ПАЛАНЕ́ЦКІ УНІВЕРСА́Л,
заканадаўчы акт, падпісаны Т.Касцюшкам 7.5.1794 у лагеры каля мяст. Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў 1-й спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні. Абвясціў аб прадастаўленні сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з землеўладальнікам, скарачэнні паншчыны на 33—50% у часе паўстання і яе адмене для сялян, якія далучыліся да паўстання, прызнаў права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі, і забараніў іх згон. У якасці кампенсацыі землеўласнікам за змяншэнне паншчыны П.у. прадугледжваў заключэнне з сялянамі дагавораў аб наёмнай працы (фактычна прымусовай). Быў устаноўлены ін-т дазорцаў, якія павінны былі разглядаць спрэчкі паміж сялянамі і землеўласнікамі. Рэалізацыя універсала сустрэла процідзеянне шляхты. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэформы, прадугледжаныя П.у., скасаваны новымі дзярж. ўладамі.
т. 11, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. polarisation ад грэч. polos вось, полюс) біяэлектрычная, наяўнасць падвойнага электрычнага слоя на мяжы змесціва жывой клеткі і знешняга асяроддзя. Абумоўлена будовай біялагічных мембран і нераўнамерным размеркаваннем неарган. іонаў (у асаблівасці іонаў натрыю, калію, хлору і інш.) у клетцы і вакол яе. Вонкавая паверхня клеткі ў стане спакою мае дадатны зарад, а ўнутр. — адмоўны.
П. — непасрэдная прычына ўзнікнення мембраннага патэнцыялу (патэнцыялу спакою). Выбіральнае павелічэнне іоннай пранікальнасці біял. мембран вядзе да змены П. Напр., пранікненне іонаў натрыю ў клетку праз мембрану ўзбуджанага ўчастка нерва вядзе да дэпалярызацыі мембраны і ўзнікнення патэнцыялу дзеяння. Час вяртання П. мембраны да ўзроўню спакою (сыходная фаза патэнцыялу дзеяння) наз. фазай рэпалярызацыі мембраны. Павелічэнне патэнцыялу спакою звыш нармальнага ўзроўню вядзе да гіперпалярызацыі мембраны.
Адносна стабільны ўзровень П. жывой клеткі забяспечваецца пастаянствам электрахім. градыентаў, якое падтрымліваецца работай іонных помпаў. Гл. таксама Біяэлектрычныя патэнцыялы, Мембранная тэорыя ўзбуджэння.
т. 12, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ДЫЭЛЕ́КТРЫКАЎ,
працэс узнікнення ў дыэлектрыках стану, які характарызуецца наяўнасцю эл. дыпольнага моманту ў кожнага элемента іх аб’ёму (палярызаванага стану), пад уздзеяннем знешніх фактараў (эл. палёў, мех. напружанняў, змены т-ры і інш.), а таксама сам палярызаваны стан дыэлектрыка. Характарызуецца палярызаванасцю ці вектарам палярызацыі .
Найб. значэнне мае П.д. у знешнім эл. полі, якая абумоўлена зрушэннем электронаў у атамах і іонах (электронная, ці дэфармацыйная палярызацыя), зрушэннем іонаў у цвёрдых дыэлектрыках з іоннай крышт. рашоткай (іонная палярызацыя), паваротам дыпольных малекул (арыентацыйная палярызацыя). Залежыць ад напружанасці знеш. эл. поля — . У слабых палях
, дзе ε0 — эл. пастаянная, χ — дыэлектрычная ўспрыімлівасць. П.д. можа мець месца з прычыны мех. напружанняў (гл. П’езаэлектрычныя матэрыялы). Існуюць дыэлектрыкі са спантаннай (самаадвольнай) палярызацыяй (гл. Піраэлектрычнасць, Сегнетаэлектрыкі), а таксама дыэлектрыкі, здольныя працяглы час захоўваць наэлектрызаваны стан (электрэты).
т. 12, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Ануфрый) (1793, г. Шчучын Гродзенскай вобл. — 7.12.1863),
польскі і бел. паэт. Скончыў пав. школу ў Шчучыне, Віленскі і Варшаўскі ун-ты. Канд. (1816), магістр (1821) філасофіі. У 1822—24 працаваў у архіве Радзівілаў у Вільні. Адзін з заснавальнікаў т-ва філаматаў, распрацаваў структуру арг-цыі «прамяністых». Сасланы ў Маскву (працаваў бібліятэкарам ва ун-це, 1825—31), Табольск (1832—60). У 1860 вярнуўся ў Вільню. Пісаў па-польску. У час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік», 1817) змяшчаў сентыментальныя вершы і гіст. думы ў духу рамантызму («Вёска», «Беспадстаўная скарга», «Роздум ля развалін замка Гедзіміна» і інш.). Аўтар вершаванай фалькл.-этнагр. замалёўкі «Ідылія Купала», засн. на бел. нар. вераваннях і абрадах. Збіраў матэрыялы т-ва філаматаў (выдадзены як архіў філаматаў у 1913—34 і ў 1973). Сябраваў з Я.Чачотам, падтрымліваў сувязі з А.Міцкевічам.
У.І.Мархель.
т. 12, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСКУ́Н (Юрый Аляксандравіч) (н. 27.8.1955, Мінск),
бел. мастак, мастацтвазнавец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). У 1984—94 працаваў у Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 2000 нам. дырэктара Нац. маст. музея Беларусі. З 1994 выкладае ў Бел. АМ. Працуе ў жанрах партрэта, пейзажа, тэматычнай карціны. Аўтар жывапісных твораў; «Час пералётных птушак», «Сланечнікі» (абодва 1983), «Вяселле ў Беражцах» (1985), «Зіма» (1986), «Святочная раніца» (1987), «Раю раіўся» (1994), «Госці», «Старасвецкая мелодыя» (абедзве 1996), «Трава і дрэвы» (1995), «Палескі каравай», «Сакалінае паляванне» (абедзве 1998); трыпціхаў «Яблычны спас» (1999), «Шляхамі Драздовіча» (2000); габеленаў «Полацкія званы» (1990), «Малітва» (1991, з В.Дзёмкінай); сцэн. касцюмаў для бел. ансамбляў, у т. л. «Харошкі», «Песняры» і інш. Творам характэрны рамант. ўзнёсласць, вытанчаная прапрацоўка вобразаў, сюжэтная завершанасць. Іл. гл. да арт. Партрэт.
т. 12, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНАВА́ННЕ СЯМ’І́,
добраахвотнае рэгуляванне дзетараджэння ў сям’і. Дапамагае вызначыць колькасць дзяцей ў сям’і, нарадзіць жаданых дзяцей у найб. спрыяльных умовах, выбраць час дзетараджэння з улікам узросту бацькоў і сац.-эканам. умоў, рэгуляваць інтэрвалы паміж цяжарнасцямі, пазбегнуць непажаданай цяжарнасці. П.с. — важны фактар захавання здароўя маці і дзіцяці, зніжэння мацярынскай і ранняй дзіцячай смяротнасці, частаты абортаў. Уключае таксама дзейнасць арг-цый, якія ствараюць умовы для дасягнення сям’ёй пажаданай колькасці дзяцей шляхам розных адм., сац., эканам. і прапагандысцкіх сродкаў. Напр., у Еўропе найб. шырока праграму П.с. з 1, 2, 3 дзецьмі праводзіць Францыя. У Азіі, Афрыцы, Лац. Амерыцы праграмы П.с. накіраваны на зніжэнне нараджальнасці (Індыя, Кітай і інш.). На Беларусі існуе сістэма матэрыяльнай дапамогі па падтрымцы сям’і: выплачваюцца розныя віды дапамогі, у залежнасці ад колькасці і ўзросту дзяцей сем’ям дадзены розныя падатковыя льготы.
Дз.М.Кудзелка.
т. 12, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1498—1832 у г. Полацк Віцебскай вобл. Адзін з першых 4 кляштараў ордэна бернардзінцаў у ВКЛ. Засн. вял. кн. ВКЛ Аляксандрам на Запалоцці пры ўпадзенні р. Палата ў Зах. Дзвіну з мэтай схілення праваслаўных у каталіцтва. Верагодна, у гэтым кляштары атрымаў пач. адукацыю Ф.Скарына. Драўляны касцёл кляштара пабудаваны ў 1502. У час Лівонскай вайны 1558—83 ён спалены ў 1563. У 1696 ваявода Д.Слушка зноў запрасіў бернардзінцаў у Полацк і размясціў іх у слабадзе Кабак. Пасля пажару 1758 пабудаваны мураваны касцёл Маці Божай Марыі Нябеснай (асвячоны ў 1769) і жылы корпус. Касцёл быў аднанефавы, з трансептам і 2-вежавым фасадам, памерамі 42 × 25 локцяў. У 1772 было 10 манахаў, школа філасофіі. У 1832 кляштар скасаваны, касцёл ператвораны ў правасл. царкву (значна пашкоджаны ў 1930-я г.). Жылы корпус захаваўся.
А.А.Ярашзвіч.
т. 12, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ,
група прыхільнікаў радыкальных грамадска-паліт. рэформ, якія дзейнічалі напярэдадні і ў час паўстання 1794, а таксама ў першыя гады пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). Уваходзілі прадстаўнікі шляхты, інтэлігенцыі і незаможнага мяшчанства. Назву «П.я.» атрымалі ад паліт. праціўнікаў з-за пэўнага падабенства іх поглядаў з поглядамі франц. якабінцаў. Гал. дзеячы — К.Канопка, Ю.Меер, Я.Ясінскі і інш. — былі паслядоўнікамі Гуга Калантая (адсюль іх другая назва — «гуганісты»). П.я. патрабавалі раўнапраўя мяшчан, скасавання паншчыны і сял. прыгону, устанаўлення рэспублікі; заклікалі да барацьбы з тыраніяй, абвяшчалі братэрства народаў. У крас. 1794 заснавалі ў Варшаве Якабінскі клуб, у маі і чэрвені кіравалі выступленнямі варшавян (у т. л. самасудамі) і дамагаліся пакарання караля і прыхільнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі. Пасля задушэння паўстання ў 1797 засн. Т-ва польскіх рэспубліканцаў.
Літ.:
Leśnodorski B. Połścy jakobini: Karta z dziejów insurekcji 1794 roku. Warszawa, 1960.
т. 12, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПЫТ,
прадстаўленая на рынку патрэба ў таварах і паслугах, абмежаваная дзеючымі цэнамі і плацежаздольнасцю спажыўцоў. Характарызуецца велічынёй, якая вызначае колькасць тавараў (паслуг), што пакупнік жадае і здольны набыць па дадзенай цане ў дадзены перыяд часу. Аб’ём і структура П. залежаць ад цэн на тавар і ад інш. нецэнавых фактараў (мода, даходы спажыўцоў, цэны на інш. тавары, у т. л. на тавары-заменнікі і спадарожныя тавары). Таварная структура П. — сукупнасць удзельнай вагі асобных тавараў і таварных груп у агульным аб’ёме П. Часавая структура П. характарызуе час узнікнення П. (бягучы і перспектыўны П.). Адрозніваюць індывідуальны П. адной асобы, рыначны П. на дадзеным рынку і сукупны П. на ўсіх рынках дадзенага тавару (паслугі) альбо на ўсе тавары (паслугі), што вырабляюцца і прадаюцца. П. у эканоміцы звязаны з прапановай тавараў і паслуг; раўнавага паміж імі — неабходная ўмова раўнавагі ў нар. гаспадарцы.
т. 12, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраметрыі, які распрацоўвае метады, інструменты і прылады для вызначэння геагр. каардынат, азімутаў напрамкаў і дакладнага часу паводле астр. назіранняў. Падзяляецца на геадэзічную астраномію, мараходную (распрацоўвае спосабы вызначэння па нябесных свяцілах і навігацыйных ШСЗ месцазнаходжання судна ў моры і папраўкі прылад курсапаказвання) і авіяцыйную (вызначае каардынаты лятальнага апарата í папраўкі компаса ва ўмовах палёту). Вымяральныя прылады П.а.: зеніт-тэлескоп, кварцавы гадзіннік, мерыдыянны круг, пасажны інструмент, секстант, універсальны інструмент, хранограф, хранометр і інш. Па астр. гадзінніках службы часу розных краін вызначаюць час адпаведнага часавага пояса з дакладнасцю да дзесяцітысячнай долі секунды, кругласутачна перадаюць сігналы дакладнага часу. Астр. метады арыенціроўкі (вызначэнне геагр. каардынат і азімутаў напрамкаў) з’яўляюцца найб. надзейнымі метадамі ў далёкіх плаваннях марскіх караблёў, авіяц. і касм. палётах.
Літ.:
Блажко С.Н. Курс практической астрономии. 4 изд. М., 1979.
А.А.Шымбалёў.
т. 12, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)