паслядоўнікі адной з плыней у пратэстантызме. З’явіліся ў ЗША у пач. 20 ст. У аснову іх веравучэння пакладзена евангельскае паданне пра сыходжанне св. духа на апосталаў — вучняў Хрыста на 50-ы дзень пасля яго ўваскрэсення (свята Пяцідзесятніцы), што і дало назву плыні. Адсюль іх сцвярджэнне, што сапраўднаму верніку неабходны непасрэдныя зносіны з Богам празсв. духа, а таксама наяўнасць яго дароў — «гаварэння на іншых мовах» (гласалалій), прароцтва. Значнае месца ў П. адводзіцца ідэі блізкасці канца свету, другога прышэсця Хрыста і ўсталявання яго 1000-гадовага царства на Зямлі. Неабходны для П. абрад «хрышчэння св. духам» дасягаецца асаблівым комплексам доўгіх маленняў і пастамі. Для культу П. характэрны наяўнасць «прарокаў» і «прарочыц», вера ў магчымасць цудоўнага вылячэння і інш. Практыкуюцца абрады воднага хрышчэння і хлебапераламлення, у часткі П. — абмывання ног. П. не маюць цэнтралізаванай арг-цыі, якая б грунтавалася на адзіным веравучэнні, дысцыпліне, абраднасці. Існуе шэраг самаст. кірункаў П., у т. л. на Беларусі — хрысціяне веры евангельскай (ХВЕ), хрысціяне веры апостальскай (ХВА), хрысціяне поўнага евангелля (ХПЕ).
Першыя паслядоўнікі ХВЕ з’явіліся ў 1920-я г. ў Зах. Беларусі на тэр. Палескага ваяв. ў выніку дзейнасці замежных місіянераў і рээмігрантаў з ЗША і наз. таксама зеленасвёнткаўцы (ад польскай назвы Пяцідзесятніцы — Zielone Swiątki). Ва ўсх. Беларусі, дзе іх было значна менш, яны наз. таксама варанаеўцы (у гонар першага прапаведніка гэтага вучэння ў СССР І.Я.Варанаева). У 1930 абшчыны ХВЕ Палескага ваяв. (больш за 1 тыс.чал.) увайшлі ў Саюз ХВЕ у Польшчы (цэнтр у г. Лодзь). З 1929 Саюз выдаваў час. «Примиритель». У канцы 1944 была створана Царква ХВЕ у Літ. ССР, БССР і УССР з цэнтрам у г. Баранавічы, на чале з епіскапам І.К.Панько і ген. сакратаром С.І.Вашкевічам. Аднак у рэгістрацыі іх царкве было адмоўлена з-за іх экстатычнай абраднасці. Тады частка абшчын на чале з кіраўніцтвам Царквы ХВЕ у 1945 увайшла ў зарэгістраваны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ) са згодай адмовіцца ад гаварэння на «іншамовах». Частка абшчын ХВЕ, якія не пайшлі на рэгістрацыю, дзейнічала падпольна. У 1-й пал. 1970-х г. некат. абшчыны ХВЕ атрымалі дазвол на аўтаномную рэгістрацыю (па-за межамі ЕХБ), у 1989 аб’яднанне ХВЕ з ЕХБ распалася. У наш час ХВЕ займаюць першае месца сярод пратэстанцкіх плыней Беларусі. На 1.1.2001 зарэгістравана 443 абшчыны, якія аб’яднаны ў Саюз ХВЕ Беларусі.
ХВА (або евангельскія хрысціяне ў духу апостальскім — ЕХВДА, таксама смародзінцы ў гонар заснавальніка гэтай плыні ў Расіі ў пач. 20 ст. М.П.Смародзіна) прызнаюць большасць агульных догматаў П., але адмаўляюць траістасць Бога. На іх думку, толькі ў Ісусе Хрысце ўвасабляецца Бог-бацька, Бог-сын і Бог—св. дух. Адсюль іх інш. назва — ісусаўцы. Разам з тым хрышчэнне св. духам у шэрагу іх абшчын не лічыцца абавязковай умовай для асабістага выратавання. Паслядоўнікі ХВА пашыраны ў Гродзенскай вобл. (Мастоўскі р-н, Гродна і інш.) і ў Брэсцкім р-не (в. Страдзеч, Медна і інш.). У 1947 ЕХВДА, каб атрымаць рэгістрацыю, як і ХВЕ, увайшлі ў саюз ЕХБ. У 1970-я г. іх пачалі рэгістраваць аўтаномна. На 1.1.2001 на Беларусі 9 абшчын ХВА. ХПЕ сваім веравучэннем і рэліг. практыкай найб. блізкія да ХВЕ. Першыя абшчыны ХПЕ узніклі на Беларусі ў пач. 1990-х г. з актыўным удзелам місіянерскіх груп з ЗША, Канады, Швецыі. Іх членамі сталі пераважна маладыя вернікі з абшчын ХВЕ у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Мікашэвічах (Брэсцкая вобл.). Ад ХВЕ яны адрозніваюцца ў асноўным знешнім бокам сваіх малітоўных сходаў; шмат увагі аддаюць сумесным спевам рэліг. гімнаў з плясканнем у далоні і танцамі пад акампанемент сучасных муз. ансамбляў. Вял. аўтарытэтам у вернікаў карыстаецца пастар, які праводзіць абрад вылячэння верай з ускладаннем рук. На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічаюць 54 абшчыны, якія ўваходзяць у рэліг. аб’яднанне абшчын ХПЕ.
Літ.:
Баптизм и баптисты. Мн., 1969;
Москаленко А.Т. Пятидесятники. 2 изд. М., 1973;
Каліноўскі В. Этнаграфічная спецыфіка пяцідзесятніцкае вёскі на Берасцейшчыне // Форум: Інфарм.-культур. бюл. 1995—96. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНЫ́ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перавозак пасажыраў і грузаў па ўнутр. водных шляхах (рэках, азёрах, вадасховішчах, каналах). Судны Р.т. паводле прызначэння падзяляюцца на транспартныя, тэхнічныя і дапаможныя. Да транспартных суднаў належаць пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя судны, штурхачы і буксірныя судны. Тэхнічны флот складаецца з суднаў для правядзення пуцявых работ, службова-дапаможныя судны — ледаколы, паромы, плывучыя краны, таксама парты, прыстані, брандвахты, рамонтныя майстэрні, рамонтна-эксплуатац. базы і інш. Рачныя судны бываюць самаходныя (параходы, цеплаходы, электраходы і інш.) і несамаходныя (баржы, баркасы, ліхтэры і інш.). Вылучаюцца магістральныя рачныя шляхі, у т. л. міжнародныя, якія абслугоўваюць знешнегандл. перавозкі некалькіх дзяржаў (напр., рэкі Дунай, Одэр, Рэйн, Амур, Парагвай, Нігер), міжраённыя, што абслугоўваюць перавозкі паміж буйнымі раёнамі ўнутры краіны (напр., рэкі Волга, Янцзы, Місісіпі), і мясцовыя, якія абслугоўваюць унутрыраённыя сувязі. Р.т. у многіх краінах мае шэраг пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту — меншыя затраты на суднаходства і ніжэйшы сабекошт перавозак.
Узнік за тысячы гадоў да н.э. ў Месапатаміі, Стараж. Егіпце, Кітаі 1 інш. Напачатку выкарыстоўваліся грабныя і ветразевыя судны. У 12—14 ст. з ростам гарадоў, размешчаных на рэках, і развіццём гандлю павялічваліся перавозкі грузаў па вадзе Буд-ва шлюзаваных рачных шляхоў (16 ст.) значна палепшыла суднаходства. У развіцці Р.т., падзешаўленні рачных перавозак вял. ролю адыграла выкарыстанне на суднах паравога рухавіка (19 ст.). У Расіі першыя штучныя водныя сістэмы пабудаваны ў 18 — пач. 19 ст., паравое рачное суднаходства пачало развівацца з 1815, на Украіне — з 1823. У 1857 арганізавана «Рускае таварыства параходства і гандлю».
Р.т. развіты ў многіх краінах свету. У ЗША нафта і нафтапрадукты, вугаль, мінер.-буд. і інш. грузы перавозяцца па рэках бас. Місісіпі, якія злучаны каналамі з Вялікімі азёрамі, маюць выхад празр. Гудзон да ўзбярэжжа Атлантычнага ак. У Канадзе грузаперавозкі ажыццяўляюцца па Вялікіх азёрах і р.Св. Лаўрэнція. У Зах. Еўропе Р.т. найб. развіты ў Германіі (Рэйн. Эльба, Одэр і сістэмы каналаў, якія злучаюць іх), Францыі і Нідэрландах. Для сувязей паміж краінамі Паўд.-Усх. Еўропы вялікае значэнне мае Дунай. На Украіне Р.т. развіты на Дняпры. Р.т. мае вял. значэнне для Кітая (Янцзы, Хуанхэ, Вялікі канал), Індыі і Бангладэш (Ганг і Брахмапутра, шматлікія пратокі іх агульнай дэльты), Пакістана (Інд), краін Паўд.-Усх. Азіі (Іравадзі, Меконг і інш.), Бразіліі (Амазонка з прытокамі), Аргенціны (Ла-Плата з прытокамі), краін Афрыкі (Конга, Нігер, Ніл) і інш.
На Беларусі воднымі шляхамі карысталіся са стараж. часоў для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па рэках Дняпро і Зах. Дзвіна праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Па рэках Прыпяць і Зах. Буг ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У 1920—30-я г. Р.т. ператварыўся ў развітую галіну нар. гаспадаркі. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс.км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял.Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 Р.т. адноўлены. Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад р. Прыпяць да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл.). Рачныя зносіны ажыццяўляюцца па рэках Дняпро, Гарынь, Прыпяць, Сож, Бярэзіна (прыток р. Дняпро), Нёман, Зах. Дзвіна. Агульная працягласць эксплуатуемых водных шляхоў у канцы 20 ст. склала каля 2500 км. Рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот Р.т. прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе», глісіраваныя «Зара» і інш. У экскурсійна-прагулачных мэтах выкарыстоўваюцца спецыялізаваныя судны «Масква». У 1998 перавезена 141 тыс. пасажыраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРТР (Sartre) Жан Поль (21.6.1905, Парыж — 15.4.1980),
французскі філосаф, пісьменнік і літаратуразнавец, прадстаўнік экзістэнцыялізму і фенаменалогіі. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1929). З 1931 выкладаў у ліцэях Парыжа, Гаўра і Ліёна. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнік руху Супраціўлення. З 1945 узначальваў час. «Les temps modernes» («Новыя часы»). У цэнтры філасофіі С. — феномен чалавека і анталогія яго свядомасці. Крытыкаваў псіхааналіз і эксперым. псіхалогію, якія ператвараюць чалавека ў «раба сваіх эмоцый» і здымаюць з яго адказнасць; распрацаваў экзістэнцыяльна-псіхааналітычны метад, які даследуе асобу ў працэсе «самавынаходніцтва». У гал.філас. працы «Быццё і нішто» (1943) прапанаваў анталагічную канцэпцыю свету, які ўяўляў як сукупнасць 3 форм быцця: «быцця-ў-сабе» (цэласны, самадастатковы і нязменны наяўны матэрыяльны свет), «быцця-для-сябе» (свет чалавечай свядомасці), «быцця-для-іншага» (свет індывідуальнай свядомасці чалавека ва ўспрыняцці інш. асобы). Лічыў, што чалавек знаходзіцца ў адвечным антаганізме ў адносінах і да матэрыяльнага свету, і да «быцця-для-іншага», якое выяўляецца ў барацьбе за доказ уласнай свабоды. На думку С., чалавек «асуджаны» на свабоду; імкненне шляхам самападману («кепскай веры») ухіліцца ад свабоды і звязаных з ёй адзіноты і адказнасці за выбар ператварае чалавека са свядомай істоты ў адзінку матэрыяльнага свету. У «Крытыцы дыялектычнага розуму» (1960, незавершаная) вызначыў у якасці недахопаў марксізму жорсткі дэтэрмінізм і недаацэнку ролі асобы ў гіст. працэсе; распрацаваў сац. анталогію, заснаваную на сінтэзе экзістэнцыялізму, фенаменалогіі і марксізму. Празаічныя і драм. творы С. прасякнуты экзістэнцыяльнымі ідэямі адчужанасці ад знешняга свету і самаадчужанасці чалавека (раман «Млоснасць», 1938), немагчымасці пазбавіцца ад абсурднасці рэчаіснасці (зб.апавяд. «Мур», 1939), шляху да свабоды і цяжару адказнасці за выбар (п’еса «Мухі», 1943; незавершаная тэтралогія «Дарогі свабоды», 1945—49), асуджанасці на адзіноту (п’еса «Пры зачыненых дзвярах», 1945) і інш. Проза С. спалучае рысы традыц. рэалізму, «плыні свядомасці» і натуралізму, эсэістычнасці і дакументалізму. С. імкнуўся пашырыць межы біягр. жанру: распрацаваў канцэпцыю «рамана рэальнай асобы», у якім разглядаў чалавека як «тыповую універсальную адзінку сваёй эпохі», спалучаючы маст. метады з экзістэнцыялізмам, псіхааналізам і навук. аналізам сац. асяроддзя. Прынцыпы «рамана рэальнай асобы» развіваў у творах «Бадлер» (1947), «Святы Жанэ, камедыянт і пакутнік» (1952), аўтабіягр. аповесці «Словы» (1964) і канчаткова замацаваў у рамане «Ідыёт у сям’і» (т. 1—3, 1971—72). Асаблівае месца ў яго творчасці належыць драматургіі. У п’есах імкнуўся да прытчавасці і развіваў прынцыпы ўласнай канцэпцыі «тэатра сітуацый», у якім універсальныя першаасновы чалавечай экзістэнцыі выяўляюцца праз прызму канкрэтнай сітуацыі («Мёртвыя без пахавання», 1946; «Брудныя рукі», 1948; «Д’ябал і Гасподзь Бог», 1951; «Пустэльнікі Альтоны», 1960 і інш.). Гісторыю л-ры разглядаў у кантэксце агульнага культ.-гіст. працэсу, лічыў, што кожны літ. стыль быў «ангажыраваны» пэўным класам, які імкнуўся да панавання ў грамадстве. С. адстойваў сац.-пераўтваральную функцыю л-ры і канстатаваў крызіс зах.-еўрап. л-ры 20 ст. як вынік «дэкласаванасці пісьменнікаў» («Што такое літаратура?», 1947). На бел. мову прозу і драматургію С. перакладаў З.Колас. П’еса С. «Пры зачыненых дзвярах» пастаўлена ў Дзярж. маладзёжным тэатры Рэспублікі Беларусь (1994) і Мінскім абл. тэатры (1996). Нобелеўская прэмія 1964, ад якой С. адмовіўся.
Тв.:
Бел.пер. — Мур: Апавяданні. Мн., 1991;
Пры зачыненых дзвярах // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Герострат: [Сб.]. М., 1992;
Проблемы метода. М., 1994;
Ситуации: Антология лит.-эстет. мысли. М., 1997;
Идиот в семье: Г.Флобер от 1821 до 1857. СПб., 1998;
Грязными руками: Пьесы. Харьков;
М.;
Назрань, 1999;
Дороги свободы. М.;
Назрань;
Харьков, 1999;
Что такое литература?; Слова. Мн., 1999; Бытие и ничто: Опыт феноменол. онтологии. М., 2000; Тошнота: Роман; Стена: Рассказы. Харьков; М., 2000.
Літ.:
Долгов К.М. Эстетика Жана-Поля Сартра. М., 1990;
Арон Р. Мнимый марксизм: Пер. с фр.М., 1993;
Андреев Л.Г. Жан-Поль Сартр: Свободное сознание и XX в. М., 1994;
Мілаш Ч. Дастаеўскі й Сартр: Пер. з пол. // Arche. 2000. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫЛЬ (лац. stilus, stylus ад грэч. stylos палачка для пісьма),
устойлівае адзінства вобразнай сістэмы і сродкаў маст. выразнасці; форма маст. самавызначэння эпохі, рэгіёна, нацыі, сац. або творчай групы, асобнага творцы. Цесна звязаны з эстэт. самавыяўленнем, у шырокім сэнсе распаўсюджваецца на ўсе віды дзейнасці чалавека (С. жыцця, паводзін, адзення і інш.) і з’яўляецца адной з важных катэгорый культуры. Паняцце «С.» часта асацыіруецца з канкрэтнымі відамі творчасці і прымае іх гал. характарыстыкі (жывапісны або графічны, эпічны або лірычны і інш.), з рознымі сац.-быт. ўзроўнямі і функцыямі моўных зносін (афіцыйны, дзелавы, нефармальны, размоўны і інш.; гл. таксама Стылістыка). У мастацтве вызначэнне С. базіруецца на агульнасці характэрных прыкмет твора, што карэняцца ў сац.-гіст. умовах, светапоглядзе, светаадчуванні, метадзе мастацкім творцы, у агульных заканамернасцях маст.-гіст. працэсу.
У культурах стараж. цывілізацый С. быў цесна звязаны з канонам. У розныя гіст. перыяды С. спецыфічна разглядаўся ў розных відах мастацтва, дзе ў пэўнай ступені выяўляў свае тыповыя прыкметы ў суадносінах зместу і формы. Тэорыя С. як маст.-гіст. катэгорыі распрацавана ў канцы 19 — пач. 20 ст. Г.Вёльфлінам і А.Рыглем, якія абсалютызавалі тыпалагічныя прыкметы С., вызначалі яго як фармальную структуру і разглядалі яго змену як гал. прынцып гіст. развіцця мастацтва. У сучаснай тэрміналогіі паняцце «С.» мае вял. дыяпазон: вызначэнне сумы ўстойлівых прыкмет, якія характарызуюць вобразную і фармальную структуру мастацтва пэўнай гіст. эпохі (раманскі стыль, готыка, рэнесанс (гл.Адраджэнне), барока, класіцызм, ракако, мадэрн; у такім кантэксце С. таксама з’яўляецца адным з гал. элементаў сінтэзу мастацтваў]; вызначэнне маст. эпохі паводле храналагічных вех, пераважна дынастычных (напр., «С. Людовіка XIV» у Францыі, «віктарыянскі С.» у Англіі, «паўлаўскі С.» у Расіі); характарыстыка прыкмет групы помнікаў ці маст. кірунку ўнутры гіст. перыяду (геам. С. размалёвак стараж.-грэч. керамікі, звярыны стыль, мяккі стыль і інш.); вызначэнне маст. асаблівасцей пэўнага рэгіёна (напр., візант. С.); нац. С. (тэрмін, альтэрнатыўны паняццю нац.маст.школа), крытэрый якога — фарміраванне нац. класікі, дзе закладваюцца асновы традыцый і стыліст. пераемнасці празфалькл. вытокі, традыцыі нац.прафес. культуры і блізкіх, роднасных культур; вызначэнне індывідуальнай манеры творцы (напр., «С. Пусэна», «С. позняга Рэмбранта», «С. Бетховена», «С. Чайкоўскага», «С. Я.Коласа», «С. Я.Брыля»). З 17 ст. развіццё еўрап. мастацтва не ўкладваецца ў межы адзінага (т.зв. вялікага) С.: адначасова суіснавалі і знаходзіліся ў складанай узаемасувязі барока і класіцызм, з 18 ст. — позняе барока, класіцызм і ракако; творчасць буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва (напр., Д.Веласкес, Рэмбрант, І.С.Бах, Вальтэр, Сімяон Полацкі) не ўкладваецца ў межы ніводнага С., хаця і ўзаемадзейнічае з імі. У 19—20 ст. стылістычнае адзінства знікае, развіццё мастацтва вызначаецца складанымі ўзаемаадносінамі маст. кірункаў і плыняў, якія маюць свае стылявыя прыкметы (рамантызм, сентыменталізм, рэалізм, імпрэсіянізм, кубізм, абстракцыянізм, канструктывізм, сюррэалізм, сацыялістычны рэалізм, суровы стыль, поставангард і інш.); узрастае роля С. творчай індывідуальнасці. Спроба стварэння ў канцы 19 — пач. 20 ст. адзінага С. мадэрн стала штуршком для пошукаў новых варыянтаў «сучаснага С.». У 20 ст. пашырылася тэндэнцыя да надання паняццю «С.» больш шырокага значэння — «С. эпохі» і вызначэння яго як сукупнасці агульных рыс, што адрозніваюць культуру адной гіст. эпохі ад другой.
Літ.:
Лисса З. О сущности национального стиля: Пер. с нем. // Вопросы эстетики. М., 1964 Вып. 6;
Соколов А.Н. Теория стиля. М., 1968;
Скребков С.С. Художественные принципы музыкальных стилей. М., 1973;
Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Михайлов М.К. Стиль в музыке. Л., 1981;
Ломинадзе С.В. Концептуальный стиль и художественная целостность // Контекст, 1981. М, 1982;
Бартенев И.А., Батажкова В.Н. Очерки истории архитектурных стилей. М., 1983;
Медушевский В. К проблеме сущности, эволюции и типологии музыкальных стилей // Музыкальный современник. М., 1984. Вып. 5;
Каплун А.И. Стиль и архитектура. М., 1985;
Лосев А.Ф. Проблема художественного стиля. Киев, 1994;
Яго ж. Форма—Стиль—Выражение. М., 1995;
Власов В.Г. Стили в искусстве: Словарь. Т. 1. СПб., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ВЯЗЬу эканоміцы,
галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае перадачу і прыём інфармацыі рознымі тэхн. сродкамі; частка вытв. і сац. інфраструктуры грамадства, прызначана для задавальнення патрэб насельніцтва органаў дзярж. кіравання і суб’ектаў гаспадарання ў паслугах С.
У старажытнасці С. ажыццяўлялася праз пасланцоў (конных і пешых), якія перадавалі паведамленні вусна, а таксама падачай умоўных светлавых сігналаў. З узнікненнем пісьменнасці пачала складвацца паштовая С. (гл.Пошта). З пач. 19 ст. пачала стварацца правадная С. У 1832 П.Л.Шылінг вынайшаў эл. тэлеграф, у 1873 С. Морзе — электрамагнітны тэлегр. апарат, у 1876 А.Г.Бел — тэлефон, у 1895 А.С.Папоў — радыё, што стала пачаткам бяздротавай С. (гл. Сувязь у тэхніцы).
На Беларусі першая тэлегр. лінія Мінск — Бабруйск пачала працаваць у 1859. У 1896 у Мінску пабудавана тэлеф. станцыя на 100 нумароў, у пач. 20 ст.тэлеф. станцыі мелі 16 гарадоў Беларусі, працавала каля 400 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа. У 1925 у Гомелі і Мінску пачалі працаваць радыёстанцыі магутнасцю 1,2 кВт. У 1930-х г. развівалася міжгародняя тэлефонная С., будаваліся аўтам.тэлеф. станцыі. Да 1940 усе 195 гарадоў і раённых цэнтраў БССР былі тэлефанізаваны, 653 населеныя пункты абслугоўваліся міжгародняй тэлеф. С. Сельская тэлеф. С. ахоплівала 80% сельсаветаў, амаль усе МТС, пераважную большасць калгасаў і саўгасаў. Пасля Вял.Айч. вайны сетка прадпрыемстваў С. адноўлена і пачала развівацца на новай тэхн. аснове. З 1945 дзейнічае пастаянная радыётэлегр. С. паміж Мінскам і Масквой, з 1966 у Мінску па фотатэлеграфе прымаюцца матрыцы маскоўскіх газет, з 1967 працуе відэатэлефон. З 1956 у Мінску пачаліся рэгулярныя тэлевізійныя перадачы. Пабудаваны паштамты ў Мінску (1954), Віцебску (1960), Магілёве (1961), Гродне (1970). З 1970 у Мінску дзейнічае аўтам. міжгародняя тэлеф. станцыя, пазней такія станцыі створаны ў Віцебску, Гродне. У 1972 завершана аўтаматызацыя гар. і сельскай тэлеф. С. У 1980-я г. пачалося ўкараненне электронных тэлеф. станцый, з’явіліся першыя міжнар. каналы С. Мінск—Беласток, Мінск—Варшава. У 1990-я г. ўведзены ў эксплуатацыю першая ў СССР лічбавая аўтам. міжгародняя тэлеф. станцыя, комплекс станцый спадарожнікавай С., які забяспечыў тэлеф. С., Інтэрнет, абмен тэлевіз. праграмамі з Індыяй, Канадай, ЗША і інш. краінамі. Насельніцтва, прадпрыемствы і ўстановы Беларусі абслугоўваюць 118 гар. і раённых вузлоў і 3883 аддзяленні С., у т. л. 3100 сельскіх. У структуры С. разам. з традыц. відамі актыўна ўкараняецца радыёсувязь і перадача даных, уведзена міжнар.тэлегр. станцыя «Тэлекс», пашыраецца сетка электроннай пошты. Укаранёны аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі і падрыхтоўкі суправаджальнай дакументацыі па міжнар. пошце і інш. Створана сучасная лічбавая інфраструктура электрасувязі верхняга ўзроўню (гл.Лічбавае радыёвяшчанне, Лічбавае тэлебачанне). Здадзеныя ў эксплуатацыю на базе лічбавага абсталявання магістральныя валаконнааптычныя лініі С. (гл.Валаконна-аптычная сувязь) звязалі паміж сабой усе абл. цэнтры рэспублікі; міжнар. лініі звязалі Беларусь з сумежнымі краінамі. Пейджынгавая С. забяспечвае 40% тэр. краіны, сотавай радыёсувяззю можа карыстацца 55% насельніцтва рэспублікі, а з дапамогай роўмінгу — яе абаненты ў Балгарыі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Украіне. Трансліруецца 5 праграм тэлебачання і 6 радыёвяшчання (асн. паказчыкі С. агульнага карыстання гл. ў табл.). Беларусь з’яўляецца членам Міжнар. саюза электрасувязі, Сусветнага паштовага саюза, Міжнар. арг-цыі касм. сувязі і інш.
М.П.Талочка.
Асноўныя паказчыкі сувязі агульнага карыстання на Беларусі
1985
1990
1995
2000
Колькасць прадпрыемстваў сувязі (пошта, тэлеграф, тэлефон)
4468
4169
3940
3883
у т. л. ў сельскай мясцовасці
3476
3359
3137
3100
Адпраўлена, млн.
пісьмаў
351
302
134
132
газет і часопісаў
1756
2200
568
531
пасылак
9.3
8,2
0,6
0,7
тэлеграм
10,8
10,6
2,4
1,5
грашовых пераводаў і пенсіённых выплат
31,1
37
32,8
30
Колькасць міжгародніх тэлефонных размоў, млн.
108,2
193,5
248,3
528,6
Колькасць тэлефонных апаратаў, тыс.
1099,6
1670,1
2087,8
2875
у т. л. у гарадах
861,4
1329
1676,8
2340
у сельскай мясцовасці
238,2
341,1
411
535
Забяспечанасць насельніцтва хатнімі тэлефонамі на 100 сем’яў, шт.
23
37
49
75
Колькасць абаненцкіх установак сеткі «Тэлекс», шт.
—
157
381
3152
Колькасць зарэгістраваных факсімільных апаратаў (тэлефаксаў), шт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНТАСТЫ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА, фантастыка,
сукупнасць літ. твораў, дзе на аснове рэальных уяўленняў ствараецца лагічна несумяшчальная з імі карціна свету. У Ф.л. складваецца адметны тып вобразнасці, які вызначаецца высокай ступенню ўмоўнасці, арган. зліццём якасна разнародных і ў рэальнасці неспалучальных элементаў.
Фантаст. вобразы ўзніклі на ўзроўні першабытнага мыслення: у іх увасоблены абагульнена-цэласныя, нерасчлянёныя ўяўленні архаічнага чалавека пра свет. Кожная эпоха спарадзіла асобныя сістэмы (тыпы) фантаст. вобразаў. Так, міфалагічную фантастыку гістарычна змяніла казачная, дзе цудадзейныя з’явы і пераўтварэнні лічацца нормай. Уласна Ф.л. вылучылася як спецыфічны метад маст. адлюстравання жыцця па меры аддалення фалькл. форм ад практычных задач асэнсавання і асваення рэчаіснасці, рытуальна-магічнага ўздзеяння на яе. Ад міфалогіі і фальклору Ф.л. наследавала падкрэсленую канцэптуальнасць маст. светаўспрымання, сімволіка-метафарычную скіраванасць вобраза, здольнасць злучаць у наглядна-сэнсавае адзінства эмпірычна несумяшчальныя факты рэчаіснасці.
У ант. л-ры эстэтыка цудоўнага (прыкмета ўзнікнення ўласна Ф.л.) рэалізуецца ў сюжэтных матывах блуканняў, пошукаў-паломніцтваў, метамарфозаў (творы Гамера, Вергілія, Апулея і інш.). Сярэдневякоўе актуалізавала фантаст. вобразнасць праз жанры нар. сказанняў, легенд, паданняў, рэліг. містэрый. Выключнае месца займае фантаст. гратэск, гіпербалізацыя, дэфармацыя вобраза рэчаіснасці ў еўрап. рэнесансавай л-ры: Ф.Рабле, У.Шэкспір, М.Сервантэс, Т.Мор і інш. З 18 ст. развіваюцца традыцыі утапічнай л-ры, дзе свет уяўляецца мадэллю ідэальнай рэальнасці. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. ў зах.-еўрап. і амер. л-рах атрымаў пашырэнне «гатычны раман», угрунтаваны ў тэматыцы і праблематыцы «сусветнага зла» (творы Х.Уолпала, Г.Радкліф, Ж.Казота).
Сапраўдным спосабам маст. пазнання фантастыка стала ў эстэтыцы і паэтыцы рамантызму (І.В.Гётэ, Э.Т.А.Гофман, А.Шаміса, У.Блейк, Э.По, В.Жукоўскі, раннія творы А.Пушкіна і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. Ф.л. набыла новае змястоўна-фармальнае напаўненне (творы Ж.Верна, Г.Уэлса). У 20 ст. сфарміраваўся асобы від Ф.л. — навуковая фантастыка, вытокі якой узыходзяць да эпохі станаўлення сучаснай навукі (17—18 ст.). Для яе характэрна стварэнне фантаст. вобразаў на аснове навук. гіпотэз (К.Чапек, С.Лем, А. і Б. Стругацкія, О.Хакслі, К.Вонегут, С.Кінг). Побач з тэрмінамі «Ф.л.», «фантастыка» часта выкарыстоўваецца паняцце фэнтазі — асаблівы від літ. казкі, якой уласцівы матывы чарадзейства, магіі, рыцарскага эпасу ў спалучэнні з прыёмамі рэалізму (А.Блэквуд, Дж.Толкін, Д.Лаўкрафт).
У бел. л-ры крыніцы фантаст. сюжэтаў і вобразаў — нац. міфалогія і фальклор («Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я.Баршчэўскага, «Купала» В.Дуніна-Марцінкевіча, «У зачараваным царстве» М.Багдановіча, «Сон Анупрэя» З.Бядулі, «Сказ пра Вяля» М.Танка і інш.). Узор навуковай фантастыкі — «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» Я.Маўра. У бел.гіст. прозе фантаст.-ўмоўны элемент — вынік рамантызацыі і міфалагізацыі мінулага (творы У.Караткевіча, У.Арлова, В.Іпатавай, В.Чаропкі, Э.Ялугіна). У бел. л-ры канца 20 ст. атрымала развіццё сац. фантастыка з элементамі утопіі і антыутопіі. Павелічэнне ўмоўна-фантаст. пачатку адчуваецца ў прозе апошніх гадоў І.Шамякіна («Paradies auf Erden», зб. аповесцей «Сатанінскі тур»). На сумяшчэнні фантастычнага і рэальнага будуюцца некат. творы Г.Багданавай («Паляванне на Любаву, або Інтымная хроніка часоў міжвер’я»), П.Васючэнкі («Белы мурашнік»), Б.Пятровіча («Жыццясон»), А.Глобуса («Дамавікамерон»), Ю.Станкевіча («Бесапатам», «Прузі»), А.Наварыча («Рабкова ноч»), У.Някляева («Вежа»), Л.Рублеўскай («Старасвецкія міфы горада Б.»), А.Федарэнкі («Сінія кветкі», «Смуга») і інш. Сінтэз філас. прытчавасці, сімвалічнай шматзначнасці маст. адлюстравання рэчаіснасці часам актуалізуе прыёмы і сродкі Ф.л. ў творах В.Быкава («Сцяна», «Хвастаты»), Я.Сіпакова (зб. прыпавесцей «Тыя, што ідуць»), А.Мінкіна («Краіна Хлудаў»), Ф.Сіўко («Удог»). Містычна-фантаст. праявы ўласцівыя творам У.Рубанава («Не аднойчы забіты»), А.Бароўскага («Ахутавана»), А.Казлова («Дзеці ночы — служкі зла»).
Літ.:
Кагарлицкий Ю.И. Что такое фантастика? М., 1974;
Каваленка В.А. Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры. Мн., 1981;
Штэйнер І.Ф. Народна-фантастычныя вытокі беларускай балады // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук 1982. №3;
Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;
Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. Мн., 2001;
Ханеня С.І. Амплітуда мастацкасці: Умоўнасць у бел. прозе канца XX ст. Гомель, 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАРЭНЦІ́ЙСКАЯ У́НІЯ 1439,
акт аб арганізацыйным аб’яднанні пад уладай рымскага папы ўсяленскіх каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, абвешчаны на царк. саборы ў Фларэнцыі (Італія). Правасл. царква мусіла прызнаць каталіцкія догматы — «filioque» (зыходжанне Св. Духа не толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына, існаванне чыстца і інш.) пры захаванні абраднасці і богаслужэння на грэч., царк.-слав. і інш. мовах, шлюбу белага духавенства, права свецкіх людзей прычашчацца віном — і т.ч. ператваралася ва уніяцкую царкву. Скліканы папам Яўгенам IV для заключэння уніі ўсяленскі сабор (1438—45) адкрыўся ў Ферары, прадоўжыў дзейнасць у Фларэнцыі (адсюль назвы Фларэнційскі або Ферара-Фларэнційскі сабор) і завяршыўся ў Рыме. Ініцыятарамі уніі побач з папствам былі кіруючыя колы Візант. імперыі, у т. л. імператар Іаан VIII Палеалог і канстанцінопальскі патрыярх Іосіф II, якія спадзяваліся ў абмен на ўступкі ў дагматыцы атрымаць ваен. дапамогу каталіцкага Захаду ў барацьбе з турэцкай пагрозай. З канца 14 ст. ідэю уніі спрабавалі рэалізаваць усе вял. князі ВКЛ, найперш Вітаўт, з мэтай узмацніць унутр. адзінства дзяржавы. Мітрапаліт кіеўскі ў ВКЛГерасім [1432—35] з ведама кн. Свідрыгайлы і канстанцінопальскага патрыярха вёў з Яўгенам IV перагаворы аб уніі, якая не была рэалізавана з-за пакарання смерцю Герасіма Свідрыгайлам у 1435. Дэлегацыю правасл.Кіеўскай мітраполіі (да 1458 адзінай у межах Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ) на Фларэнційскі сабор узначальваў мітрапаліт Ісідор. У яе склад уваходзілі суздальскі епіскап Аўрамій, Грыгорый Балгарын, аўтар «Аповесці пра Фларэнційскі сабор» манах Сімяон з Суздаля і інш. 5.7.1439 унія падпісана, а на наступны дзень урачыста абвешчана ў кафедральным саборы Фларэнцыі. З каталіцкага боку свае подпісы пад актам уніі паставілі папа Яўген IV, 143 кардыналы, прымасы, біскупы і арцыбіскупы; з праваслаўнага — імператар Іаан VIII, мітрапаліты Антоній, Дасіфей, Ісідор і яшчэ 15 мітрапалітаў. Подпіс патрыярха Іосіфа II ў акце адсутнічае, бо ён памёр 10.6.1439, але пакінуў дакумент, дзе засведчыў сваю згоду. У 1440 на зваротным шляху Ісідор спрабаваў увесці унію ў ВКЛ, але тут яна не была прынята. Апрача правасл. духавенства унію праігнаравалі і каталіцкія іерархі Польшчы і ВКЛ, якія адмовіліся ехаць на Фларэнційскі сабор і да 1443 не прызнавалі уніі і яе ініцыятара Яўгена IV, а падпарадкоўваліся папе Феліксу V, абранаму Базельскім саборам, альтэрнатыўным Фларэнційскаму. Талерантна ставіліся да уніі толькі ў Кіеве, Смаленску і некат. інш. землях ВКЛ. Прызнаннем Ф.у. кн. Юрый Лугвенавіч, які ў 1440—41 на кароткі час аднавіў незалежнасць б. Смаленскага княства ад ВКЛ, разлічваў набыць падтрымку Рыма, што было яшчэ адной з прычын, чаму тагачасныя кіруючыя колы ВКЛ не прызналі Ф.у. Яшчэ больш непрыхільна унію сустрэлі ў Маскве; Ісідор быў зняволены, а потым уцёк празВКЛ у Рым. Большасць духавенства Візантыі таксама не прыняла Ф.у., і яна была адвергнута не прызнана* Іерусалімскім 1443 і інш.царк. саборамі, у т. л. Канстанцінопальскімі саборамі 1450 і 1472. Нязначная частка грэкаў у розных краінах Міжземнамор’я прытрымліваецца Ф.у. да цяперашняга часу.
Пасля аднаўлення ў 1458 асобнай ад Маскоўскай Кіеўскай мітраполіі ў ВКЛ (з кафедрай у Навагрудку) Ф.у. падтрымліваў вял.кн. Казімір IV. Ён паставіў мітрапалітам прыхільніка Ф.у. Грыгорыя Балгарына, які, не здолеўшы ўвесці унію, адмовіўся ад яе. Наступны мітрапаліт Місаіл арганізаваў зварот вышэйшых духоўных і свецкіх асоб да папы Сікста IV пра гатоўнасць працягваць справу уніі. Да пач. 16 ст. некат. кіеўскія мітрапаліты (як правіла, са смаленскіх епіскапаў, напр. Іосіф I) фармальна лічылі Ф.у. сапраўднай на тэр. Польшчы і ВКЛ. Аднак гэта фактычна не адбівалася на жыцці духавенства і вернікаў, хаця зрабіла, напр., магчымым выпуск папам адмысловых індульгенцый, збор ад якіх мусіў пайсці на адбудову Кіева, разбуранага ў 1482 крымскім ханам Менглі-Гірэем. На прынцыпах Ф.у. заснавана Брэсцкая унія 1596, ідэолагі якой, асабліва Іпацій Пацей, часта звярталіся ў палеміцы да прыкладу Ф.у.
Літ.:
Зимин А.А. Витязь на распутье. М., 1991;
Макарий (Булгаков М.П.). История русской церкви. Кн. 5. М., 1996;
Halecki O. Od unii florenckiej do unii brzeskiej. T. 1—2. Lublin;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́ТА,
1) жылая пабудова ў беларусаў, палякаў, рускіх, славакаў, украінцаў і інш.слав. народаў. Як тып жылля гістарычна развівалася з шалаша, будана, кураня, зямлянкі, паўзямлянкі. Асаблівасці планаў, аб’ёмна-прасторавых і канстр. вырашэнняў, дэкар. аздобы сфарміраваліся пад уплывам прыродна-кліматычных, сац., эканам. умоў пэўных рэгіёнаў. Пры буд-ве Х. выпрацоўваліся творчыя прыёмы народнага дойлідства, яна стала асновай для стварэння больш складанага жылля (сядзібны дом, палац), а таксама многіх тыпаў грамадз. будынкаў (карчма, ратуша, шпіталь і інш.).
На Беларусі Х. вызначаецца дасканаласцю функцыян. вырашэнняў, рацыянальнасцю канструкцый, лаканізмам і выразнасцю форм і дэкар. прыёмаў. Асн. яе элементы (сцены, дах, франтоны, ганак, веранда і інш.) характарызуюцца прапарцыянальнасцю форм, дакладнасцю выкарыстання буд. матэрыялаў і дэкар. аздаблення. Разьба архітэктурная (вільчакоў, карнізаў, ліштваў, падзораў і інш.) разам з шалёўкай узбагачаюць маст. выразнасць Х. Будавалі Х. асобна ад гасп. пабудоў ці ў складзе жыллёва-гасп. комплексу (сядзібы пагоннага, вянковага тыпу і інш.). З 1—2 ст. вядома 1-камернае жыллё, часцей паўзямлянка з печчу-каменкай; у 10—14 ст. — звычайна наземная пабудова з вузкімі акенцамі з засаўкамі, невысокімі дзвярыма і курнай печчу (без коміна). З 16 ст. пашырана буд-ва 2- (Х. + сенцы) і 3-камернага (Х. + сенцы + Х.; Х. + Х. + сенцы; Х. + сенцы + гасп. пабудова — клець, камора, варыўня) жылля. З 19 ст. пераважала т. зв. белая Х., якая мела печ з комінам. Найчасцей Х. — зрубная пабудова вянковай канструкцыі, з хвоі ці елкі. Сцены клалі з акораных або ачэсаных бярвён, часам з дыляў — бярвён, распушчаных на 2 ці 4 плахі. Вядомы Х., зробленыя ў закідной тэхніцы. Сцены імшылі. Ніжні вянок напачатку клалі непасрэдна на зямлю. потым сталі рабіць драўляныя (стаякі, штандары) і каменныя падмуркі. Дах рабілі закотам або на стаяках, козлах, кроквах. Столь скляпеністая з бярвён ці плоская — з дошак. Да 19 ст. пашырана земляная ці глінабітная падлога (ток), якую змяніла падлога з дошак па лагах. Крылі Х. саломай, чаротам, дранкай, гонтай, дахоўкай, з пач. 20 ст. — бляхай. Для ацяплення ніжнія вянкі абносілі прызбай. сцены шалявалі. на столь насыпалі кастрыцу, мох, лісце, пясок. Уваход у Х. праз сенцы. Інш. часткі Х. (камора, клець, варыўня) мелі выключна гасп. прызначэнне.
Сац. змены ў грамадстве істотна паўплывалі на характар традыц. жылля, у т. л. на асаблівасці сучаснай сял. Х. Ёй уласціва функцыян. дыферэнцыяцыя памяшканняў, выкарыстанне трывалых буд. (цэгла, газасілікатныя блокі, шыфер, бляха і інш.) і разнастайных аддзелачных матэрыялаў (тынк, фанера, шпалеры, фарбы), інж. абсталявання (электра-, газа-, водазабеспячэнне і інш.). Знадворку перад уваходам прыбудоўваюць веранду і ганак. Выкарыстанне традыцый нар. дойлідства ўзбагачае архітэктуру і маст. выразнасць Х.
2) Асн. памяшканне жылога, часцей вясковага, дома. Прызначалася для жылля, выканання сям’ёй разнастайных гасп. работ і вытв. функцый, звязаных з промысламі і рамёствамі, а таксама для розных абрадавых і святочных дзеяў, магла дзейнічаць як своеасаблівы клуб (вячоркі, гульні, песні і інш.). Інтэр’ер традыц. Х. строга рэгламентаваны. Кут каля дзвярэй займала печ, па другі бок дзвярэй на сцяне мацавалі паліцу для посуду і інш. начыння. Па дыяганалі ад печы знаходзілася покуць («чырвоны кут») — пачэснае месца ў Х. Там знаходзіліся абразы, стаялі стол і нерухомыя лавы ўздоўж сцен. Вокны рабілі ў сценах, што стваралі чырвоны кут. Ад печы ўздоўж глухой сцяны размяшчалі палаці, на якіх спалі. З 2-й пал. 19 ст. пачалі вылучаць функцыян. зоны Х. перагародкамі, мэбляй, фіранкамі. Павялічыліся памеры вокнаў, з’явілася дадатковая печ (стаяк, галанка), часам абліцаваная кафляй. Дэкар. аздабленне Х. стваралася колерам і арнаментыкай абрусаў, посцілак, святочнага адзення, посуду, куфраў, канструкцыяй і формамі мэблі, афармлення покуці і інш.
Літ.:
Харузин А. Славянское жилище в Северо-Западном крае. Вильна, 1907;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Соколовский В.Э., Алимов Р.Н. Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЎЧЭ́НКА Тарас Рыгоравіч (9.3.1814, в. Морынцы Звянігародскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.3.1861),
украінскі пісьменнік, мастак, рэвалюцыянер-дэмакрат; заснавальнік новай укр. л-ры і нац.літ. мовы. Вучыўся ў Пецярб.АМ у К.Брулова (1838—45). Як дваровы П.В.Энгельгарта жыў у Вільні (1829—31), потым у Пецярбургу. У 1838 з дапамогай Брулова, В.Жукоўскага і інш. выкуплены з прыгону. З 1845 працаваў у Кіеўскай археаграфічнай камісіі. За ўдзел у тайным Кірыла-Мяфодзіеўскім таварыстве арыштаваны і аддадзены ў салдаты (1847—57). Пасля ссылкі (з 1858) жыў у Пецярбургу. Прыхільнік рэв. шляху ліквідацыі прыгонніцтва, яднання слав. народаў у барацьбе за сац. і нац. вызваленне. Пісаць пачаў каля 1836—37. Выдаў зб. «Кабзар» (1840). Творы Ш. прасякнуты любоўю да радзімы, напісаны нар. мовай, вызначаюцца блізкасцю да фальклору, разнастайнасцю рытмаў, меладычнасцю. У ранняй яго творчасці (вершы, балады, паэмы «Кацярына», 1838, «Гайдамакі», 1841; драма «Назар Стадоля», 1843, і інш.) спалучэнне рамантызму з рэаліст. тэндэнцыямі. У паэме «Наймічка» (1845) стварыў яркі драм. вобраз жанчыны-маці. У паэмах «Сон» (1844), «Каўказ», «Ератык» (абедзве 1845), «Неафіты» (1857), цыклах «У каземаце» (1847), «Цары» (1848), паэзіі перыяду ссылкі, аповесцях «Княгіня» (1853), «Музыка» (1855) і інш.рэв. і антыпрыгонніцкія матывы. Аўтар паэм «Сляпая» (1842), «Князёўна» (1847), «Марына» (1848), «Юродзівы» (1857), «Марыя» (1859), балады «Сурочаная» (1837), трыпціха «Доля», «Муза», «Слава» (1858), аповесцей «Варнак» (1845), «Няшчасны», «Капітанша», «Блізняты» (усе 1855), «Мастак» (1856), «Прагулка з задавальненнем і не без маралі» (1856—58). Многія вершы Ш. сталі нар. песнямі.
Ш. — заснавальнік рэаліст. кірунку ва ўкр.выяўл. мастацтве. Майстар партрэта, гіст. і жанравых кампазіцый, ілюстрацый, натурных замалёвак, афортаў («Аўтапартрэт», 1840—41; «Кацярына», 1842; серыя афортаў «Жывапісная Украіна», выд. 1844, і інш.). За працы ў галіне гравюры атрымаў званне акадэміка (1860). Яго маст. спадчына прасякнута народнасцю, сац. накіраванасцю, гуманіст. пафасам. У 1969 устаноўлена Дзярж. прэмія Украіны імя Ш.
З Беларуссю Ш. ўпершыню пазнаёміўся ў час паездкі ў ліку дваровых з Украіны ў Вільню (1829); ён праязджаў праз Беларусь з Пецярбурга на Украіну ў 1843, потым з Кіева ў Пецярбург у 1847. Быў знаёмы з польскім і бел. мастаком Б.Залескім, літаратарамі Я.Баршчэўскім, Р.Друцкім-Падбярэскім, скульптарам М.Мікешыным. Цікавіўся бел. л-рай і фальклорам, успамінаў пра Беларусь у сваім «Дзённіку» (нап. 1857—58). Пра жыццё прыгонных беларусаў пісаў у аповесці «Музыка». Многія творы Ш. ўвайшлі ў бел. фальклор, сталі нар. песнямі. Яго паэзія паўплывала на творчасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны і інш. Сувязям Ш. з Беларуссю прысвечаны арт. «Тарас Шаўчэнка і беларусы» Р.Зямкевіча (1911). Паэтыку Ш. даследаваў М.Багдановіч (арт. «Памяці Т.Р.Шаўчэнкі», «Краса і сіла: Спроба даследавання верша Т.Р.Шаўчэнкі», абодва 1914), перакладаў яго вершы на рус. мову. Ш. прысвяцілі свае творы бел. паэты (зб. «У вянок Т.Р.Шаўчэнку», 1939). Творчасць Ш. даследавалі і даследуюць С.Александровіч, В.Івашын, А.Мальдзіс, Э.Мартынава. На бел. мову яго творы пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін, П.Броўка, З.Бядуля, Н.Гілевіч, П.Глебка, С.Грахоўскі, С.Законнікаў, В.Зуёнак, М.Клімковіч, Я.Колас, К.Крапіва, А.Куляшоў, Я.Купала, Н.Мацяш, Я.Сіпакоў, Х.Чарнышэвіч.
Тв.:
Повне зібрання творів. Т. 1—6. Київ, 1963—64;
Бел.пер. — Наймічка. Мн., 1940;
Выбраныя вершы і паэмы. Мн., 1948;
Кабзар. 2 выд.Мн., 1952;
Кацярына. Мн., 1964;
Вершы. Паэмы. Мн., 1989;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—4. М., 1977.
Літ.:
Ткаченко М.М. Літопис життя і творчості Т.Г.Шевченка. Київ, 1961;
Касіян В.І. Мистецтво Тараса Шевченка. Київ, 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1920,
вайна сав. дзяржавы з Польшчай у крас.—кастр. 1920; частка польска-сав. вайны 1919—20, выкліканай экспансіяй Польшчы пры падтрымцы яе дзяржавамі Антанты і ЗША. У перыяд адраджэння польск. дзяржавы (канец 1918 — пач. 1919) краіны Антанты і ЗША, зацікаўленыя выкарыстаць яе ў барацьбе супраць сав. рэспублік — РСФСР, Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел) і УССР, падтрымлівалі заваёўніцкія планы кіруючых польск. колаў. Пры іх падтрымцы польск. армія была даведзена да 545 тыс.чал. У 1-й пал. 1919 Польшча атрымала ад ЗША на 60 млн.дол. зброі і на 51,6 млн.дол. харчавання. Значнымі былі ваен. пастаўкі з Францыі, на яе тэр. было сфарміравана 5 польскіх дывізій. У пач. 1919 польск. камандаванне стала канцэнтраваць свае войскі каля граніц сав. рэспублік. На сав. прапановы аб перамір’і польскі ўрад не адказаў. Ён выступіў супраць устанаўлення сав. улады ў Беларусі і Літве, не прызнаў абвяшчэння суверэннай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), а потым і стварэння Літбела. У 1-й пал.лют. 1919 Польшча пачала ваен. дзеянні супраць сав. рэспублік. Паўн. група польск. войск наступала ў напрамку Вільні і Ліда—Маладзечна, паўд. — на Баранавічы—Мінск і Кобрын—Пінск; разгортваліся ваен. дзеянні і на тэр. Украіны. Для адпору інтэрвенцыі ў лют. 1919 створаны сав.Заходні фронт 1919—24. 8.4.1919 Літбел аб’яўлена на ваен. становішчы, але спыніць польск. войскі не ўдалося. Урады РСФСР і Літбела звярталіся да польск. ўрада з прапановамі мірна вырашыць спрэчныя пытанні, але польскі бок адхіліў іх. 22.4.1919 захоплена сталіца Літ.-Бел. ССР Вільня. У гэты перыяд у польск. друку і грамадскай думцы адносна Беларусі вызначыліся 2 тэндэнцыі. Адна выражала інтарэсы кіруючых колаў: далучыць землі былога ВКЛ (Беларусь і Літву) да Польшчы. Другая адлюстроўвала думку польскіх дэмакр. сіл, якія разглядалі Беларусь, Літву і Украіну як самаст. дзяржавы, звязаныя з Польшчай уніяй (т.зв. «федэралістычная канцэпцыя»). З ёй спачатку вымушана лічыўся і нач. польскай дзяржавы Ю.Пілсудскі. Але неўзабаве ён ад яе адмовіўся. Віленская дэкларацыя (прынята польск. сеймам 2.5.1919) нават сцвярджала, што «бацькаўшчына Касцюшкі, Міцкевіча і Траўгута належыць да Польшчы, як частка непадзельная». Фактычна Пілсудскі адмовіўся ад «федэралістычнай канцэпцыі і ўзяў на ўзбраенне іншы план — захапіць Літву з Вільняй, Беларусь з Мінскам, Украіну з Кіевам». Сутнасць палітыкі Польшчы адносна Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва «Стражы крэсовай» — далучэнне да Польшчы «крэсаў усходніх» (бел., літ. і ўкр. зямель). У сак.—крас. 1919 польскія войскі занялі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы і прапанаваў мірна ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні. Важнае значэнне мелі пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі (прыняты ў маі 1919) аб неабходнасці заключэння ваен.-паліт. саюзу. На іх аснове ЦВК Расіі прыняў 1.6.1919 пастанову аб аб’яднанні ваен. сіл сав. рэспублік. Але праціўнік меў значную перавагу (яго сілы амаль падвоіліся, калі з Францыі была перакінута добра ўзбр. армія). 1.7.1919 польск. войскі разгарнулі наступленне на Зах. фронце, а 8 жн. занялі Мінск. У сярэдзіне жніўня яны занялі практычна ўсю тэр.Літ.-Бел. ССР і шэраг раёнаў Украіны.
У Беларусі лінія фронту праходзіла па р. Бярэзіна, на Украіне — па р. Славечна — г. Наваград-Валынскі — г. Магілёў-Падольскі. Польскі ўрад адхіліў чарговыя мірныя прапановы сав. ўрада (22.12.1919, 28.1 і 2.2.1920). 25.4.1920 войскі Польшчы (агульная колькасць узбр. сіл 740 тыс.чал.) пачалі наступаць: у Беларусі — 1-я, 4-я, 7-я арміі (79 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы ген. С.Шаптыцкі); на Украіне — 2-я, 3-я, 6-я (65 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы Пілсудскі). У Беларусі ім процістаялі войскі Зах. фронту [180 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючыя У.М.Гіціс (з 7.7.1919), М.М.Тухачэўскі (з 29.4.1920)]; на Украіне — войскі Паўд.-Зах. фронту [120 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы А.І.Ягораў (10.1—31.12.1920), чл.РВС: Р.І.Берзін (10.1—18.12.1920), Х.Г.Ракоўскі (6.2—9.10.1920), І.В.Сталін (10.1—1.9.1920), С.І.Гусеў (29.8—14.10.1920), С.І.Аралаў (1—31.12.1920)]. У сак. 1920 польскія войскі занялі Мазыр, Калінкавічы, Оўруч, перарэзалі чыгункі паміж Зах. і Паўд.-Зах. франтамі; у крас. 1920 пры падтрымцы ўкр. палкоў С.Пятлюры захапілі Корасцень, Жытомір, Казацін, 6 мая — Кіеў (гл.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22).
12.5.1920 у сав. дзяржаве абвешчана ваен. становішча, у тэзісах «Польскі фронт і нашы задачы» (апубл. 23.5.1920) ЦК РКП(б) заклікаў працоўных на барацьбу з інтэрвентамі, на польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. З Беларусі па парт. мабілізацыі на Зах. фронт з 1.1 да 1.10.1920 накіравана 1116 камуністаў. Паводле няпоўных звестак у дзеючых часцях Чырв. Арміі ў перыяд вайны было больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Беларусі фарміравалася Запасная армія Зах. фронту, якая ў маі 1920 мела да 40 тыс.чал. (камандуючы П.А.Пятраеў). 13 курсаў і школ рыхтавалі камандзіраў Чырв. Арміі. 28.4.1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення, распрацаваны Гал. камандаваннем Чырв. Арміі. Гал. ўдар наносіў Зах. фронт праз Беларусь на Варшаву; часці Паўд.-Зах. фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне Зах. фронту накіраваны 10-я стралк. і 2-я кав. дывізіі, на Паўд.-Зах. — 1-я Конная армія (камандуючы С.М.Будзённы) і 25-я стралк. дывізія. 14.5.1920, не дачакаўшыся рэзерваў, Зах. фронт пачаў наступаць. 16-я армія фарсіравала Бярэзіну паміж прытокамі Бобр і Клява і наступала ў напрамку Мінска. Польск. камандаванне падцягнула рэзервы з літ. граніцы і контрударам прымусіла сав. войскі адысці на зыходныя рубяжы. Наступленне польск. войск на Украіне было затрымана. Паўд.-Зах. фронт, падмацаваны 1-й Коннай арміяй, нанёс паражэнне 3-й і 6-й польск. арміям і 12.6.1920 вызваліў Кіеў.
Летам 1920 на Зах. фронце было больш за 100 тыс.чал., 2573 кулямёты, 598 гармат. 4.7.1920 ударная група фронту (3-і кав. корпус Г.Дз.Гая, 4-я, 15-я і 3-я арміі) разбіла польск. войскі каля Полацка і рушыла да Вільні і Маладзечна, 16-я армія фарсіравала Бярэзіну і 11.7.1920 вызваліла Мінск. Мазырская група (57-я стралк. дывізія і зводны атрад) наступала ўздоўж чыгункі Мазыр—Брэст. 14 ліпеня войскі Зах. фронту занялі Вільню, 19 ліп. фарсіравалі Нёман, Шчару і выйшлі на тэр. Польшчы (гл.Майская аперацыя 1920, Ліпеньская аперацыя 1920). На Украіне Чырв. Армія разбіла польск. войскі пад Роўнам, 11 ліп. заняла Сарны, Роўна, Камянец-Падольскі. У канцы ліп. ў Беластоку створаны Польскі рэвалюцыйны камітэт (Польрэўком). У сав. тыле фарміравалася 1-я Польская Чырв. Армія, якая на восень 1920 мела 22 вайск. часці (2507 чал.). Да сярэдзіны жн. 1920 сав. войскі падышлі да Варшавы і Львова. Але стомленасць войск, іх адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польск. арміі, якой дапамагала зброяй Антанта, прыпыніць наступленне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі 1920 і прымусіць яе адысці.
Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі было абумоўлена найперш пераацэнкай гатоўнасці рабочых і сялян Польшчы падтрымаць наступленне сав. войск (ідэя сусв.сацыяліст. рэвалюцыі). Абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы сав. краіны не далі магчымасці забяспечыць усім неабходным войскі фронту. Сав. камандаванне зрабіла стратэгічныя і тактычныя памылкі. Недастатковая ўвага аддавалася аператыўнаму забеспячэнню баявых дзеянняў. Змена камандаваннем Паўд.-Зах. фронту напрамку гал. ўдару з Брэсцкага на Львоўскі парушыла ўзаемадзеянне франтоў, што і прадвызначыла канчатковы вынік аперацыі. Да таго ж Чырв. Армія была вымушана весці баявыя дзеянні на інш. франтах. У сувязі з гэтым польскія войскі выкарысталі ініцыятыву і ў вер.—кастр. 1920 прасунуліся на У, захапіўшы Мінск. Крыху пазней яны зноў адступілі. 12.10.1920 у Рызе падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, а 18.3.1921 — Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога ў складзе Польшчы засталіся занятыя яе войскамі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. У час вайны ў баявых дзеяннях удзельнічалі таксама савецкія Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія і польская Пінская флатылія (гл. ў арт.Пінская ваенная флатылія).
Літ.:
Директивы Главного командования Красной Армии (1917—1920 гг.): Сб. док. М., 1969;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 191.7—1925. Мн., 1985;
Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее не опубл. док. и материалы). Ч. 1—2. М., 1994;
Маль К. Вайна 1920 г. і Беларусь: Вызваленне ці акупацыя? // Бел.гіст. агляд. 1997. Т. 4, сш. 1—2 (6—7);