудаваннямі, асноўнымі нясучымі канструкцыямі якіх з’яўляюцца суцэльныя бэлькіабо бэлечныя фермы. Адрозніваюць бэлечны мост з простымі бэлечнымі пралётнымі збудаваннямі, што апіраюцца на 2 апоры, і неразразныя, якія апіраюцца на 3 апоры і болей. Пралётныя збудаванні робяць са сталі, алюмінію, жалезабетону, дрэва. На бэлечным мосце з бэлькамі суцэльнага профілю пралётныя збудаванні робяць звычайна з яздой па версе, з бэлечнымі фермамі — пераважна па нізе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАВО́Д,
гідратэхнічнае збудаванне для падачы вады да месца яе спажывання. Бываюць замкнёнага (трубаправоды, тунэлі) і незамкнёнага (каналы, латкі) папярочнага сячэння. Рух патоку вады напорны або безнапорны (самацёкам). Асн. характарыстыка — прапускная здольнасць (расход вады), якая вызначае памеры папярочнага сячэння. Адрозніваюць вадаводы энергетычныя (дэрывацыйныя і турбінныя; падача вады да ГЭС), асушальныя, арашальныя, сістэм водазабеспячэння. Вырабляюць са сталі, жалезабетону (у т. л. папярэдне напружанага), драўніны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧО́С,
верхняе мохавае і травяное покрыва на тарфяных балотах, якое лёгка аддзяляецца ад торфу. Слой звязаны каранямі жывой травяністай расліннасці, рызоідамі, сцёбламі і галінкамі імхоў. У Беларусі таўшчыня ачосу звычайна 10—15 см, найб. 50 см. У ім канцэнтруецца макс. колькасць мікраарганізмаў (і пажыўных рэчываў для іх), адбываюцца асн. працэсы торфаўтварэння. Пры здабычы торфу ачос нарыхтоўваюць асобна або заворваюць. Прыдатны для вырабу кармавых дражджэй, спірту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАМАГНІТО́МЕТР,
прылада для вымярэння магн. поля Зямлі з лятальнага апарата (ЛА). Датчык (адчувальны элемент) аэрамагнітометра размяшчаецца на крыле або хвасце ЛА і ахоўваецца ад яго ўласнага магн. поля аўтам. кампенсатарамі, пры больш дакладных вымярэннях буксіруецца ў гандоле на кабель-тросе на адлегласці да 50 м ад ЛА. Найб. дакладныя ядз. (пратонныя) і квантавыя аэрамагнітометры маюць адносную хібнасць вымярэнняў да 10−5 і да 10−7 адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЭЛЕ́ІТ,
мінерал падкласа простых аксідаў, двухвокіс цырконію (ZrO2). Мае ў сабе 96,5—99% ZrO2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі каротка- або доўгапрызматычныя, таблітчастыя. Колер жоўты, зялёны, карычневы, чорны. Бляск тлусты, шкляны. Цв. 6,5. Крохкі. Шчыльн. 5,4—6 г/см³. Трапляецца ў карбанатных і ультраасноўных шчолачных пародах, алмазаносных і інш. россыпах. Сыравіна для керамічнай прам-сці, вытв-сці абразіваў, ферасплаваў і атрымання метал. цырконію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАСТЭРО́Н,
мужчынскі палавы гармон (андраген). Асн. прадукт метабалізму тэстастэрону, падобны да яго біял. дзеяннем — здольны выклікаць узмацненне або ўзнікненне другасных палавых адзнак у пазваночных жывёл і чалавека. У значнай колькасці выводзіцца з мачой. Гарманальная актыўнасць андрастэрону прыкладна ў 10 разоў слабейшая, чым тэстастэрону; выкарыстоўваецца ў медыцыне для ацэнкі ўзроўню прадукцыі андрагенаў у арганізме і пакладзена ў аснову колькаснай ацэнкі біял. дзеяння мужч. палавых гармонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕМО́МЕТР (ад анема... + ...метр),
прылада для вымярэння скорасці ветру і газавых патокаў. У недыстанцыйных анемометрах скорасць патокаў вызначаецца па скорасці вярчэння ветравога кола, вінта, крыжавіны з паўшар’ямі (анемометр чашачны) або па дадатным ціску (т.зв. трубка Піто), у тэрмаанемометрах — па цеплааддачы нагрэтага дроту. Выкарыстоўваецца таксама аўтаматычны анемометр з сігнальным прыстасаваннем для выяўлення небяспечных парываў ветру і ўключэння проціаварыйных прыстасаванняў. Для бесперапыннага запісу скорасці ветру служаць анемографы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПО́ДЫ [ад анты... + грэч. pus (podos) нага],
1) жыхары дыяметральна процілеглых пунктаў на паверхні зямнога шара. У пераносным сэнсе — людзі з процілеглымі поглядамі, густамі або рысамі характару.
2) Антыподы ў біялогіі — клеткі, размешчаныя ў процілеглым яйцаваму апарату (яйцаклеткі і сінергіды) краі зародкавага мяшка пакрытанасенных раслін. Колькасць іх ад 1 да 300 (часцей 3). Нярэдка антыподы моцна разрастаюцца і садзейнічаюць перадачы пажыўных рэчываў з тканак семязавязі зародку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫТЭ́ЗА (ад грэч. antithesis процістаўленне) у літаратуры, стылістычная фігура, супастаўленне кантрастных або процілеглых з’яў і паняццяў, якое ўтварае адзінае структурна-лагічнае цэлае. Семантычны кантраст звычайна перадаецца пры дапамозе антонімаў з выкарыстаннем рытмічнага і сінтаксічнага паралелізму (напр., «лепей з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці»). На аснове антытэзы будуюцца і вял. эпічныя творы, што выяўляецца ў іх назвах — «Вайна і мір» Л.Талстога, «Агонь і снег» І.Шамякіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФІЛІ́Т (ад апа... + грэч. phyllon ліст),
пародаўтваральны мінерал падкласа слаістых сілікатаў KCa4[Si4O10]2F∙8H2O. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Таблітчастыя, прызматычныя крышталі або зярністыя, ліставатыя і інш. агрэгаты, шчыльныя масы. Бясколерны, белы, бледна-жоўты, ружовы ці зялёны. Празрысты. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 4,5—5. Шчыльн. 2,3—2,4 г/см³. Гідратэрмальны мінерал. Трапляецца ў міндалінах і друзах у базальтах, пустотах і трэшчынах у гранітах, вапняках, скарнах і інш.