КАЛАНІЗА́ЦЫЯ,

1) у старажытнасці сталае рассяленне плямён (народаў) на новых тэрыторыях, часта ўжо занятых інш. плямёнамі; заснаванне паселішчаў у чужых землях (актыўна праводзілася асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі). Была выклікана недахопам с.-г. зямель, гандл. экспансіяй і інш. 2) Засяленне і гасп. асваенне ўскраінных зямель краіны, якія пустуюць (унутраная К.), або заснаванне паселішчаў паза яе межамі (знешняя К.). Мела добраахвотны, прымусовы (высылкі і інш.) ці добраахвотна-прымусовы (служба) характар. З часоў Вял. геагр. адкрыццяў 15—17 ст. К. інш. раёнаў еўрапейцамі суправаджалася прымусовым падпарадкаваннем мясц. насельніцтва ў Новым Свеце (гл. Каланіялізм). Вял. памеры К. былі ў Расіі (з канца 16 ст. асваенне Сібіры і Д. Усходу, у 16—17 ст. засяленне паўд. раёнаў Еўрап. Расіі, у 18 ст. Паўн. Прычарнамор’я, у 18—1-й пал. 19 ст. гасп. асваенне Заволжа). У канцы 19 — пач. 20 ст. рас. ўрад арганізавана перасяляў сялян з зах. і цэнтр. раёнаў імперыі ў Сібір, Сярэднюю Азію, Казахстан, на Д. Усход і інш. Толькі з Беларусі з 1885 да 1914 выехала ў Сібір больш за 500 тыс. чал. У БССР у 1920-я г. добраахвотнае перасяленне малазямельных сялян у Сібір набыло вялікія памеры (толькі ў 1924 заявы аб перасяленні ў Сібір падалі 8860 сем’яў). У час калектывізацыі сельскай гаспадаркі з Беларусі ў Казахстан і Сібір прымусова выслана 300—400 тыс. чал., т.зв. «кулакоў». У СССР апошнія хвалі масавай унутранай К. былі звязаны з асваеннем цалінных зямель (з 1954) і буд-вам Байкала-Амурскай магістралі (з 1974), куды таксама выехала нямала беларусаў.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ГРАФІЯ (ад грэч. kalligraphia прыгожы почырк),

мастацтва прыгожага і дакладнага пісьма. Вылучаецца кампазіцыйнай дасканаласцю, стылявым адзінствам, вобразнасцю, спалучэннем традыц. і нац., высокім выканаўчым майстэрствам (віртуознасць росчыркаў, выразнасць аўтарскай індывідуальнасці, інструмента і інш.).

Вытокі К. ў глыбокай старажытнасці Яе развіццё звязана з гісторыяй пісьма, шрыфту, пісьмовых прылад, эвалюцыяй маст. стыляў. Асаблівасці К. ў розных краінах абумоўлены сац. запатрабаваннямі, нац культ. і маст. традыцыямі, рэлігіяй і інш. Вял. значэнне аддавалася К. ў краінах з іерагліфічным пісьмом (Японія, Кітай і інш.; гл. Іерогліф) і арабскім, дзе мусульм. веравызнанне абмяжоўвае выяўл. творчасць. У працэсе развіцця К. вылучыліся 2 тэндэнцыі: адна абумоўлена функцыян. патрабаваннямі (зручнасць пісьма, яснасць і макс. распазнавальнасць знакаў, магчымасць чытаць на адлегласці), другая — падпарадкаваннем формы літар, слоў, тэксту маст. або дэкар. мэтам (дэкар. ўзорыстасць, якая набліжае пісьмо да арнаменту).

На Беларусі К. вядома з 10—11 ст. у рукапісных богаслужэбных кнігах. Развівалася на аснове кірыліцы ад устава і паўустава да скорапісу. Вял. ўвага аддавалася афармленню пач. старонак (змяшчалі арнамент, застаўкі, ініцыялы). 15—16 ст. — росквіт бел. К. (курсіў, у якім адчувальны ўплыў зах.-еўрап. познагатычнага пісьма). Традыцыі К. паўплывалі на шрыфты кніг Ф.​Скарыны, якія ўяўляюць сабой творчы сінтэз бел. і зах.-еўрап. К. З’яўленне кнігадрукавання абмежавала выкарыстанне К. З развіццём машынапісу яна захавалася ў афармленні кніг, плакаце, рэкламе і інш. галінах, дзе выкарыстоўваюцца маст. маляваныя шрыфты, часам выступае як твор станковай графікі (Ю.​Тарэеў і інш.).

Юсеф Сеід, Рамзі Мустафа, Саад Кяміль, Абу Халіль Лютфа. Карціна на тэму арабскай каліграфіі.
Да арт. Каліграфія. Ю.​Тарэеў. З трыпціха «Галасы». 1997.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЧЫ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рутка. На аўтадарозе Навагрудак—Мінск. За 185 км ад Гродна, 42 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. 7,8 тыс. ж. (1998).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1395. У 15 ст. двор вял. князёў ВКЛ у Навагрудскім пав. У 1505 разрабаваны крымскімі татарамі. З 1594 вядомы як мястэчка. З 2-й чвэрці 17 ст. ўладанне кн. Радзівілаў. З 2-й пал. 17 ст. ў К. дзейнічала шпалерня (гл. Карэліцкія шпалеры). У 1655 у час вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай разбураны шведамі. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 зноў спалены шведамі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1833—62 дзейнічала Карэліцкая цукровая мануфактура. У 1897—2559 ж., школа, царква, сінагога, лячэбніца, гасцініца, паштовая станцыя. У 1-ю сусв. вайну моцна разбураны, акупіраваны герм. войскам. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Карэліцкага раёна, вёска. У Вял. Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 3747 ж. З 30.4.1958 гар. пасёлак. У 1962—65 у Навагрудскім р-не. У 1971—3,7 тыс жыхароў.

Ільнозавод. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, базавая і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей «Зямля і людзі». Вайсковыя могілкі, Мемар. комплекс сав. воінам і партызанам, помнік землякам. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (19 ст.).

т. 8, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКРЫНІ́КСЫ (псеўд. паводле першых літар прозвішчаў і імя),

творчы калектыў рас. графікаў і жывапісцаў; Купрыянаў Міхаіл Васілевіч (21.10.1903, в. Цецюшы, Татарстан — 11.11.1991), Крылоў Парфірый Мікітавіч (22.8.1902, в. Шчалкунова Тульскай вобл., Расія — 15.5.1990), Сакалоў Мікалай Аляксандравіч (н. 21.7.1903, Масква). Нар. мастакі СССР (1958). Правадз. члены АМ СССР (1947). Героі Сац. Працы (Крылоў з 1972, Купрыянаў і Сакалоў з 1973). Вучыліся ў маск. Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (паміж 1921—29). Працавалі разам з 1924. Выпрацавалі новы тып карыкатуры, які вызначаўся вострай надзённасцю, вынішчальна-з’едлівым вырашэннем тэмы, шаржыраванай характарыстыкай персанажаў (серыі «Транспарт», 1933—34; «Пра дрэнь», 1959—60). Вял. папулярнасць мелі карыкатуры, плакаты і «Вокны ТАСС», створаныя ў час Вял. Айч. вайны: «Бязлітасна разгромім і знішчым ворага!», «Клешчы ў клешчы» (абодва 1941), «Згубіла я пярсцёнак... (а ў пярсцёнку — 22 дывізіі)» (1943) і інш. Працавалі ў кніжнай графіцы: ілюстрацыі да твораў І.​Ільфа і Я.​Пятрова («12 крэслаў», 1933, 1967; «Залатое цялё», 1971), М.​Салтыкова-Шчадрына («Паны Галаўлёвы», 1939, і інш.), А.​Чэхава («Дама з сабачкам», «Чалавек у футарале», 1940—46, і інш.), М.​Горкага («Жыццё Кліма Самгіна», 1933; «Фама Гардзееў», 1948—49; «Маці», 1950), М.​Сервантэса («Дон Кіхот», 1949—52) і інш. Сярод жывапісных твораў: серыя «Старыя гаспадары» (1936—37), «Уцёкі фашыстаў з Ноўгарада» (1944—46), «Канец» (1947—48), «Абвінавачванне (Ваенныя злачынцы і іх абаронцы на Нюрнбергскім працэсе)» (1967) і інш. Індывідуальна працавалі як партрэтысты і пейзажысты. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1949, 1950, 1951. Ленінская прэмія 1965.

Літ.:

Соколова Н.И. Кукрыниксы. М., 1962.

Кукрыніксы. Уцёкі фабрыканта. З серыі «Старыя гаспадары». 1936—37.
Кукрыніксы. Бязлітасна разгромім і знішчым ворага! 1941.

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЖСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства Полацкай зямлі ў 12—15 ст.

Цэнтр — г. Лагожск (сучасны г. Лагойск Мінскай вобл.). Магчыма, ’першым уладальнікам Л.к. ў 1127 быў кн. Брачыслаў. Непасрэдна лагожскімі князямі Іпацьеўскі летапіс называе Усяслава Мікуліча (1180) і Васільку Валадаравіча. Верагодна, Л.к. было адным з удзелаў Мінскага княства. Не пазней як у 1-й пал. 14 ст. княства ўвайшло ў ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. належала Войшвілу (паводле адной з версій — сыну Кейстута). У 1387 вял. кн. Ягайла аддаў Л.к. разам з Трокскім і Полацкім княствамі свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў яго намеснікам у ВКЛ. У 1392 Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі Л.к.: Ганявічы і Корань у 1395 — віленскаму біскупству, Гасцілавічы — віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду (у 1407 пацверджаны навечна); Коцалі ў канцы 14 ст. — новаўтворанаму касцёлу ў Гайне. Магчыма, да Л.к. належала і Харэцкая воласць у вярхоўях р. Бярэзіна, раздача якой у прыватную уласнасць адбывалася адначасова. Не пазней як у 1-й пал. 15 ст. з Л.к. вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Зазер’е і, верагодна, Смалявічы, якія належалі пану Судзімонту Доргевічу. Пасля смерці апошняга (1448) спадчыннае права на гэтыя маёнткі пацверджана яго сыну Алехну. У сярэдзіне 15 ст. ад Л.к. заставалася невял. частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала кіеўскаму кн. Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 — яго малодшаму брату Андрэю. Пасля смерці Андрэя ў 1457 Гайна пакінута ва ўласнасці яго нашчадкаў, а Лагойск вернуты вял. князю і ў 1460 нанова падараваны кн. Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁД,

вада ў цвёрдым стане. Адрозніваюць аморфны Л. і 10 яго крышт. мадыфікацый. У прыродзе вядома адна форма Л. — са шчыльн. 0,92 г/см³, цеплаёмістасцю 2,09 кДж (кгК) пры 0 °C, цеплынёй плаўлення 334 кДж/кг. Л. празрысты, у тонкім слоі бясколерны, у вял. масе блакітнаваты. Звычайна чысцейшы за ваду, аднак можа мець мех. прымесі — цвёрдыя часцінкі, кропелькі раствораў, бурбалачкі газу. Л. бывае атмасферны (снег, іней, град), водны (сала, ледзяное покрыва, ледзяныя іголкі, донны Л.), падземцы (утварае зімовае прамярзанне глеб і вечную мерзлату) і ледавіковы. Адно з самых пашыраных цвёрдых цел на зямной паверхні (каля 30 млн. км³). Займае вял. прасторы ў Антарктыдзе (мацерыковы Л.), Арктыцы (марскі Л.), у горных раёнах (ледавікі), у абласцях пашырэння вечнай мерзлаты. Ва ўмовах Беларусі Л. утвараецца зімой на рэках і вадаёмах, у глебе і грунтах, выпадае з воблакаў, утварае снегавое покрыва, галалёд, галалёдзіцу, шэрань, іней, у цёплую пару выпадае з воблакаў у выглядзе граду. У геал. мінулым на тэр. Беларусі існавала магутнае ледавіковае покрыва, якое неаднаразова ўтваралася ў час мацерыковых зледзяненняў антрапагену, на прылеглых да яго тэрыторыях была вечная мерзлата. Л. аказвае значны ўплыў на фарміраванне ўмоў пражывання на Зямлі і гасп. дзейнасці чалавека. Абледзяненні самалётаў, суднаў, ліній сувязі і электраперадач, дарожнага палатна прыводзяць да аварый, гляцыяльныя селі знішчаюць населеныя пункты, прамысл. і трансп. збудаванні, рачныя заторы і зажоры выклікаюць мясц. паводкі і інш. Л. скарыстоўваюць для захавання і ахаладжэння харч. прадуктаў, біял. і хім. прэпаратаў.

Ёсць звесткі пра наяўнасць Л. на планетах Сонечнай сістэмы і ў каметах.

т. 9, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАІНАЗНА́ЎСТВА,

геаграфічная дысцыпліна, якая комплексна вывучае мацерыкі, краіны і рэгіёны з мэтай выяўлення на пэўных тэрыторыях агульных заканамернасцей, абумоўленых фіз. і эканам. геаграфіяй. Вылучаюць 2 кірункі К.: фіз.-геагр. і эканоміка-геаграфічны. Грунтуецца на звестках геамарфалогіі, геалогіі, кліматалогіі, гідралогіі, геаграфіі расліннага і жывёльнага свету, глеб, насельніцтва, прам-сці, сельскай гаспадаркі, транспарту, паліт., сац.-эканам. геаграфіі і інш.

К. ўзнікла з практычных патрэб людзей у звестках пра розныя краіны. Першыя краіназнаўчыя працы стварылі стараж.-кіт. (з 7 ст. да н.э.) і стараж.-грэч. вучоныя (Герадот у 5 ст. да н.э., Страбон у 1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.). Для расійскага К. вял. значэнне мелі працы, складзеныя пад рэд. П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага. «Жывапісная Расія» (т. 1—12, 1881—1885), у т. л. т. 3 пра Беларусь, напісаны А.К.Кіркорам («Літоўскае Палессе, Беларускае Палессе», 1882); «Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай Айчыны» (т. 1—19, 1899—1914), у т. л. т. 9, прысвечаны Беларусі («Верхняе Падняпроўе і Беларусь»), У 1930—60-я г. вял. ўклад у развіццё К. ў СССР зрабіў М.​М.​Баранскі, які распрацаваў метадалагічныя асновы, сфармуляваў задачы і даў узорную структуру краіназнаўчых прац.

На Беларусі да ліку першых краіназнаўчых прац належаць кнігі П.​М.​Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» (1858), А.А.Смоліча «Геаграфія Беларусі» (1919). Краіназнаўчую характарыстыку замежных краін упершыню ў бел. геаграфіі зрабілі М.​В.​Азбукін («Геаграфія Еўропы», 1924) і Смоліч («Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў», 1925). Найб. значныя працы па бел. К.: «Геаграфія Беларусі» (1965), «Беларусь» (1967) з серыі «Савецкі Саюз», «Рэспублікі Прыбалтыкі. Беларусь. Украіна. Малдова» (1984) з серыі «Краіны і народы».

В.​П.​Якушка.

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ, зоны прыродныя,

буйныя часткі геаграфічнай абалонкі, часткі паясоў геаграфічных, якія маюць агульныя ўмовы тэрмічныя і ўвільгатнення; утвараюць адну з найбольшых адзінак фізіка-геагр. падзелу зямной паверхні. З’явы геагр. занальнасці былі вядомы яшчэ ў Стараж. Грэцыі. Падзел паверхні Зямлі на зоны і фармуляванне закону занальнасці распрацаваны В.В.Дакучаевым (1898).

Вылучаюцца на сушы і на акіянічных прасторах (апошнія менш выразныя). Па суадносінах цяпла і вільгаці З.г. заканамерна змяняюцца ад экватара да полюсаў і ад акіянаў у глыб мацерыкоў. З.г. найчасцей выцягнутыя ў шыротным або субшыротным напрамку. Адначасова з занальнымі фактарамі на фарміраванне З.г. вял. ўплыў аказваюць азанальныя: палярная асіметрыя ландшафтнай абалонкі Зямлі (вял. акіянічнасць Паўд. паўшар’я і інш.), канфігурацыя і велічыня плошчы сушы, наяўнасць і характар размяшчэння буйных форм рэльефу (напр., Гімалаі садзейнічаюць непасрэднаму суседству высакагорных пустынь Тыбета і вільготных лясоў паўд. схілаў). Пад уздзеяннем рэльефу і залежнасці ад канфігурацыі мацерыкоў Г.з. могуць мець мерыдыянальны або субмерыдыянальны напрамак (напр., стэпавая зона ўздоўж Скалістых гор Паўн. Амерыкі). На паверхні Зямлі вылучаюць 20 геагр. зон, якія аб’ядноўваюцца ў 13 геагр. паясоў. Назвы З.г. пераважна даюцца па асн. тыпе расліннасці, які адлюстроўвае гал. асаблівасці ландшафту дадзенай тэр., напр., зоны лясныя, стэпавыя, саваннаў і інш. Ў З.г. адсутнічаюць выразныя межы, але яны адрозніваюцца асаблівым тыпам ландшафту (адпавядаюць зонам ландшафтным) з перавагай пэўнага клімату, глеб, расліннасці і рэльефаўтваральных працэсаў. У гарах, дзе праяўляецца вышынная пояснасць, блізкімі да З.г. з’яўляюцца тыпы вышыннай пояснасці. З.г. падзяляюцца на геагр. падзоны (лясная зона — на тайгу, змешаныя і шыракалістыя лясы).

Тэр. Беларусі знаходзіцца ў лясной зоне, падзонах змешаных і шыракалістых лясоў.

В.​С.​Аношка.

т. 7, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛА́НКА»

(«Blitz»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады Сіроцінскай і мясц. насельніцтва ў Бешанковіцкім і Сіроцінскім р-нах Віцебскай вобл. (у міжрэччы Зах. Дзвіны і Обалі, уздоўж чыг. Віцебск—Полацк) 23.9—4.10.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 21-й ахоўнай дывізіі пры падтрымцы браняпоезда і паліцэйскіх падраздзяленняў мясц. гарнізонаў. 23 вер. праціўнік пачаў наступленне, імкнучыся акружыць брыгаду, расчляніць яе на часткі і знішчыць. Асн. сілы брыгады своечасова адышлі за р. Обаль і занялі абарону на яе правым беразе; атрады 4-ы (камандзір Дз.​М.​Ляўковіч) і 3-і (камандзір В.​Р.​Несцераў) апынуліся ў акружэнні. 4-ы атрад 3 сутак адбіваў атакі карнікаў, а потым пад прыкрыццём невялікага заслона (2 сутак стрымліваў праціўніка) прарваўся да в. Залужжа, адкуль мясц. жыхары вывелі яго да в. Грабянцы ў тыл ворага. На У ад в.Шашы бой у акружэнні вёў 3-і атрад, разам з якім у лесе хавалася каля 3 тыс. мясц. жыхароў. Спачатку праціўнік вёў моцны артыл. агонь, потым пачаў прачэсваць лес. Адбіваючыся апошнімі гранатамі, партызаны разам з жанчынамі, малымі і старымі пачалі адыход да Зах. Дзвіны, дзе размяшчаліся сілы загараджэння карнікаў. У гэты час эскадрылля сав. штурмавікоў, што наносіла ўдары па станцыях Полацк і Гараны, вярталася з задання. Лётчыкі заўважылі вял. колькасць гітлераўцаў на беразе ракі і з брыючага палёту абстралялі іх. Выкарыстаўшы паніку ў стане праціўніка, партызаны з часткай насельніцтва пераправіліся цераз раку і выйшлі ў размяшчэнне атрада «Смерць фашызму». Пацярпеўшы няўдачу ў аперацыі, карнікі загубілі 567 чал., спалілі 9 вёсак.

У.​С.​Пасэ.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (НАРБ). Засн. ў 1927 у Мінску як архіў Кастр. рэвалюцыі, з ліп. 1938 наз. архіў Кастр. рэвалюцыі і сацыяліст. будаўніцтва БССР, з мая 1993 — Бел. дзярж. архіў, з чэрв. 1995 сучасная назва. З 1930 знаходзіўся ў Магілёве, з 1944 у Мінску. Захоўваюцца дакументы органаў дзярж. улады і кіравання Беларусі, рэсп., парт., камсам., прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, ВНУ, устаноў і арг-цый Часовага ўрада Расіі на тэр. Беларусі, бел. нац. і ням. акупац. устаноў перыядаў акупацыі рэспублікі Германіяй і Польшчай, асабістыя фонды дзярж. і грамадскіх дзеячаў Беларусі з сак. 1917 да нашых дзён. Мае 200 фондаў, 916,5 тыс. спраў (2000). Дакументы адлюстроўваюць падзеі Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, устанаўлення сав. улады на Беларусі, утварэння БНР і БССР, дзейнасць КПБ і ЛК.СМБ, аднаўленне нар. гаспадаркі і развіццё культуры ў 1920-я г., сацыяліст. буд-ва, нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, ням. акупац. рэжым, барацьбу бел. народа супраць акупантаў, развіццё партыз. руху і патрыят. падполля ў гады Вял. Айч. вайны, аднаўленне і развіццё эканомікі і культуры ў пасляваенны час, станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь. Архіў вядзе н.-д. дзейнасць, распрацоўвае пытанні дакументазнаўства, тэорыі і методыкі архівазнаўства. Разам з інш. навук. ўстановамі рыхтуе дакумент. выданні. Працуюць аддзелы: забеспячэння захавання дакументаў і фондаў, інфарм.-пошукавых сістэм; справаводства, камплектавання і ведамасных архіваў, навук. выкарыстання, дакументаў і інфармацыі; асабістых фондаў; дакументаў Вял. Айч. вайны; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў; публікацыі дакументаў; бібліятэка (8,2 тыс. экз. кніг, 1,7 тыс. гадавых камплектаў часопісаў, 1,5 тыс. гадавых камплектаў газет).

В.​Д.​Селяменеў.

т. 11, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)