меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд. або фіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш. дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕРКВІСТ ((Lagerkvist) Пер Фабіян) (23.5.1891, г. Векшэ. Швецыя — 11.7.1974),
шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1940). Скончыў Упсальскі ун-т (1912), вывучаў гісторыю мастацтваў у Парыжы (1913). Дэбютаваў у 1912. У цэнтры творчасці Л. — пошук сэнсу жыцця чалавека ў неўладкаваным свеце. У ранняй паэзіі (зб. «Страх», 1916), навелах (зб. «Жалеза і людзі», 1915), п’есах («Апошні чалавек», 1917, і інш.) уплыў экспрэсіянізму і сімвалізму, імкненне надаць творам нац. афарбоўку. Раманы і аповесці «Госць рэчаіснасці» (1925), «Кат» (1933), «Карлік» (1944), «Варава» (1950), «Сібіла» (1956), «Смерць Агасфера» (1960), «Марыямна» (1967), зб-кі паэзіі «Песні сэрца» (1926), «Паэзія і змаганне» (1940), зб. навел «Злыя сагі» (1924), драмы «Кароль» (1932), «Камень мудрасці» (1947) вылучаюцца гуманіст. пафасам, непрыманнем фашызму і інш. форм таталітарызму, эвалюцыяніруюць да «сімвалічнага рэалізму». Аўтар кніг эсэ «Сціснуты кулак» (1934), «Вызвалены чалавек» (1939). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Г.Шупенька, М.Гіль. Нобелеўская прэмія 1951.
Тв.:
Бел.пер. — Кат. Карлік. Мн., 1986;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. Харьков, 1997.
Літ.:
Неустроев В.П. Литературные очерки и портреты. М., 1983.
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Дачка Б.І.Ладыгіна. Скончыла Маскоўскі арх.ін-т (1949). Працуе ў ін-це «Белдзяржпраект» (у 1969—75 гал. архітэктар). Асн. работы: у Мінску — Водна-спартыўны камбінат, забудова раёна і праекты жылых і грамадскіх будынкаў па вуліцы Харужай (1964—90), жылы дом з гастраномам «Сталічны» (1962), жылыя дамы, грамадскія і навуч. ўстановы па вуліцах Варвашэні, Казлова, М.Багдановіча, Кульман, гал. корпус Бел.тэхнал. ун-та (1956, у сааўт.), корпус Ін-та гісторыі (1964) і рэканструкцыя корпуса (1982; у сааўт.) Прэзідыума Нац.АН Беларусі, адм.-грамадскі комплекс на праспекце Машэрава (1977, у сааўт.), гандл.-грамадскі цэнтр па вул. Куйбышава (1997, у сааўт.), а таксама вадаскідныя збудаванні і ГЭС на Заслаўскім вадасховішчы (1955); у Магілёве — мост цераз Дняпро (1955) і Палац культуры хімікаў (1980, у сааўт.); у Віцебску — мост цераз Зах. Дзвіну (1955); комплекс абл. клінічнай бальніцы і НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў пас. Лясны Мінскага р-на (1960—67).
Літ.:
Потапов Ю.Ф. Признание // Стр-во и архитектура Белоруссии 1983. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАРУ́К (Міхаіл Арсенавіч) (н. 5.7. 1926, в. Ушаловічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел.літ.-знавец, педагог. Акад.АПНСССР (1982, чл.-кар. 1979), акад.Нац.АН Беларусі (1995), чл.Рас. акадэміі адукацыі (1995), д-рфілал.н. (1970), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1951). З 1954 выкладаў у ім (з 1971 прарэктар). З 1978 у НДІ педагогікі (да 1990 дырэктар). Друкуецца з 1949. Пісаў байкі. Даследуе бел. паэму («Станаўленне беларускай паэмы», 1968; «Беларуская паэма ў другой палавіне XIX — пачатку XX ст.», 1970), пытанні гісторыі, тэорыі і методыкі выкладання л-ры («Тэорыя літаратуры ў школе», 1967; «Уводзіны ў літаратуразнаўства», 1970, 2-е выд. 1982, з А.Я.Ленсу; «Тэорыя літаратуры», 1971; «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў», 1983, 2-е выд. 1996, з Ленсу). Адзін з аўтараў падручнікаў для сярэдняй школы і ВНУ.
Тв.:
Пімен Панчанка. Мн., 1959;
Часу непадуладнае. Мн., 1981;
Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской. Мн., 1988 (разам з В.У.Івашыным, А.Я.Ленсу);
Навучанне і выхаванне творчасцю: Пед. роздумы і пошукі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел аптычнай спектраскапіі, заснаваны на выкарыстанні ўласцівасцей лазернага выпрамянення. Выкарыстоўваецца ў фізіцы, біялогіі, хіміі, экалогіі для вывучэння структуры, стану і ўласцівасцей рэчыва, часціц і працэсаў.
Узнікла ў 1960-я г. на мяжы спектраскапіі і квантавай электронікі. Метады Л.с. выкарыстоўваюць з’явы нелінейнага ўзаемадзеяння лазернага выпрамянення з рэчывам (двух ці больш фатоннае, а таксама насычанае і наведзенае паглынанне, працэсы кагерэнтнага рассеяння, шматфатоннага змешвання і інш.). Л.с. характарызуецца высокімі адчувальнасцю, спектральнай, прасторавай і часавай раздзяляльнай здольнасцю, дазваляе вывучаць спектральныя характарыстыкі, замаскіраваныя неаднародным пашырэннем спектральных ліній ці палос, даследаваць рэчыва ва ўзбуджаным стане, праводзіць даследаванні адзінкавых атамаў і малекул.
На Беларусі даследаванні па праблемах Л.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН, БДУ, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш.
Літ.:
Летохов В.С., Чеботаев В.П. Принципы нелинейной лазерной спектроскопии. М., 1975;
Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;
Ахманов С.А., Коротеев Н.И. Методы нелинейной оптики в спектроскопии рассеяния света. М., 1981;
Лазерная пикосекундная спектроскопия и фотохимия биомолекул. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХЕНАЛО́ГІЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + ... логія),
навука пра лішайнікі; раздзел батанікі. Вывучае відавую разнастайнасць лішайнікаў (сістэматыка), іх будову (марфалогія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), роднасныя сувязі (філагенія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), геагр. пашырэнне і гасп. значэнне. Звязана з экалогіяй, медыцынай, прам-сцю. Першыя звесткі пра лішайнікі трапляюцца ў Тэафраста (4—3 ст. да н. э.). Заснавальнік Л. — Э.Ахарыус. На Беларусі першыя апісанні лішайнікаў зроблены С.Б.Юндзілам і Ф.Блонскім у 19 ст. Планамерна вывучаць ліхенафлору пачалі з 1930-х г. у АН Беларусі і БДУ пад кіраўніцтвам М.П.Таміна, які сабраў багаты гербарны матэрыял, выдаў вызначальнікі лішайнікаў Беларусі (1936—38). Даследаванні па Л. (пераважна фларыстычныя і фітацэнатычныя) вядуцца ў Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі (У.У.Галубкоў, Н.М.Кобзар). Даследуюцца антрапагенныя змены ліхенафлоры і груповак лішайнікаў, вядуцца работы па ліхенаіндыкацыі стану навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Горбач Н.В. Лихенологические исследования в Белоруссии и перспективы их развития // Экология и биология низших растений: Тез. докл.Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЗКА (Алесь) (Аляксандр Юр’евіч; н. 7.12.1952, в. Прыбалавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фалькларыст, педагог. Канд.філал.н. (1989). Скончыў Гомельскі ун-т (1975). Настаўнічаў. З 1987 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Нац. Скарынаўскім цэнтры, Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. З 1992 дырэктар Бел.навук.-метадычнага цэнтра гульні і цацкі (адначасова з 1995 выкладчык у БДУ). З 1999 выкладае ў Бел.пед. ун-це імя М.Танка. Аўтар кніг «Беларускі народны каляндар» (1993, першае на Беларусі сістэматызаванае выданне па нар. календары), «Беларуская батлейка: Каляндарныя і абрадавыя гульні» (1997), «Тэатр лялек» (1998, у сааўт.). Склаў том серыі «Беларуская нар. творчасць» «Гульні, забавы, ігрышчы» (1996). Адзін з аўтараў і кіраўнік творчых калектываў па стварэнні дапаможнікаў для навучальна-выхаваўчых устаноў па беларусазнаўстве («Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...», 1990; «Беларусазнаўства», вып. 1—4, 1992—94; серыя кніг «Бібліятэчка народных свят і прысвяткаў», з 1995). Стваральнік гульнявых сродкаў навучання і выхавання для дзіцячых садоў, школ і сям’і, распрацоўшчык методыкі батлейкавага т-ра. Даследчык скаўцкай методыкі, гісторыі сусв. і бел. скаўцкага руху («Беларускі скаўтынг», 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБА́ЎСКІ (Мацвей Кузьміч) (13.8. 1860, с.Вял. Мажары Сараеўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 22.11.1936),
расійскі гісторык. Чл.-кар. Расійскай АН (1917), акад.АНСССР (1929). Д-ргіст.н. (1901). Скончыў Маскоўскі ун-т (1882), з 1894 дац., з 1901 праф. у ім, у 1911—17 рэктар. Вучань В.В.Ключэўскага. У 1913—29 старшыня Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх. У 1929 арыштаваны і ў 1930 высланы ў г. Уфа, дзе ў 1931—35 працаваў навук. супрацоўнікам Башкірскага НДІнац. культуры. Аўтар грунтоўных даследаванняў па сац.-паліт. гісторыі ВКЛ («Літоўска-рускі сейм», 1900; «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна», 1910, і інш.), курсаў лекцый «Гістарычная геаграфія Расіі ў сувязі з каланізацыяй» (1909), «Лекцыі па старажытнай рускай гісторыі да канца XVI ст.» (3-е выд., 1918) і інш. Сярод яго вучняў У.І.Пічэта, С.У.Бахрушын, М.Г.Беражкоў і інш.
Тв.:
Обзор истории русской колонизации с древнейших времен и до XX в. М., 1996.
Літ.:
Карев Д.В. Академик М.К.Любавский: Судьба и наследие // Наш радавод. Гродна, 1994. Кн. 6, ч. 3.
рускі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1878, клас М.Рымскага-Корсакава), з 1878 выкладаў у ёй (з 1886 праф.). Прадстаўнік «Новай рус.муз. школы», чл. Бяляеўскага гуртка (з пач. 1880-х г.). Выступаў як дырыжор у «Рускіх сімфанічных канцэртах» і інш. Яго яскрава нац. ў сваёй аснове музыка роднасная музыцы М.Глінкі, А.Барадзіна, Рымскага-Корсакава. Асн. жанр творчасці — мініяцюра (сімфанічная, фп., вакальная). У фп. творах арганічна пераўтвораны некаторыя рысы музыкі Ф.Шапэна, Р.Шумана, у сімф. творах з характэрным багаццем тэмбравага каларыту вызначыўся прынцып камернага сімфанізму. Аўтар апрацовак (больш за 200) і складальнік зборнікаў рус.нар. песень. Сярод твораў: для аркестра — «Баба Яга» (1904), «Восем рускіх народных песень» (1906), «Чароўнае возера», «Пачвара» (абедзве 1909), «Танец амазонкі» (1910), «Журботная песня» (1914); камерна-інстр. ансамблі; для фп. — «Бірулькі» (14 п’ес, 1876), «Арабескі» (1878), «Пра даўніну» (1889), «Баркарола» (1898); хары, рамансы, 18 дзіцячых песень на нар. словы (1887—90).
Літ.:
Михайлов М. А.К.Лядов: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ХРО́НІКА,
помнік гарадскога летапісання 17—19 ст., апошні бел. летапісны звод. Складзена ў Магілёве купецкім старостам Трафімам Суртам (звесткі за 1526—1701) і рэгентам гар. канцылярыі Юрыем Трубніцкім (звесткі за 1701—46), прадоўжана сынам апошняга Аляксандрам і ўнукам Міхаілам (да 1856). Напісана па-польску, запісы за 1841—56 па-руску. Крыніцамі хронікі паслужылі летапісныя запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А.Гваньіні і М.Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў. У хроніцы адлюстравана сац.-паліт., гасп.-эканам. і культ. жыццё Магілёва эпохі позняга феадалізму. Змяшчае матэрыял па гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі 17—18 ст., а таксама шэраг літ. твораў 1-й пал. 18 ст., у т. л. вершаваны пасквіль на польск. кардынала М.Радзяёўскага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземны ў Польшчы». Складаецца з кароткіх пагадовых запісаў і разгорнутых апавяданняў пра значныя гіст. падзеі і асобныя моманты з жыцця герояў. Часткова апублікавана ў 19 ст. ў перакладзе на рус. мову, частка (да 1746) змешчана ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Рукапіс зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.