ВЕ́РА,

прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.​Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.​Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НІЦА, мурожніца (Festuca),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і халодных паясах Зямлі, у субтропіках і горных сістэмах тропікаў. На Беларусі 12 дзікарослых і 8 інтрадукаваных відаў. Дзікарослыя — аўсяніца авечая (Festuca ovina), валіская (Festuca valesiaca), высокая (Festuca altissima), гіганцкая (Festuca gigantea), дзюнная (Festuca sabulosa), лугавая (Festuca pratensis), несапраўдная авечая (Festuca pseudovina), палеская (Festuca polesica), Рэгеля (Festuca regeliana), танкалістая (Festuca tenuifolia), чырвоная (Festuca rubra), шурпаталістая (Festuca trachyphylla); інтрадукаваныя — аўсяніца альпійская (Festuca alpina), аметыставая (Festuca amethystina), баразнаватая (Festuca sulcata), блакітная (Festuca pallens), прысадзістая (Festuca supina), разналістая (Festuca heterophylla), стракатая (Festuca varia), трысняговая (Festuca arundinacea). Па ўсёй тэрыторыі ў сухіх хвойніках, на сухадольных лугах, палянах, узлесках, травяных схілах і каля дарог трапляюцца аўсяніца авечая, лугавая, чырвоная, шурпаталістая; у цяністых лясах расце аўсяніца гіганцкая; пераважна на Пд на сухіх лугах, у разрэджаных лясах, на пясчаных грывах у поймах рэк трапляецца аўсяніца несапраўдная авечая, на пясчаных агаленнях і дзюнах — аўсяніца палеская, на саланцаватых лугах — аўсяніца Рэгеля. Рэдкія віды аўсяніцы — валіская, высокая, дзюнная і танкалістая — занесены ў Чырв. кнігу.

Шматгадовыя травяністыя расліны, утвараюць шчыльныя дзярніны або маюць паўзучыя падземныя парасткі. Сцяблы прамастойныя, выш. 10—150 см, з замкнёнымі ці расшчэпленымі похвамі, ланцэтападобнымі вушкамі або без іх, з пераважна кароткімі язычкамі. Лісце лінейнае, пляскатае, складзенае ўдоўж ці згорнутае ў вузкія трубачкі, звычайна шурпатае або валасістае, рэдка голае і гладкае. Суквецці — слабараскідзістыя, сціснутыя і гронкападобныя шматкаласковыя мяцёлкі. Каласкі 2—15-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка звычайна з кароткім асцюком. Плод — зярняўка. Амаль усе віды аўсяніцы — кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца для пашы, газонаў і інш. Выведзены шматлікія сарты розных відаў аўсяніцы. Некат. віды замацавальнікі рухомых пяскоў і пясчаных схілаў, дэкар. расліны.

Аўсяніца: 1 — лугавая; 2 — авечая; 3 — чырвоная; 4 — дзюнная.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,

агнястрэльная зброя, у якой перазараджанне і чарговы выстрал выконваюцца аўтаматычна за кошт энергіі парахавых газаў або энергіі інш. крыніц. Адзін з асн. і масавых відаў сучаснага ўзбраення, якім аснашчаюцца амаль усе віды войскаў. Паводле канструкцыі бывае самазарадная (аўтам. перазараджаецца і робіць толькі адзіночныя стрэлы) і самастрэльная (стрэлы чэргамі і бесперапынна). Падзяляецца на стралковую (калібр да 20 мм), да якой адносяцца аўтам. пісталеты, пісталеты-кулямёты, аўтаматы, самазарадныя і аўтам. вінтоўкі і карабіны, ручныя, станковыя, буйнакаліберныя кулямёты, і артылерыйскую — аўтам. пушкі (калібр больш за 20 мм). Падача патронаў магазінная (са спец. скрынак-магазінаў) і стужачная (з гнуткіх металічных стужак). Гал. асаблівасць аўтаматычнай зброі — высокая скарастрэльнасць і вял. шчыльнасць агню.

Першыя праекты аўтаматычнай зброі з’явіліся ў 1863 у ЗША, у 1889 у Расіі. Паводле прынцыпу дзеяння аўтаматыкі аўтаматычная зброя падзяляецца на 4 тыпы: сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі аддачы рухомага ствала, затвор у час стрэлу трывала счэплены, аўтаматыка такіх сістэм бывае з доўгім або кароткім ходам ствала (пісталет ТТ, кулямёт Максіма); сістэмы зброі, якія выкарыстоўваюць аддачу затвора пры нерухомым ствале, затвор у час стрэлу не счэплены са ствалом або счэплены напаўсвабодна, адваротны рух затвора і зараджанне робіцца сілай зваротнай спружыны (пісталеты-кулямёты ППШ-41, ППС-43 і інш); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі адводу парахавых газаў з канала ствала ў газавую камеру праз адводную адтуліну ў ствале (аўтамат, кулямёт М.​Ц.​Калашнікава, кулямёт В.​А.​Дзегцярова і інш.); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі інш. крыніц, у прыватнасці рознага роду рухавікоў (напр., амер. 20-мм авіяц. пушка «Вулкан»).

т. 2, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. determino вызначаю),

вучэнне аб сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў рэчаіснасці. Ядром Д. з’яўляецца палажэнне пра існаванне прычыннасці, г. зн. такой сувязі з’яў, у якой адна з’ява (прычына) пры пэўных умовах з неабходнасцю нараджае іншую з’яву (вынік). Ідэя Д. ўзнікла ў стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур) і найб. ярка выявілася ў ант. атамістыцы. Далейшае развіццё і абгрунтаванне Д. набыла ў прыродазнаўстве і матэрыяліст. філасофіі новага часу (Ф.​Бэкан, Г.​Галілей, Р.​Дэкарт, І.​Ньютан, М.​В.​Ламаносаў, К.​Лышчынскі, Б.​Спіноза, С.​Шадурскі і інш.). Механістычны, абстрактны характар Д. гэтага перыяду знайшоў сваё выяўленне ў абгрунтаванні формы прычыннасці законамі механікі, адмаўленні аб’ектыўнага характару выпадковасці, што ў канчатковым выніку вяло да фаталізму. У розных кірунках Д. абгрунтоўваецца першапачатковая вызначальнасць усіх з’яў у свеце, уключаючы ўсе працэсы чалавечага жыцця, з боку Бога (тэалагічны Д.), або толькі з’яў прыроды (касмалагічны Д.), або спецыяльна чалавечай волі (антрапалагічны Д.). Прыхільнікі дыялект. матэрыялізму лічылі, што сувязі паміж з’явамі абумоўлены матэрыяльнымі працэсамі. Пра наяўнасць такіх узаемасувязей, на іх думку, сведчаць устанаўленне дакладнага становішча, прычыны і законаў руху цел у механіцы і класічнай фізіцы, устанаўленне верагоднаснай узаемасувязі паміж мікрачасціцамі ў квантавай механіцы, паміж асобінамі ў біял. папуляцыях, адкрыццё самарэгулявальных і самакіравальных сістэм у кібернетыцы і інш. Паводле гэтай канцэпцыі, гістарычна абумоўленым ва ўсіх сваіх праяўленнях з’яўляецца і грамадства, стан якога ў кожны дадзены момант з’яўляецца вынікам папярэдніх станаў і ўмоў, з якіх вынікае наступнае развіццё. Процілегласць Д. — індэтэрмінізм, які адмаўляе ўсеагульны характар прычыннасці або не прызнае яе наогул.

Літ.:

Детерминизм: системы, развитие. Мн., 1985;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986;

Исторические типы философии. М., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т ДАНА́ТАРСКІ,

выява данатара — заказчыка твора выяўл. мастацтва або заснавальніка храма. Трапляецца ў розных відах мастацтва, часцей у жывапісе. Заснавальніка храма часта малявалі з мадэллю будынка ў руках на абразе ці манум. размалёўцы (перад Ісусам Хрыстом, Маці Божай, святым заступнікам) або асобна, але ў кантэксце агульнай сістэмы размалёвак і дэкору храма або кнігі ў спалучэнні з інш. выявамі. Адметныя рысы П.д.: адлюстраванне данатара звычайна ўкленчаным у малітоўнай позе са складзенымі рукамі, арыентаванасць кампазіцыйнага цэнтра на святога-заступніка, самапаглыбленасць і сузіральнасць стану партрэтаванага, адсутнасць знешніх калізій і падкрэсленых сувязей са знешнім светам.

Вядомы з эпохі ранняга сярэднявечча ў мастацтве многіх еўрап. краін, росквіту дасягнуў у 14—15 ст. (размалёўка «Энрыка Скравеньі прыносіць у дар капэлу» работы Джота ды Бандоне ў Капэле дэль Арэна ў г. Падуя, Італія, 1305; алтарныя карціны «Мадонна з канцлерам Раленам» Я. ван Эйка, 1435; «Св. Кацярына і св. Магдаліна з данатарамі» Х. ван дэр Гуса, 1476—78).

На Беларусі першыя П.д. вядомы з 11 ст. (выявы тураўскага кн. Яраполка Ізяславіча, яго маці Гертруды і яго жонкі Ірыны ў «Кодэксе Гертруды», паміж 1078 і 1087). Найб. пашыраны ў 16—18 ст. у іканапісе: абразы «Пакланенне вешчуноў» (каля 1514) з выявай данатара Я.​Сегеня (выява данатара — 2-я пал. 17 ст.), «Маці Божая са святымі Ігнаціем Лаёлам і Францыскам Ксаверыем» (1-я пал. 17 ст.), дзе святым нададзены партрэтныя рысы кн. М.К. і Ю. Радзівілаў, і інш. Вядомы і познія ўзоры П.д. (фрэска «Спас з данатарамі» М.​Кошалева ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, 1902—11).

Б.​А.​Лазука, А.​Ю.​Хадыка.

Партрэт данатарскі. Фрагмент абраза «Пакланенне вешчуноў» з партрэтам данатара Я.​Сегеня. 2-я пал. 17 ст.

т. 12, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ВАД электрычны,

металічны праваднік эл. току з аднаго (аднажыльны) або некалькіх (мнагажыльны) дратоў. Бываюць неізаляваныя (для паветраных ліній электраперадачы, кантактавых сетак эл. транспарту, антэнных прыстасаванняў) і ізаляваныя (абмотачныя, установачныя, мантажныя, эл. шнуры). Вырабляюцца пераважна з металаў высокай электраправоднасці. Ёсць таксама мікраправады (эмаліраваныя, дыям. да 0,05 мм, для абмотак мікрамашын, шпуль вымяральных і рэгуляваных прылад) і эмаль-правады (пераважна абмотачныя круглага ці прамавугольнага сячэння да 30 мм2 з эл. ізаляцыяй у выглядзе тонкай плёнкі з эмалевага лаку або смалы).

Правады ЛЭП пераважна шматдротавыя сталеалюмініевыя (на адно- ці шматдротавы стальны асяродак навіты слаі алюмініевага дроту), сячэннем да 800 мм2. Падвешваюцца на апорах з дапамогай ізалятараў электрычных і спец. арматуры. Для асаблівых умоў выкарыстоўваюць П. спец. канструкцый (полыя, з антыкаразійнымі запаўняльнікамі і інш.). У кантактавай сетцы ўжываюць медныя ці бронзавыя правады круглага і фасоннага сячэння. Абмотачныя П. — з медзі або алюмінію, круглага ці прамавугольнага сячэння, з эмалевай, шкловалакністай, папяровай і інш. ізаляцый. Ідуць на абмоткі эл. машын, апаратаў, трансфарматараў і інш. Установачныя П. — медныя і алюмініевыя, пераважна круглага сячэння да 500 мм2, з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, для мантажу эл. абсталявання, скрытай і адкрытай праводкі ў жылых і вытв. будынках. П. мантажны — адна і шматдротавы з меднымі токаправоднымі жыламі, з полівінілхларыднай і поліэтыленавай ізаляцыяй, сячэннем да 6 мм2. Выкарыстоўваецца для фіксаванага і гнуткага мантажу электра- і радыёапаратуры, прылад на пультах і шчытах кіравання. Эл. шнуры — з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, 2—3-жыльныя (жылы сячэннем да 1 мм2 з тонкага меднага дроту) для далучэння бытавых электрапрылад і радыёапаратуры. Набываюць пашырэнне звышправодныя П. пераважна са сплаваў ніобію з цырконіем і тытанам у абалонцы з вадкім геліем.

У.​М.​Сацута.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁГАЛАГРА́ФІЯ,

запіс, узнаўленне і пераўтварэнне хвалевага фронту эл.-магн. хваль радыёдыяпазону. Метады Р. маюць шмат агульнага з метадамі аптычнай галаграфіі.

Радыёгалаграфічны працэс складаецца з запісу радыёгалаграмы, што адлюстроўвае параметры хвалевага фронту эл.-магн. поля, і ўзнаўлення відарыса аб’екта, з удзелам якога атрымаўся радыёфронт. Для запісу выкарыстоўваюцца неперарыўныя асяроддзі (аналагічныя фотаматэрыялам у аптычнай галаграфіі) або зонды. Неперарыўнымі асяроддзямі служаць плёнкі рэчываў, аптычныя ўласцівасці якіх (празрыстасць, паказчык пераламлення, паварот плоскасці палярызацыі і інш.) залежаць ад т-ры і лакальна мяняюцца пад уздзеяннем цеплаты, якая вылучаецца пры паглынанні радыёхваль. Зондамі з’яўляюцца антэны або целы, якія рассейваюць эл.-магн. хвалі. Для ўзнаўлення відарыса аб’екта выкарыстоўваюць аптычныя, радыётэхн. або выліч. спосабы. Пры аптычным спосабе радыёгалаграма пераносіцца ў адпаведным маштабе на аптычнае асяроддзе (напр., фотаплёнку), потым асвятляецца апорнай хваляй. Для фарміравання апорнай хвалі ў Р. выкарыстоўваюцца 2 спосабы: звычайны (як і ў аптычнай галаграфіі, калі апорная хваля фізічна існуе ў прасторы адначасова з прадметнай) і спецыфічны для Р., калі ў прасторы ёсць толькі адна (прадметная) хваля, а апорная падаецца ў тракт радыёпрыёмніка ці зонда. Р. выкарыстоўваецца для даследавання аддаленых аб’ектаў, напр., планет і Зямлі з космасу (раздзяленне пры адлюстраванні паверхні на некалькі парадкаў вышэйшае, чым пры звычайных метадах радыёлакацыі), для атрымання відарысаў аб’ектаў, схаваных аптычна непразрыстымі асяроддзямі (напр., ва ўмовах густой воблачнасці), у антэннай тэхніцы (для мадэліравання антэн, вымярэння іх параметраў і інш.), для апрацоўкі радыёсігналаў (сцісканне радыёлакацыйных імпульсаў) і інш.

На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца ў БДУ і Гомельскім ун-це.

Літ.:

Сафронов Г.С., Сафронова А.П. Введение в радиоголографию. М., 1973;

Бахрах Л.Д., Курочкин А.П. Голография в микроволновой технике. М., 1979;

Методы измерений параметров излучающих систем в ближней зоне. Л., 1985.

М.​А.​Вількоцкі, П.​Дз.​Кухарчык.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІНА,

археалагічныя помнікі (2 селішчы, бескурганны могільнік) ранняга жалезнага веку каля в. Вароніна Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. На селішчах знойдзены фрагменты грубаляпной і чорнаглянцаванай керамікі зарубінецкай культуры і ляпной керамікі сярэднявечча. На могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змешчаны ў прадаўгаватых або круглых ямах. Пахавальны інвентар — драцяныя фібулы, бронзавыя шпількі, спіралепадобныя бранзалеты, жал. кольцы, нажы, спражкі і інш., гліняныя, пераважна глянцаваныя, пасудзіны розных форм.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮГА́НСКАЯ РАЎНІ́НА, Васюганне,

на Пд Зах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. На Пд паступова пераходзіць у Барабінскую нізіну. Паверхня — плоская або спадзістахвалістая раўніна, пакатая на Пн і перарэзаная далінамі рэк Вял. Юган, Васюган і інш. Выш. да 166 м. Каля 70% пл. Васюганскай раўніны займаюць балоты. На дрэніраваных схілах ялова-кедрава-піхтавая тайга («урман») і асінава-бярозавыя лясы. Радовішчы нафты, газу і торфу.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КТАРНЫ ЗДАБЫ́ТАК вектараў a і b, вектар c, модуль якога роўны плошчы паралелаграма, пабудаванага на вектарах a і b, перпендыкулярны плоскасці гэтага паралелаграма і накіраваны так, што вектары a, b і c утвараюць правую тройку. Абазначаецца c = [a b] або c = a × b. Уведзены У.​Гамільтанам (1853). Выкарыстоўваецца ў геаметрыі, механіцы і фізіцы. Гл. таксама Вектарнае злічэнне.

Вектарны здабытак c вектараў a і b.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)