ПАДАБЕ́Д Аляксандр Станіслававіч (н. 30.5.1951, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1972 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы, адначасова выкладае ў Бел. АМ (з 1995 праф.). Выканаўца характарных і драм. роляў. Творчасці ўласцівы завершанасць унутр. і знешняга малюнка ролі: Незнаёмы («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Гатоўчык («Апошні шанц» В.Быкава), Салянік («Радавыя» А.Дударава), Дзергачоў («Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Чапурной («Дзеці сонца» М.Горкага), Княжко («Бераг» Ю.Бондарава), Арыэль («Бура» У.Шэкспіра), Тоні («Шкляны звярынец» Т.Уільямса), Ахіл («Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата) і інш. Здымаецца ў кіно: «Плач перапёлкі», «Справа Лахоўскага», «Чалавек са звалкі», «Маскоўская сувязь» (бел.-амер.). Удзельнічае ў тэле- («Сіняя-сіняя», «Доктар Фауст», «Подых навальніцы») і радыё- («Спартак», «Па кім звоніць звон») пастаноўках.
Р.Л.Баравік.
т. 11, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖАНЯ́Н Рыгор Міхайлавіч (н. 20.9.1922, г. Харкаў, Украіна),
рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1952). Друкуецца з 1946. У паэт. зб-ках «Вецер з мора» (1955), «Жыццё жывых» (1960), «Вялікі альбо Ціхі» (1969), «Мачты» (1973), «Зімовы дом» (1975), «Чырвоны сон» (1978), «Макі» (1981), «Пагоня» (1983, Дзярж. прэмія Расіі 1986), «Апусканне» (1985), «Узгоркі Зямлі» (1987), «Хлеб мораў» (1989), «Абараняючы сваю крутасць» (1995, Дзярж. прэмія Расіі 1995) і інш. роздум пра час, лёс радзімы, сэнс чалавечага існавання, тэмы сяброўства і вайны, любоў да мора. Аўтар рэчытатываў, тэкстаў песень да кінафільмаў «Два берагі» («Смага»), «Песня пра сябра» («Шлях да прычала»), «Спадзяюся, кахаю і верую» («Цягнік у далёкі жнівень») і інш. Піша кінасцэнарыі, творы для дзяцей.
Тв.:
Избранное. М., 1982;
Прощание с морями. М., 1990;
Скачка. М., 1998.
т. 11, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРО́Ў Валянцін Георгіевіч (н. 6.7.1923, Масква),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Ваенна-паветр. акадэміі імя Жукоўскага (1942—44), Маскоўскім ін-це міжнар. адносін (1944—45). З 1945 літсупрацоўнік газ. «Правда». У 1949—76 карэспандэнт «Правды», «Огонька», «Известий», «Литературной газеты» па Беларусі, на Дзяржтэлерадыё Беларусі. Друкуецца з 1946. Піша на рус. мове. У кнігах нарысаў «Партызанскія гады Арлоўскага» (1958), «На хвалях жыцця» (1961), «Суд выратоўвае забойцаў» (1963), «Раскажы маім дзяўчаткам...» (1969, нарысы і апавяданні), «К.П.Арлоўскі» (1977), «Усё так і было» (1984) і інш. гераізм бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны, партрэты сучаснікаў. Аўтар дакумент. аповесці пра К.П.Арлоўскага «Мяцежнае сэрца» (1970), успамінаў пра П.Броўку, А.Куляшова, М.Лынькова, П.Пестрака і інш., сцэнарыя дакумент. фільма «У агні жыцця» (1969).
Тв.:
Своими глазами: (Из американских впечатлений). Мн., 1989.
т. 12, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТСДА́МСКАЯ ДЭКЛАРА́ЦЫЯ 1945.
Апублікавана ад імя кіраўнікоў урадаў ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая 26 ліп. ў час працы Патсдамскай канферэнцыі 1945; патрабавала ва ультыматыўнай форме безагаворачную капітуляцыю Японіі ў 2-й сусв. вайне. Прадугледжвала ліквідацыю ў Японіі ўлады і ўплыву мілітарыстаў, часовую акупацыю яп. тэрыторыі, пакаранне яп. ваенных злачынцаў, абмежаванне суверэнітэту краіны а-вамі Хонсю, Хакайда, Кюсю, Сікоку і інш. меншымі, дэмілітарызацыю яп. эканомікі, аднаўленне і ўмацаванне ў Японіі дэмакр. традыцый, выкананне дэкларацыі Каірскай канферэнцыі 1943 і інш. 28.7.1945 яп. ўрад адхіліў П.д., але пасля далучэння да яе СССР (8 жн.) і пачатку савецка-японскай вайны 1945 прыняў палажэнні дэкларацыі (14 жн.; загад яп. узбр. сілам аб спыненні супраціўлення аддадзены пазней). 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі, паводле якога яп. ўрад і яго пераемнікі абавязаліся «сумленна выконваць умовы Патсдамскай дэкларацыі».
т. 12, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЯРУ́ХА Сцяпан Піліпавіч (27.8. 1904, в. Калядзічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.3.1982),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1953). За ўдзел у стварэнні арг-цыі КПЗБ у Палескім ваяв. ў 1925—27 зняволены ў турму. З 1928 сакратар Пружанскага падп. райкома КПЗБ. Адзін з кіраўнікоў забастоўкі лесарубаў Белавежскай пушчы (1932). У 1932—37 зняволены ў турму, у 1938—39 у Бяроза-Картузскі канцлагер. У Вял. Айч. вайну нам. упаўнаважанага ЦК КП(б)Б па Брэсцкай вобл. чл. Брэсцкага падп. абкома, сакратар Пружанскага падп. райкома КП(б)Б. У чэрв.—ліп. 1943 камісар партыз. брыгады імя Панамарэнкі Брэсцкай вобл. Пасля вайны на парт. рабоце ў Брэсцкай вобл. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1940—46.
М.П.Клімец.
т. 12, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КУР Павел Аляксеевіч (26.2.1909, Вільня — 1.12.1982),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). З 1932 у БДТ-1 (з 1944 Бел. дзярж. т-р імя Я.Купалы). Выканаўца роляў шырокага дыяпазону. Мастацтву ўласцівы дакладнасць сцэн. малюнка, драм. тэмперамент, шчырасць, мяккія сакавітыя інтанацыі. Стварыў шмат разнапланавых характараў: у бел. драматургіі — Нодэльман, Даніла Дрыль, Скробат («Канец дружбы», «Партызаны», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Аляксандр Сяргеевіч («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Корань («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Верхаводка («Гэта было ў Мінску» А.Кучара); класічнай — Меркуцыо («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), настаўнік філасофіі, Валер («Мешчанін у дваранах», «Скупы» Мальера), Крогстад («Нора» Г.Ібсена), Пеця Трафімаў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Гарэцкі, Дармедонт («Ваўкі і авечкі», «Позняе каханне» А.Астроўскага), Мітрафанушка («Недаростак» Дз.Фанвізіна) і інш.
Г.Г.Коваль.
т. 12, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЛЬТЦЭР Таццяна Іванаўна (6.6.1904, Масква — 16.7.1992),
расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1972). На сцэне з 1920. З 1925 працавала ў маскоўскіх т-рах імя Массавета, з 1940 Мініяцюр, з 1947 Сатыры, з 1977 у т-ры «Ленком». Творчасці ўласціва вострая камедыйнасць з надзвычайнай дакладнасцю сцэн. малюнка, схільнасць да буйнаакрэсленага характару; выкарыстанне гратэскавых прыёмаў спалучалася ў актрысы з псіхал. дакладнасцю, шчырасцю і душэўнасцю выканання. Сярод роляў: Каурава («Снеданне ў прадвадзіцеля» І.Тургенева), Манефа, Кукушкіна («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.Астроўскага), нянька Гінес («Дом, дзе разбіваюцца сэрцы» Б.Шоу), Марселіна («Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш. Здымалася ў кіно: «Вяселле з пасагам», «Салдат Іван Броўкін», «Вам і не снілася», «Каранцін», «Формула кахання». Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 12, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РКІН Навум Саламонавіч (15.2.1912, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 2.10.1976),
бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1936). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Аўтар кніг «Аркадзь Куляшоў» (1951), «Творчасць Петруся Броўкі» (1952), «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг.» (1960), «У сям’і братніх літаратур» (1967), «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры» (1971), «Чалавек у савецкім рамане» (1975). Аўтар падручнікаў для 9—10-га кл. (з Ю.С.Пшырковым) «Беларуская савецкая літаратура»; аўтабіягр. аповесцей «Я стаў партызанам» (выд. 1979), «Хлопчык з мястэчка» (выд. 1981). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
Тв.:
Абсягі думкі. Мн., 1980.
т. 12, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САРАВА Людміла Іванаўна (н. 29.5.1939, г.п. Руба Віцебскага гарсавета),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.Коласа (1964), працуе ў гэтым т-ры. Характарная актрыса. Створаныя вобразы вызначаюцца псіхал. абгрунтаванасцю, выразным пластычным малюнкам, дакладнай моўнай характарыстыкай. У камед. ролях ужывае прыёмы гратэску, сатыр. завостранасць, буфанаду. Лепшыя ролі ў бел. і класічным рэпертуары: Казюра («Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Ульяна («Трывога» А.Петрашкевіча), Маці («Парог» А.Дударава, «...Таму, што люблю...» А.Паповай паводле п’есы «Дзень карабля»), Цвяткова («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Матруна («Улада цемры» Л.Талстога), Кісельнікава («Багна» А.Астроўскага), Далгова («Касатка» А.Талстога), Інеса («Каханне не жарты» П.Кальдэрона), пані Конці («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка). Знялася ў кіна- і тэлефільмах «Нядзельная ноч», «Паводка», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы».
Т.Я.Гаробчанка.
т. 12, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́ЕЎ Грыс (Рыгор Дзамбалатавіч; 15.10.1913, с. Рук, Паўднёвая Асеція — 17.11.1999),
асецінскі паэт, драматург, перакладчык. Нар. паэт Паўн. Асеціі (1973). Скончыў Маск. тэатр. ін-т (1935), вучыўся на Вышэйшых літ. курсах пры Літ. ін-це імя М.Горкага (1955—57). З 1935 акцёр Паўн.-Асецінскага драм. т-ра, у 1946—48 яго дырэктар. Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў вершаў «У крылатыя гады» (1933), «Салдат» (1948), «Жыццё і смерць» (1963), «Сем чэркесак» (1967) і інш., драм. твораў у вершах (трагедыя «Чэрмен», 1949). Паэзія П. адметная музыкальнасцю, кампазіцыйнай стройнасцю, дакладнай апрацоўкай формы. Пераклаў на асецінскую мову асобныя вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, некат. творы У.Шэкспіра, А.Пушкіна, М.Лермантава.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. М., 1959;
Пятый кинжал: Стихи. Баллады. Поэмы. Орджоникидзе, 1972.
А.С.Пухаеў.
т. 12, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)