у старажытна-грэчаскай міфалогіі спадарожніцы Дыяніса (Вакха). Паводле міфаў, М., паўаголеныя, упрыгожаныя вінаградным лісцем і плюшчом, усё знішчаюць на сваім шляху жэзламі, забіваюць жывёл і п’юць іх кроў. Часам іх ахвярамі становяцца і людзі. У вар’яцкім захапленні М. клічуць Дыяніса Бромія («Шумлівага») або Дыяніса Плюшчавага воклічамі «Вакх, Эвое». Пад іх ударамі з зямлі цякуць малако і мёд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІ́СК (ад грэч. mēniskos паўмесяц),
1) скрыўленая паверхня вадкасці ўнутры вузкай (капілярнай) трубкі або паміж дзвюма блізка размешчанымі цвёрдымі сценкамі. Вадкасць, якая змочвае сценкі (напр., вада—шкло), утварае увагнуты М., а вадкасць, якая не змочвае сценкі (напр., ртуць—шкло), — выпуклы М.
2) Лінза, абмежаваная дзвюма сферычнымі паверхнямі, якія маюць аднолькавы напрамак крывізны. М. змяншае аберацыі аптычных сістэм (гл.Меніскавыя сістэмы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРА... (ад грэч. mikros малы), 1) дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10−6 зыходным адзінкам. Пазначаецца мк. Напр., 1 мкг (мікраграм) = 10−6г, 1 мкКл (мікракулон) = 10−6Кл.
2) Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малы памер чаго-небудзь (напр., мікраарганізм, мікрасхема), а таксама слоў, звязаных з вывучэннем або вымярэннем малых велічынь (напр., мікраскоп, мікрабіялогія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРЗА́ (ад перс. амір-задэ — сын эміра, прынц),
1) у Іране тытул членаў манаршага дома (ставіцца пасля імя) або чыноўнік, сакратар (ставіцца перад імем).
2) У цюркскіх мусульманскіх народаў з 13 ст. М. (часцей варыянт мурза) наз. буйныя феадалы, кіраўнікі асобных ордаў і родаў. У бел. татар М. — прадстаўнік шляхецкага саслоўя. У некат. выпадках слова «М.» стала часткай прозвішча, напр., Мурзы-Мурзічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́САРСКІ ПАГО́РАК (КАМО́ІД),
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). На паўд.-ўсх. ускраіне в. Мосар Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Камоід купалападобны, плоскавяршынны, гляцыяін’екцыйны; выш. 25 м, дыяметр 750 м. Утварыўся каля 15—20 тыс. гадоў назад у выніку выціскання пяску, суглінку, гліны ў поласць нерухомага або слабарухомага лёду. М.п. — тыповая форма рэльефу для Бел. Паазер’я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ННЫЯ РАСЛІ́НЫ, сперматафіты (Spermatophyta),
вышэйшыя (сасудзістыя) расліны, што ўтвараюць насенне. Да Н.р. адносяць голанасенныя і пакрытанасенныя, або кветкавыя расліны. Інш. вышэйшыя расліны: дзеразападобныя, мохападобныя, папараці, хвошчападобныя, псілотавыя і рыніяфіты насення не ўтвараюць. У Н.р. гаметафіт рэдукаваны і развіваецца на спарафіце Размнажэнне насеннем — прагрэсіўнае прыстасаванне ў параўнанні з размнажэннем спорамі. Адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні расліннага покрыва Зямлі і ў гасп. дзейнасці чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЛЕ́ДАВАЛЬНАСЦЬ,
генатыпічная абумоўленасць зменлівасці адзнакі для папуляцыі або групы арганізмаў. Вызначаецца колькасна з дапамогай каэфіцыента. Больш нізкія каэфіцыенты атрымліваюцца для адзнак, якія абумоўліваюць біял. прыстасаванасць арганізмаў (пладавітасць, маса цела пры нараджэнні і інш.). Выкарыстоўваецца ў селекцыі для вызначэння патэнцыяльнай эфектыўнасці адбору (пры высокіх значэннях каэфіцыента эфектыўны масавы адбор), для прагназавання росту прадукцыйнасці парод жывёл, сартоў раслін, штамаў мікраарганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЛЬМА (Stenodus leucichthys nelma),
паўпрахадная або прэснаводная рыба сям. сіговых, падвід беларыбіцы. Пашырана ў бас.Паўн. Ледавітага ак.; ад р. Паной на Кольскім п-ве на З да р. Макензі на У (Аляска). Утварае азёрныя жылыя формы (азёры Зайсан, Кубенскае, нарыльскія).
Даўж. да 1,5 м, маса да 50 кг. Луска буйная. Рот вял., на сківіцах дробныя зубы. Драпежнік. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАТА́, алалія,
адсутнасць або абмежаванне маўлення ў дзяцей (пры захаванні слыху і інтэлекту) ад недаразвіцця ці пашкоджанняў зон маўлення ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць Н. маторную (парушаецца рухальная функцыя маўлення, разуменне яго застаецца) і сенсорную (парушаецца разуменне маўлення). Прычыны — захворванні і траўмы мозга, інтаксікацыі, пашкоджанні зон маўлення кары галаўнога мозга, якія ўзнікаюць у час родаў. Лячэнне: спец. лагапедычныя практыкаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗО́ЛІСТА-БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы таежнай лясной зоны, што фарміруюцца сярод падзолістых глеб на Пн пад забалочанымі хвойнымі лясамі з імхова-кусцікавым наземным покрывам, на Пд пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам або вільготнымі пасляляснымі лугамі (гл.Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы). Адносяцца да паўгідраморфных глеб. На Беларусі трапляюцца лакальна ў паўн. раёнах, займаюць каля 70% усіх пераўвільготненых мінер. глеб.