у металургіі стварэнне ў сплавах аднароднай (гамагеннай) структуры або аднароднага хім. саставу. Робіцца гомагенізавальным (дыфузійным) адпалам звычайна пры т-ры 1000—1200 °C і працяглай вытрымцы, калі знікаюць канцэнтрацыйныя мікранеаднароднасці ў сплавах (утвараюцца пры нераўнаважнай крышталізацыі, дыфузійнай металізацыі і інш.). Гомагенізацыя паляпшае тэхнал. пластычнасць сплаваў, павышае стабільнасць і памяншае анізатрапію мех. уласцівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ ДО́ЗА,
максімальная колькасць шкоднага агента, якая пры ўздзеянні на жывыя арганізмы (праз дыхальную сістэму, ежу і да т.п.) ці іх згуртаванні яшчэ не выклікае істотных змен іх стану і парушэнняў працэсаў жыццядзейнасці. Вызначаюць гранічна дапушчальную дозу аднаразовую або ў пераліку на азначаны прамежак часу (гадзіну, дзень і г.д.). Для розных відаў жывых арганізмаў гранічна дапушчальная доза неаднолькавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАСУЛЯ́Р (ад позналац. grossularia агрэст),
мінерал з групы гранатаў, алюмасілікат кальцыю, Ca3Al2[SiO4]3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтрагонтрыэктаэдрычныя або простыя ці ў розных спалучэннях. Агрэгаты масіўныя, няправільныя зерні. Колер светла-зялёны, жаўтаваты, карычняваты ці белы. Бляск шкляны. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,5. Тыповы мінерал вапняковых скарнаў і кальцыевага метасаматозу асн. і ультраасн. парод. Празрыстыя грасуляры — ювелірныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФАМА́НІЯ (ад графа... + манія),
хваравітая цяга да пісьменніцтва ў асоб, пазбаўленых літаратурных здольнасцей. Узнікае на аснове наіўнага ўяўлення пра лёгкасць і агульнадаступнасць пісьменніцкай працы або ў выніку пераацэнкі асабістых творчых магчымасцей. Часта графаманіі спрыяюць «гучнае імя», дачыненне да выдавецкага асяроддзя і неабмежаваная магчымасць друкавацца. Элементы графаманскай шматслоўнасці як відавочны элемент стылю бываюць і ў творчасці прафесійных пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРТ,
бакавая паверхня (рабро) манеты, абмежаваная плоскасцямі аверса і рэверса. З 2-й пал. 16 ст. на гурце некат. заходнееўрап. манет змяшчалі легенды (надпісы), з канца 17 ст. рабілі карбоўку (геам.або раслінны арнамент) з мэтаю ўскладніць падробку і псаванне манет. Пазней спец. апрацоўка гурта стала ўсеагульнай.
Карбоўка на гурце расійскіх манет 18 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЁКАЯ СУ́ВЯЗЬ, міжгародняя сувязь,
від тэлефонна-тэлеграфнай сувязі паміж карэспандэнтамі, якія знаходзяцца на далёкай (практычна неабмежаванай) адлегласці адзін ад аднаго. Адначасовая перадача тэлеф., тэлегр., фотатэлегр., тэлевізійных і інш. сігналаў ажыццяўляецца па паветраных, кабельных, радыёрэлейных, спадарожнікавых і інш. лініях сувязі (гл.Многаканальная сувязь). Для кампенсацыі затухання сігналаў на асобных участках ліній устанаўліваюць узмацняльныя пункты або прамежкавыя (рэтрансляцыйныя) станцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖНІ́К,
у цывільным працэсе бок абавязацельства (дэбітор), які павінен выканаць на карысць другога боку (крэдытора) пэўнае дзеянне або ўстрымацца ад такога дзеяння. Д. могуць выступаць асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, г.зн. праваздольныя грамадзяне, юрыд. асобы і сама дзяржава. Калі ў абавязацельстве бяруць удзел некалькі Д., кожны з іх павінен выканаць абавязацельства ў роўнай долі з іншымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУРАКУ́ЛАЎ (Умаркул) (люты 1894, г. Самарканд, Узбекістан — 22.3.1973),
узбекскі майстар маст. керамікі; стваральнік школы сучаснай самаркандскай керамікі. Нар. мастак Узбекістана (1953). Фармоўцы вучыўся ў свайго бацькі Джуракула Кабулава, размалёўцы — у майстра У.Умарава з г.Гіждуван. Пачаў працаваць у 1902. Аўтар аздобленых падглазурнай размалёўкай збаноў са складаным рэльефным узорам, разнастайных пасудзін у форме птушак або драконаў, фігурак жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржаўнае зямельнае ўладанне ў ВКЛ, якое знаходзілася ў распараджэнні пэўнай асобы — дзяржаўцы — на вызначаных умовах трымання. У 15—16 ст. мелі розную велічыню, некат. з іх ператварыліся ў староствы. У 17—18 ст. Дз. складаліся з адной ці некалькіх вёсак або нават іх частак, часам пад Дз. лічылася пэўная колькасць зямлі, на якой не было аселых сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЯ,
1) падатак з сялян ВКЛ у 15—18 ст. на карысць землеўладальніка, які забіраў чацвёртую частку (долю) ураджаю. У 16—18 ст. пашырана на Бел. Падзвінні. Выконвалі гэту павіннасць сяляне — дольнікі. У канцы 18 ст. Д. заменена чыншам або паншчынай.
2) Руская мера вагі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Д. = 1/96 залатніка = 0,0444 г.