ІВАНО́Ў (Іван Іванавіч) (8.2.1897, в. Трупехіна Падарожскага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 8.7.1968),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 2-м і 3-м Бел. франтах. 15.10.1943 стралк. корпус пад яго камандаваннем фарсіраваў Дняпро каля в. Шчытцы Лоеўскага р-на, захапіў плацдарм і нанёс праціўніку вял. страты. Да 1955 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Леанід Леанідавіч) (н. 14.10.1940, г. Магілёў),

бел. дырыжор, педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1977), засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю (1964, клас І.Абраміса). З 1964 у Магілёўскім муз. вучылішчы (з 1973 дырэктар), з 1990 адначасова дэкан пед. ф-та філіяла Бел. акадэміі музыкі. Кіраўнік самадз. (у т. л. нар. аркестра Магілёўскага гар. Дома культуры) і студэнцкіх аркестраў нар. інструментаў муз. вучылішча і пед. ф-та акадэміі музыкі, якія пад яго кіраўніцтвам дасягнулі значнага выканальніцкага майстэрства. Сярод вучняў: П.​Вандзілоўскі, В.Купрыяненка, С.Лясун, А.​Сасноўскі.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫЯАДАПТА́ЦЫЯ (ад грэч idios свой, своеасаблівы + адаптацыя),

аламарфоз, прыватнае прыстасаванне арганізмаў да пэўных умоў жыцця ў канкрэтным знешнім асяроддзі. Адпаведны кірунак эвалюцыйных пераўтварэнняў наз. алагенезам. У процілегласць арамарфозу і рэгрэсіўным зменам — катамарфозу І. не адбіваецца істотна на агульным узроўні арганізацыі. Звычайна І. вядзе да пашырэння арэала групы арганізмаў, падзелу яе на вял. колькасць роднасных сістэм адзінак. Прыклады І.: розныя прыстасаванні камароў да паразітызму, раслін — да распаўсюджвання насення, розныя тыпы дзюб у птушак у сувязі з выкарыстаннем разнастайнага корму і спосабаў яго здабывання і інш.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМІНАКІСЛО́ТЫ,

арганічныя кіслоты, якія маюць імінагрупу (NH). Уваходзяць у склад многіх жывёльных, раслінных і мікробных бялкоў. Абмен І. у арганізме звязаны з абменам амінакіслот, з якіх І. ўтвараюцца ў выніку адшчаплення вадароду. Біялагічна найважнейшыя гетэрацыклічныя І. — пралін і аксіпралін. Бялкі, у якіх ёсць вял. колькасць праліну (праламіны і гліядзіны), не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў спірце. Аксіпралін утвараецца з праліну; найб. яго ў калагене. Пры прыроджаным парушэнні актыўнасці ферментаў (пралінаксідазы і аксіпралінаксідазы) у сываратцы крыві і ў мачы павышаецца колькасць праліну і аксіпраліну, бываюць парушэнні функцый выдзяляльнай сістэмы і разумовая адсталасць.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУ́ДА МАКАВЕ́Й (стараж.-яўр. Молат; ? — 160 да н.э.),

кіраўнік нар. паўстання супраць панавання Селеўкідаў у Іудзеі. У адказ на рэліг. праследаванні іудзеяў селеўкідскім царом Антыёхам IV у 167 І.М. узначаліў паўстанцкі рух. Атрымаў шэраг перамог, у 164 захапіў Іерусалім і нанава асвяціў храм. У 161 заключыў саюз з Рымам. Пасля гібелі І.М. ў бітве пры Элеасе барацьбу за заваяванне поўнай паліт. незалежнасці Іудзеі (142 да н.э.) узначальвалі яго браты. Маст. вобраз І.М. створаны ў трагедыі О.​Людвіга, араторыі Г.​Ф.​Гендэля, оперы А.​Рубінштэйна і інш.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Рыгор Сямёнавіч) (8.5.1902, в. Вял. Крушынаўка Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 18.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У 1928—32 працаваў у Азяранскім лясніцтве, у 1932—41 старшыня калгаса ў Рагачоўскім р-не. У Вял. Айч. вайну з 1943 партызан 8-й Рагачоўскай брыгады. З ліп. 1944 на 3-м Бел. фронце, стралок. Вызначыўся ў баі каля г. Шаўляй (Літва): каб стрымаць контратаку варожага пяхотнага батальёна, які падтрымлівалі 23 танкі і 9 бронетранспарцёраў, сяржант К. са звязкай гранат кінуўся пад танк. Байцы, натхнёныя яго подзвігам, адбілі контратаку.

Р.С.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКЕ́ВІЧ (Павел Канстанцінавіч) (2.10.1904, в. Забашавічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1943). Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Аб’яднаную бел. ваен. школу (1931),

Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). У Чырв. Арміі з 1926. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.-Зах. франтах. Вызначыўся 12—15.2.1943 у баях пад Харкавам: стралк. полк пад яго камандаваннем перакрыў шашу Харкаў — Палтава і адрэзаў ворагу шляхі адыходу, знішчыў больш за 200 аўтамашын і шмат інш. тэхнікі. Загінуў у баі. На радзіме ўстаноўлены бюст К.

П.К.Казакевіч.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬМА́ ПРУТКО́Ў,

калектыўны літ. псеўданім і сатыр. вобраз, створаны ў 1850—60-я г. групай рус. пісьменнікаў, у якую ўваходзілі А.​К.​Талстой і браты Аляксей, Аляксандр і Уладзімір Жамчужнікавы. Камічны партрэт К.П. намалявалі Аляксей Жамчужнікаў, А.​Бейдэман і Л.​Лагорыо. Сатыр. творы К.П. (вершы, байкі, літ. пародыі, эпіграмы, афарызмы, камедыі) накіраваны супраць коснасці, кансерватызму, абмежаванасці, тупасці чыноўніцтва, літ. эпігонства. Многія яго выслоўі сталі крылатымі. Творы К.П. публікаваліся ў час. «Искра», «Современник» і інш.

Тв.:

Соч. М., 1982.

Літ.:

Жуков Д. Козьма Прутков и его друзья. 2 изд. М., 1983.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКША́РАЎ (Мікалай Іванавіч) (5.12.1818, каля г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 2.1.1893),

расійскі мінералог-крышталёграф. Акад. Пецярбургскай АН (1866). Скончыў Ін-т корпуса горных інжынераў у Пецярбургу (1840). Прымаў удзел у экспедыцыях англ. геолага Р.​І.​Мурчысана ў час яго наведвання Расіі. Дырэктар Горнага ін-та ў Пецярбургу (1872—81), праф. (1851—55). З 1865 дырэктар Мінералагічнага т-ва і рэдактар многіх тамоў «Запісак мінералагічнага т-ва». Асн. твор — «Матэрыялы для мінералогіі Расіі» (т. 1—6, 1852—77). Вылічыў крышталеграфічныя канстанты, якія пакладзены ў аснову марфал. характарыстык многіх мінералаў.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦО́,

стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор ў пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.​Купалы, М.​Багдановіча, П.​Панчанкі, апавяданнях М.​Зарэцкага, К.​Чорнага, М.​Стральцова і інш.

В.​П.​Рагойша, Я.​І.​Клімуць.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)